1. Прадмет, функцыі і задачы гістарычнай наукі




старонка2/16
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.14 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16

16. Пачатак новага часу у сусветнай гісторыі. Утварэнне Рэчы Паспалітай


З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492 - 1494, 1500 - 1503, 1507 - 1508, 1512 - 1522, 1534 - 1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць вынікі перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558 - 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ.

Ужо ў 1562 - 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку. Тым не менш, 10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль быў вымушаны асобнымі актамі далучыць да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Паводле дамовы 1569 г. стваралася федэратыўная дзяржава “абодвух народаў” - Рэч Паспалітая. На чале яе стаяў кароль (ён жа вялікі князь). Кароль выбіраўся пажыццёва шляхтай. Ён мог быць толькі католікам. Ствараўся агульны сойм, які складаўся з сената (туды ўваходзілі буйныя магнаты, каталіцкія іерархі і прадстаўнікі караля) і дзвюх пасольскіх ізб, куды павятовыя соймікі накіроўвалі па 2 сваіх прадстаўніка. Мяшчане, сяляне, праваслаўныя і пратэстанцкія святары прадстаўніцтва ў сойме не мелі. У астатнім абедзве дзяржавы захоўвалі суверэнітэт: асобныя ўрады, войскі, мытні, скарбы, манетныя сістэмы, дзяржаўныя мовы і г. д.

Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, у другой палове XVI- XVIIІ стст. шляхта здолела значна пашырыць свае правы. Так званыя кардынальныя правы шляхты ўключалі ў сябе асабістую недатыкальнасць, неабмежаваную вотчынную ўладу, магчымасць удзелу ў выбранні караля і працы сойму, вызвалялі ад большасці падаткаў. Гарантам “залатых вольнасцей” лічыўся сам кароль. Калі ён не выконваў сваіх абавязкаў, шляхта мела права ствараць ваенна-палітычныя саюзы - канфедэрацыі і абвяшчаць каралю вайну - рокаш. Асабліва неспрыяльным для дзяржаўнай сістэмы было права liberum veto, паводле якога ўсе рашэнні сойма павінны былі прымацца адзінагалосна. У выніку многія соймы проста зрываліся.

Заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца. Аднак страта значных тэрыторый, памяншэнне правоў некаталіцкага насельніцтва, умяшальніцтва польскага боку ў справы ВКЛ выклікалі незадаволенасць сярод шырокіх колаў Вялікага княства. Барацьбу супраць уніі ўзначаліў канцлер Леў Сапега (1557 - 1633) Дзякуючы яго намаганням, у 1582 г. быў створаны Трыбунал ВКЛ, які абмежаваў судовую ўладу караля. У 1588 г. пачаў дзейнічаць новы Статут, дзе унія з Польшчай нават не ўзгадвалася. Польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Разам з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства.

17. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі РП У 17 ст.


Пасля Люблінскай ўніі каралем Рэчы Паспалітай быў абраны Стэфан Баторый. С.Баторый быў здольным палітыкам і ваеннаначальнікам. Негледзячы на адсутнасць сродкаў у дзяржавы, ён здолеў стварыць моцную армію, у кароткі тэрмін разграміў войскі Івана ІV і вызваліў тэрыторыю ВКЛ. У 1583 г. Рэч Паспалітая і Маскоўскае царства падпісалі мірную дамову, згодна з якой урад Івана IV страціў тэрыторыю Прыбалтыкі.

У 1584 г. маскоўскі цар Іван IV памер і ў Расіі пачаўся перыяд барацьбы за ўладу, перыяд сялянскіх і казацкіх хваляванняў, якія ахапілі цэлыя рэгіёны. Пашырэнню народнага руху ў Расіі спрыяла і тое, што ў 1597 г. Барыс Гадуноў забараніў сялянам пераходзіць ад аднаго гаспадара да другога і вызначыў тэрмін пошуку тых сялян, якія кінуліся ва ўцекі. Узмацненне прыгоннага права падштурхнула сялян Расіі да пошуку “справядлівага цара”.

У 1604 г. такі цар з’явіўся. Гэты быў былы манах Грыгорый Атрэп’еў, родам з ВКЛ. Гэты малады манах, які займаў пасаду памочніка маскоўскага патрыярха, абвясціў сябе сынам цара Івана IV – царэвічам Дзмітрыем. Сапраўдны царэвіч Дзмітрый трагічна загінуў, калі яму было чатыры гады. Таямнічая смерць царэвіча і народныя чуткі, а таксама незадавол расіян уладай былі спрытна выкарастаны Атрэп’евым, які сцвярджаў, што ён і ёсць сапраўдны “царэвіч Дзмітрый”. Ілжэдзмітрый І збег ў Рэч Паспалітую, дзе яго прыняў кароль Жыгімонт Ваза. Яны заключылі дамову, згодна з якой Ілжэдзмітрый І атрымаў войска, ажаніўся на палячцы і абяцаў пасля маскоўскай каранацыі прыняць каталіцтва. Пасля гэтага Ілжэдзмітрый І абяцаў заключыць з Рэччу Паспалітай ўнію па ўзору Люблінскай.

Да распрацоўкі гэтага палітычнага плана мелі адносіны і магнаты ВКЛ, войскі якіх склалі аснову арміі самазванца. У 1605 г. Ілжэдзмітрый І заняў Маскву, але маскоўскае баярства незадаволенае пачаткам польскага панавання, склала змову і забіла самазванца. Пасля гэтага пачалася інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай ў Расію. У 1609 г. войска Рэчы Паспалітай падышло да Масквы. Урад Масквы быў адхілены ад улады і маскоўскім царом быў абвешчаны сын польскага караля Уладзіслаў. Аднак Жыгімонт Ваза не пускаў свайго сына ў Маскву. Ён патрабаваў спачатку падпісаць унію аб аб’яднанні дзяржаў.

Пачатак іншаземнага панавання выклікаў нацыянальна-патрыятычны ўздым сярод простага народа. У 1612 г. грамадзяне Расіі стварылі народную армію і захапілі Маскву. Пасля гэтага ў 1613 г. Земскі сабор Расіі выбраў новым царом Міхаіла Раманава.

Такім чынам, палітыка Рэчы Паспалітай, накіраваная на ўсталяванне панавання ў Расіі, пацярпела крах. Больш таго, з гэтага моманту новая царская дынастыя Расіі пачала праводзіць палітыку, накіраваную на ліквідацыю Рэчы Паспалітай.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка