Зылевіч Д. П. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (г. Мінск)




Дата канвертавання05.05.2016
Памер90.91 Kb.
Зылевіч Д. П.

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (г. Мінск)


БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ КАЗКА ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ:

ТРАДЫЦЫІ І НАВАТАРСТВА


У сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры жанр казкі найбольш актыўна развіваецца. Пісьменнікі звяртаюцца да традыцыйных фальклорных сюжэтаў ці рэалізуюць уласную арыгінальную аўтарскую задумку. У любым выпадку літаратурная казка адпавядае жанравым патрабаванням, што не адмяняе аўтарскага права на эксперымент і арыгінальнасць. Рэдактар, які працуе з літаратурай для дзяцей, адсочвае адпаведнасць рукапісаў казак гэтым патрабаванням.

Аб’ектам нашага даследавання сталі беларускамоўныя літаратурныя зборнікі дзіцячых казак, якія падрыхтавала выдавецтва «Мастацкая літаратура» ў рамках серыі «Казкі XXI стагоддзя». Чытацкі адрас – дашкольны і малодшы школьны ўзрост. Прывядзём імёны аўтараў і назвы зборнікаў: Н. Бучынская «Прыгоды маленькай машынкі» (2008), П. Васючэнка «Каляровая Затока» (2008), А. Бутэвіч «Прыгоды Віруса Шкодзі» (2009), А. Масла «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала» (2010), А. Карлюкевіч «Зорны шлях белых гарлачыкаў» (2010).

Нашай мэтай было прааналізаваць, як у сучаснай аўтарскай казцы суадносяцца традыцыі і наватарства. Пералічым традыцыйныя жанравыя прыкметы казкі:


  • анімізм і антрапамарфізм (жывёлы, расліны і нават прадметы ў казцы могуць размаўляць);

  • канфлікт дабра і зла з абавязковай перамогай дабра;

  • раздзяленне персанажаў на станоўчыя і адмоўныя;

  • пакаранне ці перавыхаванне адмоўных герояў і ўзнагарода станоўчых за высокія маральныя якасці;

  • наяўнасць чароўнага прадмета;

  • адсутнасць дакладнага ўказання на час і месца дзеяння;

  • характэрныя прыёмы сюжэтнага развіцця;

  • характэрныя прыкметы стылю.

Названыя жанравыя прыкметы знаходзяць адлюстраванне ў сучасных казках. Без анімізму і антрапамарфізму казка як жанр наогул не можа існаваць, таму спыняцца на гэтым аспекце мы не будзем. Традыцыйны канфлікт дабра і зла ў сучасных творах нярэдка прадстаўлены не зусім традыцыйнымі для дзіцячай літаратуры персанажамі: камп’ютарнымі праграмамі і вірусамі, рапухамі і кузуркамі, рыбакамі і алхімікамі, аўтамабілямі і аўтобусамі і г.д. Напрыклад, у казцы А. Бутэвіча «Прыгоды Віруса Шкодзі» гэта з аднаго боку кароль Віндаўс Вялікі і яго памочнікі, а з другога – Вірус Шкодзя. У казцы А. Масла «Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала» станоўчымі персанажамі з’яўляюцца чаротныя рапухі, страказа Дазорца, Рыбец, а адмоўнымі – Гладыш жоўты і Плывунец шырачэнны. Адмоўныя героі церпяць няўдачу ў сваіх злосных задумках, а добрыя персанажы здзяйсняюць свае мары. Пані Чаротная з названай казкі стала пачынальніцай новай дынастыі чаротных рапух. У Каляровую Затоку з аднайменнай казкі П. Васючэнкі перастала цячы атручаная вада, і ўся вадзяная жыўнасць нарэшце змагла жыць спакойна.

Папулярнымі ў наш час сталі казкі з займальным сюжэтам, дзе канфлікт дабра і зла адсутнічае. У казцы Н. Бучынскай, напрыклад, па задумцы аўтара пераважае пазнавальны аспект зместу і адмоўных персанажаў няма, што з’яўляецца арганічным для абранай тэмы. Сапраўды, цяжка сабе ўявіць добрых і дрэнных машын.

Што тычыцца чароўных прадметаў, то трэба адзначыць, што ў сучасных літаратурных казках яны сустракаюцца радзей, чым у народных. У аналізуемай серыі твораў іх можна знайсці толькі ў «Прыгодах Віруса Шкодзі». У Шкодзі ёсць дыван-невідзімка, плашч-невідзімка, зоркалёт, што дазваляе яму перамяшчацца па міжгалактычнай прасторы. Наяўнасць чароўных прадметаў у гэтай казцы абумоўлена фантастычным і прыгодніцкім зместам.

Указанне на час і месца дзеяння ў казках звычайна абагульненае, таму што катэгорыі часу і прасторы ва ўспрыманні дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту – асноўных «спажыўцоў» казак – яшчэ не сфарміраваліся. Аднак назіраецца наступная тэндэнцыя: калі ў народных казках дзеянне адбывалася «даўным-даўно», то творы сучасных аўтараў пакідаюць ўражанне, што ўсё адбываецца цяпер ці было зусім нядаўна. «Трыдзевятае царства» ў якасці месца дзеяння сёння таксама непапулярнае. Прастора, дзе адбываюцца падзеі, пры ўсёй абагульненасці звычайна абмежаваная. Месца дзеяння казкі П. Васючэнкі абазначана так: ёсць на свеце Каляровая Затока, дзе рыба зусім не ловіцца… Падзеі казкі А. Бутэвіча адбываюцца ў камп’ютары, а прыгоды маленькай Машынкі – у гаражы і на дарозе, па якой яна ездзіць то ў дзіцячы садзік, то ў бібліятэку, то ў вёску, то на аўтамыйку. Аўтары не ўдакладняюць, дзе іменна знаходзяцца затока, сажалка ці аўтамыйка. Гэта не мае значэння, важна, што названыя аб’екты дзеці неаднойчы бачылі і могуць іх сабе ўявіць.

Цікавай у азначаным аспекце з’яўляецца казка А. Масла. Беларуская рапуха пераадольвае вялікую адлегласць, накіроўваючыся ў госці да літоўскай цёткі. Гісторыя пані Чаротнай пачынаецца на сажалцы, з якой па Заходняй Дзвіне яна трапляе на ўзбярэжжа Балтыйскага мора ў Палангу. Такім чынам, казка рэалізуе пазнавальную функцыю: сочачы за прыгодамі рапухі, дзіця атрымае звесткі з геаграфіі.

Звернемся да ацэнкі формы казак і прааналізуем характэрныя для гэтага жанра прыёмы сюжэтнага развіцця. Традыцыйнымі для казкі з’яўляюцца, напрыклад, наступныя прыёмы: важныя ўчынкі здзяйсняюцца тройчы (лічба тры наогул мае магічнае значэнне), знакавыя падзеі адбываюцца падчас адсутнасці галоўнага героя... А. Бутэвіч у сваім творы абыгрывае значэнне магічнай лічбы тры: аб гэтым сведчыць наяўнасць трох смярцей Віруса Шкодзі, якія схаваны ў трох дасканалых працэсарах. Гэты аўтар выкарыстоўвае і другі распаўсюджаны прыём сюжэтнага развіцця ў казцы: небяспека прыходзіць да герояў, калі кароль Віндаўс Вялікі ў ад’ездзе…У казцы А. Масла таксама бяда прыходзіць, калі пані Чаротная накіравалася ў госці да цёткі: падчас Вялікага налёту буслоў загінула ўся яе сям’я.

У традыцыйных прыкметах жанра казкі асаблівае значэнне мае стыль. Сучасныя аўтары імкнуцца вытрымліваць паэтыку жанра. У казках сустракаюцца характэрныя элементы:


  • стылістычныя формулы: жыла-была; ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць; не далёка і не блізка, не высока і не нізка; жыць-пажываць і дабро нажываць; доўга спаў ці коратка («Прыгоды Віруса Шкодзі»);

  • таўталагічныя выразы: дзівосныя дзівы, чарадзейныя чары, забаўныя забавы («Прыгоды Віруса Шкодзі»);

  • прыказкі і прымаўкі: не біце дубцамі, навучайце слаўцамі; не лезь папярод бацькі ў пекла; добрая слава на печы ляжыць, а благая па дарожцы бяжыць; лепш кепска ехаць, чым добра ісці («Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала»);

  • загадкі: маленькі, удаленькі, скрозь зямлю прайшоў, чырвоную шапачку знайшоў; на тонкаму дзераву жываты нашы качаюцца; на гару бягом, а з гары кувырком; ляцеў птах цераз папоў дах, сеў на варотах у чырвоных ботах («Зорны шлях белых гарлачыкаў»);

  • імёны персанажаў: Ліса Патрыкееўна, Таптыгін, Беляк («Зорны шлях белых гарлачыкаў»).

Нельга не адзначыць і трапнае ўжыванне мастацкіх вобразных сродкаў, характэрных для фальклору: звычайна гэта эпітэты, параўнанні і метафары. Яны адметныя, запамінальныя, дапамагаюць ўявіць прадмет апісання. Асабліва вызначаецца ў гэтым сэнсе зборнік казак «Прыгоды Віруса Шкодзі», у адной з яго казак («Маладзільны клён») сустракаюцца наступныя тропы:

  • эпітэты: цяністыя пушчы, дужыя карані, кучаравая чупрына, шапатлівая крона, вулканнае сэрца, прагавітыя вірусы;

  • метафары: азёры з нябеснымі зоркамі пераміргваліся сваімі блакітнымі вачыма, Клён дужымі каранямі моцна за зямлю трымаўся, кучаравай чупрынай за воблакі чапляўся, а рукамі-галінамі хмары разганяў;

  • параўнанні: Мышка круціцца, як вірок; Жучкі-Караеды наваліліся на Клён – нібы чорная хмара атуліла дрэва.

Ужыванне мастацкіх тропаў усё ж такі абмежаванае, што абумоўлена спецыфікай чытацкага адрасу казкі. Сродкі мастацкай выразнасці патрабуюць ад чытача вобразнага мыслення, а ў дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту яно яшчэ не сфарміравана. Дзеці прыхільна ставяцца да ўвасаблення, таму што іх успрыманне рэчаіснасці характэрызуецца анімізмам і антрапамарфізмам. Арганічным для маленькага чытача з’яўляецца параўнанне. Яно дапамагае ўявіць прадмет. У якасці другой часткі параўнання павінен выступаць знаёмы прадмет, зразумелая з’ява.

Дзеці не любяць апісанняў, аддаюць перавагу дынаміцы, хуткаму развіццю падзей. Калі ж апісанні і ўключаюцца ў тэкст, яны павінны быць цікавымі для дзіцяці. Некаторыя прадметы і рэчы могуць быць ахарактарызаваны падрабязна, яскрава, што дазволіць дзіцяці добра іх уявіць, нават суаднесці з тымі, што здаюцца звыклымі. Напрыклад, ці не такая ў маленькага чытача камп’ютарная мыш, як апісаў А. Бутэвіч: Мела яна доўгі віхлясты хвосцік, якога ні ў адной хатняй мышы не бывае. Носік беленькі, сама металёвым бляскам адлівае, а ўнутры чырвоны агеньчык свеціцца. Зірнеш на такую прыгажуню, і сама рука цягнецца, каб пагладзіць?

Мы сцісла ахарактарызавалі традыцыйныя прыкметы жанра казкі і новыя падыходы да пэўных элементаў зместу і формы. Адзначым асноўныя тэндэнцыі ў развіцці сучаснай літаратурнай казкі. Першая тэндэнцыя – пазнавальная скіраванасць жанра. Аўтары аддаюць перавагу казцы, якая не столькі выхоўвае, сколькі навучае, дае пэўныя веды з розных галін навукі ці сфер жыцця. У аналізуемай кніжнай серыі выхаваўчы аспект зместу пераважае толькі ў зборніку А. Карлюкевіча.

Пазнавальнае значэнне кнігі А. Бутэвіча акрэслена яго тэмай, якую можна вызначыць як «таямніцы сусветнага сеціва». Чытач, які ведае пра інтэрнет і ў пэўнай ступені ўмее карыстацца камп’ютарам, пазнаёміўшыся з казкамі, усвядоміць узаемасувязь усіх яго элементаў, канкрэтнае прызначэнне мадэма, прынтара, працэсара, манітора і іншых прыстасаванняў, а таксама навучыцца асноўным прынцыпам бяспечнай работы з камп’ютарам.

Н. Бучынская ў сваёй кнізе дае інфармацыю аб тым, якія правы і абавязкі маюць вадзіцелі, якога дагляду патрабуе аўтамабіль. А. Масла прапануе шмат цікавых звестак пра флору і фаўну нашай краіны. У канцы зборніка падаюцца «звесткі паводле Чырвонай кнігі Беларусі», дзе можна прачытаць інфармацыю пра галоўных дзеючых асоб кнігі: чаротную рапуху, дазорцу-ўладара, глейніка невядомага, жамчужніцу звычайную, гладыша жоўтага. У гэтым жа выданні ёсць геаграфічныя звесткі, што адзначалася вышэй. Кніга П. Васючэнкі таксама мае біялагічную скіраванасць, аб гэтым сведчыць і падзагаловак «Экалагічная казка». Тут чытач адкрые для сябе свет воднага жыцця, даведаецца аб такіх малавядомых насельніках вадаёмаў, як вадзяны клоп, хахуля, слімак.

Пазнавальны аспект зместу дазваляе аўтарам казак уводзіць у тэкст невядомыя дзецям словы, тым самым пашыраючы слоўнікавы запас чытача і яго веды. Трэба адзначыць, што пісьменнікі ўдала ўводзяць у тэкст новую лексіку, арыентуючыся на спецыфіку чытацкага адраса. Чытачы дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту яшчэ не ў поўнай ступені валодаюць тэхнікай чытання, ім цяжка адрывацца ад тэксту, каб прачытаць каментарыі і паясненні, таму незнаёмыя словы лепш даваць разам з сінонімамі ці тлумачыць непасрэдна ў тэксце. Напрыклад, А. Бутэвіч удала ўводзіць навуковае слова «фальсіфікат»: аўтар тлумачыць яго тут жа, у тэксце, з дапамогай сінонімаў: Гэта фальсіфікат, падробка. Падман, адным словам. Н. Бучынская, каб пашырыць веды чытачоў, зрабіла сваю гераіню Машынку вельмі дапытлівай: За апошнія дні яна, напрыклад, вывучыла новыя словы: аптэка – там людзі купляюць лекі, бібліятэка – тут чытаюць цікавыя кніжкі.

Другая тэндэнцыя – імкненне зрабіць дзіцячую кнігу цікавай і для дарослага. Некаторыя аўтары ствараюць казкі філасофскай, прытчавай скіраванасці (Р. Баравікова, А. Масла). Усе казкі аналізуемай кніжнай серыі з задавальненнем успрымаюць і дарослыя чытачы, але асабліва адметнай у гэтым сэнсе з’яўлецца кніга П. Васючэнкі «Каляровая затока». Тут ёсць пласт зместу, які ў поўнай меры будзе зразумелы толькі дарослым, таму бацькі, якія будуць чытаць зборнік сваім дзецям, не толькі парадуюць дзіця, але і самі атрымаюць задавальненне. Прывядзём некалькі цытат. Персанаж зборніка Апантаны Рыбалоў апраўдвае сваё імя: Зловіць рыбку, сфатаграфуецца з ёю, пацалуе ў носік і выпусціць назад у ваду. Пра няўдалую рыбалку на Каляровай Затоцы аўтар піша так: Лавіў ён на чарвяка, на кузурку, на жука-скарабея, на пражаны гарох, на печаную бульбу, на банан, на баклажан, на батон і на французскі адэкалон – ды ўсё без жаданага поспеху. Так што не было яму ў той дзень з кім сфатаграфавацца і пацалавацца.

Трэцяя тэндэнцыя – павышэнне культуры рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі кніг. Мы не ставім пад сумненне якасць работы рэдактараў савецкага часу. Праца з тэкстам была глыбокая, неадрэдагаваныя творы не маглі трапіць да чытача (на жаль, сёння такое не рэдкасць). Найвышэйшай ацэнкі заслугоўвае і савецкая школа ілюстравання дзіцячых твораў. Гаворачы пра павышэнне культуры рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі кнігі, мы маем на ўвазе не твор, а менавіта выданне, дзе і тэкст, і ілюстрацыі, і ўсе кампаненты даведкавага апарата, і якасць паперы, і колер фарбаў, і фармат выдання прадуманы і ўтвараюць адзінства, садзейнічаюць рэалізацыі задумкі аўтара твора і аўтара серыі.

Адзначым удалую задумку аўтара серыі «Казкі XXI стагоддзя» Алены Масла, а таксама супрацоўнікаў выдавецтва «Мастацкая літаратура»: кнігі пачынаюцца ўступным словам аўтара і заканчваюцца словамі мастака-ілюстратара. Аўтар у сваім уступным слове акрэслівае задуму, прычыны, якія падштурхнулі ўзяцца за пяро. Жыццёвае крэда ілюстратара, кароткія звесткі пра яго дапамагаюць чытачу ўявіць працу над выданнем, адчуць ўдзячнасць да тых людзей, што падарылі цікавую кнігу, прыцягваюць увагу да іх фотаздымкаў. Ілюстравалі зборнікі аналізуемай серыі Наталія і Алена Кійко, Алена Ярмоленка, Марыся Лось, Ян Жвірбля. Кнігі надрукаваны на якаснай афсетнай паперы, маюць нестандартны, павялічаны фармат – 84100 1/16. Тыпаграфскія работы таксама выкананы на высокім узроўні.

Падводзячы вынік, адзначым, што ў сучаснай літаратурнай казцы традыцыі і наватарства арганічна спалучаюцца. Жанравыя прыкметы зместу і формы казкі аўтарамі вытрымліваюцца. Разам з тым, пісьменнікі пашыраюць магчымасці традыцыйнага жанра: у адборы персанажаў, у адсутнасці яўна выражанага канфлікта дабра і зла, у лакалізацыі прасторы, у дамінаванні пазнавальнага аспекта зместу. Спецыялісты выдавецкай справы са свайго боку прапануюць якасныя, прыгожыя выданні, якія сведчаць аб тым, што працавалі над імі таленавітыя людзі з вялікай любоўю да дзяцей.


ЛІТАРАТУРА

  1. Беларуская дзіцячая літаратура: вучэб. дапам. / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. – Мінск: Выш. шк., 2008. – 688 с.

  2. Какая фишка нужна книжке: чего не хва­тает национальной детской литературе // Знамя юности.  2 января (№ 1).  2009.  С. 26–27.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка