Зірнула сонца ў маю хату




Дата канвертавання02.07.2016
Памер22.67 Kb.
Зірнула сонца ў маю хату... 

Зірнула сонца ў маю хату,  

Як агняцвет, як дар вясны.  

На стол заслаўшы з промняў мату,  

Зірнула сонца ў маю хату.  

Хоць аб вясне ў палёх – шчэ сны,  

І трызніць шыр пад белай шатай,  

Зірнула сонца ў маю хату,  

Як агняцвет, як дар вясны.
****

Зямля мая – абсяг вялікіх скарбаў,  

Як золата ўначы, як срэбра ўдзень.  

Сярод іх шмат такіх цудоўных фарбаў,  

Што лепшых нельга больш знайсці нідзе.  

Калі-б сабраў іх дбайнаю рукою  

І ўставіў у слухмяныя радкі, –  

Заззяў-бы верш вясёлкавай дугою,  

Зазнічыў-бы праз процьмы, праз вякі.

****


Глянь, дружа мой! – у вышыні  

Агні, бы ў дзіўнай казцы, йскрацца,  

І ў люстра морскай глыбіні  

Яны праз цемрадзь цямрыні,  

Зачараваныя, глядзяцца.  

Так скарбы вечнае красы –  

Ці скарб зямлі, ці творчай працы –  

На'т у найзмрочныя часы,  

Нібы вясёлкі паясы,  

Нязгасна й велічна сьвіцяцца.


Мне помніцца студзеньскі вечар…  

Мне помніцца студзеньскі вечар,  

Што ладзілі сябры мае,  

І першая наша сустрэча,  

І жвавыя вочы твае.  
Я стрэў іхны позірк адразу,  

Як казку, як ваблівы сон;  

Хацелася зь імі быць разам  

Шмат радасных ночаў і дзён.  


Так блізка і гэтак далёка  

Была ты.

               Адвагі ня меў,  

А глянуць глыбока-глыбока  

Я ў самыя вочы хацеў.  
Бы сон, адляцелі дні тыя,  

А з імі – і радасць, і сум.  

Былога ўспаміны жывыя  

У сэрцы сваім я нясу.  


Нясу... хоць за тысячы гоняў  

Ад бацькаўcкіх гоняў цяпер.  

Штодня – ў адзіноцтва палоне,  

Мне сумна тут, Ніна, павер.  


А ты... там цяпер, дзе прыгожасць  

Прастораў ля Гайны-ракі;  

Згадаю – мне сэрца трывожыш,  

Віеш успамінаў вянкі...  


І сёння спаткаў я дзяўчыну  

У гэтай чужой старане,  

Хацелася крыкнуць ёй: Ніна!  

Ды потым стрымаў сябе... – не!  


А вельмі падобная... тая  

Паходка і рухі, той склад...  

Стан стройны... усмешка такая-ж  

І гэткі-ж блакітны пагляд.  


Адкуль яна? Можа з мясцінаў  

Маёй незабытнай зямлі?  

Кудой і шляхамі якімі  

Папала сюды і калі?  


А я на дзяўчыну нясмела  

Зірнуў і вачыма правёў...  

І сэрца маё зашчымела  

Тугой па радзіме сваёй;  


Па нівах – прыгожых кілімах,  

Па ўзгорках, крыніцах, ляскох;  

Тугой па дзяўчыне любімай,  

Па ейных блакітных вачох.  


Ах вочы, блакітныя вочы,  

З якой вы такой стараны?  

Чаму вы ў спакойныя ночы  

Мае непакоіце сны?




Птушкі

Шмат гнёздаў навілі сярод гальля  

Крылатыя асельнікі паветра.  

Гаспода ў іх – нябёсаў шырыня, –  

Тут кепска, дык ляці куды захочаш.  

А ім стае выгодаў, як відаць, –  

Лятаюць і бясклопатна шчабечуць.  

Чаму-ж, з адбіткам суму ў сэрцах, мы  



Глядзім на іх дзівоснымі вачыма?


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка