108 дзён І начэй у засьценках кдб дзёньнік палітычнага закладніка Анатоля Лябедзькі




старонка12/21
Дата канвертавання15.03.2016
Памер3.33 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   21
— Ну хочацца ім на нашы дупы ўзірацца, хай узіраюцца. Хоць, вядома, непрыемна, нэрвы могуць здаць у кожную хвіліну, — гэта ўжо Арастовіч выказвае свой погляд на сытуацыю.
А я падзяліўся сваім досьведам. Бо для мяне гэта не ўпершыню. З чымсьці падобным я ўжо сутыкаўся. Такія ж працэдуры робяць і на Акрэсьціна. Толькі адсюль усё, што адбывалася там, выглядае цалкам бяскрыўдным, можна сказаць, ніштаватым.
Успомнілася, як пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году нас даставілі на Акрэсьціна. Перш чым адправіць у камэру, правялі агляд. Сярод тых, хто праходзіў працэдуру абмацваньня, быў і Валеры Мазынскі. Масьціты рэжысэр бліскуча разыграў сцэнку. Як толькі ахоўнік дакранаўся да яго, ён удаваў, быццам шалёна баіцца козыту. І тады ўсьлед за Мазынскім рагаталі ўсе затрыманыя, якія стаялі ў вольных позах уздоўж сьцяны ў калідоры. Сьмяяліся і ахоўнікі.
А вось тут не да сьмеху. Нават усьміхацца ня хочацца.
3 лютага, чацьвер
Сёньня дзень цырульніка. Сан Саныч дэманструе ўпэўненае валоданьне машынкай для стрыжкі, прынамсі на словах. У доказ прыводзіць прыклады з досьведу мінулых гадоў. Арастовіч таксама выказвае гатоўнасьць стаць удзельнікам конкурсу на званьне лепшага цырульніка камэры. Беручы пад увагу абмежаваную колькасьць кліентаў, яны згаджаюцца пабыць ня толькі экспэрымэнтатарам, але і навучальным дапаможнікам. Гэта значыць, пакажуць сябе адначасова ў дзьвюх іпастасях. Мне таксама дастаецца роля ў дзьвюх асобах — судзьдзі і гледача. Машчуся зручней на другім паверсе нараў і патрабую відовішчаў!
Аляксандры нетаропка абсталёўваюць працоўнае месца. На бэтон кладуцца дзьве глянцавыя «Саўбеліі» (трэба прызнаць, газэта шырокага ўжытку), на газэтную падложку ставіцца крэсла. Першым сядае Раманоўскі. На ягоныя худыя плечы накідаюць прасьціну. Сан Саныч настройвае машынку і паралельна інструктуе Архітэктара. Шчыра кажучы, на караткашэрстнай галаве Сан Саныча машынцы няма дзе асабліва разагнацца. Але сам працэс!
Ну што ж, Арастовіч нядрэнна ўправіўся. Можна сказаць, асвоіў сумежную прафэсію. Пасьля выхаду зь СІЗА можа адкрываць салён-цырульню «Архітэктар».
Цяпер надыходзіць Арастовічава чарга сядаць у крэсла кліента. Ягоная хвалістая шавялюра — гэта ўжо нешта! На гэтай пляцоўцы ёсьць дзе разгарнуцца. Машынка натужна паўзе па Сашавай макаўцы, за ёй застаецца глыбокая разора.
Я заліваюся сьмехам. Галава, расьпілаваная напалам! Правадыр індзейцаў Архітэктар! Прапаную на гэтым стрыжку скончыць.
Але тут з боку калідора нэрвова забарабанілі: «Што, надта весела?»
Што хаваць, вядома, весела. Але гукі эмоцыяў давялося прыглушыць: чаго добрага, забяруць машынку, і тады ў Арастовіча на галаве так і застанецца пракос на ячменным полі.
* * *
Сёньня зрабіў генэральную прыборку ў сваёй гаспадарцы, перабраў зьмесьціва ўсіх пакетаў. Зрэшты, гэта толькі да наступнага агляду, то бок да заўтрашняга дня. Запасаў туалетнай паперы хопіць на паўгода, калі ня больш. Гэта, вядома, стратэгічны тавар, але яго колькасьць мяне палохае.
Перад абедам прынесьлі замоўленае ў спэцкрамах. У поўным аб'ёме. Выкананьне заказаў цалкам залежыць ад капрызу і настрою начальніка: ён вырашае, што пакінуць у сьпісе, а што выкрасьліць. Такая ж сытуацыя і зь перадачамі зь «Вялікай зямлі». Тут нехта з тых, хто сядзеў у адной камэры зь Дзімам Бандарэнкам, распавёў, што ў першай перадачы, якую перадалі палітвязьню, былі два агуркі і ёршык мыць посуд. Усё астатняе выкрасьлена.
Гэтым разам усё паводле сьпісу, нічога не забралі, нічога ня выключылі. Сала — нават зь мяснымі прожылкамі, смачнае да багатага сьлінааддзяленьня. А можа, гэта рэакцыя на беднасьць нашага рацыёну. Як бы там ні было, але ўжо па вячэры белы кіляграм паменшаў на траціну. Хвалебныя прамовы на адрас беларускага сала не змаўкалі да самага адбою.
* * *
Дачытаў «Белую гвардыю» Булгакава. Раман абрываецца літаральна на паўслове, далей толькі твае ўласныя здагадкі наконт таго, што сталася з галоўнымі героямі.
Уласна, гэта вельмі сугучна з маім цяперашнім становішчам. Магу толькі меркаваць і здагадвацца, што здарыцца ў недалёкай будучыні.
4 лютага, пятніца
На ранішнім разводзе Раманоўскі замовіў сустрэчу зь лекарам. Час ішоў, а спатканьня з доктарам усё не давалі. У Сан Саныча нездаровая чырвань на твары. А калі яму дрэнна, ён ня ўмее чакаць. Спачатку ён пастукаў у дзьверы і нагадаў пра сваю просьбу, дадаўшы «калі ласка». Але калі і праз паўгадзіны не было ніякай рэакцыі, Сан Саныч забарабаніў па дзьвярах так, што рэха адгукнулася на ніжніх паверхах сьледчага ізалятара. Кантралёр Васіль паспрабаваў утаймаваць Раманоўскага, але дзе там. Слова за слова, і яны ўжо нагадвалі двух разьюшаных сабак па розныя бакі плота з калючага дроту.
— Ты ўлічы, Васіль, што ў адрозьненьне ад іх (меліся на ўвазе таварышы ў масках) я ведаю, дзе ты жывеш. Глядзі, як бы чаго ня здарылася.
Гэта была адкрытая пагроза. Як ні дзіўна, яна спрацавала. Кантралёр гучна зачыніў вечка, і хвілін празь пяць Раманоўскага запрасілі да лекара. Але Сан Саныч дэманстратыўна, не здымаючы ботаў, выцягнуўся на нарах і заявіў, што адмаўляецца ад наведваньня лекара і будзе паміраць у сваёй пасьцелі.
У гэтай сытуацыі мне падаліся цікавымі паводзіны кантралёраў. Сутыкнуўшыся з жорсткім, на мяжы адчаю, супрацівам пэнсіянэра, яны калі не спужаліся, то вырашылі лепш ня зьвязвацца. Да таго ж, па ўсім відаць, яны ведаюць, хто такі Раманоўскі ці кім ён быў насамрэч і што стаіць за ягонай пагрозай наведаць Васіля ўдома.
Сан Саныч «паміраў» вяла. Пры гэтым не забываў кожныя паўгадзіны зьвяртацца з кароткай казаньню да сваіх прыгнятальнікаў, сканчаючы яе словамі: «І хай гэта будзе на вашым сумленьні».
«Сумленьне» ў камэры больш не зьяўлялася, толькі нечае вока часьцей, чым звычайна, зазірала ўсярэдзіну. Раманоўскаму было дрэнна, але сыходзіць у іншы сьвет ён відавочна не зьбіраўся. А займеўшы ў абед свае лекі, ужо да вечара запатрабаваў ад мяне матчу-рэваншу ў косьці.
* * *
Сёньня ў мяне абноўка: зь перадачай атрымаў шлапакі. Новыя, аранжавыя. Зроблена ў Кітаі. Гэта дадае ўпэўненасьці. Не, не краіна-вытворца, а гумовыя сланцы пад падэшвай. Бо хадзіць у душавой басанож па шчыкалаткі ў вадзе, мякка кажучы, не зусім прыемна. Цяпер жа рызыка падхапіць якую заразу зьмяншаецца ў разы.
У парадку адступленьня. Нядаўна хтосьці з асабліва вострым позіркам выкалупаў з рашоткі для сьцёку вады прэзэрватыў, што стала нагодай для ажыўленай дыскусіі пра тое, каму гэта Арлоў здае ў арэнду душавую. А хутчэй за ўсё, лазьню. Дзьверы ў яе вядуць проста з нашай памывачнай. Канцлягер і прытон пад адным дахам, а дакладней, пад адным купалам. КДБ — погляд знутры.
5 лютага, субота
Хто яны, людзі, якія глядзяць у вочка? Сцэнарысты, рэжысэры, выканаўцы? Працуюць на сталай аснове або прыкамандзіраваныя? Адміністрацыя СІЗА КДБ. Зразумела, што месца спэцыфічнае. І нават вельмі.
Пра сябе магу сказаць са стоадсоткавай пэўнасьцю, што ніколі б не пайшоў працаваць сюды. Ні за якія пернікі. Але ж нехта павінен рабіць і гэтую працу. Зрэшты, тое, што адбываецца вакол нас і з намі, гэта ўжо ня праца, гэта нешта з арсэналу вайны ці прыёмаў барацьбы без аніякіх правілаў.
Вось жа, давайце пазнаёмімся. Адміністрацыя СІЗА. Ху із ху? Ну, з Арловым усё зразумела. Здаецца, гэтая праца яму сапраўды даспадобы. Ня раз быў заўважаны ў «амэрыканцы» нават у выходныя. Ён тут і бог, і воінскі начальнік. Гэткі Лукашэнка ў мініятуры. Чалавек-матрошка. Такі імпэт ня можа застацца незаўважаным і павінен быць узнагароджаны. Мне здаецца, я нават упэўнены, што як толькі скончыцца ўся гэтая сумятня, Арлоў сыдзе. Ён чалавек-спэцзаданьне. Хутчэй за ўсё, перасядзе на жэрдку вышэй. Так што быць Арлову на добрай пасадзе. Праўда, калі новае спэцзаданьне не падвернецца.
З намесьнікамі Арлова разабрацца пакуль не магу. Гэта непублічныя людзі. Выключэньне — Палкоўнік. І па званьні, і па мянушцы. Ён, здаецца, займаецца гаспадарчымі пытаньнямі. Сярэдняга веку, мажнага целаскладу. Няшумны. Яму пасуе ўсьмешка. Кажуць, да ўвядзеньня ў СІЗА «надзвычайнага становішча» ён усьміхаўся значна часьцей. Пару разоў заступаў на зьмену ў якасьці дзяжурнага.
А цяпер партрэтная галерэя дзяжурных па СІЗА.
Адзін у званьні прапаршчыка — Віктар Віктаравіч, або Чыкага Булз. Высокі, чарнявы, сымпатычны мужчына. Часам можа нават пажартаваць. Дэманструе ўменьне слухаць, прынамсі зьнешне. У адрозьненьне ад іншых пры абходзе не таўчэцца каля дзьвярэй, а чаканіць два-тры страявыя ўглыб камэры, тым самым як бы скарачаючы дыстанцыю паміж сабой і намі.
Другі — у званьні старшага лейтэнанта. Малады чалавек, які хоча выглядаць старэйшым, чым пазначана ў пашпарце. Старанны служака. Добры на падхваце. Начальства цэніць такіх. «Чаго жадаеце?» — і стук абцасікаў.
Трэці — капітан, або Ганс, здаравеннае, перакормленае медзьведзяня. Аб'ект жартаў і досьціпаў. Чалавек настрою. Але той чамусьці зь ім не сябруе.
Яшчэ адзін капітан — Міхаіл Іванавіч, невысокі сьветлавалосы негаваркі таварыш. Такі растворыцца ў натоўпе — і не заўважыш. Скажа, і не адразу зразумееш, чыя гэта думка.
На кожнай зьмене, акрамя дзяжурнага, яшчэ чатыры кантралёры. Яны ў сталым кантакце з падсьледнымі. Выводзяць на шпацыр, у туалет, раздаюць ежу, праводзяць асабісты агляд, назіраюць, кантралююць. У асноўным гэта маладыя людзі 25–35 гадоў. А яшчэ ў абавязкі кантралёра ўваходзіць кожныя 15 хвілін падглядваць у дзьвярное вочка. У іх няма ідэнтыфікацыйных бірак, толькі зялёны камуфляж. Затое ў кожнага ёсьць мянушка. Прычым, як правіла, адных і тых жа кантралёраў кожная камэра называе па-рознаму. Да прыкладу, сёньня на зьмене Баптыст, Васіль, Вадзік, Дыджэй.
У дваіх, трэба разумець, сапраўдныя імёны, дадзеныя бацькамі пры нараджэньні. Баптыст — малады, вонкава сымпатычны хлопец, але адзін з асноўных прэтэндэнтаў на тытул «Галоўная сволач СІЗА». Васіль — весялун і жартаўнік, але, як і Баптыст, разам з маскамі бярэ актыўны ўдзел у стадных оргіях. Вадзік — невысокі, чарнявы, з круглявымі формамі. Негаваркі, ва ўчынках залежыць ад настрою. У зьдзеках актыўнасьці не праяўляе. Дыджэй старэйшы за сваіх таварышаў па зьмене і найбольш адэкватны з усёй чацьвёркі. У імпэце насаліць і напаскудзіць не заўважаны. Калі іншыя шалеюць ад усёдазволенасьці, гэты лепш пабудзе ўбаку. Яго можна пра што-небудзь папрасіць, напрыклад, даць кіпяцільнік або таблетку ад болю, і пры гэтым не нарвацца на хамства і абразы. Аматар музыкі — адсюль і мянушка. Ягоныя зьмены самыя музычныя: можна пачуць і Шаўчука, і Цоя, што, безумоўна, выклікае сымпатыю.
* * *
Сан Саныч сёньня зноў «паміраў» і патрабаваў лекара. Дайшло да таго, што дзяжурны прыйшоў з апаратам мераць ціск і на нейкі час ператварыўся ў сястру міласэрнасьці. Раманоўскі міма свайго ня пройдзе — лекі, кіпяцільнік і ашчадны прагон праз «камэру катаваньняў». З паршывай авечкі хоць воўны жмут.
6 лютага, нядзеля
Новы дзень — новая зьмена. Кантралёры заступаюць на дзяжурства а шостай раніцы, і нейкі час у СІЗА знаходзяцца адначасова дзьве зьмены. Сёньня самая адэкватная: Раман-малодшы, Раман-старэйшы, Малады, Капцёршчык.
Два Раманы наагул здаюцца чужароднымі ў гэтым асяродзьдзі. Старэйшы зь першага дня зьвяртаецца да мяне выключна на імя і па бацьку. Ураўнаважаны, я б нават сказаў, інтэлігентны. Так-так! Разумею, што гэта гучыць непраўдападобна, але хачу быць справядлівым да ўсіх без выключэньня.
Раман-малодшы з таго ж цеста. Да сёньняшняга дня ня бачыў яго датычным да ніводнай подласьці, да ніводнай несправядлівасьці. Здаецца, ён імкнецца жыць паводле правілаў, якія да 19 сьнежня віселі ў кожнай камэры. І гэта яму ўдаецца. Малады вонкава вельмі падобны да Рамана-старэйшага. Мне часам здаецца, што гэта яго сын. Як правіла, яны ў адной зьмене. На ўсё, што адбываецца вакол, ён глядзіць шырока расплюшчанымі вачыма.
Капцёршчык — адкрыты каньюнктуршчык і кар'ерыст. Трымае нос па ветры. У прысутнасьці начальства крыклівы і прыдзірлівы, у каапэрацыі з маскамі паводзіць сябе разьвязна і цынічна.
Калектыўны партрэт кантралёраў будзе няпоўны без апісаньня яшчэ адной зьмены: Цыбаты, Вялікі, Якут, Лысы.
Першыя два — закончаныя флегматыкі. Здаравенныя дзецюкі, у рэжыме раскладанкі — пад два мэтры кожны. Прымітыўныя і старанныя. У параўнаньні з тым жа Баптыстам ня шкодныя, але калі загад атрыманы, то будуць рыць. Нетаропка, але старанна і пільна.
А вось у барацьбе за тытул самага шкоднага кантралёра «амэрыканкі» канкурэнцыю любому можа скласьці Якут. Несамавітага выгляду, шырокі ў касьцях, вузкавокі. І бясконца злы.
Нарэшце, Лысы. Ён доўга быў за капцёршчыка. Насіў перадачы, а гэта, трэба разумець, прывілеяваная функцыя. Нічым надта не вылучаецца — так, ні тое, ні сёе. Хіба што вонкава запамінаецца: лысы чэрап, як голае калена.
Ёсьць яшчэ жанчына ў зялёным. Яна, здаецца, стаханаўка і шматстаночніца: і сакратар-справавод пры начальніку СІЗА, і паштальён, і канваір падсьледных жанчын. Вонкава прыемная бялявая жанчына. Але як яна можа працаваць, жыць, дыхаць у гэтай агіднай, сьлізкай сыстэме, дзе лёгка зрабіць хібны крок, дзе можна хутка стаць чэрствым мярзотнікам?! Ня ведаю, але пра гэта думаю.
Ёсьць яшчэ і байцы нябачнага фронту — цэнзары. На іх у мяне, здаецца, самы вялікі зуб. Я іх ня бачу, але адчуваю. Уяўленьне чамусьці малюе такога таўстамордага, раскормленага лысага таварыша. Над верхняй губой шчотачка вусоў, на буйным мясістым носе — пэнснэ. Зрэшты, якія накіды ні рабі, на партрэце ўсё роўна выходзіць Лаўрэнцій Берыя.
* * *
Выходжу з хваробы. Гэта мой новы рытм жыцьця — увайсьці, каб выйсьці. І як мага хутчэй. Зноў уваходжу ў стан хваробы і зноў зь яго выкараскваюся. Ніколі ў жыцьці зь мяне не вылазіла столькі балячак, колькі тут, у СІЗА. Як толькі робіцца лепш, даю арганізму фізычную нагрузку. Па поўнай праграме. Напэўна, гэта насуперак усялякім правілам і мэтодыкам, але тут я сам сабе рэжысэр.
* * *
Чытаю Бальзака і знаходжу паралелі з днём сёньняшнім. Глытаю Анарэ маленькімі глыточкамі. Як каву. Цешуся стылем. Часам нават забываю, дзе я. Гэта хвіліны, але дзякуй богу, што яны ёсьць, бо, выйшаўшы са сьвету віртуальнага, ты знаходзіш сябе там, дзе ня хочацца быць і хвіліны. Бальзак — пісьменьнік з далёкага дзяцінства. Бацька сабраў нядрэнную хатнюю бібліятэку. І я чытаў запоем усё спрэс. Францускі пісьменьнік быў адным зь першых, каго я адужаў. Некаторыя апавяданьні перачытаў вось толькі цяпер, гадоў праз сорак.
* * *
Злавіў сябе на тым, што даволі доўга разглядаю таўшчыню жалезных пруткоў на акне. Цікава, за колькі хвілін я змог бы перапілаваць іх? Пры ўмове, што калі зраблю гэта за фіксаваны час, то платай будзе свабода.
7 лютага, панядзелак
Дзень коціцца па нахіленай. У апраметную цемры. Няма пазытыву, за які можна было б зачапіцца ўвагай альбо эмоцыямі. Караскаесься да лепшага, але ўвесь час зрываесься, сасьлізгваеш альбо ў спартзалю да «сьцяны катаваньняў», альбо ў дворык для шпацыраў з шэрымі, дэпрэсіўнымі сьценамі, альбо ў бачок, дзе плаваюць мандарынавыя лупіны. Дый фізычны стан пакідае жадаць лепшага. Моцна баліць горла. Да абеду так і не ўдалося ўгаварыць ахоўнікаў прынесьці кіпяцільнік, каб закіпяціць ваду. Кожны глыток адгукаецца болем. А хандра і балячкі — слабая матывацыя, каб расчахліць асадку і перавесьці тое, што адбываецца, на мову застылых на паперы словаў і фразаў. Таму да вечара на старонцы дзёньніка, пазначанай сёньняшнім днём, усяго дзясятак радкоў...
Але цуды здараюцца! Усё зьмянілася. У лічаныя сэкунды. З апраметнай я ўзьляцеў на найвышэйшую вяршыню чалавечага шчасьця. Вышэй толькі зоркі. Вось дык так! Здарылася неверагоднае! Нечаканае, але страшэнна радаснае і прыемнае.
Прынесьлі пошту. Я ўжо выпрацаваў імунітэт да гэты балючага для мяне пункту распарадку дня. У гэтыя хвіліны стараюся заняць сябе хоць нечым. Вось і цяпер, пакуль разьбіралі пачак канвэртаў, я нырнуў думкамі і рукамі ў пакет і пачаў наводзіць парадак сярод акуратна складзеных маек і шкарпэтак. Калі за сьпінай пачуў: «Анатоль, танцуй!» — нават не адразу зрэагаваў. Відаць, пачулася. Трохі насьцярожыўся, але нават не павярнуўся. Але тут калектыўны выдых зь некалькіх глотак: «Ліст, табе ліст!» Толькі тут мяне ўдарыла, страсянула.
Крутануўся вакол восі і на адлегласьці выцягнутай рукі ўбачыў даўгаваты канвэрт. Ныраю наперад, выхопліваю каштоўны чатырохкутнік. Вядома ж, я пазнаў гэты почырк. Гэта рука майго сынулі. Дрыготкай рукой разрываю канвэрт. Палавінка аркуша фармату А-4. Тры радкі.
Прывітаньне! У нас і сваякоў усё добра!
Сумуем. Любім!!!
Арцём. Сьвета.
Упершыню я не кантраляваў сябе! Душуся сьлязой. Лыпаю вільготнымі вейкамі. Мяне расьпірае ад эмоцыяў. Зрабілася горача. Фу ты! Вакол мяне шчасьлівыя твары сукамэрнікаў, і я разумею, што гэта люстэрка мяне самога. Я шчасьлівы! Божа мой, аказваецца, нават тут, у клетцы, можна адчуваць сябе абсалютна шчасьлівым чалавекам. Няхай хвіліну, няхай чвэрць гадзіны. А да гэтага было столькі пахмурных дзён, захутаных у чорны вэлюм тыдняў. І дзень сёньняшні быў ксэракопіяй папярэдніх. З шумам у вушных ракавінах, з хрыпамі ў горле, з стрэмкай тугі. І раптам такі кульбіт! Шчасьце ўвалілася ў камэру ахапкам пазытыўных эмоцыяў.
Кожныя паўгадзіны бяру ў рукі канвэрт, дастаю аркушык. Чытаю. Перачытваю. Хутка. Павольна.
Тое, што навокал, перастала для мяне існаваць. Сышло кудысьці на задворкі ўвагі. ТБ «амэрыканкі» вяшчае пра таталітарныя сэкты і шпіёнаў-здраднікаў. Але мяне сёньня тут няма. Я ў сваіх разважаньнях, я ў сваіх марах.
Часам у нас пытаюцца: што такое шчасьце? Сёньня я ведаю адказ на гэтае пытаньне!
8 лютага, аўторак
Узьніклі праблемы з страваваньнем. Уночы прачнуўся ад непрыемнага бурчаньня ў жываце. Потым бурчаньне зьмянілася рэзьзю. Дзіўна, раней такіх праблемаў не было. Учорашняя трапэза, у прынцыпе, нічым не адрозьнівалася ад рацыёну папярэдніх дзён. На просьбу прынесьці актываваны вугаль ахоўнікі параілі дачакацца сустрэчы зь лекарам. Чакаць давялося на бачку з мандарынавымі лупінамі. Дэманстратыўная абыякавасьць людзей у пагонах спараджае такі згустак адмоўных эмоцыяў, што яго хочацца неадкладна выплюнуць, і пажадана ў твар, што па той бок дзьвярэй. Бо тут, калі чалавек сыгналізуе пра праблему, значыць, яму сапраўды дрэнна. І што ў адказ? За табой назіраюць у адтуліну кармушкі. І калі бачаць, што ты рухаесься, чуюць, што ты можаш падтрымліваць размову, гэтым цалкам задавальняюцца. Ня ведаю, у якім стане трэба быць, каб гэтыя самцы, маладыя, здаровыя, аказалі элемэнтарную дапамогу. Проста адчынілі шуфляду і выдалі твае ж лекі. Сукі! Мярзотнікі! Зь мяне перла лаянка.
Да лекара я трапіў толькі пад абед. Раніцай абмежаваўся моцнай гарбатай, але гэта мала дапамагло. Я вінавата прасіў прабачэньня перад хлопцамі і пэрыядычна мусіў сядаць на бачок. Попыт на мандарынавыя лупіны рэзка павялічыўся.
Новы твар у камэры — заўсёды падзея. Ён — крыніца сьвежай інфармацыі і новых тэмаў для гутарак. Калі чалавек трапляе ў «амэрыканку» адразу зь «Вялікай зямлі», то ўсё ім сказанае пазначаецца як «навіна». Але, бывае, перасяляюць зь іншых камэр. Тады можна даведацца, чым жыве наш сусед або сусед суседа. Мабыць, ёсьць унутранае правіла пэрыядычна тасаваць кантынгент «амэрыканкі». У дадзеным выпадку гэтае правіла нам на руку.
Сёньня такі дзень. У нас папаўненьне. Уладзімір Яроменак. Яшчэ адзін з Плошчы. Навічок невысокага расточку, такі сабе баравічок са сьветлай шапкай валасоў. Этапаваны з аднае спэцустановы ў іншую. З Акрэсьціна ў «амэрыканку». Сьледчы, які вядзе яго справу, — з сыстэмы МУС. Выходзіць, на «Валадарцы» зусім дрэнна з койка-месцамі.
Перш за ўсё прапанавалі навічку «падсілкавацца». Адчувалася, што на Акрэсьціна сядзельцы не жыруюць. Валодзя з апэтытам грыз каўбасу, жаваў сала, храбусьцеў абаранкамі. Скончыў трапэзу — і па твары паводкаю разьлілася ўсьмешка. Твар сапраўды шчасьлівага чалавека! Ну, гэты прыжывецца і адаптуецца без праблемаў, падумаў я, гледзячы на ​​Ўладзіміра, які ўжо сядзеў за шашачнай дошкай.
Інтэграцыя ў новае асяродзьдзе — працэс няпросты, а часьцяком і балючы. Далёка ня кожны здатны адаптавацца. І палітычныя — не выключэньне. Гэта не здагадка, гэта дакладная інфармацыя, якая праточваецца празь сядзельцаў, якія мігруюць сюды-туды. За гэты час мне ўдалося скласьці ўяўленьне, у якім фізычным і маральным стане большасьць фігурантаў гучнай справы. І, магу сказаць, дыяпазон настрояў вельмі шырокі. Мне распавядалі, як вядомыя, публічныя людзі ў камэры ператвараліся ў зацкаваных, замкнёных у сабе зьвяркоў. Іншыя палка даводзілі сукамэрнікам, што на плошчы яны апынуліся зусім выпадкова. Трэція нэрваваліся так, што ледзь прытомнасьць ня трацілі.
Ня буду казаць, хто, па назіраньнях сядзельцаў, слабое зьвяно. Ня буду гэтага рабіць зь дзьвюх прычын. Па-першае, таму, што маці нараджаюць сваіх дзяцей не на тое, каб зь іх рабілі цьвікі. Каб судзіць іншых, трэба пабыць тут. Тыя, хто тут прабыў хоць пару тыдняў, судзьдзямі быць не імкнуцца. Не патрабуйце немагчымага. Сьляпы ня можа бачыць. Глухі ня ў стане чуць. Нямы ня здольны размаўляць. Мы ўсе бываем у становішчы глуханямога сьляпога. Галоўнае, каб ня ўсё жыцьцё. І, па-другое, нельга выключаць, што інфармацыю нам пастаўляюць з пэўнай мэтай.
Але ні хвіліны не сумняваюся, што Ірына Халіп, Мікалай Статкевіч, Дзіма Дашкевіч, Паша Севярынец, Наста Палажанка, Дзіма Бандарэнка, Наташа Радзіна дый многія іншыя фігуранты «справы дзекабрыстаў» годна выйдуць з гэтай больш чым складанай сытуацыі. Проста я ведаю іхнюю «крэдытную гісторыю».
9 лютага, серада
На шпацыры заўважыў, як адзін з сукамэрнікаў падкаціў да Яроменка і шэптам стаў пра нешта пытацца. Нешта пра Плошчу. Мы тоўпіліся ў пятым дворыку. Тут не разгонісься. Ідучы, кожны сядзіць на плячах таго, хто паперадзе. Мусім хадзіць па крузе паравозікам. Я прыпыніўся, прапусьціў пару чалавек і, прыладзіўшыся за Ўладзімірам, шапнуў яму: «Ты, дружа, ня надта пускайся ў шчырасьць. Тут гэта небясьпечна». Хлопец з разуменьнем кіўнуў, і мы пакаціліся далей па нябачных рэйках.
Як выявілася, Валодзю забралі ўжо другім наваратам, на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, то бок з намі.
— Чаго цябе панесла нялёгкая яшчэ раз на плошчу? — пытаем мы з Аляксандрам Арастовічам Уладзіміра.
— Ну а як жа інакш? — у вачах шчырае зьдзіўленьне. — Мы ж павінны быць разам, мы павінны падтрымліваць адзін аднаго.
Далей было апісаньне таго, што адбылося.
— Нас выйшла чалавек дзесяць. Прастаялі на плошчы Незалежнасьці нядоўга, пару хвілін. Невядомыя ў цывільным і спэцназаўцы літаральна занесьлі ўсіх нас у аўтазак. Потым хуткі суд. Нам нават рота не далі адкрыць. Усіх на Акрэсьціна. Справа звыклая. І калі я ўжо смакаваў выхад на свабоду, прыйшлі ў цывільным і павезьлі. Цяпер вось я тут. І, здаецца, надоўга.
Эх, Воўчык, Воўчык! Вядома, прыемна, што ты хацеў выказаць салідарнасьць з намі, тымі, хто ўжо сядзіць. Але рызыкаваць і ахвяраваць сабой ёсьць сэнс тады, калі гэта можа нешта зьмяніць, а ня з кожнай нагоды. Бо ўжо было зразумела, што па краіне пайшла хваля пагромаў, што гэты каток працягвае душыць усіх, хто хоць неяк пазначае сваю пазыцыю, свой пратэст, сваю нязгоду. А тут ясна, што ў трэцякурсьніка-бюджэтніка Яроменка будуць вялікія праблемы з працягам вучобы. Наўрад ці гэтая навіна ўсьцешыць ягоных бацькоў у Мёрах. Яны і не здагадваюцца, дзе цяпер іх сын і што яго можа чакаць у пэрспэктыве. Адвечнае пытаньне «бацькі і дзеці». Далёка не заўсёды тут кансэнсус і паразуменьне.
І ўсё ж у гэтай бесшабашнай ахвярнасьці Ўладзіміра было нешта такое, з-за чаго язык не паварочваўся моцна лаяць яго. Хутчэй наадварот, недзе ўсярэдзіне варухнулася нейкае цёплае пачуцьцё да гэтага мацака. Каб жа болей такіх хлопцаў!
* * *
Час па абедзе правялі ў гутарках з навічком. Яроменак у падрабязнасьцях распавёў пра свае адседкі спачатку ў Жодзіне, а потым на Акрэсьціна. Зь ягонага аповеду я зразумеў, што ў ЦІПе на Акрэсьціна сядзеў і наш Сева Шашэрын. Яны перагаворваліся праз вэнтыляцыйную выцяжку. Там гэта лякальная тэлефонная сувязь.
10 лютага, чацьвер
Яшчэ адна навіна ад Раманоўскага. Аказваецца, Сан Саныч — аднаклясьнік экс-пракурора Сьнегіра, чыя справа была рэзананснаю і гучнаю. Як я зразумеў, апошнім разам Сан Саныч перасякаўся са Сьнегіром ужо тут, у сьценах «амэрыканкі». «Добры мужык! Моцна стаіць на нагах і ўдар трымаць можа» — гэта характарыстыка ад Раманоўскага.
Мае ўспаміны пра Сьнегіра таксама ня самыя горшыя. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ён хоць і ўваходзіў у прапрэзыдэнцкую парлямэнцкую фракцыю «Згода», але ў якіхсьці адыёзных дзеяньнях заўважаны ня быў. Ня пырскаў сьлінаю ад мікрафона, абараняючы «Чырвоны дом». Да таго ж яго прозьвішча часта было сярод тых, хто падтрымліваў ініцыятывы нашай апазыцыйнай фракцыі «Грамадзянскае дзеяньне», асабліва калі справа тычылася законапраектаў у эканамічнай сфэры.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   21


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка