1. Прадмет, функцыі і задачы гістарычнай наукі




старонка14/16
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.14 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   16

46. Сацыяльна-эканамічнае развіцце БССР у сяр. 50 –сяр. 80-х гг 20 ст.


Амаль адразу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. пачалося аднаўленне эканомікі БССР. У вызваленую Беларусь з іншых рэспублік СССР былі накіраваны тысячы трактараў і аўтамашын, дзесяткі тысяч галоў жывёлы. У сакавіку 1946 г. СНК БССР ператварыўся ў Савет Міністраў. У верасні таго ж года быў зацверджаны план чацвёртай пяцігодкі. Дзякуючы гераічным намаганням рабочых і калгаснікаў, да канца 1950 г. аб’ём валавай прадукцыі на 15 % пераўзышоў адпаведны паказчык 1940 г. За гэты час былі пабудаваны новыя прадпрыемствы: аўтамабільны, трактарны, гіпсавы заводы, камвольны камбінат ў Мінску, завод дарожных машын ў Жодзіне, дываноў - у Віцебску і г. д. У 1947 г. адмянялася картачная сістэма размеркавання прадуктаў.

Але спадзяванні народа на лібералізацыю жорсткага сталінскага рэжыму не спраўдзіліся. Сталін пайшоў на некаторае змягчэнне свайго курсу падчас вайны толькі дзеля больш паспяховай мабілізацыі народных мас на барацьбу з ворагам. Пачаліся новыя масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Любы чалавек, які трапіў на акупіраваную тэрыторыю ў ваенны час, быў пад сумненнем. Ужо ў 1947 г. па сцэнарыі 30-х гадоў былі праведзены новыя сфабрыкаваныя працэсы супраць “нацыяналістычных” беларускіх арганізацый. Перамога ў вайне выкарыстоўвалася як важны патрыятычны козыр для ўмацавання аўтарытэту партыі і яе правадыра - Сталіна. Адраджэнне вёскі тармазілася апорай на калгасы і саўгасы, у фонд якіх прымусова вярталі зямлю, перададзеную сялянам падчас вайны. Аграрная палітыка ў Заходняй Беларусі была накіравана на скасаванне прыватнай гаспадаркі як асноўнай формы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. За два гады (1949 - 1950) чатыры пятых сялянскіх двароў былі аб’яднаны ў калгасы. Вёска, як і раней, разглядалася ў якасці донара індустрыялізацыі. У выніку па ўсіх важных паказчыках у сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1950 г. узровень 1940 г. не быў дасягнуты. Ужо ў 1953 г. былі прыняты першыя рашэнні, якія садзейнічалі развіццю вёскі. Паляпшалася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне калгасаў і саўгасаў, былі павялічаны закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, памяншаліся падаткі з сялян. У 1958 г. тэхніка машынна-трактарных станцый была прададзена калгасам, каб павялічыць ступень іх самастойнасці. Але кардынальнаму паляпшэнню дзейнасці сельскай гаспадаркі перашкаджаў шэраг аб’ектыўных абставін. Па-першае, калектыўная гаспадарка не стварала дзейсных стымулаў для працы сялян з поўнай самааддачай. Па-другое, было прынята памылковае стратэгічнае рашэнне аб павелічэнні пасяўной плошчы за кошт апрацоўкі цаліны. Мэтазгодна было б укласці выкарыстаныя на гэта грошы ў наяўны сельскагаспадарчы фонд для павелічэння прадукцыйнасці. Па-трэцяе, адсутнічала паслядоўнасць у правядзенні сельскагаспадарчых рэформ. Характэрнай была “кампанейшчына” - правядзенне мерапрыемстваў па змяненні кіравання сельскай гаспадаркай, па масавых пасевах кукурузы і іншых паўднёвых раслін у не прыдатных для яе раёнах. Планы па развіцці сельскай гаспадаркі перыядычна не выконваліся. Так, калі за сямігодку (1959 - 1965) аб’ём прамысловай прадукцыі ўзрос у 2,1 раза, то валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі - толькі на 38%.Нягледзячы на хуткія тэмпы росту і развіцця новых важных галін прамысловасці (хімічнай, нафтаперапрацоўчай і г. д.), электрыфікацыю і газіфікацыю, прамысловасць апынулася ў няпростай сітуацыі. У эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў эканоміцы развітых краін свету адбываліся вельмі істотныя змены, якія мелі далёка ідучыя наступствы. Спажыванне станавілася больш спецыялізаваным, колькасць новых тэхналогій падвойвалася і патройвалася ўсяго за некалькі год, тэхналогіі ўсё больш хутка станавіліся састарэлымі і патрабавалі замены. Адсутнасць развітай сферы паслуг толькі пагаршала сітуацыю. Нарастаў дэфіцыт, які быў непазбежным вынікам бюракратызаванай структуры кіравання.

Пяцігодка 1966 - 1970 гг. была настолькі паспяховай, што потым атрымала назву “залатой”. У БССР аб’ём вытворчасці прадукцыі прамысловасці ўзрос на 79%, сельскай гаспадаркі - на 45%. Дзякуючы нізкім коштам на паліва і з’яўленню новых прадпрыемстваў, у 70-я гг. ВНП БССР перасягаў адпаведныя паказчыкі большасці рэспублік Савецкага Саюза, а таксама Аўстрыі, Венгрыі і Балгарыі. Нягледзячы на гэта, узровень аплаты працы заставаўся даволі нізкі. Пры агульным росце ўзроўню жыцця насельніцтва павялічвалася колькасць дэфіцытных тавараў, паколькі пры планавай эканоміцы немагчыма прадказаць рэальную патрэбу ў асобных відах прадукцыі. Хранічнай праблемай заставалася нізкая якасць тавараў, іх небагаты асартымент. У краіне пачаўся перыяд застою. Узмацніўся пераслед інакшдумаючых (дысідэнтаў). Аднак канцлагеры цяпер замяняліся на турмы і псіхіятрычныя шпіталі.


47. Грамадска-палітычнае развіцце БССР у сяр. 50 –сяр. 80-х гг 20 ст.


У 1944 г. БССР атрымала права знешніх зносін. У 1945 г. яна стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), а пасля і іншых уплывовых арганізацый. Аднак міжнародная дзейнасць БССР была вельмі абмежавана. Тым не менш гэта паспрыяла росту аўтарытэту рэспублікі.

Смерць Сталіна (1953) мела пераломнае значэнне для ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства. На ХХ з’ездзе КПСС у 1956 г. быў асуджаны культ асобы. Адбылася некаторая дэмакратызацыя грамадскага жыцця, былі рэабілітаваны многія ахвяры рэпрэсій. У 1961 г. новая праграма партыі мела намер пабудаваць камунізм у СССР да 1980 г., на працягу жыцця аднаго пакалення. З гэтага моманту партыйнае кіраўніцтва афіцыйна атрымала права адміністрацыйнага кантролю. На працягу 1960 - 1970 гг. усе беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

У 1964 г. Першы сакратар ЦК Кампартыі М. Хрушчоў быў вызвалены ад займаемай пасады, кіраваць партыяй і краінай быў пастаўлены Л. Брэжнеў. У 1965 г. на Беларусі кампартыю ўзначаліў П. Машэраў. Пасля змены кіраўніцтва ў сакавіку і верасні 1965 г. пленумы ЦК КПСС разгледзелі пытанні аб развіцці сельскай гаспадаркі і паляпшэнні кіравання эканомікай. Замест створанай у 1957 г. тэрытарыяльнай сістэмы кіравання была зноў уведзена галіновая пад кіраўніцтвам асобных міністэрстваў. Былі пашыраны правы прадпрыемстваў па распараджэнні прыбыткамі (прадпрыемствы атрымалі магчымасць будаваць жыллё, дзіцячыя садкі, санаторыі для сваіх супрацоўнікаў, што павялічвала стымуляванне працы), былі прыняты меры па барацьбе з безгаспадарчасцю, па лепшым выкарыстанні рэсурсаў. З калгасаў і саўгасаў спісваліся даўгі, павялічваліся закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, узрасла тэхнічная ўзброенасць вытворчасці. Канчаткова былі ліквідаваны апошнія прыкметы савецкага прыгонннага права для калгаснікаў - як і ўсе іншыя грамадзяне краіны, яны атрымалі пашпарты, права на пенсію, на гарантаваную аплату працы. Большая свабода была дадзена ў развіцці ўласнай гаспадаркі.
48. Культурнае жыцце БССР у сяр. 50 –сяр. 80-х гг 20 ст.

За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР.


Але першыя пасляваенныя гады адзначыліся новай хваляй шырокамаштабных рэпрэсій на Беларусі, звязаных з дзейнасцю паплечніка Берыі Я. Цанавы.. Ішоў працэс ідэалагізацыі ўсіх сфер жыцця. Рэальную ўладу ўтрымлівалі партыйныя камітэты. Узмацняліся русіфікатарскія тэндэнцыі ў палітыцы цэнтральных органаў улады, гэтаму спрыяла дзейнасць на Беларусі прысланых з Масквы партыйных і савецкіх работнікаў (асабліва пасля дыскусіі па мовазнаўстве ў 1950 г.).

Але адбывалася аднаўленне сістэмы адукацыі. Да 1950 г. ўдалося аднавіць даваенную сетку агульнаадукацыйных школ, ішло павелічэнне колькасці сярэдніх школ. Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання. У 1944 - 1945 гг. працавалі 22 ВНУ. Хутка адраджалася акадэмічная навука, флагманам якой стала аднавіўшая сваю работу ў 1944 г. АН БССР. К канцу 1950 г. ў рэспубліцы дзейнічала 77 навуковых устаноў.

Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат афіцыйнай ідэалогіі прывёў да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу (раманы А. Стаховіча, М. Паслядовіча і інш.). Галоўная тэма - мінулая вайна (І. Мележ, М. Лынькоў, І. Шамякін…). Гэтаму ж былі прысвечаны і першыя пасляваенныя п’есы К. Крапівы, А. Маўзона, А. Кучара.

Тэатральнае мастацтва таксама адчувала на сабе ідэалагічы ўціск партыйнага кіраўніцтва. Калі ў сезоне 1944/45 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8.

Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны, увасабленне героя з багатым унутраным светам. Героіку савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляюць мастакі Я. Ціхановіч, І. Давідовіч, Я. Зайцаў, В. Волкаў. З пачатку 50-х гадоў пачынаюць набываць папулярнасць жанравыя карціны (Г. Бржазоўскі, А.і І. Ткачовы, П. Гаўрыленка). Ярка праявіўся талент скульптара З. Азгура. Ён стварае цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З. Азгурам, А. Бембелем, А. Глебавым, С. Селіханавым.

Адной з адмоўных рыс адукацыі таго часу стала звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася нават выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 80-х гг. усяго каля 19 % дзіцячых садкоў і 23 % школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры.

У беларускім рэчышчы развіваецца літаратура. Узмацняецца яе сувязь з жыццём. Але захоўваецца ідэалагічнае кіраўніцтва, цэнзура, асабліва пашыраныя ў другой палове 60-х гг. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай вайны, але зараз мастакі слова большую ўвагу надаюць раскрыццю ўнутранага свету чалавека ў такіх экстрэмальных умовах (раманы А. Адамовіча, В. Быкава, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, дакументалістыка С. Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л. Дайнекі, В. Іпатавай, У. Караткевіча, К. Тарасава, п’есы А. Макаёнка, А. Петрашкевіча).

З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п’есы беларускіх драматургаў (А. Дударава, А. Макаёнка, М. Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В. Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета (“Стварэнне свету” А. Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя.

Дзяржава садзейнічае масаваму развіццю самадзейнай мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983 - 1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў.

Культура БССР сярэдзіны 50 - 80 гг. была цесна звязана з культурамі саюзных рэспублік і краін сацыялістычнага лагера. Ладзіліся тыдні і дэкады культуры Беларусі ў іншых краінах, фестывалі мастацтваў (“Дружба народаў”, “Беларуская музычная восень” і інш.), на гастролі выязжалі славутыя беларускія творцы, умацоўваліся сувязі творчых саюзаў і мастацкіх калектываў.

Неад’емнай часткай агульнай беларускай культуры з’яўляецца культура беларускага замежжа. Далёка ад радзімы працуюць таленавітыя навукоўцы і творцы: нобелеўскі лаўрэат, вучоны І. Прыгожын, літаратары Н. Арсеннева, М. Сяднёў, М. Галіна (родны брат Я. Коласа), У. Дудзіцкі, Р. Жук-Грышкевіч, архітэктар і мастак М. Навумовіч, гісторыкі Я. Запруднік, В. Жук-Грышкевіч, літаратуразнаўца З. Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку В. Кіпель і многія іншыя.

Такім чынам, беларуская культура перыяду 40 - 80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях праз празмерную ідэалагізацыю, партыйна-савецкае кіраўніцтва, класавы падыход. Абмяжоўвалася свабода творчасці, і, што найбольш цяжка для нацыянальнай культуры, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб глыбіні і высокім прафесійным узроўні культуры.


1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка