Змякчальны мяккі знак пішацца: Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц




Дата канвертавання07.05.2016
Памер24.88 Kb.
Змякчальны мяккі знак пішацца:
Мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):

  • для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, дзень, соль, вось, чытаць, пісаць, стань, кінь, лезь, шэсць, дзесяць, штось, дзесь, кудысь, чагось, вішань, кухань, соцень, песень;

  • для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы, цьма;

  • для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго іншым словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо), васьмі, васьмю (восьмы), цьмяны (цьма). Калі ж пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго іншым словам таго ж кораня) мяккасць папярэдняга зычнага не захоўваецца, то мяккасць гэтага зычнага мяккім знакам на пісьме не абазначаецца: дзве – два, шэсць – шосты, звінець – звон.


Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:

  • перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;

  • перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;

  • перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.


Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [л] перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, Мангальф’е, дар’яльскі (Дар’ял), венесуэльскі (Венесуэла), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), бразільскі (Бразілія).
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:

  • перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);

  • перад суфіксам -ск- у прыметніках і ва ўласных назвах, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім н: студзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі; а таксама Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;

  • у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.


Мяккі знак пішацца таксама:

  • у складаных лічэбніках: пяцьдзесят, шэсцьдзесят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;

  • у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;

  • у слове ледзьве.



Мяккі знак не пішацца:



  • пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, п, м, в, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, д’ябал, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;

  • пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова або пры замене яго іншым словам таго ж кораня нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня – песні – песнямі, звер – зверам – звяроў, свет – свяціць – асвятленне, дзверы – дзвярэй, чацвер – чацвяргом, чацвёрты – чацвярціна – чацверыком, цвёрды – сцвярджаць; схіліцца, скінуць, ёсць, Дзвіна, Дзмітрый; але: носьбіт;

  • пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама ззяць;

  • у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чаньчунскі (Чань-Чунь), цяньшанскі (Цянь-Шань).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка