1. Прадмет, функцыі і задачы гістарычнай наукі




старонка10/16
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.14 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   16

35. Беларусь ва ўмовах германскай акупацыі. Абвяшчэнне БНР.


21 лютага 1918 г. выканкам Усебеларускага з’езда звярнуўся да народаў Беларусі з першай устаўной граматай, у якой яшчэ да склікання Устаноўчага сойма (з’езда) аб’явіў сябе часовай уладай на Беларусі. Да адкрыцця сойма выканаўчыя функцыі ўскладаліся на створаны выканкамам - Народны сакратарыят (урад), старшынёй якога стаў лідэр правага крыла БСГ Я.Я.Варонка. У першай устаўной грамаце падкрэслівалася, што “беларускі народ павінен здейсніць свае права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці - на нацыянальна-персанальную аўтаномію”.

9 сакавіка 1918г. выканкам Усебеларускага з’езда прыняў другую ўстаўную грамату, у якой аб’явіў Беларусь “у рубяжах рассялення і лічбавай перавагі беларускага народу” народнай рэспублікай – БНР. Выканкам быў пераіменаваны ў Раду БНР, прэзідыўм якой узначаліў прадстаўнік БСГ І.М.Серада Выканаўчым органам аб’яўляўся Народны сакратарыят, які назначала Рада і які быў адказны перад ёй.

25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады была прынята трэцяя ўстаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. БНР абвяшчалася ў межах этнічнага пражывання і колькаснай перавагі беларускага народа. У грамаце Рада дабівалася перагляду ўмоў Брэсцкага міру, падпісанага 3 сакавіка 1918г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, у дакументах якога Беларусь не прызнавалася самастойным нацыянальным рэгіёнам Расіі і не мела свайго наймення (у той час, як з Украінскай Народнай Рэспублікай мірныя умовы былі заключаны асобна).

Але Германія не прызнавала БНР. Не дапамог нават зроблены Радай БНР адчайны крок, які не прынёс ніякіх дывідэнтаў, але пакінуў цяжкі след у яе гісторыі: 25 сакавіка 1918г. на закрытым паседжанні быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму II, у якой выказвалася ўдзячнасць за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Ініцыятыва пасылкі тэлеграмы зыходзіла ад Р.Скірмунта. На гэты шлях Раду падштурхоўваў прыклад Літвы, Украіны і Польшчы. Тэлеграма выклікала хвалю пратэсту ў палітычных партыях і ў розных слаях насельніцтва.

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918г. у Германіі Расія дэнансавала Брэсцкі мірны дагавор і рушыла Чырвоную Армію на Захад. 10 снежня 1918г. Чырвоная Армія увайшла ў Мінск. Большасць членаў Рады і урада БНР пакінулі сталіцу.

У юрыдычным сэнсе БНР дзяржавай не стала. Наяўнасць самастойнай дзяржаўнасці прадугледжвае не толькі абвяшчэнне тых ці іншых афіцыйных дэкларацый, але і функцыяніраванне рэальнай сістэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, выпрацоўку і прыняцце законаў, іх рэалізацыю, гэта значыць праватворчую дзейнасць, выкананне канкрэтных функцый, гарантыю забяспячэння правоў і свабод сваіх грамадзян. Усё гэта адсутнічала, таму БНР з'яўлялася толькі зародкавай формай, магчымай перспектывай дзяржаўнага ўтварэння. Хоць рэспубліка і абвяшчалася ў этнічных межах пражывання беларусаў, сваю юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не ажыццяўляла. Пагранічных падзелаў і службы не было, як не было і арміі. Адсутнічала фінансавая сістэма, не сфарміраваліся органы ўлады на месцах. Урэшце, у БНР не было і канстытуцыі ў поўным сэнсе гэтага слова. Функцыі ўрада абмяжоўваліся ажыццяўленнем паўнамоцтваў нацыянальнага ўрада пры германскай акупацыйнай адміністраціі і рашэннем шэрага задач у культурна-асветніцкай сферы, а таксама ў галіне развіцця мясцовай прамысловасці і гандлю.

Прыняцце акта аб незалежнасці БНР, дзейнасць яе Рады актывізавалі рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, прымусілі бальшавіцкі ўрад У.І.Леніна перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Беларусі і пайсці на стварэнне хоць і абмежаванай у правах, але ўсё ж беларускай дзяржаўнасці.

36. Утварэнне БССР і ЛітБелССР. Савецка-польская вайна і яе вынікі.


Актыўнымі выразнікамі ідэі бедарускай дзяржаўнасці сталі дзеячы левага крыла нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі 3.Жылуновіч, А.Чарвякоў, І.Лагун, Я.Дыла, Б.Тарашкевіч, Я.Канчар і іншыя. У пачатку 1918г. яны склалі аснову Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама), створанага ў адпаведнасці з дэкрэтам У.Леніна ад 31 студзеня 1918г. Ён функцыяніраваў на правах аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў PCФCP.

Пазіцыі Белнацкама ў пытанні дзяржаўнасці падтрымлівалі беларускія секцыі РКП/б/, якія існавалі ў I9I8-I9I9гг. у Петраградзе, Маскве, Варонежы, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. гарадах. Праз газету «Дзянніца» настойліва прапагандавалася ідэя права на самавызначэнне беларускага народа на аснове савецкага ладу і ў саюзе з РСФСР.

Вырашальным крокам на шляху самавызначэння Беларусі з'явіліся рашэнні канферэнцыі беларускіх секцій РКП/б/, якая адбылася 21-23 снежня 1918г. у Маскве. Канферэнцыя прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, выбрала Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП/б/ з 5 чалавек на чале з З.Жылуновічам. Цэнтральнаму бюро было даручана пасля прызначанай на канец 1918г. VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП/б/ склікацть Усебеларускі з'езд камуністў і стварыць нацыянальны партыйны цэнтр. Прынятыя дакументы паставілі ЦК РКП/б/ перад неабходнасцю тэрмінова вырашаць праблему беларускай дзяржаўнасці.

30 снежня I9I8г. у Смаленску для абмеркавання пытання аб утварэні БССР і КПБ Паўночна-Заходні абласны камітэт РКП/б/ склікаў VI Паўночна Заходнюю абласную канферэнцыю РКП/б/, якая і прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. У склад БССР уключаліся Мінская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. Паўночна-заходняя арганізацыя РКП /б/ была перайменавана ў КП/б/Б і засталася, як і ўсе іншыя нацыянальна-тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі, часткай РКП/б/. Гэта канферэнцыя аб'явіла сябе I з'ездам КП/б/Б.

I студзеня 1919 г. у Смаленску быў абнародаваны Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага савецкага ўрада, які абвясціў утварэнне БССР і асноўныя палажэнні дзяржаўнага статуса рэспублікі. Уся улада перадавалася Саветам рабочых, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; зямля, воды, нетры, фабрыкі і заводы абвящчаліся ўласнасцю народа. Усе законы, дагаворы, пастановы, загады і распараджэнні «як рады і яе слуг, так сама нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх акупацыйных улад лічацца несапраўднымі».

5 студзеня 1919 г. сталіцай БССР стаў Мінск, куды 8 студзеня пераехаў і Часовы урад.

Аднак у перыяд падрыхтоукі з’езда, 16 студзеня 1919г., ЦК РКП/б/ прыняў рашэнне аб далучэнні да РСФСР Віцебскай, Магілёускай і Смаленскай губерняў і аб'яднанні часткі БССР, што засталася, з Літоўскай ССР. Спыненне нацыянальна-дзяржаўага будауніцтва на Беларусі такім ганебным чынам тлумачылася інтарэсамі сусветнай пралетарскай равалюцыі, аховай яе ядра – Савецкай Расіі – ад імперыялістычных захопнікаў.

2 -3 лютага 1919 г. у Мінску праходзіў Усебеларускі з'езд Саветаў на якім Я.М.Свярдлоў зачытаў пастанову Прэзідыўма УЦВК «Аб прызнанні незалежнасці БССР». Тут жа па прапанове Я.Свярдлова было прынята рашэнне аб аб'яднанні БССР з Літоўскай ССР.

Акрамя таго, з’езд прыняў Канстытуцыю БССР, якая поўнасцю адпавядала Канстытуцыі РСФСР 1918г.

27 лютага 1919г. былі створаны ЦВК Літоўска-Беларускай ССР (100 чалавек) і яго прэзідыум на чале з К.Цыхоўскім, урад аб'яднанай рэспублікі –Савет Народных Камісараў на чале з В.Міцкявічусам-Капсукасам. У склад ЛітБел увайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалскай губерняў з больш як 6-мільённым насельніцтвам.

У жніўні 1919г. тэрыторыя ЛітБел поўнасцю была акупіравана польскімі войскамі. Фармальна ЛітБел праіснавала да ліпеня 1920г. 31 ліпеня 1920г. пасля выгнання Чырвонай Арміяй палякаў з Мінска, была абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці БССР. У дэкларацыі сцвярджалася, што рэспубліка будуецца на прынцыпах «дыктатуры пралетарыята і выкарыстання ўсяго вопыту Савецкай Расіі».

У перыяд свайго другога абвяшчэння рэспубліка аднавілася толькі ў межах Мінскай губерні. Па Рыжскаму мірнаму дагавору, які быў падпісаны 18 сакавіка 1921г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, да Польшчы адышла ўся Заходняя Беларусь з насельніцтвам больш чым 4 млн.чалавек. Усходнія землі па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй Расіі.

Такім чынам, працэс станаўлення беларускай дзяржаунасці ў I9I7-I920гг. быў надзвычай цяжкім і драматычным. Спецыфічнае геаграфічнае становішча Беларусі, перапляценне гістарычных лёсаў беларусаў з лёсамі прадстаўнікоў іншых народаў, і перш за ўсё рускага, польскага, літоўскага, іншыя асаблівасці абумовілі тое, што ў ёй агульнанацыянальныя інтарэсы ўступалі месца партыйна-класавым імкненням розных труп насельніцтва. Акрамя таго, праяўляў жывучасць як вялікарускі, так і вялікапольскі шавінізм. Аднак, нягледзячы на тэрытарыяльныя страты ў гады вайны, была ўтворана і прызнана «дэ-юрэ» беларуская нацыянальная дзяржаўнасць.

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка