Змест тэма Методыка мовы як самастойная навука




старонка11/15
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.92 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15

Навучанне сінтаксісу і яго асаблівасці. Раздзел “Сінтаксіс і пунктуацыя” – апошні ў школьным курсе беларускай мовы, аднак аснова яго вывучэння закладваецца ў пачатковай школе, затым працягваецца як прапедэўтычны курс перад вывучэннем усіх раздзелаў у 5 класе, спалучаецца з вывучэннем марфалогіі, паколькі пры вывучэнні кожнай часціны мовы звяртаецца ўвага на яе сінтаксічную ролю, праводзіцца сінтаксічны аналіз сказаў, а формы слоў выяўляюцца толькі ў словазлучэннях ці сказах і інш. У выніку гэтага да пачатку вывучэння сінтаксісу як асобнага раздзела вучні атрымліваюць пэўныя веды па сінтаксісу, у іх выпрацоўваюцца пэўныя сінтаксічныя ўменні, напрыклад, вызначаць граматычную аснову сказа, выдзяляць словазлучэнні ў сказе, галоўнае і залежнае словы ў іх, складаць словазлучэнні розных тыпаў і ўжываць іх ва ўласным маўленні, вызначаць пэўныя тыпы сказаў і інш.

Асноўны курс сінтаксісу вывучаецца ў 9 – 10 класах, і асноўнымі задачамі яго навучання з’яўляюцца: 1) вызначэнне сістэмы сінтаксічных адзінак, 2) устанаўленне іх іерархіі, 3) кваліфікацыя іх статычных і дынамічных уласцівасцей, 4) вытлумачэнне ўмоў іх утварэння і заканамернасцей іх структурнай арганізацыі, семантычнага напаўнення і інтанацыйнага афармлення, 5) аналіз спосабаў і сродкаў іх сувязі, адносін і спосабаў іх выражэння, функцый, тыпалогіі і асаблівасцей выкарыстання.

Шырокая аспектызацыя сінтаксічнага ладу мовы вымагае розных падыходаў да яго вывучэння. Дастаткова акрэслена вылучаюцца: 1) канструктыўны сінтаксіс, аб’ектам якога з’яўляюцца сінтаксічныя адзінкі і іх кампаненты, не звязаныя з шырокім кантэкстам і сітуацыяй маўлення; 2) камунікатыўны сінтаксіс, аб’ектам якога служаць сінтаксічныя адзінкі, звязаныя з сітуацыяй маўлення і абумоўленыя актуальным чляненнем выказвання, 3) функцыянальны сінтаксіс, аб’ектам якога з’яўляецца функцыя сінтаксічных адзінак і іх кампанентаў у арганізацыі звязнага маўлення, 4) семантычны сінтаксіс, аб’ектам якога выступаюць унутраныя заканамернасці фарміравання паведамлення, змешчанага ў сінтаксічных адзінках, 5) стылістычны сінтаксіс, аб’ект якога складаюць патэнцыяльныя магчымасці выкарыстання сінтаксічных адзінак у тэксце.

У школьнай практыцы сінтаксічныя адзінкі вывучаюцца ў розных аспектах, з якіх найбольш выразна прадстаўлены камунікатыўны, структурны і семантычны, хаця пры ўсім пераважае структурны, калі вывучаюцца пэўныя сінтаксічныя адзінкі з пункту гледжання іх структуры – словазлучэнне і яго тыпы, сказ просты і яго тыпы, сказ складаны і яго тыпы. Гэта тлумачыцца тым, што пры вывучэнні сінтаксісу і праверцы ведаў вучняў доўгі час кіраваліся такім пералікам ведаў, уменняў і навыкаў, якімі павінны валодаць вучні, як:



  1. вызначаць сувязі слоў у сказе,

  2. вызначаць граматычную будову сказа,

  3. выдзяляць у сказе словазлучэнні, вызначаць іх асаблівасці,

  4. класіфікаваць сказы па мэце выказвання і інтанацыйнаму афармленню,

  5. вызначаць віды простых сказаў,

  6. вызначаць члены сказа і адрозніваць сярод іх аднародныя члены,

  7. знаходзіць звароткі, пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, адасобленыя члены сказа,

  8. вызначаць і адрозніваць простую і ўскосную мову,

  9. вызначаць складаныя сказы розных тыпаў і іх асаблівасці.

Зразумела, тут адсутнічае той аспект, які сёння з’яўляецца асноўным у навучанні мове наогул і сінтаксісу ў прыватнасці – развіццё маўлення вучняў. Гэта вымагае змясціць акцэнты пры вывучэнні сінтаксісу з яго структурных адзінак з мэтай іх засваення (каб ведалі), іх інтанацыйнага і пунктуацыйнага афармлення адпаведна ў вусным і ў пісьмовым варыянтах, і перш за ўсё расстаўляць правільна знакі прыпынку (гэта адна з адзнак правільнасці пісьмовага афармлення маўленчай дзейнасці, яна застаецца адной з важных задач навучання), на функцыянаванне сінтаксічных адзінак, г. зн. вывучаць сінтаксіс ва ўзаемасувязі з пытаннямі выкарыстання сінтаксічных адзінак мовы, іх дыферэнцыяльнага ўжывання ў маўленчай дзейнасці: іх месца, роля, магчымасць-немагчымасць, дапушчальнасць-недапушчальнасць ужывання ў рознага тыпу, стылю і жанру тэкстах. Вось чаму пры вывучэнні таго ж зместу тэарэтычнага аб’ёму сінтаксісу на ўроках беларускай мовы асноўны накірунак сучаснай школы – вызначэнне, дзе, калі і як, з якой мэтай могуць ужывацца тыя ці іншыя сінтаксічныя адзінкі.

Так, спецыфіку навуковых тэкстаў складаюць, напрыклад, такія сінтаксічныя асаблівасці, як:

з рознага тыпу сказаў паводле мэты выказвання пераважае ўжыванне апавядальных сказаў, паколькі асноўная мэта такіх сказаў – паведамленне, якое выражаецца ў сцвярджальнай або адмоўнай форме;

простыя сказы ў навуковых тэкстах двухсастаўныя, развітыя, паколькі выражэнне навуковых палажэнняў падаецца без выражэння экспрэсіўна-эмацыянальнай характарыстыкі, а аднасастаўныя, напрыклад, назыўныя сказы валодаюць вялікай экспрэсіўнасцю і таму найбольш часта выкарыстоўваюцца ў тэкстах мастацкага стылю;

выкарыстоўваюцца асабовыя сказы і рэдка няпэўна-асабовыя, таму што мове навуковых твораў не ўласціва няпэўнасць;

выкарыстанне сказаў з аднароднымі членамі, якія ўжываюцца для класіфікацыі або сістэматызацыі з’яў, прыкмет, прадметаў;

спалучэнне аднародных членаў у сказах навуковых тэкстаў часцей за ўсё аб’яднана інтанацыяй пералічэння з далучэннем апошняга ці злучэннем двух аднародных членаў злучнікам і, калі рад закончаны ці калі маецца поўны пералік;

з шэрагу злучнікаў але, а, ды для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне злучніка але для выражэння супраціўных сэнсавых адносін паміж аднароднымі членамі, а для выражэння супрацьпастаўлення – парны злучнік не толькі – але і;

выкарыстанне абагульняльнага слова пры аднародных членах сказа выконвае ў навуковых тэкстах чыста лагічную функцыю;

навуковыя тэксты абмежаваны ўжываннем тых пабочных слоў, якія выражаюць эмацыянальную ацэнку выказвання ці яго экспрэсіўны характар, і наадварот, ім характэрны тыя пабочныя словы, якія ўказваюць на адносіны паміж часткамі выказвання (па-першае, па-другое ...), паколькі навуковым тэкстам не ўласцівы сказы з пабочнымі словамі, якія выражаюць эмацыянальную ацэнку выказвання ці яго экспрэсіўны характар;

выбар тыпу складанага сказа ў навуковым тэксце характарызуецца логікай, зместам выкладу ў іх інфармацыі, таму з трох тыпаў – складаназалежныя, складаназлучаныя, бяззлучнікавыя складаныя сказы – найбольш ужывальнымі з’яўляюцца складаназалежныя, што адпавядае патрабаванням доказна-лагічнага выкладу навуковых тэкстаў (гл. тэксты падручнікаў розных прадметаў, тэксты з навукова-папулярных артыкулаў і інш.).

Ведаючы такія асаблівасці тэкстаў навуковага стылю, настаўнік павінен пры вывучэнні адпаведных сінтаксічных адзінак, пэўных пытанняў сінтаксісу акцэнтаваць увагу вучняў (аналіз тэкстаў-узораў, ужыванне ва ўласным маўленні і інш.) на іх выкарыстанні ў тэкстах навуковага стылю і адметнасцях выкарыстання ў тэкстах іншых стыляў, для чаго патрэбна дакладна ведаць пра выкарыстанне ці адметнасці выкарыстання сінтаксічных адзінак у тэкстах іншай стылявой прыналежнасці.

Такім чынам, пры вывучэнні сінтаксісу прадаўжаецца ўдасканаленне камунікатыўных уменняў, закладзеных у папярэднія гады навучання беларускай мове, і выпрацоўваюцца новыя сінтаксічныя ўменні і фарміруюцца пунктуацыйныя навыкі. Выкананню гэтага спрыяе авалодванне настаўнікам лінгвадыдактычнымі асновамі навучання сінтаксісу – прынцыпы, метады, прыёмы навучання.

Пры вывучэнні сінтаксісу настаўнікі, акрамя агульнадыдактычных і агульнаметадычных, карыстаюцца і кіруюцца наступнымі прыватнаметадычнымі прынцыпамі: 1) і н т а н а ц ы й н ы, сутнасць якога заключаецца ў супастаўленні структуры і інтанацыі; 2) м а р ф о л а г а-с і н т а к с і ч н ы, сутнасць якога заключаецца ў супастаўленні члена сказа і часціны мовы. На практыцы гэтыя два асноўныя прыватныя прынцыпы навучання сінтаксісу ў вучэбным працэсе спалучаюцца з агульнадыдактычнымі і агульнаметадычнымі прынцыпамі і кіруюць адборам метадаў і прыёмаў навучання сінтаксісу ва ўзаемасувязі з развіццём маўлення.

З улікам камунікатыўнага і асобаснага падыходаў у навучанні мове найбольш эфектыўнымі метадамі і прыёмамі навучання сінтаксісу з’яўляюцца: к а н с т р у я в а н н е сказаў паводле схем, мэты маўлення, тыпу будовы, па апорных словах; с у п а с т а ў л е н н е сінтаксічных з’яў, напрыклад, спосабаў сувязі сінтаксічных адзінак, іх складу, ступені развітасці, сэнсавых адносін, стылістычнай і інтанацыйнай аформленасці, пунктуацыі і інш.; п е р а с т а н о ў к а членаў сказа, частак сказа; п а р а ў н а н н е тэкстаў на прадмет вызначэння парадку слоў у сказах, будовы сказаў, іх сувязей у абзацы, у тэксце і інш.; с і н т а к с і ч н ы р а з б о р; р э д а г а в а н н е тэксту з улікам адпаведнасці сінтаксічнай будовы яго стылю, жанру і інш.

Каб выклікаць цікавасць вучняў да пытанняў сінтаксісу і дапамагчы засваенню тэорыі сінтаксісу, можна скарыстаць дапаможныя, ці мнеманічныя, прыёмы, да якіх адносяцца: рыфмаванне правіла, пабудова схем, табліц, выкарыстанне сімвалаў, чароўных фраз для запамінання і інш. Так, добры вынік дае выкарыстанне сімволікі лічбаў, напрыклад, лічба 3: 1) 3 (тры) тыпы складаных сказаў (складаназлучаны – СЗл.С, складаназалежны – Сзал.С, бяззлучнікавы складаны сказ – БСС); 2) складаназлучаны сказ у залежнасці ад характару злучнікаў дзеліцца на тры тыпы: са злучальнымі злучнікамі, з раздзяляльнымі злучнікамі, з супраціўнымі злучнікамі.

Для эфектыўнасці навучання сінтаксісу беларускай мовы важна ўлічваць спецыфічнасць яго вывучэння ў школах з рускай мовай навучання. Веды гэтых асаблівасцей дапамогуць настаўніку арганізаваць працу яго вучняў і зрабіць вынікі гэтай працы найбольш эфектыўнымі. Такімі спецыфічнымі рысамі з’яўляюцца: 1) узаемасувязь урокаў па вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы з урокамі па вывучэнні сінтаксісу рускай мовы, 2) узаемасувязь вывучэння сінтаксісу з развіццём маўлення вучняў; 3) узаемасувязь вывучэння сінтаксісу з пытаннямі стылістыкі; 4) узаемасувязь вывучэння сінтаксісу з пунктуацыяй; 5) вывучэнне сінтаксісу на марфалагічнай аснове.

1. Так, у школах з рускай мовай навучання беларуская мова вывучаецца як асобны прадмет. Гэта асаблівасць навучання беларускай мове патрабуе ад настаўніка і асаблівых метадаў, прыёмаў арганізацыі працы на ўроках, і практыкаванняў па выпрацоўцы навыкаў і ўменняў. Такая сітуацыя патрабуе ўліку ўзаемасувязей урокаў беларускай мовы з урокамі па адпаведных тэмах рускай мовы, г. зн. настаўнік павінен улічваць той факт, што паводле часу пэўныя тэмы ўрокаў па вывучэнні сінтаксісу рускай мовы, якія ў аснове аднатыпныя з сінтаксісам беларускай мовы, папярэднічаюць урокам беларускай мовы, што не дазваляе тлумачыць новыя матэрыял, “адкрываць” новыя звесткі. У такіх выпадках найлепш выкарыстоўваць прыёмы параўнання і супастаўлення, перакладу (асабліва гэта датычыць тэрмінаў), арганізацыі працы па падрыхтоўцы выказванняў на адпаведныя тэмы ўрокаў, магчыма з выкарыстаннем падручніка, складання плана тэарэтычнай часткі, вызначэння тэзісаў і інш.

У любым выпадку ўрокі беларускай мовы не павінны быць копіяй урокаў рускай мовы па адпаведных тэмах, яны павінны быць скіраваны на ўзнаўленне, пашырэнне і паглыбленне ведаў, на фарміраванне сінтаксічных, пунктуацыйных, арфаграфічных і стылістычных уменняў і навыкаў, на развіццё звязнага маўлення. У такіх умовах навучання сістаксісу ўрокі беларускай мовы павінны атрымліваць больш глыбокую практычную накіраванасць на вызначэнне адметнага, характэрнага для беларускай мовы, для пэўнага стылю і жанру арганізацыі маўленчай дзейнасці.

2. Другой адметнасцю навучання сінтаксісу беларускай мовы з’яўляецца ўзаемасувязь вывучэння сінтаксісу з развіццём маўлення вучняў. Як вядома, асноўнымі сінтаксічнымі адзінкамі з’яўляюцца словазлучэнне і сказ, з якіх паводле аб’ёму матэрыялу цэнтральнай адзінкай з’яўляецца сказ. Вывучэнне названых адзінак сінтаксісу без уліку іх выкарыстання ў тэксце, без аналізу і сінтэзу такога паняцця, як тэкст, сёння не можа задавальняць патрэбам навучання мове і маўленню, паколькі найважнейшым пры вывучэнні сінтаксісу з’яўляецца скіраванасць на методыку развіцця сінтаксічнага ладу маўлення вучняў. Для выпрацоўкі ўменняў і навыкаў выкарыстання сінтаксічных адзінак у маўленчай дзейнасці неабходна выкарыстоўваць наступныя параметры ацэнкі маўлення вучняў: 1) правільнасць пабудовы сінтаксічных канструкцый, 2) багацце сінтаксічных сродкаў выражэння суадносных значэнняў, 3) дакладнасць і камунікатыўная абумоўленасць выкарыстання сінтаксічных сродкаў мовы і маўлення. У выніку ў задачы развіцця маўлення вучняў пры вывучэнні сінтаксісу як раздзела школьнага курса мовы ўваходзіць:



  • удасканаленне маўлення вучняў з пункту гледжання граматычнай правільнасці пабудовы сінтаксічных адзінак, напрыклад, словазлучэнняў тыпу дзякаваць сябрам, бацькам; больш за ўсё люблю; сябры, якія памагалі;

  • узбагачэнне запасу сінтаксічных мадэляў, якія актыўна выкарыстоўваюцца вучнямі ў маўленні;

  • фарміраванне навыкаў дакладнага, камунікатыўна мэтазгоднага выкарыстання сінтаксічных сродкаў мовы ў маўленчай практыцы.

3. Спецыфіку вывучэння сінтаксісу беларускай мовы складае і тое, што навучанне павінна ажыццяўляцца ва ўзаемасувязі з пытаннямі стылістыкі. Гэта патрабуе ад настаўніка вывучэння не столькі пэўных адзінак сінтаксісу, яго тэарэтычных пытанняў, колькі на аснове гэтых ведаў вучыць скарыстоўваць сінтаксічныя адзінкі ў сваім маўленні ў залежнасці ад мэт, умоў і зместу, у адпаведнасці са стылем, жанрам, ці з улікам пазамоўных фактараў маўленчай дзейнасці. Для гэтага неабходна аналізаваць прапанаваныя тэксты на прадмет выяўлення сінтаксічных адзінак, вызначэння іх месца і ролі ў арганізацыі тэксту, г. зн. для вызначэння функцыянавання пэўных адзінак у пэўных тэкстах і з мэтай выкарыстання іх у сваім маўленні.

Стылістычныя рэсурсы сінтаксісу выяўляюцца перш за ўсё ў сінаніміцы сінтаксічных канструкцый, паколькі “ўсякая сінтаксічная канструкцыя ў сістэме мовы існуе ў радзе іншых канструкцый, больш ці менш блізкіх па сэнсу і па стылёвай афарбоўцы” (Золотова Г.А. Синтаксическая синонимика и культура речи // Актуальные проблемы культуры речи. – М.: Наука, 1971. – С. 178 – 217. С. 178). Мова дае магчымасць выбару сродкаў выказвання, напрыклад, з пункту гледжання граматыкі аднолькава правільна пабудаваны словазлучэнні зямельны ўчастак і ўчастак зямлі, а з пункту гледжання стылістыкі назіраецца дыферэнцыяцыя іх паводле сферы выкарыстання: зямельны ўчастак ужываецца ў тэкстах гутарковага і мастацкага стыляў, а словазлучэнне ўчастак зямлі – стылістычна нейтральны.

Задача настаўніка – забяспечыць стылістычную накіраванасць кожнага ўрока па вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы, бо стылістыка ахоплівае ўсе паверхі мовы, усе яе сістэмы і падсістэмы. Да стылістыкі звяртаецца кожны носьбіт мовы, таму што важнейшы клопат чалавека, які піша ці гаворыць, заключаецца ў адборы найбольш дакладнага слова, у найлепшай пабудове сказаў, найбольш мэтазгодным іх спалучэнні ў абзацы, абзацаў у тэксце, у адпаведнасці моўных сродкаў стылю выказвання.

4. Яшчэ адной асаблівасцю вывучэння сінтаксісу беларускай мовы з'яўляецца яго ўзаемасувязь з пунктуацыяй (гл. лекцыю “Методыка навучання пунтуацыі”).

5. Нельга не адзначыць і такой адметнасці навучання сінтаксісу беларускай мовы, як сувязь яго з марфалогіяй, ці вывучэнне сінтаксісу на аснове ведаў і ўменняў па марфалогіі. Пры гэтым асноўным прыёмам з’яўляецца параўнанне, паколькі асаблівая ўвага вучняў скіравана на адметнасцях марфалагічнай і сінтаксічнай будовы беларускай мовы. Так, у беларускай мове ў параўнанні і супастаўленні з рускай мовай вызначаецца асаблівасць дзеяслоўнага кіравання, напрыклад: дзеясловы ветлівасці дзякаваць, дараваць, прабачаць кіруюць давальным склонам (дзякаваць сябру, дараваць брату), а ў рускай мове яны кіруюць родным склонам (благодарить товарища, простить брата); дзеясловы руху пры паказе на мэту дзеяння кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам па (пайшла па сястру і рэчы), назоўнікі арэхі, грыбы, ягады, кветкі ў падобных словазлучэннях ставяцца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у (ісці ў грыбы, бегчы ў ягады), а ў рускай мове дзеясловы руху кіруюць творным склонам з прыназоўнікам за (сходить за хлебом, пойти за грибами) і інш.

Прыёмы выкладання граматыкі. Да важнейшых і найбольш пашыраных прыёмаў выкладання граматыкі – марфалогіі і сінтаксісу – неабходна аднесці г р а м а т ы ч н ы р а з б о р. Граматычны разбор выкарыстоўваецца пераважна пры паўтарэнні, замацаванні, для кантролю ведаў у час апытвання і як дадатковае заданне ў пісьмовай рабоце. Ён выступае ў сваіх разнавіднасцях, ці відах, якія выдзяляюцца паводле пэўных паказчыкаў.

Паводле зместу граматычны разбор падзяляецца на марфалагічны і сінтаксічны разбор; паводле аб'ёму – поўны (вызначаюцца ўсе марфалагічныя прыкметы слова ў пэўнай іх паслядоўнасці), частковы і выбарачны (вызначаюцца толькі пэўныя ці асобныя); паводле спосабу правядзення – на вусны і пісьмовы ці графічны як разнавіднасць ці дапаўненне пісьмовага; паводле месца выканання – на класны і хатні; паводле самастойнасці ці ступені ўдзелу вучняў – на індывідуальны, ці самастойны, і калектыўны (увесь клас, група вучняў, з дапамогай настаўніка і да т. п.).

М а р ф а л а г і ч н ы разбор – гэта вызначэнне, да якой часціны мовы адносіцца пэўнае слова ў сказе, і характарыстыка пэўнай часціны мовы паводле яе граматычных прыкмет. Пры марфалагічным разборы асаблівае значэнне набывае паслядоўнасць яго правядзення, так як ад гэтага залежыць нават вызначэнне тых ці іншых марфалагічных прыкмет. Напрыклад, без устанаўлення пачатковай формы зменных часцін мовы цяжка вызначыць спражэнне дзеяслова, скланенне назоўніка; без вызначэння ліку назоўнікаў – род (назоўнік крупы мае форму толькі множнага ліку, а таму марфалагічнай катэгорыі роду не мае) і інш.

Пры вывучэнні службовых часцін мовы марфалагічны разбор дапамагае вучням доказна і аргументавана адрозніваць прыназоўнікі і злучнікі ад падобных да іх паводле формы слоў іншых часцін мовы – прыслоўяў, займеннікаў, часціц і інш. (параўн.: Вакол было поле і Вакол поля стаялі магутныя дубы).

С і н т а к с і ч н ы р а з б о р – гэта структурна-семантычная характарыстыка розных тыпаў сінтаксічных адзінак і вызначэнне відаў сінтаксічнай сувязі паміж словамі ў словазлучэннях і часткамі складаных сказаў. Аб'ектам сінтаксічнага разбору з'яўляецца словазлучэнне і сказ (просты, складаны, сказ з простай мовай).

Сінтаксічны разбор словазлучэння – гэта вызначэнне яго структуры, тыпу паводле марфалагічнага выражэння галоўнага і залежнага слоў, сінтаксічных адносін паміж кампанентамі, сродкаў сувязі слоў.

Мэта сінтаксічнага разбору простага сказа – вызначэнне яго структуры паводле характару граматычнай асновы, наяўнасці даданых членаў, тыпу сказа паводле мэты, разбор па членах сказа.

Мэта сінтаксічнага разбору складанага сказа – вызначэнне структурных частак яго, сэнсавых адносін паміж імі, тыпу складанага сказа. Асаблівую ролю пры правядзенні сінтаксічнага разбору складанага сказа адыгрывае парадак яго правядзення: спачатку вызначаецца колькасць прэдыкатыўных частак, чаму служыць выяўленне граматычнай асновы ў кожнай частцы; затым выяўляюцца віды сувязі частак (злучнікі, злучальныя словы, інтанацыя), тып складанага сказа (складаназлучаны, складаназалежны, бяззлучнікавы складаны сказ, сказ з рознымі відамі сувязі, ці камбінаванай будовы).

Пытанні і заданні

1. Вызначце метад тлумачэння тэмы “Назоўнік як часціна мовы” ў 6 класе і абгрунтуйце яго выбар.

2. Якія звесткі пра назоўнік даюцца ў пачатковай школе? Як гэта ўплывае на выбар метадаў і прыёмаў працы па вывучэнні назоўніка ў 6 класе?

3. Якія асаблівасці навучання марфалогіі беларускай мовы ў школах з рускай мовай навучання?

4. Назавіце этапы навучання сінтаксісу на ўсім працягу навучання ў школе.

5. Якія асаблівасці навучання сінтаксісу як самастойнаму раздзелу ў школьным курсе беларускай мовы?

6. Назавіце агульнадыдактычныя і прыватнаметадычныя прынцыпы навучання сінтаксісу.

7. Якімі спецыфічнымі прынцыпамі навучання сіснтаксісу павінен кіравацца настаўнік беларускай мовы?

8. Якія тэарэтычныя пытанні з раздзела “Сінтаксіс і пунктуацыя” паводле зместу праграмы вывучаюцца ў 9 і 10 класах адпаведна?

9. Якія ўменні і навыкі выпрацоўваюцца пры навучанні сінтаксісу?

10. Назавіце спецыфічныя прыёмы навучання сінтаксісу ў школе.

11. Дакажыце на прыкладах ролю парадку правядзення марфалагічнага ці сінтаксічнага разбору.


Літаратура

1. Багадзяж, Раіса. Складаназалежныя сказы: Урок-залік у ІХ класе // Роднае слова. – 2000. – № 11. – С. 70 – 71.

2. Жаўняровіч, Пятро. Сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам па: Асаблівасці будовы і ўжывання // Роднае слова. – 1998. – № 11. – С. 119 – 134.

3. Калечыц, А. Сінтаксіс беларускай мовы: Урок 1. Словазлучэнне / А. Калечыц, А. Цясевіч, А. Пекач // Роднае слова. – 2009. - № 2. – С. 100 – 102.



4. Калечыц, А. Сінтаксіс беларускай мовы: Урок 1. Словазлучэнне (заданні, тэсты) / А. Калечыц, А. Цясевіч, А. Пекач // Роднае слова. – 2009. - № 3. – С. 73 – 75.

5. Калечыц, А. Сінтаксіс беларускай мовы: Урок 1. Словазлучэнне (даведкі) / А. Калечыц, А. Цясевіч, А. Пекач // Роднае слова. – 2009. - № 4. – С. 74 – 75.

6. Калечыц, А. Сінтаксіс беларускай мовы: Урок 2. Сказ як сінтаксічная адзінка. Просты сказ / А. Калечыц, А. Цясевіч, А. Пекач // Роднае слова. – 2009. - № 5. – С. 71 – 72.

7. Калечыц, А. Сінтаксіс беларускай мовы: Урок 2. Сказ (заданні) / А. Калечыц, А. Цясевіч, А. Пекач // Роднае слова. – 2009. - № 6. – С. 70 – 74.

8. Калечыц, А. Сінтаксіс беларускай мовы: Урок 2. Сказ (даведкі) / А. Калечыц, А. Цясевіч, А. Пекач // Роднае слова. – 2009. - № 7. – С. 71 – 73.

9. Кузьмянкова, Т. В. Некаторыя выпадкі ўжывання састаўнога іменнага выказніка // Сучасная беларуская мова (Пытанні культуры мовы). – Мн.: Навука і тэхніка, 1973. – 191 с. – С. 141 – 153.

10. Лаўрэль, Я. М. Вывучэнне сінтаксісу тэксту // Выкладанне беларускай мовы і літаратуры: Кніга для настаўніка; пад рэд. М. А. Лазарука. – Мн.: Народная асвета, 1983. – 175 с. – С. 65 – 83.

11. Лаўрэль, Я. М. Вывучэнне марфалогіі ў школе / Я. М. Лаўрэль, Т. Р. Новікава, С. А. Язерская. – Мн.: Народная асвета, 1991. – 160 с.

12. Наркевіч, А. І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове: (Структурна-семантычнае апісанне) / А. І. Наркевіч. – Мн.: БДУ, 1972. – 339 с.

13. Падгайскі, Л. П. Словазлучэнне ў беларускай мове: Дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні з акалічнаснымі адносінамі / Л. П. Падгайскі. – Мн.: Выш. школа, 1971. – 191 с.

14. Протчанка, В. У. Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ / В. У. Протчанка. – Мн.: Народная асвета, 1984. – 140 с.

15. Протчанка, В. У. Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ / В. У. Протчанка. – Мн.: Народная асвета, 1989. – 127 с.

16. Протчанка, В. У. Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы / В. У. Протчанка. – Мн.: Выш. школа, 1987. – 144 с.

17. Протчанка, В. У. Тэкст у тэорыі і методыцы навучання роднай мове. Вучэбныя тэксты і іх дыдактычная функцыя // Протчанка В.У. Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове. – Мн.: НІА, 2001. – 212 с. – С. 115 – 119.

18. Протчанка, В. У. Навучанне аналізу тэксту, асэнсаванне моўных фактаў і з’яў, удасканаленне чытацкіх навыкаў – узаемазвязаныя бакі цэласнага працэсу // Протчанка В.У. Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове. – Мн.: НІА, 2001. – 212 с. – С. 120 – 147.

19. Рамза, Т. Функцыянальны аспект пры вывучэнні безасабовых сказаў // Роднае слова. – 1997. – № 1. – С. 46 – 58.

20. Савіцкая, І. Вывучэнне сінтаксісу складанага сказа ў IX, IX’ класах // Роднае слова. – 2009. - № 1. – С. 74 – 78.

21. Фирсов, Г. П. Об изучении синтаксиса и пунктуации в школе / Г. П. Фирсов. – М.: АПН РСФСР, 1961. – 176 с.

22. Фомичева, Г. А. Изучение словосочетаний в восьмилетней школе / Г. А. Фомичева. – М.: Просвещение, 1973. – 111 с.

23. Шпак, І. Пытанні стылістыкі пры вывучэнні словазлучэння: VІІІ клас гуманітарнага профілю // Роднае слова. – 2001. – № 6. – С. 53.



1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка