1. Прадмет і задачы палеаграфіі Палеаграфія – спецыяльныя гістарычная навука, якая вывучае знешні – графічны – аспект пісьма. Тэрмін «палеаграфія»




старонка1/3
Дата канвертавання15.03.2016
Памер426.34 Kb.
  1   2   3


1. Прадмет і задачы палеаграфіі

Палеаграфія – спецыяльныя гістарычная навука, якая вывучае знешні – графічны – аспект пісьма. Тэрмін «палеаграфія» паходзіць ад двух грэчаскіх слоў: «палайос» (παλαιός) – стары, старажытны і «графа» (γράφω) – пішу. Мэтай палеаграфіі з'яўляецца вывучэнне развіцця і пашырэння, а таксама ў пэўнай ступені ўзнікнення пісьма. Задачы палеаграфіі заключаюцца ў тым, каб вызначыць паходжанне, г. зн. умовы і прычыны з’яўлення розных тыпаў, відаў, разнавіднасцей і варыянтаў пісьма, заканамернасці іх развіцця і пашырэння.

Упершыню тэрмін «палеаграфія» увёў французскі гісторык-эрудыт, член кангрэгацыі Св. Маўра Бернар дэ Манфакон (1655–1741) у працы «Грэчаская палеаграфія...» (1708).

Прадмет, мэты і задачы палеаграфіі вызначаюцца гістарычна. Палеаграфія вырасла з практычных патрэб: яе даныя служылі сродкам для датавання рукапісаў, час і месца стварэння якіх не магчыма было ўстанавіць са зместу рукапісаў. Спачатку ў якасці такога сродка выкарыстоўвалася ў асноўным графіка пісьма, затым аналагічнае значэнне набылі дэкор, мініяцюра і г. д. Гэтыя прыкметы таксама ўвайшлі ў прадмет палеаграфіі. Палеаграфія стала атаясамлівацца з навукай, дакладней дысцыплінай, якая вывучае датавызначальныя прыкметы рукапісаў і спосабы датавання апошніх. Гэтым і тлумачыцца, чаму ў яе склад стала ўключацца ўсё тое, што так ці інакш магло праліваць святло на час і месца стварэння недатаваных рукапісаў: матэрыял для пісьма, фармат рукапісаў, а таксама іх арфаграфія, ізводы і г. д., г. зн. часта і тое, што не адпавядала паняццю «знешнія прыкметы рукапісаў».

Мэты і задачы палеаграфіі, якія былі звязаны з праблемамі датавання рукапісаў, г. зн. накіраванасць яе на рашэнне практычных задач, вызначала яе статус, прадмет і яго храналагічныя межы. У цяперашні час адбываецца, з аднаго боку, звужэнне прадмета палеаграфіі, з другога боку, яго храналагічнае пашырэнне.

З палеаграфіі вылучылася ў асобную навуку кадзікалогія, якая займаецца вывучэннем паходжання рукапіснай кнігі (кодэкса) на падставе вывучэння яе агульных знешніх (месца захоўвання, колькасць аркушаў, фармат, пераплёт, захаванасць, вадзяныя знакі, разліноўка і г. д.) і ўнутраных прыкмет (склад, загалоўкі, нумарацыя сшыткаў, нумарацыя аркушаў, запісы, паметы і г. д.). Праблема паходжання рукапіснай кнігі разглядаецца шырока (у гісторыка-культурным сэнсе) і вузка (у якой кнігапіснай майстэрні, якім пісцом, калі, па заказу каго быў перапісаны рукапіс, якім чынам фарміраваўся яго блок, як складваліся і разліноўваліся аркушы, выраблялі пераплёт і інш.). У кадзікалогію ўваходзіць таксама вывучэнне гісторыі бытавання і архіўнага (бібліятэчнага) лёсу рукапіснай кнігі, які адлюстраваўся ў яго знешняй і ўнутранай форме.

У якасці самастойнай навукі развіваецца былы раздзел палеаграфіі філіграналогія (філіграназнаўства), мэтай якой з'яўляецца ўдасканаленне метадаў датавання паперы па яе знешніх прыкметах, у першую чаргу па вадзяных знаках (філігранях).

Прыкмячаецца тэндэнцыя да паступовага абмежавання прадмета палеаграфіі пісьмом. У Заходняй Еўропе прадметам палеаграфіі даўно з’яўляецца толькі пісьмо. І сапраўды, наколькі мэтазгодна ўключэнне дэкору, мініяцюры, пераплёту і тайнапісу ў прадмет палеаграфіі? На нашу думку, гэта асобныя раздзелы гістарычнай навукі, якія павінны вывучацца і ўжо вывучаюцца: дэкор – у рамках гісторыі мастацтва, мініяцюра – іканаграфіі, пераплёт – кадзікалогіі.

У гэтай сувязі важна вызначыць адносіны палеаграфіі да эпіграфікі – навукі аб пісьме і змесце надпісаў, якія зроблены на цвёрдым матэрыяле. Відавочна, трэба прызнаць, што пісьмо на цвёрдым матэрыяле павінна стаць прадметам палеаграфіі. Не з'яўляецца выключэннем і пісьмо на васкавых таблічках. Тое ж самае можна сказаць і пра пісьмо на бяросце, якое вывучаецца берасталогіяй, а таксама пісьмо на папірусе, якім займаецца папіралогія. У значнай ступені не выпадкова, што васкавыя таблічкі, бяроста, папірус і выкананае на іх пісьмо даўно з'яўляюцца традыцыйнымі раздзеламі палеаграфіі. Падзел навук аб пісьме толькі ў залежнасці ад матэрыялу, на якім яно выканана, штучны і выкліканы ў пэўнай ступені стыхійным развіццём гэтых навук, але самае галоўнае ў тым, што назапашванне матэрыялу і яго аналіз з мэтай атрымання прыватных гістарычных высноў абагнаў іх тэарэтычнае абгрунтаванне.

Ёсць такія навукі, якія ўзаемадзейнічаюць з палеаграфіяй найбольш цесна. Гэта – апрача эпіграфікі, берасталогіі (а таксама папіралогіі), таксама дыпламатыка і кадзікалогія.



Дыпламатыка – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, форму і змест, функцыянаванне, гісторыю ўзнаўлення тэкста і архіўны лёс дакументаў прававога характару. Адным з асноўных палажэнняў гэтай навукі з'яўляецца тое, што ўскладненне грамадскіх адносін патрабавала больш дасканалага спосабу фіксацыі дагаворных адносін паміж рознымі контрагентамі (дзяржавай і дзяржавай, дзяржавай і царквой, дзяржавай і прыватнымі асобамі і г. д.): з дапамогай пісьмовага дакумента. Для палеаграфіі асаблівую важнасць уяўляе той раздзел дыпламатыкі, які вывучае паходжанне актаў, г. зн. суму прыкмет, «якія характарызуюць канкрэтныя ўмовы і прычыну стварэння крыніцы (сфера ўзнікнення, аўтарства, мэта)» (С. М. Каштанаў).

Нягледзячы на тое, што галоўнай мэтай палеаграфіі з'яўляецца вывучэння пісьма, яна па-ранейшаму рашае шэраг важных практычных задач, у першую чаргу, датаванне рукапісаў, г. зн. устанаўленне часу і месца іх стварэння. Але названая задача з'яўляецца дапаможнай, а яе рашэнне залежыць ад сукупных намаганняў палеаграфіі і іншых спецыяльных гістарычных навук.

Храналагічныя межы прадмета палеаграфіі павінны быць пашыраны на сучасны перыяд развіцця пісьма. Мы абмяжуемся пісьмом XI–XVII ст. Позняя храналагічная мяжа абумоўлена тым, што ў сувязі з пераводам у канцы XVII ст. справаводства Вялікага княства Літоўскага (далей – ВКЛ) на польскую мову беларускі скорапіс, які развіваўся ў межах гэтай дзяржавы, спыніў сваё развіццё. У канцы XVIII ст. на землі Беларусі прыходзіць новы – рускі – графічны від дзелавога пісьма, мясцовыя асаблівасці якого яшчэ не даследаваліся. Рукапісная кірылічная кніга Беларусі XVIII ст. вывучана мала. Яшчэ чакае сваіх даследчыкаў праблема аб суадносінах рукапіснага пісьма і шрыфтоў друкаваных выданняў. Між тым, уплыў друкаваных шрыфтоў на рукапіснае пісьмо не падлягае сумненню. Не знайшло сваіх даследчыкаў сучаснае пісьмо. Адсутнасць распрацовак па названых праблемах – істотны недахоп айчыннай гістарыяграфіі. Рашэнне гэтых і іншых праблем будзе значна садзейнічаць развіццю беларускай палеаграфіі.

2. Гісторыя вывучэння беларускай палеаграфіі

Як і ўсякая навука, палеаграфія вырасла з практычных патрэб. Па вызначэнні сучасных вучоных «практычнае развіццё якой-небудзь гістарычнай дысцыпліны пачынаецца тады, калі ў сферу вывучэння трапляе яе аб'ект і пры гэтым выкарыстоўваюцца ў зародкавым выглядзе метады, якія ў далейшым знойдуць выкарыстанне ў данай дысцыпліне, але само даследаванне мае на мэце не ўстанаўленне навуковай ісціны, а рашэнне канкрэтных практычных праблем: задавальненне пэўных эканамічных ці палітычных патрабаванняў, прапаганду пэўных поглядаў, забеспячэнне функцыянавання дзяржаўнага апарату і г. д.» (С. М. Каштанаў).

Першапачатковыя метады палеаграфічнага аналізу ўзніклі з мэтай судовай экспертызы дакументаў (у даным выпадку трэба адрозніваць экспертызу почырку, якая не адносіцца да палеаграфіі, ад экспертызы пісьма; да палеаграфіі мае адносіны толькі апошняя). Першыя звесткі аб палеаграфічнай экспертызе ў пісьмовых крыніцах датуюцца XVI ст. Супрацоўнікі канцылярыі, а таксама пісары розных службовых асоб, у першую чаргу, прадстаўнікоў мясцовых улад, з’явіліся першымі «практычнымі» палеографамі. Але ў далейшым такую экспертызу маглі праводзіць спецыяльна падрыхтаваныя юрысты. Да практычнай палеаграфіі трэба аднесці капіраванне старых тэкстаў, а таксама іх пераказ, паколькі ўсё гэта падразумявае валоданне пэўнымі палеаграфічнымі навыкамі. «Практычнымі» палеографамі, у прыватнасці, у канцы XVI–пачатку XVII ст. выступілі перапісчыкі кніг Метрыкі ВКЛ XV–XVI ст. Грандыёзная акцыя па іх перапісцы была задумана і ажыццёўлена пад кіраўніцтвам тагачаснага канцлера ВКЛ Л. І. Сапегі. Да практычнай палеаграфіі варта аднесці таксама і фальсіфікацыю дакументаў, праўда, такую, якая падразумевала ўзнаўленне асаблівасцей графікі пісьма таго часу, за які гэтыя дакументы выдаваліся.

Для навуковай палеаграфіі ў параўнанні з практычнай характэрна выкарыстанне больш дасканалых метадаў вывучэння пісьма, звяртанне да больш старажытных крыніц, пэўная сістэма іх адбору і крытыкі. Усё гэта садзейнічае вылучэнню палеаграфічных ведаў у асобную галіну і рашэнню такіх задач, якія былі запатрабаваны інтарэсамі не толькі сённяшняга дня.

Беларуская кірылічная палеаграфія доўгі час не была прадметам спецыяльнай увагі і разглядалася або ў рамках агульнай кірылічнай палеаграфіі, або усходнеславянскай. Асаблівасцю гістарыяграфіі, у прыватнасці, усходнеславянскай кірылічнай палеаграфіі з'яўляецца яе ізаляванасць ад праблем вывучэння развіцця і пашырэння пісьма іншых сістэм, у прыватнасці, найбольш бліжэйшай, да таго ж маючай агульнае паходжанне з кірылічнай – лацінскай. Між тым, кірылічнае пісьмо, з аднаго боку, і, лацінскае, у першую чаргу, сярэднявечнае пісьмо, з другога, прайшлі аналагічныя этапы развіцця. Для іх абодвух характэрны агульныя заканамернасці і асаблівасці развіцця. У гэтай сувязі ўяўляецца цалкам відавочным, што для даследчыкаў кірылічнага пісьма былі б у вышэйшай ступені карыснымі вопыт, назіранні, высновы, а таксама метады і прыёмы даследавання пісьма, якія распрацоўваюцца лацінскімі палеографамі. Мэтазгодным з'яўляецца ў некаторых выпадках і ўвядзенне агульнай навуковай тэрміналогіі.

У развіцці навуковай усходнеславянскай кірылічнай палеаграфіі можна вылучыць два асноўныя перыяды: 1) з пачатку XIX ст. да 1950-х гадоў, г. зн. пачынаючы з ліста А. М. Аленіна (у далейшым прэзідэнта Акадэміі мастацтваў і дырэктара Публічнай бібліятэкі ў Пецербургу) да вядомага збіральніка старажытнасцей А. І. Мусіна-Пушкіна адносна надпісу XI ст. на Тмутараканскім камяні, у якім ён змясціў аналіз пісьма гэтага помніка, даказваючы яго арыгінальнасць; 2) з 1950-х гадоў да сённяшняга дня. Для абодвух перыядаў характэрна асноўная накіраванасць на практычнае, дакладней, навукова-практычнае выкарыстанне матэрыялаў палеаграфіі. Аднак другому перыяду ўласцівы акцэнт не толькі на пошук у графіцы пісьма датавызначальных прыкмет, аднак і тлумачэнне з'яўлення гэтых прыкмет з пункту гледжання іх гістарычнага развіцця.

Пачатак навуковага вывучэння беларускага кірылічнага пісьма адносіцца да канца XIX ст. і звязаны з выхадам у свет у 1899 г. палеаграфічнага альбома «Палеаграфічны зборнік. Матэрыялы па гісторыі паўднёварускага пісьма ў XV–XVIII ст....». У прадмове да гэтага альбома ўкраінскі даследчык І. М. Каманін зрабіў спробу прасачыць развіццё «паўднёварускага», г. зн. украінскага скорапісу XV–XVIII ст. Скорапіс, які функцыянаваў на тэрыторыі Украіны, амаль нічым не адрозніваўся ад беларускага, што і дае нам падставы адлічваць гісторыю вывучэння беларускага пісьма ад названай працы. Заслуга І. М. Каманіна заключаецца, галоўным чынам, не ў тым, што ён прывёў напісанні, якія былі характэрны для скорапісу XV–XVIII ст. (хоць гэта таксама вельмі важна), але зрабіў спробу растлумачыць іх паходжанне.

Пасля І. М. Каманіна ніхто з вучоных беларускі скорапіс не вывучаў. У навучальных дапаможніках па палеаграфіі, у якіх разглядаецца беларускі і ўкраінскі скорапісы, адчуваецца пэўная залежнасць іх даных ад матэрыялаў І. М. Каманіна. Між тым, у працы А. І. Сабалеўскага «Славяна-руская палеаграфія» (1901; 1908, 2-е выд.) ёсць шэраг важных заўваг, пераважна тых, якія адносяцца да скорапісу. Закрануў праблемы беларускай палеаграфіі В. М. Шчэпкін – аўтар кнігі «Вучэбнік рускай палеаграфіі» (1918 г., перавыдадзены ў 1967 і 1999 гг. пад назвай «Руская палеаграфія»). Важным дасягненнем В. М. Шчэпкіна з'яўляецца тое, што ён зрабіў спробу паставіць у сувязь развіццё беларускага і ўкраінскага скорапісу з працэсамі развіцця дзяржаўнасці. Беларускае пісьмо аналізавалася таксама і Я. Ф. Карскім. Вучоны канстатаваў агульнае падабенства пісьма «заходнерускіх» помнікаў XIV ст., і часткова XV ст. з пісьмом іншых усходнеславянскіх помнікаў. З'яўленне паўустава ён адносіць, калі меркаваць па датах прыведзеных ім крыніц, да апошняй чвэрці XIV ст. Заслугоўваюць увагі погляды Я. Ф. Карскага на вызначальныя рысы заходнерускага паўустава і яго перыядызацыю. З'яўленне скорапісу вучоны адносіць да апошняй чвэрці XIV ст. Пры гэтым ён адзначае, што скарапісныя помнікі яшчэ у XV ст. з'яўляліся рэдкімі.

Беларускі і ўкраінскі скорапіс былі прадметам увагі Л. У. Чарапніна. Іх фарміраванне даследчык ставіў у сувязь з развіццём беларускай і ўкраінскай народнасцей. Вучоны прывёў табліцы напісанняў літар беларускага скорапісу XV–XVII ст. і ўкраінскага скорапісу XVII ст. Табліцы з формамі літар украінскага скорапісу ён суправадзіў і апісаннем апошніх. Даныя Л. У. Чарапніна з'яўляюцца кампіляцыяй, у некаторых выпадках не зусім удалай, тых назіранняў, якія змешчаны ў працах І. М. Каманіна, А. І. Сабалеўскага, В. М. Шчэпкіна і Я. Ф. Карскага.

Толькі ў 1996 г. выйшла ў свет першая спецыяльная праца па беларускай палеаграфіі: навучальны дапаможнік С. Я. Куль-Сяльверставай «Беларуская палеаграфія». Мэта палеаграфіі вызначаецца С. Я. Куль-Сяльверставай традыцыйна: прачытанне пісьмовых крыніц, вызначэнне часу, месца, аўтарства і аўтэнтычнасці помнікаў пісьменства. Такой жа традыцыйнай з'яўляюцца структура і змест дапаможніка.

Каштоўныя палеаграфічныя назіранні зроблены даследчыкамі, якія займаліся вывучэннем асобных помнікаў кірыліцы. У першую чаргу варта вылучыць працу С. Лазуткі і Э. Гудавічуса, якая прысвечана Статуту ВКЛ 1529 г. («Першы Літоўскі cтатут: Палеаграфічны і тэксталагічны аналіз спісаў». Вільнюс, 1983. [Т.] I. Ч. 1). У ёй дадзены беспрэцэдэнтны па дэталёвасці палеаграфічны аналіз спісаў помніка (асабліва каштоўнымі з’яўляюцца табліцы напісанняў літар, с. 354–419). Аўтары закранулі праблему ўплыву гатычнага пісьма на кірылічны скорапіс.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка