Заняткі 1 “Звіні, мая светлая родная мова!”




Дата канвертавання03.05.2016
Памер121.21 Kb.
Заняткі 1

Звіні, мая светлая родная мова!”


Заданы далучаць дзяцей да духоўных скарбаў свайго народа; фарміраваць цікавасць і павагу да роднага слова, беларускай мовы як актыўнага сродку патрыятычнага і нацыянальнага выхавання.

Падрыхтоўчая работа. Вучні падбіраюць вершы, апавяданні, легенды, прыказкі аб мове.

Прыкладныя этапы літаратурна-музычнай кампазіцыі


Першы этап. “Рэспубліка Беларусь”
Дзеці адказваюць на пытанні як называюць нашу краіну, яе жыхароў? Чым славіцца Рэспубліка Беларусь? Затым вучні чытаюць верш М. Пазнякова “Беларусь”.
1-ы чытальнік.

Усяму вядомы свету

Наш руплівы край здавён.

Тут на сонечных палетках

Спеюць бульба, жыта, лён...

2-і чытальнік.

Тут Дняпро бяжыць прывольна,

Сож, Бярэзіна, Дзвіна,

Прыпяць, Шчара, Свіслач, Неман,

Вілля, Піна, Буг, Дзісна...

3-і чытальнік.

Тут крыштальныя азёры –

Нарач, Свіслач, Снуды, Свір...

Полацк – наш найпершы горад,

Віцебск, Тураў, Кобрын, Мір...

4-ы чытальнік.

Тут умельцы вырабляюць

Слаўны трактар "Беларусь".

Тут ствараюцца БелАЗы –

Трохсоттонны везці груз...

5-ы чытальнік.

Тут сыны ляцяцьу космас,

Песні матчыны пяюць.

Гэты край наш найдзівосны

Беларуссю ўсе завуць.
Настаўнік нагадвае некаторыя гістарычныя звесткі аб мове: беларуская мова, як і мова суседзяў — украінцаў і рускіх, пачала складвацца яшчэ ў XIII стагоддзі. У Вялікім княстве Літоўскім (XV–XVI стст.) беларуская мова была дзяржаўнай. На ей вяліся справаводства, судаводства, дыпламатычная перапіска і да т. п.
Другі этап. Роднага слова гаючая сіла
Гучыць песня “У бацькоўскім кутку” (словы Н. Плевіча, музыка I. Лучанка).

Вучні абмяркоўваюць адказы на пытанні.

Чаму мову называюць душой народа, найвялікшым нацыянальным скарбам?

Як разумець выраз “пакуль жыве мова, жыве і народ”?

Ці можна пагадзіцца з меркаваннем Л. М. Талстога "Мова – гэта сродак мыслення. Абыходзіца з мовай абы-як – значыць і мысліць абы-як недакладна, прыблізна, няправільна”?

Як вы ставіцеся да наказу Цёткі (Э. Пашкевіч) "На вас – моладзі – ляжыць вялікая павіннасць развіваць далей родную мову”? Адказы каментуюцца.


Трэці этап. “Волаты слова народнага”
Настаўнік прадстаўляе літаратуру аб нашых вядомых паэтах і пісьменніках, такіх, як Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Лынькоў і інш., і іхтворы. Дзеці расказваюць аб гэтых пісьменніках, іх стаўленні да мовы. Напрыклад Якуб Колас “Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаем жыццё і навакольны свет. Вось чаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры”.
У любімай мове, роднай, наскай,

Ах, якія словы "Калі ласка!.."

Як звіняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё ідуць са мною...

– Калі ласка! – нашай роднай мовы

Шчырыя і ветлівыя словы.

Пятрусь Броўка
Чацвёрты этап. “Беларускае слова”
Праводзіцца гульня “Назаві слова”.
Вядоўца.

Як цудоўна гэта, дзеці,

Што ёсць літары на свеце –

Зычныя, галосныя!

Да адной адну дадаць –

Можна словы з іх складаць –

Смешныя, сур’ёзныя!

Слова – ты,

Слова – я,

Пачынаецца гульня.

Вучань, на якога паказаў Вядоўца, называе слова, наступны вучань называе слова, што пачынаецца з літары, якой заканчваецца папярэдняе. I г. д.
Пяты этап. “Ты мой боль святы, Беларусь мая”
Чытаюцца ўрыўкі з вершаў аб Беларусі, аб яе мове Г. Бураўкіна, Л. Геніюш, X. Чэрні.

1-ы чытальнік.

Слова наша роднае, хапала

На стагоддзі доўгія цябе.

Багдановіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе.

2-і чытальнік.

Мова продкаў нашых

і нашчадкаў –

Шэпт дубровы і пчаліны звон, –

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён.



3-і чытальнік.

Вучаць у школе замежныя мовы

Дзеці. А я з хваляваннем жыву

Як бы яны не забыліся словы

Тыя, што родную зораць канву.

4-ы чытальнік.

Адзінай мэты не зракуся,

I сэрца мне не задрыжыць!

Як жыць – дык жыць для Беларусі,

А без яе – зусім не жыць!

Гучыць песня “Мой родны кут” (сл. Я. Коласа, муз. I. Лучанка).


Парады арганізатарам:


  1. Максімальна ўключыце дзяцей у падрыхтоўку літаратурна-музычнай кампазіцыі.

  2. З мэтай актывізацыі маўленчай дзейнасці размяркуйце матэрыял так, каб кожны з вучняў пабываў у ролі чытальніка.

  3. Правядзіце падрыхтоўчую работу так, каб вучні зразумелі, што мова – гэта духоўны скарб народа.


Заняткі 2. Чароўны куфэрак
Заданы дапамагаць дзецям у спасціжэнні светапогляду і душы народа, яго гумару, таленавітасці і майстэрства; выхоўваць патрыятызм.

Падрыхтоўчая работа. Клас дзеліцца натворчыя мікракалектывы. Кожнаму з іх даручаецца даследаваць выслоўі, скорагаворкі, загадкі-жарты, забаўлянкі, прымаўкі і прыказкі, загадкі і г. д.

Прыкладныя этапы заняткаў


Першы этап. “Легенды і паданні”
Вядоўца. Увага! Знойдзены чароўны куфэрак! У куфэрку забытыя паданні, казкі, розныя пацешкі, забаўлянкі, народныя гульні, жарты і г. д. Ці адкрываць куфэрак?

Вучань. Адкрываць!

Вядоўца. А з чаго пачынаць?

Вучань. З легенд і паданняў!

Даецца слова мікракалектыву, які рыхтаваў легенды і паданні. Дзеці ўзгадваюць адну-дзве легенды пра паходжанне бусла, зязюлькі; расказваюць, адкуль пайшлі беларусы і інш.


Другі этап. “Жарты, анекдоты, гумарэскі”
Вядоўца. Беларусь! – народ кемлівы, таленавіты, які любіць і цэніць гумар. Не верыце? Слухайце.

Даецца слова мікракалектыву, які знаёміць дзяцей з сабранымі гумарэскамі-жартамі. Напрыклад



Залаты век

– Калі быў залаты век?

– Тады, калі людзі не ведалі золата.
Дзіва

– Гэта дзіва, як тыя вучоныя ўсё ведаюць, нават зацьменне сонца могуць прадказаць.

– Вось дзіва! Гэтак і я патраплю, бо пра зацьменні з кожнага календара можна даведацца.

Яшчэ не выпілі

Маці. Ты змяніла ваду рыбкам у акварыуме?

Дачка. Не, яны яшчэ не выпілі тую, што я ім учора наліла. I г. д.
Трэці этап. “Скорагаворкі”
Праводзіцца конкурс “Лепшы гаварун”, удзельнікі якога чытаюць скорагаворкі тыпу
Пекар Пётр пёк пірагі.

Ткач тчэ тканіну на хустку Антаніне.

Не любіла Міла мыла, мама Мілу мыла мылам.

Ехаў грэка цераз рэку,

бачыць грэка — ў рацэ рак,

ўсунуў грэка руку ў рэку,

рак за руку грэку — цап!
Вядоўца. Да скорагаворак блізкія выслоўі. Нагадайце, калі ласка, іх нам!
Аднак жа, як свінню ні кліч,

Яе заўсёды выдасць лыч.



(К. Крапіва.)
Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы.
Чацвёрты этап. “Забаўлянкі”
Вучні знаёмяць прысутных з забаўлянкамі, якія сабралі. Напрыклад:

Ішоў бай пасцяне

У чырвоным каптане.

Нёс ён торбу на спіне.

Што у торбе, тое мне.
Кую, кую ножку,

Паедзем ў дарожку,

Дарожка крывая,

Кабылка сляпая

Зачапілася за пень,

Прастаяла цэлы дзень. I інш.


Пяты этап. “Загадкі-жарты”
Мікракалектыў знаёміць з загадкамі-жартамі, запрашае прысутных пры-няць удзел у іх адгадванні
На якое пытанне нельга даць сцвярджальны адказ? (Ты спіш?)

Сын майго бацькі, але мне не брат. (Ты сам.)

Што знаходзіцца пасярэдзіне Волгі? (Літара"л".)

У бацькі тры сыны. А ў кожнага сына — сястра. Колькі ў бацькі дзяцей? (Чацвёра.)

Якое ласкавае імя хлопчыка расце ў жыце? (Васілёк.)

Чатырма літарамі напішы выраз “сухая трава”. (Сена.)


Шосты этап. “Прыказкі і прымаўкі”
Удзельнікі творчай групы нагадваюць прыказкі і прымаўкі, а заканчваць іх даюць магчымасць дзецям. Напрыклад

Родная зямелька як зморанаму... (пасцелька).

Родная зямля мякчэйшая за чужую... (пярыну).

Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай... (крыніцы).

Усюды добра, а дома... (найлепш).
Сёмы этап. “Вітанкі і зычэнні”
Удзельнікі творчых труп звяртаюцца адзін да аднаго са словамі вітання і зычання на роднай мове. Напрыклад, “Добры дзень вам!”, “Дзень добры ў хату!”, “Добрага ранку!”, “З панядзелкам вас (аўторкам і г. д.)!”, “Здаро-венькі былі!”, “Мае вам шанаванне!”, “Будзьце жывы, здаровы!”, “Жывіце з богам”, “Будзьце жывенькі, здаро-венькі!”, “Каб вам вялося!”, “Лавіся, рыбка, малая і вялікая!”, “Сакалінага лёту!”, “У добры час!”, “Удачы!”, “Шчасліва!”, “Час добры на дарогу!”, “У добры час кажучы” і інш.

Восьмы этап. “Гульні”
Вядоўца абвяшчае, што ў куфэрку засталіся народныя гульні. Звяртаецца да класа з пытаннем хто ведае, у якія гульні гулялі бабулі, дзядулі, а то і прабабулі, і прадзядулі? Прапануе арганізаваць гульню. Калі нічога не атрымліваецца, арганізуе сам. Гэта могуць быць гульні “У краскі”, “Сляпы музыка” і інш.
Дзевяты этап. “Матуліна казка”
На гэтым этапе кожны з вучняў павінен успомніць беларускую казку, якую яму расказвалі ў дзяцінстве. Мікрака-лектыў, члены якога рыхтавалі казкі, могуць прачытаць адну з іх па ролях ці падрыхтаваць інсцэніроўку беларус-кай казкі, напрыклад, "Лёгкі хлеб".

Парады арганізатарам



  1. Правядзіце заняткі так, каб дзеці зразумелі, што паданні, забаўлянкі, жарты і да т. п. – духоўны скарб народа.

  2. Заняткі правядзіце няспешна, размеркаваўшы матэрыял на некалькі дзён.

  3. Да падрыхтоўкі заняткаў абавязкова падключыце бацькоў.


Заняткі 3. Па гарадах Беларусі
Задачы выхоўваць пачуццё любові да родных мясцін, гордасць за сваю Айчыну.

Падрыхтоўчая работа. Вучні разам з бацькамі шукаюць матэрыялы аб гарадах Беларусі, паданні аб іх назвах.

Прыкладныя этапы вандроўкі


Першы этап. “Рэбусны прыпынак”
Настаўнік прапануе дзецям ад-правіцца ў вандроўку па гарадах краіны. Першы прыпынак – “Рэбусы”.

На дошцы вісіць карта Беларусі. Педагог паказвае карткі з зашыфраванымі назвамі гарадоў (Мінск, Брэст, Бяроза і інш.). Вучні вызначаюць, назва якога горада зашыфравана на картцы, паказваюць тэты горад на карце, адказваюць на пытанні што вы ведаеце аб горадзе? Гэта абласны ці раённы цэнтр, як называюць яго жыхароў? Якія гістарычныя помнікі знаходзяцца там? Ці былі вы ў гэтым горадзе? Што бачылі?


Другі этап. “Берасцейшчына”
На прыпынку пад назвай “Берасцейшчына” дзеці расказваюць пра Брэст і Брэстчыну.

Настаўнік абагульняе звесткі школьнікаў: Берасцейшчына з’яўляецца адной з найцікавейшых мясцін Беларусі. Займаючы 15,6 % плошчы Рэспублікі Беларусь, Берасцейшчына ўвабрала ўсе асноўныя прыродныя характарыстыкі нашай краіны. Яе можна назваць краем азёр, шумлівых рэк, бясконцых лясоў.

Аб паходжанні назвы горада ў сярэдзіне мінулага стагоддзя этнограф П. М. Шпілеўскі запісаў легенду, паводле якой купец, прабіраючыся з абозам цераз балота, вымасціў дарогу бярозавай карой. Вяртаючыся назад, ён пабудаваў капліцу, ля якой вырас горад, што і атрымаў назву ад бярозавай кары – Бярэсце. Ёсць меркаванні аб паходжанні назвы горада і ад назвы дрэва – бераст, і ад імя асабовага – Бераст. Апошняй версіі прытрымліваўся і паэт М. Рудкоўскі, калі пісаў “Берасцейскую быліну”.

Старадаўняя Берасцейшчына — заходнія вароты краіны...

А колькі славутых імён, якія ўвайшлі ў скарбніцу нацыянальнай і сусветнай культуры, свята шануе яна! Тут жылі і працавалі Т. Касцюшка, А. Грыбаедаў, П. Чаадаеў, К. Каліноўскі, А. Блок, Я. Колас, К. Лышчынскі і інш.

На Берасцейшчыне нарадзіліся польска-беларускі паэт Адам Міцкевіч і кіраўнік нацыянальна-вызваленчага руху 1794 года Тадэвуш Касцюшка.



Трэці этап. “Віктарына”
На трэцім прыпынку вучням прапануецца назваць


  1. Горад Беларусі, які носіць жаночае імя. (Ліда.)

  2. Горад, у якім схавалася слова “слон”. (Слонім.)

  3. Горад, які першым прыняўбой у гады Вялікай Айчыннай вайны. (Брэст.)

  1. Горад, які мае пушыстае імя. (Пухавічы.)

  2. Горад, назва якога звязана з назвай пушнога звярка, які водзіцца ў Беларусі. (Бабруйск.)

  3. Горад, які мае мужчынскае імя. (Барысаў.)

  4. Парады, назвы якіх адрозніваюцца толькі адной літарай. (Мінск, Пінск.)

  5. Адзін з самых старажытных гарадоў рэспублікі. (Полацк.)

  6. Горад, у гонар якога Сімяон Полацкі ўзяў сабе прозвішча. (Полацк. Там ён нарадзіўся.)

  1. Старажытны горад, у якім нарадзіўся Францішак Скарына. (Полацк.)

  2. Сталіцу Рэспублікі Беларусь. (Мінск.)


Чацвёрты этап. “На крылах фантазіі”
Для выканання заданняў на прыпынку “На крылах фантазіі” клас дзеліцца на каманды. За 10 хвілін кожная каманда павінна падрыхтаваць эмблему горада Мінска, расказаць аб сталіцы Рэспублікі Беларусь. Наладжваецца абарона, адзначаюцца лепшыя працы.
Пяты этап. “Ты – мне, я – табе”
Каманды абменьваюцца ўражаннямі аб вандроўцы і задаюць адна адной пытанні аб гарадах рэспублікі. Напрыклад назвы якіх населеных пунктаў пачынаюцца з літары “С”? (Смаргонь, Слуцк, Слонім, Салігорск і г. д.)

Парады арганізатарам



  1. Пажадана звярнуць увагу дзяцей на тыя гарады, якія з’яўляюцца малой радзімай знакамітых людзей Беларусі ці звязаны з гістарычнымі падзеямі.

  2. Пры падрыхтоўцы да падарожжа карыстайцеся падручнікамі, даведнікамі. Рэкамендуйце дзецям канкрэтны матэрыял.

3. Запрасіце да ўдзелу ў падарожжы бацькоў, асабліва тых, якія могуць расказаць нешта цікавае пра Беларусь.

М. П. ОСІПАВА,

прафесар,



З. М. ПАНАСЕВІЧ,

старэйшы выкладчык.



Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна.
Пачатковая школа 6.2003


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка