Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь"




Дата канвертавання16.03.2016
Памер159.27 Kb.

Исх. №__ Канстытуцыйны Суд



Рэспублікі Беларусь

вул. К.Маркса, 32, г. Минск, 220016

ЗВАРОТ

(у парадку гл. 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб канстытуцыйным судаводстве”)
1. Як вядома, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвешчана недвухсэнсоўна: у нас – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Гэта значыць, што чалавек, яго правы, свабоды, як і гарантыі іх рэалізацыі, з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Дзяржава забяспечвае правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі. Яна абавязана прымаць усе меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Так запісана ў нашай Канстытуцыі (ч.1 арт.1, ч.1 арт.2, ч.3 арт.21, ч.1 арт.59).

2. Сярод артыкулаў, скіраваных на забеспячэннне асноў канстытуцыйнага ладу, арт.17 Канстытуцыі абвяшчае: дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Канстытуцыя гарантуе грамадзянам забеспячэнне іх права карыстацца роднай мовай, захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць (арт.50).

Гэта адно з фундаментальных правоў чалавека і грамадзяніна. Яно служыць выхаванню пачуцця нацыянальнай годнасці, гонару, патрыятызму, адказнасці за лёс краіны. Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам (ч.2 арт.50 Канстытуцыі)

3. Канкрэтызуючы вышэйназваныя канстытуцыйныя палажэнні. Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” (далей – Закон аб мовах) сцвердзіў, што дзяржава, а значыць, дзяржаўныя ўстановы і іншыя арганізацыі, службовыя асобы павінны забяспечыць усебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў. Артыкул 4 Закона аб мовах патрабуе, каб кiраўнiкi і супрацоўнікі дзяржаўных органаў, як і iншых арганiзацый валодалі беларускай i рускай мовамi ў аб’ёме, неабходным для выканання iх службовых абавязкаў. Усялякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя» - запісана ў ч.1 арт.6 гэтага Закона.

Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь на ўзроўні Канстытуцыі і Закона аб мовах замацаваны роўны юрыдычны статус абедзвюх дзяржаўных моў.

4. Беларуская мова, якая мае статус дзяржаўнай, з’яўляецца ў Беларусі роднай мовай большасці насельніцтва. Так, паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года каля 84% грамадзянаў краіны з’яўляюцца па нацыянальнасці беларусамі то бок Рэспубліка Беларусь дзяржава монанацыянальная. З агульнай колькасці насельніцтва беларускую роднай мовай назвалі 5.058402 чалавек альбо 53,2 працэнта ўдзельнікаў перапісу.

Сыходзячы з гэтых рэалій, дзяржава павінна быць скіраваная на выкарыстанне ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця перш за ўсё беларускай мовы, адначасна не перашкаджаючы ўжыванню другой дзяржаўнай мовы – рускай. Дарэчы, валоданне беларускай мовай з’яўляецца адным з абавязковых кваліфікацыйных патрабаванняў паступлення на дзяржаўную службу (падпункт 1.3. часткі 1 арт.26 Закона “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”).

5. Аднак пасля ўвядзення ў нашай краіне двухмоўя (1995 г.) мы фактычна назіраем, што навучанне ў дзіцячых садках, школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, як і ў навуцы, мастацтве; дзяржапараце, арміі, справаводстве і судах, усёй сістэме праваахоўных органаў, у дзяржаўных СМІ, у тым ліку электронных; бытавым абслугоўванні і г.д. – беларуская мова паўсюдна выцясняецца рускай.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў лютым 2014 года Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў дадзеныя аб колькасці беларусаў, якія навучаюцца на роднай мове: у дашкольных установах такіх усяго каля 45 тысяч; у школах вывучаюць прадметы па-беларуску каля 142 тысяч школьнікаў; у сярэдніх спецыяльных навучальных установах – каля тысячы чалавек; у ВНУ – 600 студэнтаў.

Такім чынам, толькі 9,7% ад агульнай колькасці навучэнцаў грамадзян краіны Беларусь вучацца па-беларуску. Жахлівыя дадзеныя! Адзначым, у нас дагэтуль няма ніводнай вышэйшай установы, дзе навучанне вядзецца па-беларуску. А такая сітуацыя, безумоўна, уплывае на выбар бацькамі мовы навучання для сваіх дзяцей.

Адсутнасць паўнавартаснай сістэмы беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях, асабліва ў ВНУ, ставіць розныя группы жыхароў краіны у няроўнае становішча ў залежнасці ад мовы зносін.

Такія падыходы парушаюць прынцып роўнасці (арт.22 Канстытуцыі), прыводзяць да дамінуючага ўжывання рускай мовы за кошт беларускай і могуць быць ацэненыя як дыскрымінацыйныя.

6. Згодна з нормамі і прынцыпамі міжнароднага права, пры рэалізацыі правоў чалавека моўная дыскрымінацыя забаронена. Напрыклад, ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (дзейнічае для Беларусі з 1976 года) усталёўвае: “усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону законам. У гэтым дачыненні ўсялякага роду дыскрымінацыя павінна быць забаронена законам, і закон павінны гарантаваць усім роўную і эфектыўную абарону супраць дыскрымінацыі па якой бы то ні было прыкмеце, ці то расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных альбо іншых перакананняў, нацыянальнага альбо сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння альбо іншых абставін” (арт.26).

7. Не закранаючы палітычных аспектаў развіцця двухмоўя, трэба звярнуць увагу на яго прававы бок. Аналіз правапрымянення заканадаўства аб мовах сведчыць, што ў ім маюцца прабелы, юрыдычныя калізіі, прававая нявызначанасць. Адну з карэнных прычын практыкі, якая складаецца ў нас з выкарыстаннем моў, бачыцца ў Законе аб мовах – у выкарыстанні ўнутрана супярэчлівага злучніка «або». Так, у Законе, які змяшчае 34 артыкулы, дадзены злучнік у розных інтэрпрэтацыях («на беларускай і (або) рускай мовах», «на беларускай або рускай мовах», «на беларускай ці рускай мовах» і г.д.) сустракаецца 40 разоў.

8. Пры гэтым Закон, гарантуючы роўнасць моваў, не вызначае прававыя механізмы, якія забяспечвалі б неабходны баланс у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моваў, прыярытэтнага вывучэння і выкарыстання мовы тытульнай нацыі з улікам гістарычных, дэмаграфічных і лінгвістычных асаблівасцяў развіцця Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Такі прабел у заканадаўчым рэгуляванні прыводзіць да сітуацыі, калі на практыцы ў шматлікіх сферах дзяржаўнай дзейнасці і грамадскага жыцця, спасылаючыся на злучнік “або”, безальтэрнатыўна выкарыстоўваецца руская мова. Толькі ў вельмі нешматлікіх сферах дамінуе беларуская (напрыклад, на геаграфічных указальніках (гл. Закон ад 16.11.2010 “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”).

9. У пацвярджэнне такой практыкі спашлемся на шэраг прыкладаў.

9.1. Здзіўляе, калі над адміністрацыйным будынкам лунае сцяг Рэспублікі Беларусь, на шыльдзе – герб дзяржавы, але назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнага органа ўлады напісана на рускай мове (варта зірнуць на будынкі Адміністрацый Заводскага, Маскоўскага, Кастрычніцкага, Савецкага, Фрунзенскага раёнаў г.Мінска). А Мінгарвыканкам на скаргу грамадзяніна паведаміў у сувязі з гэтым: “Згодна з артыкулам 31 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый даюцца на беларускай і (або) рускай мовах” (вых. №1-5/596 ад 25.03.2014 г.). Мяркуем, у найменнях органаў дзяржаўнай улады і кіравання, іх структурных падраздзяленняў і падначаленых ім органаў і арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь павінна выкарыстоўвацца перш за ўсё беларуская мова, а пры дастатковасці сродкаў – дублявацца на рускай або іншых мовах.

9.2. Грамадзянін Нагорскі С.І. звярнуўся ў КУП “Жилищник Минщины” з просьбай заключыць з ім дамову на аказанне жыллёва-камунальных паслуг з выкарыстаннем беларускамоўных бланкаў. У тым яму было адмоўлена, і ён звярнуўся ў суд Мінскага раёна аб недыскрымінацыі па моўнай прыкмеце. Аднак суды ўсіх узроўняў і органы пракуратуры не прызналі патрабаванні істца абгрунтаванымі. Так, суд Мінскага раёна ў рашэнні ад 13.06.2013 г. спасылаўся на тое, што “Гражданским кодексом и Законом “О языках в Республике Беларусь” не предусмотрены требования к языку договора, заключаемому между физическими и юридическими лицами и являются свободным выбором каждой стороны. В обязанность ответчика не входило выполнение требований истца относительно языка изложения договора, выбор языка не является существенным условием такого договора” (змест і правапіс дакумента захаваны).

Пагаджаючыся з прыведзеным матывам адмовы ў вызначэнні Мінаблсуда ад 29.08.2013 па касацыйнай скарзе Нагорскага С.І., калегія пры гэтым дадала: «Потребитель не лишён права на осуществление перевода документа на белорусский язык». Заўважым: з улікам патрабаванняў арт.3, 5, 12 Закона аб мовах зварот грамадзяніна заключыць з ім дамову на беларускай мове, на наша меркаванне, з’яўляецца абгрунтаваным, а рашэнні органаў ЖКГ, судоў, пракуратуры – незаконнымі. Суды ў парушэнне арт. 16 ГПК адказалі пазоўніку ў разгледжанні грамадзянскай справы па-беларуску і ўручылі яму дакументы на рускай мове.

9.3. З іншага боку, адмаўляючы беларускамоўным грамадзянам у магчымасці зносінаў з дзяржавай на беларускай мове, службовыя асобы нярэдка спасылаюцца на тое, што “дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь вельмі падобныя, такім чынам, кожны грамадзянін зможа зразумець афіцыйны дзяржаўны дакумент незалежна ад таго, на якой мове ён напісаны” (з адказа першага намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Макарэвіча А.Г. гр-ну Сафронаву П.М. – вых. №01-11/267 ад 04.03.2014г.). Між тым абмежаванні асобы па моўных прыкметах недапушчальныя (арт.6 Закона аб мовах) і падлягаюць адказнасці, у прыватнасці, па арт.9.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такія падыходы сведчаць аб тым, што пры адсутнасці альбо супярэчлівасці норм чыноўнікі выкарыстоўваюць уласнае меркаванне.

10. Правапрымяняльнікі ніяк не жадаюць зразумець, што Закон аб мовах не абавязвае шэраговага грамадзяніна валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Гэта выцякае з сэнсу Закона аб мовах. Права выбіраць мову зносін мае сам грамадзянін (арт.3 Закона аб мовах). Гэта павінна быць дакладна замацавана ў дзеючым заканадаўстве, каб не дапускаць падвойнага тлумачэння.

11. У сваім штодзённым жыцці многія сутыкаюцца з неабходнасцю прымянення тых ці іншых форм заканадаўства. Пры зваротах у дзяржаўныя органы, суды ці да службовых асоб нам неабходна абгрунтаваць правільнасць (законнасць і абгрунтаванасць) сваіх патрабаванняў альбо, наадварот, аспрэчыць тую ці іншую прававую пазіцыю, якая змяшчаецца ў адказе, прынятым рашэнні. Аднак грамадзяне, якія выкарыстоўваюць ці імкнуцца выкарыстоўваць ва ўсіх сферах свайго асабістага і грамадскага жыцця беларускую мову, вельмі рэдка сустракаюць афіцыйна апублікаваныя, а, значыць, і даступныя ім нарматыўныя прававыя акты на роднай беларускай мове.

11.1. У эталонным банку прававой інфармацыі, дзе пазначана каля 200 тысяч такіх актаў, толькі 3,1 % нарматыўнай дакументацыі – на беларускай мове. Яны датычаць актаў аб узнагароджаннях дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі граматамі, аб кадравых пытаннях, а таксама аб перамовах па праектах міжнародных дамоў, іх падпісанні і іншага. У той жа час няма амаль ні воднага нарматыўнага акта аб правах и свабодах грамадзяніна на беларускай мове.

Гэтая найважнейшая сфера функцыянавання дзяржавы даказвае парушэнне прынцыпу роўнасці (арт.22 Канстытуцыі), па сутнасці дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да тытульнай нацыі ў галіне мовы. Яна, у прыватнасці, не забяспечвае роўны доступ беларускамоўным грамадзянам да адміністратыўных і судовых працэдур.

11.2. Нярэдка, апраўдваючы такую практыку, у адказах на звароты грамадзян службовыя асобы спасылаюцца на магчымасць выкарыстання інфармацыйна-пошуковай сістэмы “Эталон” (далей – ІПС), якая прадугледжвае функцыю перакладу нарматыўных прававых актаў (адказ Міністэрства юстыцыі на зварот гр.Лойкі Г.С. – вых. №04-1-13/Л-290 ад 10.02.2014 і інш).

Тэкст такога перакладу не можа лічыцца аўтэнтычным і афіцыйным. Такім чынам выкарыстоўваць яго ў ліставанні для абгрунтавання той ці іншай прававой пазіцыі, а таксама ў судаводстве, пры аказанні адвакатамі юрыдычнай дапамогі насельніцтву, пры навучанне студэнтаў праву і г.д. – немагчыма.

11.3. Разам з тым мы нярэдка сустракаем спасылкі на тое, што практыка выбару беларускай ці рускай мовы вызначаецца нормамі Закона аб мовах, што ў адпаведнасці з Законам «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) ўпаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах (ч. 2 арт. 54). Аналагічныя нормы закладзеныя ў Правілах падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. №359. Спасылаюцца на тое, што афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прынятыя (выдадзеныя).



Афіцыйнае апублікаванне нарматыўнага прававога акта на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову, зацверджанага адпаведным дзяржаўным органам (службовай асобай) у парадку, устаноўленым для прыняцця (выдання) гэтага акта (часткi 2 i 3 артыкула 62 гэтага Закона).

11.4. Атрымоўваецца, што законатворцы пры выкарыстоўванні злучніка «або» фактычна адмаўляюць у праве карыстацца нарматыўнымі актамі на беларускай мове (за невялікім выключэннем) і такім чынам уводзяць не заснаваныя на законе абмежаванні для беларускамоўных грамадзян. Чаму перавага зноў аддаецца рускай мове, а не мове тытульнай нацыі? Мяркуем, адказ на гэтае пытанне палягае ў недасканаласці закона.

11.5. У адпаведнасці з ч.4 арт.7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама. Названыя канстытуцыйныя патрабаванні карэспандуюцца са зместам ч.2 арт.62 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”. Таму ўсталяваныя ў арт.7 Закона аб мовах, як і ў арт.54, 62 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” правілы іх апублікавання, нам уяўляецца, не адпавядаюць і супярэчаць арт. 17 і 50 Канстытуцыі, якія гарантуюць у краіне роўнае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў.

З мэтай пераадолення калізіяў прававых нормаў лічым неабходным зрабіць абавязковым прыняцце і апублікаванне нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, на дзвюх дзяржаўных мовах. Гэты абавязак дзяржавы павінен быць замацаваны ў законе непасрэдна і адназначна.

12. Патрабуе далейшага паляпшэння працэсуальнае заканадаўства ў частцы выбару мовы судаводства. Напрыклад, экс-старшыня Канстытуцыйнага Суда Васілевіч Г.А. прапаноўваў замацаваць права выбару мовы па грамадзянскай справе за пазоўнікам (Навукова-практычны каментар Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Мінск, ГІУСТ, БДУ, 2005 ст.86). Ад сябе дадамо, у крымінальным працэсе – за абвінавачаным, у адміністрацыйным – за асобай, прыцягнутай да адказнасці. Для гэтага ў ч. 1 арт. 14 Закона аб мовах трэба дадаць, што “парадак выбару мовы судаводства вызначаецца працэсуальным заканадаўствам”. Адпаведна, неабходна ўнесці змены і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаводстве і статусе суддзяў, як і ў працэсуальныя законы.

13. Для карэляціі патрабаванняў, выкладзеных у арт. 4 Закона аб мовах у адносінах да кіраўнікоў і іншых работнікаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (гл. п.3 звароту), неабходна ўнесці змены і дадаткі ў адпаведнае заканадаўства аб працы, аб дзяржаўнай службе, якія абавяжуць службовых асоб вызначыць у прэтэндэнта ўзровень валодання дзвума дзяржаўнымі мовамі пры ўладкоўванні на працу (службу), патрабуючы дакументальнага падцвярджэнне ведання дзяржаўных моваў у Рэспубліцы Беларусь (напрыклад, у арт.26 Кодэкса аб працы і іншае заканадаўства).

14. Сур’ёзныя цяжкасці і спрэчкі ўзнікаюць па пытанні пошуку балансу для рэальнага забеспячэння раўнапраўя ў выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў. Такі прававы механізм павінен быць знойдзены і замацаваны ў заканадаўстве. Пры гэтым мы зыходзім з таго, што ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (ч.1, 2 арт. 7 Канстытуцыі). Толькі такі падыход можа выключыць чыноўніцкае свавольста па моўных пытаннях.

15. Такім чынам, варта падкрэсліць: дэклараваная заканадаўствам роўнасць носьбітаў беларускай і рускай мовы не забяспечваецца на справе ў практычным правапрымяненні. І не толькі з дапамогай выкарыстання злучніка “або”. Прыведзеныя прыклады сведчаць аб відавочных прабелах, калізіях і прававой нявызначанасці.

16. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь у сваім адказе на зварот гр. Сафронава П.М. (вых. 01-11/374 ад 27.03.2104 г) указвае на тое, што “правілы, выразна вызначаючыя сферу прымянення дзвюх дзяржаўных моў у заканатворчай дзейнасці, адсутнічаюць”.



17. Істотным недахопам Закона аб мовах з’яўляецца тое, што ў ім устаноўлена альтэрнатыўнасць выкарыстання альбо беларускай, альбо рускай мовы, а не абавязковасць выкарыстання абедзвюх моў або мовы, абранай грамадзянінам. Такім чынам, адсутнічае сама прававая сутнасць, дух і літара закона аб абароне прыярытэту правоў грамадзяніна на адну з дзяржаўных моў. І, наадварот, закладзена падстава для няроўнасці і дыскрымінацыйнага падыходу пры выкарыстанні беларускай мовы.

18. Усталяваная ў Законе варыятыўнасць выбару той ці іншай дзяржаўнай мовы павінная быць накіравана ў першую чаргу на выкананне права грамадзян карыстацца роднай мовай. Такім чынам, пры адсутнасці ў Законе механізма пошуку баланса прыярытэт дзяржавы ў зносінах з грамадзянамі павінны быць аддадзены мове тытульнай нацыі – той большасці, якая лічыць беларускую сваёй роднай мовай (нагадаем – 53,2 адсоткаў насельніцтва Беларусі). Агульнымі дэкларатыўнымі нормамі дадзеную праблему не вырашыць.

Такі падыход вынікае з патрабаванняў, выкладзеных ў пп.2.2. Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Белаурсь №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” ад 27 снежня 2006 г: “Дзяржаўным органам, іх службовам асобам пры прыняцці рашэнняў, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян, няўхільна выконваць патрабаванні заканадаўства, не дапускаць іх адвольнага тлумачэння і “адсябеціны” пры прымяненні. У выпадку няяснасці або невыразнасці прадпісанняў прававога акта рашэнні павінны прымацца зыходзячы з максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян”. Адсюль бясспрэчна вынікае, што пры выяўленні падобных калізій, прававой нявызначанасці неабходна ўносіць змены ў заканадаўства.

19. Закладзены Законам аднолькавы статус дзяржаўных моў з’яўляецца, як мы мяркуем, гарантыяй права для грамадзян, а не для дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ажыцяўляюць свае паўнамоцтвы, у тым ліку ў нарматворчай, арганізацыйна-распарадчай, судовай і іншай дзейнасці. Яны абавязаны абслугоўваць грамадзян з мэтай забеспячэння і рэалізацыі іх правоў і свабод, у тым ліку права на мову. Іншы падыход ставіць усё з ног на галаву і апраўдвае беспадстаўна шырокае ўжыванне ў дзейнасці дзяржаўнага апарату рускай мовы, насуперак патрабаванням беларускамоўных грамадзян.

20. У Рэгламентах двух палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць нормы, якія регулявалі б парадак выкарыстання моў у дзейнасці самага вышэйшага законатворчага органа краіны. І гэта таксама патрабуе нарматыўнай рэгламентацыі.

21. Прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады разглядаюць роўнасць у фармальных і юрыдычных дэфініцыях, але пры гэтым ігнаруюць рэальнае ўздзеянне і вынікаў прымянення закона на практыцы.

21.1. Яшчэ ў 2002 – 2003 гадах, вывучыўшы сітуацыю, група экспертаў ЮНЭСКА распрацавала і прадставіла канцэптуальны дакумент «Моўная жыццяздольнасць і знаходжанне мовы ў небяспецы», узгадаўшы пры гэтым і Беларусь. На сайце ЮНЭСКА ёсць электронны атлас «Мовы свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення» (http://www.unesco.org/new/ru/culture/themes/endangered-languages/atlas-of-languages-in-danger/). Стану беларускай мовы ў нашай краіне у цяперашні час эксперты паставілі адзнаку «Definitely endangered» – «дакладна знаходзіцца пад пагрозай знікнення».

21.2. Сёння для ўсіх відавочна, што і дзеючая рэдакцыя Закона аб мовах, і практыка яго прымянення не забяспечваюць усебаковага развіцця і функцыянавання нацыянальнай большасці краіны роднай беларускай мовы. Калі палітыка двухмоўя працягне дрэйфаваць у такім самым кірунку, а выкарыстанне беларускай мовы абмяжуецца вузкабытавымі зносінамі, адпраўленнем рэлігійных культаў, некаторымі сегментамі культуры і мастацтва – мове тытульнай нацыі пагражае рэальная небяспека знікнення.



Такога развіцця падзеяў мы не маем права дапусціць. Гэтую думку падкрэсліў кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка ў сваім стратэгічным пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу (22.04.2014 г.). Ён недвухсэнсоўна адзначыў: «Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй». Гэтым, нарэшце, і трэба кіравацца.

22. Дзяржава павінна прыняць усе меры для забеспячэння рэальнага права грамадзян на родную мову. На дзяржаве ляжыць адказнасць ці будзе дыскрымінацыйная практыка працягвацца і ўкараняцца – ці яна прызнае гэты факт і ўнясе ў закон неабходныя наспелыя змены і дапаўненні, падмацаваўшы іх эфектыўнымі мерамі па пераадоленні відавочнай няроўнасці ў моўнай сферы, якая склалася.

Мяркуем, што для забеспячэння рэальнай роўнасці моў, у першую чаргу, неабходна прыняць змены ў заканадаўстве, разам з пазітыўнымі мерамі, у тым ліку абавязковай дзяржаўнай падтрымкай іх (фінансы, ільготы, заахвочванні, выхаванне і навучанне кадраў, арганізацыйныя і іншыя меры).

23. Канстытуцыйнае правасуддзе двойчы звярталася да разгляду пытанняў аб выкарыстанні беларускай і рускай моваў з мэтай вырашэння юрыдычных калізіяў у заканадаўстве аб мовах (рашэнне ад 24 снежня 2003г. №П-91/2003 і ад 28 жніўня 2007 г. №П-218/2007). У гэтых рашэннях Канстытуцыйны Суд адзначыў, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай, але “пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх выкарыстання не выконваецца, што выклікае справядлівую заклапочанасць у грамадскіх аб’яднаннях і грамадзян”. Выклаўшы прававую пазіцыю аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскіх адносін, суд прапанаваў заканадаўцам разгледзець пытанні аб унясенні змен і дапаўненняў у Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, а таксама і ў іншыя акты заканадаўства, “ здольных забяспечыць роўнасць дзяржаўных моў”. На жаль, тыя прапановы да гэтага часу нявыкананы.

24. У сваім лісце на зварот гр. Сафрована П. М. старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Пальчык Г. У. (вых. №20-06/84 ад 03.04.2014) адзначыў: “Разглядаючы пастаўленыя Вамі пытанні, дэпутаты Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы разумеюць, што існуюць часам супрацьлеглыя меркаванні наконт мэтазгоднасці і неабходнасці ўнясення змяненняў у дзеючае заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Павінна быць працягнута работа ў накірунку пошуку рашэння з улікам інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. А старшыня камісіі па заканадаўству Міхалькова Л.С. запэўніла, што яны “будуць усебакова разгледжаны і абмеркаваны дэпутатамі ў працэсе заканадаўчай дзейнасці” (ліст ад 05.03.2014 вых. № 04-04/109).

25. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда, у тым ліку і яго пасланнях, неаднаразова адзначалася, што рэалізацыя ў норматворчасці прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой вызначанасці мае на ўвазе стварэнне прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, узгадняюцца паміж сабой, забяспечваюць яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і ўзгодненасць палажэнняў.

Прынцып вяршэнства права азначае ў тым ліку паўнату і дакладнасць норм аб правах і абавязках грамадзян, узгодненасць іх паміж сабой у розных нарматыўных прававых актах. Знаходжанне ў заканадаўстве прабелаў, калізій прававых нормаў і прававой нявызначанасці прыводзіць да неадназначнага разумення нарматыўных прававых актаў і як вынік – супярэчлівай правапрымянальнай практыкі, што аслабляе гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян (рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 11 снежня 2013 г. № Р-877/2013 “Аб прававым рэгуляванні парадка вырашэння спрэчак, звязаных з расследаваннем няшчасных выпадкаў на вытворчасці”).

Кіруючыся арт.158-160 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб канстытуцыйным судаводстве”,
ПРОСІМ:
1) узбудзіць па нашым звароце вытворчасць па справе аб выдаленні ў заканадаўстве аб мовах прабелаў, выключэнні ў ім калізій і прававой нявызначанасці;

2) прыняць рашэнне, у якім сфармуляваць канкрэтным дзяржаўным установам і службовай асобе ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці выдалення з актаў заканадаўства аб мовах прабелаў, выключэння ў іх калізіяў і прававой нявызначанасці.


Дадатак: на ___ ст.

Старшыня Гулак А. М.




"\\Bhc-server\агульная\Канстытуцыйны суд (аб мовах).doc"

вык. Паганяйла Г. П.

тел. 222-48-00


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка