108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка15/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   21
Праўда стала праблемай для ўлады. І яе, як і нас, ізалявалі ад людзей, ад грамадзкай думкі. Для цяперашняй быдлячай улады праўда — гэта наагул адзін зь лютых ворагаў. Гэта значыць толькі адно: калі ўсё трымаецца на хлусьні, падмане, фальсыфікацыях і маніпуляцыях, то праўда — гэта выгнаньніца, гэта істота, пазбаўленая ўсіх правоў.
Мы ня толькі палітзьняволеныя «амэрыканкі», мы яшчэ і тавар. Для продажу, для бартэру. На нас пакуль яшчэ няма цэньнікаў, але гэта пытаньне часу. Такая практыка папярэдніх гадоў, і няма падстаў сьцьвярджаць, што зараз будзе па-іншаму.
Мала таго, што тыя, хто сядзіць у «Чырвоным доме», хочуць, каб усе маршыравалі шыхтам, яны яшчэ жадаюць кіраваць нашымі думкамі.
Адвярнуўшыся да сьцяны, невялікім цьвіком надрапаў «Свабоду слова!» Сваім пратэстам застаўся задаволены. Нам патрэбны маленькія перамогі незалежна ад нашага месцазнаходжаньня і палітычнага календара.
22 лютага, аўторак
Здаецца, пазбыўся балячак. Зарадка прайшла паводле формулы 1000–200–580. Нядрэнна! Тысяча практыкаваньняў на прэс, дзьвесьце — брусы, 580 адцісканьняў ад падлогі. Дарэчы, пра брусы. Каб хто не падумаў, што ў камэрах «амэрыканкі» стаяць спартовыя трэнажэры, растлумачу. Функцыю брусоў выконвае жалезная акантоўка двух верхніх нараў. Спачатку адчуваеш пэўныя нязручнасьці, бо жалеза ўпіваецца ў далоні, але потым звыкаеш і маеш толькі станоўчыя эмоцыі.
Шчыра кажучы, калі ўлічыць стан майго арганізму, я не разумею, як мне ўдаецца так інтэнсіўна займацца. Хутчэй за ўсё, гэта ідзе насуперак усталяваным правілам і рэкамэндацыям. Але бываюць сытуацыі, калі правіла і выключэньне мяняюцца месцамі. Цяпер я ведаю, так бывае.
* * *
Разам з усімі палашчу горла вадой зь ёдам. Раніцай і ўвечары стаім, задраўшы галаву, і выдаём гартанныя гукі.
Г-р-р-р-р.
Да абеду дачытаў «Зоркі над балотам» Пікуля. Потым прыступіў да другой кнігі «На задворках вялікай імпэрыі». Тэмп чытаньня перарывісты. Падсьлепаватае сьвятло самотнай лямпачкі прымушае рабіць перапынкі, якія запаўняю пісаньнем лістоў і практыкаваньнямі ў рыфмаваньні.
Зь дзяржавай ніякага ліставаньня не вяду. Ня бачу ў гэтым сэнсу. Выключэньне — адміністрацыя СІЗА. Але гэта вымушаная неабходнасьць.
Ад хандры знайшоў «абязбольвальнае». Як толькі нойдзе маркота, вымаю з пакета і перачытваю тры лісты і дзьве запіскі, атрыманыя з дому. Дзейсныя лекі.
Тэма сёньняшняй вечаровай дыскусіі тычыцца ня толькі бэтонных муроў «амэрыканкі». Гутарым пра тое, як здарылася, што ў цэнтры Эўропы існуе такі бэтонны, аўтарытарны рэжым.
Мая бясплатная лекцыя на тэму «Лукашызм як экспартны тавар на міжнароднай арэне» авацыяў ня выклікала, але аўтарытэту дадала. Перадаю амаль даслоўна.
* * *
Міжнародная супольнасьць відавочна недаацэньвае «беларускую праблему». Для многіх палітыкаў беларускае пытаньне — ня пункт эўрапейскага парадку дня, а так, лякальная праблема, якая не выходзіць па-за межы тэрыторыі Беларусі. Гэта памылка. Беларусь надалей застаецца экспэрымэнтальнай лябараторыяй па вытворчасьці і распаўсюджваньню нэааўтарытарнай ідэалёгіі — «лукашызму». «Лукашызм», які ўяўляе сабой сумесь камунізму, фашызму і лацінаамэрыканскага папулізму, — галоўны экспартны тавар беларускага рэжыму. І, трэба прызнаць, ён карыстаецца вялікай папулярнасьцю на постсавецкай прасторы. Тое, што Беларусь прайшла восем-дзесяць гадоў таму, у той ці іншай форме сёньня ўзнаўляецца ў Расеі і іншых постсавецкіх рэспубліках. Гэта небясьпечная тэндэнцыя, і ў сталіцах цывілізаваных дзяржаў яе наступствы да канца не пралічваюцца.
(Пры слове «лукашызм» Сан Саныч напружыўся, а Ігар закруціў галавой. Я ж увайшоў у ролю.)
У Беларусі ўжо шмат гадоў ідзе паўнавартасная «халодная грамадзянская вайна». Малалікая група людзей (клан Лукашэнкі) трымае пад кантролем дзяржаву і зь яе дапамогай зьнішчае любую альтэрнатыву. Нэасавецкая дзяржава ўзурпавала ўсе правы грамадзян. Укаранілася манаполія дзяржавы (клана Лукашэнкі) на палітычны, эканамічны і сацыяльны сэктары. Адсутнічае грамадзкая дамова. Мае месца прававая няроўнасьць: Лукашэнка, а не незалежныя суды, прызначае вінаватых. Грамадзяне фактычна не бяруць удзелу ў кіраваньні дзяржавай. Улада не абнаўляецца. Усталявана фундамэнтальная аўтарытарная ўлада «прэзыдэнта» Лукашэнкі, пры якой ён знаходзіцца 16 гадоў.
Лукашэнка дэ-факта і дэ-юрэ забараняе любую палітычную канкурэнцыю. Уся апазыцыя выціснутая ў пазасыстэмныя нішы і ня мае магчымасьці быць абранай у мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады. Любая палітыка-сацыяльная альтэрнатыва зазнае сыстэмны ціск з боку спэцыяльных службаў, паўнамоцтвы якіх надзвычайныя і дазваляюць агентам без адпаведных судовых рашэньняў сачыць за любым грамадзянінам і арыштоўваць любога.
За 16 гадоў свайго кіраваньня Лукашэнка стварыў жорсткі аўтарытарны рэжым з украпінамі дыктатуры. Гэткі Савецкі Саюз у мініятуры, які геаграфічна разьмясьціўся ў самым цэнтры эўрапейскага кантынэнту. Гэты факт толькі ўзмацняе жаданьне зразумець, у чым жа сакрэт палітычнага даўгалецьця рэжыму, які ёсьць адкрытым выклікам усёй Эўропе. Рэжым гэты трымаецца на трох кітах. Па-першае, на страху. І гэта не спэцыфічна беларускае ноў-хаў. Гэта эфэктыўная зброя ўсіх таталітарных рэжымаў, на якую Лукашэнка зрабіў галоўную стаўку. Маленькі, але вельмі паказальны штрых. Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе ў спэцслужбаў засталася ранейшая абрэвіятура — КГБ. Адзін гэты факт не дазволіць устаць з каленяў мільёнам беларусаў, якія вырасьлі пры савецкай сыстэме.
Па-другое, фінансава-эканамічная залежнасьць насельніцтва ад улады. Каля 80 працэнтаў грамадзян свае зарплаты, пэнсіі, стыпэндыі атрымліваюць у Лукашэнкі. Людзі пазбаўленыя альтэрнатывы, іх ставяць у жорсткую залежнасьць ад улады. Яшчэ адзін штрых да партрэта беларускай рэчаіснасьці. У сярэдзіне 90-х, калі па краіне пракацілася першая хваля судовых працэсаў над апанэнтамі ўлады, было нямала судзьдзяў, якія адмаўляліся выносіць палітычна матываваныя судовыя рашэньні. Але тады ў людзей у чорных мантыях была альтэрнатыва: у выпадку адміністрацыйнага ціску яны маглі сысьці ў прыватны натарыят або адвакатуру. Лукашэнка тут жа выдаў указ, які практычна зьнішчыў прыватную адвакатуру і натарыят. І судовы канвэер запрацаваў без аніякіх збояў. Тэлефоннае права ператварыла судовую сыстэму ў аддзел адміністрацыі Лукашэнкі.
Па-трэцяе, штогадовы энэргетычны грант з Расеі, які да нядаўняга часу складаў каля 8 мільярдаў даляраў. Гэта дазваляла беларускаму кіраўніку ажыцьцяўляць сацыяльны подкуп значнай часткі насельніцтва Беларусі. І нягледзячы на ​​тое, што дабрачыннасьць Крамля апошнім часам крыху зьмізарнела, тым ня менш за кошт рознасьці цэнаў на энэрганосьбіты «Чырвоны дом» працягвае атрымліваць вялізныя сумы. Цалкам відавочна, што бяз гэтай сур'ёзнай фінансавай падтрымкі рэжым Лукашэнкі ня змог бы існаваць так доўга.
Калі рэзюмаваць рэакцыю нешматлікай, але ўважлівай публікі, то яна зводзіцца да дзьвюх фраз: «Ну ты, Правадыр, даеш!» і «А я цяпер не дзіўлюся, чаму ты, Анатоль, у “амэрыканцы”, а ня дома».
* * *
Дзень цырульніка. Два месяцы істотна зьмянілі маё зьнешняе аблічча. Гляджу ў люстэрка і стараюся захаваць сябе ў файле памяці. Доўгія валасы. Вяртаньне ў далёкае студэнцкае мінулае. Барада — гэта ўжо з сучаснасьці. Такой я ніколі не адгадоўваў. Праўда, нешта падобнае назіралася на маім твары, калі адразу па заканчэньні ўнівэрсытэту быў на лесасплаве ў Пермскім краі. Тады мяне таксама не было два месяцы, але ў кішэні ляжаў зваротны білет, у якім з дакладнасьцю да хвіліны быў пазначаны час вяртаньня. А тут — два месяцы зь невядомай пэрспэктывай. Як кажуць у Адэсе, адчуйце розьніцу.
Цяпер мой люстраны адбітак — такі сабе палявы камандзір Налібоцкай пушчы часоў праўленьня Аляксандра з-пад Шклова. Меў намер такім і паўстаць перад роднымі і паплечнікамі па партыі. Але, відаць, ня лёс. Патрэбныя перамены і абнаўленьне. А што мяняць? Самае простае — згаліць бараду.
Плястыкавы кубачак з гарачай вадой. Аднаразовы станок. Балёнчык зь пенай. Гляджуся і нейкі час не наважваюся. Але вось узмах памазком — валасяныя зарасьці пакрыліся бельлю. Праводжу лязом раз, другі, трэці. Лязо не бязь цяжкасьці адрывае валасы ад скуры. Добры дзень, а вы, уласна, хто?
Меркаваньні падзяліліся. Каранеўскаму абноўлены Анатоль Лябедзька спадабаўся, а вось барадаты Раманоўскі сказаў, што ў ранейшым вобразе было больш брутальнасьці і мужнасьці. Гэта і ёсьць плюралізм думак. Як на мяне, дык нічога, хіба што скура нейкая бледная. Але гэта непасрэдны вынік адсутнасьці сонца і сьвежага паветра.
* * *
Атрымаў ад Антаніны Кавалёвай віншавальную паштоўку з Днём абаронцы Айчыны. Наагул, гэтае савецкае сьвята я не адзначаю чырвоным колерам у сваім календары. Але цяпер — зусім іншая рэч. Паштоўка з офіса, літаральна пару слоў віншаваньня, прыйшла зусім нечакана. Гэта першае пасланьне ня з дому. Прыемна! Пэрспэктыўна! Можа, за гэтым ручайком адбудзецца прарыў інфармацыйнай плаціны? І будзе зьнятая забарона на карэспандэнцыю, накіраваную на адрас: г. Мінск, Галоўпаштамт, а/с 8, Лябедзьку Анатолю?
Але далейшыя развагі былі не такія аптымістычныя. Хутчэй за ўсё, сьцісласьць тэксту абяззброіла і падкупіла цэнзара. Дый сьвята такое, вельмі ўжо набліжанае да пагонаў нашых прыгнятальнікаў. Так што гэта ня зьмена маршрутаў карэспандэнцыі, гэта дакладнае пападаньне ў слабую кропку і псыхалягічны нэрв сыстэмы і цэрбэраў, якія яе ахоўваюць.
У мяне ёсьць вялікае падазрэньне, на мяжы з упэўненасьцю, што нейкі падвал СІЗА завалены мяхамі зь лістамі, якія не дайшлі да палітвязьняў «амэрыканкі». Заплюшчваю вочы і ўяўляю, як з паштамта дастаўляюць у СІЗА некалькі цюкоў карэспандэнцыі. Гэта нэрвуе Арлова і ягоных паплечнікаў. Яны глядзяць на мяхі з роспаччу і злосьцю. А заўтра ўсё паўтараецца.
23 лютага, серада
Прачнуўся з думкай пра лёс ліста зь віншаваньнем для бацькі. Праз два дні яму семдзесят тры. Для беларускага мужыка ўсё, што за шэсьцьдзесят, гэта ўжо дата. Ліст — найлепшы падарунак, які толькі можна прыдумаць у нашай сытуацыі, і вельмі хочацца, каб бацькі прачыталі яго. Я ведаю, як яны перажываюць за мяне. Для іх гэта ўсё па жывым. Прычым кожны рэагуе па-свойму: у маці — сьлёзы, у бацькі — маўчаньне. У яе ўсё на твары, ён жа ўсё ператраўляе ўнутры сябе. Але ў кожным разе ўсё, што здарылася са мной, гэта выдраны жыўцом кавалак іхняга здароўя. Без аніякай анэстэзіі.
Госпадзе, ды што ж гэта такое! Нейкі чынуша-цэнзар вырашае лёс майго ліста! Ад бездапаможнасьці хочацца выць ваўком у неба, якога не відаць.
У любым цэйтноце я заўсёды адшукваў магчымасьць прыехаць 25 лютага ў родны Трылес. Але сёньня гэтая традыцыя дасьць збой.
Перад вачыма бацькоўскі дом у цэнтры вёсачкі, якая тоне ў зеляніне. Дыхтоўны дом пад жалезным дахам і ў кальчузе сайдынгу колеру кавы. Бэтонная дарожка расьсякае падворак на дзьве часткі. Трохі ссутулены ад часу хлеў, у якім заўсёды мычала, бляяла, рохкала ўсякая жывёла. Крыху наўскос — гумно. Звычайна яно пад самы дах забіта сенам, якое пахне ўсім суквецьцем траў Стаўпеччыны, тут і цюкі з саломай. Сон на сенавале — нешта асаблівае. Незвычайнае. Гэта пацьвердзіць кожны, хто хоць адну летнюю ноч правёў у дурмане пахаў і водараў.
У кутку — сячкарня, прыстасаваньне рэзаць сена і салому. Гэта мой першы трэнажэр, на якім я пампаваў свае цягліцы. У драўляны латок загружаеш травяную масу, уключаеш матор магутнасьцю ў адну падлеткавую сілу, і два жалезныя нажы сякуць, крышаць усё без разбору.
Вёска прачынаецца рана. Улетку а чацьвёртай раніцы бацька ўжо на нагах. Пачынае з абходу — падворак, хлеў, куратнік, гумно, склеп, ангар для тэхнікі. Усё жывое вітае гаспадара на ўсіх магчымых мовах. Яны разумеюць адно аднаго. Часам нашмат лепш, чым людзі людзей.
Уладзімір Міхайлавіч Лябедзька, гаспадар, працаголік і зацяты антысаветчык. Ён ніколі ня ўпісваўся ў сыстэму. Ні ў савецкую. Ні ў лукашэнкаўскую. Ні думкамі, ні ўчынкамі, ні ўяўленьнямі аб справядлівасьці. Дзіця прыроды з прыроджаным пачуцьцём свабоды. Нават прыяжджаючы да нас у Менск, ён адчувае дыскамфорт ад гарадзкога туалета і з большай ахвотай наведваецца ў лес, што каля рэзыдэнцыі «Дразды». Усё ягонае жыцьцё — гэта канкурэнцыя і барацьба. З уладамі, з сыстэмай, з самім сабой.
Бацькі беларускага палітыка ня могуць жыць у зоне нэўтралітэту. Жыцьцё дзяцей так ці інакш закранае і іх. Да прыкладу, у чарговай сваёй прапагандысцкай перадачы рэспубліканскае радыё паведаміла, што ў гады вайны мой бацька быў паліцаем. У краіне, дзе да гэтага часу не прыйшлі да канчатковай высновы, колькі загінула ў вайну, кожны трэці ці кожны чацьвёрты, абвінавачаньне больш чым сур'ёзнае. Але вось незадача... Бацька нарадзіўся ў 1938 годзе і, натуральна, у трохгадовым веку супрацоўнічаць з фашыстамі ніяк ня мог. Але махровая хлусьня не бянтэжыць, не абурае мясцовых прапагандыстаў. У гэтым сэнсе справа даволі вядомага Ёсіфа Гебэльса адчувае сябе ў сучаснай Беларусі, як гародніна на гідрапоніцы. Бо сапраўды некалькі разоў у розных рэгіёнах краіны вэтэраны і экзальтаваныя жанчыны, чальцы клюбу імя Аляксандра Лукашэнкі, кідалі мне гэтае абвінавачаньне. Даводзілася тлумачыць, што вайна, вядома, пакінула свой сьлед на басаногім дзяцінстве бацькі. Яна забрала двух ягоных братоў, Івана і Язэпа. Магілы абодвух — на вясковых могілках на Стаўпеччыне. Абодвум было па васямнаццаць. А маленькі басаногі Воўка ў пасьляваенныя гады, калі было холадна, грэў ногі ў мачы кароў, якія толькі што аправіліся. Хадзіў за бараной з прыплюшчанымі вачыма, заблукалымі ў сьне.
У бацькавай галаве бібліятэка і архіў за аднымі дзьвярыма. Ён гадзінамі ў падрабязнасьцях можа расказваць гісторыю вёскі, гісторыю кожнага яе жыхара. Шкада, усё ніяк не зьбяруся запісаць ягоныя ўспаміны. А гэта варта зрабіць.
Наагул, колькі нязробленага, неапраўдана засунутага ў далёкі куток стала заўважаеш у такіх экстрэмальных сытуацыях. Вось зьбіраліся з бацькам паехаць у Латвію шукаць магілу мамінага бацькі. Знайшлі старую, пажоўклую ад часу пахаронку. Дзесьці недалёка ад хутара Дэтрнэкі ягоная магіла. «Сын, гэта наш абавязак знайсьці магілу і прывезьці зямлю на нашы сямейныя могілкі!» — я чую бацькаў голас. У ім ні ценю сумневу, што мы гэта зробім. Вось толькі выберуся з гэтай пасткі, і мы абавязкова рушым на пошукі дзедавай магілы.
Ва Ўладзіміра Міхайлавіча Лябедзькі заўсёды, ва ўсе часы зямлі было больш, чым дазволеныя сорак сотак. Хлапчуком памятаю, як прыходзілі на падворак дзядзькі-каморнікі з палкай-меркай. Бацька глытаў таблеткі і запрашаў іх да стала. Сыходзілі каморнікі няцьвёрдай хадой — і напаўзаплюшчанымі вачыма ня бачылі лішкаў зямлі. І так з году ў год.
Акрамя сядзібы, бацька заўсёды меў некалькі надзелаў няўлічанай зямлі. У лесе раскарчоўваў дзялянку, араў, сеяў. Палітая потым, аблашчаная ўвагай, яна плаціла кіляграмамі, цэнтнэрамі. Бацька быў шчасьлівы, калі ўдавалася сабраць увесь ураджай, на які паляваў і зьвер лясны, і старшыня калгасу. Апошні ганчаком гойсаў па акрузе ў пошуках «непрацоўных даходаў» вяскоўцаў. Знайшоўшы ў лесе надзел, пасылаў трактар, і той бязьлітасна заворваў зялёныя парасткі азімых, якія толькі былі прабіліся з чорнай зямлі. У такія дні на бацьку было балюча глядзець. І лепш не трапляцца пад гарачую руку. Ён перажываў, але не здаваўся. Наступным годам ізноў карчаваў буралом і ўпотай прыяжджаў палюбавацца, як калосіцца дзялянка. Вось гэта ўпартасьць! Яна вартая перайманьня!
Да таго ж ён быў і найлепшым працаўніком калгасу. Вымпеламі, граматамі, падзякамі забітая паліца ў шафе. Для бацькі гэта хоць і прыемная, але ўсё ж паперка. Ня больш. Проста такое ў яго стаўленьне да працы: заўсёды і ўсё рабіць грунтоўна і дыхтоўна і пры гэтым выкладвацца без астатку. Вось гэта непрытворная любоў да зямлі!
А яшчэ для мяне вёска — гэта печ. З пышнымі формамі, якія запоўнілі паўкухні і прыцягваюць усіх магіяй цяпла і апэтыту.
Раніца. Вочы яшчэ не расплюшчыліся, а ногі ўжо ідуць на пахі, якія родзяцца на кухні і распаўзаюцца па ўсіх кутках. Гарачыя бліны зь вясковай печы! З карычняватым загарам на пухлых шчоках. Адарваныя кавалкі запечанага цеста апякаюць пальцы, і ты топіш іх у халоднай, густой, беласьнежнай сьмятане, каб потым апэтытна запхнуць у жорны рота. Я нават сьліну зглынуў на гэтым месцы ўспамінаў, якія цяплом разьліваліся па ўсім целе. Асабліва ў раёне страўніка. Чорт вазьмі, захацелася ў дзяцінства!
Дзяцінства ў вёсцы — гэта галерэя, у якой засталіся самыя яркія і маляўнічыя палотны-ўспаміны. Суцэльны Пікаса. І я разумею, чаму. Гэтае разуменьне прыйшло з гадамі. Мая бабуля Агрыпіна (вясковыя велічалі яе баба Грыфа) пражыла 98 гадоў. З пагардай ставілася да мэдыцыны і яе дасягненьняў. Мела дзівосную працаздольнасьць. Яна захлёбваючыся распавядала, як добра было пры цару і памешчыках. І я ёй шчыра ня верыў. Маё піянэрскае цяперашняе не хацела прымаць яе буржуазнага мінулага. Прайшоў час. Цяпер я ведаю, пра што казала бабуля. Памешчыкі і іншыя аксэсуары мінулага — гэта быў усяго толькі фон. Галоўнае, яна была маладая, здаровая, прыгожая. Вакол сакавіта шамацела лісьце бярозавага гаю. Паветра бяз паху выхлапных газаў. Маладосьць біла жыватворнай крыніцай, наталяючы прагу жыцьця. Шчоўкала праблемы моцнымі зубамі. Лётала над зямлёй, не адчуваючы кілямэтраў і вёрстаў. Яна была цэнтрам сусьвету.
Асаблівае месца сярод усёй жыўнасьці трылескага падворку займае Нуар, здаравенны дванаццацігадовы каўказец. Гэта правая лапа і надзейны памочнік Уладзіміра Міхайлавіча. Нуар — наш падарунак на бацькаў дзень нараджэньня. З маленькага шчанюка, якога мы на руках прывезьлі ў вёску, ён вымахаў у вялізнага сабаку, з магутнымі лапамі, густой белай шавялюрай і шэрымі дызайнэрскімі ўстаўкамі. Каўказец — гэта гарант бясьпекі і спакою бацькоў, бо адышлі ў нябыт часы, калі ў вёсцы можна было і дзьвярэй не замыкаць. Для вяскоўцаў Нуар — мясцовы шэрыф, і зь ім лічаць за лепшае ня зьвязвацца. Праўда, і ў яго здараліся канфузы. Неяк сабака наадрэз адмовіўся ад ежы. Ляжыць, віляе хвастом, але ежы не кранае. А вочы гарэзьлівыя. Выявілася: Нуар наведаўся з інспэкцыяй у суседзкі куратнік. Паспытаў кураціны — спадабалася. Паўтарыў нашэсьце. І тут суседка выявіла масавае зьмяншэньне пагалоўя курэй. Усушку-ўтруску аднавілі ў колькасных паказчыках, а Нуар з тых часоў не расстаецца з масіўным ланцугом. Такія сабе каралі на валасатых шырокіх сабачых грудзях.
Нуар заўсёды апавяшчае ўсіх вакол пра наш прыезд. Варта нам выйсьці з машыны — і мы ў плыні гукавога вадаспаду, які льецца з сабачай пашчы. Гэта ягоныя вітаньні. Па іх бацькі беспамылкова вызначаюць, што ў вёску прыбыў сталічны дэсант. Як на мяне, то душэўна, але іншыя кажуць, што ад гэтага брэху ледзянеюць падэшвы. Мабыць, туды ў гэты час хаваецца душа.
Сагрэўся ўспамінамі. Але думка пра ліст бацькам не дазваляла засяродзіцца ні на чым іншым. Праўда, я арганізаваў псыхалягічную атаку на нябачнага цэнзара, якога за час роздуму пасьпеў зьненавідзець. У канцы ліста напісаў: «Калі нечая рука адважыцца не прапусьціць гэты ліст, хай яму аукнецца і адплаціцца. Усявышні знойдзе магчымасьць пакараць таго, хто сее зло». Цяпер мне здавалася, што я атрымаю ліст назад, і якраз гэтыя словы будуць у ім падкрэсьленыя цэнзарскім алоўкам. Зрэшты, а ці ёсьць у мяне альтэрнатыва?
* * *
Сёньня ў нас быў сьвяточны сьняданак. Нам далі рыс! Ваў! Напэўна, канфіскат. Або сярод падсьледных зьявіўся гандляр гэтымі крупамі. Рыс такі смачны, халвічны, здаецца, растае ў роце!
А яшчэ дзяжурны зайшоў раніцай увесь бліскучы. Твар, чаравікі, пагоны, гузікі — усё зьзяла, як начышчаны самавар. У нашым падзямельлі бляск гэты адсьвечваў нейкім ненатуральным сьвятлом. Цікава, гэта стан душы ці зьмест загаду? Дзяжурны, здаецца, нават нешта буркнуў пра сьвята. Але, зноў жа, словы былі нейкія ненатуральныя, казённыя.
Затое шпацыр выйшаў адмысловы. Нас нібыта акунулі ў СССР. Як прамакатку. Музыку падабралі з асаблівай вытанчанасьцю. Песьні пра непераможную і легендарную — гэта яшчэ сяк-так, але пра мудрага Сталіна... І гэтак дзьве гадзіны бесьперапыннага даўбеньня па вушах.
Такі песенны рэпэртуар не выпадковы. І наагул, з кожным пражытым у ізаляцыі днём я разумею, што ў нашым цяперашнім жыцьці няма месца выпадковасьцям. Ёсьць галава, а можа, і не адна, якая займаецца пісаньнем сцэнару на дзень, на тыдзень для адмысловага кантынгенту «амэрыканкі». Сядзяць гэтыя дзядзькі ў пагонах на шакалядна-масьлянай зарплаце і прыдумляюць, як яшчэ прыціснуць, прыплюснуць, размазаць гэтых ненавісных апазыцыянэраў. А можа, нічога і не прыдумляюць, усё ўжо даўно расьпісана і зафіксавана ў рознага роду мэтадычках і дапаможніках. Яшчэ на Акрэсьціна я даведаўся, што там дагэтуль дзейнічаюць інструкцыі сталінскіх часоў. І гэта сымбалічна.
А калі так, то застаецца толькі намаляваць псыхалягічны партрэт паддосьледнага і накласьці яго на інструкцыю. Колькі спэцыялістаў па выбіваньні патрэбнага выніку, па катаваньнях і зьдзеках выкарміла і выпеставала таталітарная сыстэма! У шмат якіх дзяржавах постсацыялістычнай прасторы яны ўжо струхлелыя старыя, а вось у Беларусі гэта і тыя, каму крыху за дваццаць. З такім генафондам цяжка канструяваць будучыню.
24 лютага, чацьвер
Новая ўводная ад адміністрацыі. Абвяшчаецца забарона ляжаць на нарах ад пад'ёму да адбою. Цяпер можна толькі сядзець! Гэта поўны піпец! У сытуацыі няспыннага стрэсу і напружаньня магчымасьць упасьці на нары і падрамаць паўгадзіны дазваляла хоць часткова аднавіць сілы, супакоіць нэрвы. І вось чарговае табу ад таварыша Арлова.
Новыя правілы былі даведзеныя да нашага ведама на разводзе і, вядома ж, выклікалі гул незадаволенасьці. Зразумела, што цяпер на вуснах толькі гэтая тэма. Гэта чарговая вайна, і пазьбегнуць яе немагчыма. Ахова заточаная на спыненьне найменшых спробаў разаслаць цела на нарах. Аж да пагрозаў ужыць спэцсродкі. Пачалося супрацьстаяньне. Пасьля шпацыру вырашылі ня здраджваць звыкламу ладу жыцьця, але больш за дзьве хвіліны пратрымацца не ўдалося. У камэру ўкаціўся чорна-зялёны клубок і хутка трансфармаваўся ў каток. Мы адступілі. Расьселіся на ніжніх нарах і так паўдрамалі-паўспалі. Плячо ў плячо.
Сёньня Ігар сустракаўся з адвакаткаю, і тая шапнула яму, што ўвесь інтэрнэт бурліць, кіпіць і абураецца. Аказваецца, туды выплюхнулася інфармацыя пра катаваньні і зьдзекі ў «амэрыканцы», і цяпер гэта тэма, якая найбольш абмяркоўваецца ў прэсе і сацыяльных сетках. Быццам бы інфармацыю зьліў нехта з кандыдатаў у прэзыдэнты.
Ну што ж, гэта сапраўды важная навіна. Прычым падобна, што годная веры. Апошнім часам маскі зрабіліся нейкія млявыя, дый шмоны цяпер мала таго што ладзяцца радзей, дык і бяз звыклага імпэту. На апошнім загоне ў спартзалю адна з масак нават зьвярнулася да мяне па бацьку. Маўляў, Анатоль Уладзіміравіч, колькі гадоў выў змагаецеся, не надакучыла? Дый сытуацыі тыпу цяперашняй нічога не даюць, ні здароўя, ні кар'ернага посьпеху.
Мяне ўразіла ня столькі тое, што было сказана, колькі — як. Роўным, спакойным, ЛЮДЗКІМ голасам.
— Уявіце, не надакучыла. Мне ёсьць за што змагацца. І ня толькі мне. Жыць у Эўропе і жыць па-халопску — не для мяне. І, думаю, не для мільёнаў маіх суайчыньнікаў. І калі гэта не для вас, то гэта не азначае, што не для тых, хто атачае вас.
— Ну што ж, можа і ня згодны, але паважаю.
Такая вось размова.
Пасьля столькіх дзён, тыдняў, месяцаў зьдзекаў пачуць такое з вуснаў «чорных» — гэта нешта са знакам вялікага-вялікага пытаньня.
Масачнік далёка ня першы, хто задае мне пытаньне, ці не надакучыла мне змагацца. Яго мне задавалі і на волі, і тут. Шмат хто разьвівае гэтую тэму далей і глыбей — маўляў, прыйшоў час «старой апазыцыі» саступіць месца іншым. Тэма амаладжэньня і абнаўленьня беларускай апазыцыі — рэч сэзонная. Асаблівы попыт на яе — калі на календары прэзыдэнцкая кампанія. Зразумела, што з асаблівым імпэтам яе падаграе і прасоўвае ўлада. Але і сярод апазыцыі ёсьць нямала ахвотных пажаваць гэтую тэму. Не падыскутаваць, а менавіта пажаваць, як жуйку, якую праз пару хвілін можна выплюнуць. Толькі слоўны сьлед у чаце.
Як на мяне, дык тэма гэтая штучная і навязваецца звонку. Хоць у гэтай дыскусіі я і сам як бы зацікаўленая асоба. З крыла «старой гвардыі». Але права на пазыцыю ў гэтым пытаньні я не пазбаўлены. А яна ў тым, што беларускае апазыцыйнае асяродзьдзе — самае спрыяльнае для рэалізацыі палітычных амбіцыяў. Тут за вельмі кароткі тэрмін можна зрабіць галавакружную кар'еру. І дзеля гэтага ня трэба атрымліваць дазвол у Калякіна, санкцыю ў Лябедзькі, дабро ў Статкевіча. Для гэтага зусім не абавязкова быць даляравым мільянэрам. І пры гэтым на вашай візытоўцы лёгка можа адсутнічаць сымболіка вядомай палітычнай арганізацыі краіны.
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка