108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка16/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21
Прыкладаў, якія пацьвярджаюць вышэйсказанае, больш чым дастаткова. Шмат пра што сьведчыць і той факт, што адзіныя кандыдаты ў прэзыдэнты ад апазыцыі ў 2001 і 2006 гадах не былі сябрамі палітычных партыяў. Генэрал Фралоў напісаў заяву ў адну з сацыял-дэмакратычных партыяў, а праз год ужо быў намесьнікам старшыні БСДП(Г).
Былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін ані ў кога не прасіў ліцэнзіі на тое, каб займацца палітычнай дзейнасьцю, але гэта не перашкодзіла яму за фантастычна кароткі тэрмін (некалькі месяцаў) узначаліць апазыцыйную партыю, стаць кандыдатам у прэзыдэнты, а потым і адным зь лідэраў апазыцыі.
Аляксандар Мілінкевіч. Хто пра яго ведаў за паўгода да прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе? Я не кажу пра краіну ў цэлым — хаця б у апазыцыйным асяродзьдзі. Вельмі нямногія. Тыя, хто працаваў на «тылавых прадпрыемствах», у рэсурсных цэнтрах ды ў няўрадавых арганізацыях.
Ня стала выключэньнем і выбарчая кампанія 2010 году. Мікалай Статкевіч — адзіны прадстаўнік «старой гвардыі». Усе спрэс астатнія — або зусім новыя твары (паэт Уладзімір Някляеў, бізнэсмэн Вус), або людзі з другога, а то і трэцяга эшалёну беларускай палітыкі (былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў, эканаміст Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч). У кожнага зь іх быў шанец. І ўсе яны па-рознаму ім распарадзіліся. Як? Неўзабаве даведаемся. Ад часу ўцячы немагчыма.
Я тут магу толькі дазволіць сабе некалькі камэнтароў адносна Мікалая Статкевіча. Ягоны прыклад сьведчыць, што працяглая прысутнасьць у палітыцы не адносіцца да абцяжваючых абставін. Праўда і тое, што яна не дае ніякіх прэфэрэнцыяў. А вось наяўнасьць або адсутнасьць у чалавека стрыжня — ​​гэта вельмі індывідуальна і не залежыць ад палітычнага стажу.
З усіх кандыдатаў Мікалай Статкевіч вёў самую жорсткую і агрэсіўную кампанію. Адны прэтэндэнты рабілі стаўку на пазытыўную альтэрнатыву для людзей і Беларусі, іншыя крытыкавалі недахопы цяперашняй сыстэмы, трэція акцэнтавалі ўвагу на неабходнасьці канструктыўнага супрацоўніцтва з уладай. Мікалай Статкевіч атакаваў асабіста Лукашэнку. Ён гаварыў з Лукашэнкам у манеры і голасам самога Лукашэнкі. Думаю, гэта была вымушаная неабходнасьць. Толькі так Мікалай мог зачапіць выбаршчыка. У іншых вобразах яму было б цяжка канкурыраваць з Раманчуком або Саньнікавым. Пры такой манеры пазыцыянаваньня месца ў сьпісе асабістых ворагаў кіраўніка Статкевічу было гарантаванае. Ці прадбачыў Мікалай, што ўсё складзецца так, як склалася? Тут мы ўсе ў аднолькавай сытуацыі. Асабіста я выявіўся дрэнным аракулам і прадказальнікам.
І яшчэ мне асабіста да канца незразумела, ці ўзгадняў Статкевіч з кім-колечы з кандыдатаў у прэзыдэнты свой заклік пакінуць Кастрычніцкую плошчу і рухацца да «Чырвонага дома», а затым на плошчу Незалежнасьці. Гэта частка пляну? Тады чыйго? Экспромт? Пытаньні ёсьць. Няма адказаў.
25 лютага, пятніца
Каманда «Пад'ём!» праляцела, як шалёная куля, і нікога не зачапіла. Адрэагаваў толькі дзяжурны па камэры. Астатнія, заправіўшы пасьцелі, тут жа разьлегліся зноўку. Кантралёры мусілі літаральна выкалупваць кожнага. Вайна за права ляжаць на нарах працягваецца. Дасыпаем седзячы.
На ранішнім разводзе новая порцыя іньекцыяў для кантынгенту з шпрыца запалохваньняў. Забароны, забароны, забароны. Пагрозы, пагрозы, пагрозы. У нас хочуць адабраць тое нямногае, што яшчэ засталося, — маленечкую аўтаномію дзеяньняў унутры закупоранай прасторы.
Адкрыўшы ў сабе некаторыя здольнасьці рыфмаваць, вырашыў папрацаваць і ў жанры прозы. Тым больш што ў галаве даўно высьпеў сюжэт апавяданьня. Яго галоўны герой — голуб Лёлік. Пэрсанаж ня выдуманы. Птушка рэгулярна прылятае да нас падчас шпацыру. Заўсёды сядае ў адным і тым жа месцы і адтуль назірае за падзеямі. У маім апавяданьні Лёлік — голуб ня просты. Птушка шляхетнай крыві. З моцным радаводам.
Суседзямі ў яго груганьнё. Шматлікае і крыклівае. Лёлік лічыць за лепшае не сядзець зь імі на адной галінцы. І ня дзеля фанабэрыі і снабізму. Груган ​​голубу вока лёгка выдзеўбе. Проста так, дзеля хохмы. Чорныя птушкі аблюбавалі гэтыя месцы яшчэ ў 30-я гады, калі людзей забівалі проста ў цесных дворыках НКВД і можна было ўдосталь падзяўбці салодкай чалавечыны. Груганьнё выцесьніла з навакольля ўсю жыўнасьць. Ні вераб'я пужлівага, ні сарокі балбатлівай. Толькі Лёлік меў адвагу залятаць у гэтую забароненую зону. Яму падабаліся рызыкоўныя палёты.
Неяк сьнежаньскім вечарам Лёлік, прысеўшы перадыхнуць на галінцы насупраць паўадчыненай форткі будынка колеру жаўтухі, стаў сьведкам сцэны, якая шмат у чым зьмяніла звыклы лад ягонага жыцьця. Па той бок тоўстых сьцен, у доўгім, як дула аўтамата, кабінэце сядзеў які дзясятак мужчын у мундзірах. Прыглушанае сьвятло. Россып зорак на зялёных пагонах. Дакладваў вусаты. Чорныя як смоль вусы рухаліся. Прысутныя парыпвалі асадкамі. Так Лёлік даведаўся пра тое, пра што ніхто не павінен быў ведаць. Ён чуў прозьвішчы людзей, якіх ваенныя мелі намер ізаляваць у ноч з 19 на 20 сьнежня. Статкевіч, Саньнікаў, Лябедзька, Някляеў, Севярынец — усяго больш за дваццаць прозьвішчаў. «Прэзыдэнт загадаў дзейнічаць хутка і рашуча, — вусаты чаканіў фразы, скануючы твары падначаленых. — У нас ёсьць неабмежаваныя паўнамоцтвы, аж да прымяненьня зброі. І мы выканаем загад нашага галоўнакамандуючага. Ніякіх сумневаў быць не павінна. Гэтае права даў нам беларускі народ. Мы абараняем яго».
Лёліку здалося, што вусаты павярнуў галаву да акна і глядзіць на яго. Не міргаючы. Ён ледзь стрымаўся, каб баязьліва не зьляцець з галінкі. Але цікаўнасьць была мацнейшая за страх.
Птушынае сэрца адчувала бяду, але людзі яшчэ ня ведалі пра яе. Наступнага дня Лёлік, прысеўшы на казырок аўтобуснага прыпынку, бачыў іхнія ўсьмешлівыя, мірныя твары. Людзі стаялі шчыльнай масай і слухалі тых, каго ўчора пайменна называў Вусаты. На ветры матляліся і біліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Адзін зь іх, прыстаўлены да сьцяны ГУМа, пахіснуўся і ўпаў. Лёліку здалося, што гэта чырвоная кроў на белым сьнезе. Палотнішча тут жа падхапіў кірпаты юнак. Глынуў паветра і выдыхнуў: «Жыве Беларусь!» І рэхам адгукнуліся сотні галасоў. Птушынае сэрца кальнула, але валідол галубам не належыцца.
Вось такі сюжэт закручваўся ў маёй галаве. Кожны раз, калі на шпацыры я бачыў птушку, у той жа дзень на паперу клаліся некалькі радкоў аповеду пра Лёліка і беларускія рэаліі. Здаецца, мае патугі цягнуць на тое, што некаторыя называюць літаратурным творам. Мне падабаецца. Думаю, і іншыя сядзельцы ацэняць мой літаратурны дэбют.
* * *
Пасьля абеду прайшло ператрэсваньне камэры. Усё працякала будзённа-прадказальна. Хіба што забралі мае сшыткі. Мабыць, кантралёр перастрахаваўся, затое ніхто не папракне яго, што страціў пільнасьць. Лепш патэнцыйныя праблемы для сваёй пятай кропкі перакласьці на галаву таго, хто глядзіць на цябе зьверху ўніз са сваёй пасады.
У мяне і так далёка не каліграфічны почырк, а цяпер я яшчэ наўмысна імкнуся сапсаваць яго. Ужываю скарачэньні. Часам пункцірам пазначаю асноўную думку, код да шыфру якой застаецца ў мяне ў галаве. Вядома, пры некаторых намаганьнях і наяўнасьці навыкаў зразумець, пра што ідзе гаворка ў тым ці іншым апавяданьні, можна. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Вяду адразу некалькі сшыткаў. У адным дзёньнік, зь ім працую кожны дзень. Другія аддадзены літаратурнай творчасьці. Трэці — для ліставаньня зь дзяржаўнай бюракратыяй. Усё гэта складаю ў пакет, які вісіць у галавах.
Ну што ж, забралі дык забралі. Гэта першы раз я перажываў і хваляваўся за наступствы, цяпер не нэрвуюся. Сшыткі забраць можна, але што такое радкі? Гэта думкі. Між іншым, мае думкі. А іх не канфіскаваць. З галавы іх можна выбіць хіба што кавалкам сьвінцу. Вырашыў, што ўсё роўна буду пісаць дзёньнік, працягну пісаць вершы, калі толькі не забяруць асадку і паперу. Дый у гэтай сытуацыі можна драпаць цьвіком на сьцяне, пазногцем на табурэтцы. Гэта патрэба і неабходнасьць. Да таго ж і гімнастыку шэрага рэчыва ніхто не адмяняў. Так што тут жа выняў новы сшытак і зрабіў першы запіс.
26 лютага, субота
Па сьняданку вярнулі сшыткі, забраныя пры ўчорашнім аглядзе камэры. Здаецца, усё на месцы. Начальнік СІЗА неяк намякнуў, што нейкія рукапісы перадавалі на волю Севярынец і Фядута. Я ў гэтым ня ўпэўнены. Дый адна справа — вершы пра бярозавы гай, а іншая — дзёньнік з апісаньнем таго, што адбываецца ў казэматах «амэрыканкі». Але, зь іншага боку, калі запісы і дзёньнікі ўжо трэці ці чацьвёрты раз вяртаюць, значыць, рыса недазволенага яшчэ не пераступлена.
Адзначыўся візытам Арлоў. І не адзін, а ў кампаніі таварыша пракурора. Прыход плянавы. У канцы кожнага месяца камэры інспэктуе пракурор у суправаджэньні начальніка «амэрыканкі». На казённай мове гэта гучыць так: для кантролю за выкананьнем заканадаўства ў СІЗА і забесьпячэньня правоў падсьледных. Насамрэч гэта чыстая фармальнасьць. Дзеля птушачкі. Пракурор, кажуць, адзін і той жа. Прыкамандзіраваны да СІЗА.
Я бачу яго ўпершыню. Даўгалыгі дзяцюк. Сярэдняга веку. Сіні кіцель, чорная папка са скуразамяняльніка пад пахай. Увайшоў і адразу кінуў якар. Вачыма сюды-туды. «Скаргі ёсьць?» Голас вялы і абыякавы. Гэта адзінае пытаньне, працэджанае скрозь зубы. Сумна яму тут. На гадзіньнік пазірае. Маўляў, прабачце, сьпяшаюся да спраў больш важных і цікавых. І каб не Арлоў, то размова, хутчэй за ўсё, скончылася б, так і не пачаўшыся. Але начальнік СІЗА, наадварот, быў актыўны і гаваркі. Ён па-гаспадарску прабегся па камэры, запускаючы позірк пад стол, у вочы, пад нары. Адчувалася, што ў палкоўніка ёсьць нешта такое, пра што хочацца сказаць. І сапраўды, пасьля некалькіх дзяжурных фразаў наконт побыту Арлоў скараціў дыстанцыю да адлегласьці выцягнутай рукі.
— Не пашанцавала вам. Не пашанцавала... — Паўза. Мабыць, палкоўнік разважаў над маім нешанцаваньнем. — Дык вось, давядзецца вам застацца тут надоўга. Дзякуйце свайму таварышу. Яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, і толькі яго і бачылі. Уцёк з краіны. Як пасьля гэтага кагосьці адпускаць? Усё, цяпер дзьверы зачыненыя!
А сон у руку, мільганула думка.
Вы ня хочаце даведацца, пра каго ідзе гаворка? — адчувалася, што Арлоў яшчэ ня выгаварыўся.
— Міхалевіч?
Па выразе твару палкоўніка я зразумеў, што трапіў у дзясятку.
— Так, сапраўды Міхалевіч. Той яшчэ тып.
Вось гэта навіна! Вось дык так! Вось яна, разгадка сну. Гэта мяне ашаламіла, напэўна, больш, чым сама навіна, прынесеная палкоўнікам Арловым.
Працэсія на чале з цыбатым пракурорам і каратканогім начальнікам СІЗА рушыла далей. А ў камэры завязалася дыскусія: добра гэта ці дрэнна, што чалавек ламануў за мяжу? Думкі падзяліліся.
— Малайчына, — секануў Сан Саныч. — Пакінуў гэтых казлоў з носам. Уяўляеце, хлопец цяпер гуляе недзе па Парыжы ці Бэрліне.
Так, Елісейскія палі — сур'ёзны аргумэнт ва ўспрыманьні тых, хто закупораны ў «амэрыканцы».
— Ды ён жа здрадзіў сваім таварышам, — запратэставаў Каранеўскі. — Цяпер на вас могуць адыграцца па поўнай праграме.
Дыскусія зрабіла тры абароты вакол восі тэмы і пытальнікам зьвярнулася да мяне. Адвакатам быць я ня мог, а пракурорам не хацелася.
— Хай судзьдзёй будзе час. Міхалевіч падумаў пра сябе, і гэта яго законнае права. Але, напэўна, у яго не было часу, каб падумаць пра іншых. Пра тых, хто застаўся тут. Гэта ягоны выбар, але гэта ня мой выбар!
На гэтым дыскусія практычна вычарпалася. Раманоўскі пад уражаньнем ад нядаўніх гасьцей распавёў пра нейкага Васіля. Адчайдушнага падпалкоўніка МУС, які вядзе зацятую барацьбу з адміністрацыяй СІЗА КДБ. Праўда, сёньня ён у такім жа становішчы, як і мы. Але гэта не перашкаджае Васілю пэрыядычна падымаць лякальныя паўстаньні і бунты. Калі ў ізалятар з інспэкцыяй прыбыў сам намесьнік генпракурора Швед, Васіля на ўсялякі выпадак адправілі ў «ціхі пакой». Выпадкі могуць быць розныя, таму вырашылі не ствараць праблемаў ні сабе, ні высокапастаўленаму чыноўніку Генпракуратуры. Праўдаруб Васіль тут жа расьпісаў тое, што адбылося, у лісьце. Маўляў, адзін клоўн прыйшоў, іншыя клоўны да яго далучыліся і зладзілі цэлае цыркавое прадстаўленьне. Ліст трапіў у рукі Арлову. Выбухнуў скандал. Падпалкоўніка абвінавацілі ў паклёпе і абразах. Васіль разыграў зьдзіўленьне і запатрабаваў прадставіць доказы. Яму прад'явілі ягоны ж ліст. Васіль тут жа парваў паперу і сплавіў усе доказы і сьведчаньні ў каналізацыю. Вайна эмвэдэшніка Васіля і кадэбэшнікаў працягваецца!
Дарэчы, мяне ня сталі пазбаўляць прыемнасьці сустрэчы з намесьнікам генпракурора Шведам. Ён сапраўды нечакана ўзьнік у нашай камэры. З адным-адзіным пытаньнем: ці ёсьць скаргі на ўмовы ўтрыманьня? Я паспрабаваў скарыстаць нагоду і спытаў, чаму Генпракуратура не адрэагавала на мае звароты па факце незаконнага пранікненьня невядомых у маё жыльлё і прымяненьня фізычнага гвалту ў дачыненьні да людзей, віна якіх не даказаная. «Гэта зусім іншая тэма, і калі вы яшчэ не атрымалі адказ па сутнасьці, то атрымаеце. Чакайце! Мэта ж майго візыту — устанавіць, ці ёсьць у вас прэтэнзіі, заўвагі па бытавых пытаньнях». Пасьля такога адказу стала ясна, што намесьнік генэральнага пракурора прыбыў не вырашаць праблемы, а аформіць іх сьпісаньне ў архіў.
У думках яшчэ раз вярнуўся да ўцёкаў Алеся Міхалевіча. Ва ўсім гэтым, здаецца, ёсьць і свой плюс. Трэба думаць, зьяжджаючы зь Беларусі, Міхалевіч пакінуў інфармацыю пра тое, што дзеецца ў «амэрыканцы». Але чаму тады пра гэта на поўны голас не заявілі астатнія, каму зьмянілі меру стрыманьня? Іх запалохалі? Падвесілі перад судом на кручок чаканьня? Хутчэй за ўсё, так і ёсьць. Ну, трэба прызнаць, вясёлы выйшаў дзянёк.
27 лютага, нядзеля
Не адразу даўмеліся, што да нас прыйшлі перамены. З «амэрыканкі» зьніклі маскі. Гэтак жа нечакана, як і зьявіліся. Тады не сказалі «добрага дня», цяпер не сказалі «да пабачэньня». Проста сёньня іх не аказалася за адчыненымі дзьвярыма.
Але больш за два месяцы менавіта яны былі галоўнымі дзейнымі асобамі, яны фізычна і эмацыйна запаўнялі прастору СІЗА КДБ. Кожны сантымэтар. Кожную хвіліну. Сваімі хрыплымі галасамі. Сваёй чорнай уніформай і чорна-зялёнымі маскамі. Сваёй агрэсіўнасьцю і злосьцю. Што гэта за людзі? Хутчэй за ўсё, спэцпадразьдзяленьне КДБ «Альфа». Байцы элітнай структуры, створанай для барацьбы з тэрарызмам, самі сталі дзяржаўнымі тэрарыстамі. Вядома, не па сваёй волі, па загадзе. Але што гэта мяняе? Анічога! Гэта толькі паказвае ступень дэградацыі ўсёй дзяржаўнай сыстэмы. Баец спэцназу апусьціўся да плянкі наглядчыка канцлягера. Дакладней, яго апусьцілі. Недзе такія падразьдзяленьні — гонар краіны, у нас, пасьля ўсяго таго, што я ўбачыў на свае вочы, яны ганьба Беларусі. Ім прапанавалі пагуляць у катаў, і яны не адмовіліся.
Так, вядома, гэта не НКВД з 30-х гадоў. Палохалі электрашокерам, а маглі і на электрычнае крэсла пасадзіць. Ставілі на расьцяжку, а маглі да сьцяны, сцалаванай сьвінцом. Катавалі сьвятлом, холадам, а маглі тым жа, але значна больш жорстка і балюча, да сьлепаты і адмарожаных канечнасьцяў. Білі гумовымі палкамі, а маглі жалезным прыкладам, ды так, каб зубы вышчоўкваліся са сківіц.
І вось цяпер за дзьвярыма цішыня. Вушам прыемна, але нязвыкла. Сёньня ў «амэрыканцы» іншыя гукі. Не такія прарэзьлівыя і гістэрычныя. Кантралёры пачалі размаўляць, а не крычаць, хадзіць, а не грукатаць танкавай калёнай. Некаторыя, як Баптыст і Якут, выглядаюць садзьмутымі шарыкамі.
Галавой разумею, скурай адчуваю, што экватар чорнай паласы ўжо недзе за плячыма. Значыць, я змог! Значыць, вытрымаў, выстаяў!
Не магу сказаць, што прыйшоў час белага колеру. Хутчэй, перамяшчаюся ў шэрую зону. Ведаю, што ўсё можа здарыцца, паўтарыцца, але ўжо, здаецца, ня тут, ня ў гэтых сьценах.
Мы ішлі рукі за сьпіну, галаву ўніз. Але мы ішлі, нас ня гналі, як атару авечак. Я чуў, як соп Раманоўскі, як шоргаў ботамі Каранеўскі. Раней я гэтага ня чуў, бо гэта было немагчыма. Цяпер цешуся тым, што вярнулася.
Дворыкі для шпацыраў без дэкарацыяў. Над імі больш не зьвісаюць чорна-зялёныя маскі. Карнавал, які доўжыўся больш за два месяцы, скончыўся. Над галавой толькі шэрае неба!
28 лютага, панядзелак
Сёньня апошні дзень зімы. Гэты факт і на волі варты ўвагі і абмеркаваньня. Ну, а тут... А тут гэта падзея! Прыемная ва ўсіх дачыненьнях. На смак, на пах, на колер, навобмацак. І галоўнае, на чаканьне. У зімы сьвежы прысмак лёгкага шаленства. Ёсьць адчуваньне, што апошнія два месяцы па няцотных днях жыў у вар'яцкім доме, а па цотных — у рэканструяваным канцлягеры.
З гэтай зімой ня толькі тэмпэратура, але і ўсё астатняе са знакам мінус. Так што пра першы дзень вясны гаворым як пра нешта абавязкова прыемнае і пазытыўнае. Гэта ўнутраная саманастройка арганізму.
Настрой трансфармуецца ў радкі ліста на «Вялікую зямлю». «Час не стрымаць. Ён то бяжыць, то цярушыць, ледзьве перабіраючы нагамі. І мы разам зь ім крочым у будучыню. З чыстым сумленьнем, годна і прыстойна».
Я ў тых жа геаграфічных каардынатах, рухаюся па тых жа фіксаваных маршрутах. Як пранумараваны трамвай. Камэра — мэдычны кабінэт — камэра. Камэра — дворык для шпацыраў — камэра.
Некалькі дзён жыцьцё бязь лекаў. Толькі вітаміны! Здабываю сапраўдную асалоду зь фізычнай нагрузкі. Раніца пачынаецца з інтэнсіўнай зарадкі. Заправіў пасьцель і пайшоў падымаць ногі. За пару падыходаў — тысяча, а то і больш разоў. Потым зарадка на вуліцы. Пасьля яе, у залежнасьці ад самаадчуваньня, дадаю яшчэ ў камэры.
Перагарнуў апошнюю старонку гістарычнага апавяданьня Пікуля. Зьмена жанру — разгортваю Чэйза.
Сёньня паўдня правёў у пошуках рыфмы. Выйшла, мабыць, ня вельмі паэтычна, але напісана сэрцам. Гэта падарунак маёй Сьвеце на 8 сакавіка. Хачу заўтра адправіць, каб да сьвята ліст дайшоў.
Что подарить любимой?

Звезду, весну, рассвет?

Чтоб в перспективе обозримой

Был мил весь белый свет.
Как донести весну,

Не расплескав в ладонях,

Настроив звуки на волну

Любви, стоящей на коленях?
Как не проспать рассвет

В объятьях сновидений,

Собрав в один букет

Все запахи растений?
Как изловить звезду

И не обжечь при этом руки?

И, загадав мечту,

Реализовать по правилам науки?
Я подарю тебе любовь

Сильней весны и ярче звездопада.

Она кружит и будоражит кровь.

Скажи мне, милая, ты рада?
Гэтую частку ліста пісаў ледзьве не друкаванымі літарамі.
* * *
Хацеў скарыстацца мясцовай пральняй, таму што бруднага, прапахлага потам і камэрай адзеньня, бялізны набралася ўжо два пакеты. Два чорныя пакеты. Усё гэта складзіруецца пад ніжнія нары і вонкава нагадвае звалку з бауламі ад сьмецьця і рэчаў, адпраўленых ва ўтыль.
Але сёньня паведамілі, што рэчы мыць ня возьмуць. Альбо пад кранам мый, альбо дадому перадавай. Але хутка адпрацаваць лягістыку перадачы нельга. Тут усё залежыць ад хуткасьці кругазвароту лістоў, а ён слаба прагназавальны. Перабіраю і сартую гардэроб. Сёе-тое давядзецца пусьціць у паўторны ўжытак. Тут усе рэчы ў эксплюатацыі, але некаторым я гатовы сьпяваць гімн. Яны як палачка-выручалачка. Да прыкладу, байка і боты. Чорную мяккую, на ўсякае надвор'е і кругласутачную байку я здымаю, толькі калі займаюся гімнастыкай у камэры альбо мыюся. Акрамя ўсяго іншага, зручны капюшон выконвае функцыю ізаляцыі ад лішніх шумаў і гукаў у начны час. Ну, а ў мяккіх зімовых ботах хіба толькі ня сплю. Так што дзякуй вытворцам, немцам і італьянцам, за якаснае адзеньне і абутак для беларускіх палітвязьняў.
* * *
Вырашылі ўзмацніць барацьбу са сьмецьцем і іншымі рэчамі, якія спадарожнічаюць чалавечай дзейнасьці. Папрасіў у хатніх мяхі для сьмецьця. Тыя адразу ж прыслалі. Але перадачу не прынялі. Сапраўды, навошта падсьледным элемэнтарныя выгоды! Мы ж для іх недачалавекі. Так што па-ранейшаму засьцілаем бачок для сьмецьця газэтнымі шкуматамі.
Але і тут узьніклі цяжкасьці. Падчас апошняга шмону вынесьлі ўсе часопісы і залежы старых газэт. Маўляў, захламляюць камэру. А падпіска ў нашу камэру не паступае. Так што мы дайшлі да таго, што з агульнага карыта, куды звальваюць адкіды з усіх камэр, выбралі некалькі больш-менш чыстых газэтных старонак. Вось ужо ня думаў, што давядзецца, як бамжу, на сьметніку жабраваць.

Сакавік 2011


1 сакавіка, аўторак
Пад'ём! Празь дзесяць хвілін у адкрытую фортку пацягнуліся струмені шызага дыму ўперамешку з натуральным смуродам «амэрыканкі».
А сёмай гадзіне ў камэру ўляцеў вясёлы звон з плошчы Свабоды. Сьпеў званоў — адзінае, што бесьперашкодна, бесцэнзурна пранікае ў камэру.
Дзень толькі пачынаецца. Яго яшчэ не сапсавалі, не спаганілі ні абставіны, ні адміністрацыя.
У хвіліны зацішша засумаваў па доме. Пачаў па хвілінах аднаўляць апошні дзень свабоды.
* * *
Нядзеля 19 сьнежня. Такое адчуваньне, што з таго часу прамінуў сама меней год. А той нядзельнай раніцай я прачнуўся ад цішыні. Будзільнік не прысьпешваў. Тэлефон ня клікаў. Пацягнуўся да хрусту ў суставах. Выскачыў з пасьцелі. Расьцёр далонь правай рукі, зь якой толькі паўтара тыдні таму зьнялі швы. Зазірнуў у працоўны графік і з задавальненьнем пабачыў там толькі адно мерапрыемства: 20 гадзін — Кастрычніцкая плошча. Упершыню за апошнія месяцы ня трэба нікуды сьпяшацца. Ня трэба жаваць бутэрброды на хаду, праяжджаць скрыжаваньні на жоўтае сьвятло.
Прэзыдэнцкая кампанія, упацеўшы ад нязвыклага рытму, разагрэтая амбіцыямі і эмоцыямі, падышла да скрыняў для галасаваньня. Раніцай з жонкай Сьвятланай схадзілі на выбарчы ўчастак у будынку гімназіі. Там аддалі галасы — Яраславу Раманчуку, бюлетэні — махінатарам з участковай камісіі.
У мяне быў прыўзьняты настрой. За плячыма добрая праца. Калі ня ўсё, то шмат што ў нас атрымалася. Нам удалося стварыць дзеяздольную каманду. Крэатыўную, энэргічную, ідэйную. Людзі атрымлівалі мала грошай, але шмат задавальненьня. Гэта тая рэдкая сытуацыя, калі куды ні зірнеш — навокал вочы гараць. Сёньня я магу ўпэўнена сказаць: Аб'яднаная грамадзянская партыя — самадастатковая палітычная сіла. Мы ў стане канкурыраваць з уладай за галасы тых, хто вызначае лідэра краіны. Мы ў тройцы тых, каму не задаюць пытаньня: а вы сапраўды сабралі 100 тысяч подпісаў? Патэнцыял структуры навідавоку, рэзэрвы для росту велізарныя.
Каб пералічыць кандыдатаў у прэзыдэнты, патрэбныя пальцы абедзьвюх рук. Але, гатовы сьцьвярджаць, мы адзіныя, хто быў арыентаваны, заточаны на працу з тымі, хто сумняваецца. З тымі, хто ўжо расчараваўся ва ўладзе, але яшчэ не паверыў апазыцыі. На іх была арыентаваная наша праца, да іх зьвернута вестка. На апошняй прэс-канфэрэнцыі Яраслаў Раманчук шчыра прызнаўся, што ня можа браць на сябе адказнасьць за Плошчу, бо ня ведае, як яе рабіць, але наша каманда гатовая несьці адказнасьць за рэформы.
Стартаваўшы зь беларуска-польскай мяжы, з выкопваньня сымбалічнага пагранічнага слупа, мы аб’ехалі большасьць рэгіёнаў краіны. Я бачыў, як людзі, розныя векам, адукацыяй, палітычнымі прыхільнасьцямі, рэагавалі на праграму «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі». Нашу вестку прынялі практычна ўсе, да каго мы змаглі дайсьці. Нават тыя, каго адпраўлялі на сустрэчы з заданьнем зачытаць падрыхтаваны тэкст пытаньня або рэплікі, пашумець ад мікрафона, пад канец гутаркі слухалі ўважліва і, здаецца, чулі нас.
На нашым сьцягу быў слоган: «Пабудуем новае, захаваем лепшае». Лічу яго найлепшым, і не таму, што ў нас ёсьць патэнт на яго вынаходжаньне. Ён сапраўды адпавядаў настроям большасьці выбаршчыкаў. Беларусы даволі кансэрватыўныя. Яны хочуць пераменаў, але баяцца страціць тое нямногае, што ўжо маюць.
У нас была самая прадстаўнічая і аўтарытэтная каманда. Мы не хаваліся за фразы тыпу «Яшчэ не прыйшоў час назваць маю каманду». У нашых шэрагах — «бацька» беларускага рубля Станіслаў Багданкевіч, першы прэм'ер-міністар прэзыдэнцкай Беларусі Міхаіл Чыгір, адзіны міністар, які разам з Чыгіром падаў у адстаўку, пратэстуючы супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 году, — Аляксандар Сасноў, твар беларускага тэлебачаньня народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, стваральнік канцэрну «Амкадор» Васіль Шлындзікаў, вядучыя эканамісты краіны Леанід Заіка і Павал Данейка, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў, людзі з досьведам працы ў парлямэнце Аляксандар Дабравольскі і Марат Афанасьеў, адна зь лідэрак жаночага руху краіны Людміла Пеціна, а яшчэ незвычайна працаздольныя Аксана Крышчановіч, Анюта Красуліна, Антаніна Кавалёва. І многія, многія іншыя.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка