Зямля нашых продкаў




Дата канвертавання17.03.2016
Памер130.34 Kb.
ЗЯМЛЯ НАШЫХ ПРОДКАЎ
Архіялагічныя звесткі сведчаць, што тэрыторыя Расонскага раёна была заселена чалавекам у эпоху мезаліту (9 – 5-е тысячагоддзі да н. э.). Характэрныя помнікі таго часу – стаянкі, размяшчаліся на высокіх тэрасах карэнных берагоў рэк і азёр. На мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў на левым беразе возера Свольна за 2 км на поўнач ад вёскі Дабраплёсы ў 1963 г. выяўлена стаянка эпохі мезаліту. Тут знойдзены вырабы з крэменю – скрабкі для апрацоўкі скур дзікіх жывёл, наканечнік стралы. Асноўным заняткам насельніцтва было паляванне, вялікае значэнне мелі рыбалоўства і збіральніцтва. Развіццё гаспадаркі і новых форм грамадскай арганізацыі (станаўленне плямён, умацаванне парнай сям’і) падрыхтавалі пераход да эпохі неаліту.

Новы каменны век (неаліт) на тэрыторыіі Віцебшчыны пачаўся ў 5 – 4 –м тысячагоддзях да н. э. Для яго характэрна паяўленне больш дасканалых прылад працы, глінянага ляпнога посуду, авалоданне навыкамі жывёлагадоўлі і земляробства. У інвентар каменных прылад працы эпохі неаліту ўваходзілі сякера, малаток, цясла, кірка, нож, скрэбла. Найбольш важнай прыладай была сякера, з дапамогай якой будавалася жыллё, лодкі, плыты. Самыя старажытныя сякеры былі прымітыўнымі: абіты кавалак камення, падобны на клін, устаўлялі у рашчэпленную палку або проста прывязвалі да яе. У познім неаліце з’явілася новая тэхніка апрацоўкі каменю – шліфоўка і заточванне. Абітыя загатоўкі старанна шліфавалі на каменнай пліце, на якую падсыпалі мокры пясок. Часам у такіх сякерах свідравалі адтуліну для ручкі. Для свідравання выкарыстоўвалі трубчастыя косці, якія прыводзіліся ў рух спецыяльным прыстасаваннем, пад канец касцяной трубкі увесь час падсыпаўся пясок, які праразаў камень.

У неаліце тэрыторыю Віцебскай вобласці, у тым ліку і Расоншчыну, насялялі плямёны нарвенскай культуры. Яны выраблялі вастрадонны гліняны ляпны посуд з дамешкамі таўчоных ракавін у цесце. У сярэдзіне 3-га тысячагоддзя да н. э. з паўднёвай Прыбалтыкі на тэрыторыю Віцебшчыны праніклі плямёны культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, для якой характэрны выраб таўстасценных яйцападобных гаршкоў, арнаментаваных глыбокімі ямкамі, адбіткамі шыраказубага грэбеня. Асноўнымі заняткамі насельніцтва эпохі неаліту былі прымітыўнымі земляробства і жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Развівалася радавое грамадства, асноўным вытворчым калектывам была мацярынска-радавая абшчына, якая складалася з некалькі дзесяткаў чалавек. Сумесная праца і агульная ўласнасць на прылады працы складалі аснову ўсяго жыцця роду. У асабістым карыстанні маглі быць толькі асобныя рэчы і прылады. Спажыванне было калектыўным пры ўраўняльным размеркаванні прадуктаў палявання, рыбалоўства, збіральніцтва, члены рода былі раўнапраўнымі, іх паводзіны рэгуляваліся радавой мараллю і звычаямі. Некалькі родаў складалі племя, плямёнамі кіравалі старэйшыны роду.

У пачатку 2-га тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у т. л. і Расоншчыны, пачаўся бронзавы век. На Беларусі адсутнічаюць радовішчы медзі і волава, неабходныя для атрымання бронзы. Медныя і бронзавыя прылады працы, упрыгожанні траплялі сюды здалёк – з Цэнтральнай Еўропы, Закаўказзя, Прыкарпацця. На працягу ўсяго бронзавага веку з каляровым металам паспяхова спаборнічаў камень. З крэменю па-ранейшаму вырабляліся нажы, наканечнікі стрэл і дзідаў. Распаўсюджаны былі баявыя каменныя сякеры. У гэты перыяд у Паўночную Беларусь праніклі плямёны культуры шнуравой керамікі. Назва культуры паходзіць ад арнаменту ў выглядзе адбіткаў шнура, якім упрыгожваўся посуд. Былі пашыраны свідраваныя каменныя сякеры, таму культуру шнуравой керамікі называюць таксама культурай баявых сякер.Яе плямёны жылі на вялікай тэрыторыі ад Скандынавіі да Сярэдняга Падняпроўя. Вучоныя лічаць носьбітаў гэтай культуры індаеўрапейцамі, продкамі славян, балтаў, германцаў.

У Падзвінні ў раннім бронзавым веку існавала паўночна-беларуская археалагічная культура, заснаваная на мясцовых неалітычных традыцыях. Паселішчы размяшчаліся ўздоўж берагоў невялікіх рэчак, паблізу азёр і складаліся з некалькіх наземных жытлаў, аснову якіх утваралі ўкапаныя ў зямлю слупы. У цэнтры жытлаў на тоўстай пяшчанай падсыпцы размяшчаліся адкрытыя агнішчы, каля жытлаў былі месцы апрацоўкі крэменю, дрэва косці, захоўвалі запасы гліны для вырабу посуду. Посуд побач з неалітычнымі прыкметамі (вастрадоннасць, порыстасць сценак, арнаментацыя) набыў прыкметы, характэрныя для бронзавага веку (пласкадонасць, арнаменты ў выглядзе адбітка шнура і наразных ліній). Насельніцтва вырабляла прылады працы і зброю з косці, рогу і крэменю, упрыгожанні - падвескі з бурштыну і зубоў жывёл, касцяныя пласцінкі, фігуркі жывёл, птушак і людзей. З Усходняй Прыбалтыкі ўверх па Заходняй Дзвіне бурштын трапляў на тэрыторыю Беларусі, дзе быў добра вядомы з часу позняга неаліту.

У бронзавым веку адбыліся змены ў гаспадарчым і грамадскім жыцці людзей. Значна вырасла роля жывёлагадоўлі, земляробства, што прывяло да павышэння прадукцыйнасці працы і ўтварэння лішкаў прадуктаў. У радавых абшчынах узнікла маёмасная няроўнасць. Стары мацярынскі род з яго роўнасцю паміж жанчынамі і мужчынамі ператварыўся ў бацькоўскі род, або патрыярхат, на чале роду стаў мужчына.

У 7 стагоддзі да н. э. на тэрыторыі Віцебшчыны пачаўся жалезны век. Пачатак яго звязаны з асваеннем людзьмі спосабаў атрымання жалеза і вырабам з яго жалезных рэчаў. Здабываць жалеза на тэрыторыі Беларусі людзі пачалі ў сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да нашай эры, а на поўначы значна пазней. Назвы многіх населеных пунктаў і цяпер адпавядаюць першапачатковым, у аснове якіх стаіць слова “руда”. У Расонскім раёне дзве вёскі маюць назву Рудня. Старажытныя майстры-металургі на Беларусі здабывалі жалеза з балотнай руды. Руду “варылі” ў пячах-домніцах. Такая печ рабілася з гліны і мела невялікія памеры, каля 0,5 м у папярэчніку. У домніцу засыпалі слаямі драўняны вугаль разам са здробленай балотнай рудой. Вугаль падпальвалі і праз соплы на днішчы домніцы надзімалі “сырое”, халоднае паветра. Тэмпература ў домніцы падымалася да 1200 С. Руда пачынала ператварацца ў жалеза, кавалкі яго апускаліся на дно печы, спякаліся і ўтваралі порыстую масу – крыцу. Калі печ астывала, крыцу даставалі, у кузні яе зноў награвалі ў горне, плюшчылі цяжкімі молатамі, каб выціснуць рэшткі шлаку і атрымлівалі жалеза высокай якасці, з якога вырабляліся прылады працы, зброя.

У 1-й палавіне 1- га тысячагодзя да н. э. на тэрыторыі паўночнай Беларусі ўтварылася культура ўсходне-балцкіх плямён ранняга жалезнага веку, якая атрымала назву днепрадзвінскай. Пад гэтай культурай разумеюць сукупнасць агульных рыс матэрыяльных умоў жыцця – тыпаў жытлаў, прылад працы, упрыгожанняў, посуду, яго арнаментацыі некалькіх соцень гарадзішчаў, якія распаўсюджаны ў Віцебскай, Смаленскай, частцы Пскоўскай вобласцей у 8 – 6 ст. да н. э. – 4 ст. н. э.

Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж родамі і плямёнамі рабілі неабходным у гэты час збудаванне ўмацаваных пасёлкаў, так званых гарадзішчаў. У Расонскім раёне вядома каля 20 гарадзішчаў ранняга жалезнага веку каля вёсак Амосенкі, Грачушына, Даўгабор’е, Заазер’е, Латышы (ва ўрочышчы Бурнасенкі), Межава, Межна, Перавоз, Рылі, Сінск (ва ўрочышчы Гараватка), Старыца, Хоцькава (ва ўрочышчы Чорная Гара), Янкавічы (ва ўрочышчы Крупец). Гарадзішчы былі 2-х тыпаў – узгоркавыя, размешчаныя на ледавіковых астанцах-узгорках, і мысавыя – на мысах карэнных берагоў рэк і азёр. Некаторыя з іх ператварыліся ў пасёлкі-крэпасці з добрай сістэмай абарончых збудаванняў. Узгоркавыя гарадзішчы абносілі дадаткова дугападобным валам і ровам. Масавыя гарадзішчы з боку поля ўмацоўвалі равамі і валамі, якія размяшчаліся ў некалькі радоў. Так гарадзішча за 2 км ад в. Межава ва ўрочышчы Сопіна на мысе правага берага р. Змітраўка мела пляцоўку памерам 80/40 м, вышыню – 20 м і з боку поля было ўмацавана 3 валамі і 3 равамі глыбінёй больш за 2 м. Гарадзішча выконвала ролю сховішча, цэнтра абшчыны, вакол якога згуртоўваліся невялікія паселішчы – патранаміі і малыя пасёлкі – сямейныя абшчыны. Асноўнай гаспадарчай адзінкай была вялікая патрыярхальная сям’я. Гарадзішча Сопіна было найбольш значным сярод пяці выяўленых у наваколлі в. Межава.

На гарадзішчах Расоншчыны значных архіялагічных даследаванняў не праводзілася. Лепш вывучаны гарадзішчы у суседнім Верхнядзвінскім раёне, у наваколлі Асвейскага возера. Важным эталонным помнікам у гэтым сэнсе з’яўляеца таксама гарадзішча каля возера Замошша Полацкага раёна. Матэрыялы з раскопак гэтых помнікаў даюць уяўленне аб раннім жалезным веку ўсяго рэгіёна. Яны сведчаць аб распаўсюджанні ў той час хатніх промыслаў – бронзаліцейнай справы, апрацоўкі дрэва, косці і рогу жывёлы. Гліняны посуд па-ранейшаму рабілі ўручную. Пастаяннымі заняткамі жанчын сталі прадзіва і ткацтва.

Археалагічныя раскопкі дапамагаюць вывучыць гісторыю насельніцтва, яго этнічную прыналежнасць. У 1966 г. К. П. Шут правёў раскопкі гарадзішча ў наваколлі вёскі Заазер’е. У культурным пласце была выяўлена кераміка розных археалагічных культур. Паверхня адных гаршкоў была пакрыта штрыхамі, у іншых яна была глаткасценнай, амаль без арнаменту.

На рэштках некатарых пасудзін прасочваюцца адбіткі тэкстылю. Такая кераміка, названая тэкстыльнай, была распаўсюджана на рубяжы нашай эры. Мяркуюць, што пасудзіны ляпіліся ўнутры спецыяльных мяшочкаў.



Тэкстыльная кераміка была шырока распаўсюджана ў раннім жалезным веку на гарадзішчах у басейнах Верхняй Волгі, Акі, Камы. Па першаму даследванаму гарадзішчу каля вёскі Дзякава ў наваколлі Масквы культуры назвалі дзякаўскай. Вучоныя лічаць што дзякаўскія плямёны з’яўляліся фіна-уграмі. Да прыбалтыйска-фінскай этнамоўнай групы цяпер належаць эстонцы, фіны (суомі), лівы, іжорцы і інш. Іх мовы блізкія паміж сабой, складаюць асобную групу фіна-угорскай моўнай сям’і. Прыбалтыйска-фінскія плямёны ў старажытнасці засялялі абшары Наўгародскай і Пскоўскай зямель. Паміж плямёнамі розных археалагічных культур дакладных межаў не было. Існавалі шырокія палосы дзе насельніцтва змешвалася. Прысутнасць тэкстыльнай керамікі на гарадзішчах жалезнага веку сведчыць аб знаходжанні тут змешанага насельніцтва з балтаў і фіна-уграў. У сувязі з гэтым не выпадковыя і назвы возера Нешчарда (Мешчарда), ракі і возера Дрыса, якія належаць да тыповай прыбалтыйска-фінскай тапаніміі. Да 5 – 6 стагоддзяў плямёны днепра-дзвінскай культуры знаходзіліся на апошняй стадыі развітога патрыярхальна-радавога ладу. Пазней адным з праяўленняў распаду патрыярхальна-сямейнай абшчыны і зараджэння тэрытарыяльнай сельскай абшчыны быў пераход ад гарадзішчаў да адкрытых селішчаў. Неўмацаваныя селішчы, дзе зручна займацца земляробствам і жывёлагадоўляй, сталі асноўнай формай населеных пунктаў, але і гарадзішчы не былі пакінуты, яны выкарыстоўваліся як сховішчы ў час ваеннай бяспекі да 10 стагоддзя і называліся ва ўсходніх славян “градамі”.

У 6 – 8 стагоддзях Расоншчыну насялялі плямёны банцараўскай культуры. Яны рассяляліся ў верхнім Падняпроўі, верхнім і сярэднім Падзвінні, верхнім Панямонні. Назва паходзіць ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. У археалагічнай навуцы канчаткова не вырашана, якому насельніцтву належала банцараўская культура – славянам ці балтам. Асноўны тып пасяленняў жыллёвай забудовы – неўмацаваныя адкрытыя селішчы, якія размяшчаліся на невысокіх узвышшах надпоймавых тэрас. На селішчах будаваліся паўзымлянкавыя ці наземныя жытлы плошчай 12 – 20 м2. Унутры іх знаходзіліся печы-каменкі ці агнішчы з дробных камянёў. Насельніцтва вырабляла слабапрафіляваныя гаршкі з гладкімі неарнаментаванымі сценкамі. Акрамя таго, у Беларускім Падзвінні былі распаўсюджаны слоікападобныя гаршкі. Слабапрафіляваная кераміка прызнаецца славянскай. Слоікападобныя формы гаршкоў лічацца прыкметай посуду балтаў. Тыповым славянскім жыллём таго часу была паўзямлянка, у балтаў былі жытлы наземнай слуповай канструкцыі. На селішчах банцараўскай культуры знаходзяць рэшткі і паўзямлянак, і наземных жытлаў, слабапрафіляванай і слоікападобнай керамікі. Можна меркаваць, што славяне, якія рассяляліся ў паўночнай Беларусі, змешваліся з балцкім, часткова з угра-фінскім насельніцтвам, і ўтварылася рознаэтнічная археалагічная банцараўская культура. Часта селішчы банцараўскай культуры будаваліся каля гарадзішчаў ранняга жалезнага веку, якія дадаткова ўмацоўваліся землянымі валамі і ператвараліся ў гарадзішчы-сховішчы. Падобны археалагічны комплекс вядомы каля вёскі Амосенкі – гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, 2 селішчы банцараўскай культуры, 2 курганныя могільнікі. Гарадзішча было ўмацавана валам. Побач на выспе размяшчаецца селішча плошчай 60 / 30 м. Былі выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла, ляпная глаткасценная кераміка. Другое селішча размешчана на ўзвышшы паміж выспай і ручаём, які ўпадае ў воз Стрэшна. Асноўным тыпам пахавання ў банцараўцаў былі курганныя могільнікі. Найбольш старажытныя з іх выяўлены каля в. Янкавічы ва ўрочышчах Атокі і на месцы былой вёскі Павалішына. Курганны могільнік ва ўрочышчы Атокі размешчаны за 4 км на паўднёвы ўсход ад Янкавіч на левым беразе р. Дрыса, за 300 м ад яе рэчышча. У могільніку 3 курганы – два круглыя паўсферычныя і доўгі валападобны. Валападобны курган меў незвычайныя памеры: 110 м у даўжыню, 9 м – у шырыню, 1,5 м – у вышыню. Большы па даўжыні курган археалогіі невядомы. Вывучэнне атокінскага кургана праводзіліся ў 1967 – 69 гг. археалагічнай экспедыцыяй Інстытута гісторыі АН Беларусі на чале з Г. В. Штыхавым. Курган быў поўнасцю даследаваны. Увесь яго насып складаўся з жоўтагу пяску, які бралі побач з грунту. Каля падножжа насыпу па ўсёй плошчы кургана прасочваеца попельна-вугальная праслойка магутнасцю 15-30 см, а месцамі і болей. Курган насыпан у адзін прыём суродзічамі, якія складалі адну абшчыну, ён выконваў ролю калектыўнага могільніка. Пахаванні выяўлены ў трох месцах. Каля ўсходняга краю насыпу ў попельна – вугальнай праслойцы выяўлена слоікападобная гліняная ўрна вышынёй 26 см, да краёў напоўненая перапаленымі касцямі людзей і жывёл. Урна падобная на кераміку банцараўскай культуры. Такі посуд быў выяўлены пры раскопках Віцебска, Лукомля, Полацка. За 25 м ад урны пад курганам у грунце выяўлена іншае пахаванне. У вогнішчы плошчай 24 м2 было больш за тры кг перапаленых касцей, што сведчыць аб крымацыі некалькіх нябожчыкаў і жывёл адначасова. Сярод рэшткаў крэмацыі сустракаюцца фрагменты арнаментаваных вырабаў з косці, бронзавых упрыгожанняў. Унікальнай з’яўляеца знаходка шкарлупінападобных бляшак – невялікіх пукатых бронзавых вырабаў для ўпрыгожання галаўных убораў або рамянёў. Шкарлупінападобныя бляшкі характэрныя для пскоўскіх курганоў і адлюстроўваюць уплыў культуры заходняфінскага насельніцтва на плямёны , што жылі на Расоншчыне, і звычайна датуюцца 4 – 6 стагоддзямі. Курган ва ўрочышчы Атокі датуецца прыкладна сярэдзінай 1-га тысячагоддзя н. э. Трэцяе пахаванне – перапаленыя косці, перамяшаныя з пяском, знаходзіліся за 12 м ад апошняга ў насыпі. Раскопкі кургана ва ўрочышчы Атокі даюць падставы сцвяврджаць, што насельніцтва банцараўскай культуры на тэрыторыі Віцебшчыны хавала нябожчыкаў у доўгіх курганах. У выніку ў археалагічнай навуцы ўсталяваўся тэрмін – атокінскі варыянт банцараўскай культуры. Курганны могільнік на месцы былой в. Павалішына размешчаны за 2 км ад урочышча Атокі, у ім 10 падоўжаных і 1 круглы курган. У 1968 і 1970 гг. даследавана 7 з іх. Найбольшую каштоўнасць уяўляе сабой падоўжаны курган, у якім выяўлена своеасаблівая пахавальная урна – перакуленая дагары нагамі ляпная пасудзіна накрывала гаршчок з перапаленымі касцямі. Побач было падобнае пахаванне, у якім разам з рэшткамі крэмацыі знойдзены 6 пашкоджаных агнём блакітных шклянак пацерак іншаземнага паходжання. Усяго ў кургане было 4 пахаванні. У іншых курганах выяўлены посуд, падобны ны кераміку банцараўскай культуры. Сустракаюца гаршкі з расчосамі – шэрагам перакрыжаваных ліній. Падобная кераміка характэрна для селішчаў 2 – 5 стагоддзяў, у канцы 5 – пачатку 6 стагоддзя яна не ўжывалася. Такім чынам, курганы, дзе яна выяўлена, датуюца не пазней 5 – 6 стагоддзяў. У 2-й палавіне 1-га тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыю Віцебшчыны праніклі славянскія плямёны крывічоў, якія да канца 1-га тысячагоддзя асімілявалі мясцовае насельніцтва, у выніку чаго ўтварылася групоўка полацкіх крывічоў, якія паклалі пачатак фарміраванню продкаў беларусаў на тэрыторыі паўночнай Беларусі. Археалагічныя помнікі крывічоў – гарадзішчы, селішчы, доўгія і круглыя курганы, пахавальны абрад на раннім этапе – трупаспаленне, на познім – трупапалажэнне.

На паўночна-ўсходняй ускраіне в. Межава размешчана гарадзішча, якое належала полацкім крывічам. Яно складаецца з 2 пляцовак. Меншая мае памеры 70 / 60 м, вышыню – 30 м, з захаду прымыкае большая пляцоўка памерам 180 / 120 м. З заходняга боку вялікай пляцоўкі ёсць вал вышынёй 6 м, даўжынёй 100 м, шырынёй 20 м і роў глыбінёй 2 м. Магутнасць культурнага пласту 0,6 – 1 м. У ім знойдзены рэшткі ляпнога посуду 6 – 9 стагоддзяў, ганчарная кераміка 10 – 14 стагоддзяў. У 10 – 13 стагоддзях тут размяшчаўся буйны населены пункт Полацкага княства. Курганны могільнік, размешчаны за 2 км ад в. Рудня, належаў крывічам, датуецца 2-й палавінай 1-га тысячагоддзя. Тут 21 курган дыяметрам 8 – 10 м, вышынёй 1 – 2 м. Адзін з іх на краі валападобнага насыпу даўжынёй 40 м. Два насыпы прадаўгаватыя, даўжынёй 25 – 27 м. Каля многіх курганаў захаваліся глыбокія раўкі. У 1928 г. могільнік даследаваў А. М. Ляўданскі, у 1961 г. – А. Р. Мітрафанаў, у 1970 г. 3 курганы раскапаў Г. В. Штыхаў. У 2 з іх выяўлена трупаспаленне, знойдзены бронзавы бранзалет.

У 8 – 9 стагоддзях працягвалася рассяленне славян, узніклі новыя сацыяльныя з’явы, фарміраваліся дзяржаўныя тварэнні. Родаплемянное грамадства знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі, пры якой ужо зараджалася сацыяльная няроўнасць.

У другой палавіне 9 стагоддзя некаторыя ўсходнеславянскія плямёны пачалі аб’ядноўвацца вакол Кіева, ва Ўсходняй Еўропе да сярэдзіны 10 ст. утварылася вялікая дзяржава. Сучаснікі называлі яе Руссю, гісторыкі – Кіеўскай Руссю. Паміж Кіевам і Ноўгарадам на тэрыторыі паўночнай Беларусі знаходзіўся бацька беларускіх гарадоў – Полацк. Кіеўская Русь і Полацкае княства ў 9 – 11 стагоддзях уяўлялі сабой многаукладнае грамадства, у якім мелі месца перажыткі родаплемянных адносін і зараджэнне феадалізму.

Адным з важных элементаў сярэдневяковага грамадства была сельская абшчына – сялянскі калектыў, які аб’ядноўваў і згуртоўваў асобныя сем’і. Галоўнымі ў сельскай абшчыне былі гаспадарчыя функцыі. Сяляне – земляробы, якія знаходзіліся ў складзе абшчыны, вялі індывідуальную гаспадарку, былі падпарадкаваны дзяржаве, аддавалі князю даніну. Сельская абшчына захоўвала аграрныя традыцыі, сялянскія звычаі, абрады.

Беларускае Падзвінне было гістарычным ядром Полацкага княства. У паўночна-заходнім напрамку ўладанні полацкіх князёў размяшчаліся па ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны (Даўгавы) амаль да Рыжскага заліва. Тэрыторыя Расоншчыны адна з першых увайшла ў склад Полацкай зямлі.

Паводле летапісных звестак, у 9 стагоддзі полацкія крывічы мелі сваё племянное “княжанне” – правобраз дзяржаўнага ўтварэння. Ваенная арганізацыя саюза плямёнаў крывічоў налічвала некалькі мясцовых апалчэнняў, а полацкія крывічы – заходняя галіна крывічоў – мелі сваё самастойнае апалчэнне з цэнтрам у Полацку.

Падзеі старажытнай гісторыі Полацкай зямлі знайшлі адлюстраванне ў паданнях. Гарадзішча каля в. Перавоз у Заборскім сельсавеце ў народзе называецца Гарой Рагвалода і Рагнеды ці Рагнедзіным курганом. Паводле падання, тут нібыта пахаваны першы гістарычна вядомы полацкі князь Рагвалод, забіты ўдарам каменнага молата, а пасля была пахавана і яго дачка Рагнеда. Гарадзішча размешчана на паўднёва-ўсходнім беразе воз. Дрысы, паміж упадзеннем у возера р. Ушча і вытокам р. Дрыса. Вышыня гарадзішча 10 – 12 м. Цяпер яно густа зарасло лесам. Верхняя пляцоўка мае памеры 50 / 20 м і выцягнута з поўначы на поўдзень. Раней тут знаходзілі каменныя свідраваныя сякеры. Гэта помнік розных гістарычных эпох: позняга неаліту, ранняга бронзавага веку, перыяду Полацкага княства. На пляцоўцы гарадзішча знаходзіцца старадаўні каменны крыж.

Тэрыторыя Расонскага раёна ў складзе Полацкага княства была на мяжы з Наўгародскай зямлёй, што засведчана назвай вёскі Межава на паўночным захадзе ад воз. Нешчарда.

Пры князю Усяславу Брачыславічу (1044 – 1101 гг.) Полацкая зямля набыла найбольшую магутнасць і стала галоўным канкурэнтам Кіева.

У 12 стагоддзі Полацк быў сталіцай асобнай дзяржавы, якая займала амаль палову тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацк стаяў на шляху да стварэння сярэдневяковай рэспублікі, дзе княжацкая ўлада была абмежавана дзейнасцю веча – агульнага сходу палачан для вырашэння розных пытанняў, у тым ліку і выбару князя.

Полацк вёў цяжкую барацьбу са знешнімі ворагамі. З пачатку 13 стагоддзя палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і іншымі плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў , што ўварваліся ва Ўсходнюю Прыбалтыку.

Полацкае баярства ў 12 – пачатку 13 стагоддзя аслабіла ўладу мясцовай княжацкай дынастыі, але не здолела стварыць трывалую дзяржаву. Яно баялася актыўнасці гараджан дэмакратычнага полацкага веча і агрэсіі крыжакоў, таму пайшло на кампраміс з літоўскімі феадаламі і запрасіла іх у другой палавіне 13 стагоддзя ў горад.

У Полацку княжыў Таўцівіл, які быў пляменнікам князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга. Ён выступаў саюзнікам наўгародцаў, дапамагаючы ім у барацьбе з нямецкімі рыцарамі. Таўцівіл прыняў праваслаўе, імкнуўся засвоіць больш высокую культуру палачан. Полацкая зямля карысталася аўтаноміяй у складзе новай феадальнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага.



Г. В. Штыхаў


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка