Значыць, ну, так, праўда, гэта самае, як той казаў, зразумела, скажам




Дата канвертавання20.05.2016
Памер27.67 Kb.
Словы-паразіты

Словы-паразіты – гэта так званыя “лішнія” або “дзяжурныя” словы, якія часта механічна паўтараюцца перадусім у жывым маўленні і звычайна не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі: значыць, ну, так, праўда, гэта самае, як той казаў, зразумела, скажам.

Навошта ж мы ўжываем такія бескарысныя і надакучлівыя словы ў спантанным маўленні, незважаючы на тое, што яны часта зацямняюць сэнс выказвання і раздражняюць суразмоўцу?

Звычайна гэта адбываецца пры не вельмі добрым валоданні тэмай гутаркі, слабым веданні фактычнага матэрыялу, бедным слоўнікавым запасе моўцы, а таксама пры хваляванні і ў спешцы. У сувязі з вышэй пералічанымі прычынамі чалавек робіць у працэсе маўлення паўзы, каб выйграць час для пошуку патрэбнага слова і для таго, каб лепш сфармуляваць думку. А паколькі моўца дыскамфортна адчувае сябе псіхалагічна, робячы такія паўзы, ён наўмысна ці не запаўняе іх рознымі дзяжурнымі гукамі, словамі або выразамі, якія нібыта арганізуюць фразу, злучаюць яе ў адзінае цэлае. З часам такі спосаб пазбягання паўз і маскавання пошукаў патрэбнага слова ўваходзіць у звычку, што, безумоўна, засмечвае мову.

Ужыванне словаў-паразітаў часам можа быць і данінай модзе, напрыклад, у моладзевым асяродку вельмі “папулярныя” слова “ціпа”, “вапшчэ, “па-любому”, “па ходу”, “блін”, “ё-маё” і г.д., якія звычайна ўжываюцца не да месца і паўтараюцца ледзь не ў кожнай фразе. Яны часта характэрныя для беларуска-рускага змяшанага маўлення (трасянкі) і сведчаць пра моўную неахайнасць.

У функцыі “моўных паразітаў” могуць выступаць



  1. гукі (э-ээ, а-аа, м-мм);

  2. часціцы (ну-у, вось, так);

  3. знамянальныя словы: займеннікі, прыслоўі, дзеясловы і г.д. (разумееш, слухай, карацей, верагодна, падобна);

  4. спалучэнні словаў (уласна кажучы, гэта самае, так бы мовіць).

У прынцыпе, любое слова ці выраз можа стаць паразітам, калі пачынае ўжывацца рэгулярна і механічна і не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі.

Дарэчы, вельмі часта можна пачуць табуяваную ці непрыстойную лексіку менавіта ў якасці звязкі паміж словамі ў фразе, то бок словаў-паразітаў. Прычым тыя, хто іх выкарыстоўвае, звычайна нават не заўважаюць гэтага, ствараючы вульгарна-фамільярны ці экспрэсіўны фон.

Існуе нават цікавая і даволі спрэчная тэорыя аб тым, што слова-паразіт, тыповае для маўлення таго ці іншага чалавека, можа расказаць пра яго характар, паводзіны. Напрыклад, калі ён часта ўжывае дарэчы, то яму не хапае ўвагі, ён губляецца ў незнаёмай кампаніі, прыкрываючы разгубленасць ці замяшанне гэтым словам. А вось слова проста рэгулярна паўтараюць людзі, якія не маюць самастойнай думкі, залежаць ад свайго акружэння, а таксама часта апраўдваюцца перад іншымі. Як бы – выраз з лексікону творчых людзей, якія неўсвядомлена падкрэсліваюць сваю адарванасць ад рэальнага жыцця і імкненне да вымышленага, фантазійнага свету.

У мастацкіх тэкстах аўтары часта выкарыстоўваюць словы-паразіты як мастацкі прыём для характарыстыкі сваіх персанажаў. Так, Янка Купала ў п’есе “Тутэйшыя” пры дапамозе камічнага выразу-паразіта между протчым у вуснах Мікіты Зноска дэманструе прыстасаванства і абмежаванасць героя.



Заданне

Знайдзіце словы-паразіты ў наступных фразах:

  1. Ён сам мне, каханенькія, родненькія, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. - каханенькія, родненькія

Чыя гэта рэпліка? – Сцяпана Крыніцкага з “Паўлінкі”

  1. Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела – маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны – тонка панімаю, што і як раблю.– пане дабрудзею, собственно, вось-цо-да

А гэта чые словы? – Пранцыся Пустарэвіча, сваяка Крыніцкіх, “Паўлінка”

  1. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. - тудэма-сюдэма

А гэта хто? – Агата, жонка Пранцыся Пустарэвіча, “Паўлінка”

  1. Мы, значыцца, доўга заплюшчвалі вочы на э-ээ… праблему з, так бы мовіць, тваім навучаннем, вось… але больш, мякка кажучы, рабіць гэтага не будзем. – значыцца, э-ээ, так бы мовіць, вось, мякка кажучы

  2. Мы, прабачце, тут бяром, бачыце, нават больш, скажам так, з таго, што трэба… - прабачце, бачыце, скажам так

  3. Ну што, будзем, гэта самае, маўчаць ці адказваць? - ну што, гэта самае


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка