1. Пытанні культуры мовы ў Беларусі ў 1920-я гады




Дата канвертавання01.05.2016
Памер348.24 Kb.
Сяргей Запрудскі

КАМПАНІЯ ЗА КУЛЬТУРУ МОВЫ Ў БЕЛАРУСІ Ў 1930-Я ГАДЫ



Апублікавана: Roczniki Humanistyczne (Lublin). T. LIII, zesz. 7. Seria: Słowianoznawstwo. 2005, s. 113-136.

1. Пытанні культуры мовы ў Беларусі ў 1920-я гады. У першай палове 1920-х гадоў галоўнымі клопатамі беларускіх лінгвістаў былі распрацоўка тэрміналагічнай лексікі, стварэнне універсальных перакладных слоўнікаў, удасканаленне правапіснай сістэмы беларускай мовы і далёка ў меншай ступені – падрыхтоўка рэкамендацый у галіне культуры мовы. Такая іерархія задач была абумоўлена станам тагачаснай беларускай літаратурнай мовы. Радыкальна пашыраючы свае грамадскія функцыі, нацыянальная пісьмовая мова беларускага народа вымагала інтэнсіўнай распрацоўкі найперш у тых галінах, якія забяспечвалі б яе паўнацэннае функцыянаванне ў якасці афіцыйнай мовы маладой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Прыватная задача спарадкавання выразных сродкаў мовы, засяроджванне на праблемах правільнасці, дакладнасці, чысціні мовы паводле сваёй важнасці і актуальнасці ў пачатку 1920-х гадоў не маглі ісці ў параўнанне з агульнай і фундаментальнай задачай стварэння поліфункцыянальнай літаратурнай мовы; таму ў гэты час беларускія навуковыя інстытуцыі праблемамі культуры мовы не займаліся. Неспрыяльным фактарам для распрацоўкі ў беларускай лінгвістыцы пытанняў культуры мовы ў першай палове 1920-х гадоў быў і своеасаблівы этап, перажываны ў гэты час беларускім грамадствам, звязаны з наяўнасцю ў ім (пост)рэвалюцыйных настрояў, калі адбываліся радыкальныя сацыяльныя змены; пытанні культуры мовы, да таго ж яшчэ належным чынам не сфармуляваныя, у гэты час знаходзіліся на другім плане.

1.1. Сітуацыя, аднак, даволі моцна змянілася ў другой палове 1920-х гадоў. У гэты час у друку з’явілася вялікая колькасць матэрыялаў, прысвечаных асэнсаванню ў беларускай мове тых або іншых слоў, выразаў ці канструкцый з пункту гледжання правільнасці і дакладнасці іх ужывання ў беларускай мове, выразнасці, чысціні мовы і г. д. Характэрнай рысай публікацый 1920-х гадоў была выразная апора іх аўтараў на асабістае веданне імі беларускай мовы і ўласнае разуменне спосабаў вырашэння існуючых канкрэтных і агульных праблем; спасылкі на тэарэтычныя працы, гэтаксама як і выхады ў сваіх развагах па-за межы досведу беларускай лінгвістыкі ў іх сустракаліся даволі рэдка.

2. Пытанні культуры мовы ў Беларусі ў 1930-я гады. Зусім новыя і вельмі важкія падставы для разгортвання даследаванняў у галіне культуры мовы з’явіліся ў пачатку 1930-х гадоў, калі радыкальным чынам узмацніўся палітычна-ідэалагічны кантроль за прэскрыптыўнай па сваёй сутнасці беларускай лінгвістыкай таго часу. У пачатку 1930 года ў Беларускай Акадэміі навук адбылася дыскусія аб марксізме, мовазнаўстве і шляхах развіцця беларускай літаратурнай мовы (ёй папярэднічаў даклад “Аб марксізме і мовазнаўстве” мараўскага супрацоўніка В. Аптэкара). Беларускія мовазнаўцы аказаліся не гатовымі да ўспрыняцця “новага вучэння аб мове” Н. Мара і выключна крытычна паставіліся да тэзісаў, вылучаных дакладчыкам.1 У канцы красавіка 1930 г. вынікі гэтай дыскусіі разглядаліся на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б; падрыхтаваны спецыяльнай камісіяй пад старшынствам загадчыка аддзела культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б А. Сянкевіча тэкст 16 мая 1930 года быў зацверджаны як рэзалюцыя аб выніках дыскусіі аб мовазнаўстве. Упершыню некаторыя канкрэтныя праблемы развіцця беларускай мовы сталі прадметам разгляду высокага партыйнага органа. У гэтым дакуменце былі дадзены зусім новыя ацэнкі папярэдняму перыяду развіцця беларускага мовазнаўства, а таксама сфармуляваны некаторыя важныя палажэнні, якія ў многім прадвызначылі характар дыскусіі аб культуры мовы на бліжэйшыя гады.2

2.1. Рэзалюцыя бюро ЦК КП(б)Б “Вынікі дыскусіі аб мовазнаўстве” (1930). У рэзалюцыі сцвярджалася, што прадстаўнікі пэўнай палітычнай плыні – так званага нацыянал-дэмакратызму – “робяць спробу замацаваць свае пазіцыі ў галіне мовы і мовазнаўства”. Нацыянал-дэмакратычная пазіцыя ў галіне мовазнаўства выяўлялася ў “нянавісці да ўсяго расійскага, а таксама ў барацьбе супраць уключэння інтэрнацыяналізмаў у белмову”. На думку аўтараў рэзалюцыі, уласцівая “нацыянал-дэмакратам”,

...барацьба супраць русізмаў і інтэрнацыяналізмаў з’яўляецца, па сутнасці, барацьбой супраць ”саветызмаў". Такія факты, як замена слова “калектыў” словам “суполка”, “арцель” — словам “сябрына”, замена слова “эксплуатацыя” словам “вызыск” і г. д., сведчыць аб тым, што пад шыльдай барацьбы за чысціню мовы вядзецца барацьба супраць пралетарскай рэвалюцыі. Адначасова беларускія словы замяняюцца польскімі словамі, напр[ыклад], слова ”земляробства” выкідваецца і замяняецца словам ”рольніцтва", у астатнім факце нельга не ўгледзець адбітку палітычнай арыентацыі на капіталістычны Захад — на белую пакуль Варшаву супраць чырвонай Масквы.3


У рэзалюцыі было багата ўдзелена ўвагі такой катэгорыі культуры мовы як чысціня. З аднаго боку, яна была абвешчана недабранадзейнай катэгорыяй (гл. вышэй). З другога, было прызнана, што ў “нацыянал-дэмакратычнай” трактоўцы носьбітамі чыстай (у двухкоссі) беларускай мовы з’яўляліся “адсталыя слаі сялян”, затое “роля пралетарыяту ва ўтварэнні літаратурнай мовы з’яўляецца пасіўнай”.4 Паколькі тон у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы ў 1920-я гады вызначалі “нацыянал-дэмакраты”, пастолькі створаная імі з выкарыстаннем “заганных” установак беларуская літаратурная мова вымагала неадкладнага выпраўлення. Арыентаваная на “адсталыя слаі сялянства” літаратурная мова аказалася непрымальнай у перыяд правядзення калектывізацыі, у час, калі сялянства як сацыяльны клас карысталася асаблівым недаверам з боку ўладаў. У новай гістарычнай сітуацыі ставілася задача выпрацаваць такую літаратурную мову, якая абапіралася б найперш не на сялянства, а на іншыя сацыяльныя групы. Такой найважнейшай групай з’яўляўся пралетарыят.5

2.2. Публікацыі 1930 года. Новыя падыходы да фарміравання літаратурнай мовы наогул і тэорыі культуры мовы, у прыватнасці, неўзабаве знайшлі адлюстраванне на старонках беларускага друку. Так, тэарэтычны артыкул, у якім многа ўвагі аддавалася класаваму характару мовы, ролі пралетарыяту ў фарміраванні літаратурнай мовы і тэорыі моўнай самабытнасці, апублікаваў дырэктар Інстытута філасофіі Беларускай Акадэміі навук С. Вальфсон.6 На яго думку, перамога (“нацыянал-дэмакратычнага”) падыходу, згодна з якім пралетарыят не можа ўплываць на беларускую мову, азначала б тое, што беларуская мова аказалася б менш саветызаванай у параўнанні, напрыклад, з рускай ці грузінскай. Такім чынам, “тая «пераніцоўка», якую зрабіў Кастрычнік у адносінах рускае мовы, прайшла б міма мовы беларускае”.7 Паводле С. Вальфсона, такі падыход непасрэдна падводзіў бы мовазнаўцаў да “аднаго з асноўных сімвалаў нацыянал-дэмакратычнай «веры»”, да скампраметаванай у галіне гісторыі, літаратуры, крытыкі, эканомікі, мастацтва “так званай тэорыі самабытнасці”.8 Моўную самабытнасць С. Вальфсон назваў “адной з тых траншэй, у якіх умацоўваецца варожая пралетарыяту навуковая ідэалогія. Па гэтай траншэі і трэба адкрыць агонь марксісцкай крытыкі”.9 Кіруючыся тэарэтычнымі палажэннямі Н. Мара, С. Вальфсон адстойваў тэзіс аб існаванні ўнутры беларускай мовы дзвюх розных “класавых” моў:

“Як быццам бы на аднэй (выдзелена аўтарам. – С. З.) беларускай мове пісаліся ў 1918 г. пракламацыі рэвалюцыйных партызан і слаліся вернападданыя тэлеграмы кайзеру... Як быццам бы адна беларуская мова ў рэкрутуемых у армію калгаснікаў беларускіх беднякоў і батракоў і ў вясковай верхавінкі, якая раскулачваецца... Як быццам бы на аднэй беларускай мове тварылі Дунін-Марцінкевіч і Міхась Чарот. Як быццам адная і тая ж мова мінскай камуністычнай “Звязды” і віленскай ксяндзоўскай “Крыніцы”... Не, тут дзве мовы, і не толькі па зместу, але і па эмацыянальна-класавай афарбоўцы мовы, па яе агульнаму тонусу, па яе стылістыцы, па характару фразеалагічных сродкаў, па складу слоўніка, па фанетычных і марфалагічных асаблівасцях і г. д.”10


Паколькі ў 1920-я гг. беларускія мовазнаўцы імкнуліся сцвердзіць адметны характар беларускай мовы, прымяняльна да яе такі падыход абазначаў поўную змену арыенціраў у моўным будаўніцтве. Акрамя таго, вылучэнне ў межах адной мовы дзвюх асобных “класавых” моў адкрывала шырокія магчымасці для кваліфікацыі адных моўных сродкаў як быццам уласцівых аднаму грамадскаму класу, а іншых – як іманентна ўласцівых другому грамадскаму класу.11 У выніку, пачынаючы з 1930 г. у многіх працах пачало шырока практыкавацца прывядзенне цэлых спісаў праскрыбаваных “шкодніцкіх”, “класава варожых” слоў. Так, напрыклад, да ліку непрымальных паводле класавай прыкметы ў беларускай мове слоў Я. Мацюкевіч залічыў словы абшарнік, асадніцтва, асэсар, блюзнерства, выправа, гелда, забяспека, залога, краёвая армія, лёсы, паспаліты, рольніцтва, самаўрад, сойм, суполка, упраўнік, і іншыя.12

Найбольш неспрыяльны лёс мог чакаць тыя словы, якія, згодна з апублікаванымі ў канцы 1930 г. матэрыяламі, былі кваліфікаваны як “шкодніцкія” самімі арыштаванымі на той час “нацдэмамі”. Так, напрыклад, аб шкодніцкім характары дзейнасці беларускіх мовазнаўцаў 1920-х гадоў, які нібыта прадугледжваў арыентацыю “на мову кулака, а не на мову беларускага бядняцка-серадняцкага сялянства і беларускіх рабочых”, гаварыў у адной са сваіх прамоў у канцы 1930 года старшыня СНК БССР Мікалай Галадзед. Пры гэты ён спасылаўся на матэрыялы допыту арыштаванага лінгвіста Я. Лёсіка, які нібыта сам прызнаў уласныя заганныя ўстаноўкі, называючы пры гэтым лексемы вызыск (ужыванага замест класава прымальнага слова эксплуатацыя), струна (замест хорда), вогнішча (замест фокус), страмапіс (замест парнаграфія), процівакутная (замест перпендыкуляр).13 Варта падкрэсліць грамадскі характар публікацый Я. Мацюкевіча і М. Галадзеда: яны былі змешчаны ў папулярным друку ў адным нумары газеты поруч з шэрагам іншых матэрыялаў, надрукаваных з мэтай кампраметацыі “нацдэмаў”. Прапагандысцкі характар публікацыі М. Галадзеда відаць і з таго, што да ліку “кулацкіх” у ёй залічаны такія кніжна-навуковыя лексемы, якія малаверагодна, каб ужываліся ў сялянскім асяроддзі ўвогуле (параўн., напрыклад: струна або хорда, вогнішча або фокус, страмопіс або парнаграфія).



2.3. Калектыўная праца 1931 г. “Мовазнаўства”. На больш шырокі тэарэтычны і практычны лад новыя падыходы да фарміравання беларускай літаратурнай мовы былі пастаўлены ў калектыўнай працы “Мовазнаўства”, падрыхтаванай супрацоўнікамі узначальванай С. Вальфсонам кафедры марксізму-ленінізму Беларускай Акадэміі навук.14 Яе аўтары палічылі, што лінгвістыка з’яўляецца “адным з найбольш паражоных контррэвалюцыйным нацдэмакратызмам вучасткаў ідэалагічнага фронту БССР”. У гэтай працы была абгрунтавана місія пралетарыяту як стваральніка новай мовы у зацятай барацьбе з кансерватыўным класам:

Клас – прэтэндэнт на грамадскую гегемонію, малады рэвалюцыйны клас стварае сваю мову, афарбоўвае яе ў пэўныя класава-эмацыянальныя тоны, надае сваёй мове наўмысля абвостраныя формы, што колюць, рэжуць, б’юць. Ён насычае яе неалагізмамі, народжанымі патрэбнасцю палітычнага дня. Ён наўмысля часам грубаватай бравурнасцю адкідае філалагічныя каноны, устаноўленыя тымі класамі, з якімі ён уступае ў гістарычную сутычку, руйнуе моўную традыцыю усталяваных эпох. Клас жа рэакцыянер, клас, які зыходзіць з гістарычнай арэны, імкнецца максімальна процідзейнічаць гэтай варожай яму стыхіі. Ён імкнецца закансерваваць архаізмы мовы, ён абураецца „блюзнерскімі замахамі некультурнага, неадукаванага натоўпу” на свяшчэнныя прынцыпы моўнай традыцыі. Ён выкрывае “процінатуральнасць” і “ненавуковасць” новых моўных утварэнняў, якія выходзяць ад класа-рэвалюцыянера... і выкідае над сваімі філалагічнымі цытадэлямі баявы сцяг пурызму – свяшчэннай непарушнай, непахіснай, закансерваванай чыстаты мовы гістарычна вырачаных класаў.15


Такім чынам, у працы “Мовазнаўства” была сфармулявана неабходнасць ствараць новую літаратурную мову пры дапамозе “наўмысля абвостраных”, “народжаных патрэбнасцю палітычнага дня” формаў. Лінгвістычная спадчына папярэдняга дзесяцігоддзя была ахарактарызавана ў працы “Мовазнаўства” выключна тэндэнцыйна, ёй, паводле аўтараў кнігі, былі ўласцівы наступныя прынцыпы:
1) увядзенне ў сучасную беларускую мову архаізмаў усялякага роду, у большасці запазычаных з рэлігійных помнікаў сярэднявечча і гістарычных дакументаў той жа эпохі;

2) утварэнне новых слоў на прынцыпах пурызму – захавання “самабытнай” чыстаты беларускай мовы і выгнання з яе элементаў інтэрнацыяналізму;

3) ахова беларускай мовы ад пранікання ў яе савецізмаў і процідзеянне ўплыву на яе развіццё пралетарыяту;

4) барацьба з рускімі элементамі ў беларускай мове і максімальная паланізацыя яе.16


У працы багата прыводзіўся фактычны матэрыял, які, на думку яе аўтараў, шырока ілюстраваў акрэсленыя падыходы.

2.4. Новы падыход належным чынам засвоены не ўсімі. З увагі на тое, што мова ў значнай меры русіфікаванага пралетарыяту не лічылася беларускімі мовазнаўцамі 1920-х гадоў за вартую крыніцу абагачэння літаратурнай мовы, можна было чакаць, што будучае фарміраваннне літаратурных нормаў будзе моцна адрознівацца ад практыкі 1920-х гадоў. Між тым, прыведзеныя вышэй пракламаваныя ідэалагічна-палітычныя падыходы не адразу сталі выразным кіраўніцтвам да дзеяння для ўсіх людзей, якія маглі ўплываць на нармалізацыю літаратурнай мовы. Узус стаў змяняцца, аднак гэтымі зменамі былі незадаволены некаторыя пісьменнікі. Тым часам дэзарыентаваны навязаным яму класавым падыходам да мовы Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук свядома затрымліваў публікацыю некаторых сваіх важных падрыхтаваных да друку прац і ўхіляўся ад непасрэдных адказаў на бягучыя пытанні, якія паўставалі ў штодзённай практыцы. Так, з апублікаванай у красавіку 1932 г. нататкі “Пра мову ДВБ” можна даведацца, што “Інстытут мовазнаўства БАН у выданні слоўніка ідзе самымі маруднымі тэмпамі”, што “звароты стыльрэдакцыі (Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. – С. З.) у БАН па пытаннях тэрмінаў і некаторых слоў засталіся без адказу”, што “кафедра хіміі адмовілася даць дакладную ўстаноўку для ўжывання тых ці іншых тэрмінаў” і г. д.17 Калі ж трохі пазней у 1932 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” і часопісе “Кніга масам” быў надрукаваны артыкул С. Астрэйкі “Нядбайліцы і бракаробы на моўным фронце”, то ў ім перадусім вялася эмацыянальная гаворка пра непісьменнасць, уласцівую кніжнай прадукцыі Беларускага дзяржаўнага выдавецтва і Дзяржаўнага навукова-тэхнічнага выдавецтва Беларусі, але заклікі да класавага падыходу былі зроблены толькі ў агульным плане. Аўтара больш за ўсё турбавалі русізмы, пашыраныя ў тагачаснай выдавецкай практыцы. У прыватнасці, ён крытыкаваў ужыванне формаў тыпу маючыяся, набалеўшыя, карасін, рашымасць, адрыцанні, паследства, ушчэрб, абман, староннікі, страданні (замест іх ён лічыў патрэбнымі ўжываць формы набалелыя, газа, рашучасць, адмаўленне, вынік, урон, ашуканства, прыхільнікі, пакуты; зваротную форму дзеепрыметніка ён лічыў неабходным перадаваць даданым сказам). Аўтар паведаміў, што ў навукова-тэхнічным выдавецтве знайшоў ужытак падыход, паводле якога словы газа, попел, шруба, варштат, выстарчальны былі залічаны ў лік “правінцыялізмаў” і забаронены да ўжывання. Між тым, паводле С. Астрэйкі, раней партыйны і савецкі перыядычны друк “праз увесь час” ужываў гэтыя словы, і дагэтуль “ніхто яшчэ ніколі не скардзіўся, што яны незразумелыя”. Аўтар паінфармаваў таксама, што ў гэтым жа выдавецтве меліся выдаваць загады пра забароненыя словы. На прыкладзе разгляду мовы кнігі М. Баравога і М. Іваноўскага “Шукальнікі ўтылю” (Мінск, 1932) аўтар палічыў магчымам сцвердзіць, што ў дадзеным выпадку мела месца “знеасабленне беларускае мовы, ператварэнне яе ў гаворку”, “выразнае свядомае абмінанне ўласцівасцяў беларускае мовы” (выдзелена аўтарам. – С.З.).18

2.5. Кампанія 1933 г. у сувязі з артыкулам П. Глебкі “Праца над словам”. Выразнай падставай для умацаванння новага падыходу стала ідэалагічная кампанія, якая разгарнулася ў беларускім друку пасля публікацыі ў пісьменніцкім часопісе “Заклік” артыкула Пятра Глебкі “Праца над словам”.

У сваім артыкуле П. Глебка падкрэсліў патрэбу для літаратара мець добры густ да слова, умець адчуваць яго эмацыянальную афарбоўку. Спецыяльны пасаж пісьменнік прысвяціў і такой катэгорыі, як чысціня мовы. У прыватнасці, ён сцвердзіў, што

кожная мова мае свае асаблівасці, сваю форму, свае законы змен і развіцця. І таму, калі слова пападае з якое-небудзь мовы ў другую, яно перафармоўваецца там паводле законаў апошняе. Такі працэс зусім нармальны. Але часта бывае, што ў мову пераносяцца словы з іншае без жаднай патрэбы і змен і тым самым толькі загрувашчваюць мову лішнім матар’ялам, парушаюць яе чыстату і стройнасць. Каб унікнуць гэтага, пісьменнік павінен аберагацца ад ужывання чужаземных слоў, русізмаў, паланізмаў і г. д., калі яны не прышчапіліся ў нашай мове і калі ў нас ёсць адпаведныя словы для выражэння тых жа паняццяў.19
У сваім артыкуле П. Глебка таксама назваў шэраг крыніц, да якіх павінны звяртацца маладыя аўтары, жадаючы добра засвоіць мову. Да ліку такіх крыніц былі залічаны 1) “слоўны матэрыял, якім карыстаецца навакольная грамадскасць”, 2) літаратурная мова, 3) вусная народная творчасць, 4) слоўнікі беларускай мовы, 5) наватворы.

Публікацыя П. Глебкі выклікала выбух (несумненна, арганізаванага) абурэння.

Так, аўтары газеты “Чырвоная змена” С. Вязін і У. Дуброўскі кваліфікавалі меркаванні П. Глебкі аб існаванні ў слова эмацыянальнай афарбоўкі як ідэалістычныя. С. Вязін і У. Дуброўскі абвінавацілі пісьменніка ў тым, што ў сваім артыкуле ён нічога не сказаў аб класавасці мовы і аб “класавых наватворах” тыпу саветы, камуністы, ударнік, бядняк, інтэрнацыяналізм, а прывёў толькі наватворы тыпу безумоўна, адлюстраванне, носьбіт. Аўтары “Чырвонай змены” выказалі прэтэнзію ў тым, што П. Глебка не арыентаваў маладых аўтараў на засваенне новых слоў сацспаборніцтва, ударніцтва, прамфінплан, але замест гэтага адсылаў маладых літаратараў да розных старых (“архіўных”) або скампраметаваных слоўнікаў. Выступіўшы за захаванне чысціні мовы, П. Глебка, на думку С. Вязіна і У. Дуброўскага, “становіцца кулацкім архангелам з пяром у руках на ахове беларускай літаратурнай мовы”.20

Алесь Кучар у артыкуле “Выкрыць памылкі, павысіць пільнасць” сцвердзіў, што у артыкуле П. Глебкі ёсць “грубейшыя палітычныя памылкі”. Такой памылкай, паводле А. Кучара, з’яўлялася парада П. Глебкі захоўваць чысціню мовы. На думку А. Кучара, П. Глебка спрыяў “уваскрашэнню тэорыі «самабытнасці» і свяшчэннасці народнае творчасці”... У цэлым, згодна з Кучарам, у артыкуле Глебкі недаацэнена значэнне мовы як “магутнага сродка ў класавым (выдзелена аўтарам. – С.З.) змаганні”.21

Трафарэтныя абвінавачванні на адрас П. Глебкі ў значнай ступені знаходзім і ў артыкуле, апублікаваным у газеце “Звязда”. Арыгінальным у артыкуле Вішневіча з’яўляецца хіба папаўненне пералічаных П. Глебкам крыніц абагачэння лексікі мовай партыйна-савецкага друку і партыйных дакументаў. Ужываючы ў сваім артыкуле словы загрувашчваць, кагадзе, выйсце, жадны, П. Глебка, на думку Вішневіча, “робіць стаўку на «самабытнасць» беларускай мовы”. Між тым, паводле аўтара газеты “Звязда”,

...у класавай мове, мове класавага грамадства жывуць і змагаюцца між сабой некалькі слоў для азначэння аднаго і таго ж паняцця. І звычайна бывае, што так званае “чыстае”, г. зн старое слова з’яўляецца адпаведнікам кансерватыўнага класа, а “чужое”, г. зн. новае – рэвалюцыйнае. Возьмем такі прыклад: для назвы калгаса кулак ужывае такое “чыстае” беларускае слова як “абязмежка”, для азначэння саветаў нацдэмы ўжывалі “чыстае” слова “рада” і г. д. Такім чынам, Глебка робіць тую ж буржуазную ўстаноўку, выпустошваючы класавы змест слова, а фактычна падобна да нацдэмаў хоча адгарадзіць мову ад уплыву “русізмаў”, слоў новага быту і пераможнага сацыялістычнага будаўніцтва.22


Ідэалагічная прапрацоўка П. Глебкі ў сувязі з артыкулам “Праца над словам” была даволі паспяховай, і ў спецыяльным лісце ў рэдакцыю пісьменнік пакаяўся ў тым, што ў яго артыкуле быў рэалізаваны “не класавы, а фармалістычны падыход да мовы”.23 Несумненна, будучыя аўтары, якія мелі пісаць пра асаблівасці функцыянавання ў беларускай мове катэгорыі чысціні мовы і шляхі папаўнення яе слоўнікавага складу, мусілі мець на ўвазе ўрокі гэтай павучальнай ідэалагічнай кампаніі.

2.6. Уздзеянне на распрацоўку пытанняў культуры мовы дэкрэта СНК БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу” (1933). Своеасаблівае падагульненне папярэдніх публікацый у галіне культуры мовы і моўнага будаўніцтва наогул можна знайсці ў прэамбуле да прынятай у жніўні 1933 г. пастановы Савета народных камісараў БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”:

Нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, ствараў штучны бар’ер паміж беларускай і рускай мовамі і засмечваў беларускую мову рознымі сярэдневяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі.

Існуючы беларускі правапіс значна засьмечан указанымі нацыянал-дэмакратычнымі плынямі і таму падлягае зменам.
З прэамбулы вынікае, што пастанова СНК акрамя экспліцытнага, “правапіснага” зместу, адлюстраванага ў канкрэтных пунктах пастановы, мела і больш шырокі “літаратурна-моўны” і “культура-моўны” змест: у ёй пастулявалася неабходнасць ачысціць “засмечаную” беларускую мову ад “розных сярэдневяковых архаізмаў і буржуазных вульгарызмаў”. З гэтага часу дадзеная вымога стала асабліва актыўна рэалізоўвацца ў практыцы розных выданняў, якія імкнулся радыкальна парваць з моўным узусам папярэдняга дзесяцігоддзя.24

2.6.1. Паколькі рэформа не была падтрымана ў Заходняй Беларусі, а Беларускае навуковае таварыства ў Вільні падрыхтавала з гэтай нагоды спецыяльны пратэст, укараненне рэформы ў жыццё ў БССР было ў значнай меры арганізавана як скіраваная ў адказ на захады заходнебеларускіх дзеячоў контрпрапагандысцкая кампанія. Акурат з нагоды выступленняў ў заходнебеларускім друку 8 снежня 1933 года старшыня СНК БССР М. Галадзед прыняў дэлегацыю пісьменнікаў і навуковых работнікаў і выступіў перад імі з вялікай прамовай наконт рэформы правапісу. У сваім выступленні старшыня СНК неаднаразова закранаў аспекты, якія датычыліся культуры мовы. Так, ён, у прыватнасці, лічыў, што “контррэвалюцыйныя беларускія нацдэмы ўсімі сваімі і сваіх агентаў сіламі імкнуліся выгнаць з нашай мовы ўсякае новае слова, замяніць яго «самабытнай» адсябяцінай”. М. Галадзед сцвердзіў, што дэкрэт урада “рашуча ачышчае беларускую мову ад... сярэдневяковых архаізмаў і буржуазных вульгарызмаў, насаджаных беларускай нацыяналістычнай контррэвалюцыяй”. Асаблівай крытыцы старшыні СНК было паддадзена слова саўгач ‘поршань’, якое, як і іншыя падобныя словы, на думку М. Галадзеда, узнікла з мэтай “аддзяліць беларускую мову ад рускай для падрыхтоўкі адрыва БССР ад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік”.25

11, 13 і 15 снежня 1933 года быў праведзены агульны сход пісьменнікаў г. Мінска, галоўным дакладчыкам на якім выступіў А. Александровіч. Ён, у прыватнасці, казаў: “«Тэорыі» контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму пра так званы «самабытны» шлях развіцця беларускае мовы крыюць у сабе выразную антысавецкую сутнасць. Нацдэмы... змагаліся за адрыў мовы ад жыцця, ад гаворак пралетарыяту і працоўнага сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы інтэрнацыяналізму, змагаліся супраць саветызмаў – слоў, народжаных пралетарскай рэвалюцыяй, супраць слоў, аднародных з рускай мовай. Нацдэмы, паланізуючы мову, змагаліся за ўтварэнне буржуазнай рэспублікі, за падначаленне працоўных Савецкай Беларусі фашысцкаму ладу жыцця”.26 Прамоўцы на сходзе аднадушна падтрымалі праведзеную ўрадам рэформу. Так, напрыклад, Кандрат Крапіва сцвярджаў: “гэта «чыстата» мовы дасягалася (лінгвістамі-“нацдэмамі” – С. З.) тым, што вытручваліся (з беларускай мовы. – С. З.) усе тыя элементы, якія былі агульнымі для рускай і беларускай моў, уводзілася маса паланізмаў, ствараліся штучныя наватворы, абы толькі зрабіць мову найменш падобнай да рускай”.27 На думку М. Хведаровіча, “нацыянал-дэмакраты” стараліся ўводзіць у беларускую мову “як найбольш паланізмаў, баючыся хаця, каб якое-небудзь слова не было падобна на рускае, хаця б канчатак якога-небудзь слова не напамінаў рускі канчатак”.28 Паводле Я. Бранштэйна, паланізмы “маюць адно прызначэнне: працягнуць контррэвалюцыйную інтэрвенцыянісцкую тэорыю адрыва БССР ад СССР і «арыентацыю на Захад»”.29 Згодна з меркаваннем Р. Мурашкі, “ужыванне ў творчасці архаізмаў з’яўляецца ні чым іншым, як звядзеннем разрахункаў з сучаснасцю”.30



2.6.2. Правядзенне моўнай рэформы выклікала цэлы шэраг публікацый лінгвістычнага характару розных аўтараў, у якіх яны падтрымлівалі гэту рэформу і ў яе кантэксце крытычна разглядалі свой уласны або чужы вопыт моватворчасці і моваўжывання.

Так, 31 студзеня 1934 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” былі надрукаваны “Самакрытычныя заўвагі” Ю. Дрэйзіна, у якіх аўтар асэнсоўваў свае памылкі ў якасці ўкладальніка выдадзенай у 1926 г. музычнай тэрміналогіі і перакладчыка многіх вакальных твораў на беларускую мову. На новым этапе ён вырашыў зноў звярнуцца да тэмы музычнай тэрміналогіі у сувязі з разгорнутай у Беларусі кампаніяй барацьбы з “нікому не зразумелымі паланізмамі і архаізмамі”. Паводле ўласнай ацэнкі, у сваёй папярэдняй дзейнасці Ю. Дрэйзін нячаста выкарыстоўваў “архаізмы”.31 Што да паланізмаў, то аўтар артыкула вылучыў свае колішнія ўяўныя марфалагічныя паланізмы тыпу трэля, педаля, квінтоля, секстоля, ансамбля, вальц; акрамя таго Ю. Дрэйзін апраўдаў сябе тым, што ў перакладах вакальных твораў ён не ўжываў такіх слоў як вáда ‘недахоп’, гмах ‘вялікі будынак’, плён ‘сабраны ўраджай’ і інш. Як відаць з прыведзенага, аўтар, падобна, лічыў магчымым выкасоўваць з беларускай мовы вельмі многія паланізмы незалежна ад ступені іх засвоенасці беларускай мовай.

Практыка дырэктыўнай забароны на ўжыванне пэўных “класава нягодных” лексем была шырока выкарыстана ў калектыўным артыкуле “Нашы абвінавачванні Віцьбічу”.32 “Адной з асноўных палітычных памылак” пісьменніка было названа тое, што ён “сваёй мовай уносіць у беларускую мову цэлыя дзесяткі паланізмаў, архаізмаў і штучных наватвораў”. Да ліку недазволеных да ўжывання ў беларускай мове паланізмаў аўтарамі былі залічаны наступныя лексемы: навытліў ‘наводмаш, наводліў’, гзымса ‘карніз’, поўраз ‘вяроўка’, хатні спрат ‘хатнія рэчы’, марэнне ’трызненне’, гісерня ‘ліцейная майстэрня’, дукаты і шэлягі (у значэнні ‘грошы’), змёрлыя ‘памерлыя’, муства ‘мужнасць’, скрыдлы ‘крылы’, акрутны ‘не(па)збежны’, валіза, спадкаемнасць ‘спадчына’, мосяжны ‘латуневы’, цвінтар ‘царкоўны двор’, спейжарня, кашары ‘казармы’, спронжкі ‘спражкі’, пудла ‘спалохана’, супарад ‘супрацоўнік’. Адной з прычын такога ўжывання з’яўлялася, на думку аўтараў калектыўнага артыкула, вывучэнне Ю. Віцьбічам мовы “па нацдэмаўскіх слоўніках”. Сам факт трактоўкі выкарыстання пісьменнікамі тых або іншых канкрэтных слоў як “палітычных памылак” на падставе іх (слоў) залічэння ў “паланізмы”, “архаізмы”, “правінцыялізмы” ва ўмовах адсутнасці нарматыўных слоўнікаў вёў да ўзбуджэння ў асяроддзі карыстальнікаў беларускай літаратурнай мовы грамадскага псіхозу, змушанай арыентацыі толькі на самыя агульныя (і, як вынік, недастатковыя) прынцыпы словаўжывання, да заблытвання карыстальнікаў мовай адносна таго, якія лексемы з’яўляюцца прымальнымі і нарматыўнымі, а якія – не.

2.7. Дыскусія аб літаратурнай мове 1934 г. у рускай літаратуры. На працяканне дыскусіі аб культуры мовы ў Беларусі ў 1934-м і наступныя гады моцна паўплывала дыскусія аб літаратурнай мове, якая разгарнулася ў гэты час у рускай літаратуры. Выдатную ролю ў гэтай дыскусіі сыграў славуты пісьменнік Максім Горкі.

Спачатку ў канцы студзеня ў “Литературной газете” ён выказаў незадавальненне ў сувязі з тым, што падчас дыскусіі аб рамане маладога пісьменніка Ф. Панфёрава “Брускі” апошні бараніў сваё права карыстацца “недарэчным” (“нелепым”), “штучным” і “пачварным” (“уродливым”), паводле Горкага, словам скукожился. На думку Горкага, расійскую літаратуру таго часу ўжо не павінен быў гнясці слоўнік Даля, увогуле ж у творчасці Панфёрава выявілася тэндэнцыя “не заўважаць новай мовы, створанай рэвалюцыяй”.33 Потым у сярэдзіне лютага ў апублікаваным у той жа “Литературной газете” “Адкрытым лісце Серафімовічу” Горкі паставіў пытанне аб “бязлітаснай барацьбе за ачышчэнне літаратуры ад слоўнага хламу”, аб “слоўным штукарстве”, “пачварных”, “дзікіх слоўцах”, “старэчым пляценні слоўнай лухты”.34 Наступная публікацыя Горкага на моўную тэму – артыкул “Аб спрытнасці” – з’явілася на старонках “Правды”. Паводле аўтара, у літаратуры патрэбны былі “баявыя, рэвалюцыйныя адносіны да работы слоўнага мастацкага адлюстравання”, што ў сваю чаргу прадугледжвала “неабходнасць змагацца супраць засмечвання мовы смеццем пачварна прыдуманых слоў”.35



2.7.1. 18 сакавіка 1934 года ў газеце “Правда” ў суправаджэнні вялікага рэдакцыйнага паведамлення быў надрукаваны артыкул Горкага “Аб мове”. Рэдакцыя газеты цалкам салідарызавалася з пісьменнікам у яго барацьбе за “якасць літаратурнай мовы, за далейшы ўздым савецкай літаратуры”. У сваім артыкуле Горкі чарговы раз вылучыў задачу “арганізацыі мовы, ачышчэння яе ад паразітыўнага хламу”. Барацьба за чысціню, за сэнсавую дакладнасць, за “вастрыню мовы” была кваліфікавана ім як “барацьба за зброю культуры. Чым вастрэйшая гэтая зброя, чым больш дакладна накіравана, тым больш яна пераможная. Менавіта таму адны заўсёды імкнуцца прытупляць мову, іншыя – наточваць яе”.36 Названая дыскусія і непасрэдна горкаўскія артыкулы спрычыніліся да даволі строгай рэгламентацыі моўных сродкаў у рускай мастацкай літаратуры другой паловы 1930-х гадоў і паўплывалі на характар развіцця рускай літаратурнай мовы таго часу ўвогуле.37 Мелі яны непасрэдны водгук і ў Беларусі.

2.8. Зборнік “Пісьменнік і мова” і іншыя публікацыі 1934 г. Праз чатыры дні пасля публікацыі ў “Правде” артыкул Горкага “Аб мове” быў надрукаваны ў перакладзе на беларускую мову ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паўторна твор М. Горкага быў надрукаваны па-беларуску ў кнізе “Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы” (Мінск, 1934). З гэтагу часу ў многіх беларускіх публікацыях стаў улічвацца досвед, адлюстраваны ў гэтым артыкуле.38

Пра тое, што дыскусія 1934 г. пра культуру мовы ў беларускай лінгвістыцы мае разгортвацца ў тым ліку пад знакам выпрацаваных у цэнтральным друку падыходаў, сведчыў ужо першы сказ з прадмовы тагачаснага дырэктара Інстытута мовы Беларускай Акадэміі навук, “пралетарскага” пісьменніка А. Александровіча да зборніка “Пісьменнік і мова”: у ім гаварылася пра тое, што “пытанні якасці мовы мастацкага твора, узнятыя А. М. Горкім, набываюць выключна вялікае палітычнае значэнне для моў усіх народаў СССР”. Аўтар прадмовы паведаміў, што ў Беларусі барацьба за ачыстку мовы ад класава-шкодных плыняў асабліва востра была разгарнулася ў звязку з пастановай СНК БССР аб рэформе беларускага правапісу. У прадмове ставілася задача ачысціць “ад слоўнага хламу творчасць усіх пісьменнікаў нягледзячы на асобы. Упартасць некаторых пісьменнікаў, нежаданне прызнаць неабходнасці чысткі мовы ад старасвецкага гнілля будзе насіць класава варожы нам характар”. На думку А. Александровіча, адной з асноўных задач “нацдэмаў” было “засмечванне нашай мовы архаізмамі і буржуазна-нацыяналістычнымі «неалагізмамі»”. У выкарыстанні рознымі аўтарамі самабытнай лексікі, “лексікі «дыялектаў»” А. Александровіч убачыў своеасаблівы “прыём, метад беларускай контррэвалюцыі”, пры дапамозе якога праводзіцца барацьба супраць сацыялістычнага будаўніцтва.39

Аўтары зборніка “Пісьменнік і мова” ў канкрэтных моўных з’явах бачылі адзнакі выяўлення класавых антаганізмаў. Так, аўтар артыкула “Вырваць з корнем пустазелле” Міхась Клімковіч лічыў, што ў барацьбе супраць засмечвання мовы “важна браць не голыя асобныя словы, а словы разам з іх класавым значаннем, якое яны набываюць у тэксце, у спалучэнні з усёй ідэяй фразы... Справа ў класавай функцыі слова”. Выяўленне класавай функцыі слоў з неагляднай колькасці кантэкстаў розных твораў у спалучэнні з палітычнымі перакананнямі і вынаходлівасцю розных аўтараў, якія браліся гэта рабіць, давалі багаты плён на ніве пошуку “класава варожых” слоў. Так, астракізму ў артыкуле М. Клімковіча падлеглі ўжываныя рознымі беларускімі пісьменнікамі лексемы звонка ‘бубна’, хатулёк, бальшак, дапякаць сябе, нікаць, навідну, абрамізіць, аблямованы, кручаная ‘звар’яцелая’, кніжніца ‘бібліятэка’, сацьмець, закаўраш, насамперад, выпал ‘залп’, кагадзе, кашары і інш. Пісьменнік лічыў неабходным “адкінуць” з беларускай мовы “нягодны хлам, згніўшыя і струхлеўшыя архаізмы і нацдэмаўскія наватворы”, бо намаганнямі “нацыянал-дэмакратаў” засмечванню мовы была нададзена “класавая функцыя – змагацца супроць партыі і пралетарыята...”40

Клопатам пра барацьбу за чысціню мовы прасякнуты і артыкул Якуба Коласа “Мова М. Лынькова па раману «На чырвоных лядах»”. Аўтар сцвердзіў, што такая барацьба ў беларускай мове набывае вельмі востры і актуальны характар, і “трэба мець вельмі вернае класавае чуццё, каб правільна падыйсці да ацэнкі таго ці іншага слова”. Паводле Якуба Коласа, на парадку дня стаіць актуальные пытанне “ачышчэння літаратурнай мовы ад нацдэмізмаў”. Да ліку непрымальных у творы Лынькова правінцыялізмаў Якуб Колас залічыў наступныя: пракавешны, пуплы ‘дзеці’, не ўжадобку, мутарна, згораць, петавацца ‘біцца, таміцца, марнавацца’, субар ‘сумесь адыходаў ад рознага збожжа’, уныпіць (позірк), малачайня ‘малачарня’, канапаціны, арэлі, скукарэчаны, засіліць, прыплікнуць, прымружаны, вобмегам, собіла, ніціцца ‘нікнуць, бедніцца’, нягеглы, лежанкі і інш.41

У артыкуле “Даволі «шындзёліць» і «скогліць»” С. Куніцкі спыніўся на асаблівасцях словаўжывання некалькіх паэтаў. Паводле аўтара, мова вершаў У. Хадыкі засмечана шматлікімі правінцыялізмамі і архаізмамі: цвішша, скогляць, аблудны, беспратхлання, шкуматы, ярчук, шындзёлы, вомшары, нахлашч, бруяць і інш. У В. Казлоўскага, на думку С. Куніцкага, “адсутнічае тая адточанасць, класавая завостранасць слова, пра што гаворыць А. М. Горкі”. Стылёвыя асаблівасці паэзіі В. Маракова, у ацэнцы аўтара артыкула “Даволі «шындзёліць» і «скогліць»”, цалкам знаходзяцца “ў палоне мяшчанскай ідэалогіі”. На мове паэзіі А. Зарыцкага таксама пакідаюць свой след “нацдэмаўскія і мяшчанскія ўплывы”, у выніку чаго аўтар ужывае наступныя формы і словы: кагадзе, слухацьме, напрасцень, гугнявіць, ятрыць, баштон, стыр і інш.42

Найбольш тэарэтычна ўгрунтаваным і адначасова найбольш грубым і рэзкім па форме выглядае ў зборніку артыкул «Моўныя тэорыі і практыка контррэвалюцыйных лідэраў “Узвышша”» вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук Пятра Юргілевіча. Аўтар падаў да свайго артыкула эпіграф з тагачаснага жывога класіка савецкай лінгвістыкі Н. Мара, а разглядаючы “архаізмы і вузкія кулацка-шляхоцкія правінцыялізмы”, спаслаўся на кнігу леніградскіх аўтараў А. Іванова і Л. Якубінскага “Очерки по языку”, знаёмства з якой дазволіла П. Юргілевічу прыйсці да высновы аб тым, што “архаізмы і кулацкія словы амаль сінонімы”. Да ліку архаізмаў і правінцыялізмаў у творчасці У. Дубоўкі П. Юргілевіч залічыў наступныя словы: чмарнасць, змірсці, віюха, наўда, занізь, суздром, хатуль, купава, прывён, акавіта, наканованы, дзындра, выгадка ‘выдумка’, дзейка, атаўбавацца, сусцігі, кагадзе, кунега, дойлід, дзіда, балона і інш.43



Выданне ў 1934 г. у Беларусі зборніка “Пісьменнік і мова” знамянавала сабой спробу цалкам падпарадкаваць тагачаснае словаўжыванне аблудным, “класава-завостраным” тэорыям, якія панавалі тады ў беларускай лінгвістыцы, а таксама пастаноўку лінгвістычнай навукі на службу бягучай палітычнай кан’юнктуры. Гэтая асаблівасць была заўважана адным з сучаснікаў, заходнебеларускім рэцэнзентам зборніка, А. Станкевічам, які сцвердзіў, што “ў аснову кніжкі паложаны не падставы навукі, а сучаснай савецкай палітыкі”.44

2.8.1. У рэчышчы ініцыяванай ў 1934 г. газетай “Правда” кампаніі барацьбы з незразумелымі абрэвіятурамі, замежнымі словамі і газетным бюракратызмам увогуле ў асобных беларускіх публікацыях гэтага года з’явілася тэма бюракратызацыі газетнай мовы. Так у адной з нататак крытыкавалася выкарыстанне ў беларускай мове складанаскарочаных слоў (“дзікіх словазлучэнняў”) картфабрыка, дрэўмаса, мабсродкі, абрэвіятур ОПТЭ, КУЧ, а таксама іншамоўнага дзеяслова абарціравацца замест дапушчальнага абартаваць або прымальнага звергнуць (кабыла абарціравалася замест кабыла звергла).45

2.8.2. Пытанні культуры мовы ў 1934 г. нераўнадушна абмяркоўваліся і ў артыкуле К. Крапівы “Пра перабудову і «недабудову»”, напісаным з нагоды партыйнай “чысткі” Ц. Гартнага. Аўтар прыйшоў да высновы аб тым, што ад мовы Ц. Гартнага “павявае глыбокай правінцыяльнасцю” і прывёў шэраг ужываных пісьменнікам “правінцыялізмаў”.46

2.9. Публікацыі аб культуры мовы 1935 г. У друку сярэдзіны – другой паловы 1930-х гг. працягвалі з’яўляцца асобныя артыкулы, прысвечаныя культуры журналісцкай працы, у якіх закраналіся і некаторыя пытанні культуры беларускай мовы. Напрыклад, у артыкуле “Калі ж вы навучыцеся граматна пісаць?” Я. Герцыка і М. Васілеўскага ў суладнасці з кампаніяй барацьбы з незразумелымі скарачэннямі аўтары крытыкавалі ўжыванне на старонках ушацкай раённай газеты “Прымежны калгаснік” абрэвіятур ДСК, НСШ, райана, райза, проц., с-с, м-с, цэнт. і інш.47 З артыкула М. Карпачова “Культуру мовы ў школе – на належную вышыню” вынікае, што пасля з’яўлення ў цэнтральным друку артыкулаў пра культуру мовы М. Горкага прынамсі ў некаторых навучальных установах пытанні культуры мовы сталі рабіцца важным пунктам. Аўтар, у прыватнасці, паведаміў, што Рэчыцкі педагагічны тэхнікум, у якім ён працаваў, “з мінулага года рашуча павёў барацьбу за культуру мовы студэнтаў”.48

2.10. Перадавы артыкул у газеце “Правда” (1938). У надрукаваным 11 мая 1938 г. у газеце “Правда” перадавым артыкуле “Савецкая навука” адзін абзац быў прысвечаны дзейнасці мовазнаўцаў, пра якіх гаварылася, што яны, “займаючыся разнастайнай экзотыкай, у той жа час праходзяць міма такіх актуальных задач, што закранаюць інтарэсы шырокіх народных мас, як барацьба супраць псавання рускай мовы, барацьба супраць засмечвання украінскай і беларускай моў паланізмамі”.49

2.11. Артыкул Я. Казекі “Аб чыстаце беларускай мовы” (1939). У гэтым артыкуле відавочна адчуваецца перайманне прац М. Горкага. На думку аўтара, нягледзячы на тое, што беларускія пісьменнікі правялі вялікую працу па ачышчэнні літаратурнай мовы “ад паразітыўнага слоўнага смецця”, урокі “шкодніцтва” ў гэтай галіне ўлічаны ўсё яшчэ недастаткова. Беларускія пісьменнікі, паводле Я. Казекі, у апошнія гады гэтым пытанням аддавалі мала ўвагі, у выніку ў літаратурнай мове “бытуе мноства мёртвых слоў, занесеных з польскай мовы. У жывой беларускай народнай мове яны не бытуюць, а застаюцца паразітыўным хламам кніжнай мовы”. Крытыку Я. Казекі выклікалі лексемы патэльня, борзда, менавіта, скрыдлы, віншаваць, цёнгля, крочыць, жычыць; насуперак таму, што ўсе яны былі звычайнымі не толькі ў творах беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя, але і пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, аўтар беспадстаўна кваліфікаваў іх як “штучна занесеныя нацыянал-дэмакратамі”. Выкарыстанне лексем, якія “па традыцыі пераходзяць з кнігі ў кнігу”, Я. Казека прыраўнаў да адрыву пісьменнікаў ад жывой народнай мовы. Аўтар ігнараваў факты ўкарэненасці некаторых слоў у беларускай мове і патрабаваў іх скасавання незалежна ад іх узуальнага характару. Я. Казека бачыў вялікую розніцу паміж беларускай літаратурнай мовай 1920-х гадоў, з аднаго боку, і сучаснай яму мовай, з другога; у прыватнасці, крытык закідаў Р. Мурашку тое, што апошні “карыстаецца старым убогім лексіконам, характэрным для беларускай літаратуры год дзесяць назад”.50

2.12. Дыскусія вясны 1940 г. паміж газетамі “Звязда” і “Літаратура і мастацтва”. Падставу для дыскусіі дало крытычнае меркаванне “Звязды” наконт таго, што “асобныя пісьменнікі знаходзяцца яшчэ на паваду у старых «мовазнаўцаў», топчуцца на месцы ў галіне ачышчэння беларускай мовы ад усяго наноснага і непатрэбнага”, а таксама адрасаваная рэдакцыі “ЛіМа” заўвага адносна “ўпорнага ігнаравання” на старонках сваёй газеты слоў таржаство і чэсць. На закіды газеты “Звязда” рэдакцыя газеты “Літаратура і мастацтва” адказала вялікім рэдакцыйным артыкулам.

Паводле рэдакцыйнага артыкула “ЛіМа”, фарміраванне беларускай літаратурнай мовы ў гэты час ішло па двух напрамках: а) ачышчэнне літаратурнай мовы і б) абагачэнне літаратурнай мовы. У інтэрпрэтацыі “лімаўскага” аўтара, пытанне ачышчэння літаратурнай мовы асаблівых праблем не выклікала: выдаляцца мелі “незразумелыя народным масам архаізмы, правінцыялізмы і паланізмы”; увогуле ж наяўны узус паказваў, што “гэта работа ўжо блізка да свайго завяршэння”. Намнога складаней сітуацыя з абагачэннем мовы.

Аўтар “лімаўскага” артыкула пагаджаўся з тым, што ў сферы палітычнай тэрміналогіі і тэрмінаў дакладных навук існавала патрэба абагачаць беларускую мову за кошт “родственай і блізкай, багатай і дасканала развітай рускай мовы. Тут зроблена не мала...” Аднак, як сцвярджаў аўтар, у галіне запазычанняў з рускай мовы “не знойдзены агульныя ўстаноўкі”. Узбагачэнне лексікі беларускай мовы газетамі адбывалася такім чынам, што “разбураюцца «слоўныя гнёзды», стыкаюцца «лоб у лоб» розныя разуменні, пераблытваецца тэрміналогія”. На думку аўтара артыкула, рэдактары і стылісты Беларускага дзяржаўнага выдавецтва “з усяе сілы стараюцца нівеліраваць літаратурную мову, знішчыць ўсё яе сінанімічнае багацце, вытруціць з мовы ўсе яе фарбы, ператварыць яе ў штосьці шэрае і невыразнае”. Адхіленні ад нормаў беларускай мовы ў гэты час станавіліся настолькі відавочнымі і шматлікімі, яны настолькі дэманстратыўна парывалі з папярэдняй практыкай, што, паводле “лімаўскай” публікацыі, гэтыя новыя рысы моўнага узусу часта атрымоўвалі назву “чарговых моўных адкрыццяў”. На думку аўтара “ЛіМа”, у розных выданнях у гэты час ігнараваліся агульнавядомыя беларускія словы, пры гэтым былі падставы гаварыць не пра асобныя выпадкі, але пра “прынцыповую лінію”.51

Дыскусійны артыкул “Літаратуры і мастацтва” выклікаў адказ з боку “Звязды”. Аўтар “Звязды” не згадзіўся з выказанымі заўвагамі. Абгрунтаваннем выкарыстання лексем звергнуць, абнішчанне для аўтара публікацыі ў “Звяздзе” сталі факты фіксавання гэтых слоў у адрэдагаваным “лепшымі мовазнаўцамі” “Кароткім курсе гісторыі ВКП (б)”. Не згадзіўся аўтар “Звязды” і з выказанымі ў “лімаўскай” публікацыі заўвагамі наконт слоў таржаство, чэсць, багатыр, зусім прымальнымі, на яго думку, у беларускай мове. Аўтар “звяздоўскай” публікацыі сцвердзіў, што беларуская мова сапраўды нівеліруецца і збядняецца, але акурат... праз недапушчэнне ў яе слоў, роднасных з рускай мовай. “Нікчэмнымі патугамі” аўтар “Звязды” назваў спробы “лімаўскага” аўтара “цягнуць развіццё нашай мовы і культуры не наперад, а назад”.52

У палеміцы паміж газетамі “Літаратура і мастацтва” і “Звязда” выразна выявілася неаднастайнасць падыходаў да фарміравання беларускай літаратурнай мовы, уласцівая розным групам карыстальнікаў беларускай мовы. Калі залежнае ад бягучай кан’юнктуры на скасаванне нацыянальнай адметнасці беларускай мовы ўжыванне ў большасці выданняў грунтавалася на даволі русіфікаванай версіі беларускай літаратурнай мовы, то такая пазіцыя аказалася непрымальнай для органа Саюза пісьменнікаў, газеты “Літаратура і мастацтва”. Найбольш вострым пунктам сутыкнення стала стаўленне да новых запазычанняў з рускай мовы.

3. Заключныя заўвагі. На адрозненне ад публікацый 1920-х гадоў, артыкулы на тэму культуры беларускай мовы 1930-х гадоў моцна залежалі ад агульных ідэалагічна-палітычных установак у галіне беларускага і савецкага мовазнаўства гэтага часу. “Ачышчэнне” беларускай мовы ад нягодных рысаў у першай палове 1930-х гадоў ішло поруч з калектывізацыяй сельскай гаспадаркі і “чысткамі” ў партыйным асяроддзі. Уласцівы гэтаму часу недавер да сялянства пераносіўся і ў сферу лінгвістыкі, дзе падлягалі астракізму шматлікія спецыфічныя (“сялянскія”) рысы беларускай мовы. “Ачышчэнне” беларускай мовы, якое ажыццяўлялася праз прыёмы пурыстычнай ідэалогіі, мела на мэце сімвалічную легітымізацыю савецкай дзяржавы-партыі.53 Неад’емным элементам здзяйснення палітычнай улады ў гэты час былі ідэалагічныя кампаніі, якія непасрэдна вызначалі характар лінгвістычных дыскусій і выказваныя падчас гэтых дыскусій погляды. З-за неспрыяльнага ідэалагічнага і маральна-псіхалагічнага клімату на працягу 1930-х гадоў моцна змяніўся моўны узус, якому нярэдка былі ўласцівы нівеляванне, панаванне няправільна зразуметага нейтральнага стылю. У беларускай літаратурнай мове ў гэты час радыкальна звузілася выкарыстанне спецыфічнай народнай лексікі, паланізмаў і формаў, тоесных з польскай мовай, затое шырока сталі пранікаць у літаратурнае маўленне русізмы. Адвольнасці выказваных поглядаў на развіццё беларускай літаратурнай мовы і на прымальнасць resp. непрымальнасць многіх канкрэтных слоў спрыяла адсутнасць ў гэты час нарматыўных лексікаграфічных прац.

S T R E S Z C Z E N I E


Prace na temat kultury języka białoruskiego w latach 1930. w dużym stopniu były uzależnione od ogólnych założeń ideologiczno-politycznych tego okresu. „Oczyszczanie” języka białoruskiego z „niepożądanych” cech w pierwszej połowie lat 1930. odbywało się paralelnie z kolektywizacją rolnictwa oraz „czystkami” w szeregach partyjnych. Wykorzystywanie wielu tradycyjnych środków językowych, typowych dla lat 1920., utożsamiano z dywersją polityczną. Charakterystyczną dla tego okresu nieufność wobec chłopów przenoszono również na lingwistykę, gdzie stosowano ostracyzm w stosunku do różnych specyficznych („wiejskich”) cech języka białoruskiego. Podstawowym celem „oczyszczania” języka białoruskiego była symboliczna legitymizacja państwowości radzieckiej. Nieodłącznym elementem władzy politycznej tego okresu były kampanie ideologiczne, które bezpośrednio określały charakter dyskusji lingwistycznych. W latach 1930. opublikowano w prasie kilka wykazów leksyki nie zalecanej w praktyce językowej. Z powodu niesprzyjającego klimatu ideologicznego i moralno-psychologicznego w owym czasie uległ wyraźnej zmianie uzus językowy, który cechowało dążenie do zniwelowania różnic między językiem białoruskim i rosyjskim, jak również nieprawidłowe rozumienie stylu neutralnego.





1 Гл.: Л. Бабровіч, І. Шпілеўскі. Мовазнаўства як сродак класавай барацьбы ў руках беларускіх нацдэмаў. “Савецкая краіна” 1931 нр 3 с. 64. Аўтары сцвярджалі, што на гэтай дыскусіі П. Бузук і Я. Лёсік даводзілі, што “метад правядзення гэтай (яфетычнай. – С. З.) тэорыі нічога не варты. А стары рэакцыянер б[ылы] акадэмік Дурнаво дагаварыўся да таго, што тэорыю Мара называў ідыятызмам”. Беларускі мовазнавец Л. Цвяткоў яшчэ ў 1927 г. зазначаў, што пакладацца на Н. Мара “можна толькі ў тых пытаннях, якія не маюць адносін да яго тэорыі яфетызму. Гэтая тэорыя (лепш сказаць гіпотэза) пакуль што яшчэ слаба ўгрунтавана...” Гл.: Л. Цвяткоў. Рэц. на: Большая советская энциклопедия. Том второй. Москва 1926. “Асвета” 1927 нр 1 с. 135-136.

2 Рэзалюцыя ўпершыню апублікавана: Вынікі дыскусіі аб мовазнаўстве. Рэзалюцыя бюро ЦК КП(б)Б. У: На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929 – 1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Аўтар-складальнік Р. П. Платонаў. Мінск: БелНДІДАС 1999 с. 227-231.

3 Вынікі дыскусіі... с. 229-230.

4 Тамсама. с. 230.

5 Згодна з думкай М. Горхама, кампанія за моўнае ачышчэнне, якая разгарнулася ў рускай літаратуры з 1934 г., таксама мела сваёй непасрэднай мэтай зменшыць удзел у літаратурнай мове “голасу сялянства”, які нярэдка аказваўся “разбуральным” у дачыненні да новай улады. Гл.: Michael S. Gorham. Mastering the Perverse: State Building and Language “Purification” in Early Soviet Russia. “Slavic Review” 58, 2000 no. 1 p. 135, 152.

6 Параўн.: С. Вальфсон. Мова і класавая барацьба. “Полымя” 1930 нр 3 с. 132-150.

7 Тамсама. С. 144.

8 Тамсама. С. 145.

9 Тамсама.

10 Тамсама. С. 147.

11 Семіятычны працэс, пры якім нейкія “моўныя рысы… служаць паказчыкам сацыяльных груп або дзейнасці” і якія ўрэшце аказваюцца “партрэтнымі рэпрэзентацыямі гэтых сацыяльных груп або дзейнасці”, амерыканскімі даследчыцамі Ю. Ірвін і С. Гал быў названы партрэтызацыяй (iconization). Цыт. паводле: С. Woolhiser. Discours sur langue, idéologie et ‘édification linguistique’ dans la RSS de Biélorussie, 1920-1939. “Cahiers de l’ILSL” 2003 nr 14 p. 316-317.

12 Гл.: Я. Мацюкевіч. Шкодніцтва нацыянал-дэмакратаў у галіне мовы. “Савецкая Беларусь” 1930, 19 снежня.

13 М. Галадзед. Аб класавай барацьбе і аб шкодніцкай працы супрацьсавецкіх элементаў. “Савецкая Беларусь” 1930, 19 снежня.

14 Гл.: Л. Бабровіч, І. Шпілеўскі, В. Бандарэнка, С. Вальфсон, Я. Мацюкевіч. Мовазнаўства. У: “Навука” на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі. Т. 1. Ч. 2. Мн., 1931. С. 91 – 148.

15 Л. Бабровіч і інш. С. 92-93.

16 Тамсама. С. 114-115.

17 Гл.: Н-ч. Пра мову ДВБ. “Літаратура і мастацтва” 1932 нр 6, 21 красавіка.

18 Гл.: С. Астрэйка. Нядбайліцы і бракаробы на моўным фронце. “Кніга масам” 1932 нр 4-5 с. 37-41; “Літаратура і мастацтва” 1932 нр 13.

19 П. Глебка. Праца над словам. “Заклік” 1933 нр 2 с. 8 .

20 С. Вязін, У. Дуброўскі. Нацыянал-дэмакратычныя вылазкі на лінгвістычным вучастку. “Чырвоная змена” 1933, 23 сакавіка.

21 Ал. Кучар. Выкрыць памылкі, павысіць пільнасць. “Літаратура і мастацтва” 1933 нр 9, 24 сакавіка.

22 Вішневіч. Супраць нацдэмаўскай кантрабанды. “Звязда” 1933 нр 73, 3 красавіка.

23 П. Глебка. Аб маіх памылках. “Звязда” 1933, 20 красавіка.

24 Рэзкае дыстанцыяванне ад папярэдняй моўнай практыкі стымулявалася той акалічнасцю, што ў лінгвістычных дыскусіях гэтага часу шырока выкарыстоўваўся прыём партрэтызацыі (гл. вышэй, зн. 11). Ужыванне “нягодных” моўных сродкаў прыраўноўвалася ў гэты час да засваення “нягоднай” ідэалогіі ўвогуле, а гэта ў час абвостранай “класавай барацьбы” магло мець выключна кепскія наступствы для ужывальнікаў такіх моўных сродкаў. Таму многія выдавецтвы і газеты ў гэты час лічылі за лепшае (ці фактычна проста былі змушаны) радыкальным чынам змяніць свае моўныя партрэтныя рэпрэзентацыі.

25 Сутнасць рэформы беларускага правапіса. З прамовы т. Галадзеда на прыёме дэлегацыі пісьменнікаў, настаўнікаў і навуковых работнікаў. “Звязда” 1934, 10 студзеня.

26 А. Александровіч. Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапісу беларускай мовы. У: Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 17.

27 К. Крапіва. Змаганне двух сістэм. У: Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 49.

28 М. Хведаровіч. Поспех ленінскай нацыянальнай палітыкі. У: Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 59.

29 Я. Бранштэйн. Узмоцнім сваю пільнасць. У: Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 78.

30 Р. Мурашка. Прадоўжым пачатую справу. У: Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 64.

31 Ю. Дрэйзін у гэтым артыкуле, як і некаторыя іншыя тагачасныя аўтары, недыферэнцыявана называў “архаізмамі” наватворы 1920-х гадоў.

32 М. Клімковіч, А. Александровіч, М. Лынькоў. Нашы абвінавачванні Віцьбічу. “Літаратура і мастацтва” 1934 нр 6, 6 лютага.

33 М. Горький. По поводу одной дискуссии. “Литературная газета”, 1934, 28 января.

34 М. Горький. Открытое письмо Серафимовичу. “Литературная газета”, 1934, 14 февраля.

35 М. Горький. О бойкости. “Правда” 1934, 28 февраля.

36 М. Горький. О языке. “Правда” 1934, 18 марта.

37 У расійскай лінгвістыцы 1930 – 1940-я гады ахарактарызаваны як час “умацавання літаратурна-моўных нормаў”. Разам з тым даследчыкі адзначаюць, што ў гэты час “з’явіліся рэцыдывы пурызму, літаратурнае маўленне... часта абяскроўлівалася і спрашчалася... Паняцце літаратурнасці часта звужалася да паняцця нейтральнага стылю...” Гл.: М. В. Панов. О развитии русского языка в советском обществе (К постановке проблемы). “Вопросы языкознания” 1962 нр 3 с. 4, 5.

38 Калі гаварыць пры ўплыў падзей, якія адбываліся ў тагачаснай расійскай лінгвістыцы, на беларускае мовазнаўства, то можна згадаць яшчэ дыспут аб літаратурнай мове, які адбыўся вясной 1934 г. у ленінградскім Доме вучоных. (Справаздача з гэтага дыспута была надрукавана ў газеце “Літаратура і мастацтва”, гл.: Дыскусія аб літаратурнай мове. “Літаратура і мастацтва” 1934 нр 25, 12 мая). Да пэўнай актывізацыі абмеркавання праблем культуры мовы ў беларускім партыйным друку спрычынілася таксама публікацыя ў 1934 г. на старонках “Правды” перадавога артыкула “О чистоте языка наших газет”. Гл. ніжэй раздзел 2.8.1. Аднак ніякія падзеі ў расійскай лінгвістыцы гэтага часу не могуць быць параўнаны па сіле свайго ўздзеяння на беларускую лінгвістыку з артыкуламі М. Горкага. К. Вулхайзер зазначае, што ў 1934 г. назіраўся “фактычна поўны перанос у беларускі кантэкст [расійскіх] дыскурсаў, якія мелі сваёй мэтай змаганне з «правінцыялізмамі», «вульгарызмамі», «спрашчэнствам» і «танным народнічаннем» у творах расійскіх пісьменнікаў”. Гл.: С. Woolhiser. Discours sur langue, idéologie et ‘édification linguistique’ dans la RSS de Biélorussie, 1920-1939. “Cahiers de l’ILSL” 2003 nr 14 p. 329.

39 А. Александровіч. Прадмова. У: Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 5-7.

40 М. Клімковіч. Вырваць з корнем пустазелле. У: Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 17-24.

41 Якуб Колас. Мова М. Лынькова па раману “На чырвоных лядах”. У: Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 25-30.

42 С. Куніцкі. Даволі “шындзёліць” і “скогліць”. У: Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 74-82.

43 П. Юргілевіч. Моўныя тэорыі і практыка контррэвалюцыйных лідэраў “Узвышша”. У: Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мінск: Беларуская Акадэмія навук. Інстытут мовазнаўства 1934 с. 94-106.

44 А. Станкевіч. Рэц. на: Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мінск 1934. “Калоссе” 1935 кн 3 с. 173.

45 Гл.: Аб бюракратызацыі газетнай мовы. “Бальшавіцкі друк” 1934 нр 23 с. 63.

46 К. Крапіва. Пра перабудову і “недабудову”. “Полымя рэвалюцыі” 1934 нр 9 с. 124-134.



47 Я. Герцык, М. Васілеўскі. Калі ж вы навучыцеся граматна пісаць? “Бальшавіцкі друк” 1935 нр 1-2 с. 54.

48 М. Карпачоў. Культуру мовы ў школе – на належную вышыню. “Камуністычнае выхаванне” 1935 нр 3 с. 27-31.

49 Советская наука. “Правда” 1938 нр 128, 11 мая.

50 Я. Казека. Аб чыстаце беларускай мовы. “Літаратура і мастацтва” 1939 23 мая с. 2.

51 Наспеўшае пытанне (У парадку абмеркавання). “Літаратура і мастацтва” 1940, 11 сакавіка.

52 Нікчэмныя патугі (Па поваду артыкула газеты “Літаратура і мастацтва” – “Наспеўшае пытанне”). “Звязда” 1940 нр 66, 21 сакавіка.

53 Такую функцыю моўнага “ачышчэння” 1930-х гадоў М. Горхам выдзяляе для расійскага выпадку. Гл.: Michael S. Gorham. Mastering the Perverse: State Building and Language “Purification” in Early Soviet Russia. “Slavic Review” 58, 2000 no. 1 p. 135.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка