Заняткі этнаграфічнага гуртка Беларускі ручнік у вясковым побыце Спектакль "Я сваю долю, як ручнічок, сатку "




Дата канвертавання13.05.2016
Памер59.2 Kb.
Заняткі этнаграфічнага гуртка

Беларускі ручнік у вясковым побыце

Спектакль
"Я сваю долю, як ручнічок, сатку..."

Аўтар: Кухарэвіч Л.І. (кіраўнік гуртка)
Уступ
Вядучы:

Пасылала маці ў поле,

Каб я лён густы палола,

Ды на росы рассцілала.

А памяўшы - патрапаўшы,

Доўга грэбнямі часала,

Воўну крэпкую я прала

Кросны ў хаце расстаўляла.

Доўга кросны мы снавалі

Да ўзоры выбіралі.

Стала ручнікі я ткаць -

Сваю долечку складаць.

Вось тут кветка,

Гэта - птушка.

"Будзь шчаслівая, дачушка, -

Кажа мама і бабуля, -

Хай цябе Бог уратуе.

Хай пашле жыццё багата,

Хай у дастатку будзе хата,

Ручнічок ты свой шануй

І нікому не даруй.

Хай ён будзе ў тваёй хаце,

Гора ты не будзеш знаці -

Гэта ведаць усім трэба:

У ім саюз зямлі і неба!"
Дзеючыя асобы: маці Яніна, бацька  Янук, дачка Марыся, дзед Антось, бабуля Юзэфа.
Дзея адбываецца ў вясковай хаце.

Яніна падмятае хату. Марыся прыхарошвае чырвоны кут, Антось пляце кошык, Юзэфа вяжа ці кручком ці спіцамі.

Юзэфа: А што, унучка, тыя закончылі ткаць,  ты ў куфар склала?

Марыся: Склала, бабценька, склала. Ды яшчэ скрутак лёну тканага туды паклала. Думаю, што тату і дзядулю добрыя будуць кашулі. Мамачка, пашыем ім на Вяльканац?

Яніна: Абавязкова, дачушка пашыю, вось толькі ўпраўлюся па гаспадарцы і займуся.

Юзэфа: Можа, што трэба дапамагчы? Ты скажы, я - хуценька.

Марыся: І я мамцы дапамагу.

Яніна: Рабіце вы кожны сваю справу, я абыдуся без вас.

Дзед Антось: (Адарваўся ад работы, глядзіць на Марысю і гаворыць жонцы) Глянь ты, Юзэфа, як скора наша ўнучка падрасла, ужо сапраўдная навеста. Хоць сёння замуж аддавай.

Марыся: Чым я цябе, дзядулька, угнявіла, што хутчэй ад мяне хочаш пазбавіцца?

Бабуля Юзэфа: А што, унучка, калі багаты ды разумны хлапец пасватаецца да цябе,  можа пойдзеш за яго замуж? І ручнікі, і дываны мы табе ў прыданае ўжо выткалі.

Марыся: Бабулечка, мне ў роднай хатцы хораша, не хочацца ісці ў чужую, да ўсяго чужога прывыкаць.

Яніна: Але ж прыдзецца, не будзеш жа ты дзеўкай-векавухай. Гэта ж і нам, бацькам, не гонар. Усе дзяўчаты ідуць, такі ўжо лёс дзявочы.

Дзед Антось: А прызнайся, Марыська, з кім ты гэта ўчора  каля веснічак да апоўначыстаяла? Бачыя я, бачыў, бо хадзіў каня перавязваць. Ці не гэта Васіль Пазлевічавы?

Марыся: Дык ён мяне пасля танцаў дамоў прапусціў. Толькі і ўсяго. Пра вяселле мы нічога пакуль не гаварылі. Але ні за кога другога я замуж не збіраюся.

Яніна: Дачушка, твой жа Васіль-голь перакатная, будзеш ты бедная за ім. А мне не хочацца аддаваць сваю адзіную дачку за бедняка-галадранца. Ды і гультай ён: ні школы не закончыў, як усе, ні далей не вучыўся, аціраецца каля бацькі.

Марыся: А вот і не! У Васіля любая работа спорыцца ў руках. Ён усё ўмее рабіць: і хату пабудуе, і па гаспадарцы ўсё зробіць, бо самы старэйшы ў сям'і, вось і прышлося яму ісці бацьку дапамагаць, ды і маці ў іх часта хварэе.. але ж прасці і ткаць - яна такая майстрыха! Вачэй не адарвеш! Ручнікі і дываны ў яе з Вільні прыязджалі купляць.

Яніна: Добра, добра, дачушка. Не буду я станавіцца ў  тваім жыцці ўпоперак дарогі. Раз любіш свайго васіля - беражы сваё шчасце.

Бабуля Юзэфа: Унучачка, і ў нашым куфры ёсць поўна ўсяго, што трэба для твайго замужжа. І я, і твая мама многа ўсяго наткалі. Калі хочаш можаш паглядзець!

Марыся: Давайце! А то ён усё пад замком ды пад замком.

Дзед Антось: (Усміхаецца) Там твая бабуля Юзэфа залатнікі хавае, што ёй у спадчыну ад дзядоў дасталіся.

Марыся: Вось што? Дык вы, аказваецца, бабуля і дзядуля, багаценькія?

(Усе смяюцца)

Дзед Антось: Ладна, давайце я вам адчыню куфар, разглядайце ды на вус матайце. А мне трэба ў дрывотню па дровы ісці ды лазню для лёну выпаліць.

Бабуля Юзэфа: (Адкрывае куфар) Паглянь, Марыся!

Марыся: Ой, колькі ўсяго! А ручнікоў! А дываноў!

Яніна: Вось гэты цененькі вышываны ды з карункамі ручнік павесіш, Марыська, у сваёй новай хаце на покуці; гэтым - будзеце выцірацца, бо ён такі мякенькі, я сама яму каруначкі дарабляла, а вось гэтым ручніком прыгожым, яшчэ бабуля ткала, сватоў сустрэнеш, ды хлеба  - гарэлкі, калі будзе згодна дасі з сабой. Гэтым ручніком, тканым птушкамі, кветкамі, вышытым і з карункамі перавяжаш сватоў на вяселлі, іх у цябе аж 5 ёсць, адзін пад ногі маладым падсцеляць у царкве падчас вянчання. Вы на яго станеце, а потым будзеце захоўваць аж да самай смерці. Гэты, з шэрага лёну і з карункамі прадназначаны дзіцятка абціраць у час адведак. Ды ўсю радню, якая там збярэцца, каб малое не сурочылі.

Марыся: (Смяецца) калі яшчэ гэта будзе! Мамачка, а мае ручнікі, што я сама наткала, куды іх падзець?

Бабуля Юзэфа: А свае ручнікі, як  пераедзеш да маладога, вывесіш у двары ды дываноў таксама павесіш. Хай жанчыны - суседкі падзівяцца ды пахваляць маладзічку.

Марыся: Вы так усе гаворыце нібы мяне ўжо замуж аддалі!

(Смяюцца)

Бабуля Юзэфа: А хто ж ведае?!

Марыся: Бабуля, а вунь той ручнік, чаму ён асобна неяк ляжыць?

Бабуля Юзэфа: А гэта, дзеткі, іой. Як мяне будзеце лажыць у дамавіну, то тады ім упрыгожыце.

Марыся: Які ён доўгі!

Бабуля Юзэфа: Ёсць яшчэ даўжэйшыя! Мая бабця расказвала, а ёй - яе  пра выпадак, калі даўжэзны ручнік  выратаваў жыццё  людзям цэлай вёскі.

Марыся: Ой, як цікава! Бабулечка, раскажы, калі ласка!

Бабуля Юзэфа: Ды я тваёй маме раказвала... Так і быць, раскажу табе. Хадзіла тады страшная хвароба  халера па ўсіх вёсках. Прыйшла яна і да бабраўнік. Сталі людзі мёрці, як мухі, і жывёла таксама. Вось адной з іх прысніўся сон: адзетая ў цёмнае нейкая жанчына ёй гаворыць: сабярыцеся вы ўсе: старыя і маладыя ды за адну ноч сатчыце вялізны ручнік, толькі тчыце маўчком, потым, молячыся, абыдзіце ўсю вёску, ля скрыжавання гэты ручнік спаліце. Толькі маліцца не пераставайце, аж пакуль не згарыць. Хвароба тады адыйдзе. Вось толькі як  канчала полымя гарэць, людзі заўважылі нейкую чорную страшную жанчыну, якая паднялася з зямлі каля кастра ды пабегла ў лес. Болей яе не бачылі тут.Марыся: Як гэта страшна! Давай бабуля пра смерць кінем гаварыць, лепш будзем пра вяселле!

Бабуля Юзэфа: Што ж, дзеткі, усяму - сваё. Мне - таксама.

(Заходзіць бацька Янук)

Янук: Ну, жанчыны, хачу вам нешта сказаць цікавае.

Усе: Што?

Янук: Рыхтуйцеся, сёння ўвечары Васіль сватаў да нашай Марысі засылае, мне толькі што цішком перадалі, каб мы не ўпалі ў гразь тварам ды былі гатовыя. Ну, там талеркі - міскі, яда - піццё ды гарбуз.

Марыся: А гарбуз нашто?

Янук: Так яшчэ па-даўнейшаму вядзецца: калі дзеўка не згодна ісці замуж,  - дык выносіць на стол гарбуз.

Марыся: А калі згодная?

Янук: Тады прымае гарэлку ад сватоў, дадае сваю ды закусь ставіць, а сама ў камору хаваецца, прыхарошваецца, каб потым у канцы перагавораў выйсці да сватоў.

Яніна: Ну, што ж. Мы, як у ваду глядзелі, сёння разгаварыліся якраз пра вяселле.

Бабуля Юзэфа: Давайце, дачка і ўнучка, наводзіць парадкі ў хаце ды да сустрэчы гасцей рыхтавацца. Бо час праляціць хутка.

Марыся: (Сядзіць, закрыўшы  твар рукой) А мне ж Васіль нічога і не сказаў!

Яніна: Ды, вядома, каб не спужаць. Ты, дзеткі, не хвалюйся, будзе, як найлепш. Сама ж казала,  што любіш Васіля і толькі за яго пойдзеш замуж?

Марыся: Так, мамачка і бабулька, але неяк страшнавата. Як прымуць мяне ягоныя бацькі?

Бабуля Юзэфа: Добрыя яны людзі, спакойныя, спагадлівыя. А ты будзь крыху хітрэйшая. Бо нездарма ж у нас ёсць такая прыказка "Ласкавае цялятка дзве маткі ссе". Будзь добрай - на дабро кожны чалавек адзываецца.

Янук: Годзе гаварыць! Пара ўжо справамі заняцца.

Яніна: Добра. Яначка, я ўсё пастараюся зрабіць як найлепш.

Бабуля Юзэфа: Дастань ручнік для сватоў, Марыська!

Марыся: Дастаю! (Разглядае і гаворыць) Эх, жыццё  маё дзявоцкае, шчаслівае ды ласкавае, бывай! Так і хочацца праспяваць тую песню, што бабуля навучыла.

Запявае: "Мела матуля аднаго сына, яна маладзенькага дай ажаніла..."



(Збіраюцца ўсе дзеючыя асобы, выходзяць дзяўчаты, пяюць).

У канцы - занавес.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка