Кастусь Каліноўскі (1838–1864)
Вікенцій-Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 г. у шляхецкай сям’і, якая была даволі забяспечанай, але шматдзетнай. Рана застаўся без маці, таму рос пад уплывам старэйшага брата Віктара. Спачатку Каліноўскі вучыўся ў гімназіі, а ў 1855 г. паехаў у Маскву вучыцца на юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Потым едзе ўслед за братам Віктарам у Пецярбург на юрыдычны факультэт. За час вучобы Каліноўскі пасябраваў з людзьмі, што ненавідзелі царскі ўрад і марылі пра свабоду Радзімы. Пры сталічным універсітэце існавалі студэнцкія зямляцтвы, якія аб’ядноўвалі людзей адной мясцовасці ці краю (так існавала аб’яднанне «Агул», у якое ўваходзілі беларусы, украінцы, палякі, літоўцы). Каб застацца ў сталіцы, Каліноўскі вырашыў пісаць дысертацыю па гісторыі, якую абараніў у 1861 г. Перад самым уладкаваннем у сталіцы Кастусь едзе ў Вільню і рыхтуе паўстанне, для яго пачынаюцца часы вандровак і выпадковых заробкаў. Пад псеўданімам «Васіль Світка» стварае паўстанскі камітэт, праводзіць агітацыю і наладжвае выпуск газеты «Мужыцкая праўда» летам 1862 г. Усяго выйшла сем нумароў газеты: шэсць – у 1862 г., адзін – у 1863 г. Усе матэрыялы былі аднатэмныя, газета нагадвала прапагандысцкі лісток. Пасля падаўлення паўстання Кастусь памылкова лічыў, што яно можа ўзнавіцца ў 1864 г. У студзені 1864 г. паліцыя арыштавала маладога дваццацігадовага чалавека Вітальда Парафіяновіча, які выдаў арганізатараў паўстання і прозвішча, пад якім хаваўся ў Вільні Каліноўскі. Паліцыя знайшла настаўніка Ігната Вітаржэнца, які на самой справе і быў Каліноўскім. Пасля непрацяглага следства суд прызначыў Кастусю Каліноўскаму пакаранне – смерць праз павешанне, якое было здзейснена ў сакавіку 1864 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні.
У гісторыю беларускай літаратуры Кастусь Каліноўскі ўвайшоў як аўтар і выдавец газеты «Мужыцкая праўда» і аўтар «Пісьма з-пад шыбеніцы». Пад агітацыйным псеўданімам «Яська – гаспадар з-пад Вільні» Каліноўскі даносіў да чытачоў усё тое, што меў на мэце сказаць. Асноўнымі тэмамі газеты былі:
1) тэма барацьбы за зямлю і волю;
2) тэма антынароднай палітыкі царскага ўрада;
3) несправядлівасці царскага суда;
4) тэма гістарычнай крыўды беларусаў.
Ідэалам Каліноўскага было змаганне за зямлю і волю, зямля бачылася Каліноўскаму ўмовай сапраўднай свабоды. Звяртаўся да мінулага беларусаў у імя абуджэння нацыянальнай годнасці, да гісторыі славянскіх плямёнаў, каб даказаць варожасць царскага рэжыму. Адмоўна паказваецца на старонках газеты шляхта, крытыкуецца рэформа 1861 г. Каліноўскі быў прыхільнікам свабоды веравызнання. З турмы ён перадаў «Пісьмо з-пад шыбеніцы» (поўная назва «Да беларускага народа пісьмо з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага»), якое ўтрымлівала развагу пра канец царскага рэжыму, сродкі барацьбы і саюз са славянскімі народамі.
Дадзены твор складаецца з дзвюх частак: вершаванай і празаічнай. Вершаваная частка пачынаецца радкамі: «Марыська чарнаброва, галубка мая…». Гэтым зваротам аўтар пераконвае ў станоўчым выніку барацьбы. У дадзенай частцы спалучаецца лірыка і публіцыстыка. Да гэтага часу вядуцца спрэчкі наконт таго, каму адрасаваны ліст: вобраз Марыські можа з’яўляцца алегарычным вобразам Радзімы-маці ці канкрэтнай асобы, бо ў Каліноўскага было дзве знаёмыя Марыі (дачка гаспадыні кватэры, дзе ён жыў, і нявеста Марыя Ямант).
Асоба Кастуся Каліноўскага заўсёды прываблівала навукоўцаў і літаратараў: адны лічылі яго сцягам беларускага адраджэння, іншыя прыпісвалі Каліноўскаму спробы ідэалізаваць беларускую буржуазію. Да 100-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага напісаны два творы: драма М. Міронава «Кастусь Каліноўскі» і паэма М. Танка «Кастусь Каліноўскі», якія паказваюць дзеяча як чалавека-змагара. Беларускія класікі не абышлі ўвагай постаць знакамітага земляка. У. Караткевіч прысвяціў яму верш і драму «Кастусь Каліноўскі», раман «Каласы пад сярпом тваім», паўстанню прысвячалі свае творы А. Якімовіч і А. Куляшоў. Асэнсаванне характару Кастуся Каліноўскага больш яскрава прасочваецца ў творах У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» і А. Куляшова «Хамуціус».
7. Развіццё новай беларускай літаратуры ў 1890-я гады ХІХ ст.
1890-я гады – час актывізацыі літаратурнага руху ў Беларусі. Важную ролю ў грамадскім і культурным жыцці адыграла газета «Мінскі лісток», якая выходзіла з 1886 па 1902 гг. Гэта была літаратурная і грамадская газета, яна выходзіла ў Мінску на рускай мове, змяшчала творы рускамоўных аўтараў, пераклады на рускую мову сусветных і мясцовых аўтараў. Актывізуецца тэатральнае жыццё ў канцы ХІХ ст.: культурнымі цэнтрамі былі Мінск, Віцебск. У Віцебску асноўнай увагай карысталіся творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага. Віцебск канца ХІХ ст. быў горадам мастакоў. У 1899 г. тут адкрылася першая выстава, а ў літаратуру прыйшоў шэраг новых аўтараў, большасць з якіх не стала знакамітымі літаратарамі.
Адным з такіх аўтараў быў Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Ён родам з Мсціслаўшчыны, архітэктар па адукацыі, звяртаўся да літаратурнай творчасці, якая вызначалася алегарычнасцю. Вядома яго байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка» (змяшчае іншасказальны заклік змагацца супраць гвалту). У вершы «Бура» аўтар у іншасказальнай форме малюе беларускую рэчаіснасць пасля паўстання Каліноўскага. Верш прасякнуты пафасам усведамлення неабходнасці перамен.
Вядомае імя дадзенага перыяду літаратуры – Марыя Косіч. Да нашага часу дайшло толькі некалькі яе перакладаў і адзін арыгінальны твор «На перасяленне» пра развітанне чалавека з роднай зямлёй.
Пад псеўданімам «Адам М-скі» выступала Зоф’я Манькоўская, муж якой быў афіцэрам і ўдзельнічаў у руска-турэцкай вайне. Зоф’я працавала ў шпіталі сястрой міласэрнасці, пісала лірычныя вершы, займалася перакладчыцкай дзейнасцю з польскай мовы на беларускую. Вядомы яе твор «Беларуская малітва». Лічаць, што ён быў напісаны ў 1880-я гады. Па форме – гэта верш-просьба, верш-зварот сялян да Бога, яны просяць хлеба, сонца, шчасця для сябе і свайго краю. Пісьменніца бралася за пераклад тых твораў, якія былі пра каханне.
Даследчыкі мяркуюць, што ў канцы ХІХ ст. мелі пэўнае пашырэнне на Беларусі рукапісныя паэмы Якава Шэмета-Палачанскага «Барысаў камень», «Вяселле ў Беляка», «Даўгінаўскі пагром», творы гэтыя пакуль не адшуканы.
Альгерд Абуховіч (1840 – 1898 ці 1905) нарадзіўся на Случчыне ў радавітай сям’і, падпісваў некаторыя творы псеўданімам «Граф Бандзінэры» (бацька быў з роду Медзічы). Атрымаў адукацыю ў Слуцкай гімназіі, ведаў еўрапейскія мовы. Браў удзел у паўстанні К. Каліноўскага, пасля катаргі вярнуўся на Радзіму і без выкупа большую частку земляў аддаў сялянам. Сямейныя адносіны не склаліся, апошнія гады жыцця правёў у галечы. Перакладаў на беларускую мову творы заходніх аўтараў: Ф. Шылера, І.В. Гётэ, В. Гюго, Ф. Петраркі, Дантэ Аліг’еры, Дж.Г. Байрана, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, а таксама А. Пушкіна і М. Лермантава. Аднак пераклады не захаваліся. Вядомы празаічны твор «Мемуары», верш «Дума», чатыры байкі – «Ваўкалак», «Старшына», «Воўк і лісіца», «Суд». У цэнтры дадзеных твораў як філасофскія, так і маральныя праблемы.
У цэнтры байкі «Ваўкалак» стаіць праблема свабоды ўвогуле, байка «Старшына» дае алегарычны малюнак парэформеннай рэчаіснасці і з’яўляецца памфлетам на рэформу 1861 г. У байцы «Воўк і лісіца» выкарыстоўваюцца традыцыйныя для фальклору вобразы недалёкага ваўка і хітрай лісіцы і паказваюцца ўзаемаадносіны паміж імі. Байка «Суд» высмейвае судовыя парадкі і выказвае ілюзіі наконт справядлівасці суда.
Верш «Дума» ўтрымлівае разважанне над лёсам людзей і знакамітых асоб (намёк на постаці Карла ХІІ і Пятра І). Праходзіць думка пра непрадказальнасць лініі чалавечага лёсу.
А. Абуховіч лічыцца адным з пачынальнікаў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры. Ён вёў дзённік, у якім запісваў найбольш істотнае з уласнага жыцця: «З папераў А. Абуховіча», які атрымаў пазней назву «Мемуары». У творы аўтар расказвае пра сваё дзяцінства, сваякоў, вераванні беларусаў (абрад Дзяды), уводзіць развагі пра літаратурную творчасць, выступае за ўжыванне дыялектызмаў. Аўтар садзейнічаў развіццю алегарычнага пачатку беларускай прозы.
Аляксандр Гельскі (1834–1916) нарадзіўся на Міншчыне ў сям’і медыка. Атрымаў неблагую агульную і музычную адукацыю, прымаў удзел у Крымскай вайне, выйшаў у адстаўку і пачаў займацца літаратурнай і краязнаўчай дзейнасцю. У 1860-х гг. у сваім спадчынным маёнтку арганізаваў першы ў Беларусі краязнаўчы музей, цікавіўся гісторыяй, геаграфіяй, культурай Беларусі. Выдаў некалькі кніг на тэму мовы і звычаяў беларусаў: «Слоўнік жабрачай гаворкі на Белай Русі», «Аб беларускай гаворцы», «Замалёўкі звычаяў шляхты». Зрабіў пераклад адной песні паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мяркуюць, што ў 1872 г. напісаны верш, прысвечаны В. Дуніну-Марцінкевічу. У вершы апошні называецца «старым лірнікам, паэтам». Пісьменніку належаць празаічныя творы павучальнага зместу: «Сынок», «Выбіраймася ў прочкі», «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы».
На мяжы ХІХ–ХХ стст. пачыналі сваю дзейнасць К. Каганец, Цётка, А. Пшчолка, В. Арлоўскі. Апошні ў пачатку ХХ ст. выдаў беларускія апавяданні. Мяркуюць, што ён паходзіў з нізоў, родам з Віцебшчыны, пісаў рыфмаванай прозай. У цэнтры твораў – парэформенная рэчаіснасць: збядненне сялян, культ золата. Ідэалізаваў мінулае, прыгонніцкі лад, рэзка ставіўся супраць навацый (тэхнікі, чыгункі).
Аляксандр Пшчолка – руска-беларускі пісьменнік, меў духоўную і юрыдычную адукацыю. Напісаў некалькі твораў на сумесі руска-беларускай мовы: «Бабылкіна гора», «У губерню з бумагай», «Більярд у дзярэўні», «У ціятры», «Сведкі», галоўным героем якіх быў мужык, што лёгка падмануты чыноўнікам.
8. Публіцыстычная накіраванасць творчасці Ф.К. Багушэвіча.
Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840–1900)
Дадзенага аўтара называюць «рыцарам сумлення». Нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскай губерні ў шляхецкай сям’і. Продкі яго былі асіміляваныя татары. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, мовы даваліся цяжэй за дакладныя навукі. У 1861 г. адпраўляецца ў Пецярбург вучыцца на фізмат. Кіраўніцтва пачало выдаваць студэнтам залікоўкі (матрыкулы), па якіх экзамены здаваліся ў пэўны час, што значна абмяжоўвала свабоду студэнтаў. Ф. Багушэвіч не ўзяў матрыкулу і аўтаматычна выбыў. Настаўнічаў на Лідчыне (Гродзенская вобласць). Браты Багушэвічы прынялі ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага, вымушаны былі хавацца ад уладаў. У 1864 г. пакінуў Беларусь і ўладкаваўся ў г. Нежыне. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй (вучыўся там да 1868 г.). Часта мяняў месца службы, працаваў на Украіне. Другая палова 1890-х гадоў – час развіцця ўкраінскай літаратуры, таму мяркуюць, што і Ф. Багушэвіч пісаў вершы на ўкраінскай мове. Там жа ў 1874 г. ажаніўся. У 1884 г. пераехаў ў Вільню, працаваў адвакатам пры Віленскім акруговым судзе, пісаў вершы. Марыў пра стварэнне беларускай граматыкі, беларускага слоўніка. З’яўляецца аўтарам зборнікаў: «Дудка беларуская» (выдадзены ў 1891 г.) і «Смык беларускі» (выдадзены ў 1864 г.).
Публіцыстыка Ф. Багушэвіча
Літаратурную дзейнасць на беларускіх землях Ф. Багушэвіч пачаў з публіцыстычных твораў. З 1885 па 1891 гг. друкаваўся ў польскім часопісе «Край» пад псеўданімамі і крыптаграмамі (А.Д., В.Н. «бэ аш», Дэмас, Гушыч). Публікаваўся ў раздзелах, якія расказвалі пра правінцыяльнае жыццё, судовыя справы. У публікацыях звяртаў увагу на крызіс сельскай гаспадаркі таго часу, на эміграцыю беларускага сялянства, на банкроцтва памешчыкаў, пісаў пра ўзрастанне ролі банкаў і ліхвяроў. Допісы вызначаліся іранічным стылем. Пісаў пра навіны культурнага жыцця, неабходнасць развіцця беларускай культуры. Публіцыстычныя артыкулы вызначаюцца ўдалым выкарыстаннем сатырычных фарбаў (можна сказаць, што Ф. Багушэвіч – паслядоўнік М. Гогаля). Узорам публіцыстыкі з’яўляюцца прадмовы да паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».
Зборнік «Дудка беларуская»
Выйшаў у Кракаве ў 1891 г. лацінкай, але на беларускай мове пад псеўданімам «Мацей Бурачок». Выбар псеўданіма сведчыў пра дэмакратычнасць аўтара. Пісьменнік звяртаецца да зямлі-маткі, хоча пагаварыць пра мову, звяртае ўвагу на грамадзянскасць беларускай мовы. Заклікае беларусаў развіваць культуру на беларускай мове. У прадмове да зборніка ідэалізуе беларусаў у агітацыйных мэтах.
Зборнік адкрываўся праграмным вершам «Мая дудка», які і вызначаў запеў, настрой і тэматыку ўсіх твораў. У вершы аўтар расказвае пра прызначэнне і ролю мастацтва, паказвае неабходнасць сувязі паміж жыццём і паэзіяй, жыццём і літаратурай. Зборнік па сваім складзе і характары апавядальны (эпічны). Асноўная ўвага надаецца апісанню здарэнняў, а не чалавечых пачуццяў. Удалым кампазіцыйным прыёмам можна назваць тое, што аўтар уводзіць вобраз апавядальніка Мацея Бурачка. Вуснамі селяніна расказвае пра сялянскае жыццё. Часта аўтар называе зборнік дзённікам Мацея Бурачка, таму што амаль у кожным вершы прысутнічае апавядальнік Мацей, які расказвае пра нейкія здарэнні са свайго жыцця.
Увогуле зборнік уключае семнаццаць вершаў, адну байку, адну паэму, якую часта называюць вершаваным апавяданнем – «Кепска будзе». У тэматычным плане вершы можна падзяліць на некалькі груп:
1) патрыятычныя вершы («Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка»);
2) праўдашукальніцкія вершы («Мая хата», напісаны ў форме прычытання);
3) паказ парэформеннай рэчаіснасці («У астрозе», «У судзе», «Быў у чыстцы»);
4) вершы, якія ўслаўляюць чалавека працы («Дурны мужык, як варона»);
5) вершы апавядальніцкага характару пра выпадкі з жыцця («Здарэнне», «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Хцівец», «Скарб на святога Яна»);
6) вершы, якія паказваюць процілегласць сіл у грамадстве («Бог не роўна дзеле», байка «Воўк і авечка»).
Верш «З кірмашу» можна аднесці да любоўнай лірыкі, таму ён стаіць асобна ў шэрагу твораў аўтара. Паэма «Кепска будзе» паказвае вобраз галоўнага героя Аліндаркі, які цэніць свабоду. Аўтар даводзіць думку пра тое, што кепска будзе чалавеку да той пары, пакуль ён церпіць здзекі з сябе. Паэму называюць яшчэ вершаванай аповесцю.
У зборніку Ф.К. Багушэвіч размясціў вершы не па тэмах дзеля цэнзуры: смешнае мяжуецца з сур’ёзным.
Зборнік «Смык беларускі»
Зборнік выдадзены ў Познані ў 1894 г. на беларускай мове лацінкай пад псеўданімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава» (пачаткова «Шымон Рэўка з-пад Барысава»). Зборнік меў прадмову, у якой Ф. Багушэвіч працягвае размову пра перспектыву развіцця «мужыцкай» мовы, адносіны да фальклору. Імкнецца разважаць з чытачом, як пісаць: арыентавацца на народную песню ці адкідаць яе. Зборнік адкрываецца праграмным вершам «Смык». У вершы паэт услаўляе мастацтва і заяўляе, што мастацтву і музыцы падуладна ўсё. Зборнік уключае паэтычны цыкл «Песні», у які ўвайшло дзесяць песень, розных паводле тэматыкі, якія стылізаваны пад фальклор.
Першая песня «Удава» – у форме плачу, у ёй выказваецца спачуванне гаротнаму лёсу жанчыны. Другая песня – «Гора» выкарыстоўвае сюжэт народнай казкі. Трэцяя песня – пра гора – не мае назвы, пабудавана на алегарычнай сітуацыі. Чацвёртая і пятая песні – «Сватаны» (жаніх) і «Сватаная» (нявеста) выкарыстоўваюць прыём іроніі. Шостая песня паказана ў форме дыялогу. Сёмая – зварот да пана ў форме іроніі. Восьмая песня зроблена ў жанры калыханкі. Дзевятая песня па форме блізкая да народных прыпевак і па змесце нагадвае гімн гультая. Адрозніваецца песня «Хмаркі», у якой маецца разважанне пра месца чалавека на зямлі (верш элегічнага характару, роздум пра лёс інтэлігенцыі).
У зборнік увайшлі і песні, у якіх апісваецца паразітызм паноў і нягоды сялянскага жыцця. Іранічна гучаў верш «Скацінная апека», які асуджае ілжывасць і крывадушнасць сучаснай аўтару маралі.
Сацыяльнае гучанне мела байка «Свіння і жалуды» (філасофскі падтэкст у тым, што панства адбірае ў сялянства карані і не дае магчымасці існаваць). Філасофскае гучанне мае і верш «Ахвяра»; у вершы «Не цурайся» праводзіцца ідэя асветніцтва, характэрная для ХVІІІ–ХІХ стст. Патрыятызмам прасякнуты верш «Свая зямля». Багушэвіч набліжае паэзію да лірычнай плыні (верш «Балада»).
Проза Ф. Багушэвіча
Аўтар з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Яго проза не цалкам захавалася. Калі пачаў пісаць прозай – невядома. Быў намер выдаць зборнік «Беларускія расказы», але ён не ажыццявіўся. Да нас дайшлі асобныя апавяданні. У 1892 г. у Кракаве выйшла апавяданне «Тралялёначка», надрукаванае на беларускай мове лацінкай. Апавяданне ўздымала праблему капіталізацыі вёскі, такім чынам, у ХІХ ст. ужо набывае моц літаратура пра паказ жыцця народа.
«Сведка» – пра мужыка, якога запрасілі сведкам на суд; «Палясоўшчык» (падзагаловак «Апавяданне старога лесніка») выкарыстоўвае сітуацыю народнага анекдота; «Дзядзіна» – народнае апавяданне, у аснове ляжыць прыём прамой іроніі і горкага гумару.
Ф. Багушэвіч – першы беларускі нацыянальны паэт, пра што ён сам заявіў свядома назвамі твораў. Ён адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, аўтар вострасацыяльных вершаў, садзейнічаў развіццю лірычнага пачатку беларускай паэзіі.
9. Літаратура і перыядычны друк на пачатку ХХ ст.
Літаратура дадзенага перыяду абумоўлена гістарычнымі абставінамі. Мяжа стагоддзяў – пераломны час, на які паўплывала рэформа 1860-х гадоў і 1880-я гады. Каб рэабілітавацца, царскі ўрад распачаў вайну з Японіяй, але прайграў яе. Незадаволенасць урадам перарасла ў першую рускую рэвалюцыю 1905–1907 гг. Беларусь у пачатку ХХ ст. заставалася сялянскім краем, сяляне бяднелі і станавіліся рабочымі, зямлі не было. Каб супакоіць народны рух, урад Мікалая ІІ у 1904 г. дазволіў друкаваць кнігі на мясцовых гаворках. У 1903 г. аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада, куды ўваходзілі беларускія інтэлігенты. Гэта паскорыла выданне кніг, газет і часопісаў на беларускай мове.
У 1905 г. Беларуская рэвалюцыйная грамада перайменавала сябе ў Беларускую Сацыялістычную грамаду (асноўнай мэтай было распаўсюджанне беларускага друкаванага слова). Дзякуючы ёй была выдадзена кніга «Вязынка» Янкі Лучыны; з’явіліся калядныя і велікодныя апісанкі, куды былі ўключаны творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. і народныя песні. Грамаду абвінавацілі ў нацыяналізме.
У гісторыі беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. вызначаецца некалькі этапаў.
І этап (1900–1905 гг.) – дзейнасць Беларускай рэвалюцыйнай грамады. У гэты час існуе газета «Северо-Западный край» (1902–1905). У грамадстве пануе ідэя радыкальнага змянення існуючых парадкаў. Газета была літаратурным і грамадска-палітычным выданнем, у цэнтры ўвагі якога знаходзілася тагачаснае жыццё царскай Расіі. Побач з творамі рускай класікі газета друкавала творы замежных аўтараў, славянскіх аўтараў. Тут жа ў 1905 г. надрукаваны першы верш Я. Купалы «Мужык». Пасля закрыцця ў тым жа годзе газеты цэнтр друку перамешчаны ў Вільню.
ІІ этап (1906–1910 гг.) – цэнтрам літаратурна-грамадскага руху стала Вільня. З’явілася шэраг выдавецтваў. У 1906 г. у Пецярбургу існуе таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», якое праіснавала да 1914 г. У 1908 г. існуе ў Вільні таварыства «Наша хата», якое перайменавана ў 1913 г. у «Беларускае выдавецкае таварыства».
У 1907–1914 гг. у Вільні існуе выдавецтва «Наша Ніва», на Віцебшчыне – выдавецтва «Палачане». Газету «Наша Ніва» лічылі лабараторыяй пісьменніцкага вопыту, бо яна давала шлях у літаратуру многім аўтарам пачатку ХХ ст. (так званы «нашаніўскі перыяд» літаратуры). Выдавецтва існавала за кошт вучоных-славістаў. На старонках газеты друкаваліся літаратурна-крытычныя работы, творы беларускіх аўтараў, вялася гаворка пра лёс беларускай літаратуры. У 1913 г. на старонках газеты пасля публікацыі артыкула В. Ластоўскага «Сплачвайце доўг» распачалася дыскусія пра лёс і функцыю беларускай літаратуры, прызначэнне якой аўтар бачыў у паказе прыгожага і прыроды, у зацікаўленні чытача. У сваім артыкуле аўтар звяртаецца да літаратараў ХХ ст., называючы іх «парнаснікамі» (Я. Купалу і інш.). Адказам стаў надрукаваны ў 1913 г. артыкул Я. Купалы «Чаму плача песня наша?», падпісаны аўтарам фразай «Адзін з парнаснікаў». Артыкул падае думку пра сацыяльную абумоўленасць літаратуры і мастацтва (якое жыццё, такая і літаратура). Большасць аўтараў падтрымала Я. Купалу. Убаку ад крытыкі застаўся М. Багдановіч, але ён падкрэсліў, што літаратура павінна і выхоўваць, і быць з’явай эстэтычнай.
У 1916 г. у Вільні выходзіла газета «Гоман» лацінкай на беларускай мове; мела мастацка-публіцыстычны характар і нацыянальна-вызваленчую праблематыку. У гэтым жа годзе газету «Дзянніца» спрабуе выдаць Ц. Гартны ў Пецярбургу. Дадзеныя газеты ва ўмовах вайны доўга існаваць не маглі, хаця і не залежалі ад улад і ўрада.
У ХІХ ст. аўтары пісалі на некалькіх мовах і звярталіся да перакладных твораў іншаземных аўтараў. У ХХ ст. пісьменнікі перакладаюць творы рускіх, польскіх і заходне-еўрапейскіх аўтараў. На маладую беларускую літаратуру звяртаюць увагу і іншыя аўтары: беларускіх пісьменнікаў пачынаюць перакладаць на іншыя славянскія мовы. У пачатку ХХ ст. беларуская літаратура развіваецца паскорана. У гэты час ні адзін літаратурны метад не стаў дамінуючым у творчасці беларускіх аўтараў.
Літаратурны працэс у пачатку ХХ ст. вызначаўся з’яўленнем арыгінальных пісьменнікаў, развіццём беларускай перыёдыкі і выдавецкай справы, функцыянаваннем беларускай літаратуры ў гравітацыйным полі сусветнага літаратурнага працэсу, пашырэннем перакладчыцкай дзейнасці, развіццём крытыкі і ўзнікненнем новых літаратурных жанраў (верш, камедыя, апавяданне, паэма, сацыяльна-бытавая беларуская аповесць; робяцца спробы стварэння рамана, першых драматычных твораў).
Літаратура пачатку ХХ ст.: агульная характарыстыка
Перыядычны друк
Рэвалюцыя 1905–1907 гг. узняла да актыўнага дзеяння шырокія народныя масы, абудзіўшы палітычную, сацыяльную, нацыянальную самасвядомасць ycix народаў самадзяржаўнай Pacii. «Ніколі яшчэ, – адзначаў У.I. Ленін, – не перажывала Расія такога абуджэння ад сну, зaбiтасці i няволі, як цяпер».
Поруч з іншымі народамі на барацьбу за свабоду, за лепшую долю, за вялікае права «людзьмі звацца» паўстаў i беларускі народ. «Калі ў памятны 1905 г. зрабілася завіруха, – пicaў Янка Купала ў 1913 г. на старонках газеты «Наша ніва», – калі ў Pacii ў кожнага чалавека стала будзіцца душа да новага жыцця, да новага шчасця, то i ў беларуса будзіцца стала пачуццё свайго «я», стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што i мы людзі».
Хоць першая руская рэвалюцыя пацярпела паражэнне, царскі ўрад пад напорам шырокіх мас вымушаны быў пайсці на некаторыя паслабленні. Адной з такіх уступак з’явілася легалізацыя беларускага друку, адмена забароны перыядычных выданняў на беларускай мове. Сталі выходзіць першыя беларускія легальныя газеты «Наша доля» i «Наша ніва».
Па ідэйнай накіраванасці публікуемых матэрыялаў, паводле палітычнай арыентацыі «Наша доля» (першы нумар яе выйшаў 1 верасня 1906 г.) займала рэвалюцыйна-дэмакратычную пазіцыю, падтрымлівала народную рэвалюцыю. Газета асуджала самаўладства, абуралася жорсткімі рэпрэсіямі царызму, заклікала працоўныя масы працягваць барацьбу за свабоду, за лепшае жыццё. У падзагалоўку да газеты «Наша доля» гаварылася, што яна прызначаецца «для вясковага мясцовага рабочага народу». У рэдакцыйным артыкуле, з якім «Наша доля» (№ 1) звярталася да чытачоў, з радасцю адзначалася, што «прачнуўся з цяжкага сну народ, падняуся як рака на вясну за вялікае дзела свабоды i лепшае долі».
Газета не замыкалася ў коле вузканацыянальных праблем, сцвярджала неабходнасць братэрства, інтэрнацыянальнай салідарнасці працоўных ycix нацый, ycix народаў царскай Pacii ў ix справядлівай барацьбе з прыгнётам, заняволеннем, бяспраўем. «У … вялікі мамэнт, – пісалася ў «Нашай долі», – калі ўсе народы гасударства Расейскага, аб’явіўшы вайну старым парадкам, напрагаюць усе свае сілы, каб дабіцца свабоды i лепшае долі, мы будзем разам з iмi... Мы верым у святосць народнае справы, мы верым у помач нашых прыяцеляў».
У артыкуле «Што будзе?» («Наша доля», № 1), аналізуючы падзеі першай рускай рэвалюцыі, газета горача падтрымлівае змаганне рабочых i працоўных сялян за сацыяльную справядлівасць i бязлітасна асуджае царскі ўрад за крывавыя расправы над удзельнікамі ўзброенага паўстання: «...Цяпер бунтаўшчык – увесь стомлены, цёмны, галодны народ. Правіцельства кроўю заліло цэлы край i думала гэтым успакоіць народ. Але штыкамі i кулямі можна прыдушыць народ, можна з усёй Pacei зрабіць адну вялікую масу, а не ўпраўляць жывымі людзьмі. Кроў забітых братоў трудна забыць; слёзы ix удоў i cipoт не даюць спакою нi ў дзень, нi ў ночы».
У першым нумары «Нашай долі» было надрукавана апавяданне Цёткi (Алаізы Пашкевіч) «Прысяга над крывавымi разорамі», у якім сцвярджаецца ідэя саюза рабочага класа, працоўнага сялянства i салдат у суровай барацьбе за свабоду.
Газета, якая адкрыта прапагандавала неабходнасць рашучай барацьбы з царызмам, не магла доўга пpaicнаваць ва ўмовах жорсткай рэакцыі. Царскія служкі канфіскоўвалі асобныя нумары «Нашай долі», здымалі «крамольный» матэрыял, узбуджалі судовыя справы супраць аўтараў, супрацоўнікаў, пакуль, нарэшце, на шостым нумары, у снежні 1906 г., не дабіліся яе поунага закрыцця. «Наша доля», як паведамлялася пазней у газеце «Наша ніва», абвінавачвалася ў падбухторванні да разбурэння дзяржаўнага ладу, знішчэння «старых парадкаў ды ўстанаўлення на зямлі таварыства меж людзьмі (сацыялізму)».
«Наша доля», як бачым, на самой справе была баявой, рэвалюцыйна-дэмакратычнай газетай. Яна прапагандавала прагрэсіўныя ідэі, змагалася за новыя формы жыцця, абуджала ў народзе рэвалюцыйны дух, клікала да барацьбы за справядлівую справу рабочага класа і працоўнага сялянства.
Газета «Наша ніва» (выходзіла з 10 лістапада 1906 г. па 7 жніўня 1915 г.), нягледзячы на агульны памяркоўны характар яе палітычнай праграмы, таксама адыграла важную ролю ў прапагандзе новых ідэй, у крытыцы самаўладства, у актывізацыі літаратурна-творчага жыцця, аб’яднанні сіл перадавой інтэлігенцыі, разгортванні масавага літаратурнага руху ў перадкастрычніцкае дзесяцігоддзе.
М. Горкі ў артыкуле «О писателях-самоучках», апублікаваным у часопісе «Современный мир» (1911, № 2), звяртаючы ўвагу на маладую літаратуру беларусаў, вялікае значэнне надаваў рабоце людзей, якія згрупаваліся вакол газеты «Наша ніва». Прыводзячы ў гэтым артыкуле тэкст песні «А хто там ідзе?», надрукаваны «Нашай нівай», захапляючыся глыбокім сэнсам слоў Я. Купалы, вялікі пралетарскі пісьменнік падкрэслівае думку аб важнай ролі «Нашай нівы» ў грамадскім жыцці беларускага народа. Каб вытлумачыць сабе сэнс верша-песні «А хто там ідзе?», каб зразумець тое, што адбываецца ў масах «патрывожанага» народа, чытачу, на думку М. Горкага, «варта было б паглядзець «Нашу ніву» – яна шмат цікавага скажа яму».
Высока ацэньваў дзейнасць «Нашай нівы» М. Багдановіч. У артыкуле «Беларускае адраджэнне» ён пісаў, што, хоць газета выдавалася ў складаных абставінах жорсткай рэакцыі, яна, пры ўсёй яе памяркоўнасці, многа зрабіла для ўсебаковага адраджэння беларускай народнай культуры. Газета знаходзіла дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі. Для многіх тысяч людзей яна была першай крыніцай звестак аб іх жыцці-быцці, выкладзеных такой простай і яснай мовай. У беларускага селяніна, які зжыўся з думкаю, што ён – хам, і яго мова – хамская, газета выклікала павагу да сябе, абуджала ў ім пачуццё ўласнай годнасці.
На думку М. Багдановіча, «Нашай ніве» не была ўласціва нацыянальная замкнутасць: у беларускім краі, змардаваным нацыянальнай барацьбой, «Наша ніва» нястомна напамінала аб неабходнасці шанаваць культуру кожнага народа і, замацоўваючы свае нацыянальныя асновы, шырока карыстацца здабыткамі культуры польскай, велікарускай, украінскай. М. Багдановіч выказвае сваё захапленне незвычайнай грамадзянскай мужнасцю «Нашай нівы»: яна неаднаразова канфіскоўвалася, рэдактар прыцягваўся да судовай адказнасці, сядзеў у астрозе, яе забаранялася чытаць вайскоўцам, духавенству, народным настаўнікам, навучэнцам настаўніцкіх семінарый і яшчэ цэламу шэрагу асоб. Шавіністычная руская прэса цкавала яе, сцвярджаючы, што газета выдаецца на польскія грошы для аслаблення ў краі велікарускіх пазіцый. У сваю чаргу органы польскага нацыяналізму бачылі ў ёй тонкі сродак для русіфікацыі беларусаў-католікаў, створаны на грошы казны. Але ўсё гэта не зламала энергіі людзей, што групаваліся вакол «Нашай нівы». «Наша ніва» карысталася шырокай папулярнасцю сярод сялян, якія дасылалі ў газету свае карэспандэнцыі, вершы, апавяданні, артыкулы.
Прагрэсіўная накіраванасць газеты ўзмацнілася, калі яе рэдактарам (з лютага 1914 г.), а затым і выдаўцом стаў Янка Купала.
Вялікую ролю «Нашай нівы» ў станаўленні беларускай літаратуры, мастацтва, у развіцці нацыянальнай і сацыяльнай самасвядомасці беларускага народа адзначаюць і сучасныя даследчыкі гісторыі грамадска-палітычнай і эстэтычнай думкі Беларусі. «Па сутнасці, – пішуць яны, – газета з яе выдавецтвам і карэспандэнтамі была цэнтрам беларускай культуры і беларускага нацыянальнага руху. Выдатныя беларускія пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Цішка Гартньі і іншыя былі актыўнымі яе супрацоўнікамі. Не было амаль ніводнага нумара газеты без іх вершаў, апавяданняў, крытычных артыкулаў і карэспандэнцый. З. Бядуля быў некаторы час сакратаром рэдакцыі, а Якуб Колас – загадчыкам літаратурнага аддзела. «Наша ніва» выклікала да жыцця дзесяткі паэтаў, пісьменнікаў-самавучак з сялян, рабочых, рамеснікаў. Ды і ў фарміраванні класікаў беларускай літаратуры, па іх прызнанню, газета адыграла выключную ролю».
Аднак «Наша ніва», якая пэўны час была адзіным перыядычным друкаваным органам на беларускай мове, не магла поўнасцю задаволіць узросшыя духоўныя запатрабаванні чытачоў. З часам з’яўляюцца новыя перыядычныя выданні. Гэта беларускія часопісы «Лучынка» (Мінск, 1913–1914), «Саха» (Вільня, Мінск, 1914), «Раніца» (Пецярбург, 1914), літаратурна-публіцыстычны альманах «Маладая Беларусь» (Пецярбург, 1912–1913), штогадовыя літаратурныя зборнікі тыпу «Беларускага календара» (Вільня, 1909–1917) і інш.
Выданнем кніг і брашур на беларускай мове займаюцца культурна-асветныя саюзы, аб’яднанні, суполкі, таварыствы. Многа зрабіла ў гэтым напрамку заснаванае ў 1906 г. пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Чытанкі для дзяцей і дарослых, календары, альманахі, кнігі паэзіі, прозы, драматургіі – такі параўнальна шырокі дыяпазон дзейнасці гэтага вельмі папулярнага ў свой час выдавецкага таварыства, якое праіснавала аж да 1914 г. Разгортваюць дзейнасць выдавецкія суполкі ў Вільні: «Наша ніва» (1907–1914), «Наша хата» (1908–1910), «Палачанін» (1910–1911). Асобныя беларускія выдавецтвы ўзнікаюць і ў Мінску: «Саха», «Мінчук».
|