Зараджэнне І развіццё тэарэтычнага абгрунтавання І нарматыўнай рэгламентацыі правоў чалавека ў беларусі




Дата канвертавання10.05.2016
Памер121.76 Kb.
ЗАРАДЖЭННЕ І РАЗВІЦЦЁ ТЭАРЭТЫЧНАГА АБГРУНТАВАННЯ І НАРМАТЫЎНАЙ РЭГЛАМЕНТАЦЫІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ

Доўнар Т. І., Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Праблема ўзаемаадносін дзяржавы і чалавека закраналася навукоўцамі з самых старажытных часоў, аб чым сведчаць перш за ўсё творы мысліцеляў Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма. Гэтыя творы былі вядомы і першым беларускім мысліцелям, звесткі аб якіх дайшлі да нас з летапісных паведамленняў. Напрыклад, Ефрасіння Полацкая на падставе хрысціянскага веравучэння абгрунтоўвала неабходнасць добразычлівых і памяркоўных адносін у грамадстве, а таксама ідэі хрысціянскага паразумення паміж людзьмі і мірнага суіснавання людзей, народаў і дзяржаў.

Асабліва актыўна пачала распрацоўвацца гэта праблема ў ХVI ст. У працах беларускіх асветнікаў, мысліцеляў і палітычных дзеячоў гэтага перыяду прысутнічаюць самыя прагрэсіўныя ідэі свайго часу і асаблівае месца ў іх займае тэарэтычная рапрацоўка палажэнняў аб справядлівай дзяржаве і роўнасці ўсіх людзей перад законам. Менавіта таму ў сваіх выказваннях і публікацыях яны тэарэтычна абгрунтоўвалі неабходнасць рэфармавання існуючых феадальных грамадскіх адносін.

Ідэі аб справядлівых грамадскіх адносінах і правах людзей займаюць значнае месца ў навуковых працах многіх вядомых беларускіх мысліцеляў-гуманістаў XVI ст. (Ф. Скарыны, М. Літвіна, А. Волана, С. Буднага і інш.). У сваіх выказваннях і публікацыях яны аргументавана даказвалі неабходнасць ўдасканалення дзяржаўных і грамадскіх адносін на новых, больш прагрэсіўных і высокамаральных прынцыпах. Так, вышэйшым прынцыпам у рэгуляванні грамадскіх адносін Скарына лічыў любоў чалавека да чалавека. Увогуле асновай палітыка-прававых поглядаў Скарыны выступала гуманістычна інтэрпрэтуемая хрысціянская мараль [1, с.100-101, 136-142]. Перш за ўсё ён звяртаў увагу на прытрымліванне кожным чалавекам этыкі “хрысціянскага гуманізму”, на маральную адказнасць хрысціяніна за свае справы.

На падставе скарынінскіх тэарэтыка-прававых напрацовак беларускія філосафы і мысліцелі пачынаюць ўсё актыўней выказваць і абгрунтоўваць думкі аб справядлівасці дзяржаўнай улады, вяршынстве закону, неабходнасці такой прававой рэгламантацыі дзяржаўнага жыцця, якая б забяспечвала індывідуальную свабоду і сцвярджала роўнасць усіх перад законам. Паступова на працягу ХVІ ст. увага мысліцелей не толькі ўсё больш засяроджваецца на ідэях свабоды як важнейшай уласцівасці чалавечай прыроды і роўнасці ўсіх людзей перад законам як істотнага элемента свабоды, але з’яўляюцца і практычныя прапановы аб заканадаўчым іх афармленні. Пры гэтым некаторыя з іх падкрэсліваюць, што закон толькі тады здольны гарантаваць свабоду асобы, калі ён будзе накіраваны на абарону інтарэсаў ўсіх людзей – грамадзян дзяржавы.

Так, следам за Ф.Скарынай Міхалон Літвін у сваім палітычным трактаце «Аб норавах татар, літоўцаў і масквіцян» (1550 г.) заяўляў аб неабходнасці удасканалення дзяржаўнага кіравання, демакратызацыі грамадскіх адносін, устанаўлення роўнасці усіх саслоўяў перад законам.

Таксама Леў Сапега пад уплывам поглядаў мысліцеляў антычнасці надаваў значную ўвагу удасканаленню грамадскіх адносін і правам грамадзян у дзяржаве. Ён падкрэсліваў: “чоловеку почстивому ничого не маеть быти дорожшого над вольность” [2, с.47]. Сутнасць жа свабоды, на яго думку, складалі неад’емныя правы чалавека – асабістая недатыкальнасць і права ўласнасці. Сапега падкрэсліваў, што асноўнай мэтай законаў ва ўсім свеце з’яўляецца падтрыманне ў грамадстве такога парадку, каб кожны чалавек мог захаваць у непарушнасці сваё добрае імя, здароўе, маёмасць і не цярпеў ніякай шкоды з боку іншых асоб.

На хвалі рэфармацыйнага руху, які шырока разгарнуўся ў Беларусі з сярэдзіны XVI ст. і значна паўплываў на усе бакі грамадска-палітычнага жыцця, мысліцелямі прапагандаваліся і пашыраліся самыя прагрэсіўныя палітыка-прававыя ідэі. Прыхільнікамі і актыўнымі прапагадыстамі яго былі А.Волан, А.Валовіч, П.Астравіцкі, К.Радзівіл і многія іншыя мысліцелі і дзяржаўныя дзеячы. Менавіта ў кантэксце Рэфармацыі, у аснову якой перш за ўсё была пакладзена ідэя пошуку боскай справядлівасці і звяртання да чалавечага розуму, актыўна развівалася асветніцтва, якое садзейнічала пашырэнню ідэй свабоды, гуманізму, верацярпімасці і больш прагрэсіўных поглядаў на дзяржаву і яе грамадзян. У гэты перыяд А.Волан і С.Будны выказваюць ідэю неабходнасці існавання прыватнай уласнасці для ўсіх людзей (нават гараджан і сялян) як неабходнай умовы свабоды асобы.

Менавіта філосаф, правазнаўца і палітычны дзеяч Андрэй Волан, які з’яўляўся адным з ідэолагаў рэфармацыйнага руху ў Беларусі, унес шмат новага ў тэарэтычную распрацоўку многіх палітыка-прававых пытанняў, у тым ліку ў сферы правоў чалавека. Яго творы (“Пра палітычную або грамадзянскую свабоду”, Кракаў, 1572; “Прамова да сената…” (Кракаў, 1572); “Пра шчаслівае жыццё або Найвышэйшае чалавечае дабро”, Вільня, 1596; ”Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачынннасці”, Гданьск, 1608 і інш.) мелі выразную гуманістычную накіраванасць. Волан не толькі рэзка крытыкаваў існуючую феадальную сістэму, але актыўна выступаў за рэфармаванне тагачаснага грамадскага ладу, у тым ліку ў сацыяльным і палітычным плане [3, c.75-76]. Несумненная заслуга А.Волана ў тым, што ён адмаўляў рабства і актыўна выступаў супраць заканадаўчай рэгламентацыі саслоўнай няроўнасці людзей. Бадай, ён быў адным з першых навукоўцаў, які разглядаў саслоўі як раўнапраўных сацыяльных партнёраў, кожная з якіх уносіць пасільны ўклад у агульную справу палітыка-эканамічнага развіцця дзяржавы.

Дзяржаву, права і іншыя сацыяльна-палітычныя інстытуты А.Волан разглядаў як вынік чалавечай дзейнасці, як аб’екты ўвасаблення рацыянальных пошукаў і мудрасці людзей [3, c.76]. Пры вызначэнні дзяржавы, яе задач і функцый, Волан адзываецца аб ёй як аб згуртаванні людзей, супольніцтве, таварыстве, падкрэсліваючы тым самым яе дагаворны характар.. Аднак выкарыстанне гэтых паняццяў у яго не звязана, як у Бадэна, Гоббса і іншых еўрапейскіх мысліцеляў, з праблемамі ўлады і суверэнітэту. Перш за ўсё ён разглядаў дзяржаву і грамадства як гістарычна абумоўленыя з’явы і адзначаў, што “ў чалавечай супольнасці, называнай грамадствам, найважнейшая чыннасць заключаецца ў тым, каб разумна і правільна кіраваць гэтым грамадствам у мірных умовах і нязломна, мужна, рашуча змагацца з ворагам у час вайны” [4, с.5]. З логікі яго разважанняў вынікае прызнанне існавання дадзяржаўнага чалавечага грамадства, дзе кожны індывід жыў адпаведна сваім прыроджаным правам, якія грунтаваліся на этыцы і маралі. Ён адзначаў, што неабходнасць для чалавека ў дзяржаве ўзнікла толькі тады, калі адносна яго натуральных правоў узнікла небяспека. Адна з галоўных яго думак – гэта тое, што сама дзяржава стваралася з мэтай, каб людзі маглі шчасліва і блаславенна праводзіць сваё жыццё.

Звяртаючы ўвагу на неабходнасць устанаўлення справядлівых грамадскіх адносін Волан выказвае думку, што справядлівай з’яўляецца тая дзяржава, у якой чалавек шчаслівы, задаволены жыццём і абаронены законам ад усялякіх пасягальніцтваў. Справядлівасць, на яго думку, заключаецца ў тым, каб “пашанаваць і паважаць Бога, любіць бацькоў і айчыну, у абыходжанні з людзьмі ніколі нікога не крыўдзіць і не прыніжаць не толькі ўчынкам, але і словам” [4, с.95]. Ён падкрэсліваў, што справядлівасць у чалавечым грамадстве можа існаваць толькі пры умове, што ў ім існуюць законы, створаныя на карысць усіх грамадзян і “паспалітага дабра”.

На падставе ідэй Ф.Скарыны Андрэй Волан распрацаваў уласную канцэпцыю свабоды чалавека, адзначаючы, што прырода надзяліла чалавека найвялікшымі каштоўнасцямі, але “найбольшай каштоўнасцю, бадай, ёсць свабода” і падкрэсліваў, што “…для дзяржавы няма нічога важнейшага і нічога карыснейшага за свабоду” [4, с.12]. Дзяржава, як страж супольнай свабоды, дзеля захавання яе ўстанаўлівае законы, бо ва ўмовах беззаконнасці “чалавечае жыццё з’яўляецца жабрацкім і рабскім”, а чалавечае грамадства не можа быць даўгавечным і трывалым. Адначасова А.Волан перакананы, што законы, устаноўленыя насуперак правільнаму суджэнню розуму, недаўгавечныя, бо яны пастаянна будуць выклікаць усеагульную незадаволенасць грамадзян і могуць прывесці да народнага паўстання.

З неабходнасці ўсямернай абароны свабоды чалавека Волан выводзіў натуральную функцыю права, якая заключаецца ў падаўленні ганебных інстынктаў людзей і справядлівым рэгуляванні грамадаскіх адносін. У цэлым права, на яго думку, павінна стаяць на абароне агульнай справядлівасці і павінна адпавядаць тром прынцыпам – быць справядлівым, выступаць гарантам свабоды і роўнасці, быць разумным. З апошняга тэзіса выцякала неабходнасць пастаяннага ўдасканалення заканадаўства. Волан падкрэсліваў, што ніякае грамадства, ніякая грамадзянская супольнасць, ніякі мір і спакой паміж людзьмі не могуць існаваць без законаў і ўвогуле “дабрадзейства свабоды залежыць ад правільнага і ўпарадкаванага заканадаўства” [4, с.96].

Такім чынам, свабода пераважна разумелася ім як свабода прававая, як забеспячэнне законам ўсеагульнай згоды і міру ў дзяржаве, абароны асабістай бяспекі чалавека і яго маёмасці. Ён падкрэсліваў, што чалавеку ў дзяржаве “не павінны пагражаць самавольства, гвалт і забойства, а яго скарбу і майну – грабеж і разарэнне“ [4, с.96]. Таму ён лічыў, што гарантаваная законам абарона асабістых і маёмасных правоў чалавека з’яўляецца падставай жыццяздольнасці самой дзяржавы. Менавіта ў той дзяржаве, дзе жыццё людзей аберагаецца і ахоўваецца ад насілля і ўсялякай несправядлівасці, а маёмасць ад грабяжу, грамадская супольнасць аказваеца “цэльнай і здаровай, а слаўнае і прыгожае імя “свабода” застаецца непарушнай і трывалай” [4, с.96].

Адначасова Волан адзначаў, што свабода не азначае ўседазволенасці. На яго погляд, свабода кожнага будзе забяспечана дастаткова, калі законы ў грамадстве прымусяць людзей жыць так, каб ніхто нікому не шкодзіў. Менавіта законы прызначаны служыць апорай свабоды і яны “забяспечваюць цэласць і непарушнасьць грамадзянскай свабоды і ствараюць умовы для агульнага дабрабыту, пры якім кожны адчувае сябе абароненым ад ліхадзейства” [4, с.86-87]. Пры гэтым ён звяртаў увагу на тое, што залішняя чалавечая раскоша можа запляміць прыгожае імя свабоды і таму дзяржава павінна ствараць законы, якія перакрыюць усе крыніцы сілкавання злашчаснай раскошы і ўрэшце ліквідуюць.

У творах А.Волана адным з вельмі важных меркаванняў з’яўляецца думка аб неабходнасці развіцця навукі. А.Волан акцэнте ўвагу на тым, што без развіцця навукі ўвогуле не можа быць ніякай надзеі “што калі-небудзь настане дабрабыт дзяржавы і шчасце грамадзян” [4, с.87].

Не адмаўляючы думку належнага рэфармавання грамадскіх адносінам, мысліцель адначасова ганарыўся сваёй дзяржавай і існуючымі у ёй парадкамі. Так, параўноўваючы грамадска-палітычны лад Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай, у якой, на яго думку, “адсутнічае свабода і тыран правіць па сваёй прыхамаці, а законам лічыць усё тое, што захочуць яго распаленыя мазгі”, ён піша: “Наш народ забяспечыў сабе мір і агульную свабоду болей удумліва. Ён абмежаваў караля рамкамі законаў, каб ён не насмеліўся замысліць нешта супроць грамадзян ці мог паквапіцца на іхнюю маёмасць” [4, с.46]. З гонарам за сваю айчыну ён адзначаў таксама, што “шляхта ў нашым грамадстве мае намнога большую свабоду, чым нобілі іншых народаў” [4, с.46].

У творах А.Волана, а таксама многіх іншых прагрэсіўных беларускіх мысліцеляў XVI ст. усё актыўней абгрунтоўваецца ідэя, што закон толькі тады можа гарантаваць свабоду, калі ён накіраваны на абарону ўсіх людзей – жыхароў дзяржавы. Усё большае пашырэнне атрымлівае ідэя роўнасці перад законам як істотнага элемента свабоды асобы, а таксама ідэя свабоды як важнейшай уласцівасці чалавечай прыроды, што потым і знайшло адлюстраванне у законах, напрыклад, у арт.9 першага раздзела Статута 1529 года. Менавіта з прыняццем гэтага першага сістэматызаванага звода законаў адбылося канчатковае афармленне правоў і свобод шляхты. Пры гэтым, нягледзячы на феадальную рэчаіснасць, закон гаварыў аб правах усіх людзей. Так, у арт. 7 трэцяга раздзела ад імя вялікага князя гаварылася: "Шлюбуем своею парсунаю господарскою, иж всю шляхту княжата и паны хоруговные, и вси бояре посполитые, и мещане, и их людей заховати при слободах и вольностях, от предков наших и тэж от нас данных им" [5, с.47].

Паступова правы шляхты, якая складала ў Вялікім Княстве Літоўскім больш за 10% насельніцтва, павялічваюцца. Так, на Бельскім сойме 1564 года шляхта дамаглася прыняцця прывiлея, ў якім гаварылася, што ўсе жыхары дзяржавы, пачынаючы з вялiкага князя i да нiжэйшых саслоўяў, як духоўных так i свецкiх, павiнны ўжываць адно роўнае права і судзiцца ў аднолькавых судах. Дэкларавалася, што ўсе яны заслугоўваюць быць годнымi ўсялякiх вольнасцяў i справядлiвасцi, якія стануць падставай умацавання дзяржавы [6, с.47].

У 1565 годзе на сойме ў Вільні быў прыняты яшчэ адзін прывілей, у якім вялікі князь прама пазначыў, што гэты закон выдаецца па просьбах і чалабітных «усіх станаў… для способу лепшого и отправы поспешнейшое в справедливости людской» [6, с.47]. Пачынаўся ён, як і многія іншыя нарматыўныя акты дзяржавы, са зварота: “нынешним и на потом будучим, кому будеть потреба того ведати, альбо чтути его слышети” [6, с.47]. Гэта значыць, што заканадаўцы асэнсоўвалі вялікае значэнне гэтага прававога акта і таму звярталіся не толькі да сучаснікаў, але і да нашчадкаў. Асноўная сутнасць гэтага нарматыўнага акта была ў тым, што ад імя вялікага князя дазвалялася мець “сойм малы” у тых мясцовасцях, дзе ўжо былі “вряды судовыя засожаны”, а таксама і там, дзе яны яшчэ будуць заснаваны. Гэта азначала, што ў кожным павеце дзяржавы будзе дзейнічаць агульны сход шляхты – “сойм малы” дзеля дзяржаўных патрэб, у тым ліку для абмеркавання розных важных пытанняў з мэтай «радити, обмовляти и обмышляти, о чом им от нас Господаря ознаймено будет”, а таксама для абрання дэпутатаў (паслоў) на агульнадзяржаўны сойм [6, с.48].

Дакументальна-прававы матэрыял Вялікага Княства Літоўскага сведчыць, што з 1511 г. укараняецца нават практыка склікаць шляхту некалькіх паветаў на агульныя сходы – соймікі. Аднак асабліва актыўна яны пачалі збірацца толькі ў другой палове ХVI ст., асабліва пасля прыняцця Бельскай граматы. Напрыклад, такі сход, на якім былі абраны кандыдаты на судовыя пасады, адбыўся ў 1564 г. у Менску. Прыняцце ж Вiленскага прывiлея 1565 г. узаконіла і ўпарадкавала соймікавую дзейнасць. Парламентарызм, які зараджаўся ў дзяржаве на працягу другой паловы ХV –першай паловы ХVI ст.ст., набыў заканадаўчае замацаванне і пэўную нарматыўную рэгламентацыю. Увогуле прывілей 1565 года, які стаў потым складовай часткай Статута 1566 года, стаў вельмі значным этапам у развіцці грамадска-палітычных адносін і павелічэнні правоў шляхецкага саслоўя.

Пры дапамозе соймікаў, якія сталі палітычнымі і прадстаўнічымі органамі шляхты, мясцовае насельніцтва адстойвала свае інтарэсы перад цэнтральнымі органамі дзяржавы. На павятовых сойміках, якія склікаліся ў галоўных павятовых гарадах штогод або некалькі разоў на год і на якіх мелі права прысутнічаць усе шляхцічы дадзенага павета, разглядаліся разнастайныя пытанні агульна­дзяржаўнага і мясцовага значэння, выбіраліся кандыдаты на судовыя і іншыя пасады, вызначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета і г.д. На спецыяльных перадсоймавых сойміках выбіраліся дэпутаты на вальны сойм дзяржавы, выпрацоўваліся інструкцыі і наказы дэпутатам, хадайніцтвы да вялікага князя і рады. Пасля таго, як адбыўся агульнадзяржаўны сойм, на сойміках слухаліся справаздачы дэпутатаў і іх інфармацыя аб дзяржаўных падзеях і прынятых на сойме рашэннях і заканадаўчых актах, вызначаліся неабходныя мерапрыемствы па рэалізацыі соймавых рашэнняў. Дзейнасць соймікаў у значнай ступені была накіравана і на абмежаванне ўлады манарха. Хоць іншыя прадстаўнікі свабоднага насельніцтва (мяшчане, сяляне, татары, яўрэі) не ўдзельнічалі ў сойміках і пасяджэннях соймаў, аднак маглі заяўляць на соймах аб сваіх патрэбах, што пазней дакладна рэгламентавалася Статутам 1588 года.

На працягу XVI - XVIII ст. ў складзе Рэчы Паспалітай адбываецца ўсё большая сацыяльна-саслоўная палярызацыя грамадства. Шляхта набыла выключныя правы і свабоды, што дало даследчыкам падставы лічыць гэтую дзяржаву «шляхецкай нацыяй» [7, c.77]. Ужо ў XVI ст. паміж шляхтай і кожным новым каралём перад яго выбарамі заключалася спецыяльная дамова – “Рacta conventa”, якая вызначала канкрэтныя абавязкі новаабранага манарха. Адначасова былі прыняты і “Генрыхавы артыкулы”, у якіх рэгламентаваліся прынцыпы існавання шля­хецкай дзяржаўнасці і шляхецкай вольнасці. Законы абавязалі манарха прызнаваць яго вольныя выбары, захоўваць існуючы грамадска-палітычны лад, рэлігійны мір, не вырашаць пытанняў вайны і міру без згоды сената і сойма, склікаць сойм кожныя два гады і г.д. Яны прадугледжвалі магчымасць правядзення надзвычайных з’ездаў шляхты. «Генрыхавы артыкулы» уключалі нават палажэнне аб тым, што калі шляхта палічыла, што яе правы парушаюцца, яна магла адмовіцца падпарадкоўвацца каралю.

На падставе гэтага ў Рэчы Паспалітай паступова і ўзнікла канцэпцыя “залатой шляхецкай вольнасці”, галоўнымі з якіх з’яўляліся роўнасць ўсіх шляхцічаў перад законам, недатыкальнасць асобы, права на свабодныя выбары караля, права свабоду голасу, а таксама права на пратэст. Самай характэрнай рысай “шляхецкай дэмакратыі” стала права на канфедэрацыі. А між тым многія яснавяльможныя паны, якія выступалі на баку той ці іншай палітычнай групоўкі, мелі прыватную армію, якая часам была мацнейшая за дзяржаўныя вайсковыя фарміраванні. Наяўнасць гэтых феадальных армій станавілася падставай да дэцэнтралізацыі ўлады і паглыблення палітычнай анархіі ў Рэчы Паспалітай. Аб гэтым сведчаць шматлікія канфедэрацыі, а то і рокашы, якія паўставалі ў Рэчы Паспалітай шмат разоў на працягу XVII ст. – XVIII ст.ст., прычым не толькі з мэтай бунту супраць манарха і дасягнення сваіх патрабаванняў, але і для яго падтрымкі.

З цягам часу “залатыя вольнасці” набылі абсалютны характар і ўспрымаліся як аснова ўзаемаадносін паміж шляхтай і дзяржавай. Іх маглі абмежаваць толькі пастановы соймаў і соймікаў, аднак яны прымаліся той самай шляхтай. Пры гэтым існуючая дзяржаўная сістэма ўяўлялася шляхце самай дасканалай, а кожная спроба нешта змяніць успрымалася як імкненне да дыктатуры і замах на шляхецкія прывілеі і вольнасці. Найлепшым сродкам прадухілення замахаў на вольнасці шляхты стала права liberum veto, якое фактычна вяло да бяссілля сейма [8, c.212]. Існаванне liberum veto шляхта абгрунтоўвала тым, што ў зваротным выпадку, калі б рашэнні на сойме прымаліся болыпасцю галасоў, «мноства горшых пераважыла б над меншасцю лепшых» і таму дзяржава зазнала б яшчэ большыя шкоды. Вельмі хутка гэтым правам шляхта стала злоўжываць. Так, пачынаючы з 1652 г., фактычна болыш за палову соймаў было сарвана, што і выявіла пэўную хваробу шляхецкага парламентарызму.

Шляхецкая дэмакратыя у Рэчы Паспалітай паступова пераўтварылася у магнатскую алігархію. Бязладдзе падточвала і без таго слабую дзяржаву, што і выкарысталі суседнія дзяржавы. У канцы XVIII ст. у выніку трох падзелаў тэрыторыі Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй гэтая дзяржава з яе «залатымі шляхецкімі вольнасцямі» перастала існаваць.



Літаратура

1. Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. Давед. – Мінск: БелСЭ. 1988. – 376 с.

2. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Беларус. Сав. Энцыкл.; Рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 573 с.

3. Доўнар Т. І. Андрэй Волан (Валян) – беларускі філосаф і правазнаўца ХVI стагоддзя // Юстыцыя Беларусі. 2012, № 8. – С.75-77.

4. Волян А. Аб грамадзянскай або палітычнай свабодзе / А.Волян; пер. З лац. Ул.Шатона. – Мінск : Зміцер Колас, 2009. – 142 с.

5. Статут Великого Княжества Литовского 1529 года. – Минск: Издательство Академии наук БССР, 1960. – 254 с

6. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т.І. Доўнар, У.М. Сатолін, Я.А. Юхо; рэдкал. Т.І. Доўнар [і інш.]. – Мінск: Тэсей, 2003. – 352 с.

7. Галечанка, Г. Развіццё шляхецкай дэмакратыі ў Вялікім княстве Літоўскім у ХVІ–ХVІІІ ст. / Г. Галечанка, пер. з рускай А. Шаланда // Герольд Litherland. – 2001. - №3. – С. 85-102.



8. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб.дапам. – Мінск: Універсітэцкае, 1992. – 270 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка