Крытыка і літаратуразнаўства
Пэўных поспехаў у гэты час дасягаюць публіцыстыка, крытыка, літаратуразнаўства; пачатковыя формы іх нараджаюцца яшчэ ў старажытнасці і звязаны найперш з дзейнасцю Ф. Скарыны, В. Цяпінскага, С. Буднага. Ужо яны выявілі самастойны, творчы, рацыяналістычны падыход да вытлумачэння і ацэнкі біблейскіх кніг са свецкіх пазіцый, з пазіцый гуманізму, грамадзянскасці, патрыятычнага служэння Радзіме і народу.
Літаратурна-крытычным пафасам прасякнута палемічная публіцыстыка XVI–XVII стст. Некаторае ажыўленне літаратурна-крытычнай дзейнасці назіраецца ў XIX ст., калі пра беларускія творы з’яўляюцца артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, заўвагі, каментарыі ў рускім і польскім перыядычным друку, выдаюцца нават асобныя манаграфіі і літаратурна-крытычныя агляды, прысвечаныя жыццю і творчасці паасобных дзеячаў беларускай культуры, характарыстыцы паасобных перыядаў гісторыі беларускай літаратуры.
Найбольшае значэнне ў гэтым сэнсе мае артыкул Р. Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (1844). Даследчык беларускай літаратуры Ю.С. Пшыркоў называе гэты артыкул першым навукова-крытычным аглядам мастацкай творчасці беларускага народа. «Змешчаны ў якасці прадмовы да кнігі Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», – заўважае Ю.С. Пшыркоў, – ён нагадвае кароткі нарыс аб агульным стане тагачаснай беларускай літаратуры і літаратурнага жыцця ў краі».
На польскай мове, як і Р. Падбярэскі, пра беларускіх аўтараў пісаў У. Сыракомля, усяляк падтрымліваючы першыя крокі ў стварэнні новай беларускай літаратуры.
У той жа час перадавыя рускія пісьменнікі і журналісты таксама выяўлялі шчырую зацікаўленасць да паэзіі, гісторыі і пісьменнасці Беларусі, без якіх паэзія, гісторыя і пісьменнасць усёй Русі ёсць і будзе аднабаковая і няпоўная. Рускія вучоныя I. Парфір’еў, А. Пыпін, А. Архангельскі і асабліва М. Доўнар-Запольскі ў сваіх даследаваннях у той ці іншай ступені закранаюць і пытанні гістарычнага лёсу беларускай літаратуры.
I ўсё ж у XIX ст., нягледзячы на наяўнасць асобных артыкулаў, рэцэнзій, аглядаў, палемічных нататкаў, напісаных па-польску або па-руску, у нас яшчэ не было нацыянальнай беларускай крытыкі і літаратуразнаўства. Гэта ў значнай ступені абумоўліваецца агульным станам беларускай літаратуры XIX ст., калі яшчэ не разгарнуўся на Беларусі масавы літаратурны рух. Такі рух, як вядома, узнік толькі ў пачатку XX ст. і знаходзіўся ў непарыўнай сувязі з падзеямі першай рускай рэвалюцыі.
У пачатку XX ст. пра беларускую літаратуру працягвалі гаворку і рускія, і ўкраінскія, і чэшскія, і літоўскія вучоныя (А. Пагодзін, I. Свянціцкі, А. Чэрны, Л. Гіра і інш.). З пачуццём нацыянальнай гордасці пра гэту літаратуру загаварылі і самі беларусы. Масавы літаратурны рух ва ўсіх галінах мастацкай творчасці выклікаў да жыцця нацыянальную беларускую крытыку, нараджэнню якой, несумненна, спрыяла легалізацыя беларускага перыядычнага друку і стварэнне выдавецкіх суполак.
Першымі найбольш значнымі беларускімі крытыкамі і публіцыстамі пачатку XX ст. былі самі пісьменнікі. Гэта Цётка, Я. Купала, Я. Колас, С. Палуян, М. Багдановіч, К. Каганец, Ядвігін Ш., З. Бядуля, М. Гарэцкі, Я. Журба, А. Гурло і інш.
Палымяным публіцыстам і крытыкам была Цётка. Даючы высокую ацэнку гэтай сферы дзейнасці паэтэсы-рэвалюцыянеркі, А. Лойка адзначае надзвычай шырокі дыяпазон яе навукова-даследчых, літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Ён піша: «Найвялікшую ўвагу ўдзяляла Цётка-публіцыстка народнай культуры, побыту, звычаям, як і мастацтву ўвогуле. Апісаннем сваіх уражанняў ад Сіксцінскай мадонны Рафаэля Санці, ад твораў Анжэла Буанароці і Леанарда да Вінчы Цётка таксама ўпершыню звязвала нацыянальную публіцыстыку, беларускую літаратуру ўвогуле з ідэямі Рэнесанса, сусветнага мастацтва. Ёсць у публіцыстыцы Цёткі і асобныя рэпартажы – «Беларуская вечарынка ў Пецярбурзе (ад карэспандэнта «Нашае нівы»). Іншую значную старонку складаюць артыкулы, што або мяжуюць з навуковымі даследаваннямі або ўвогуле з’яўляюцца імі. Сярод першых, у прыватнасці, артыкул «Збірайце матэрыялы аб батлейцы!». Навуковымі даследаваннямі сталі артыкулы «Наша народная беларуская песня», «Папараць-кветка».
На старонках перыядычнага друку з’яўляюцца публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя нататкі, водгукі, рэцэнзіі, артыкулы Я. Купалы і Я. Коласа. Тут варта прыгадаць найперш артыкул Я. Купалы «Чаму плача песня наша?» і яго ж рэцэнзію на камедыю В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты». Адзінства сацыялагічнага і эстэтычнага аналізу літаратурных з’яў у іх непарыўнай сувязі з жыццём – вось вызначальная вартасць літаратурна-крытычнай спадчыны Я. Купалы.
Праблема адносін мастацтва да рэчаіснасці вырашаецца Купалам-крытыкам з пазіцый філасофскага матэрыялізму, з пазіцый разумення класавасці і партыйнасці літаратуры, што знайшло сваё досыць акрэсленае выяўленне ўжо ў вершы «Я не для вас...». У названых жа артыкулах думка аб класавасці літаратуры знаходзіць далейшае развіццё і сапраўды навуковую аргументацыю.
Самай жа выдатнай, самай каларытнай постаццю на гарызонце беларускай крытыкі пачатку XX ст. з’яўляецца М. Багдановіч. У яго асобе знайшлі дзівоснае спалучэнне талент арыгінальнага паэта-наватара, тэмпераментнага публіцыста, дапытлівага вучонага-даследчыка і вельмі тонкага, удумлівага крытыка. Ёсць усе падставы лічыць М. Багдановіча заснавальнікам беларускай прафесіянальнай крытыкі: ён заклаў яе падваліны, ён сфармуляваў яе асноўныя ідэйна-эстэтычныя крытэрыі, ён акрэсліў шляхі яе далейшага развіцця. Сучаснае беларускае літаратуразнаўства шмат у чым грунтуецца на меркаваннях і вывадах, зробленых Багдановічам-крытыкам. Апіраючыся на дасягненні рускай рзвалюцыйна-дэмакратычнай эстэтыкі, М. Багдановіч выпрацаваў сваю літаратурна-эстэтычную сістэму, свой, шмат у чым наватарскі падыход да ацэнкі твораў мастацтва, значэння, ролі і месца іх аўтараў у гісторыка-літаратурным працэсе. Нельга ў гэтай сувязі не пагадзіцца з Ю. Пшырковым, які піша: «М. Багдановіч тэарэтычна абагульніў практычны вопыт беларускай літаратуры свайго часу, паказаў яе гістарычную сувязь з культурай папярэдніх эпох, у самых агульных рысах намеціў шляхі яе далейшага развіцця. Ён па праву лічыцца папярэднікам сучаснага беларускага літаратуразнаўства. Многія яго ацэнкі і вызначэнні атрымалі далейшае развіццё ў працах даследчыкаў паслякастрычніцкага перыяду. Надзвычай паказальным з’яўляецца той факт, што ў сваім ідэйным развіцці крытык ішоў ад захаплення ідэямі Бялінскага і Чарнышэўскага, сацыялогіяй Міхайлоўскага да асваення марксісцкай філасофіі. Ён настойліва вывучаў марксісцкую літаратуру, аб чым сведчаць яго пранікнныя рэцэнзіі на новыя працы Пляханава».
Літаратурныя з’явы М. Багдановіч разглядае ў непарыўнай сувязі з жыццём, эпохай, разнастайнымі сацыяльна-палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве. Асабліва вялікае значэнне для абуджэння самасвядомасці працоўных мас Беларусі крытык надаваў рэвалюцыі 1905 г. як пераломнаму этапу ў гісторыі беларускай культуры. Ён радаваўся «нараджэнню беларускай народнай інтэлігенцыі, выкліканай да жыцця падзеямі 1905 года... Селянін з асобай духоўнай закваскай, рабочы, іншы раз народны настаўнік – вось хто ўваходзіць у яе састаў».
Ставячыся надзвычай патрабавальна, часам, магчыма, нават крыху прыдзірліва да кожнага пісьменніка, Багдановіч умеў заўважыць і вызначыць тое адметнае, індывідуальнае, што ўласціва сапраўднаму таленту і што з’яўляецца зарукай яго росту. Найперш гэта стасуецца да творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, Ядвігіна Ш., А. Гаруна. У артыкуле «Глыбы і слаі», прысвечаным агляду беларускай літаратуры за 1910 г., крытык піша: «Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі звяртае на сябе Я. Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але і гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця». Ужо ў ранніх вершах Я. Купалы, не пазбаўленых, на думку крытыка, расцягнутасці і аднастайнасці тэматыкі, М. Багдановіч бачыў «незвычайны паэтычны талент» аўтара.
Думку пра несумненны талент Я. Купалы М. Багдановіч развівае і ў другім артыкуле – «За тры гады»: «Першае слова – аб Я. Купале і яго вялікай, пекна выданай кнізе вершаў «Шляхам жыцця». З радасцю бачым, што талент Купалы развіваецца, з’яўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасці, новыя формы і вобразы. Не толькі нядоля нашай вёскі ды нацыянальныя справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды, і краса кахання знайшлі сабе месца ў яго творах». Далей гаворка ідзе пра жывы гумар, і пра жанравае ўзбагачэнне паэзіі Купалы, і, галоўнае, пра тое, «што ўсё гэта ў многіх вершах Купалы зроблена надзвычайна пекна, з праўдзівым уменнем ды з вялікім пад’ёмам пачуцця. Часта густа спатыкаецца прыгожая будова верша, цікавая па спляценню строк, расстаноўцы рыфм, ужыванню цэзур; разнастайнасць рытмаў з іх усягдашняй лёгкасцю ды моцным разгонам; краса, свежасць і паўназычнасць рыфм, звінячых не толькі на канцы, але і пасярэдзіне строк; гучнасць слоў, падабраных да верша, і шмат што іншае».
Пра Якуба Коласа М. Багдановіч зазначаў: «Другі выдатны паэт Я. Колас, пісьменнік спакойны, просты і ўсюды сабе роўны: заўсягды можна быць запэўненым у вартасці яго твораў».
Бадай пра ўсіх больш-менш значных пісьменнікаў нашаніўскай пары пісаў М. Багдановіч і для кожнага знаходзіў трапнае, адметнае слова як падтрымкі, адабрэння, пахвальбы, так і папроку за слабасці, хібы, недахопы. Тут маюцца на ўвазе паэты: А. Паўловіч, Ц. Гартны, Ф. Чарнышэвіч, Г. Леўчык, К. Буйло, Л. Лобік, Стары Улас, Я. Журба, М. Арол і іншыя; празаікі: Ядвігін Ш., Т. Гушча (Я. Колас), Новіч, З. Бядуля, Максім Беларус (М. Гарэцкі), Аляхновіч-Чэркас, Жывіца, М. Кепскі, Цётка, К Лейка, А. Язмен, Я. Шпэт і інш. Цікавы «прагноз» крытыка пра М. Беларуса: «Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменніка Максіма Беларуса».
М. Багдановіч упершыню ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства на глыбока навуковай аснове пачаў распрацоўваць праблему славянскіх літаратурных узаемасувязей і месца ў гэтых узаемасувязях беларускай літаратуры. Больш таго: іменна М. Багдановіч разглядае беларускую літаратуру не толькі ў кантэксце брацкіх славянскіх літаратур, але і ў сувязі з сусветным гісторыка-літаратурным працэсам, у аспекце таго, што бярэ беларуская літаратура ў іншых народаў і што ўносіць яна сама ў скарбніцу сусветнай культуры, агульначалавечых духоўных здабыткаў.
Больш за ўсё ў творчасці беларускіх пісьменнікаў М. Багдановіч цаніў іх дэмакратызм, грамадзянскі пафас, служэнне высакародным ідэалам чалавецтва, бескампраміснае выкрыццё паразітычнай сутнасці капіталістычнай сістэмы, страсныя, самаахвярныя заклікі да барацьбы за праўду, свабоду і шчасце. Ен быў глыбока перакананы, што беларуская літаратура «ніколі не пойдзе чысціць боты капіталу!».
Сярод крытыкаў-прафесіяналаў перадкастрычніцкага дзесяцігоддзя адно з вядучых месц займае Лявон Гмырак, артыкулы якога часта друкаваліся на старонках тагачасных беларускіх выданняў. Схільнасць да роздумаў і аналітычнасці, аб’ектыўнасць і незалежнасць меркаванняў, лагічнасць і доказнасць у спалучэнні з дэмакратызмам і грамадзянскасцю, з жывасцю і эмацыянальнасцю стылю робяць яго артыкулы прыкметнай з’явай у беларускай крытыцы XX ст.
Калі ў 1913 г. узнікла дыскусія па праблеме адносін мастацтва да рэчаіснасці, Л. Гмырак адразу ж падтрымаў Я. Купалу, яго артыкул «Яшчэ аб сплачыванні доўгу» («Наша ніва», 1913, № 33–34).
У крытыцы, як і ў літаратуры, не было і не магло быць ідэйна-класавага адзінства, і тут ішла барацьба паміж рознымі плынямі, напрамкамі, ідэалагічнымі канцэпцыямі. Адны да вытлумачэння і ацэнкі літаратурна-мастацкіх фактаў падыходзілі з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый, другія прытрымліваліся эстэцкіх поглядаў, адрывалі літаратуру ад жыцця, прапагандавалі тэзіс «мастацтва для мастацтва», ігнаравалі класавую дыферэнцыяцыю ў грамадстве. Так, ліберальна-буржуазныя тэндэнцыі прыкметна выяўляюцца ў публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулах Власта і Антона Навіны. Менавіта Власт (В. Ластоўскі), выступіўшы пад псеўданімам Ю. Верашчакі ў «Нашай ніве» (1913, № 26–27), у здзеклівым тоне гаварыў аб рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры, адварочваўся ад актуальных грамадска-палітычных праблем і арыентаваў паэзію на апяванне абстрактнай красы, адарванай ад жыцця і змагання за лепшую долю працоўных мас. А. Навіна скажаў сапраўдную сутнасць творчасці М. Багдановіча, адносячы яго да ліку паэтаў «чыстай красы».
Вывучэннем гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. паспяхова займаўся Р. Зямкевіч. Найбольш вядомыя яго працы пра Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Адама Кіркора. Цікавы як самой пастаноўкай пытання, так і яго асвятленнем артыкул Р. Зямкевіча «Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура».
Побач з М. Багдановічам і Р. Зямкевічам вялікую ролю ў гісторыі беларускага навуковага літаратуразнаўства адыграў Я. Карскі. Ён стварыў вялікую падагульняючую працу «Беларусы» (1903–1922), у якой значнае месца заняло асвятленне праблем гісторыі беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку 20-хгадоў XX ст. На гэтай працы ў значнай ступені і грунтуюцца пазнейшыя, у тым ліку і сучасныя, гісторыкі беларускай літаратуры.
Пачатак XX ст. – асаблівы перыяд у развіцці беларускай літаратуры. Пасля XIX ст., якое характарызавалася замаруджанасцю, а часам і перарывістасцю працэса станаўлення новай літаратуры, гэты этап вызначаецца небывалай да той пары інтэнсіўнасцю пошукаў, паскораным развіццём усіх жанраў літаратуры. Вядучую ролю, як і раней, адыгрывала паэзія, аднак у гэты час даволі актыўна развіваюцца і празаічныя жанры, асабліва малых форм, а таксама і драматычныя. Паскораны працэс развіцця літаратуры быў абумоўлены рэвалюцыйнымі падзеямі пачатку XX ст., уцягненнем у нацыянальна-вызваленчы рух шырокіх народных мас. Прадстаўленая шматлікімі імёнамі, і ў першую чаргу такіх вядомых майстроў мастацкага слова, як Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Багдановіч, Ц. Гартны, З. Бядуля, М. Гарэцкі, беларуская літаратура ствараецца на аснове багатых здабыткаў народна-паэтычнай культуры, класічных традыцый крытычнага рэалізму і рэвалюцыйнага рамантызму, цвёрда трымаючыся рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку ў сваім развіцці як вызначальнага, галоўнага. У яе змесце і форме зараджаюцца і паступова выспяваюць новыя тэндэнцыі, характэрныя для прагрэсіўных літаратур напярэдадні Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
9. .Нетрадыцыйнасць постаці М. Багдановіча ў беларускай літаратуры.
Максім Багдановіч (1891–1917)
Нарадзіўся ў Мінску. Калі Максіму было некалькі месяцаў, сям’я пераязджае ў Гродна. У 1895 г. памірае маці ад сухотаў, сям’я вымушана перабрацца ў Ноўгарад, дзе жыве да 1906 г. Адам Багдановіч, бацька будучага паэта, жэніцца на сястры жонкі М. Горкага – Аляксандры Волжынай, якая памірае пры нараджэнні сына. У 1908 г. – пераезд у Яраслаўль. Максім паступае ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй (па загадзе бацькі). Узрастае цікавасць Максіма да філалогіі і гісторыі.
Летам 1911 г. Максім наведвае Беларусь па запрашэнні рэдакцыі газеты «Наша Ніва», прыязджае ў Вільню. Піша вершы. Паэт спадчынна быў падобны да маці і таму хворы на сухоты. Апошнія месяцы свайго кароткага жыцця правёў у Ялце, дзе памёр у маі 1917 г. Там і пахаваны. Бацька Максіма ў другой палове 20-х гадоў даведаўся пра тое, што сын – прызнаны паэт.
Зборнік М. Багдановіча «Вянок» (1913)
Зборнік выбраных вершаў, арыентаваны на заходнія літаратуры. Спачатку павінен быў складацца з трох частак: «Малюнкі і спевы», «Мадонны», «Каханне і смерць» (аўтар хацеў падкрэсліць думку пра вечнасць жыцця). Аднак задуманая кампазіцыя не знайшла выяўлення, і выдаўцы ўнеслі змены ў структуру зборніка. Прадмова да зборніка напісана белым вершам.
Першая частка – «Малюнкі і спевы» – уключае некалькі цыклаў:
У першым цыкле «Зачараванае царства» жывуць міфічныя істоты і закаханыя (вершы «Зорка Венера», «Зімняя дарога» і г.д.);
У другім цыкле «Гукі Бацькаўшчыны» выкарыстаны фальклорныя прыёмы псіхалагічнага паралелізму (вершы «Уся ў слязах дзяўчына», «Не кувай ты, шэрая зязюля» і інш.; у вершы «Вечар» выкарыстаны прыём алюзіі, калі радкі з іншага верша ўстаўлены ў аўтарскі верш);
У трэцім цыкле «Старая Беларусь» згадваюцца старонкі беларускага мінулага (верш «Слуцкія ткачыхі»);
У чацвёртым цыкле «Месца» (горад) прысутнічаюць гуманістычныя матывы (верш «У Вільні»);
У пятым цыкле «Думы» і шостым цыкле «Вольныя думы» прысутнічаюць вершы, прысвечаныя Радзіме, мастацкай творчасці (напрыклад, верш «Песняру»);
Сёмы цыкл «Старая спадчына» дае ўзоры розных вершаваных памераў: пентаметр, рандо, санет і г.д.; пераклады.
Другая частка «Мадонны» апявае дабрыню, спачуванне, самаахвярнасць жанчыны (вершы «У вёсцы», «Вераніка» і інш.);
Трэцяя частка «Каханне і смерць» утрымлівае дыялектыку жыцця – каханне становіцца прычынай смерці жанчыны, якая нараджае дзіця.
Зборнік «Вянок» стаў прыкметнай з’явай ў беларускай літаратуры ХХ ст., бо ў ім аўтар імкнуўся сказаць пра блізкае чалавеку. Мастацкая спадчына М. Багдановіча поўнасцю не адшукана, шмат вершаў прапала. У вершах, што не ўключаны ў зборнік, прысутнічаюць два матывы: творчасць і чалавечае жыццё – «Я бедны бяскрыдлы паэт», «Крытыку», «Ліст», «Пагоня», «Народ, беларускі народ», «На чужыне» і інш.
У 1920-я гады паэт захапіўся беларускім фальклорам. У 1915–1917 гг. спрабуе стварыць вершы беларускага складу на аснове беларускага фальклору. Гэтыя творы нагадвалі народныя жарты ці галашэнні: «Бяседная», «Лявоніха».
У 1915–1917 гг спрабуе пісаць вершы ліра-эпічнага складу, звернутыя ў мінулае (да сярэднявечча): «Агата», «Мушка-зелянушка і камарык насаты тварык» (падзагаловак напісаны беларускім вершам) і інш. У гэты час напісаны паэмы «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», у стылі якіх пераклікаюцца меладрама і жарт.
У паэме «Максім і Магдалена» на стыль пісьменніка наклаў адбітак рамантызм. Апрацоўка паэмы зроблена ў народным духу, выкарыстаны прыём інверсіі. Паэма «Страцім-лебедзь» – гэта апокрыф (апокрыфы – творы з біблейскім сюжэтам), апавядае пра лёс гордай птушкі, якая дапамагае выратаваць другіх, а сама не зможа пакінуць пасля сябе нашчадкаў.
Першыя пераклады М. Багдановіча з’явіліся ў 1909 г. на старонках «Нашай нівы». Вялікую ўвагу звяртаў аўтар на заходне-еўрапейскую паэзію (Ф. Шыллер, Г. Гейне, П. Верлен і інш.).
Празаічныя творы М. Багдановіча
Не ўсё з напісанага было апублікавана і дайшло да нашага часу. На беларускай мове ў 1907 г. на старонках «Нашай нівы» апублікавана апавяданне «Музыка». Цэнтральная праблема – праблема мастака і мастацтва. Дадзеная праблема была вядучай у прозе М. Багдановіча: «Апавяданне аб іконніку і залатару», «Шаман», «Апокрыф» (стылізацыя пад жанр старажытнай літаратуры). Асноўная ідэя апошняга твора: нельга ўсё ў жыцці дзяліць на прыгожае і карыснае. Аўтар выкарыстоўвае вобразы-сімвалы: каласы і васілёк. «Аб іконніку і залатару» – аўтар спрабуе разважаць пра традыцыі і навацыі; «Шаман» – узнімаецца пытанне пра карані прыгажосці.
Аўтару належаць замалёўкі з натуры: «Гарадок», «Вёска», «Вясной» як эпізоды незакончаных апавяданняў. У апавяданні «Марына» сустракаюцца аўтабіяграфічныя матывы (кажуць, што Багдановіч узнавіў сюжэт з асабістага жыцця).
М. Багдановічу належаць апавяданні на рускай мове: «Мадонны», «Сон-трава», «Страшное», «Катыш», «Преступление», «Чудо маленького Петрика», «Колька», «Именинница», «Калейдоскоп жизни», якія адлюстроўваюць разнастайныя праявы жыцця чалавека.
М. Багдановіч – літаратурны крытык
Аўтар быў адметным крытыкам. Першы артыкул «Глыбы і слаі» быў надрукаваны ў «Нашай ніве» ў 1911 г. (утрымліваў аналіз сучаснага стану беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, падбадзёрванне беларускіх аўтараў, спробу ахарактарызаваць стан беларускай літаратуры). М. Багдановіч ахарактарызаваў творчасць Я. Купалы, пісаў пра тое, што апошні малюе ненатуральныя вобразы. Спрэчны погляд меў М. Багдановіч і на «Адвечную песню» Я. Купалы, слабым бокам твора М. Багдановіч лічыў сімвалізм.
Цікавай з’явай назваў М. Багдановіч зборнік Я. Коласа «Песні жальбы», станоўчым момантам яго лічыў цэльнасць, адмоўным – статычнасць Я. Коласа-паэта.
М. Багдановіч у 1910 г. адзначаў два пласты ў беларускай літаратуры:
-
творы, што нагадвалі думкі ўслых (самы таленавіты – В. Ластоўскі і яго вершы ў прозе);
-
жарты, якія перараслі ў невялікія апавяданні (іх вартасць заключаецца ў жывасці мовы, у зразумеласці, лепшым беларускім апавядальнікам лічыў Ядвігіна Ш.).
У беларускай драматургіі М. Багданоіч адзначаў твор К. Каганца «Модны шляхцюк».
У 1913 г. напісаны артыкул М. Багдановіча «За тры гады», у якім паказана развіццё беларускай літаратуры як працэсу. Аўтар думаў, што беларускі друк расце якасна, колькасна; быццам значна ўзрасла якасць твораў. Аналізуючы творчасць пісьменнікаў, адзначаў пашырэнне кола тэм, распрацаваных Я. Купалам; Я. Коласа ставіў на другое месца і казаў пра адсутнасць слабых бакоў яго творчасці. Сярод празаікаў на першае месца ставіў Ядвігіна Ш., называючы яго пісьменнікам-байкапісцам. Адзначаў з’яўленне літаратурных школ у беларускай літаратуры.
Артыкул «Забыты шлях» пісаўся ў час першай імперыялістычнай вайны. У ім адзначалася, што маладая беларуская літаратура развіваецца паскоранымі тэмпамі. Аўтар піша пра тое, што ў беларускай літаратуры, апрача твораў Я. Чачота, П. Багрыма, Я. Баршчэўскага, не было беларускасці. Аўтары павінны, на думку М. Багдановіча, мець нацыянальныя матывы ў творчасці, а не толькі браць тэмы і сюжэты з сусветнай літаратуры.
Пяру М. Багдановіча належыць тэарэтыка-гістарычны нарыс «Санет». У ім разглядаюцца вартасці санетнай формы. Сустракаюцца ў творчасці аўтара артыкулы па палітычных пытаннях: «Новая інтэлігенцыя», «Мікалай Міхайлоўскі» і інш.
М. Багдановіч выступаў і як рэцэнзент кніг («Пра Трышчана і Іжоту» французскага пісьменніка Т. Гацье).
Такім чынам, М. Багдановіч паспрабаваў глянуць на беларускую літаратуру з вышыні вопыту сусветнай літаратуры. Выступаў як паэт, пісьменнік, крытык, публіцыст. Як паэт адметны складаннем вершаў у першую чаргу пра чалавека, потым – пра сацыяльныя з’явы. Даследчыкі адзначаюць інтэлектуальны характар лірыкі Багдановіча, сувязь яго паэзіі з рамантызмам і сімвалізмам. У Багдановіча няма яркага паказу беларускага мужыка, што нагадвае дэкадэнцтва.
У 1927–1928 гг. быў падрыхтаваны двухтомнік паэзіі М. Багдановіча. У 1968 г. выйшаў другі двухтомнік, які даў штуршок беларускаму багдановічазнаўству. У пачатку 1960-х гадоў творчасць аўтара вывучалася ў сувязі з беларускім фальклорам. Найбольш поўна пра М. Багдановіча напісаў А. Лойка ў кнізе «Максім Багдановіч» (пра паэта напісаў паэт).
11. Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша»,«Полымя», «БелАП».
Падзеі грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі аказалі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. Некаторыя з пісьменнікаў-«нашаніўцаў» знаходзіліся ў войску або ў Расіі. Палітычная барацьба адбівалася і на стане культуры, літаратурнага жыцця. Празаічныя жанры беларускай літаратуры былі ў зародкавым стане; дадзены перыяд характарызаваўся дамінаваннем паэзіі.
У снежні 1917 г. ў Мінску адбыўся Усебеларускі кангрэс, які быў разагнаны бальшавікамі. 25 сакавіка 1918 г. была створана БНР. Сёння яе стварэнне – з’ява дыскусійная: ці гэта была гераічная спроба пабудаваць сваю незалежную дзяржаву ў неспрыяльных умовах?
З 1921 г. пачалося вяртанне лепшых набыткаў беларускага культурнага жыцця: узнікненне БДУ, ІнБелКульта (які пасля быў ператвораны ў Акадэмію Навук Беларусі); выданне газет, вяртанне на Радзіму класікаў літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота і інш. У 1922 г. Ц. Гартны паехаў у Берлін, дзе дамовіўся пра друкаванне беларускіх падручнікаў. З 1923 г. палітыка беларусізацыі стала афіцыйнай. Наогул 1920-я гады былі плённымі для беларускай культуры і літаратуры, хоць кастрычніцкая рэвалюцыя неадназначна ўспрымалася беларускімі пісьменнікамі і культурнымі дзеячамі.
Дадзены перыяд вызначаецца ў літаратуры наяўнасцю сялянскага дэмакратызму (прыходам у літаратурныя колы так званых «сялянскіх пісьменнікаў»). Асноўнымі літаратурнымі асаблівасцямі гэтага часу з’яўляюцца наступныя:
а) патрыятычны пафас – пасля кастрычніцкай рэвалюцыі тэмы вызвалення і адраджэння зліліся ў адно цэлае;
б) агітацыйнасць – характэрнымі былі літаратурныя заклікі да новага жыцця;
в) зварот да гісторыка-рэвалюцыйнага мінулага – прапаганда гістарычнага мінулага і вытокаў нацыянальнага характару ва ўмовах калектывізму;
г) пытанне нацыянальнай самабытнасці – які матэрыял браць за аснову пры разглядзе дадзенай праблемы (абапірацца на фальклорныя традыцыі, ці ствараць нешта новае);
д) невысокая мастацкая якасць твораў – з 1905 г. былі ўведзены новыя літаратурныя нормы беларускай мовы; пісьменнікі шукалі найбольш спрыяльныя шляхі развіцця беларускай літаратуры, што адбівалася на якасці твораў.
У 1925 г. была прынята пастанова пра развіццё беларускай літаратуры, якая прапагандавала спецыфічнасць і неабмежаванне пісьменніцкай творчасці. У чэрвені 1926 г. выйшла пастанова ЦК пра неабходнасць існавання нацыянальнай крытыкі.
Дадзены час характарызаваўся наяўнасцю даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры. З’яўляецца праца М. Гарэцкага «Гісторыя беларускай літаратуры» (з 1917 – па 1923 гг.), дзе прааналізаваны беларускі фальклор і да якой дадаецца слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. У БССР разгорнута культурнае будаўніцтва: за пяць год узнікла шмат часопісаў і выданняў. Беларуская мова з 15 ліпеня 1924 г. стала дзяржаўнай (перыяд беларусізацыі працягваўся да 1927 г.).
Старэйшыя беларускія літаратары, сярод якіх Я. Купала, М. Чарот, А. Александровіч і іншыя яшчэ ў 1922 г. спрабавалі зарэгістраваць Таварыства беларускіх літаратараў «Вір», падаўшы адпаведныя дакументы ў Камісарыят унутраных спраў БССР (тады – ССРБ). У выніку «расследвання» сакрэтнага аддзела ДПУ аб’яднанне не прайшло рэгістрацыю, а члены РКП Ц. Гартны (З. Жылуновіч) і М. Чарот (М. Кудзелька) панеслі пакаранне па партыйнай лініі. Грамадская і творчая інітыятыва паступова пераходзіла да літаратурнай моладзі, якая паверыла ў шчырасць намераў новай улады, што абвесціла курс на беларусізацыю.
У лістападзе 1923 г. ўтварылася літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», якое ўвяло стыхійны літаратурны рух у пэўныя арганізацыйныя рамкі. У склад яго першапачаткова ўвайшлі М. Чарот, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч, Я. Пушча, А. Бабарэка. Старшынёй быў абраны М. Чарот. Аб’яднанне неўзабаве стала масавым і налічвала больш за 500 сяброў. Філіі (аддзяленні) існавалі і за межамі Беларусі: у Маскве, Ленінградзе, Смаленску, Вільні, Празе, Дзвінску. Маладнякоўцамі лічылі сябе К. Чорны, У. Дубоўка, К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, П. Трус, У. Хадыка, П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў, Я. Скрыган, Р. Мурашка, П. Галавач, М. Лужанін і інш.
«Маладняк» ствараў новую, пралетарскую літаратуру. Найбольшыя дасягненні былі ў галіне паэзіі, што мела рэвалюцыйна-рамантычны характар і трымалася на пафасе адмаўлення «старога». Пераважала захапленне псеўдарэвалюцыйнай фразеалогіяй, што выяўлялася ў выкарыстанні палітычных лозунгаў і прапагандысцкіх штампаў, заўважалася пагоня за экстравагантным словам, імкненне супрацьстаўляць новы стыль састарэлай «нашаніўскай» манеры, якое атрымала назву «бурапены» (жартоўны тэрмін, прыдуманы К. Чорным).
|