Заклікалі да помсты юначыя сэрцы




Дата канвертавання15.05.2016
Памер30.09 Kb.

Заклікалі да помсты юначыя сэрцы


Гэтага чалавека многія ведаюць у Астрыне. Але мала каму вядома, якія пакуты і выпрабаванні давялося зведаць Івану Павядайку ў мінулай вайне. Прычым з першых дзён фашысцкага нашэсця, хаця чэрвень 1941-га пачынаўся для 8-гадовага хлопца радасна і шчасліва. Не верылася, што вучня з невялікай вёскі чакае Масква. Ды надзеі апраўдаліся: ён разам з маці, першай у акрузе жанчынай-трактарысткай, любаваўся прыгожай і непаўторнай сталіцай. Шмат цікавага пабачылі яны на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы. А перад ад’ездам для іх і іншых гасцей з Заходняй Беларусі запланавалі экскурсію па Краснай плошчы. Дабраліся людзі ў цэнтр горада і пачулі жахлівую вестку: Германія вераломна напала на Савецкі Саюз.

Ахопленая трывогай і невядомасцю, дабіралася Марыя Павядайка з сынком на чыгуначны вакзал. І міжволі думала, як у жыцці побач ідуць радасць і гора. Незабыўны верасень 1939 года, народная ўлада, свая, на беларускай мове, школа для яе Вані, вучоба Марыі на кароткатэрміновых курсах трактарыстаў, грамадскае прызнанне жанчыны. Яна, простая сялянка з вёскі Пасека-Дварчаны, што на мяжы Радунскага і Васілішкаўскага раёнаў, стала вядомай у абодвух. І як узнагарода за працавітасць – пуцёўка на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку, паездка ў Маскву. Ды раптам вайна.


З цяжкасцю маці і Ваня выбраліся з вялікага горада. А тут на шматпакутным шляху дамоў у Вані з’явіўся брацік. З горам-бядою няшчасная тройца дабралася да Беларусі. Але з-за варожых бамбардзіровак з-пад Оршы Павядайкі вымушаны былі падацца ў бок Тулы, пасля чаго аказаліся ў дзіцячым доме г. Сухінічы. Калі ж туды прыйшлі немцы, то бежанцаў адправілі таварняком у Германію. У час пакутніцкай дарогі на чужыну Павядайкам пашанцавала: у Баранавічах ім удалося пакінуць злашчасны вагон. З немаўляткам на руках Марыя побач з Ванем аж трое сутак тэпала пешшу на поўнач. Не паспелі вярнуцца дамоў, як дазналіся, што трактарысткай-актывісткай цікавяцца акупанты. Неўзабаве Марыю выклікалі ў паліцэйскі пастарунак (участак), адкуль яна ледзь вярнулася жывою.
Шлях быў адзін – у партызаны. І Ваніны бацькі, як і іх сваякі Родзікі, галава сям’і якіх Антон быў родам з-пад Шчучына, сталі народнымі мсціўцамі. Ваня, яго сястра і малодшы брацік Валік, што нарадзіўся ў суровым чэрвені 41-га, нейкі час жылі ў сваякоў. Але ад нямецкага звяр’я цяжка было ўратавацца. Падчас адной з карных акцый фашысты разам з іншымі ахвярамі застрэлілі маленькага Валіка. У той пякельны дзень цудам удалося выратавацца Ваню Павядайку і Юзіку Клімашэўскаму: у гумне, дзе адбывалася расправа, яны схаваліся ў кучы мякіны.
Пасля крывавай трагедыі падаўся ў лес і дзесяцігадовы Ваня. У сямейным лагеры партызан ён таксама набліжаў доўгачаканы час Перамогі. Да бляску чысціў пазелянелыя ў схованках надзейных людзей патроны, даглядаў партызанскіх коней. Такі ж занятак мелі яшчэ тры хлопцы-падшпаркі. Калі ж паблізу Дубіч (зараз вёска Варэнскага раёна Літвы) для партызан ускладнілася абстаноўка, камандаванне давала Івану і больш адказныя заданні. Давярала перадачу сувязным патрэбных звестак ці атрыманне пэўнай інфармацыі ад іх.

Пра пушчанскія будні Івана Павядайкі мне расказваў былы начальнік штаба партызанскага атрада імя Катоўскага Мікалай Яшын, які ў 50-х гадах мінулага стагоддзя ўзначальваў у Астрыне аддзяленне Дзяржбанка. Менавіта ў гэтым падраздзяленні знаходзіўся юны патрыёт, беручы прыклад са старэйшых па ўзросту лясных салдатаў. Я ж запомніў І. Павядайку як камсамольскага актывіста. Ён і іншыя маладыя энтузіясты ў пачатку згаданых 50-х гадоў дзейсна ўдзельнічалі ў маладзёжных нядзельніках. Напрыклад, у пасадцы ў Астрыне сквераў ля Дома культуры і каля райкама партыі, у добраўпарадкаванні стадыёна і інш. Станоўча паказаў сябе Іван Уладзіміравіч на рабоце ў спажыўкааперацыі, а пазней у дрэваапрацоўчым цэху. І ўсюды вызначаўся грамадскай актыўнасцю.



Больш чым паўстагоддзя мінула з часу нашага юнацтва. Абодва мы даўно пенсіянеры. Бываючы ў роднай астрынскай старонцы, я стараюся сустрэцца і пагаварыць з даўнім сябрам. Пра мінулае і сённяшняе жыццё. Аб сабе Іван Уладзіміравіч гаворыць неахвотна. І мы ў такім выпадку з павагай успамінаем іншых маладых патрыётаў. Сямёна Гіля з Карпанаўцаў, Зінаіду Шышка са Шчанца, Міхаіла Сінкевіча з Якубавічаў, Аляксандру і Анатоля Розмыслаў з недалёкіх Сухароў, Зою Будзько з-пад Сабакінцаў (зараз в. Першамайск)... Прыгадваем раптам выдадзеную ў 1981 годзе кнігу Івана Граблеўскага “Юныя героі Гродзеншчыны”. Як добра было б яе перавыдаць! Аўтар гэтых радкоў з такой ідэяй звяртаўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, былога кіраўніка БРСМ Міхаіла Арды. Ды справа не вырашана. Зараз я звяртаюся з такой прапановай да Марыі Біруковай, колішняга камсамольскага лідара, пачынаючага парламентарыя. Як гавораць, гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым.

Аляксандр ЖАЛКОЎСКІ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка