Заява прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер27.38 Kb.
Заява

прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі

з нагоды перасьледу некамэрцыйных арганізацыяў у Расейскай Фэдэрацыі

Мы, прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацыяў, з занепакоенасьцю сочым за надзвычайным узмацненьнем ціску органаў дзяржаўнай улады Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці гэтай краіны. Асаблівую заклапочанасьць выклікае той факт, што кампанія пракурорскіх праверак закранула ў тым ліку і тыя некамэрцыйныя арганізацыі, якія плённа і прадуктыўна супрацоўнічаюць зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю.

Такога кшталту кампанія перасьледу, фармальна абгрунтаваная штучна ўведзенымі і сумнеўнымі з прававога пункту гледжаньня нормамі заканадаўства, сталася сродкам разбурэньня інфраструктуры грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ў 2001-2005 гадах. Увядзеньне заканадаўчых абмежаваньняў на дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў, выкарыстаньне гэтых нормаў супраць незалежных ад дзяржаўнай улады грамадзянскіх структураў (асабліва праваабарончага кірунку) пацягнула за сабой далейшую дэлегалізацыю сотняў грамадзкіх аб’яднаньняў, зьяўленьне новых і новых вязьняў сумленьня і, у рэшце рэшт, істотнае ўзмацненьне аўтарытарызму ў краіне.

Існуе небясьпека, што досьвед зьнішчэньня інстытуцыйнай асновы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі (а таксама ў Цэнтральнай Азіі) з мэтай пабудовы аўтарытарнага грамадзтва, цяпер служыць прыкладам для разьвіцьця аўтарытарнага рэжыму ў Расейскай Фэдэрацыі. Мы лічым недапушчальным імпарт тэхналёгіяў задушэньня грамадзянскай супольнасьці недэмакратычнымі рэжымамі Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

Увядзеньне ўладамі Расеі адыёзнага заканадаўства пра “замежных агентаў”, шматлікія вобшукі ў праваабрончых і іншых няўрадавых арганізацыях, кампанія шальмаваньня і дыскрэдытацыі дзейнасьці праваабаронцаў у сродках масавай інфармацыі асабліва непрымальныя ў сьвятле нядаўняй рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН ад 21 сакавіка бягучага года.

У сувязі з гэтым мы падтрымліваем заклік Савета па правах чалавека ААН да дзяржаваў-удзельніцаў ААН не дапускаць дыскрымінацыйнага прымяненьня абмежаваньняў у дачыненьні да патэнцыйных крыніцаў фінансаваньня, пакліканых падтрымліваць працу праваабаронцаў, акрамя тых, якія звычайна прадугледжваюцца ў выпадку любой іншай дзейнасьці, не зьвязанай з правамі чалавека, і каб ні адзін закон ня ўтрымліваў палажэньняў аб крыміналізацыі або дэлегітымізацыі дзеяньняў у абарону правоў чалавека на падставе геаграфічнага паходжаньня фінансавых сродкаў.

Грунтуючыся на прынцыпах міжнароднай салідарнасьці глябальнай грамадзянскай супольнасьці, кіруючыся духам Дэклярацыі ААН аб праве ды абавязку асобаў, групаў ды ворганаў грамадзтва заахвочваць ды абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, а таксама з улікам рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН А/HRC/22/L.13

Ад імя беларускай грамадзянскай супольнасьці мы


  • заклікаем улады Расейскай Фэдэрацыі спыніць кампанію перасьледу расейскіх няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку адмовіцца ад практыкі сэрыйных вобшукаў і праверак праваабарончых ды іншых арганізацыяў;

  • выказваем падтрымку і салідарнасьць з нашымі калегамі-актывістамі грамадзкіх арганізацыяў Расеі і заклікаем іх не спыняць грамадзкую дзейнасьць, нягледзячы на неспрыяльныя палітыка-прававыя ўмовы.

Сяргей Мацкевіч Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Алена Танкачова, Вольга Смалянка Асьветніцкая ўстанова “Цэнтар прававой трансфармацыі”

Жанна Літвіна Грамадзкае аб'яднаньне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Алег Гулак Рэспубліканскае праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі Хэльсінкскі камітэт”

Валянцін Стэфановіч Праваабарончы цэнтар “Вясна»

Іна Кулей Асьветніцка-дабрачынная установа “Камітэт “Салідарнасьць”

Тацьцяна Равяка Беларускі Дом правоў чалавека

Аляксандар Мілінкевіч Праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “Рух “За свабоду”

Уладзіслаў Вялічка Міжнародны кансорцыюм “ЭўраБеларусь”

Міраслаў Кобаса Грамадзкае аб’яднаньне “Фонд імя Льва Сапегі”



Раіса Міхайлоўская Грамадзкае аб'яднаньне “Цэнтар па правах чалавека”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка