Здаровы дух у здаровым целе




Дата канвертавання17.03.2016
Памер235.6 Kb.
ЗДАРОВЫ ДУХ У ЗДАРОВЫМ ЦЕЛЕ
Марскі круіз на мацярык Здароўя і Даўгалецця
Працягласць: 2 гадзіны

Калі вучні яшчэ не вывучалі хімію, то на мерапрыемства варта запрасіць настаўніка хіміі, які б мог дапамагчы ім адказаць на некаторыя пытанні


Абсталяванне:


  1. Карта, намаляваная на ватмане: акіян, мацярык ЗДАРОЎЯ і ДАЎГАЛЕЦЦЯ, выспы “КУРЭННЕ”, “П’ЯНСТВА”, “ЗДАРОВАЕ ХАРЧАВАННЕ”, “ЧЫСТАЕ ПАВЕТРА”, “ГУМАР І АПТЫМІЗМ”, “ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І СПОРТ”, “ФІЗІЧНАЯ І ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ ПРАЦА”

  2. Караблік, які можна прымацоўваць да карты, перамяшчаючы яго

  3. Магнітафон ці камп’ютар

  4. Карткі з прыказкамі, віктарынамі і г.д. (іх змест дадзены ніжэй)

  5. Партрэты выдатных вучоных і дзеячаў мастацтва, якія пражылі доўгае і плённае жыццё


Ход мерапрыемства
Вядоўца: Старажытныя рымляне казалі: Mens sana in corpore sano (запісана на дошцы). Па-французску гэты выраз гучыць наступным чынам: Une âme saine dans un corps sain (запісана на дошцы. У іншых замежных мовах таксама ёсць аналагічныя выразы). Гэта вельмі мудрае выслоўе стала назвай нашага вуснага часопіса. Паспрабуйце перакласці яго на беларускую мову і назваць тэму нашай сённяшней гутаркі (Здаровы дух у здаровым целе – запісваецца на дошцы)

Мы больш прывыклі да выразу: “У здаровым целе здаровы дух”, але як бачым, рымляне ставяць на першае месца розум, рассудак (mens), а французы – дух, душу (une âme).


Паводле вызначэння Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ЗДАРОЎЕ – гэта не толькі адсутнасць хваробаў, але і стан поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту.
Дадзеныя навукі сведчаць, што на наша здароўе ўплываюць:

  • лад жыцця (55%);

  • стан навакольнага асяроддзя (20 – 25%);

  • спадчыннасць (20%);

  • сістэма аховы здароўя ў краіне (10%).

Атрымліваецца, што ў найбольшай ступені здароўе чалавека залежыць ад яго самога.
Цікава, што ў эпоху Антычнасці сярэдні ўзрост жыцця чалавека складаў 36 гадоў, у Сярэднявеччы – 40 гадоў, у сярэдзіне ХІХ ст. – 48 гадоў.

Сёння самая высокая працягласць жыцця ў Японіі і ў Ісландыі – 80 гадоў, а самая нізкая – у афрыканскай краіне Чад (39 гадоў)

Сусветная арганізацыя аховы здароўя называе ўзрост да 45 гадоў маладым, 45 – 59 гадоў – сталым, 60 – 74 гады – пажылым, 75 – 89 гадоў – старэчым, а людзей, якія дасягнулі 90 гадоў, называюць доўгажыхарамі.

А зараз я прапаную вам адправіцца ў падарожжа па акіяне нашага жыцця да мацерыка Здароўя і Даўгалецця вось на гэтым караблі. На сваім шляху мы сустрэнем розныя выспы. Жыхары адных дапамогуць нам дасягнуць мэты, а насельніцтва іншых будзе нам з усіх сіл перашкаджаць дабрацца да запаветнага мацерыка.

Давайце праложым маршрут нашага падарожжа (Вядоўца на карце крэсліць гэты маршрут і вызначае такім чынам паслядоўнасць наведвання выспаў)
Выспа “ЗДАРОВАЕ ХАРЧАВАННЕ”
Захаванню здароўя і падаўжэнню жыцця спрыяе правільнае, рацыянальнае харчаванне, перавага ў рацыёне раслінных і кісламалочных прадуктаў. Пра апошнія асабліва часта пісаў выдатны расійскі вучоны-біёлаг Ілья Ільіч Мечнікаў, лаурэат Нобелеўскай прэміі (1908). Ён лічыў, што з дапамогай кіслага малака можна нейтралізаваць гніласныя працэсы ў кішэчніку і таму агітаваў усіх піць кіслае малако (у тым ліку і вегетарыянца Льва Талстога).

Дарэчы, павальнае захапленне ёгуртам на захадзе пачалося з паведамленняў пра тое, што горцы аддаюць перавагу кісламу малаку. Калі амерыканская фірма “Данон” пачала вытворчасць ёгуртаў, то нязменна выкарыстоўвала ў рэкламе выявы каўказскіх доўгажыхароў. Сапраўды, Каўказ – гэта рэгіён, які славіцца сваімі доўгажыхарамі: там ёсць людзі, працягласць жыцця якіх складае больш за 120 гадоў.


Экалагічная віктарына па здаровым харчаванні


Вада
1. Якую долю ў арганізме чалавека складае вада?

Адказ: 65 %.


2. Які працэнт вады, якая маецца на зямлі, прыгодны для піцця?

Адказ: 0,003%.


3. Чаму марская вада непрыгодная для піцця, і пры залішнім ужыванні можа выклікаць ацёк мозга і гібель чалавека?

Адказ: таму што яна ўтрымлівае вялікі працэнт мінеральных солей.


4. Колькі дзяцей на Зямлі штогод памірае ад хваробаў, звязаных з ужываннем няякаснай вады, а таксама ад недахопу пітной вады?

Адказ: 2,2 млн.


5. Чаму вада з большасці вадаёмаў Беларусі зараз непрыгодная для піцця?

Адказ: яна забруджаная адходамі прамысловых прадпрыемстваў і ядавітымі рэчамі з палёў.


6. Якой групы сур’ёзных інфекцыйных захворванняў можна пазбегнуць, калі сачыць за бяспекай сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі?

Адказ: кішэчных інфекцыйных захворванняў – халеры, дызентэрыі, гепатыту, брушнога тыфу


7. Чаму ў краінах з цёплым кліматам высокая частата інфекцыйных захворванняў кішэчніка?

Адказ: гэта тлумачыцца наяўнасцю спрыяльнага асяроддзя для размнажэння бактэрый. Амаль усе воды ў гэтых краінах патрабуюць дбайнай ачысткі.


8. Якія існуюць спосабы дэзінфекцыі вады?

Адказ: кіпячэнне, азаніраванне, апрацоўка ультрагукам.


9. Вадаправодную ваду перад ужываннем лепш адстойваць. Чаму?

Адказ: каб пазбавіцца ад хлору, які вытыхаецца праз 2 гадзіны.


10. Назавіце эфектыўныя спосабы абеззаражвання вады ва ўмовах паходу

А) Кіпячэнне

Б) Дабаўленне ёду з разліку 2 каплі на 1 літр.
11. Утрыманне якога хімічнага рэчыва ў вадзе здольнае папярэджваць карыес зубоў?

Адказ: фтор.






Прадукты харчавання


1. У якіх адзінках вымяраецца энергетычная каштоўнасць прадуктаў харчавання?

Адказ: у калорыях.


2. Якія асноўныя кампаненты прадуктаў харчавання вы ведаеце?

Адказ: жыры, бялкі, вугляводы, вітаміны, мінеральныя рэчывы.


3. Ці могуць у арганізме чалавека ўзаемазамяняцца жыры, бялкі і вугляводы?

Адказ: жыры і вугляводы ўзаемазамяняюцца, бялкі – не.


4. Назавіце крыніцы нітратнага забруджвання прадуктаў харчавання.

Адказ: унясенне высокіх дозаў мінеральных азотазмяшчальных унаенняў у глебу, унясенне высокай канцэнтрацыі арганічных рэчываў – гною.


5. Назавіце некалькі прыёмаў выдалення нітратаў з гародніны.

Адказ: вымочванне, адварванне, марынаванне.


6. Назавіце рэчыва, якое цалкам нейтралізуе ўздзеянне нітратаў.

Адказ: вітамін С.


7. Што такое пестыцыды?

Адказ: гэта сродкі хімічнай абароны раслін ад шкоднікаў і хваробаў.


8. Што патрэбна зрабіць перад ужываннем пладоў, апрацаваных пестыцыдамі?

Адказ: зрэзаць скуру.


9. Чаму не рэкамендуюць ужываць у ежу расліны, якія выраслі каля дарог?

Адказ: яны ўтрымліваюць ядавітыя рэчывы: цынк, адходы бензіну.


10. Як называецца атручванне арганізму, выкліканае недабраякаснымі кансервамі?

Адказ: батулізм.


11. У якіх харчовых прадуктах могуць быць узбуджальнікі сальманэлёзу?

Адказ: у яйках, у мясе.


12. Якія паразітарныя хваробы могуць перадавацца чалавеку праз прадукты мясамалочнай прамысловасці?

Адказ: трыхінелёз, бычы цэпень, свіны цэпень, эхінакок.


13. Якія самыя небяспечныя для здароўя паўсядзённыя прадукты?

Адказ: соль і цукар.

14. Ці можна па вонкавым выглядзе прадуктаў вызначыць, ці ўтрымліваюць яны шкодныя рэчывы?

Адказ: не, наяўнасць шкодных рэчываў выяўляецца толькі шляхам спецыяльных даследванняў.






Выспа “ФІЗКУЛЬТУРА І СПОРТ”.

Вучоныя падлічылі, што даўжыня кравеносных сасудаў чалавечага цела – ад самых дробных да самых буйных – складае 150 кіламетраў. У чалавека, які вядзе маларухомы лад жыцця актыўна працуе усяго толькі нейкая сотня метраў. Гэта і з’яўляецца прычынай пастаяннай стомленасці і недахопу кровазабеспячэння мозгу.

Французскія дактары яшчэ ў XVIII стагоддзі казалі: “Рух сам па сабе можа замяніць любыя лекі, але ўсе лекавыя сродкі ў свеце не здольныя замяніць уздзеянне руху”.

Сучасныя вучоныя мяркуюць: штодзённыя практыкаванні падаўжаюць жыццё на 6 – 9 гадоў! Фізічная нагрузка – найлепшы “эліксір маладосці”.


Той стане смелым, спрытным, дужым,

Хто з год малых са спортам дружыць.


Робіш зарадку – здароўе ў парадку.
(Вучні выконваюць пад музыку некалькі практыкаванняў)
Практыкаванні прыносяць максімальную карысць, калі выконваюцца пастаянна, кожны дзень.
Выспа “КУРЭННЕ”

Закурыць першую ў жыцці цыгарэту многія спрабуюць у падлеткавым узросце. Паводле вынікаў некаторых сацыялагічных даследванняў, у старэйшых класах кураць ці хаця б спрабавалі закурыць 50% хлопчыкаў і 30% дзяўчынак. І хаця шкоднасць тытуню ўжо даўно даказаная і ўсім вядомая, а нікацін афіцыйна прызнаны “мяккім” наркотыкам, цыгарэта ў руках маладых людзей стала своеасаблівым рытуалам пераходу да сталасці.

У свеце не існуе “бясшкодных” цыгарэтаў, таму з цягам часу у кожнага курыльшчыка адбываюцца розныя адхіленні ў здароўі. Тытунёвы дым разбурае вітамін С, а значыць, перастаюць працаваць усе астатнія вітаміны.

Чаму тады на зямным шары кураць мільёны людзей? Курэнне як “мяккі” наркотык здымае трывогу, боль, непакой, здымае эмацыйнае напружанне, павышае тонус у перыяд стомленасці. “Гэта праблема будзе вырашана за восем люлек”, – казаў знакаміты Шэрлак Холмс, распачынаючы разгадваць чарговую таямніцу.

Курэнне выклікае прыемныя адчуванні, актывізуе ў мазгу выпрацоўку “гармонаў шчасця” эндарфінаў. Але рэзервы арганізма ў курыльшчыка паступова вычэрпваюцца, і каб зноў стымуляваць мозг і выклікаць прыемныя адчуванні, патрэбна павялічваць дозы нікаціну. Паступова чалавек ужо не можа палепшыць настрой і павысіць працаздольнасць без цыгарэты.

Перамагчы ж заганную звычку аказваецца вельмі складана. Вядомы амерыканскі пісьменнік, які падарыў свету захапляльныя апавяданні і аповесці – Марк Твэн – нявесела жартаваў: “Няма нічога лягчэйшага, чым кінуць курыць, – я сам рабіў гэта сотні разоў”. Нарколагі сцвярджаюць, што фізіялагічная залежнасць ад нікаціну не слабейшая, чым ад какаіну і гераіну.

У ХХ стагоддзі, нягледзячы на агульнавядомую шкоду курэння, вытворчасць цыгарэтаў у свеце працягвае расці. Галоўныя вытворцы – ЗША і Вялікабрытанія – павялічваюць экспарт сваёй прадукцыі ў іншыя краіны. Пры гэтым у багатых краінах кураць усё меней, а ў бедных – усё больш і больш. Так што задумайцеся – ці варта аддаваць фінансавым варацілам, буйным тытунёвым кампаніям сваё жыццё і здароўе, як кажуць, “за панюшку табакі” ды пускаць свае ўласныя грошы “на дым”?

Вучоныя пераканаўча даказваюць, што рухальная актыўнасць з’яўляецца ўніверсальным сродкам барацьбы з дрэннымі звычкамі. Калі арганізм атрымлівае неабходныя яму фізічныя нагрузкі, то сам выпрацоўвае ў дастатковай колькасці “гармоны задавальнення” – эндарфіны, сурагатнай і небяспечнай заменай якіх робяцца штучныя стымулятары: наркотыкі, табак, алкаголь. Якраз пры бегу і фізічных практыкаваннях сам арганізм чалавека выпрацоўвае нейрагармоны, якія выклікаюць пачуццё задавальнення і ствараюць цудоўны настрой. Стан мышцавай радасці, які ўзнікае пры руху, значна пераважае над нікацінавым і алкагольным “кайфам”




Шкоднасць тытуню
1. Якая крыніца забруджвання паветра з’яўляецца прычынай смерці 2 млн. чалавек штогод, сярод якіх мужчын больш, чым жанчын?

Адказ: цыгарэты.


2. Тытунёвы дым утрымлівае шмат хімічных злучэнняў, рэчываў і элементаў. Назавіце іх прыкладную колькасць.

Адказ: каля 4 000


3. У тытунёвым дыме утрымліваюцца аміяк, ацэтон, прапілен, пірыдзін і іншыя рэчывы. Назавіце рэчыва, якое выклікае прывыканне да курэння.

Адказ: нікацін.




  1. Хто такі пасіўны курыльшчык?

Адказ: чалавек, які знаходзіцца ў пракураным пакоі, побач з людзьмі, якія кураць.

На матыў песні Алега Міцяева “Изгиб гитары жёлтой…» група вучняў можа выканаць наступныя куплеты:




  1. Мы вам все показали,

Как человек страдает

От пагубной привычки

Курить, всегда курить.

А это на здоровье

Влияет очень плохо,

Ведь многие могли бы жить

И вовсе не курить.

2. Вы будущие папы,

Вы будущие мамы,

Подумайте, ребята,

О детях о своих!

Мы вас всех умоляем

Забыть про сигареты,

Чтоб вам на этом свете

Большую жизнь прожить.

3.И всё же так бывает,

Не все нас понимают.

Промчатся ваши годы

И вспомните о нас.

Поймёте вы, что в жизни

Богатство человека

Не деньги, а здоровье.

Его не поменять
Выспа “П’ЯНСТВА”

Падымаючы бакал з шампанскім, смакуючы марачныя віны і каньяк, прапускаючы чарку гарэлкі, мы ўводзім у арганізм алкаголь.

Алкаголь уздзейнічае на арганізм, як наркатычнае рэчыва і тыповы яд – спачатку ўзбуджае, а потым паралізуе і разбурае. Асабліва моцны ўдар ён наносіць па пячонцы: пасля прыёму усяго толькі 100 г віна яна вымушаная ачышчаць кроў на працягу 2 – 3 тыдняў.

Чаму ж тады людзі п’юць?

Справа ў тым, што алкаголь здольны змяняць душэўны стан чалавека – супакойваць, расслабляць, даваць адчуванне камфорту. Гэта задавальненне дасягаецца простым хімічным раздражненнем пэўных цэнтраў мозгу, таму цана штучнай алкагольнай радасці – кошт бутэлькі. Па словах сучаснага псіхатэрапеўта У.Л. Леві, па сутнасці, такім чынам людзі ствараюць штучны хімічны тэмперамент. Гэта ж могуць рабіць (і куды больш натуральна!!!) паветра, рух, музыка і г.д.

У многіх народаў складваліся антыалкагольныя традыцыі.

У Старажытным Рыме забаранялася піць да 30 гадоў. Рымляне казалі: “П’яніцы нараджаюць п’яніцаў”. У Карфагене дзейнічаў закон, які забараняў піць віно ў тыя дні, калі выконваліся шлюбныя абавязкі.

Некаторыя кітайскія імператары каралі п’яніцаў смерцю. У Старажытнай Індыі служкаў культу – брамінаў, – чыю схільнасць да п’янства выкрывалі, прымушалі піць закіпеўшае віно. Жонкам гэтых брамінаў за п’янства іх мужоў выпальвалі на ілбе выяву бутэлькі.

А што на Беларусі?

Магнаты і шляхта.
“Пакланенне Вакху” набыло ў XVIII стагоддзі пачварныя памеры. Шляхта (і буйная, і сярэдняя, і дробная) праводзіла час у баляваннях. Пілі вялізнымі “куляўкамі” – келіхамі без ножкі, якія нельга было паставіць, – венгерскае, бургундскае і іспанскае віно, крыху меншым посудам – гданскую водку, хатнія лікёры і настойкі, шкляніцамі – піва і бражку. Знаходзіліся аматары, якія за гадзіну жартам праглыналі цэлы кош шампанскага віна. Напрыклад, нясвіжскі магнат Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку да пятнаццаці гадоў не ўмеў чытаць, але вялікія багацці дазвалялі яму весці разгульнае марнатраўнае жыццё. Калі вяселле – то тыдзень, калі пахаванне – то тры дні бесперапыннага п’янства. На Каляды 1780 года з Рыгі ў Нясвіж было дастаўлена 1500 бутэлек шампанскага, 300 рэйнскага віна, 200 бургундскага, 3 бочкі англійскага піва. П’яныя магнаты дазвалялі сабе непрыстойнасці, здзекваліся з бяднейшай шляхты і прыгонных сялян. Адзін мемуарыст пісаў пра Караля Радзівіла: “Нічога яму не каштавала стрэліць чалавеку ў лоб, нібы сабаку, такія здарэнні лічыліся ў доме і ў сям’і Радзівілаў нечым звычайным... Займаўся распустай, а таксама, выпіўшы, жорстка здзекваўся з розных прыдворных. Нечакана грукнуць ззаду кіем, у час піцця ўбіць келіх у рот, каб аж захлынуўся чалавек, наліць ззаду за каўнер віна таму, хто марудна п’е, моцна стукнуць галовамі ў час размовы – каб аж выскачылі на лбах гузы – вось самая прыемная забава Радзівіла. Рэдка хто ў яго кампаніі не пацярпеў ад такіх штук”.

П’янства, як мы бачым прыводзіць да жахлівай маральнай дэградацыі і чалавек траціць свой чалавечы воблік.

Для таго, каб быць абраным дэпутатам на сейм, кандыдат спойваў шляхту, якая часцей за ўсё толькі ў гэтым выпадку аддавала за яго галасы. П’яная шляхта часта сварылася, хапалася за зброю, у гэтых п’яных бойках былі і параненыя, і нават забітыя. Усё гэта марнатраўства, оргіі ды баляванні аплочваліся потам і слязьмі прыгонных сялян.





Сяляне
У сярэдзіне XVIII стагоддзя корчмы былі амаль у кожнай беларускай вёсцы. Густа стаялі яны і па лясах, па межах панскіх уладанняў. Тады ім давалі гучныя назвы: Астатні Грош, Рым, Воўчая Яма, Радасць, Раскоша, Пекла, зрэдку – проста Ёхнава карчма. Па нядзелях у карчму збіраліся сяляне: шукалі ў гарэлцы забыцця ад гора і крыўды, танцавалі пад гукі скрыпкі, цымбал і дуды. Карчма была для вёскі сацыяльным злом. Праз арандатараў пан прымусова збываў тут сялянам прадукцыю свайго гарэлачнага бровара. (У Рэчы Паспалітай толькі шляхта мела выключнае права на вытворчасць гарэлкі). Прыгонны меў права піць толькі ў сваёй карчме. Тых, хто піў, напрыклад, у мястэчку, білі розгамі або нават садзілі ў ледзяную палонку. Цэны на гарэлку ўстанаўліваліся адвольна. Кожны селянін павінен быў выпіць за год вызначаную колькасць “сівухі”. А не вып’е – усё роўна заплаціць яе кошт, бо так патрабавала прапінацыя – няпісаны закон аб прымусовым спажыванні спіртных напояў. Даходы ад арэнды корчмаў дасягалі часам паловы ўсіх панскіх прыбыткаў! Да таго ж карчмары часта разбаўлялі гарэлку вадой, дабаўлялі да яе дурнап’яну, ашуквалі з мерай. Калі ж у сялян не было грошай, арандатар даваў ім у доўг, запісваючы, як захоча, і потым, пры наступленні жніва, браў у іх апошні кавалак хлеба. За паўцаны сяляне прыносілі ў карчму збожжа і воўну, ільняное палатно і курэй.

Таму беларускі народ склаў шмат прыказак, што паказваюць, якім злом і горам з’яўляецца п’янства. Прачытайце некаторыя з такіх прыказак, злучыўшы іх пачатак і заканчэнне.



1. Балі ды гулі

А) а як праспіцца, дык і курыцы баіцца.

2. Балявалі, гулялі,

Б) а капеечку на гарэлку шчадзіць.

3. Хмель не вада –

В) жаба гразі.

4. Ад гарэлкі

Г) гаспадарка плача.

5. Гаспадар у карчме п’е і скача –

Д) чалавеку бяда.

6. Рыззём трасе,

Е) а ў карчму апошняе нясе.

7. Лату на лату будзе садзіць,

Ж) а для ног – адны ямы.

8. Нап’ецца, дык з царамі б’ецца,

З) пакуль голыя не сталі.

9. Для п’яной галавы ўсюды роўна,

І) у лапці абулі.

10. Набрацца, як

К) розум мелкі.

(Гэтых картак можна раздрукаваць некалькі і ў залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў зладзіць індывідуальны ці камандны конкурс – хто хутчэй злучыць часткі прыказак)

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што калі ўжыванне чыстага алкаголю на душу насельніцтва зашкальвае за 8 літраў, то гэта ўжо небяспечна для генафонду нацыі, іншымі словамі, нацыя вымірае. На Беларусі зараз ужыванне чыстага алкаголю на душу насельніцтва складае 10 – 12 літраў. Задумайцеся над гэтымі страшнымі лічбамі.

У вашых руках будучыня нашай радзімы і ў вашых сілах зрабіць гэту будучыню светлай і цвярозай, а Беларусь ператварыць у моцную і квітнеючую краіну з багатым духоўным і фізічным патэнцыялам. Я спадзяюся, што тыя прыказкі, якія вы прачыталі, ніколі не будуць адносіцца ні да вас, ні да вашых дзяцей. Жадаю вам, каб пра вас заўсёды казалі толькі: Здаровы, як дуб скарбовы. Здаровы, як рыжык баровы. Здаровы, як дуб, ды моцны, як зуб. Румяны, як пернік.


Выспа “ЧЫСТАЕ ПАВЕТРА”
Наш суайчыннік А.Л.Чыжэўскі (1897 – 1964), які нарадзіўся ў пасадзе Цеханавец Гродзенскай губерні (зараз гэта тэрыторыя Польшчы) ў 1919 годзе адкрыў біялагічнае і фізіялагічнае ўздзеянне аэраіонаў, а потым усебакова распрацаваў гэта адкрыццё ў дачыненні да медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, індустрыі, будаўніцтва і г.д. Ён устанавіў, што для аптымальнага абмену рэчываў неабходная наяўнасць у паветры пэўнай колькасці адмоўных іонаў кіслароду. Пры яго даследваннях аказалася, што адмоўныя іоны вельмі добра ўплываюць на стан нервовай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэмаў, на кровастваральныя органы, на фізічны і хімічны стан крыві. У прыродзе шмат адмоўных іонаў ёсць у гарах, а таксама паблізу буйных вадападаў. А.Чыжэўскі стаў вынаходнікам іанізатара, так званай “люстры Чыжэўскага”, якая забяспечвае арганізм адмоўнымі іонамі і дазваляе вылечыць многія хваробы, у тым ліку анкалагічныя. Адмоўныя іоны кіслароду вельмі добра таксама ўплываюць на расліны і жывёл.
Экалагічная віктарына.

Чыстае паветра
1. Якія рэчывы, што забруджваюць атмасферу, уваходзяць у склад выкідаў паліўна-энергетычнага комплексу?

Адказ: пыл, сажа, вокіс вугляроду, вокіс серы і азоту, фармальдэгід і інш.


2. Якія асноўныя рэчывы, што забруджваюць атмасферу, раздражняюць органы дыхання чалавека?

Адказ: аксіды серы, азоту, пыл, хлор, фармальдэгід.


3. Якім цяжкім металам інтэнсіўна забруджваецца паветра ад аўтатранспарту?

Адказ: свінцом.


4. Калі аўтамабіль выкідвае больш таксічных рэчываў?

Адказ: на халастым ходзе.




  1. Чаму ў горадзе нельга паліць смецце, адходы, лісты?

Адказ: таму што паветра забруджваецца ядавітымі рэчывамі.


  1. Якімі ядавітымі рэчывамі забруджваецца паветра пры спальванні ў горадзе смецця?

Адказ: дыяксіны, канцэрагены, радыёнукліды, двуокіс СО.


  1. Чаму сучасныя дажджы бываюць кіслымі?

Адказ: у дажджавых кроплях раствораны газападобныя вокісы серы, азоту, вугляроду, хлору, выкінутыя ў атмасферу прадпрыемствамі. Гэта слаба канцэнтраваныя кіслоты.


  1. З-за якога прадмета хатняга абіходу каля 10 млн чалавек у год (пераважна жанчыны) спазнаюць уздзеянне моцна забруджанага паветра ў памяшканні?

Адказ: кухонная пліта.
9. Які прадмет бытавой тэхнікі больш за іншых спрыяе разбурэнню азонавага слоя?

Адказ: халадзільнік.


10. Назавіце крыніцы забруджвання атмасферы ў вашым населеным пункце.



Выспа “ГУМАР І АПТЫМІЗМ”

Светлыя думкі і дабрыня да ўсіх, хто вас акружае – гэта моцны фактар здароўя.

Велізарную шкоду нашаму арганізму наносяць негатыўныя думкі і эмоцыі. Нават кароткі выбух гневу можа прывесці да разбурэння здароўя. Зайздрасць і рэўнасць, сквапнасць і злосць, страх і запалохванне іншых робяць тое ж самае, але больш марудна.

У нашы дні часта ўжываецца слова “стрэс” – стан напружання, які ўзнікае ў чалавека пад уплывам моцных уздзеянняў. У кагосьці стрэс праяўляецца ў выглядзе агрэсіі, у кагосьці – праз прыгнечанасць і стому. Мы можам адчуваць стрэсы і дома, і на працы, і ў транспарце і г.д. Аўтар тэорыі стрэсу – канадскі доктар Ганс Селье (1907 – 1982) лічыў, што без стрэсу ніякая дзейнасць чалавека немагчымая, а поўная свабода ад стрэсаў раўназначная смерці. Ганс Селье выявіў, што асноўная прычына стрэсу – адмоўныя эмоцыі: недавер, нянавісць, злосць, варожасць, помслівасць. У той жа час галоўнай абаронай ад стрэсаў выступаюць станоўчыя эмоцыі: любоў, павага, удзячнасць, захапленне поспехамі іншых, добрая воля, дружалюбнасць. Станоўчыя эмоцыі ад сваёй працы, задаволенасць сваёй работай – гэта вельмі важны фактар даўгалецця.

Бывае і так, што чыёсьці грубае слова, рэзкасць выбіваюць з каляіны. Што рабіць, калі ў час вучобы, дома, на рабоце прыходзіцца сутыкацца з людзьмі, якія выплёскваюць на вас свае адмоўныя эмоцыі, дрэнны настрой?

Знакаміты амерыканскі псіхолаг Дэйл Карнэгі пісаў: “Калі лёс прыпадносіць вам лімон, зрабіце з яго ліманад”

Псіхатэрапеўты – нашы сучаснікі – раюць замяняць адмоўны эмацыйны стан на станоўчы пры дапамозе валявога намагання, самакантролю, самапераканання. Чалавек здольны “ўключыць” інтэлект, логіку паміж негатыўным стымулам і рэакцыяй у адказ. Народная мудрасць радзіць: “Перш, чым нагрубіць – палічы да дзесяці”, а старажытнагрэчаскія філосафы казалі: “Не дазваляй твайму языку апераджаць тваю думку”. Псіхолагі раюць устрымлівацца ад крыкаў і спрэчак па дробязях. Урачы таксама гавораць пра карыснасць добрага гумару, жарту, кампліменту. Марк Твэн неяк сказаў, што аднаго камплімента яму хапае на тры месяцы бязвоблачнага настрою.

Знакаміты псіхатэрапеўт Эміль Куэ гаварыў сваім пацыентам: “Кожны раз, калі вы прачынаецеся, вымаўляйце такую фразу: “З кожным днём я адчуваю сябе ўсё лепш і лепш!” Паўтарыце гэту фразу некалькі разоў, паўтарыце, не спяшаючыся, пераканана, удумайцеся ў кожнае слова.” Варта сказаць, што большасць пацыентаў Эміля Куэ сапраўды паляпшалі сваё самаадчуванне.

Думкі, накіраваныя на захаванне ці паляпшэнне здароўя, ствараюць у кары галаўнога мозгу свайго роду “план” аздараўлення, схему чакаемых вынікаў, і на падсвядомым узроўні адбываецца ўзнаўленне “запланаванага” выздараўлення. Таму псіхолагі прапануюць мысліць станоўча і бачыць сябе ў думках такім, якім бы вам хацелася быць – здаровым, прыгожым, шчаслівым. Лягчэй быць шчаслівым, чым нешчаслівым. Лягчэй любіць, чым ненавідзець. Патрэбна толькі прыкласці намаганні і жыць, любіць, працаваць, ствараць здаровы дух і здаровае цела, захоўваць добры стан думак і душы.
Жарты і анекдоты


Школа і універсітэт
У студэнта ўсяго два святы – Новы год і кожны дзень.
Ідзе экзамен у БДУ. Студэнтка дрэнна адказвае, вось-вось заваліць экзамен. Яе сябар вырашае дапамагчы: адчыняе дзверы і звяртаецца да студэнткі: “Ленка! У цябе сын нарадзіўся!” Выкладчык, падымаючы галаву ад папераў: “Сын? Сын – гэта добра, ладна, давай залікоўку – “тры””
Выкладчык пытаецца ў студэнта:

  • Чаму электрарухавік круціцца?

  • А таму што ток!

  • А чаму тады прас не круціцца?

  • А таму што не круглы!

  • А чаму ж тады электраплітка не круціцца?

  • А таму што ТРЭННЕ!

Урок літаратуры ў школе. Настаўніца пытаецца:



  • Кто знает, какое стихотворение Александр Сергеевич Пушкин посвятил Анне Петровне Керн?

Вучань:

– «Люблю тебя, Петра творенье…»


–Табе падабаецца хадзіць у школу, Агнешка?

  • Так, і са школы таксама падабаецца. Толькі вось гэтыя гадзіны паміж хадзьбой самыя непрыемныя.

Вучань – настаўніцы:



  • Якая Вы забыўчывая! Вы тое ж самае ў мяне пыталіся на мінулым тыдні і я вам ясна сказаў “Не маю паняцця”.

Вучань:


  • На Старажытны Рым напалі варвары...

Настаўнік:

  • А можа, Акуліны?

У Герасіма новы сабака. Вадалаз.


Бацька пытаецца ў сына:

  • Ну, як поспехі ў школе?

  • Выдатна! Кантракт з пятым класам падоўжаны яшчэ на год!

З біяграфіі. У 2004 годзе скончыў школу з трыма залатымі і двума срэбнымі медалямі. Дагэтуль у вышуку.







Бацькі і дзеці
Новы рускі – сыну:

  • Не разумею, чаму тут напісана “Класная работа”, а стаіць двойка?




  • Тата, а чаму месяц большы за зоркі?

  • А чорт яе ведае...

  • А чаму сонца такое яркае?

  • А хто ж яго ведае...

  • Тата, можа, ты стаміўся?

  • Не-не, ты пытайся, сынок! Хто ж табе яшчэ, апроч бацькі ўсё растлумачыць?

Дзіця гуляе ў пакоі з вадзяным пісталетам. Маці крычыць з кухні:



  • Асцярожна! Не залі вадой паркет!

  • Не хвалюйся, мамачка! Я страляю чарніламі!

Дзеці ў садку абмяркоўваюць бацькоў:



  • Яны самі не ведаюць, чаго хочуць: спачатку вучаць нас хадзіць і размаўляць, а потым прымушаюць сядзець і маўчаць.




  • Сынок, не хадзі кожны дзень на дыскатэку, а то аглохнеш.

  • Дзякуй, мама, я ўжо паабедаў.







Шкодныя звычкі
Размаўляюць два алкаголікі. Адзін пытаецца:

  • Цікава, чаму мне далі мянушку Джын? Напэўна, таму што я многае магу.

  • Не, Джын. Проста калі хтосьці пачынае адкаркоўваць бутэльку, ты адразу ж з’яўляешся.




  • Калі ты п’яны, то падобны на сонечны промень.

  • Я што, такі ж яркі і прыцягальны?

  • Не, ты пастаянна адбіваешся ад сценак і падаеш на пол.

У Нідэрландах вырашана праблема карыеса. Усяго некалькі грамаў канаплі ў зубную пасту – і дзеці пачынаюць чысціць зубы не два, а тры, чатыры і нават пяць разоў на дзень!


Мужчына прыходзіць на прыём да доктара.

  • Доктар, разумееце, у мяне моцны сухі кашаль.

  • А вы якія цыгарэты курыце?

  • Ды розныя, доктар.

  • Тады паспрабуйце кінуць курыць ці курыце хаця б цыгарэты адной маркі.

  • Доктар, дык што мне цяпер – за адным чалавекам бегаць цэлы дзень і цыгарэты страляць?






Выспа “ФІЗІЧНАЯ І ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ ПРАЦА”.
Вучоныя лічаць, што развіты інтэлект і актыўная творчая праца спрыяюць доўгаму жыццю.

Даследчыкі лічаць, што фізічная нагрузка павінна абавязкова спалучацца з актыўным інтэлектуальным рэжымам. Вядомыя не толькі факты, але і механізмы, якія тлумачаць большую працягласць жыцця людзей адукаваных, якія думаюць, чытаюць, ведаюць.



Давайце зараз узгадаем некаторых сусветна вядомых доўгажыхароў, а таксама іх дасягненні.
Адзін з геніяў эпохі Адраджэння Мікелянджэла Буанароцці (1475 – 1564) заканчваў скульптурную кампазіцыю ў саборы Святога Пятра ў Рыме, калі майстру ішоў ужо дзевяты дзесятак. У больш маладым узросце Мікелянджэла на працягу чатырох гадоў (1508 – 1512) выконваў без памочнікаў роспіс столі ў Сіксцінскай капэле ў Рыме. Агульная плошча роспісу складае 600 м2, і яе стварэнне само па сабе ўяўляе творчы подзвіг, падобны да эпічных дзеянняў любімых герояў мастака. Мікелянджэла ў першую чаргу лічыў сябе скульптарам, а гэта вельмі цяжкая фізічная праца. Мікелянджэла быў таксама архітэктарам і паэтам.
Вялікі нямецкі паэт Іаган Вольфганг Гётэ завяршыў свой бессмяротны твор “Фаўст” у 80 гадоў.
У гэтым жа ўзросце вялікі італьянскі кампазітар Джузэппе Вердзі напісаў бліскучую камічную оперу “Фальстаф”.
Спіс вялікіх доўгажыхароў можна працягваць і працягваць: І.Ньютан, Ф.Вальтэр, І.Кант, Л.М.Талстой, Дз.І. Мендзялееў, К.Э.Цыялкоўскі, А.Эйнштэйн, Дз.С.Ліхачоў.


Джузэппе Вердзі (1813 – 1905) – італьянскі кампазітар, аўтар опер, прызнаных шэдэўрамі музычна-псіхалагічнай драмы і камедыі “Рыгалетта” (1851), “Травіята” (1853), “Сіла лёсу” (1861), “Аіда” (1870), “Фальстаф” (1892) і інш.

Ісаак Ньютан (1643 – 1727) – англійскі матэматык, астраном, фізік, стваральнік класічнай механікі; аўтар працы “Матэматычныя пачаткі натуральнай філасофіі” (1687) і інш.

Франсуа Мары Аруэ (Вальтэр) (1694 – 1778) – французскі філосаф-асветнік і пісьменнік, які праславіўся іранічным вальнадумствам і інтэлектуальнай незалежнасцю. Аўтар твораў “Філасофскі слоўнік” (1764 – 1769), “Прастадушны” (1767) і інш.

Леў Мікалаевіч Талстой (1828 – 1910) – вялікі рускі пісьменнік, аўтар раманаў “Война и мир” (1869), “Анна Каренина” (1877), “Воскресение” (1899) і шэрагу іншых твораў.

Імануіл Кант (1724 – 1804)нямецкі філосаф, аўтар прац “Крытыка чыстага розуму” (1781), “Крытыка практычнага розуму” (1788), “Крытыка здольнасці меркавання” (1790)

Дзмітрый Іванавіч Мендзялееў (1834 – 1907) – расійскі вучоны-хімік, які адкрыў перыядычны закон элементаў, аўтар фундаментальных даследванняў (“Асновы хіміі” 1869 – 1871).

Канстанцін Эдуардавіч Цыялкоўскі (1857 – 1935) – асновапаложнік сучаснай касманаўтыкі, вучоны і вынаходнік; аўтар даследванняў у галіне аэранаўтыкі і ракетабудавання, упершыню абгрунтаваў магчымасць выкарыстання ракет для межпланетных палётаў.

Альберт Эйнштэйн (1879 – 1955) – фізік-тэарэтык, стваральнік тэорыі адноснасці; аўтар прац, пакладзеных у аснову квантавай тэорыі святла; лаурэат Нобелеўскай прэміі (1921)

Дзмітрый Сяргеевіч Ліхачоў (1906 – 1999) – літаратуразнаўца, культуролаг і грамадскі дзеяч, аўтар прац “Поэтика древнерусской литературы» (1979), «Заметки о русском» (1981), «Прошлое – будущему» (1985) і інш.

Марк Твэн (Сэмюэл Клеменс) (1835 – 1910) – амерыканскі пісьменнік, сатырык і гумарыст, класік дзіцячай і падлеткавай літаратуры, аўтар кніг “Прыгоды Тома Сойера” (1876), “Прыгоды Гекельберы Фіна” (1884) і інш.

Марк Шагал (1887 – 1985) – сусветна вядомы мастак, разам з Пабла Пікасо і Сальвадорам Далі лічыцца адным з найвялікшых мастакоў ХХ стагоддзя. Ураджэнец Віцебска. Хаця і жыў за мяжой – у Парыжы і ў ЗША, заўжды захоўваў у памяці родныя мясціны, віцебскія краявіды часта з’яўляюцца на яго палотнах.

Аляксандр Леанідавіч Чыжэўскі (1897 – 1964) – геніяльны вучоны, якому належыць шэраг адкрыццяў у галіне гісторыі, біяфізікі, электрафізіялогіі і медыцыне. Яшчэ ў 1939 г. на кангрэсе ў Нью-Йорку яго назвалі Леанарда да Вінчы ХХ века. Ён праславіўся многімі буйнымі адкрыццямі, у тым ліку стварэннем касмічнай біялогіі (ці геліябіялогіі) – навукі пра залежнасць жыцця і здароўя ад ваганняў актыўнасці сонца. Аналіз гісторыі чалавецтва за 25 стагоддзяў дазволіў А.Чыжэўскаму сфармуляваць прынцыпы новай навукі – гісторыяметрыі – пра залежнасць усіх сусветна-гістарычных падзей ад 11 гадовых ваганняў актыўнасці Сонца.

Выдатны рускі вучоны-фізіёлаг І.П.Паўлаў даваў нашчадкам такую параду: “Не піце віна, не абцяжарвайце сэрца тытунём і пражывеце столькі, колькі жыў Ціцыян” А колькі пражыў выдатны італьянскі жывапісец XV стагоддзя Ціцыяна Вечэлія (1476/77 ці 1489/90 – 1576)? Сто гадоў, хаця сярэдняя працягласць жыцця ў той час складала ўсяго толькі 40 гадоў.

Ітак, што ж атрымліваецца? Калі пераадолець цягу да дрэнных звычак і скласці ўсе гады, якія можна захаваць, дзякуючы творчай працы, фізічнай актыўнасці і рацыянальнаму харчаванню, то жыць да 100 гадоў сапраўды рэальна.
Рэфлексія. Вучні запаўняюць выніковыя табліцы і зачытваюць свае высновы.

Ліст 1.



Каб быць здаровым, шчаслівым і радавацца жыццю, чалавек

павінен рабіць

не павінен рабіць


Ліст 2.



Каб быць здаровым, шчаслівым і радавацца жыццю, чалавек

павінен быць

не павінен быць

(Табліцы загадзя малююцца на лістах фармату А3. Потым частку з адмоўнымі адказамі (“не павінен быць”, “не павінен рабіць”) можна адрэзаць, парваць на кавалкі і выкінуць у сметніцу)


Вядоўца: Мы пачалі нашу гаворку з мудрага выслоўя старажытных рымлян, і скончыць яе я таксама хачу словамі старажытнарымскага імператара Марка Аўрэлія (121 – 180), па сумяшчальніцтве яшчэ і выдатнага філосафа:

Не ўсё ж напышліва разважаць, якім павінен быць Чалавек, пара станавіцца ім”



Літаратура.
Глазырына Л.Дз., Лапацік Т.А. Фізічная культура. 2 клас. Мн., 1996 .
Искусство Средних веков и Возрождения. Энциклопедия. М., 2002.
Мальгинова С.В. Береги платье снову, а здоровье смолоду. // Читаем, учимся, играем. 2000, № 4. Стр. 92 – 100.
Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. Мн., 2009.
Санько З. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем (электронная версія).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка