"Залаты фонд" Барысаўшчыны




Дата канвертавання07.05.2016
Памер31.93 Kb.
“Залаты фонд” Барысаўшчыны

Культурнае жыццё горада альбо мястэчка віруе вакол яго творчага асяроддзя, што складаецца найперш з мастакоў, музыкантаў і акцёраў. Безумоўна, кожная з такіх творчых суполак мае свой “залаты фонд”. Гораду, заснаванаму слаўным князем Барысам, насамрэч пашанцавала: вось ужо 65 год ён шчыра гадуе сваю народную мастацкую студыю, якая стала творчай калыскай не аднаму пакаленню мастакоў-аматараў, а таксама творцаў, што трывала звязалі сваё жыццё з мастацтвам. Студыя была першай alma mater для выбітных творцаў, што паходзяць з Барысаўшчыны. Анатоль Анікейчык, Мікалай Ісаёнак, Валерый Шкаруба, Міхась Ржэвуцкі, Мікола Грук - кожны з іх узбагаціў беларускае сучаснае мастацтва, зрабіўшы значны ўнёсак у сваім накірунку: манументальная скульптура, жывапіс, кераміка.

Выстава “Мастацтва і жыццё” аб’яднала ў сваёй экспазіцыі творы не аднаго дзесятка мастакоў, для якіх у розныя гады студыя была другім домам. Трэба адзначыць, што ў 60 – 80-ыя гады ХХ стагоддзя аматарскае мастацтва ў горадзе дасягала досыць высокага ўзроўню і гэта акрэслівала тыя стасункі, у якіх адбывалася фарміраванне добрага густу і развіццё творчага патэнцыялу кагорты студыйцаў.

Нельга не ўзгадаць такіх знакавых кіраўнікоў студыі, як Сурэн Мірзаян і Наталля Ганчарова. Каб адчуць і зразумець творчыя варункі, у якіх даводзілася спасцігаць студыйцам мастацкую “альфу і амегу”, трэба прыгадаць, што гэтыя асобы былі крыніцай натхнення і падтрымкі, а таксама неўтаймаваным генератарам энергіі для маладых мастакоў.

Буйной творчай фігурай для студыі шматлікія гады заставаўся Сурэн Аганэсавіч Мірзаян(1919 – 1996г.г.). Мастак шырокага дыяпазону, чалавек з надзвычай цікавай жыццёвай і творчай біяграфіяй, удзельнік дзвюх войнаў, выпускнік школы-студыі І.Э.Грабара. Ён удала спалучаў у сабе талент мастака і тонкае ўменне акрыляць, накіроўваць і выхоўваць сваіх навучэнцаў.

Залатыя гады народнай мастацкай студыі звязваюць з кіраўніцтвам яскравага і вопытнага педагога – Наталлі Ганчаровай, выпускніцы знакамітай палехскай школы, выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яе творчасці ўласціва філасофія актыўнага жыццёвага і мастацкага пошуку (“Пятая свеча”, “На перакрыжаванні”, “Містычная ружа”). Шматлікія выхаванцы цудоўнага майстра да гэтага часу кіруюцца ў сваім творчым жыцці тымі прынцыпамі, што былі закладзены Наталляй – узнімацца да глыбокай сімвалічна-філасофскай карціны з развагамі пра жыццё чалавека .

Творчы шлях сябры саюза мастакоў Віктара Бялова ўяўляе прыклад высокага ўзроўню майстэрства, да якога імкнуліся, і які ўвасаблялі найлепшыя выхаванцы суполкі. Мастак спрытна і віртуозна спалучае ў сваіх творах (асабліва ў нацюрмортах) разнастайныя тэхнікі і фактуры, што выклікае ў гледача нечаканыя асацыяцыі і тлумачэнні ( “Nostalgia”, “Жаночы партрэт”, “Партрэт дзеда”).



В. Бялоў. Жаночы партрэт,1985, п.а.

Прыхільнікам “суровага стылю” ў жывапісу можна назваць Валерыя Алейніка. Штодзённыя звыклыя рэчы, якія мы бачым вакол сябе, часам не заўважаючы іх – гэта і ёсць само жыццё, менавіта такую думку імкнецца данесці да нас мастак (“Шынэль”, “Нацюрморт з палітрай”, серыя “У Жыровічах”).





В.Алейнік У Жыровічах, 1995, п., а.

“Рамантычная”, “барысаўскі Каро” – такія эпітэты выкарыстоўваюць, калі гавораць пра Таццяну Каландырэц. Мастачка, якая тонка, пранікнёна-лірычна адчувае прыроднае наваколле. Яе творы напоўненыя лагоднай цішынёй і духоўнай спагадай (“Цішыня”, “Роздум”).

Не пакідаюць абыякавымі пейзажы Генадзя Ганчаронка ( “Туманная раніца”, “Подых вясны”, “Восень на Плісе”), Сяргея Ткачова (“Першы снег”, “Фарбы лета”, “Лунная сцежка”). Кожнаму з гэтых мастакоў уласціва свая эмацыйная, крыху наіўная скіраванасць. Любоў да прыроды, удзячныя і ўважлівыя адносіны да навакольнага свету, самабытнасць успрымання – усё гэта мае дачыненне да іх творчасці.



Г.Ганчаронак Туманная раніца, 1985, п., а.



С. Ткачоў. Фарбы лета, 2012, арг., а.

Імпрэсіяністычным палотнам Івана Барадзея (“Старыя дарогі”, “Палітра”) і Пятра Казявіна (“Жнівень”, “Сланечнікі”, “Барысаўския купалы”) характэрна гучнасць колеравых кантрастаў, нягледзячы на звыклыя адвечныя сюжэты – зямля, хаты, дрэвы, стажкі…

Выстава пераканаўча агучыла і падкрэсліла думку, што ў студыйным асяроддзі Барысава ўзаемна-вынікова і гарманічна суіснавала поруч аматарскае і прафесійнае майстэрства. Слушна будзе адзначыць, што мастак, а адпаведна і само мастацтва не пад’уладныя часу… у мастацтва свой час. Час, дзе няма пэўнай мяжы паміж мінулым, цяперашнім і будучым.

Кірылава Таццяна



мастацтвазнаўца мастацкай галерэі “З’ява”

Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. І.Х.Каладзеева


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка