Знешні – вонкавы: а што ў глыбіні?




Дата канвертавання01.05.2016
Памер51.92 Kb.
Галіна Ціванова

Знешні – вонкавы: а што ў глыбіні?
Кожнаму культурнаму чалавеку ўласціва імкненне гаварыць правільна і дакладна: ужываць менавіта тое слова, якое дакладней перадае сэнс і найлепш адпавядае сітуацыі. Ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму сітуацыя ўскладняецца тым, што ў блізкароднасных мовах шмат слоў падобных і нават агульных, а засмечваць беларускую мову русізмамі нікому не да спадобы.

Вось у такім ракурсе і паспрабуем прааналізаваць ужыванне слоў знешні і вонкавы.

Перш за ўсё сканцэнтруем увагу на лексічным значэнні. Безумоўна, кожны ведае, якое паняцце перадаюць словы знешні і вонкавы. І тым не менш, звернемся да слоўнікаў. Бяром самы аўтарытэтны акадэмічны пяцітомны “Тлумачальны слоўнік”1. Супастаўляючы дэфініцыі першых (асноўных) значэнняў, адразу натыкаемся на праблему! Чытаем: “Вонкавы 1) Знешні, знадворны; Знешні 1) Які знаходзіцца звонку, за межамі чаго-н.” З пункту погляду фармальнай логікі маем справу з памылкай, якая называецца круг у азначэнні (А – гэта Б, Б – гэта А). Але пры азначэнні сінонімаў пазбегнуць такой з’явы вельмі цяжка, а ў выпадку поўных сінонімаў (лексічных дублетаў) зусім не магчыма.

Семантычны аб’ём слова часцей за ўсё складаецца не з аднаго значэння, акрамя асноўнага ёсць і іншыя. Так, для слова вонкавы аўтары ТСБМ адзначаюць яшчэ і пераноснае значэнне ‘паказны, напускны’, для слова знешні – яшчэ два значэнні: 2 – ‘які праяўляецца толькі са знешняга боку, не закранаючы асновы, сутнасці чаго-н.’(а гэта таксама значыць ‘паказны, напускны’); 3 - ‘які адносіцца да зносін з замежнымі дзяржавамі’. Такім чынам, толькі трэцяе значэнне слова знешні вылучае яго семантычны аб’ём і не дазваляе ужываць слова вонкавы ў спалучэнні з назоўнікамі гандаль, вораг, палітыка, адносіны, цэны і г.д. Ва ўсіх “непалітычных” кантэкстах выбар ужывання першага ці другога прыметніка залежыць ад волі носьбіта мовы, ад яго моўнага густу.

А густ – справа тонкая. Добра, калі яго можна падтрымаць якім-небудзь аргументам. Часцей за ўсё ў падобных выпадках за аргумент выдаюцца фразы тыпу: “Так ніхто не гаворыць!”, “У нашай вёсцы так не казалі”, “Гэта русізм”, “Гэта калька”. Якія б эмоцыі такія аргументы ў нас не выклікалі, тыя людзі, што прыводзяць іх, блізкія нам з-за свайго клопату пра чысціню беларускай мовы.

Пашукаем адказ у гісторыі. Звяртаемся да “Гістарычнага слоўніка”2. Ні знешні, ні вонкавы тут незнаходзім. Значыць, у помніках, якія леглі ў аснову картатэкі, гэтыя словы не зафіксаваны. А ці былі яны ў жывой мове нашых продкаў? Магчыма. Ва ўсялякім разе прыметнік вонкавы мае фактычную падтрымку: слова, утворанае ад таго ж кораня. Хаця і тут натыкаемся на праблемы. У IV выпуску ГСБМ чытаем: Вонкі прысл. Вонкі. ... реклъ тотъ который вонкахъ седитъ оу присhнкоу цðковном (Жыц. Ал., 97б-98); Гëетъ ленивый: левъ ест вонкахъ, и посрhде uлиць uдавилs бы м# (Скар. ПС, 34). З першага погляду відаць, што загалоўнае слова выведзена няправільна, бо прыслоўе – нязменная часціна мовы. Значыць, слоўнікавы артыкул павінен быў мець загаловак Вонкахъ. Што ж, слоўнікі ствараюцца людзьмі, а людзі могуць памыляцца. Ілюстрацыйны прыклад, узяты з “Прытчаў Саламонавых” у скарынаўскай Бібліі, супаставім з адпаведным тэкстам сучаснага выдання: “Ленивец говорит: «Лев на улице! Посреди площади убьют меня».3 Такім чынам, у Скарыны прыслоўе вонкахъ адпавядае сучаснаму літаратурнаму звонку ‘на дварэ, не ў памяшканні’. Дарэчы, форма вонках у тым жа значэнні адзначана дыялектолагамі ў гаворках поўначы і ўсходу Беларусі4. Славуты палачанін перакладаў Біблію для сваіх “паспалітых” землякоў!

Відавочна, што ілюстрацыя з “Жыція Аляксея” (рукапіс датуецца канцом XV стагоддзя) рэпрэзентуе гэта прыслоўе ў тым жа значэнні.

Цікавым з’яўляецца факт, што ў слоўніку У.І.Даля (як вядома, лексемы тут падаюцца гнездавым спосабам) ў артыкуле Вонъ разглядаецца множналікавы назоўнік Вонки́.- ‘сhни, передызбица’. Ілюструецца ён прыкладам, запісаным у Цвярской губерні: Идзh ёнъ? У вонкахъ, въ сhняхъ5. Як не заўважыць, што тут і змест аналагічны папярэдняй ілюстрацыі, і фанетычныя асаблівасці падобныя на нашы: дзеканне, [ў]<[в]!

Спецыялісты па гістарычнаму сінтаксісу сцвярджаюць, што да XIV стагоддзя ўжываліся беспрыназоўнікавыя канструкцыі з месным склонам у функцыі азначэння (параўн. Лаўрэнцеўскі летапіс: сhде ... Рюрикъ Черниговh). Адным з вынікаў замены гэтых канструкцый на прыназоўнікавыя стала ўтварэнне прыслоўяў на базе ўскосных склонаў назоўнікаў (тыпу мимо, межи, середи)6. Можна меркаваць, што прыслоўе вонкахъ утварылася аналагічным чынам.

З вышэй сказанага вынікае, што старабеларускае пісьменства аддало перавагу каранёвай марфеме вон-. У сучаснай беларускай мове прыметнік знешні мае большую словаўтваральную актыўнасць: знешне, знешнасць, знешнегандлёвы, -палітычны, -эканамічны і пад.

Што ж тычыцца паходжання слоў знешні і вонкавы, то тут Этымалагічны слоўнік7 падносіць нам сюрпрыз. Аказваецца, абодва прыметнікі маюць агульны праславянскі корань *vъn, які выражае агульнае лексічнае значэнне ‘не ўнутры’. Утваральная аснова для слова знешні з’явілася шляхам перараскладання прыстаўкі і кораня і спрашчэння праславянскага *jьz-vъn-ĕ→ звне → зне, да якой далучыўся суфікс -шн-. Прыметнік вонкавы ўтварыўся ад таго ж кораня *vъnвон далучэннем суфіксаў -к- і -ов-.

Нарэшце мы высветлілі, што словы знешні і вонкавы маюць аднолькавае паходжанне, аднолькавае асноўнае лексічнае значэнне, але розную словаўтваральную актыўнасць.

У плане дакладнасці маўлення, трэба зрабіць яшчэ некалькі заўваг. Вельмі пашыраны выраз знешні выгляд па сутнасці з’яўляецца плеаназмам (зваротам з празмернымі моўнымі сродкамі), паколькі прыстаўка вы- ўжо паказвае на накірунак, процілеглы ўнутранаму. Таму думаецца, што для таго, каб ахарактарызаваць аблічча каго-небудзь ці чаго-небудзь, дастаткова дадаць азначэнні да назоўніка выгляд. Гэты ж назоўнік можа быць сінонімам да слова знешнасць.

_____________________________________________________



Апублікавана ў часопісе Роднае слова. – 2005, №9. – с.24-25.



1 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т. – Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1977 – 1984. У далейшым у тэксце – ТСБМ.

2 Гістарычны слоўнік беларускай мовы: Вып. 1 – 23 (выданне працягваецца). – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1982 – “Беларуская навука”, 2003. У далейшым – ГСБМ.

3 Библия: Книги священного писания Ветхого и Нового Завета канонические. – Мн., 1992. – С.657.

4 Гл. Касьпяровіч М.І. Віцебскі краёвы слоўнік. – Віцебск, 1927; Бялькевіч І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1970; Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5-ці тт. – Т.1. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1979.

5 Владимир Даль. Толковый словарь живого великорусского языка. – Т.1. – М., 1955. – С.240.

6 Гл. Историческая грамматика русского языка. Синтаксис: простое предложение. – под ред. В.И.Борковского. – М., «Наука», - 1978, с.370.

7 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. – Т.2. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 198. – С.192.; Т.3. – Мн., 1985. – С.339.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка