Звязда 192 (27557) 11 кастрычніка 2013 г




Дата канвертавання16.03.2016
Памер70.55 Kb.

ЗВЯЗДА

192 (27557)

11 КАСТРЫЧНІКА 2013 г.

Сяргей Маскевіч: «Настаўнік — прафесія кругласутачная»


У рэдакцыі «Звязды» прайшла «прамая лінія» з міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам. Адказы на найбольш важныя і цікавыя пытанні мы змяшчаем на старонках газеты.



Аляксандр, настаўнік, г. Мінск:

Я працую настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў мінскай школе. У мяне адзін пяты клас, два сёмыя і два восьмыя. У пятым класе сшыткі трэба правяраць пасля кожнага ўрока. У сёмых класах — раз у тыдзень, і ў восьмых класах — раз у два тыдні. Па літаратуры ва ўсіх класах трэба правяраць сшыткі раз у месяц. Плюс праверка кантрольных работ: дыктоўкі, пераказы, сачыненні… За ўвесь гэты аб’ём работы мне аплачваюцца ўсяго 2 гадзіны ў тыдзень. За класнае кіраўніцтва аплачваюцца 4 гадзіны ў тыдзень, хоць насамрэч адзін толькі паход з дзецьмі ў музей аднімае 4 гадзіны. А ёсць жа яшчэ абавязковая класная гадзіна, гадзіна інфармавання, восенню — прыбіранне тэрыторыі. Даводзіцца займацца арганізацыяй харчавання дзяцей, зборам макулатуры, запаўняць анкеты, праводзіць мерапрыемствы і гэтак далей. Спецыяльна падлічваў: пазакласная работа з дзецьмі — гэта мінімум 8—10 гадзін у тыдзень. А падрыхтоўка да ўрокаў? Канспекты ўрокаў немагчыма выкарыстоўваць дзесяцігоддзямі… Чаму педагогам уся гэтая работа не аплачваецца?

— Сёння працягласць працоўнага часу педагога складаецца з нармаванай і ненармаванай частак. У нармаваную ўключаецца аб’ём урочнай работы — 20 гадзін на стаўку. Час на падрыхтоўку настаўніка да ўрокаў нарматыўнымі дакументамі не прадугледжаны і не аплачваецца. Але, зразумела, што настаўнікі працуюць не 20 гадзін у тыдзень, а значна больш. Настаўнік — прафесія кругласутачная. Я не падзяляю думку, што задача школьнага настаўніка заключаецца толькі ў аказанні вучням адукацыйных паслуг. І не думаю, што магчыма ўсю работу, якую даводзіцца выконваць настаўнікам, уключыць у рамкі вучэбнай нагрузкі.

Пэўны час таму пры Міністэрстве адукацыі была створана рабочая група па вывучэнні пытанняў пераходу на іншую сістэму аплаты працы. Разглядаліся розныя варыянты, у тым ліку і штатна-акладная сістэма, якая дзейнічае ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Расіі. Штатна-акладная сістэма — гэта 36 гадзін на тыдзень, якія нарміруюцца і аплачваюцца.
Але мы запусцілі з 1 верасня ў пяці сталічных установах адукацыі эксперымент па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы. У рамках эксперыменту ў навучальных установах уводзяцца галіновыя выплаты за шэраг відаў работ: за работу па арганізацыі харчавання і аздараўлення навучэнцаў — да 15% ад акладу (стаўкі); за выкладанне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні (да 5%); за работу з адоранымі навучэнцамі, падрыхтоўку да ўдзелу ў алімпіядах, конкурсах, турнірах (да 10%); за ўдзел у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці (да 10%); за асаблівы характар работы ў класе з інтэграваным навучаннем, за арганізацыю груп падоўжанага дня і г.д. Галіновая сістэма аплаты працы педагагічных работнікаў уключае аклад (стаўку), выплаты, якія ўлічваюць галіновыя асаблівасці работы ў сферы адукацыі, і выплаты стымулюючага характару. Фактычна ў кіраўніка ўстановы ёсць магчымасць рэгуляваць памеры заробкаў педагогаў у залежнасці ад аб’ёмаў нагрузкі і важнасці для навучальнай установы той работы, якая выконваецца педагогам.
Бацькі першакласнікаў:

Сяргей Аляксандравіч, у гімназіі № 39 г. Мінска ў першых класах колькасць вучняў дасягае 34 чалавек. Зусім нядаўна на прэс-канферэнцыі вы казалі, што напаўняльнасць першых класаў была павялічана да 24 чалавек. Скажыце, калі ласка, чым у такім выпадку выклікана вялікая колькасць вучняў у першых класах нашай гімназіі? Раён у нас — старой забудовы. А на прылеглай тэрыторыі з новабудоўлямі даўно адкрыты свае школы. Вы ж цудоўна разумееце, што такая вялікая колькасць вучняў у класе негатыўна адаб’ецца на ведах і падрыхтоўцы нашых дзяцей, не кажучы ўжо пра парушэнні ўсіх санітарна-эпідэміялагічных нормаў…

— Дзяцей у першы клас прымае кіраўнік установы адукацыі па заявах іх бацькоў. Згодны, гэта няправільна, калі дырэктар не нарміруе колькасць навучэнцаў у класах. Мы даручым разабрацца з сітуацыяй і запрасіць у гімназію на работу яшчэ аднаго настаўніка першых класаў.
Ларыса Сяргееўна, педагог

вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі:

Нядаўна з’явілася інфармацыя аб адраджэнні ў сталіцы педагагічнага каледжа. Сяргей Аляксандравіч, а як вы лічыце: якой павінна быць адукацыя ў выхавацеля дзіцячага садка? Наколькі я памятаю, некалькі гадоў таму, наадварот, спрабавалі ўсіх пераканаць, што без вышэйшай адукацыі забяспечыць усебаковае развіццё дзіцяці дашкольнага ўзросту немагчыма, тым больш што ў нашых садках мы не проста даглядаем дзяцей, а даём ім дашкольную адукацыю, рыхтуем да школы. Ці не атрымаецца так, што, калі праблема дэфіцыту педагогаў у сталічнай сістэме адукацыі будзе вырашана, мы зноў адмовімся ад педагагічных каледжаў? І як вы ставіцеся да таго, што ў Мінску ў дзіцячых садках працуюць выхавацелямі людзі без педагагічнай адукацыі?

— Пасаду выхавацеля дашкольнай установы можа займаць педагог як з вышэйшай, так і з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, які навучаўся па профілях «Педагогіка» (кірунак «Педагогіка дзяцінства»), «Педагогіка. Прафесійная адукацыя», а таксама педагог, які прайшоў перападрыхтоўку па кірунку «Педагогіка дзяцінства» без прад’яўлення патрабаванняў да стажу работы.

Кадравая сітуацыя ў сталічных дзіцячых садках нас і сапраўды вельмі хвалюе. Дэфіцыт кадраў у многім абумоўлены спецыфікай сталічнага рэгіёна, дзе ў выпускнікоў устаноў адукацыі ёсць шмат магчымасцяў працаўладкавацца на іншыя спецыяльнасці з больш высокім заробкам.Таму, адпрацаваўшы па размеркаванні, маладыя спецыялісты, а таксама спецыялісты, якія маюць няпрофільную педагагічную адукацыю (настаўнікі-прадметнікі), шукаюць больш прэстыжную і высокааплатную работу. Так, сёлета заяўка на педагагічных работнікаў для дашкольных устаноў склала па Мінску 457 чалавек. А працаўладкаваныя ў дзіцячыя садкі былі толькі 42 маладыя спецыялісты. Такім чынам, вакантнымі ў сталічных дашкольных установах застаюцца больш як 400 ставак педагагічных работнікаў.

У сітуацыі дэфіцыту кадраў распрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку і падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Мяркуем, што прыцягненне ва ўстановы дашкольнай адукацыі спецыялістаў, якія не маюць дашкольнага профілю, пенсіянераў, студэнтаў пятых курсаў універсітэтаў толькі часова вырашае кадравую праблему і часта негатыўна адбіваецца на якасці адукацыйнага працэсу.

Таму Міністэрства адукацыі пастаянна прымае меры па ўрэгуляванні сітуацыі з забеспячэннем устаноў дашкольнай адукацыі кадрамі. Цяпер педагагічныя кадры рыхтуюць як вышэйшыя, так і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. Прыём у іх павялічваецца ў адпаведнасці з патрэбамі рэгіёнаў і магчымасцямі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.


Выкладчык вышэйшай навучальнай установы, г. Брэст:

У вышэйшых навучальных установах ужо распачалося скарачэнне кадраў. Дэмаграфічная сітуацыя плюс недабор студэнтаў у сувязі з павышэннем мінімальнага бала на ЦТ адыгралі сваю ролю. Некаторыя выкладчыкі ўжо задумаліся, каб пайсці працаваць у школу… Але тут узнікае пытанне: калі выкладчык ВНУ не мае ступені і звання, то яму ў школе трэба распачынаць сваю кар’еру фактычна з нуля. Ён не мае права нават на другую кваліфікацыйную катэгорыю. Калі школам патрэбны настаўнікі прыродазнаўча-навуковых дысцыплін, то, можа быць, варта было б падумаць пра тое, каб спрасціць атрыманне першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі былым выкладчыкам ВНУ і ССНУ?

— Напэўна, не трэба блытаць выкладчыцкую работу ў ВНУ і работу настаўніка ў школе. Дастаткова прыгадаць першыя нацыянальныя школьныя падручнікі, якія ствараліся выкладчыкамі ВНУ. Якой складанай мовай яны былі напісаны! Лічу, што для таго, каб працаваць у школе, недастаткова ведаць дасканала свой прадмет. Таксама трэба ведаць — абавязкова — і дзіцячую псіхалогію, а навучальныя тэхналогіі, прыёмы і метады выкарыстоўваць толькі тыя, якія адпавядаюць узросту аўдыторыі.

Я не кажу катэгарычна, што выкладчыкі ВНУ не могуць працаваць у школе. Яны там працуюць і сумяшчаюць паспяхова выкладчыцкую работу са студэнтамі і работу са школьнікамі. Але для таго, каб атрымаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, цяпер усім педагогам трэба здаваць кваліфікацыйны экзамен, а затым праз кожныя пяць гадоў свой прафесіяналізм пацвярджаць. Раней вышэйшую катэгорыю можна было атрымаць і, так бы мовіць, за выслугу гадоў: педагагічныя работнікі са стажам працы на пасадзе 10 і больш гадоў мелі права прэтэндаваць на вышэйшую катэгорыю ўвогуле без здачы кваліфікацыйнага экзамену. І, чаго ўтойваць, часам да пытання атэстацыі педагогаў падыходзілі на месцах выключна фармальна. Мы ў свой час апусцілі планку нашых патрабаванняў, таму ці варта здзіўляцца, што сёння вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі ў нас маюць каля 70% ад агульнай колькасці педагогаў? І калі б мы не зацвердзілі новы парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый, то праз некалькі гадоў колькасць уладальнікаў першай і вышэйшай катэгорыі была б яшчэ большай. Паколькі моладзь не вельмі затрымліваецца ў школах, кадравы склад школьных педагогаў імкліва старэе.


Настаўнікі з Маладзечна:

Хацелі даведацца, ці зменіцца штосьці з даплатай за вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Пасля змянення парадку атэстацыі маладыя настаўнікі ў школе пасмейваюцца са старшых калег, якім трэба цяпер пацвярджаць сваю вышэйшую катэгорыю. А для вопытных настаўнікаў адмовіцца ад экзамену — тое ж самае, што распісацца ва ўласным непрафесіяналізме. Але крыўдна, што вышэйшая катэгорыя выконвае толькі ролю маральнага заахвочвання. І маладыя настаўнікі, калі і затрымаюцца ў школе, то наўрад ці будуць клапаціцца, каб яе атрымаць…



— Мы імкнёмся выйсці на новы ўзровень аплаты працы педагогаў — прывязаць узровень заробкаў да ўзроўню і якасці работы, даць магчымасць плаціць больш тым педагогам, якія гэта заслугоўваюць. Ад ураўняльнага падыходу, які сёння прысутнічае, трэба, безумоўна, адыходзіць. І я не выключаю, што калі-небудзь побач будуць працаваць два настаўнікі, у якіх заробкі будуць адрознівацца ў разы. У рамках эксперыменту па ўкараненні новай галіновай сістэмы аплаты працы ўстаноўлены наступныя надбаўкі за кваліфікацыйныя катэгорыі: за катэгорыю «настаўнік-метадыст» — 115%, вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю — 100%, першую — 80% і другую — 70% ад тарыфнага акладу.
Хачу дадаць, што сістэма адукацыі — адна з самых дарагіх для бюджэту: фактычна кожны шосты рубель накіроўваецца ў нашу сферу. Таму мы павінны, з аднаго боку, імкнуцца да павышэння якасці работы, а з іншага, шукаць рэзервы для павышэння заробкаў унутры нашай галіны.
Матэрыялы «прамой лініі» падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка