1. Прадмет і задачы палеаграфіі Палеаграфія – спецыяльныя гістарычная навука, якая вывучае знешні – графічны – аспект пісьма. Тэрмін «палеаграфія»




старонка2/3
Дата канвертавання15.03.2016
Памер426.34 Kb.
1   2   3

3. Паходжанне літарна-лічбавага складу Кірыліцы


Праблема паходжання пісьма ў славян, час яго ўзнікнення і характар і сёння з'яўляецца адной з найбольш дыскусійных. Відавочна адно: з'яўленне пісьма неабходна разглядаць у сувязі з агульным сацыяльна-эканамічным, палітычным і культурным развіццём краіны.

Стварэнне ўпарадкаванай славянскай азбукі адносіцца да 862 г. ці 863 г. Гісторыя гэтай падзеі наступная. У першай трэці IX ст. шэраг зямель: Маравія, Славакія, частка Чэхіі, Малая Польшча, Лужыца, зямля бодрычаў, былі аб'яднаны князем Маймірам у адзіную Вялікамараўскую дзяржаву. У пачатку 830-х гадоў адбылося афіцыйнае хрышчэнне мараванаў. Створаная нямецкім духавенствам на тэрыторыі Вялікай Маравіі царкоўная арганізацыя была падпарадкаваны Баварскаму біскупству ў Пасау. Спачатку адносіны паміж Вялікамараўскай дзяржавай і Усходнефранкскім каралеўствам складваліся мірна. Аднак у сярэдзіне IX ст. Вялікая Маравія стала пашыраць свой уплыў на суседнія славянскія землі, што прывяло да вострага канфлікта з каралеўствам. У гэтай сітуацыі мараўскія князь і знаць не маглі быць задаволены арганізацыйнай сувяззю мараўскай царквы з баварскай царкоўнай правінцыяй Усходнефранкскага каралеўства, а нямецкае духавенства выклікала недавер.

У выніку вялікамараўскі князь Расціслаў накіраваў у Візантыю пасольства, афіцыйнай мэтай якога было запрашэнне ў Маравію біскупа, які б з'яўляўся адначасова і настаўнікам, для пропаведзі сапраўднай хрысціянскай веры. Такім чынам, гаворка ішла ў першую чаргу аб стварэнні ў Вялікай Маравіі самастойнай, незалежнай ад Баварыі, царкоўнай арганізацыі. Існуюць розныя трактоўкі палітычнай падаплёкі пасольства Расціслава. У залежнасці ад той ці іншай думкі існуюць розныя меркаванні адносна часу пасольства Расціслава ў Візантыю: называюцца 862 і 863 гг. Як бы там ні было, імператар Міхаіл ІІІ і патрыярх Фоцій з пэўным разуменнем аднесліся да просьбы Расціслава. У якасці місіянераў было вырашана накіраваць у Маравію двух братоў Канстанціна Філосафа і Мяфодзія. Канстанцін меў вопыт місіянерскай дзейнасці. Да таго ж браты паходзілі з г. Солунь (цяпер Салонікі), у ваколіцах якога пражывалі славяне. Жыхары горада свабодна гаварылі на славянскай мове. З дапамогай Мяфодзія Канстанцін пераклаў на славянскую мову асноўныя богаслужэбныя кнігі. У 863 г. ці 864 г. абодва браты прыбылі ў Маравію, дзе павялі богаслужэнне на славянскай мове. Канстанцін і Мяфодзій абралі сабе вучняў з ліку мараванаў, навучаючы іх славянскай азбуцы, перакладалі кнігі з грэчаскай мовы на славянскую.

Стараславянскія рукапісы выкананы двума алфавітамі: кірыліцай (ад імя Кірыл, гэта імя Канстанцін прыняў пры пострыгу) і глаголіцай (што ўласна і абазначае «азбука»). Кірыліца і глаголіца амаль супадалі па алфавітна-літарным складзе. У XI ст. кірыліца мела 43 літары, глаголіца – 40 літар. Першапачаткова кірыліца налічвала 37 літар, а магчыма, і яшчэ меньш. У першапачатковым складзе глаголіцы было 38-39 літар. Агульнымі для кірыліцы і глаголіцы з’яўляліся назвы літар і парадак размяшчэння літар у алфавітах. Што значна адрознівала дзве гэтыя азбукі, дык гэта форма літар. Для літар кірыліцы характэрна геаметрычна простая зручная для пісьма форма. Літары глаголіцы пабудаваны з вялікай колькасці графічных элементаў: рысак і пяцель. У адрозненне ад кірылічных літар, літары глаголіцы былі не падобныя да грэчаскіх літар. Праўда, можна заўважыць, што калі літары глаголіцы пазбавіць некаторых графічных элементаў, то яны будуць па сваёй форме вельмі падобныя да літар кірыліцы. Гэта звязана з тым, што адна з гэтых азбук аказала значны ўплыў на другую.

З 43 літар кірыліцы 24 былі запазычаны з грэчаскага ўстаўнога пісьма (унцыяла) з захаваннем іх графічнай формы: «а» («аз»), «в» («ведзі»), «г» («глаголь»), «д» («дабро»), е («есць»), «з» («зямля»), «и» («іжэ»), «і», «к» («кака»), «л» («людзі»), «м» («мыслеце»), «н» («наш»), «о» («он»), «п» («пакой»), «р» («рцы»), «с» («слова»), «т» («цвёрда»), «ф» («ферт»), «х» («хер»), ѡ («амега»), ѯ («ксі»), ѱ («псі»), ѳ («фіта»), «у» (ѵ) («іжыца»). Астатнія 19 літар адсутнічалі ў грэчаскім пісьме і былі ўведзены для абазначэння адмысловых гукаў славянскай гаворкі: «б» («букі»), «ж» («жывеце»), s («зяло»), «оу» («ук»), «ц» («цы»), «ч» («чэрв»), «ш» («ша»), «щ» («шта»), «ъ» («ер»), «ы» («еры»), «ь» («ерь»), ѣ («яць»), «ю» (ётаванае «у»), ӕ (ётаванае «а»), ѥ (ётаванае «е»), ѧ («юс малы»), ѫ («юс вялікі»), ѩ («юс малы» ётаваны), ѭ («юс вялікі» ётаваны). Амаль усе новыя літары былі размешчаны ў канцы кірылічнага алфавіта. Яны ўяўляюць сабой альбо запазычанні з іншых алфавітаў, альбо змяненні і злучэнні (спалучэнні) літар кірыліцы і грэчаскага пісьма. Да сённяшняга дня канчаткова не высветлена: якую з дзвюх азбук: кірыліцу ці глаголіцу стварыў Канстанцін Філосаф. Пераважная большасць вучоных схіляюцца да думкі, што Канстанцін распрацаваў глаголіцу. Кірыліца ж узнікла ў канцы IX–пачатку X ст. у Балгарыі.

Пісьмо упершыню з'явілася і стала развівацца на ўсходнеславянскіх землях у гандлёвай і дзяржаўнай сферах. Усе найбольш старажытныя эпіграфічныя помнікі пісьма звязаны з гандлем, транспарціроўкай віна ці духмяных рэчываў, зборам і размеркаваннем даніны, дзяржаўнай перапіскай. Такія помнікі выяўлены ў шматэтнічных старажытных гарадскіх і пратагардскіх цэнтрах, якія мелі пастаянныя гандлёвыя і культурныя кантакты са Скандынавіяй, Хазарыяй, Візантыяй і Балгарыяй (Ноўгарад, Тмутаракань, Саркел, Смаленск). Збор даніны, яе рэалізацыя – знешні гандаль, не маглі існаваць без складанай сістэмы кантролю, уліку, г. зн. пісьма. На поўдні і паўднёвым усходзе Старажытнай Русі (Тмутаракань, Саркел), а таксама і ў іншых рэгіёнах доўгі час выкарыстоўвалася грэчаскае пісьмо. Пасля распрацоўкі кірылічнай азбукі, прыняцця кірылічнага пісьма ў якасці афіцыйнага і рэлігійнага ў Балгарыі (893) кірыліца эпізадычна стала пранікаць да ўсходніх славян, якія выкарыстоўвалі яе разам з грэчаскімі літарамі. Адначасовае выкарыстанне кірылічных і грэчаскіх літар рабіла гэта пісьмо «не устроенным». Да помнікаў такога пісьма, відавочна, трэба аднесці надпіс на гаршку з раскопках Гнёздаўскага курганнага могільніка (першая чвэрць X ст.). Існуе мноства яго прачытанняў: «гороушна», «гороухща» і інш., але ніводнае з іх на цяперашні час не з'яўляецца дастаткова аргументаваным. Сістэматычнае выкарыстанне кірыліцы ўсходнімі славянамі, відавочна, пачалося з 70-х гадоў X ст. У гэты час, калі існавалі цесныя ваенныя, гандлёвыя і культурныя сувязі з Балгарыяй, менавіта гэта краіна стала крыніцай пісьмовай традыцыі. Першыя кірылічныя надпісы на тэрыторыі Старажытнай Русі адносяцца да 70-х гадоў X ст. і выяўлены ў Ноўгарадзе. Яны зроблены на замкáх-цыліндрах, якімі апячатваліся мяхі з сабранай данінай. З афіцыйным прыняццем хрысціянскай рэлігіі ў 988 г. у Старажытнай Русі было прынята і кірылічнае пісьмо. Гэта пісьмо стала і пісьмом рэлігіі.

Ёсць падставы сцвярджаць аб суіснаванні ў розных рэгіёнах Старажытнай Русі XI–пачатку XII ст. розных варыянтаў кірылічнай азбукі. Адзначаная нестабільнасць усходнеславянскай сістэмы пісьма на раннім этапе развіцця тлумачыцца па-рознаму. На думку адных вучоных, у ёй адлюстроўваўся працэс гістарычнага фарміравання кірыліцы з грэчаскага пісьма (С. А. Высоцкі). Іншыя вучоныя мяркуюць, што гэта – вынік адаптацыі на ўсходнеславянскай глебе паўднёваславянскай сістэмы пісьма, якая паступова прыстасоўвалася да фанетычнай структуры ўсходнеславянскай мовы XI ст. (Т. У. Раждзественская).

4. Агульныя тэарэтычныя палажэнні
Выконваючы свае асноўныя функцыі – перадачу і захоўванне моўнай інфармацыі – пісьмо выкарыстоўваецца ў наступных асноўных сферах: царкоўнай, чытацкай і дзелавой. Прыналежнасць да сферы вызначае тып пісьма, якое падзяляецца на царкоўнае, пісьмо чытальных кніг (scriptura libraria) і дзелавое ці дыпламатычнае (scriptura actuaria). Царкоўнае пісьмо прадстаўлена ў богаслужэбных кнігах; пісьмо чытальных кніг – у кнігах, якія не прадназначалася для богаслужэння, г. зн. тых, якія задавальнялі пэўныя інтарэсы чытачоў; дзелавое – у афіцыйных дакументах. Накірунак развіцця пісьма вызначаецца яго характарам. Царкоўнае пісьмо кансерватыўнае, яно меньш падвержана развіццю. Развіццё ідзе ў накірунку пошуку часта не новых, а старых форм. У адрозненне ад царкоўнага дзелавое пісьмо шукае такія формы, якія б давалі магчымасць максімальна паскорыць працэсы яго ўзнаўлення і чытання. Яно развіваецца ў накірунку курсівізацыі (лац. currere – бегчы). Дамінаванне прынцыпу паскарэння пісьма адлюстравана ў гістарычнай назве графічнага віду дзелавога пісьма: «скорапіс».

Больш-меньш развітыя формы кожнага тыпу пісьма вызначаюць адпаведныя графічныя віды. Незалежна ад віду пісьмо павінна адпавядаць наступнаму патрабаванню: быць выразным. Выразнасць – галоўны прынцып пісьма любога віду. Пісьмо кожнага віду падзяляецца на разнавіднасці: 1) «прыгожае», часта вычварнае, са старанна выпісанымі літарамі – каліграфічнае (καλός – прыгожы) ці складанае; 2) беглае, але памяркоўнае – рэгулязаванае ці спрошчанае; 3) з хуткімі і спрошчанымі напісаннямі літар – беглае ці простае; 4) змешанае. У залежнасці ад тых ці іншых графічных норм яно можа характарызавацца стылявымі асаблівасцямі. Пісьмо можа быць выканана ўмелай (выпрацаванай) і няўмелай (нявыпрацаванай) рукой, быць старанным і нядбайным.

Графічны від царкоўнага пісьма развіваецца ў рамках адной культурна-рэлігійнай супольнасці. Гэтым абумоўлена блізкасць графічнага віду пісьма богаслужэбных кніг адной культурна-рэлігійнай супольнасці, але розных дзяржаў, а таксама лёгкасць успрыняцця, засваення, абмену і замацавання асаблівасцей названага пісьма ў межах згаданай супольнасці (незалежна ад дзяржаўных межаў). Паколькі чытальныя кнігі ў пэўнай, а спачатку ў значнай ступені мелі рэлігійны характар, пісьму чытальных кніг характэрны тыя ж якасці, праўда, у меньшай ступені асабліва на позніх этапах. Дзелавое пісьмо развіваецца ў дзяржаўнай, дакладней унутрыдзяржаўнай сферы. Гэтым тлумачыцца адрозненне графічнага віду дзелавога пісьма адной дзяржавы ад графічнага віду дзелавога пісьма другой.

З улікам пастаяннага росту колькасці афіцыйнай дакументацыі, а таксама чытальнай літаратуры з далейшым дамінаваннем дзелавога пісьма, а таксама пісьма чытальных кніг, трэба прызнаць, што генеральнай лініяй развіцця пісьма было яго паскарэнне.



Пералік прыкмет письма выглядае наступным чынам. 1) Тэмп руху. Тэмп руху можа быць марудным, сярэднім і хуткім. Для маруднага тэмпу ўласціва невялікая безадрыўнасць рухаў, для хуткага – большая безадрыўнасць рухаў пры выкананні і злучэнні элементаў літар і саміх літар. Сярэдні тэмп займае прамежкавае становішча паміж марудным і хуткім тэмпамі.2) Вага. «Цяжкое» пісьмо характарызуецца тлустымі лініямі, «лёгкае» – тонкімі ці вельмі тонкімі (валоснымі). 3) Пераважная працягласць рухаў пяра – вышыня (памер) і прапорцыі літар. У залежнасці ад вышыні корпуса літар пісьмо падзяляецца на: а) буйное, калі вышыня корпуса літар складае 4 мм і болей; б) сярэдняе, калі вышыня корпуса літар раўняецца 2–3 мм; в) дробнае, калі вышыня корпуса літар складае не больш 2 мм. У залежнасці ад прапорцый літар адрозніваюць: а) вузкае (сціснутае) пісьмо, калі вышыня корпуса літар большая за іх шырыню; б) сярэдняе, калі вышыня літар прыкладна раўняецца іх шырыні; в) шырокае, калі вышыня літар меньшая за іх шырыню, іх суадносіны больш 1. 4) Сіметрычнасць літар. 5) Суразмернасць літар. 6) Літары і іх варыянты, якія выконваюцца ў больш, чым дзве лінейкі, і іх колькасць (у сярэдзіне радка). 7) Вугал нахіла. Гэта прыкмета характарызуе накірунак згінальных рухаў пальцаў пры выкананні асноўных элементаў літар і саміх літар. Накірунак такіх рухаў можа быць зверху ўніз вертыкальна да лініі пісьма, калі падоўжаныя восі літар размяшчаюцца вертыкальна ў адносінах да лініі пісьма (пісьмо без нахілу ці прамое пісьмо), зверху ўніз справа налева (нахіл пісьма ўправа), зверху ўніз злева направа (пісьмо з левым нахілам). 8) Агульная (пераважная) форма рухаў пяра. У залежнасці ад формы рухаў пісьмо падзяляецца на вуглавата-прамалінейнае, калі пераважаюць прамалінейныя рухі; акруглае, калі пераважаюць крывалінейныя рухі; і змешанае, калі прамалінейныя і крывалінейныя формы рухаў чаргуюцца. 9) Звязнасць рухаў. Звязнасць – выкананне непарыўным рухам пяра пэўнай колькасці літар. Пісьмо падзяляецца на а) безадрыўнае, калі непарыўным рухам выконваецца 5–6 літар і больш; б) сярэдняй звязнасці, калі непарыўным рухам выконваюцца 3–4 літары; в) адрывістае, калі непарыўным рухам выконваецца 1–2 літары; г) незвязнае, калі асобныя літары выконваюцца незвязнымі рухамі пяра. 10) Дукт – паслядоўнасць, з якой пісец узнаўляў складовыя элементы літар, і накірунак, у якім ён іх пісаў: па гарызанталі і вертыкалі. 11) Форма рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар паміж сабой. У сваім спалучэнні прамалінейныя рухі даюць вуглаватую форму (вуглы, трохвугольнікі, ламаныя лініі); крывалінейныя – дугавую, петлявую, крывую (авальную) і звілістую формы. 12) Тып злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар. Існуюць наступныя тры тыпы злучэння рухаў: А) прымыкаючы: кожны элемент літары і кожная літара напісана самастойным незвязным рухам пяра. Б) прамежкавы (звязны): калі літара складаецца больш чым з двух элементаў, то адны элементы напісаны безадрыўна, іншыя – з прамежкамі; В) безадрыўны (звязны): а) усе элементы літары пішуцца безадрыўным рухам пяра; б) літары злучаюцца таксама безадрыўным рухам пяра. 13) Колькасць рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар. Пры падліку колькасці рухаў ўлічваецца наяўнасць дадатковых элементаў, якія ўводзяцца ў літару. 14) Форма літары. 15) Варыянтнасць літар. 16) Характар і колькасць скарачэнняў – абрэвіятур, лігатур, вензеляў і вынасных літар – у асноўным тэксце. Абрэвіятуры падзяляюцца на наступныя віды: 1) кантракцыя (per contractionem) ці сцяжэнне і 2) суспенсія (per suspensionem) ці ўсячэнне. Пры кантракцыі выкідаліся літары ўнутры слова; пры суспенсіі – літары ў канцы слова. У словах, якія скарачаліся шляхам кантракцыі, маглі выкідацца ўсе галосныя; галосныя і зычныя; усе літары, акрамя першай і апошняй. Абавязкому скарачэнню падлягалі словы, якія выражалі рэлігійныя паняцці: nomina sacra («свяшчэнныя імёны»): «Гь» («Господь»), «Снъ» («Сынъ»), «прркъ» («пророкъ») і інш. Праўда, на практыцы скарачэнню падлягалі і тыя словы, якія не мелі рэлігійны сэнс, аднак корань якіх выкарыстоўваўся ў словах з гэтым сэнсам, напрыклад, у некаторых імёнах і празваннях (напр.: «С(вя)тослав», С(вя)тоша»). 17) Сістэмы памежных сігналаў. Памежныя сігналы служаць для размежавання адзінак тэксту (слоў). Яны падзяляюцца на «графемныя», «аграфемныя» і «неграфемныя». У якасці графемных памежных сігналаў выступаюць графічныя варыянты літар; вынас літар над радком; безадрыўныя напісанні літар. У лік аграфемных памежных сігналаў уваходзяць графемы, якія страцілі ўласцівасць большасці графем адпавядаць гуку і выконваюць выключна функцыю памежных сігналаў. Да неграфемных памежных знакаў адносяцца прабелы (апрошы), кропкі, коскі (пераважна не знакі прыпынку), розныя надрадковыя знакі.

5. Пісьмо XI–першых дзвюх трацей XІV ст.

У XI–XIV ст. рынак богаслужэбных кніг адсутнічаў. Гэтыя кнігі ў асноўным ствараліся ўласнымі сіламі духоўных асоб. Няма падстаў гаварыць аб існаванні рынка чытальных кніг. Была пашырана практыка перапісвання кніг па індывідуальным заказе. Сярод заказчыкаў пераважалі прадстаўнікі тытулаванай знаці, вышэйшага духавенства і адміністрацыі. Часта кнігі, якія пісаліся на заказ, былі разлічаны на далейшы іх уклад у царкву. Перапіска кніг знаходзілася ў руках у асноўным белага духавенства і іх дзяцей. У XIV ст. значна павялічыўся попыт на кнігі, як богаслужэбныя, так і на чытальныя. Часткова гэта было звязана з ростам колькасці манастыроў. Узрасла колькасць перапісчыкаў і заказчыкаў з ліку чорнага духавенства.

Развіццё дзяржаўнага апарату няўхільна вяло да ўдасканалення спосабаў кіравання, якое пачало ажыццяўляцца з дапамогай пісьмовай карэспандэнцыі. На ранніх этапах дзяржаўнага развіцця дагаворныя адносіны, якія патрабавалі пісьмовага – дакументальнага – зацвярджэння, узнікаюць у палітычнай, дакладней, знешнепалітычнай сферы і складваюцца паміж незалежнымі дзяржавамі. У XII ст. з'яўляюцца першыя княжацкія даравальныя граматы. Характэрна, што ўсе чатыры з тых, якія захаваліся, былі адрасаваны духоўным установам: наўгародскім Юр’еваму і Панцеляймонаву манастырам. Ініцыятарам працэдуры пагаднення, якая б падразумявала замацаванне здзелкі праз пісьмовы дакумент, відавочна, выступала царква, а прыкладам служыла візантыйская практыка. У XIII ст. Полацк, дзе ўжо правілі васалы літоўскіх князёў, а таксама незалежны Смаленск заключалі дагаворы з лівонскім магістрам і Рыгай. Звяртае на сябе ўвагу павялічэнне ў XII ст. ролі і значэння княжацкіх пісцоў. У цэлым, нягледзячы на рост тыпаў, відаў і разнавіднасцей актаў, павелічэнне іх агульнага аб'ёму, для XІ–першых дзвюх трацей XIV ст. можна канстатаваць яшчэ не дастаткова вялікую ролю пісьмовага дакумента ў дзелавой сферы. У цэлым перыяд характарызуецца параўнальна невялікім попытам на пісьмовую прадукцыю.

Асноўным матэрыялам для пісьма быў пергамін – адмыслова апрацаваная скура жывёл. Ва ўсходніх славян пергамін вядомы пад назвай «харція» ці «харацця», а таксама «мех», «кожа», «цяляціна». На тэрыторыі ВКЛ у афіцыйных дакументах ён называецца «паргамен». Пергамін – трывалы матэрыял. Дзякуючы яго гладкасці, на ім можна было ўзнаўляць самыя дробныя літары. Нягледзячы на гэтыя якасці, пергамін заўсёды быў дарагім і дэфіцытным матэрыялам. Пісалі пер'ямі з ястраба, лебедзя, вароны, качкі, цецерука, лебедзя і нават павы. Аднак самымі папулярнымі былі эластычная і трывалыя пёры гуся (якія выкарыстоўваліся да першай паловы XIX ст.) Для часовых запісаў – рахункаў, асабістай перапіскі, чарнавікоў літаратурных твораў, школьных практыкаванняў і г. д. – выкарыстоўваліся васкавыя таблічкі. У дошачцы з дрэва розных парод (бука, дуба, кедра і інш.), радзей слановай косці ці рога рабілася паглыбленне, куды заліваўся чорны ці іншага колеру воск, па якім і пісалі. На васкавых таблічках пісалі стрыжнем з косці ці метала. Гэты стрыжань меў назву стыль (stilus) ці графій. З адного канца стыль завастраўся – гэтым канцом пісалі; з другога расплюшчваўся і меў форму лапаткі – ім разгладжвалі воск і сціралі напісанае. Васкавыя таблічкі былі недарагімі і служылі доўга. Імі карыстаўся кожны пісьменны чалавек.

Улады добра разумелі неабходнасць мець пісьменных памочнікаў, якія былі б здольны весці ўлік дзяржаўных даходаў і расходаў і ўступаць у зносіны з цэнтральнай і мясцовай уладай, іншымі дзяржавамі. Можа здацца на першы погляд недэмакратычнай дзейнасць Уладзіміра Святаславіча, які пасля хрышчэння дзяржавы арганізаваў «ученье книжное» толькі для дзяцей «нарочитой чади», але праблема навучання пісьму будучых дзяржаўных кадраў была адной з самых актуальных. Гэта тлумачыць, чаму сын Уладзіміра Яраслаў Мудры яшчэ будучы наўгародскім князем «собра от старост и поповых детей 300 учити книгам»: дзеці старост – гэта будучыя прадстаўнікі гарадской, а магчыма, і сельскай адміністрацыі.

Першы графічны від пісьма ва ўсходніх славян мае назву ўстаў. Устаў характарызуецца наступнымі прыкметамі: 1) марудны тэмп пісьма; 2) як правіла, «цяжкая» вага; 3) як правіла, буйны памер пісьма; 4–5) адносная сіметрычнасць і суразмернасць літар; 6) у больш, чым дзве лінейкі выконваецца параўнальна невялікая колькасць літар і іх варыянтаў: «з», «р», «оу», ү, «ф», ѳ, «х», «ц», «щ», ѣ, ѯ, ѱ («д» з засечкамі замест ножак і «м» з перамычкай, якая выходзіць за ніжнію лінейку радка, не ўлічваецца); 7) як правіла, прамое пісьмо; 8) прамалінейная форма рухаў пяра; 9) незвязнае пісьмо; 10) дукт складаны, падпарадкаваны канону літары; 11) вуглаватая форма рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар; 12) прымыкаючы тып злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 13) вялікая колькасць рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 15) нязначная варыянтнасць літар; 16) колькасць скарачэнняў невялікая; 17) неразвітая сістэма памежных сігналаў.

У развіцці ўстава можна вылучыць тры перыяды, у залежнасці ад якога ён падзяляецца на ранні XI–XII ст., пераходны XIII–XIV ст. і позні XV–XVII ст.

Ранні ўстаў. Ва ўставе XI ст. у залежнасці ад прапорцый і вугла нахіла вылучаюцца чатыры варыянты: вузкі, сярэдні, прамы і нахілены. Найбольш пашыраным з’яўляецца сярэдні. Вытокі прамога ўстава звязаны з традыцыяй царскай балгарскай школы праслаўскага перыяду («залатога веку» балгарскай літаратуры X ст.). Ва ўсходніх славян названы варыянт пісьма прысутнічае ў рукапісах, якія, верагодней за ўсё, уяўляюць сабой копіі балгарскіх арыгіналаў (Астрамірава евангелле 1056–1057 гг. і Ізборнік Святаслава 1073 г.). Сярэдні варыянт таксама ўзыходзіць да паўднёваславянскай традыцыі. Вузкае пісьмо мае Тураўскае евангелле XI ст., нахіленае – Архангельскае евангелле 1092 г. Вузкія прапорцыі літар можна растлумачыць імкненнем зэканоміць карысную плошчу матэрыялу для пісьма. Вузкае – эканомнае – пісьмо Тураўскага евангелля ў пэўнай ступені ўзгадняецца з яго сціплым афармленнем.

Пераходны ўстаў. У першай палове XIII ст. пісьмо мала чым адрозніваецца ад пісьма папярэдняга перыяду. У другой палове XIII–XIV ст. на тэрыторыі ВКЛ асабліва востра адчуваўся дэфіцыт пергаміна. З заснаваннем новых культавых устаноў, пашырэннем чытацкіх інтарэсаў расце попыт на кніжную прадукцыю. З мэтай эканоміі карыснай плошчы пергаміна пісьмо становіцца больш шчыльным. Гэта дасягаецца не толькі за кошт памяншэння інтэрвалаў паміж радкамі і прабелаў паміж літарамі (у раннім уставе прабел паміж літарамі звычайна складаў корпус літар), але і за кошт змены прапорцый літар. Большасць рукапісаў характарызуецца вузкімі прапорцыямі літар. Чытанне пісьма з падоўжанымі прапорцыямі літар абцяжарана і запаволена ў тым выпадку, калі дыферэнцыруючыя элементы літар знаходзяцца пасярэдзіне ці ўнізе корпуса літар: воку трэба пастаянна спускацца ўніз літары, каб выявіць гэтыя элементы і такім чынам пазнаць літару. У выніку шэраг літар страчвае сіметрычнасць і суразмернасць частак.

Шэраг кантракцый найбольш ранніх усходнеславянскіх рукапісаў мае грэчаскае і лацінскае паходжанне: «Бог», «Господь», «Дух», «Отец», «Небо», «человек» і інш. Паралельна з імі выкарыстоўваюцца прыметнікі і складаныя словы, у склад якіх уваходзіў які-небудзь з названых кораняў. На першых парах пісцы яшчэ хістаюцца ў выкарыстанні скарочаных слоў. Некаторыя словы то скарачаюцца, то пішуцца цалкам. У той жа час пісцы добра разумеюць сакральны характар скарачэнняў. Ужо ў XI ст. сустракаюцца кантракцыі, якія маюць самастойнае паходжанне: «аминь», «дѣва», «царьство» і інш.



6. Пісьмо апошняй трэці XІV–першай паловы XVI ст.

Пісьмовы дакумент становіцца неабходным атрыбутам аператыўнага і эфектыўнага кіравання, гарантам правоў жыхароў дзяржавы. Павялічваецца колькасць відаў і разнавіднасцей актаў. Узрастае аб’ём прадукцыі ў кожнай з груп дакументаў. Вялікі князь уступае ў больш часты кантакт са сваімі прадстаўнікамі на месцах, дасылаючы ім розныя пісьмовыя запыты, паведамленні, інструкцыі і г. д. Дараванні і ўвядзенне ва ўладанне суправаждаюцца выданнем і перадачай на рукі ўладальнікаў спецыяльных дакументаў. Пісьмова афармляюцца розныя льготы і вызваленні. Вялікі князь пісьмова пацвярджае ўласныя дараванні і дараванні сваіх папярэднікаў. З дапамогай пісьмовага дакумента фіксуюць склад уладанняў і яго межы. У пісьмовай форме выдаюць прыгаворы суда, прызначаюць суддзяў, выклікаюць у суд, рассылаюць загады да адказчыкаў аб выкананнi рашэнняў суда і г. д. Пры ваяводах, старостах і намесніках-дзяржаўцах вядуцца судовыя кнігі, у якіх робяцца запісы прававога характару, упісваюцца тэксты прыгавораў суда. У Смаленску такія кнігі існавалі ўжо ў часы Жыгімонта Кейстутавіча. У далейшым яны вядуцца пры кожным кіраўніку акругі. Аналагічныя кнігі існуюць і пры гарадскіх магістратах. Пісьмоваму пацвярджэнню з боку мясцовых улад і гаспадара падлягаюць здзелкі прыватных асоб, якія мяняюцца ці дзеляцца нерухомай маёмасцю і г. д. Пісьмовую форму набываюць розныя дазволы вялікага князя. Праз пісьмовы дакумент устанаўліваюцца адтэрміноўкі плацяжоў і вяртанне крэдытаў і г. д. Пісьмова афармляюцца дараванні на заставы, адкупы, дараванні на свецкія і духоўныя пасады. Пры Вітаўце ўзнікае канцылярыя ВКЛ. Пры Казіміры Ягайлавічы ствараецца стацыянарная канцылярыя. Штат канцылярыi ВКЛ канчаткова склаўся ў другой палове XV ст.

Даследчыкі адзначаюць павелічэнне попыту на богаслужэбныя і чытальныя кнігі ў другой палове XV ст. Гэта асабліва выразна адлюстравалася ў дзвюх з'явах. Першая з іх – гэта фарміраванне катэгорыі калі не прафесійных, то, калі так можна выразіцца, паўпрафесійных пісцоў кніг, другое – стварэнне і пашырэнне бібліятэк.

Рост попыту на пісьмовую прадукцыю, павелічэнне яе аб'ёму, прывялі да выкарыстання новага, больш таннага і даступнага матэрыялу для пісьма – паперы.

Ва ўставе апошняй трэці XIV ст. пануюць тыя напісанні, якія сфарміравалася ў другой палове XIII–першых дзвюх трэцях XIV ст. Апошняя трэць XIV ст. – пераломны момант у гісторыі пісьма. У гэты час пачынаюць фарміравацца графічныя віды пісьма чытальных кніг і дзелавога пісьма: паўустаў і скорапіс. Аб уставе як графічным відзе царкоўнага пісьма можна гаварыць толькі ўласна з гэтага часу. Тады ж узнікае такі графічны варыянт пісьма, як вязь. Паўустаў характарызуецца наступнымі прыкметамі: 1) у асноўным, марудны тэмп пісьма; 2) «лёгкая», «сярэдняя», «цяжкая» вага; 3) як правіла, сярэдні памер пісьма; 4–5) адносная сіметрычнасць і суразмернасць літар (большае парушэнне сіметрычнасці і суразмернасці, чым у паўуставе); 6) у больш, чым дзве лінейкі выконваюцца «а» (на ранніх этапах), «д», «з», «р», «оу», ү, «ф», ѳ, «х», «ц», «щ», «ы» (на ранніх этапах), ӕ (на ранніх этапах), ѣ, ѯ, ѱ; 7) прамое і нахіленае ўправа пісьмо; 8) чаргаванне прамалінейных і крывалінейных форм рухаў пяра; 9) незвязныя рухі; 10) спрошчаны дукт; 11) у шэрагу выпадкаў крывалінейная форма рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар; 12) прымыкаючы, у некаторых выпадках прамежкавы тыпы злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 13) у некаторых выпадках невялікая колькасць рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 14) трохножкавы варыянт «т»; «т» з вялікім загінам, які спускаецца з левага краю перакладзіны; «ъ» з вялікай перакладзінай і вялікім загінам, які спускаецца з яе левага краю; ѣ з вялікім загінам, які спускаецца з левага краю каромысла (такія загіны ў адзначаных літарах могуць спускацца да ніжняй лінейкі радка); аднабаковае «ч»; «з» у выглядзе «з»; «м» з завостранай перамычкай; 15) пэўная варыянтнасць літар; 16) значная колькасць скарачэнняў; 17) параўнальна развітая сістэма памежных сігналаў.

У развіцці паўустава можна вылучыць два перыяды: 1) апошняя трэць XIV–XV ст.; 2) XVI–XVIIІ ст. У апошняй трэці XIV–XV ст. канчаткова складваюцца прыкметы паўустава, якія ў далейшым істотна не змяняюцца.

Скорапісу як віду пісьма ўласцівы наступныя прыкметы: 1) сярэдні і хуткі тэмпы пісьма; 2) «лёгкая» і «сярэдняя» вага; 3) як правіла, сярэдні і дробны памеры пісьма; 4–5) адсутнасць сіметрычнасці і суразмернасці літар; 6) у больш, чым дзве лінейкі выконваюцца «а» (на ранніх этапах, у далейшым як адзін з варыянтаў), «г» (адзін з варыянтаў), «д», «ж», «з», «р», «т», «у», ү, «ф», ѳ, «х», «ц», «щ», «ъ», «ы» (на ранніх этапах), ӕ (на ранніх этапах, у далейшым як адзін з варыянтаў), ѣ, ѯ, ѱ; 7) прамое і нахіленае ўправа пісьмо; 8) крывалінейная форма рухаў пяра; 9) безадрыўнае пісьмо; 10) свабодны, просты дукт; 11) крывалінейная форма рухаў пяра пры напісанні і злучэнні элементаў літар і саміх літар; 12) безадрыўны тып злучэння рухаў пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 13) невялікая колькасць рухаў (прыёмаў) пры напісанні элементаў літар і саміх літар; 15) вялікая варыянтнасць літар; 16) вялікая колькасць скарачэнняў; 17) развітая сістэма памежных сігналаў.

Памяншэнне памераў пісьма з'яўляецца адной з вырашальных прыкмет скорапісу. Па гэтай прычыне дробны ўстаў папярэдніх стагоддзяў трэба прызнаць далёкім продкам названага віду пісьма.

У развіцці скорапісу вылучаюцца тры перыяды: 1) апошняя трэць XIV–канец XV ст.; 2) першая палова XVI ст.; 3) другая палова XVI–XVII ст. Першы перыяд (услед за І. І. Сразнеўскім і І. М. Каманіным) можна назваць перыядам «устаўнога скорапісу», паколькі графіка скарапіснага пісьма яшчэ блізка да графікі ўстава. Для гэтага перыяду характэрна фарміраванне дыферэнцыруючых прыкмет літар. Другі – пераходны – перыяд характарызуецца фарміраваннем тых асаблівасцей, якія рыхтавалі пісьмо да курсівізацыі. Для трэцяга перыяду – перыяду курсіўнага скорапісу – уласціва актыўнае развіццё і панаванне курсіўнага пісьма.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка