Закон Рэспублікі Беларусь Правілы беларускай арфаграфіі І пунктуацыі раздзел І арфаграфія глава 1 правапіс галосных § 1 Галосныя літары у беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы




старонка1/9
Дата канвертавання20.05.2016
Памер1.61 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9


Закон Рэспублікі Беларусь
Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі

РАЗДЗЕЛ І


АРФАГРАФІЯ

ГЛАВА 1


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ

§1 1. Галосныя літары

1. У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.

2. Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных, ў (у нескладовага), раздзяляльнага мяккага знака і апострафа абазначаюць на пісьме спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка –– [йэ]лка, юны –– [йу]ны, яма –– [йа]ма; паехаў ––па[йэ]хаў, паёк –– па[йо]к, саюз –– са[йу]з; здароўе –– здароў[йэ]; льеш –– ль[йэ]ш; аб’езд –– аб[йэ]зд, б’ю –– б[йу], сям’я — сям[йа].

3. Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду –– [с’а]ду, вязу –– [в’а]зу, мёд –– [м’о]д, лета –– [л’э]та, люты –– [л’у]ты, ліст –– [л’і]ст.

4. Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая. Над літарай І вялікай у друкаваных тэкстах кропка не ставіцца, а ў рукапісных тэкстах кропка абавязковая.

§ 2. Літары о, ё

1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, колас, мова, доўга, посуд, арол, шолах, плячо, дарога, разгортваць, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, оканне, ода, оптам, ордэн, офіс, опера, Об, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, Токіа, Ватэрлоа.

2. Літара ё пішацца пад націскам: лёс, вёска, сёстры, цёмны, цёплы.

Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне.

3. Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з’яўляецца злучальнай галоснай: радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыеізатоп і інш. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыяметрыя, радыяхімія, радыялогія, радыяграфія.

§ 3. Літары э, е

1. Літара э пішацца:

у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх;

пасля прыстаўной літары г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і інш.);

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

2. У пачатку запазычаных слоў літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем: эра, эсэ, эўрыка, эпас, этыка, Эўклід, Эўрыпід, Эліста; егер, ерась, ерэтык, Еўропа, еўрапейскі, Еўпаторыя, Ерэван, ерэванец, Еўфрат.

На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вердэ, Душанбэ, Сан-Тамэ; але: сальта-мартале, філе, камюніке, піке.

3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, інтэрнэт пішуцца з   літарай э, а словы медаль, менеджмент, нервы, парламент, перспектыва, газета, сервіз –– з літарай е.

4. У запазычаных словах, адзначаных у пунктах 2 і 3 гэтага параграфа, напісанне э, е вызначаецца па слоўніку.

§ 4. Перадача акання на пісьме

1. Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом –– дамы, мова –– маўленне, цэгла –– цагляны, шэпт –– шаптаць.

2. Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара, вада, баранаванне, колас, холад, балота, Бандарэнка, Коханава, Кунцава, Гамер, Сакрат, арганізацыя, педагагічны, электарат, харэаграфія, заалогія.

Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў –– крыві –– крывавы, дровы –– дрывотня,  крошка –– крышыць, бровы –– брыво, гром –– грымоты –– грымець, брод –– брысці, глотка –– глытаць, блохі –– блыха.

3. У словах славянскага паходжання і запазычаных словах, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэхі –– страха, шэры  –– шарэць, чэргі –– чарга, крэмль –– крамлёўскі, жэмчуг ––жамчужына, арэнда –– арандаваць, майстэрня –– майстар.

Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання –– пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапавец, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чалюскін, літара, транслітарацыя.

4. Перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах у ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі:

у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з  беларускім літаратурным вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка, элемент. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя;

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэтон, Жэнева, Жэрар, жэлацін, чэкмень, рэспубліка, рэформа, Рэмарк, рэклама, рэактар, рэвізія, агрэгат, рэжым, рэкорд, рэестр, рэвалюцыя, дэталь, гардэроб, Дэтройт, Дэфо, дэлегат, дэманстрацыя, ордэн, тэорыя, тэатр, тэлеграф, тэлефон, ветэран, катэт, тэрмометр, тэарэма, цэнтралізм, цэвіта.

5. У запазычаных словах напісанне э і а пасля зычных, акрамя шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц], вызначаецца па слоўніку: панэль; але: шынель.

6. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп’ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар.

Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.

§ 5. Правапіс літар а, о, э ў складаных словах

1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, дабраякасны, галаваломка, вадасховішча, малатабоец, бамбасховішча, раўнапраўе.

Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з’яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словаформа, словатворчасць; штодзённы, штомесяц, штогод; фотаздымак, фотакопія, фотаплёнка, фотакамера, фотавыстаўка і г.д.; але: фатаграфія і вытворныя ад яго; мотагонкі, мотакрос, мотаспорт і г.д.; але: матавоз, матацыкл і вытворныя ад іх.

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: аснòвапалажэнне, бавòўнапрадзільны, вòгнетрывалы, вòдаразмеркавальнік, вагòнарамонтны, вòстракамбінацыйны, высòкаідэйны, галòўнакамандуючы, кòрманарыхтоўка, кòнегадоўля.

У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агòрафобія, азòнастойкі, азòтнакіслы, збòжжасховішча, кòксагазавы, мангòлазнаўства, мòвазнаўства, мòвазнаўчы, матòразборка, рабòтадавец, слòватворчасць, фòндасховішча і інш.

Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.

3. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка.

4. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова.

Напрыклад:

Н. шэсцьсот семсот восемсот

Р. шасцісот сямісот васьмісот

Д. шасцістам сямістам васьмістам

В. шэсцьсот семсот восемсот

Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі

М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах

5. Гук [э] ў першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазна­чаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

6. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў    родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

7. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.

§ 6. Перадача якання на пісьме

1. Галосныя е, ё ў першым складзе перад націскам абазначаюцца на пісьме літарай я: землі –– зямля, зелень –– зялёны, сем’і –– сям’я, сёлы –– сяло, сёстры –– сястра, вёслы –– вясло, вёска –– вясковы,
елка –– яліна, ездзіць –– язда, ёмкі –– ямчэй, ёрш –– ярша, лён –– лянок, мёд –– мядок, дзень –– дзянёк, лес –– лясны, снег –– снягі, вецер –– вятры, сцены –– сцяна, дзевяць –– дзявяты, дзесяць –– дзясяты, сем –– сямнаццаць, восем –– васямнаццаць, цецерукоў –– цецярук, перанесці –– перанясу.

У іншых ненаціскных складах е захоўваецца: селянін, зеляніна, вестуны, леснікі, векавечны, верацяно, нерухомы, безупынны, возера, весела, восем, заедзь, высветліць, выехаць, восень, цемень, дзевятнаццаты, дзесятковы.

2. Літара я пішацца ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў: Бялынічы, Лемяшэвічы, Аляксандр, Сяргей, Бялінскі, Няхода, дзяжурства, каляндар, яфрэйтар, сяржант, Яршоў, Яфім.

3. Заўсёды захоўваецца е ў першым складзе перад націскам пасля заднеязычных г, к, х: герой, Герасім, кераміка, кефір, Херсон.

4. Часціца не і прыназоўнік без заўсёды пішуцца з літарай е: не быў, не браў, не ідзе, не спыніць, без меры, без жартаў, без прычыны, не без вынікаў, не без работы.

Пры напісанні разам не і без становяцца прыстаўкамі і падпарад­коўваюцца агульным правілам напісання галосных літар е, я: няхай, нястомна, няштатны, бязмежны, бязлюдны, бясконца; але: непісьменны, безупынны, безапеляцыйны, бескарысны, беспаваротны.

5. Літара я пішацца ў некаторых каранях слоў нязменна: віцязь, сувязь, заяц, яравы, вязаць, завязь, повязь, мяккаваты, цягавіты, цяжкаваты, святкаваць, месяц, пояс, памяць, дзевяць, дзесяць, тысяча, Бесядзь, Прыпяць; япрук –– япрука, япруковы; ядловец –– ядлаўцовы.

6. Літара я пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (роўнядзь, боязь, дробязь) і дзеясловаў (лаяць, веяць, сеяць, кашляць, баяць, муляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (лаянка, веялка, сеялка).

§ 7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах

1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасілка, серпадзюб, верхнеазёрскі, белабрысы, землетрасенне, светапогляд, свежавымыты, свежамарожаны, сенажаць.

Калі першай часткай складаных слоў з’яўляецца аснова велік-/вялік-, напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы — пішацца е, калі другі — пішацца я: велікадушны, велікарускі, велікамучанік, велікасвецкі; Вялікабрытанія, вялікадзяржаўны, вялікагаловы.

2. У першай частцы складанага слова літара ё захоўваецца пры націску не на першым складзе другой часткі і замяняецца на е, калі націск на першым складзе другой часткі: лёгкаатлетычны, лёдадрабілка, мёртванароджаны, мёдаварэнне; ледарэз, медагонка, легкадумна.

3. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, галосная а –– у любым ненаціскным складзе: ільновалакно, Вадохрышча, куродым, часопіс, геліёграф, марозаўстойлівы, прыборабудаўнічы.

4. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе у другой частцы складанага слова: баяздольны, зернясховішча, земляроб, жыццярадасны, крывятворны; але: боепрыпасы, жыццеапісанне, землекарыстанне, зернебабовы.

Злучальная галосная е ў складаных словах захоўваецца, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): зернеўборачны, вогнеўстойлівы.

Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфонд, лясгас.

§ 8. Прыстаўныя галосныя і, а

1. Прыстаўная галосная і пішацца:

у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;

у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна. Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я. Купала). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я. Колас). Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную, і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца: Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К. Чорны). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я. Колас).

2. У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча.

3. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вокамгненна.

§ 9. Спалучэнні галосных у запазычаных словах

1. Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як два склады, тады яны на пісьме абазначаюцца:

паміж зычнымі –– літарамі іё (ыё) пад націскам і ія (ыя) не пад націскам: біёлаг, біёграф, дамініён, Ліён, аксіёма, бібліёграф, Галакціён, Гесіёд, патрыёт, рацыён, радыёла, стадыён, бастыён; біялогія, бібліятэка, геліятроп, піянер, ажыятаж, перыядычны, патрыятызм, акцыянерны, нацыянальны, рацыяналізатар;

у пачатку слова –– літарамі іо пад націскам і іа не пад націскам: іон, іонны, Іосіф; Іанічнае мора, іанійцы, іанізацыя, Іакагама, Іаркшыр, Іашкар-Ала, Іаан.

2. Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як адзін склад, тады на пісьме яны перадаюцца:

пасля галосных –– праз ё пад націскам і я не пад націскам: раён, раённы, маёр, Маёраў, Лаёла; маянэз, маяран, маярат, раяніраванне;

у пачатку слова –– праз ё: ёг, ёгурт, ёд, ёдзісты, ёт (гук), ёта (літара), ётацыя, ёдаформ, ёднаваты, ётаваны.

3. Спалучэнне іе абазначаецца на пісьме літарамі іе (ые): гігіена, кліент, аўдыенцыя, арыентацыя, абітурыент, кліентура, іерархія, іена, іерогліф, Іерусалім, іерыхонскі.

4. Спалучэнне йе заўсёды вымаўляецца як адзін склад і на пісьме ў   пачатку слова і пасля галосных перадаецца праз е: езуіт, праект, канвеер, траекторыя, Феербах, Маерава, фае.

5. Спалучэнне іа абазначаецца на пісьме літарамі ія (ыя) незалежна ад месца націску: авіяцыя, ліяна, геніяльны, Іліяда, энтузіязм, фартэпіяна, піяніст, сацыялізм, сацыяльны, варыянт, матэрыял, матэрыялізм, дыяметр, дыяпазон, дыяфрагма.

6. Спалучэнне йа на пісьме перадаецца:

пасля галосных і ў пачатку слова — праз я: раяль, пляяда, сакваяж, лаяльны, Савоя, Малая, Мая, ярус, яхта, ярд, яхант, ятаган;

пасля зычных л, с, ц (мяккага), дз і непрыставачных н і з –– праз ья, пасля астатніх зычных –– праз ’я: мільярд, мільярдны, кальян, мадзьяр, альянс, мільярдэр, саф’ян.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка