Злучнік злучнік




Дата канвертавання18.05.2016
Памер44.32 Kb.
ЗЛУЧНІК

Злучнікслужбовая часціна мовы, якая злучае паміж сабой асобныя словы ці часткі складанага сказа.

Злучнікі могуць быць простыя (вытворныя і невытворныя) і састаўныя. Простыя невытворныя з’яўляюцца, натуральна, найбольш старажытнымі (і, ды, а, ці, але і г.д).

Да састаўных адносяць злучнікі кшалту для таго каб, у той час як, таму што, нягледзячы на тое, што... Такія злучнікі ўжываюцца пераважна ў кніжнай мове і служаць ілюстрацыяй так званай тэндэнцыі інтэлектуалізацыі, уласцівай большасці сучасных моваў.

Злучнікі могуць быць таксама паўторныя (ці... ці, ні... ні) і парныя (хоць... але, калі... то).

Паводле сваёй функцыі злучнікі падзяляюцца на злучальныя (і, ні… ні, але, аднак і інш.) і падпарадкавальныя (бо, як, што, хоць, чым).

Спынімся тут на найбольш адметных беларускіх злучніках.



Ці/або/альбо (рус. или/либо). Злучнікі ці і або сінанімічныя ў нашай мове і часта ўжываюцца ў адным сказе з мэтай пазбегчы паўтораў (Па вечарах ён чытаў кнігі ці глядзеў тэлевізар або гуляў з сабакам у парку.) Злучнік альбо з'яўляецца варыянтам злучніка або (ён або я = ён альбо я). Дарэчы, у пытальных сказах ці – гэта часціца. Звярніце ўвагу на тое, што ці заўсёды стаіць на пачатку сказа: Ці ты паеў ужо? Памятаеце рускую песню: Виновата ли я, что люблю? Па-беларуску гэты радок мусіць гучаць: Ці вінаватая я, што кахаю (люблю)?

І/й. Злучнік і мае фанетычны варыянт й (не перадаецца на пісьме паводле афіцыйнага правапісу, але з'яўляецца нормай вымаўлення), які выступае ў пазіцыі пасля слова, што заканчваецца на галосны: мама [й] тата.

Ды/і/але (рус. и, но). Злучнік ды можа выступаць у якасці сіноніма да 1. злучніка і (рэкі ды азёры); 2. злучніка але (Напісаў ліст сябру, ды перадумаў дасылаць). Сам злучнік але (не блытаць са случнікам або!) мае кніжны сінонім аднак (рус. однако). Дарэчы, у гутарковай мове але (часціца) можа ўжывацца як сцвярджальнае так.

Ні... ні. Злучнік ні... ні мае гутарковы варыянт ані... ані: ані тое ані сёе.

Калі/як (рус. когда, если). Перакладаецца на рускую злучнікам когда, калі мае значэнне часу (Пойдзем увечары, калі (як) сцямнее.), і злучнікам если, сінанімічным злучніку як, пры значэнні ўмовы (Калі паспею, зраблю сёння.) А злучнік калі б адпавядае рускаму если бы (Абавязкова заскочыла б да цябе ўчора, калі б змагла). Памятаеце Барадуліна: Што было б тады б, калі б вырас у хаце эўкаліпт...

Каб (рус. чтоб, чтобы). Часцей за ўсё абазначае мэту (Устаў раней, каб не спазніцца.) Аднак у гутарковай мове можа таксама мець значэнне ўмовы і быць сінанімічным злучніку калі б (Абавязкова заскочыла б да цябе ўчора, каб змагла.) Надзвычай шырока прадстаўлены ў народнай творчасці: прыказках, прымаўках, праклёнах, песнях: Каб табе моль пяты пааб’ядала! Каб на цябе пярун!

Каб я ж гэта знала,

Што замужам ліха,

Я б сядзела бы, бульбу ела бы

У матуленькі ціха. (Народная песня)
Бо/таму што (рус. потому что). Бо больш гутарковы сінонім да злучніка таму што, які сам часцей ужываецца ў кніжнай мове (Не буду рабіць, бо не хачу!)
Акрамя/апрача/апроч (рус. кроме). У адрозненне ад акрамя, варыянты апрача і апроч з’яўляюцца больш гутарковымі (Ніхто, апроч нас.)
Які/што/каторы (рус. который). Гэта сінонімы, аднак злучальнае слова каторы сёння ўжываецца абмежавана, што, магчыма, тлумачыцца жаданнем пазбегчы супадзення з рускай мовай, і наадварот, што становіцца ў падобных канструкцыях вельмі папулярным: Чалавек, што (які, каторы) павітаўся са мной.
Быццам/быццам бы/нібы/нібыта/бы/як/што (рус. как будто, будто, как). Сінонімы і могуць ўзаемазамяняцца ў кантэксце: Быццам (быццам бы/нібы/нібыта/бы/як/што) белыя пралескі, на небе расцвілі першыя зоркі.
Што да/што тычыцца/як да (рус. что касается). Апошнім часам актыўна ўжываюцца канструкцыі што да і як да, магчыма, з мэтай пазбегчы калькавання з рускай: Што да мяне (як да мяне), дык я цалкам згодны.
Заданне

Перакласці на беларускую мову


  1. Солнце было еще высоко, но уже не грело.

Сонца было яшчэ высока, ды/але ўжо не грэла.

  1. То ли птицы поют, то ли ручейки журчат по узловатым корням деревьев.

Ці то птушкі спяваюць, ці то раўчукі (ручаіны) цурчаць (журчаць) па вузлаватым карэнні сосен.

  1. Птиц, видимо, там не было, или они просто не отваживались подавать голос.

Птушак, відаць, там не было, ці/або/альбо яны папросту не адважваліся падаваць голас.

  1. Только вершины дубов, если прислушаться, как будто пели колыбельную аистятам, которые лежали в гнезде.

Толькі верхавіны дубоў, калі ўслухацца, нібыта/ нібы/быццам/быццам бы спявалі клыханку буслянятам, што/якія ляжалі ў гняздзе.

  1. Приятно пробираться на рассвете к озеру і бесшумно, чтобы не испугать птицу, еще спящую в кустах, забросить в неподвижную воду удочки.

Прыемна прабірацца на світанні да возера і бясшумна, каб не спудзіць/спалохаць птушку, якая/што яшчэ спіць у кустах, закінуць у нерухомую ваду вуды.

  1. Костел такой, что если захочешь глянуть на его маковку, то шапка падает с головы.

Касцёл такі, што як/калі зірнуць на яго макаўку, дык/то шапка падае з галавы.

  1. Когда я спрятался за елкой и начал наблюдать, черепаха высунула голову из-под панциря и осмотрелась, не угрожает ли ей что-либо, и понемногу стала двигаться вперед.

Калі я схаваўся за елку і пачаў назіраць, чарапаха высунула галаву з-пад панцыра ды агледзелася, ці не пагражае ёй што, і патроху (памалу, паціху, пакрысе) пасунулася наперад.

  1. Проходят дни, идут своей чередой зимы и лета с их холодами и жарой, с бурями и грозавыми дождями, а дубы спокойные, как человек, который все познал на свете, всё пережил и уже ничего нового не ждет от жизни, кроме смерти.

Праходзяць (мінаюць) дні, ідуць сваёй чарадой зімы і леты з іх халадамі і спякотай (спёкай), з бурамі і навальніцамі, а дубы спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў (зведаў, зазнаў) у свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч/апрача/акрамя смерці.

  1. Только что он восхищался высоким обрывистым берегом, как вдруг дорожка, будто белый ручеек, покатилась с пригорка вниз и перед глазами его раскинулся безграничный сенокос, как будто кто-то расстелил огромный-огромный ковер, который вдали сливался с голубым шелком июньскаго неба.

Толькі што ён захапляўся высокім сромкім (абрывістым) берагам, як раптам дарожка, што/нібы/нібыта белая ручаінка, пакацілася з узгорка (пагорка) ўніз (долу) і перад вачыма яго раскінулася бязмежная сенажаць, як бы /быццам бы/быццам разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што/які зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка