1. Прадмет і задачы палеаграфіі Палеаграфія – спецыяльныя гістарычная навука, якая вывучае знешні – графічны – аспект пісьма. Тэрмін «палеаграфія»




старонка3/3
Дата канвертавання15.03.2016
Памер426.34 Kb.
1   2   3

Апошняя трэць XIV ст. Абодва віды пісьма (паўустаў і скорапіс) мала чым адрозніваюцца адзін ад аднаго, паколькі перад імі стаяць агульныя мэты: стварэнне дыферэнцыруючых прыкмет літар.

У дробным пісьме ў літарах «д», «ъ», «т» і ѣ сціраюцца дыферэнцыруючыя элементы: «д» пераўтвараецца ў невыразны трохвугольнік; мачта і перакладзіна двухлінейнай «т» губляюцца сярод элементаў іншых літар; маленькія мачты і верхнія перакладзіны у «ъ» і «ъ» у «ы» становяцца малапрыкметнымі; тое ж самае адбываецца з мачтай і каромыслам ѣ, якое ляжыць на лінейцы радка.

У абодвух відах пісьма «д» пачынае выконвацца з вынаснымі падоўжанамі ножкамі; «т» – з вялікім загінам, які спускаецца з левага краю перакладзіны; «ъ» – з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай; «ы» – з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай «ъ»; ѣ з павялічанай мачтай і высокім каромыслам.

Скорапіс падразумевае меньшыя памеры пісьма. Таму скарапісныя літары павінны быць больш дыферэнцыраваны.



Першая палова XV ст. Графіку паўустава і скорапісу аб'ядноўваюць наступныя асаблівасці. Літара «а» выконваецца з вынасной перакладзінай. Яшчэ больш інтэнсіўна павялічваюцца ножкі «д». У некаторых выпадках можна бачыць, як пісцы імкнуцца пераўтварыць ножку «т» у ніжні вынасны элемент. Аднак гэты варыянт не самы ўдалы. Таму ножка пачынае расці не ўніз, а ўверх. Двухлінейны варыянт «т» узнаўляецца з доўгім загінам, які спускаецца з левага краю перакладзіны. Паколькі ў дробным пісьме паказаць гэты загін цяжка, а ў вельмі дробным зусім немагчыма, перакладзіна «т» часта ставіцца не паралельна лінейцы радка, а нахіляецца так, што паміж левым краем перакладзіны і ніжняй лінейкай радка застаецца меньшая прастора. Там і праводзіцца лінія загіну. У выніку ствараецца ўражанне, што загін пераўзыходзіць па даўжыне засечку на правым краі перакладзіны. У шэрагу выпадкаў сустракаецца трохножкавы варыянт «т». Выкарыстоўваецца «ъ» з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай і ѣ з высокім каромыслам. Суіснуюць два варыянты «ы»: са звычайнай – кароткай, не вынасной – мачтай «ь» і «ъ», якая мае вынасную мачту і вялікую перакладзіну. Злучальная перакладзіна паміж «ъ» ці «ь» і «і» ў шэрагу выпадкаў ліквідуецца.

Другая палова XV ст. Агульнымі прыкметамі паўустава і скорапісу з'яўляюцца выкарыстанне трохножкавай «т»; змеепадобнай «з», якая можа мець не толькі ніжні, але і верхні вынасныя элементы; «т» з вынасной мачтай; аднабаковай «ч»; «ы» з кароткай мачтай «ь», але без злучальнай перакладзіны; «в» у выглядзе чатырохвугольніка з дыяганаллю, якая ідзе з верхняга правага вугла ў ніжні левы. У паўуставе звычайна «д» пішацца з ножкамі сярэдняга памеру; «ъ» і ѣ – з загінамі, якія ідуць з левых краёў перакладзін «ъ» і каромысла ѣ. Варыянты «ъ» з вынасной мачтай і ѣ з высокім каромыслам выкарыстоўваюцца радзей.Для скорапісу гэтага часу характэрна панаванне «а» і «д» з вынаснымі, «ъ» з вынасной мачтай і вялікай перакладзінай, ѣ з падоўжанай мачтай і высокім каромыслам, трохножкавай «т». Ножкі «д» яшчэ больш павялічваюцца. З'яўляецца «ж» з верхняй вынасной мачтай. Варыянт «т» з вынасной мачтай не вельмі папулярны.

У другой палове XV ст. у паўднёвых рэгіёнах ВКЛ – Валыні і, трэба думаць, Кіеўшчыне, фарміруецца арыгінальны стылявы варыянт скорапісу. Пры выкананні літар максімальна паслядоўна выкарыстоўваецца прыём спалучэння тлустых і валосных ліній. Тлустымі (якія маюць «цяжкую» вагу) пішуцца лініі, якія ідуць паралельна лініі радка, у накірунку зверху ўніз вертыкальна да лініі радка, зверху ўніз злева направа з нахілам у левы бок; тонкімі (якія маюць «лёгкую» вагу) – лініі, якія ідуць знізу ўверх злева направа ці зверху ўніз справа налева з нахілам у правы бок. Каб дабіцца спалучэння розных па таўшчыні ліній, выкарыстоўваецца пяро з адмысловай формай завастрэння: з шырокім і касым управа зрэзам («гатычнае пяро»). Такое пяро дае магчымасць захоўваць кантраст паміж тлустымі і тонкімі лініямі, яго пастаянства і рэгулярнасць; дазваляе рабіць патаўшчэнні не з дапамогай націску, што ўласціва для сучасных сталёвых пер'яў, але праз паварот пяра з апорай на шырыню яго зрэзу. Пры ўзнаўленні тонкіх ліній пяро паварочваецца, абапіраючыся на востры вугал зрэзу. У адрозненне ад сучаснага стабільнага трымання гатычнае пяро пастаянна паварочвалася ў руцэ і тым больш, чым шырэй быў зрэз пяра. Гатычнае пяро трымалі не двума пальцамі: вялікім і ўказацельным, з апорай на сярэдні, а трыма, пры гэтым вялікі і сярэдні пальцы паварочвалі пяро, а ўказацельны прытрымліваў яго зверху. Выкарыстанне адзначанай тэхнікі пісьма дае магчымасць выразна ўзнаўляць нават самыя дробныя элементы літар.

У літары «а» перастае панаваць вынасная перакладзіна, хаця яе выкарыстанне канчаткова не спыняецца. Змеепадобная «з» пішацца з адной толькі ніжняй вынасной. Больш актыўна выкарыстоўваецца «т» з вынасной мачтай. Ніжні вынасны элемент «у» набывае вертыкальнае становішча. Вынасны элемент «у», а таксама вынасныя «а», «д», «р», «ц» і «щ» выконваюцца не прамалінейнай, а зграбнай звілістай формай руху пяра. Канцы вынасных амаль усіх пералічаных літар загінаюцца ў левы бок. Пашыраецца платформа ў «д». Літара «е» атрымлівае форму расшчэпа з вялікай і тоўстай левай і невялікай і тонкай правай рыскамі. Устанаўліваецца «в» з вуглаватымі петлямі.

Дзякуючы таму, што ў другой палове XV–першай чвэрці XVI ст. персанальны штат выканаўчых работнікаў (пісараў і дзякоў) канцылярыі ВКЛ быў у значнай ступені прадстаўлены выхадцамі з Валыні, пералічаныя асаблівасці былі перанесены ў пісьмо велікакняжацкіх дакументаў, якое ў сваю чаргу паслужыла ўзорам для пісьма іншых асяродкаў дзелавога пісьменства. Папулярнасці адзначанага стылявога варыянта скорапісу садзейнічала і яго практычнасць, а менавіта, магчымасць пісаць дробным пісьмом, дзякуючы паслядоўнаму выкарыстанню прыёма спалучэння тлустых і валосных ліній.

Скорапіс першай паловы XVI ст. развіваецца ў накірунку паступовага павелічэнне тэмпу пісьма, страты сіметрычнасці літар і прамалінейнасці рухаў, стварэння такога дукту, які б забяспечваў безадрыўнае напісанне як элементаў, так і саміх літар. Калі раней дукт быў падпарадкаваны кананічнай форме літары, то цяпер, наадварот, форма літары часта залежыць ад дукту. Колькасць рухаў пяра пры выкананні шэрагу літар змяншаецца. Першыя графічныя змены адбываюцца ў тых літарах, якія пісаліся ў вялікую колькасць прыёмаў.

1500 г.–1510-я гады. Пісьмо асабліва дробнае. Літары «б», «г», «п», трохножкавае «т» маюць толькі ледзь прыкметныя навесы ў левы бок, але часцей за ўсё пішуцца без іх. У шэрагу выпадкаў верхнія перакладзіны (што ўтвараюць навес) не даводзяцца нават да левых вертыкальных элементаў пералічаных літар. На фоне дробных корпусаў літар выразна вылучаюцца доўгія ніжнія вынасныя элементы «а» (у адным з варыянтаў), а таксама «д», «з», «р», «у», ѳ, «х», «ц», «щ» і доўгія верхнія вынасныя элементы «ж», аднамачтавай «т», «ъ», ӕ (у адным з варыянтаў) і ѣ У гэтым размеркаванні вынасных заключаецца адно з найбольш істотных адрозненняў беларускага скорапісу ад рускага, у якім вынасныя элементы ў аднолькавай меры былі накіраваны і ўніз, і ўверх.

Літары «в», «и», «н» пішуцца з нахілам: першыя дзве – у левы («и» мае лёгкі нахіл), трэцяя – у правы бакі, пры гэтым «н» мае нахіленую перакладзіну.

Першыя істотныя змены ў дукце літар адбываюцца ў канцы другога дзесяцігоддзя XVI ст. Дукт змяняецца ў «б», «ы» і «ь». Петлі названых літар спарадычна пачынаюць выконваць у такой паслядоўнасці, як сёння ўзнаўляюцца элементы рукапіснай радковай вуглаватай «и».

20-я гады XVI ст. З 20-х гадоў XVI ст. пісьмо паступова пачынае буйнець.

Літара «н» хаця і ўзнаўляецца нахіленай у правы бок, але існуе тэндэнцыя размяшчаць перакладзіну прама. У «г», «п» і трохножкавым «т» навесы ў левы бок становяцца больш выразнымі. Сустракаецца, хаця яшчэ і даволі рэдка, навес у левы бок і ў «б». Пісьмо мае выражаную тэндэнцыю да крывалінейнасці. Становяцца больш частымі і павялічваюцца адкрэсленні ў правы бок на мачтах «г», «к» і «ч», правай мачце «н», адной ці дзвюх мачтах «п», адной, дзвюх, трох ножках «т». Фарміруецца такая аднамачтавая «т», якую можна ў далейшым выконваць у адзін прыём і безадрыўна злучаць з суседнімі літарамі. У некаторых выпадках згладжваецца месца злучэння перакладзіны і мачты. Існуе і іншы варыянт злучэння гэтых элементаў: пры дапамозе пятлі. Пятлістая аднамачтавая «т» можа пісацца безадрыўна.



30-я гады XVI ст. Пануе толькі акруглая «в» (праўда, часта з завостранай верхняй пятлёй). Літара «ъ» пішацца з авальнай пятлёй. Літара «б» часта выконваецца без верхняй перакладзіны, толькі з навесам ці дужкай злева. Такая дужка – патэнцыяльны сродак прыстасавання «б» да непарыўнага напісання з папярэдняй літарай. Адзначаная «б» пішацца ў тры ці два прыёмы. Спарадычна ў беглым пісьме ўкараняюцца такія варыянты «б», «ы» і «ь», колькасць рухаў пры выкананні якіх змяншаецца. Утварыўшы правую сценку формавызначальных пяцель «б», «ь» літары «ы» і «ь» пяро без адрыву ад матэрыяла для пісьма паварочвае ўлева, затым таксама безадрыўна рухаецца ўверх і ўправа, перасякаючы правую сценку пятлі. У выніку такога руху ўтвараецца пяцелька. Канец лініі, якая ўтварае пяцельку, адыгрывае ролю патэнцыяльнай звязкі з наступнай літарай. У большасці почыркаў (калі выключыць узоры беглага пісьма і напісанні ў канцы радка) усе гэтыя пяцелькі выводзяцца яшчэ нясмела, і на матэрыяле для пісьма ледзь бачныя.

Укараняюцца напісанні «н» у два рухі, а не тры, як раней. Для гэтай літары ўласціва часцей за ўсё прамая перакладзіна. Літара ѣ узнаўляецца часцей з трохвугольнай пятлёй.



40-я гады XVI ст. Пануюць такія напісанні «б», «г», «п», «т», якія характарызуюцца навесамі ў левы бок. Навес у «г», «п» і трохножкавай «т» накіраваны не толькі ўлева, але і ўлева і ўніз. У некаторых выпадках ён апускаецца на ніжнюю лінейку радка. Літара «г» часта ўзнаўляецца толькі з адным левым навесам, пры гэтым для месца злучэння мачты і навеса характэрна форма дугі, а сама літара набывае выгляд сучаснай рукапіснай «г». Фігуруюць варыянты безадрыўнай «г». Становіцца крывалінейнай месца злучэння мачты і перакладзіны аднамачтавай «т». Названыя элементы памяншаюцца ў памерах. Так адбываецца іх прыстасаванне да безадрыўнага напісання як паміж сабой, так і з суседнімі літарамі. У адным і тым жа почырку можна сустрэць як старую, так і новую форму перакладзіны. Набывае акруглыя формы месца злучэння мачты і перакладзіны «ъ». Памер перакладзіны і мачта «ъ» таксама памяншаюцца. Гэта значыць, што «ъ» развіваецца ў тым жа накірунку, што і аднамачтавая «т». Хоць мачты аднамачтавай «т» і «ъ» паменшыліся ў памерах, яны не перасталі быць вынаснымі.

Такім чынам, у першай палове XVI ст. сіметрычнасць і пра­малінейнасць напісанняў шэрагу літар страчваецца. На мачтах і перак­ладзінах «а», «г», «и», «к», «л», «м», «н», «п», «т», «ч», «ы», ӕ, ножках «т» фарміруюцца звязкі ў выглядзе адкрэсленняў (канцавых рысак). Спрашчаецца дукт «б», «в», «г», «д», «и», «м», «н», аднамачтавай «т», ѳ, «ъ», «ы», «ь», ѣ. Гэтыя літары выконваюцца ў меньшую параўнальна з XV ст. колькасць прыёмаў, некаторыя з іх – «г», «и», «м», «т», «ъ» – у асобных выпадках – непарыўна.

Прычынай узнікнення розных графічных варыянтаў літар з'яўляецца нераўнамернасць з'яўлення і замацавання новых напісанняў. Крыніцай гэтай з’явы служыць галоўным чынам развіццё пісьма, якое праяўляецца ў дукце, форме рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар і г. д. Найбольш варыянтнымі літарамі з'яўляюцца тыя літары, якія выкарыстоўваюцца даволі часта, але маюць складаны дукт: «б», «в», «д», «ж», «т», «ш», «щ», «ь», «ы». Варыянтнасць уласціва і для іншых літар нават на першы погляд і такіх простых, як «о». Розныя варыянты могуць выкарыстоўвацца як у пісьме аднаго чалавека, так і ў пісьме розных асоб, якія пісалі ў адзін і той жа час. У першую палову XVI ст. актыўна дзейнічалі тры першыя крыніцы.

З'яўленне і пашырэнне паўустава і скорапісу не выцесніла ўстаў. Гэты від пісьма па-ранейшаму функцыянуе.

У XV–XVI ст. з выкарыстаннем паперы праблема дарагавізны і дэфіцыту матэрыялу для пісьма была вырашана. Размяшчэнне літар у радку стала больш свабодным. Павялічваецца плошча літар. Аднак пры гэтым выпрацаваныя ў другой палове XIII–XIV ст. падоўжаныя прапорцыі літар захаваліся. Уставу XV–XVI ст. ад устава XIII–першых дзвюх трацей XIV ст. апрача прапорцый, дасталіся «в», «ж», «к» з невялікімі вярхамі, вузкія «д» і «р». З маленькай верхняй часткай пішуцца ѧ і ѫ.

У той жа час у напісанні «ъ», «ы», «ь» устаў XV–XVI ст., як правіла, працягвае традыцыі ранняга ўстава. Петлі гэтых літар маюць сярэдні, а ў шэрагу выпадкаў – і маленькі памер. Літара «ч» выконваецца з акруглай ці вуглаватай чаркай. Складваецца ўражанне, што ў XV–XVI ст. была адноўлена архаічная форма літары «а» з невялікай пяцелькай. Некаторыя характэрныя рысы позняга каліграфічнага ўстава зацвердзіліся толькі ў XV ст.: частае спалучэнне вузкіх і шырокіх «о» і «с»; шырокі «ферт»; «и», «н» і «ю» з нахіленымі перакладзінамі пасярэдзіне. Верхнія лініі трохвугольных петляў «б», «ъ», «ы», «ь» злучаюцца з мачтамі такім чынам, што паміж названай лініяй і мачтай застаецца выемка. У познім уставе перамычка «м», акруглая ці вуглаватая, часта выходзіць за ніжнюю лінейку радка. Літара ѡ можа мець як высокую, так і нізкую сярэдзіны. Ніжнія вынасныя элементы «р», «у», «х» і інш. выконваюцца тонкімі лініямі. Варыянты «т», «ъ» і ѣ з характэрнымі для паўустава вялікімі загінамі, аднабаковае «ч» сустракаюцца рэдка.

Уяўленне аб другім паўднёваславянскім уплыве (у процівагу першаму, які адносіцца да XI ст.) было сфарміравана ў XIX ст. А. І. Сабалеўскім. «Зразумела, – пісаў ён, – што паміж паловай XIV і паловай XV стагоддзяў рускае пісьменства трапіла пад вельмі моцны ўплыў паўднёваславянскага пісьменства і ўрэшце рэшт падпарадкавалася гэтаму ўплыву». Вучоны пісаў аб вялікім падабенстве пісьма ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх рукапісаў. Праўда, А. І. Сабалеўскі больш канстатаваў гэты ўплыў, чым вывучаў яго. Праблема аб паходжанні адзначаных напісанняў на сённяшні дзень з'яўляецца дыскусійнай.

Вязь – кірылічнае, у значнай ступені дэкаратыўнае пісьмо, якое мае на мэце звязаць радок ў непарыўны і раўнамерны арнамент. Гэта мэта дасягаецца за кошт скарачэнняў і ўпрыгожанняў. Вязь, відавочна, узнікла, як паўустаў і скорапіс, з практычных патрэб: з мэтай эканоміі карыснай плошчы матэрыялу для пісьма. У сувязі з гэтым х'арактэрны час яе з'яўлення – апошняя трэць XIV ст., калі па-ранейшаму ў асноўным тэксце рукапісаў пануе сціснутае пісьмо. Вязь уласціва не толькі для богаслужэбных і чытальных кніг, але і кніг з афіцыйнай дакументацыяй.Вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках рукапісаў.

Самымі старажытнымі прыёмамі ўсходнеславянскай вязі, якія выкарыстоўваліся ўжо ў Візантыі, з'яўляюцца наступныя. 1) Лігатура; 2) уключэнне адной літары ў іншую; 3) падпарадкаванне адной літары іншай; 4) супадпарадкаванне дзвюх літар. 5) супадзенне літар у адным пункце. Пры запаўненні пустот выкарыстоўваліся дадатковыя элементы: вочкі, вузельчыкі, вусікі і г. д.

7. Пісьмо другой паловы XVI–XVII ст.
Дзяржаўнае развіццё ВКЛ у першай палове XVI ст. ішло ў накірунку стварэння саслоўна-прадстаўнічай манархіі з узмацненнем палітычнай ролі шляхты і фарміраваннем яе органа – сейма. Пачынаючы з 1551 г. сейм ужо ў пэўнай ступені як самастойны орган улады ўдзельнічае ў заканадаўчым жыцці дзяржавы. У 60-я гады XVI ст. прымаюцца важныя меры па яго арганізацыі. У 1565–1566 гг. ствараюцца павятовыя сеймікі, на якія да вальнага сейма павінны з'яджацца службовыя асобы і шляхта павета і папярэдне абмяркоўваць «о тых речах и потребах земских», што будуць прапанаваны вялікім князем, ці ўзнікнуць унутры павета і ваяводства. У якасці дэлегатаў на вальны сейм абіраюцца і накіроўваюцца шляхтай ад кожнага павета два земскія паслы. Адбываецца рэформа судовай сістэмы. У 1565–1566 гг. уводзяцца земскія суды, пад юрысдыкцыю якіх пераходзяць вышэйшыя саноўнікі дзяржавы. Для рашэння цяжбаў па зямельных межах у кожным павеце ствараюцца падкаморскія суды. Разгляд і вынясенне прыгавораў па цяжкіх злачынствах (напад на шляхецкі дом, падпал, разбой, згвалтаванне жанчыны, крадзёж і інш.) застаюцца ў юрысдыкцыі гродскіх судоў, г. зн. судоў ваявод, старост і дзяржаўцаў, пры якіх, аднак, дзейнічаюць прысяжныя суддзі. Стварэнне новых судоў мела важнае значэнне ў развіцці пісьменнасці і пісьма. У 1581 г. заснаваны вышэйшы апеляцыйны суд ВКЛ: Галоўны трыбунал. З 1587 г. у ВКЛ пачынаюць дзейнічаюць каптуровыя суды (якія разглядаюць цяжбы пад час безкаралеўя). Земскія суды і Трыбунал атрымліваюць натарыяльныя функцыі. Згодна са Статутам ВКЛ 1588 г. шэраг прыватнаправавых дакументаў набываў юрыдычныю сілу толькі пасля ўпісання іх у кнігі земскага суда і Трыбунала (а таксама Метрыкі ВКЛ). Паміж сесіямі земскага суда гэтыя дакументы маглі быць унесены і ў кнігі гродскага суда, але з умовай перанясення іх у далейшым у земскія кнігі. У выніку судова-адміністрацыйнай рэформы ў 1565–1566 гг. ВКЛ было падзелена на 30 паветаў, якія ўвайшлі ў склад 13 ваяводстваў. Люблінская унія 1569 г. прынесла змены ў тэрытарыяльны склад і падзел дзяржавы. Пяць ваяводстваў, з ліку якіх чатыры (украінскія), былі далучаны да Польшчы. З гэтага часу на тэрыторыі ВКЛ існуе 22 паветы (з іх 16 на тэрыторыі Беларусі), якія ўваходзяць у склад дзевяці ваяводстваў. Шляхта дабіваецца перамогі і ў эканамічнай сферы. Калі дагэтуль існавалі пэўныя абмежаванні ў распараджэнні такім тыпам уладання як «отчина» (можна было прадаваць не больш трэці ўладання), то згодна са Статутам 1566 г. такія абмежаванні былі зняты. Ідзе далейшае развіццё гарадоў.

Матэрыялам для пісьма служыла папера. У 60-я гады XVI ст. у Нясвіжы з’явілася першая паперня на тэрыторыі Беларусі. Яе прадукцыя прызначалася, у тым ліку, для задавальнення патрэб нясвіжскай друкарні (заснавана ў 1562 г.). Па-ранейшаму пісалі пёрамі. У якасці фарбавальнага рэчыва выкарыстоўвалася чарніла. На тэрыторыі ВКЛ з другой паловы XVI ст. чарніла ўсё часцей называецца «інкауст» («інкавст») і «атрамент»; чарнільныя арэшкі – «галяс». Пісцы самі рыхтавалі чарніла, набываючы на рынку неабходныя кампаненты.

Чарнільніцы вядомы па пісьмовых крыніцах з XVI ст. У гэты час і пазней яны называліся «каламар» («калямар»). Гэта назва паходзіць ад назвы «калам» (інструмент для пісьма). Цікава, што ў Заходняй Еўропе замацаваліся іншыя назвы чарнільніцы: atramentarium, incausterium, якія ўтвораны ад назвы «чарніла». Пад час археалагічных раскопак у Віцебску і Мінску ў слаях XVII ст. выяўлены чарнільніцы з роўнымі формамі, якія зроблены з чырвонай гліны і пакрыты зялёнай глазурай. Адтуліны для шнуркоў сведчаць, што знойдзеныя чарнільніцы былі пераноснымі.

Узнікненне новых устаноў павысіла попыт на прафесію пісца. Аднак у тых абставінах, калі ў якасці афіцыйнай мовы, апрача старабеларускай, сталі пашырацца, а ў далейшым пераўтварацца ў вядучыя лацінская і польская мовы, падрыхтоўка прафесійнага пісца прадугледжвала авалоданне і названымі мовамі, і, такім чынам, лацінскім пісьмом.

Галоўнай асаблівасцю скорапісу гэтага часу з'яўляецца развіццё курсівізацыі, г. зн. безадрыўнага напісання элементаў літар і саміх літар.

50-я гады XVI ст. Пісьмо асабліва буйное. Вельмі часта сустракаюцца новыя формы аднамачтавай «т» і «ъ». Услед за «т» і «ъ» пачынае прыстасоўвацца да непарыўнага напісання «ж».

1560-я–1590-я гады. Літары (вельмі маленькія да 1520-х гадоў і вельмі вялікія ў 1550-х гадах) набываюць сярэдні памер. У 1560-х гадах усё часцей сустракаецца «ж» з ніжняй вынасной. Нярэдка хвост гэтай літары спускаецца да ніжняй перакладзіны і часта можа злучацца з ёй. Так рыхтуецца прыблізная схема будучага непарыўнага акруглага напісання. Новыя формы літар, якія з'явіліся ў першай палове XVI ст., замацоўваюцца. Пераважае акруглая безадрыўная «и». Пануюць толькі новыя «т» і «ъ». Літара «т» пішацца ў адзін прыём, «ъ» – у два ці адзін прыёмы. Часцей сустракаюцца «б», «д», «ы» і «ь» з малапрыкметнымі пяцелькамі.

Асабліва значныя змены адбываюцца ў апошняй трэці XVI ст. З'яўляецца «г» з ніжнім вынасным элементам. Укараняецца безадрыўная акруглая «ж». Часта «з» пачынае пісацца ў выглядзе «з», якая была больш прыстасаваная да звязных напісанняў з суседнімі літарамі. Шырыня ніжняй платформы адрывістай «д» часта памяншаецца. Верхння частка «у» часам можа пісацца як u, а ўся літара ўзнаўляецца ў адзін прыём.

У 90-х гадах XVI ст. ледзь прыкметныя пяцелькі «б», «д», «ы» і «ь» становяцца выразнымі. Аналагічныя пяцелькі з'яўляюцца ў «ц», «ш» і «щ». Формавызначальная пятля «ц» можа пісацца не толькі як сучасная рукапісная радковая «и», але і як лацінская рукапісная радковая n. Літара «ц» з такой пятлёй у адрозненне ад другога свайго варыянта, а таксама пятлістых «ш» і «щ» можа выконвацца ў адзін прыём. У шэрагу выпадкаў сустракаюцца безадрыўныя «б» і «ь».

На працягу усяго папярэдняга перыяду ішло развіццё такога дукту, які б даваў магчымасць літарам пісацца не толькі ў мінімальную колькасць прыёмаў, але таксама звязвацца з суседнімі.

З апошняй трэці XVI ст. назіраецца актыўны рост звязных – безадрыўных і прамежкавых – напісанняў. Найбольш вялізную групу названых напісанняў уяўляюць спалучэнні з «т» і «ъ». Аналагічныя напісанні характэрны для «го», «ег», «гъ» і інш.

У апошняй чвэрці XVI ст. пачынае ствараецца такая разнавіднасць злучэння, якая ажыццяўляецца пры дапамозе працягвання папярочных элементаў літар. Праўда, такія злучэнні практыкуюцца яшчэ рэдка.

Безадрыўнае пісьмо актыўна развіваецца ў надрадковай (міжрадковай) прасторы і зацвярджаецца ў напісанні а) асобных тытлападобных літар; б) тытлападобных спалучэнняў; в) тытлаў і літар; г) радковых і тытлападобных літар; д) радковых з тытлай; е) радковых з тытлай і вынасной.

Першае дзесяцігоддзе XVII ст. Часцей фігуруе «г» з ніжнім вынасным элементам. У акруглым безадрыўным варыянце «ж» скарачаецца верх.

Больш вострая форма завастрэння пяра дазволіла павялічыць колькасць крывалінейных і звязных напісанняў.

Літары «б», «д», «ц», «ш», «щ», «ы» і «ь» пішуцца з пяцелькамі.

Звязныя напісанні прадстаўлены спалучэннямі з «ү». Прысутнічаюць звязныя напісанні з «ш». Сустракаюцца іншыя звязныя напісанні. Фігуруюць звязныя напісанні, якія складаюцца з чатырох літар.



1611–1630-я гады. З мэтай дыферэнцыяцыі «к» ад «и» апошняя часта набывае формы сучасных друкаваных «х» і z.

Пяцелькі ў «б», «д», «ц», «ш», «ы» памяншаюцца ў памерах ці ліквідуюцца.

Сярод звязных напісанняў радковых з радковымі выступаюць «аб», «би», «еж», «ез», «ем», «еү», «жо», «зб», «ль», «ме», «мт» і інш.

Пачынае актыўна выкарыстоўвацца такая разнавіднасць злучаных напісанняў, якія робяцца пры дапамозе папярочных элементаў літар. Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы: 1) актыўныя, калі гэта напісанне змяняе форму літар, і 2) пасіўныя, калі форма літары пры такім напісанні захоўваецца нязменнай.



40-50-я гады XVII ст. У шэрагу выпадкаў выкарыстоўваецца непарыўная «в» «калачыкам». Узнікае непарыўны і найбольш здольны ў плане безадрыўнасці фітападобны варыянт «в». Укараняецца безадрыўная «д», у якой адсутнічае платформа і левая ніжняя вынасная. Функцыю апошняй выконвае павялічаная і загнутая спачатку далёка ўлева, а потым уніз і ўверх правая вынасная. Зацвярджаецца «м» у форме m. Гэты варыянт не лепш прыстасаваны да звязнага напісання як асобных элементаў, так і яе самой з суседнімі літарамі, чым стары, аднак у звязныя напісанні ўступае пераважна ён. Звязныя напісанні прадстаўлены наступнымі спалучэннямі: «ад», «ва», «во», «до», «дү», «дъ», «зв», «зы», «им», «ми» і інш. Варта вылучыць звязнае напісанне «ро», дзе «р» значна мяняе свой дукт. Адначасова звязвацца могуць да сямі літар.

1660–1690-я гады. Дамінуюць варыянты фітападобнай «в» і «м» у выглядзе m. Часта выкарыстоўваецца «д» з адной вынасной. Літары «и» і «к» у беглым пісьме графічна могуць не адрознівацца адна ад адной і ўзнаўляцца як сучасная рукапісная «и». У шэрагу выпадкаў літара «т» пішацца як сучасная рукапісная «ш» з перакладзінай наверсе, а «п» як сучасная рукапісная радковая «и» з перакладзінай наверсе.

Вылучаюцца звязныя напісанні: «ав», «аж», «ан», «аѡ», «ве», «ви», «вм», «вт», «въ», «гд», «гз», «ги», «дв», «де», «ец», «же», «зг» і інш.

У XVII ст. выкарыстоўваецца больш 130 звязных напісанняў радковых з радковымі.

Скорапіс XVII ст. характарызуецца найбольшай ступенню варыянтнасці.

У другой палове XVI–пачатку XVII ст. актыўна выкарыстоўваюцца лігатурныя злучэнняі. У лігатуры злучаюцца літары, якія маюць звычайна прамыя мачты і перакладзіны. У сувязі з павелічэннем крывалінейных рухаў з пачатку XVIІ ст. іх колькасць памяншаецца.

Безадрыўныя лігатуры (якія ўтвораны непарыўным рухам пяра) сустракаюцца надзвычай рэдка.

Пашырэнне ў ВКЛ пісьмовай прадукцыі, асабліва ў выглядзе афіцыйнай дакументацыі, на польскай і лацінскай мовах мімаволі ўдымае праблему аб магчымасці і ступені ўплыву лацінскага пісьма на кірылічнае.

Пры выяўленні ўплыву з метадалагічнага пункту гледжання трэба адрозніваць тыя прыкметы кірылічнага пісьма, якія хоць і з'яўляюцца тоеснымі лацінскаму, але хутчэй за ўсё ўзніклі ў выніку самастойнага развіцця ў накірунку да безадрыўнага пісьма. Да ліку апошніх належаць, напрыклад: 1) адкрэсленні ў левы бок на мачтах і перакладзінах літар, якія нагадваюць рыскі гатычных літар (пунктусы) і інш.; 2) напісанне «е» у выглядзе сучаснай рукапіснай радковай «е» (з пяцелькай); 3) фітападобная «в»; а таксама: 4) паварот канцоў ніжніх вынасных элементаў у правы бок.

Бясспрэчнымі прыкметамі ўплыву трэба прызнаць тыя з іх, якія фіксуюцца асабліва выразна ці знаходзяцца ў супярэчнасці з агульнай хадой развіцця кірылічнай графікі гэтага часу. Адзначэння асобных прыкмет недастаткова. Трэба ўлічваць сукупнасць прыкмет.

У апошняй трэці XVI ст. на тэрыторыю ВКЛ адначасова праніклі наступныя стылявыя варынты лацінскага курсіўнага пісьма: 1) неагатычны; 2) гуманістычны курсіў узору першай паловы XVI ст.; 2) гуманістычны курсіў узору другой паловы XVI ст. (канцылярэска).

Уплыў неагатычнага курсіву праявіўся ў наступным. Шэраг ужо акруглых у той час літар набываюць вуглаватыя формы. Прамалінейныя рухі становяцца характэрнымі для «г», «и», «м». Гэта значыць, што літары, якія пісаліся ў адзін прыём, цяпер пішуцца ў некалькі прыёмаў. Кірылічнае «а» у некаторых выпадках нагадвае гатычны варыянт.

Часам канцы ніжніх вынасных рэзка павернуты ў левы бок, што характэрна для «а» (аднаго з варыянтаў), «р», «у», «ц», «щ», ѳ, правай вынасной «д» і левай вынасной «х».

Пералічаныя прыкметы з’явіліся ў 80-х гадах XVI ст. Спачатку рэдкія, яны паступова зацвярджаюцца ў 1590-я гады–пачатку XVII ст. Выкарыстанне прамалінейных рухаў пашыраецца на іншыя літары. У гэты час вуглаватыя формы набываюць «б» і «ж».

У 1590-х гадах–пачатку XVII ст. замест патоўшчаных канцоў ніжніх вынасных «а» (адзін з варыянтаў), «д» (правая вынасная), «р», «у», «х» (левая вынасная), «ц», «щ», ѳ, ӕ (адзін з варыянтаў), радзей «ж» (канец ніжняй вынасной, як правіла, загінаўся ў правы бок) з'яўляюцца эфектныя петлі. Асабліва часта яны сустракаюцца ў «р» і «у», якія мелі графічныя аналагі ў лацінскім пісьме. Гэты дэкаратыўна-канцылярскі элемент называюць «маньерыскім» ці «барочным».

Пісьмо можа мець вельмі «лёгкую» вагу (прычым тлустыя лініі часта могуць адсутнічаць), нахіляцца ўправа. Прыведзеныя прыкметы сведчаць аб уплыве з боку гуманістычнага курсіву.

Усе новыя прыкметы, якія прыйшлі з неагатычным і гуманістычным курсівамі, характарызуюць каліграфічныя і рэгулязаваныя разнавіднасці скорапісу. У некаторых каліграфічных узорах некаторыя з пералічаных прыкмет могуць адсутнічаць. Так, замест «барочных» пяцель можна сустрэць патаўшчэнні. У беглым скорапісу акруглыя формы літар пераважаюць, а петлі на вынасных часта не выконваюцца.

Для каліграфічнага скарапіснага пісьма ўласціва змяшэнне як гатычнага, так і гуманістычнага стыляў.

Элементы гатычнага курсіву асабліва характэрны для першай паловы XVII ст., элементы гуманістычнага курсіву – для ўсяго XVII ст.



Устаў і паўустаў другой паловы XVI ст. і асабліва XVII ст. вывучаны недастаткова. Агульныя назіранні даюць магчымасць канстатаваць, што пісьмо названых графічных відаў па сваіх галоўных прыкметах мала, чым адрозніваецца ад устава і паўустава першай паловы XVI ст. Сярод новых прыкмет устаўнога і паўустаўнога пісьма неабходна вылучыць выкарыстанне вялікіх літар. Апошнія выконваюцца, як і ў скорапісе, у пачатку слова. У якасці вялікіх літар могуць выкарыстоўвацца грэчаскія і лацінскія аналагі, напрыклад, «Е», Σ, W (для Ѡ). Пісьмо становіцца больш манерным, дэкаратыўным, стылізаваным пад друкаванае пісьмо.




1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка