108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка17/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21
Дзесьці пасьля дзясятай раніцы раздаўся званок. Паведамляюць: у нас 10 працэнтаў, крыху больш у Някляева і Саньнікава. Гэта дадзеныя экзыт-полаў па Берасьці, Віцебску і Менску, якія арганізавала структура з расейска-амэрыканскімі каранямі. Калі ўзяць пад увагу, што мы стартавалі з нулявой адзнакі, то гэта зусім нядрэнна.
Каля восьмай вечара каманда сабралася на Чырвонай. Некалькі дзясяткаў чалавек у прыўзьнятым, без перабольшваньня — сьвяточным настроі рушылі па праспэкце. Чым бліжэй да плошчы, тым гусьцейшы людзкі замес, тым радасьней на душы. А на падыходзе да Кастрычніцкай ужо сьцяна з чалавечых целаў. Чуваць воплескі. Гэта прывітаньне Яраславу. Выхопліваю з рук Сашы Сьцепаненкі мэгафон і ўсімі лёгкімі выдыхаю: «Жыве Беларусь!» Шматгалосае «Жыве!» разрывае паветра і рэхам разьлятаецца па праспэкце і бліжэйшых вулачках.
Хвілін празь пятнаццаць на прыступках Палаца прафсаюзаў зьяўляецца імправізаваная трыбуна. Затарахцеў рухавічок, загаварыла цяжкая артылерыя — гукаўзмацняльная апаратура. Выступаюць кандыдаты ў прэзыдэнты, аточаныя жывым колам са сплеценых рук. Абгаворанага, тым больш зацьверджанага, сцэнару Плошчы няма! Кандыдаты ў прэзыдэнты дамовіліся арыентавацца на сытуацыю, на колькасьць удзельнікаў і ўжо па ходу разьвіцьця падзеяў прымаць калегіяльныя рашэньні. Галоўнае, не дапусьціць правакацыяў і некантраляванага разьвіцьця сытуацыі. Эўфарыя б'е па амбіцыях. Амбіцыі рвуцца да мікрафону. Колькасьць людзей, якія сышліся сюды, п'яніць і бударажыць.
Нехта, мяркуючы па голасе — Андрэй Дзьмітрыеў, заяўляе аб стварэньні народнага ўраду. Эўфарыя спачатку зьдзівілася, потым пачала абурацца. Што за самадзейнасьць? Дамаўляліся ж, што ніякіх імправізацыяў без узгадненьня з усімі кандыдатамі. Тут жа называюць прозьвішчы, за якія прапануецца прагаласаваць. Некаторыя «сябры ўраду», чые прозьвішчы прагучалі, недаўменна азіраюцца навокал. Здаецца, і для іх гэта сюрпрыз. На гэтым уся каардынацыя накрылася медным тазікам. Здаецца, у некага плян такі ёсьць.
Нехта клікаў, цягнуў мяне да мікрафона. Унутраны голас сказаў: не ўжо, дзякуй. Да таго ж ля мікрафона тоўпілася чарга. У гэтым фільме я герой другога пляну. Саліраваць ёсьць каму. Я ж цешуся энэргетыкай неабыякавых сэрцаў.
* * *
Наплыў успамінаў перапыніўся бразгатам мэталічнага посуду. Па калідоры грукае вазок. Алюмініевыя бакі дыхаюць парай. Чарпак прэснай кашы, бохан падляжалага батона ды брыкет чорнага хлеба — вось і ўвесь казённы сьняданак. Ды яшчэ водаправодная вада. Каб не перадачы з дому, то голад быў бы кругласутачным станам падсьледных.
2 сакавіка, серада
З 21 лютага ніякіх лістоў з дому. Апошнім было сумеснае пасланьне Сьвятланы і Арцёма. Адна старонка напісаная сынам, а другая — Сьветай. Мне такі фармат ліста прыйшоўся даспадобы. Два ў адным. Розныя і аднолькава прыемныя. Чытаю, і такое адчуваньне, што мой сын за гэтыя месяцы моцна прыбавіў. Узмужнеў, ці што. А можа, я проста маю магчымасьць больш пра яго думаць, думаць пра кожнае напісанае ім слова.
Дарэчы, усе апошнія лісты напісаныя на лістах з эмблемай EPP (Эўрапейскай народнай партыі). Незразумела, чаго гэта Арцём іх рэклямуе? Можа, такім чынам перадае прывітаньне ад некага з “народнікаў”? Ці, можа, браў удзел у нейкім мерапрыемстве, арганізаваным ЕРР? А што тэма салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ўключаная ў парадак дня міжнароднай супольнасьці, я не сумняваюся ні сэкунды. Сам асабіста зьбіраў сотні, а можа і тысячы, подпісаў дэпутатаў з розных краін за вызваленьне сваіх аднапартыйцаў і калегаў па Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня Валодзі Кудзінава і Андрэя Клімава. Потым Міхаіла Чыгіра. Потым Міхаіла Марыніча. Потым Сашы Казуліна.
Ледзь ня ў кожнай краіне эўрапейскага кантынэнту ёсьць людзі, зь якімі мяне зьвязваюць цёплыя, сяброўскія адносіны. І ня толькі мяне, але і іншых палітвязьняў. Яны маўчаць ня будуць! Як ня будуць бязьдзейнічаць і нашы партнэры, сястрынскія партыі. Тым больш у такой сытуацыі, калі цэлую краіну ўкручваюць у дыван са сталінскай прыёмнай.
Верагодна, нейкія мае лісты ўсё ж застаюцца ў тэчцы цэнзара. Я магу меркаваць пра гэта па адказах і зваротнай рэакцыі блізкіх. Лісты старанна нумарую, але нельга выключаць, што лічбы густа замазваюцца. Такія плямы я сустракаў у некалькіх лістах, атрыманых ад Арцёма. Не праходзяць праз цэнзуру, ні ў той, ні ў другі бок, лісты, адпраўленыя на партыйны офіс. Але ўсё роўна раз на два тыдні пішу: «Добры дзень, сябры-аднапартыйцы!» Апошнім часам перайшоў на кароткія, без аніякай канкрэтыкі, цыдулкі. Але, здаецца, і гэтая дробная хітрасьць не спрацоўвае.
* * *
Прыйшла каляндарная вясна, але зьнешніх прыкмет гэтай пары году не праглядаецца і не пранюхваецца. І пацьвярджэньнем гэтага — сымптомы лёгкага катару. Жывём чаканьнем цяпла, сонца і шпацыраў бяз куртак. А пакуль усё гэта затрымліваецца, раблю тое, што магу рабіць. Пішу чарговы ліст.
«Я засынаю і прачынаюся з думкамі пра вас. Мушу прызнаць, што я ўдзяляў вам ня так шмат часу і ўвагі. Тут і цяпер я гэта зразумеў. Так што прабачце. Маю спадзеў, што мая сытуацыя не забярэ кавалак здароўя ў бацькоў. Малюся за іх. Дай божа ім сілы. Прыйдзе час, і ўсе атрымаюць па заслугах і ўчынках сваіх. Хто нясе зло і несправядлівасьць, ад іх жа і пакутаваць будуць».
* * *
Дзе паўзком, дзе і подбегам час падабраўся да адбою. Паплюхаўся пад кранам з халоднай вадой, адчысьціў зубы ад паху казённага селядца. Залез у кокан сваёй пасьцелі, нацягнуў капюшон байкі і... як кажуць сьведкі, празь пяць хвілін ужо салодка пасопваў. Прыемных табе сьненьняў, прыяцель!
3 сакавіка, чацьвер
Дзень прайшоў у рваным, нэрвовым рытме. Раніцай пацапаліся з кантралёрамі з-за прыбіраньня камэры. Баптысту здалося, што мы абмежаваліся толькі сухой прыборкай. Дарэчы, кожны дзень мы вымятаем з-пад нараў цэлы шуфлік ці то валасоў, ці то воўны, ці то яшчэ чаго. Хутчэй за ўсё, гэта вытрэсаецца з казённай пасьцелі, матрацаў, коўдраў, падушак. Адчуваньне не з прыемных. Быццам горка стрыжаных валасоў зь вязьня № 10011110362 (нумар нашай справы).
Потым не пашанцавала са шпацырам. Трапілі ў клетку, і нас разы тры вышморгвалі зь яе ў туалет, бо з дворыкаў выводзілі падсьледных на допыты. Колькі ні ўзіраўся ў шчыліну дзьвярэй, разгледзець нікога ня змог. Аднойчы здалося, што вялі Дзіму Бандарэнку. Але да канца ня ўпэўнены.
Але вось прыйшоў вечар, час таяньня нэгатыўных эмоцыяў, якіх набралася цягам дня. Да таго ж пасьля вячэры прынесьлі пошту, і нашай камэры пашанцавала: некалькі лістоў. Сан Саныч атрымаў ліст ад дачкі і, узьдзеўшы акуляры на шпіль носа, тут жа паглыбіўся ў чытаньне. Пэрыядычна зь ягоных нараў даносілася хіхіканьне. Раманоўскі не ўтрымаўся і зачытаў некалькі кавалкаў. Дачка пяшчотна называе яго Санёк. Па-сяброўску распавядае пра пэрыпэтыі школьнага жыцьця, пра жаданьне прасачкаваць нялюбы прадмет і ў бліжэйшыя выходныя схадзіць зь сяброўкамі ў кіно. Сан Саныч расчуліўся да сьлёз. Для нас гэта нязвыкла.
І Ігар атрымаў пасланьне ад дачкі. Яна вучыцца ў школе зь юрыдычным ухілам. Будынак школы — літаральна цераз вуліцу ад месца нашага зьняволеньня. Гэта значыць, дзяўчына ледзь ня кожны дзень праходзіць мэтраў за дзьвесьце ад камэры, дзе яе бацька.
Дачка ад першага шлюбу, але гэта гісторыя, калі бацькі захоўваюць, наколькі магчыма, звыклы ўклад жыцьця для сваіх дзяцей. Ад другога шлюбу ў Ігара сын, якому літаральна пару годзікаў. Адносіны зь ягонай маці юрыдычна не аформленыя, чаму Каранеўскі цяпер, здаецца, вельмі рады: яна працуе ў дзяржструктуры, на добрай пасадзе.
— А калі б мы былі зарэгістраваныя, то невядома, якія наступствы гэта мела б для маёй другой палавінкі. Так што дзякуй богу, што ў нашых пашпартах няма адпаведнага штампа.
Калі людзі радуюцца, што ня могуць цывілізавана аформіць свае адносіны, гэта яшчэ адзін тоўсты штрых да рэаліяў беларускай рэчаіснасьці. Ненармальная сытуацыя нездаровай краіны.
Зь Ігаравымі асьцярогамі цяжка не пагадзіцца. У нас калі хто трапляе пад каток, то гэта ледзь не аўтаматычна пераводзіць у разрад падазраваных і нядобранадзейных усіх ягоных сваякоў. Каток не пытаецца, як вам там пад ім, ён проста душыць. Разьбіраюцца, і то вельмі спэцыфічна, калі па вас удосталь патапталіся і пакаталіся.
Ігару пайшлі перадачы ад мамы, і вось ужо пару дзён ён, убраўшыся ў карычневыя вэльвэтавыя штаны і цёмна-сіні грубай вязкі швэдар, гогалем ходзіць па камэры. Праўда, пакуль яшчэ ў сваім доўгім чорным палітоне, падобным да салдацкага шыняля.
— Ды ўжо ж, гарнітур і «амэрыканка» — рэчы несумяшчальныя, як Сахара і Паўночны полюс. Здаецца, на бліжэйшы год у мяне будзе ўстойлівая алергія на гарнітур.
Ігар засунуў пакет зь ненавісным гарнітурам пад нары.
* * *
Нас затапіла. Мабыць, аварыя здарылася ў суседзяў. Накшталт таго, як было ў студзені. Ссунулі ці то каналізацыйную, ці то водаправодную плястыкавую трубу. А стык трубы, якая зрушылася ў суседзяў, якраз у нашай камэры. Вось празь яго спачатку пратачылася, потым пырснула, а потым і хлынула вада, а далей паплыла нейкая жыжка з кляакі. Як выявілася, палітра пахаў у «амэрыканцы» значна шырэйшая, чым нам уяўлялася дагэтуль. Добра, што аварыя здарылася, калі нішчымны сьняданак ужо адбыўся, а аскетычны абед яшчэ не падасьпеў.
Стоячы ледзь не па шчыкалатку ў сьмярдзючым брудзе, мы ўласнымі намаганьнямі састыкавалі трубу і зафіксавалі гэты стык. Кантралёры нюхаць зьмесьціва труб не пажадалі, а на наш SOS і просьбу выклікаць сантэхніка адрэагавалі спакойна: маўляў, ратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Ну што ж, ратавацца дык ратавацца. Перш за ўсё ў ход пайшлі «Саўбелія», «Рэспубліка», «Народная газета». Газэтны агітпроп выканаў функцыю прамакаткі. Набрынялую жыжкай паперу складзіравалі ў урну для сьмецьця. Запоўнілі хутка. Потым кантралёры зьмілаваліся і спачатку дазволілі вынесьці сьмецьце, а потым выдалі інвэнтар для вільготнай прыборкі. Прайшліся тры разы з парашком, але пах каналізацыі перасьледаваў нас да самага вечара.
4 сакавіка, пятніца
Уначы прысьнілася, што мы трапілі ў буру і наш караблік раскурочыла, разьнесла на шматкі. Але чамусьці замест вады мы апынуліся ў чорнай, густой кляацы. Было цёмна і страшна. Памерці ў гэтай гідкай жыжцы мне не хацелася, таму боўтаўся з апошніх сіл. Я фізычна адчуваў безвыходнасьць. Прачнуўся ад таго, што жудасны пах сьпёр дыханьне і сілы канчаткова пакінулі мяне. Увесь мокры ад халоднага поту, я сьціскаў вялікі ручнік, які немаведама якім чынам апынуўся ў мяне ў руках. Напэўна, выконваў функцыю саломінкі, за якую я чапляўся, спрабуючы ўратавацца. Вось што значыць дзень на замесе эмоцыяў, пахаў, дзеяньняў і размоваў. Ды яшчэ калі ўсё гэта перамешваецца ў прасторы два з паловай на пяць.
Раніцай дзяжурны па СІЗА Міхал Міхалыч выкаціў нам абвінавачаньні за ўчорашні прарыў трубы: маўляў, кідаеце ў каналізацыю розную хрэнь. Пярэчыць было марна, таму кожны застаўся пры сваёй думцы. У СІЗА тыя, хто па розныя бакі ад дзьвярэй камэры, наагул вельмі рэдка дасягаюць кансэнсусу.
* * *
Апошнім часам моцна заточаны на лістах з дому. Чым даўжэйшая разлука, тым вастрэйшае чаканьне. Лісты — гэта допінг майго настрою. Сёньня сваю дозу я атрымаў. Навіны ад Сьветы — гэта згустак інфармацыі і пачуцьцяў.
«Вельмі перажываем, ад цябе не было лістоў нейкі час. Ці ўсё ў цябе добра (стасоўна да сытуацыі)? Даходзяць нейкія дзіўныя чуткі. Як вы там? Зразумела, што ты ня можаш нічога напісаць. Але вельмі, вельмі перажываем. Бацькі твой ліст атрымалі. Расчуліліся.
Мне прысьніўся нейкі “дурны” сон, і цяпер увесь час “чакаю”, а цябе ўсё няма. Але калі-небудзь гэта здарыцца. Заўтра надыходзіць вясна! Вельмі хочацца пераменаў!
У бацькі да цябе толькі адно пажаданьне: каб у цябе хапіла мужнасьці на ўсю гэтую сытуацыю. Але мы ў табе ўпэўненыя! Усё ў нас будзе добра!»
А яшчэ ў лісьце ўтрымліваўся намёк, што апошняя прадуктовая перадача — інтэрнацыянальная. У ёй падарункі ад літоўскіх, бэльгійскіх, амэрыканскіх сяброў. Гэта прыемна. І я адразу ж зразумеў, што і ад каго.
* * *
Мне вельмі не хапае інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры і вакол АГП. Маштаб праблемаў я ўяўляю. У студзені паведамлялі, што Мін'юст разглядае пытаньне пра магчымасьць ліквідацыі тых палітычных структураў, лідэры і актывісты якіх бралі актыўны ўдзел у падзеях на плошчы. Але калі б гэтая заява мела практычны працяг, то Арлоў не прамінуў бы на гэта намякнуць. Хутчэй за ўсё, гэтая заява — яшчэ адзін мазок да карціны «На руінах і папялішчы беларускай апазыцыі». Так бы мовіць, унёсак Міністэрства юстыцыі ў нагнятаньне гістэрыі і страху.
Шчыра кажучы, мяне больш за ўсё трывожыць пэрсанальны, кропкавы прэсінг з боку сілавых структураў, асабліва КДБ. Мы ж ведаем, да чаго можа прывесьці залішняе стараньне прадстаўнікоў палітычнага вышуку.
У сьнежні 2001 году ў Гомелі вынікам такога ціску стала самагубства сябра руху «Зубр» Андрэя Зайцава. У перадсьмяротнай запісцы малады чалавек патлумачыў матыў свайго сыходу з жыцьця. Гэта быў вымушаны крок. Зайцава прымушалі супрацоўнічаць з КДБ, прымушалі даносіць на іншых. І рабіў гэта старшы лейтэнант УКДБ па Гомельскай вобласьці Аляксей Еўсьцігнееў. Справа была гучная, але пракуратура ўсё сьпісала на няшчаснае каханьне. А старшы лейтэнант Еўсьцігнееў, хутчэй за ўсё, ужо маёр. І нельга выключаць, што ў сьнежні 2010-га яго таксама накіравалі ў камандзіроўку ў Менск для ўдзелу ў спэцапэрацыі «Плошча».
5 сакавіка, субота
Раманоўскі атрымаў сваю «пяцёрку» з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле артыкула, якога даўно ўжо няма ў ніводнай эўрапейскай краіне на захад ад Буга. Пяць гадоў калёніі. Мог, вядома, і ўдвая больш атрымаць. Сказаць, што засмуціўся... Лепш прамаўчаць. Яго нянавісьць і так не ўмяшчалася ў прастору камэры, цяпер яна страляла чэргамі слоў. Жорсткіх, безапэляцыйных. Ён не гаварыў, ён крычаў, ён сыпаў праклёнамі. Дэманстратыўна гучна і абразьліва. Вось яна, нянавісьць. У поўны рост. З адкрытым забралам. Калі б яму цяпер далі «калашнікаў», адной кропляй пралітай крыві не абышлося б. Мне нават зрабілася не па сабе.
Праз паўгадзіны Раманоўскі аціх. Шчыльна замоўк і сышоў кудысьці ў лябірынты сваіх думак. Я ўважліва ўгледзеўся ў скамянелы твар. Здаецца, Сан Саныч нават пастарэў. Ці то сівізны ў барадзе паболела, ці то маршчыны зрабіліся глыбейшыя, але стары падсеў. Проста на вачах. Гэта ж якое ўзрушэньне перажывае чалавек! Зь іншага боку, зразумела, не пуцёўку ў санаторый атрымаў, а тэрмін. І наперадзе хай сабе і не апраметная «амэрыканкі», але ўсё ж калёнія, карані якой ідуць у савецкае мінулае. Там немагчыма нармальна жыць, там штодзённая барацьба за выжываньне. Гэта для кожнага арганізму сур'ёзнае выпрабаваньне, але калі ў гэтага арганізму яшчэ зношваньне ад узросту, то цяжкасьці ўзрастаюць у разы. Мне стала шкада гэтага чалавека, які змарнеў на вачах.
На некалькі гадзін у камэры запанавала балючая цішыня. Здаецца, нават кантралёры сталі радзей зазіраць у вочка. Хацелася даць Сан Санычу магчымасьць пабыць аднаму ў камэры, дзе нас было трое.
* * *
Убачанае і пачутае падштурхнула да ўласных развагаў. Пра нянавісьць, яе вытокі і наступствы.
Колькі несправядлівасьці, несумленнасьці, подласьці, крывадушнасьці вакол нас! Калі б усё гэта трансфармаваць у нешта матэрыяльнае, то краіна ператварылася б у адзін вялікі сьметнік. Што павінен цяпер адчуваць Дзіма Дашкевіч, якога кінулі ў турму толькі за тое, што ён Дзіма Дашкевіч? Хлопца кінулі ў СІЗА яшчэ да 19 сьнежня. Якія эмоцыі павінны адчуваць людзі каля «сьцяны катаваньняў» у спартзалі? Што робіцца ў душах тысяч тых, хто прайшоў праз канвэер сыстэмы беларускага правасудзьдзя? У галовах тых, каго выкінулі з унівэрсытэтаў, звольнілі з працы? У сэрцах сваякоў выкрадзеных і зьнішчаных апанэнтаў улады? Канспэктам развагаў, прапушчаных праз «думкавыціскалку» галавы, стаў зварот да галоўнага вытворцу нянавісьці ў Беларусі — Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст неяк лёгка і хутка лёг на паперу. Што значыць прасякнуцца тэмай!
* * *
«Прыйдзе час, і вы памраце таксама! У балючых курчах ці ў здаровым розуме. Ва ўласнай пасьцелі ці на бальнічным ложку. У адзіноце або на руках целаахоўніка. Гэта непазьбежна і няўхільна!
Дыктар паведаміць пра падзею журботным голасам. Хрысьціянска-атэістычная Беларусь адрэагуе не па-хрысьціянску: захлынецца ад радасьці. Не, вядома ж, ня ўся. Усхліпне пэнсіянэрка. Уздыхне заежджы госьць з Расеі. Насьцярожыцца генэральскі кіцель.
Праяўленьне пачуцьцяў будзе нягучным, але масавым і шчырым. У кулак. На кухні. У курылцы. Краіна, якая радуецца сьмерці, а не жыцьцю, — відавочнае сьведчаньне ненармальнасьці яе мінулага.
Вы памраце, а што ж застанецца? Застанецца нянавісьць. Тая, што назапашвалася, наслойвалася ў сэрцах і душах. Гадамі, дзесяцігодзьдзямі. Па граму, па мілімэтру. І яна павінна будзе матэрыялізавацца, выплюхнуцца. На нешта, на кагосьці. На магільную пліту. На вашу памяць. На вашых дзяцей. На вашых унукаў. І гэтага нельга будзе стрымаць. Чым мацней сьціскаць спружыну, тым з большым імпэтам яна распрастаецца.
Нянавісьць абавязкова знойдзе саўдзельнікаў. Помста — адзін зь іх. Жорсткі і прагавіты.
Ці можна ўсё зьмяніць, сьцерці з памяці, пачаць з чыстага аркуша? Ня ўпэўнены! Занадта доўгія былі рэпрэсіі. Занадта глыбокія былі зьнявагі. Занадта жорсткая была расправа.
Тады што? Ці можна зрабіць хоць нешта?
Можна спыніцца! У тыражаваньні, памнажэньні гвалту, злосьці, агрэсіі, страху.
Нельга вярнуць родным забітых. Але можна аддаць маці і каханым сыноў і мужоў. Усіх палітычных закладнікаў. Ня трэба каяцца і прасіць прабачэньня. Тыя не павераць, гэтыя палічаць за слабасьць. Але ж можна не падкідаць дроваў у печ рэпрэсіўнай сыстэмы.
Намнажэньне нянавісьці, а адпаведна — і помсты, якая прагне рэваншу, можна спыніць! Вам гэта трэба? Вядома ж, не! Але, можа, гэта трэба ім? Тым, хто носіць ваша прозьвішча. Або пасьля вас хоць сусьветны патоп?»
* * *
Калі б у мяне была магчымасьць, я б сказаў гэта, гледзячы проста ў вочы Лукашэнку. Але такой магчымасьці ў мяне няма. Так што пакуль абмяжуемся фіксацыяй развагаў на паперы. А там пабачым. Немагчымае сёньня часьцяком набывае рысы рэальнасьці заўтра. Вось толькі калі прыйдзе тое заўтра?
6 сакавіка, нядзеля
Ад ночы засталіся шматкі непрыемных сноў. Прысьніўся Віця Ганчар. Напэўна, упершыню за ўвесь час. Сустрэліся ў нейкім напаўзакінутым будынку. Напярэдадні запіску пра месца сустрэчы перадала незнаёмая жанчына. Усё астатняе — нейкія шматкі. Здаецца, ён хацеў мне нешта сказаць, але што, я ня памятаю. Усю раніцу напружваюся і спрабую аднавіць у памяці. Сон наклаў адбітак на зьмест далейшых размоў. Я ўвесь час чапляўся думкамі за гэтую тэму. І яна раз-пораз саскоквала зь языка.
Ці ёсьць нешта яшчэ больш агіднае і несправядлівае, больш быдлячае і несумленнае, чым наша цяперашняе становішча? У іншай сытуацыі я на гэтае пытаньне наўрад ці адрэагаваў бы. Але тут адгукнуліся начныя кашмары.
— Ну вядома ж, ёсьць.
Сукамэрнікі зьдзіўлена пераглянуліся.
— Пры Сталіну?
— Ды не, нашто так далёка зазіраць? І ў наш час можа быць горш. І ўжо было. І нельга выключаць, што можа паўтарыцца.
Зьдзіўленьне склала бровы домікам.
— Віктар Ганчар! Юра Захаранка! Вам што-небудзь кажуць гэтыя прозьвішчы?
У Ігара асацыяцыяў практычна ніякіх, так, нейкія шматкі. Раманоўскі пра Захаранку чуў. Але хутчэй як пра міністра ўнутраных спраў, а не як пра палітыка. Я чарговым разам зразумеў, што пра гэтыя крывавыя раны беларускай рэчаіснасьці людзі альбо ня ведаюць нічога, альбо ведаюць вельмі павярхоўна.
І гэта наша віна. І гэта мая віна. Значыць, мы зрабілі ня ўсё. Значыць, я зрабіў ня ўсё! Ну што ж, будзем дапрацоўваць. І пачнём цяпер жа.
Я справакаваў спачатку пытаньні, а потым і дыскусію пра «гучныя справы». А паміж імі зьмясьцілася маё апавяданьне, мая споведзь, мой боль.
* * *
1999-ты — год з жалобнай чорнай стужкай. За якія чатыры месяцы апазыцыя страціла двух сваіх лідэраў, а прыхільнікі пераменаў — патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. 7 траўня 1999 году бясьсьледна зьнік харызматычны генэрал, былы міністар унутраных спраў Беларусі Юры Захаранка. 16 верасьня 1999 году невядомыя выкралі кіраўніка разагнанага Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара (разам з прыяцелем, бізнэсмэнам Анатолем Красоўскім). Абодва былі сябрамі палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Два сьветлыя, годныя чалавекі. Патрыёты Беларусі.
Што аб'ядноўвае дзьве гэтыя трагедыі, два гэтыя злачынствы? У іх адзін выканаўца, адзін арганізатар, адзін заказчык. У пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл Уладзімір Ганчарык апублікаваў пакет дакумэнтаў, якія сьведчаць, даводзяць, што ліквідацыя палітычных апанэнтаў беларускага кіраўніка — справа рук створанага ў сілавых структурах спэцпадразьдзяленьня, якое атрымала ў прэсе назву «эскадрон сьмерці».
У пакеце дакумэнтаў, якія сталі здабыткам грамадзкасьці, — рапарт генэрал-маёра міліцыі Лапаціка на імя міністра ўнутраных спраў Навумава. Гучаньне і зьмест гэтага дакумэнту ледзяняць душу. Фактычна гэта прысуд аб ліквідацыі ні ў чым не вінаватых людзей. Без суду і сьледзтва. Генэрал Лапацік даводзіць да ведама міністра, што паводле ўказаньня Віктара Шэймана кіраўнік спэцпадразьдзяленьня САХРу (спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня) Дзьмітрый Паўлічэнка і ягоныя падначаленыя захапілі і зьнішчылі Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. З гэтай мэтай выкарыстоўваўся расстрэльны пісталет — зброя, зь якой у Беларусі забіваюць асуджаных на расстрэл. Здаецца, цынічнай расправе хацелі надаць рысы нейкага рытуалу, афіцыйнай працэдуры.
У гэтым пакеце і іншыя ня менш цікавыя дакумэнты. Напрыклад, рапарт кіраўніка «спэцыяльнай групы па прывядзеньні ў выкананьне сьмяротных прысудаў», начальніка СІЗА палкоўніка Алега Алкаева, у якім гаворыцца, калі і на падставе чыіх загадаў Дзьмітрый Паўлічэнка прысутнічаў пры расстрэле асуджаных, калі і на чый загад выдаваўся расстрэльны пісталет. Дата яго выдачы супала з датамі выкраданьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.
Гэта ўвогуле вельмі дзіўнае жаданьне — прысутнічаць пры выкананьні сьмяротнага пакараньня. Дарэчы, гэтым, мабыць балуецца і беларускі кіраўнік. Прынамсі, пра гэта распавядаў Міхаіл Чыгір. Аляксандар Рыгоравіч асабіста запрашаў прэм'ер-міністра паглядзець, як гэта адбываецца на практыцы. Дзеля цікаўнасьці. У абавязкі прэм'ера гэта, на шчасьце, не ўваходзіла.
Ёсьць у маім асабістым архіве і копія санкцыі на затрыманьне і арышт таго самага Дзьмітрыя Паўлічэнкі, завізаванай генэральным пракурорам Бажэлкам і старшынём КДБ Мацкевічам. Арышт быў ажыцьцёўлены. Затрыманага нават зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Так-так, туды, дзе цяпер мы. Праўда, затрымалі ненадоўга. Ужо наступнага дня Дзіма Паўлічэнка цешыўся прыгоствамі беларускай сталіцы. Яго вызвалілі на асабістае распараджэньне Віктара Шэймана. Здаецца, вусна-тэлефоннае. Вось так. Усё гэта можа азначаць толькі адно: што паводле дакумэнтаў Паўлічэнка па сёньняшні дзень дэ-юрэ знаходзіцца ў СІЗА КДБ. А генпракурора і кіраўніка КДБ, якія ініцыявалі затрыманьне і арышт кіраўніка «эскадрону сьмерці», Лукашэнка адправіў у адстаўку. Праўда, разам з Шэйманам. Гэта было ў лістападзе 2000 году. Але галоўным вынікам гэтага гучнага скандалу стала тое, што справу аб выкрадзеных тут жа паклалі пад сукно.
Пасьля выкраданьня Віці Ганчара мяне некалькі разоў выклікалі да сьледчага гарадзкой пракуратуры. Размова была цалкам канкрэтная і прафэсійная. Калі я падпісаў паказаньні, сьледчы Чумачэнка выйшаў са мной у калідор і там, гледзячы проста ў вочы, сказаў: «Анатоль Уладзіміравіч, мы можам хоць заўтра перадаць справу ў суд, сабраных матэрыялаў дастаткова. Так што пытаньне не да нас».
Гэтае прызнаньне сьледчага, гэтаксама як і копіі дакумэнтаў, якія сталі здабыткам грамадзкасьці напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году, сьведчаць пра тое, што заказчыкі і арганізатары выкраданьня і ліквідацыі Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара — людзі з вышэйшых паверхаў «Чырвонага дома». А гэта азначае, што пры цяперашняй уладзе судовага працэсу па «гучных справах» чакаць ня варта. Але ён абавязкова будзе! Можна дараваць неэфэктыўнае кіраваньне краінай, можна заплюшчыць вочы на шмат якія паскудзтвы цяперашняй улады, але нельга, немагчыма быць літасьцівым, калі ў чалавека забіраюць самае каштоўнае — жыцьцё.
Варта прызнаць, што зь цягам часу гэтая тэма пачала згасаць. Хоць напачатку ўдалося зрабіць нямала. І самае галоўнае: неабыякавыя людзі, якія некалькі гадоў запар выходзілі на вуліцы з партрэтамі выкрадзеных, спынілі канвэер сьмерці. Пасьля гэтага апанэнтаў улады кідалі на турэмныя нары, зьбівалі, але не ліквідоўвалі фізычна.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка