Заходняя Беларусь у складе Польшчы




Дата канвертавання27.03.2016
Памер146.4 Kb.


Министерство образования Республики Беларусь

Учреждение образования «Барановичский государственный университет»



РЕФЕРАТ по КСР

По дисциплине: «История Беларуси»


На тему: «Заходняя Беларусь у складе Польшчы»

Выполнила студентка ФЭП

Группы М 11

Калей Вероника Марьяновна


Барановичи

2011

СОДЕРЖАНИЕ:

1.Сацыяльна-эканамичнае становишча заходне-беларуских зямель.................................……………………………………………………..…3

2.Грамадска-палитычнае становишча Заходняй Беларуси……………………...............………………………………….....4

3.Нацыянальна-культурны стан......................…………………………………………………………………...6

4.Абъяднанне Заходяй Беларуси з БССР……………………......................……………………………………………7
СПИСОК ЛИТЕРАТУРЫ………………………………………………...………..10

Сацыяльна-эканамичнае становишча заходне-беларуских зямель.

 У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам паміж савецкай Расіяй і Польшчай, да тэрыторыі апошняй былі далучаны Гродзенская і значная частка Мінскай губерняў. У кастрычніку 1920 г. польскі генерал Л. Жалігоўскі нібы па сваё ініцыятыве захапіў Вільню і Віленскі край, якія згодна дамове паміж РСФСР і Літвой знаходзіліся пад уладай Літвы. Літоўскі ўрад не меў сілы, каб ваяваць з агрэсарам і Віленскі край быў далучаны да Польшчы, стаў часткай Усходніх крэсаў ці Заходняй Беларусі. Вільня амаль на два дзесяцігодзі стала палітычным і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі.

       У складзе Польшчы Усходнія крэсы былі падзелены на 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Беластоцкае і Віленскае. На тэрыторыі агульнай плошчай каля 110 тыс. км2 пражывала больш за 3,2 млн чалавек, з іх 10% складалі палякі, 12% - яўрэі, 74% - беларусы. Да верасня 1939 г. колькасць насельніцтва дасягала 5 млн. чалавек.

       Пасля далучэння да Польшчы становішча эканомікі беларускіх губерняў не палепшылася. Прамысловасць Заходняй Беларусі аднаўлялася марудна і нават у 1939 г. не дасягала ўзроўню 1913 г. У 1928 г. перад так званай "вялікай дэпрэсіяй" працавала каля 2 тысяч прадпрыемстваў. 80% прадпрыемстваў былі дробнымі, на іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Машыны і механізмы прымяняліся слаба, што прыводзіла да высокага сабекошту і адпаведнай цаны вырабаў. Каб купіць веласіпед ("ровар"), селяніну трэба было прадаць дзве каровы.

       Адзінай галіной прамысловасці краю, якая набыла значнае развіццё, была дрэваапрацоўчая, за мяжу вывозілася звыш 70% драўніны і фанеры. У Баранавічах, Беластоку і Ваўкавыску працавалі мясакансервавыя заводы англійскай фірмы.

       Цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці быў Беласток і яго прыгарады. На адпаведных прадпрыемствах працавалі штогод у сярэднім да 5 тысяч чалавек. Буйнымі прадпрыемствамі краю былі запалкавая фабрыка "Прагрэс-Вулкан" у Пінску, тытунёвая і фанерная ў Гродне, фанерная фабрыка ў Мастах, шклозавод "Нёман" у Лідскім павеце і фабрыка гумавых вырабаў "Ардаль" у Лідзе.

       Згодна перапісу насельніцтва ў 1931 г. у прамысловасці і на транспарце колькасць рабочых складала 128 тысяч чалавек. За гады крызісу 1929-1933 гг. яна скарацілася амаль у два разы. Ажыўленне прамысловасці ў наступныя гады адбывалася марудна. З мэтай яго паскарэння польскі ўрад у лістападзе 1936 г. прыняў пастанову аб узмацненні інвестыцыйнага руху на ўсход. Аднак нават у 1939 г. колькасць прамысловых рабочых не пераўзышла ўзровень 1913 г.

       У галіне сельскай гаспадаркі Заходняя Беларусь з'яўлялася зонай буйнейшага ў Еўропе памешчыцкага землеўладання. Каля 4 тыс. прыватных уласнікаў тут валодалі больш чым паловай усіх зямель, у той час калі на 450 тыс. сялянскіх гаспадарак іх прыпадала каля 41%. Польскі сейм у снежні 1920 г. прыняў закон "Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі". Згодна з гэтым законам каля 10 тыс. былых афіцэраў і унтэр-афіцэраў польскай арміі, т. зв. асаднікі, на льготных умовах атрымалі ў Заходняй Беларусі зямельныя ўчасткі ад 15 да 45 га.

       Да большай колькасці сялян меў дачыненне закон аб ліквідацыі цераспалосіцы, ці аб камасацыі, што азначала звядзенне ў адзін кавалак сялянскіх палосак з адначасовым высяленнем на хутар, а таксама ліквідацыю сервітутаў, (карыстанне сялянамі памешчыцкімі сенажацямі, лесам і інш. за адпрацоўку). Да 1939 г. на хутары было пераселена 43% сялянскіх гаспадарак. Найбольш ахвотна ішлі на хутары заможныя гаспадары.

       З кожным годам расла аграрная перанаселенасць заходнебеларускай вёскі. У пачатку 30-х гадоў яна складала 700 тыс. чалавек, або 50% усіх працаздольных. Неўраджайным быў амаль кожны другі год. Урад дапамогі не аказваў, і многія сяляне галадалі. Узровень 1913 г. у сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі быў дасягнуты толькі ў 1929 г. перад сусветным крызісам, які зноў моцна ўдарыў па ёй. Тым не менш урон быў не такі значны, як пад час калектывізацыі ва Усходняй Беларусі.

       Заработная плата ў Заходняй Беларусі была прыкладна ў два разы ніжэйшай, чым у Польшчы. Высокія і шматлікія падаткі і зборы, у т. л. пазямельны, царкоўны, дарожны, маставы, капытковы, меліярацыйны, канцылярскі, ураўняльны і іншыя, а таксама штрафы, адымалі значную частку заробку. У адносінах да неплацельшчыкаў падаткаў прымянялася канфіскацыя маёмасці. Толькі за 1929 г. у Навагрудскім і Палескім ваяводствах адзначана 12 тыс. такіх выпадкаў.

       Асабліва цяжкім было становішча беспрацоўных, большасць з якіх дапамогі не атрымлівалі, або дапамога была вельмі малой. Дрэннае медыцынскае абслугованне, у т. л. недахоп медыцынскіх устаноў і ўрачоў, высокі кошт іх паслуг і лякарстваў, цяжкія ўмовы жыцця з'яўляліся прычынамі хвароб і нават эпідэмій сярод насельніцтва.

       У пошуках лепшай долі дзесяткі тысяч жыхароў Заходняй Беларусі выязджалі ў іншыя краіны на сезонныя работы ці эмігравалі. З 1921 па 1939 г. колькасць эмігрантаў склала каля 130 тыс. чалавек.

Грамадска-палітычнае становишча ў Заходняй Беларусі

       Рыжскі дагавор 1921 г. і канстытуцыя Польшчы 1921 г. гарантавалі нацыянальным меншасцям права на маёмасць і ахову яе з боку дзяржавы, свабоду веравызнання, права навучання на роднай мове, ужыванне яе ў грамадскіх і дзяржаўных установах, права сходаў, стварэнне таварыстваў і арганізацый і г. д. На практыцы гэтыя правы пастаянна парушаліся, праводзіўся мэтанакіраваны курс на паланізацыю беларускага насельніцтва.

       Да польскай акупацыі ў 1919 г. у Западнай Беларусі функцыянавалі 359 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі ў Барунах і Свіслачы, 5 агульнаадукацыйных гімназій: у Вільні, Радашковічах, Навагрудку, Клецку і Нясвіжы. Да 1924 г. засталося ўжо толькі 37 беларускіх школ і 4 гімназіі з абмежаванымі правамі. Школьная рэформа ў Польшчы пачатку 1930-х гадоў паспрыяла поўнаму заняпаду беларускіх школ. Шматступеньчатасць, высокая плата за навучанне і іншыя новаўвядзенні абмяжоўвалі доступ дзяцей большасці беларускага насельніцтва ў сярэднія школы і ВНУ. У 1938/39 навучальным годзе не засталося ніводнай беларускай школы. Польскіх школ таксама было недастаткова. У выніку на верасень 1939 г. амаль 130 тыс. дзяцей школьнага ўзросту засталіся па-за межамі адукацыі.

       Колькасць беларускіх газет і часопісаў скарачалася. Калі у 1927 г. легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1939 г. - 8. Зачыняліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю. Служачыя і рабочыя беларускай, украінскай, літоўскай і яўрэйскай нацыянальнасцей на чыгунцы, камунальных прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах замяняліся палякамі, якія прысылаліся найчасцей з цэнтральных раёнаў Польшчы.

       Адной з праяў нацыянальнага ўціску была рэлігійная нецярпімасць польскага ўрада да праваслаўнага насельніцтва Заходняй Беларусі. З пяцісот існаваўшых у краі праваслаўных цэркваў да 1924 г. больш за 300 былі пераўтвораны ў касцёлы. Каталіцкае польскае духавенства стала дзейсным сродкам паланізацыі насельніцтва.

       Сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці вызначалі характар і мэты нацыянальна-вызваленчага руху. Актыўнымі сіламі яго былі дэмакратычная інтэлігенцыя, частка рабочага класа і сялянства. Сярод яго ўдзельнікаў было нямала тых, асабліва з бежанцаў, хто прымаў удзел у рэвалюцыях 1917 г., а потым у грамадзянскай вайне і вярнуўся ў Заходнюю Беларусь пасля падпісання Рыжскага дагавора.

       Пры падтрымцы СССР і Літвы (Літва не магла дараваць Польшчы анексію Віленскага края) у першай палове 1920-х гадоў нацыянальна-вызваленчы рух набыў пераважна ўзброеную партызанскую форму барацьбы. Ужо з лета 1921 г. пачалі ўзнікаць падпольныя і партызанскія арганізацыі. На Беласточчыне і Гродзеншчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе лідэры заявілі аб непрызнанні Рыжскага дагавора. ЦК БПС-Р у красавіку 1921 г. прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўсенароднага ўзброенага паўстання на тэрыторыі Заходняй Беларусі і летам 1921 г. стварыў Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт. На Палессі, Навагрудчыне і Віленшчыне партызанскі рух разгортваўся пад кіраўніцтвам камуністаў. Грошы, зброю і літаратуру дастаўлялі нелегальна з Мінска, з фондаў КПБ(б). Найбольш вядомымі кіраўнікамі партызанскай барацьбы былі К. Арлоўскі. С. Ваўпшасаў, В. Корж, А. Рабцэвіч і інш. Асноўнымі аб'ектамі нападаў партызан былі памешчыцкія маёнткі, сядзібы асаднікаў і паліцэйскія ўчасткі, як узброеная апора польскіх уладаў на заходнебеларускіх землях. Паводле афіцыйных звестак урадавых колаў у 1922 г. зроблена 878, у 1923 г. - 503 партызанскія напады. Каб зламаць партызанскі рух, польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. З дапамогай засланых агентаў польская дэфензіва ў пачатку 1922 г. раскрыла эсэраўскія паўстанцкія структуры і правяла масавыя арышты ўдзельнікаў. Дзесяткі партызан былі расстраляны па прыгаворах ваенна-палявых судоў. Па загаду з Масквы восенню 1925 г. партызанскі рух быў спынены.

       Якасна новы этап у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху быў звязаны з выбарамі ў кастрычніку 1922 г. у польскі сейм. Блок нацыянальных меншасцей сабраў у Заходняй Беларусі 286 тыс. галасоў. 11 абраных дэпутатаў утварылі разам сеймавую фракцыю - Беларускі пасольскі клуб (БПК), дзейнасць якога была накіравана ў першую чаргу на адстойванне нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народа.

       У кастрычніку 1923 г. на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акруговых камітэтаў Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КРПП) была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна ўвайшла ў склад Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльна-аўтаномнай арганізацыі, сваёй праграмы і статута не мела. КПЗБ атрымлівала фінансавую і арганізацыйную дапамогу Савецкай Беларусі, аб гэтым сведчыць дзейнасць Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, функцыянаванне падпольнай школы ў Мінску па падрыхтоўцы кадраў для нелегальнай работы ў Заходняй Беларусі.

       Галоўным палітычным апанентам КПЗБ у асяродку нацыянальна-дэмакратычных сіл была Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), створаная ў маі 1917 г. З сярэдзіны 1920-х гг. яна стала найбольш уплывовай сярод беларускіх дэмакратычных партый. Яе ідэолагі і арганізатары Ф. Абрантовіч, Ад. Станкевіч, В. Гадлеўскі і іншыя адмаўлялі і капіталізм, і сацыялізм, прапагандавалі тэорыю самабытнасці развіцця беларускай нацыі, прынцып самавызначэння народаў, патрабавалі дэмакратычных свабод, права беларускага народа на самастойнасць, а таксама выступалі супраць аддзялення касцёла, як і царквы, ад дзяржавы.

Значным поспехам у згуртаванні левых сіл нацыянальна-вызваленчага руху ў краі з'явілася стварэнне летам 1925 г. Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), арганізацыі рэвалюцыйна-дэмакратычнага характару. Праграма БСРГ уключала патрабаванні поўнай свабоды сходаў і дзейнасці палітычных арганізацый, права свабоднага выбрання органаў самакіравання, перадачы памешчыцкіх і царкоўных зямель сялянам без выкупу, скасаванне асадніцтва, 8-гадзіннага рабочага дня, аплатнага водпуску і інш.

       Занепакоеныя ростам папулярнасці БСРГ сярод насельніцтва, польскія ўлады ў студзені 1927 г. арыштавалі кіраўнікоў Грамады Б. Тарашкевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, а таксама больш як 400 яе актывістаў. БСРГ была забаронена, сялян гвалтам прымушалі здаваць членскія білеты. Узмацніліся рэпрэсіі супраць іншых беларускіх кааператыўных і культурна-асветных арганізацый.

       У той жа час на развіццё нацыянальна-вызваленчага руху адмоўна паўплывала імкненне камуністаў фарсіраваць рэвалюцыйны працэс. ЦК КПЗБ у кастрычніку 1932 г. вызначыў у якасці асноўнай тактычнай лініі "папулярызацыю лозунга пра ўсеагульную забастоўку, прапаганду ўзброенага паўстання". Такая тактычная лінія выцякала з курса Камінтэрна на сусветную пралетарскую рэвалюцыю.

       У адпаведнасці з пагадненнем, заключаным паміж Польшчай і СССР па абмене палітзняволенымі, С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і іншыя кіраўнікі БСРГ у 1932 г. прыехалі ў БССР, дзе ў хуткім часе былі абвінавачаны ў "контррэвалюцыйнай змове і антысавецкай дзейнасці" і рэпрэсіраваны. Аднекуль з'явілася версія аб "засмечанасці" КПЗБ і КРПП, "агентамі польскай дэфензівы", у 1939 г. рашэннем Камінтэрна гэтыя партыі былі распушчаны.

Нацыянальна-культурны стан Заходняй Беларусі

Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Так, да 1938/39 навучальнага года ў заходнебеларускіх ваяводствах не было ніводнай беларускай школы (на 1919 г. іх было каля 400). Насельніцтва, якое валодала беларускай мовай, лічылася непісменным, пазбаўлялася выбарчых правоў. Навучанне вялося ў польскамоўных установах. На 1927/1928 навучальны год было 3,455 школ, дзе вучылася 292,9 тыс. вучняў і 85 гімназій (17,8 тыс. вучняў); на 1937/1938 навучальны год колькасць школ склала лічбу ў 4.421 (гэта 546,6 тыс. вучняў), гімназій – 54 (15,9 тыс. вучняў). Высокая плата за навучанне (220 злотых за год у гімназіі) абмяжоўвала магчымасці асветы.

Супраць гэтай сітуацыі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яно дзейнічала на працягу 1921-1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, Р.Шырма, П.Пестрак і інш. Яго сябры выступалі за беларускую школу, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. А 500 гурткоў арганізацыі аб’ядналі каля 30 тыс. членаў. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар "Беларускай граматыкі для школ" (1918 г.) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926-1936 гг.), беларускія гімназіі ў Вільні (1914-1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць “Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век – 1905 год” М.Гарэцкага (1922 г.), “Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)” І.Дварчаніна (1927 г.), падручнікі для беларускіх школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты (“Маланка”, “Шлях моладзі”, “Летапіс ТБШ” (“Беларускі летапіс”), “Беларуская крыніца” і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І.Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918–1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце актыўна ўдзельнічалі В.Ластоўскі, А.Станкевіч, Б.Тарашкевіч, браты Луцкевічы і інш.

У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб’яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе. У канцы 20-х – 30-я гады палітыка польскага ўрада канчаткова павярнулася да ліквідацыі беларускіх нацыянальных асяродкаў (выдавецтваў і выданняў, культурна-асветніцкіх арганізацый). У 1937 годзе ўлады забаранілі дзейнасць ТБШ.

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, які адзначаецца эмацыянальнай рэакцыяй на падзеі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў (М.Танк, В.Таўлай, М.Засім), а таксама рамантызмам і лірызмам (Н.Арсеннева, К.Сваяк, У.Жылка і інш.). Выяўленчае мастацтва адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я.Драздовіча (“Дух зла” і інш.), бытавымі палотнамі М.Сеўрука і П.Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г.Семашкевіч), карыкатурамі Я.Горыда. Сур’ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р.Шырма, г.Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных – хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні), рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К.Галкоўскім, Л.Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М.Забэйда-Суміцкім.

Аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

       Другая сусветная вайна змяніла ход гістарычных падзей. Яна адбывалася ва ўмовах новай расстаноўкi сiл у Еўропе. Дагавор аб узаемным ненападзе памiж СССР i Германiяй 23 жнiўня 1939 г. сведчыў, што вялiкiя краiны абышлiся з Польшчай прыкладна так, як калісьці тры манархіі з Рэччу Паспалітай. Вайна распачалася 1 верасня 1939 г. несправакаваным нападам Германіі на Польшчу. У абарону Польшчы выступілі Англія і Францыя, яны аб'явілі вайну Германіі. Аднак галоўныя ваенныя дзеянні ў верасні разгарнуліся на польскім тэатры вайны. Нямецкія генералы мелі шматразовую перавагу над палякамі ў танках, самалётах, артылерыі, жывой сіле. Дывізіі рэйха ўварваліся ў Польшчу з захаду і поўначы (з Усходняй Прусіі). Польскія войскі мужна абаранялі сваю краіну. Першымі героямі Другой сусветнай вайны сталі абаронцы Вестэрплятэ (пад Гдыняй), Млавы, Модліна, Варшавы.

       Сярод ваеннаслужачых польскай арміі на "крэсах усходніх" знаходзілася шмат рэзервістаў з ліку беларусаў, мабілізаваных яшчэ ў красавіку-чэрвені 1939 г. Па сведчанні польскіх крыніц беларусы праявілі мужнасць і адвагу ў баях пад Млавай, на ўзбярэжжы Гдыні, пры абароне Модліна і Хеля. Гераічнай старонкай удзелу беларусаў у нямецка-польскай вайне 1939 г. стала абарона Брэсцкай крэпасці. Абаронцы на чале з брыгадным генералам К. Плісоўскім адбілі 7 варожых атак. Аднак, калі былі вычарпаны запасы зброі, гарнізон крэпасці быў вымушаны пакінуць пазіцыі і адысці ў паўднёва-заходнім накірунку.

   Такім чынам, для беларусаў узброенае змаганне з нямецкімі войскамі пачалося амаль за два гады да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З 300 тыс. польскіх вайскоўцаў, што трапілі ў нямецкі палон, 40 тысяч назваліся беларусамі. Некалькі тысяч беларусаў у складзе польскіх ваенных часцей перабраліся на Захад у Францыю, Англію. Немалая іх колькасць апынулася на Захадзе разам з арміяй Андэрса. Беларусы прынялі актыўны ўдзел на франтах Заходняй Еўропы. Яны штурмавалі Монтэ-Касіна ў Італіі, вызвалялі Нарвегію і Францыю. Пасля заканчэння вайны адны з іх засталіся на Захадзе, другія вярнуліся ў Беларусь. Многія з гэтых мужных вайскоўцаў толькі ў 90-х гадах атрымалі баявыя ўзнагароды прызначаныя ім урадамі Польшчы і іншых еўрапейскіх дзяржаў.

       Згодна з дадатковым сакрэтным пратаколам, прыкладзеным да савецка-германскага пакта аб ненападзе, германскiя войскi не павiнны былi перасякаць устаноўленую мяжу па лiнii рэк Нарэў, Вiсла i Сан на выпадак ваеннага канфлiкту Германii з Польшчай. Гэта азначала, што Заходняя Беларусь, у т. л. Беластоцкае ваяводства, у выпадку акупацыi тэрыторыi Польшчы Германiяй павiнна была адысцi да БССР.

       Ва ўмовах, калі ўжо амаль усе жыццёва важныя цэнтры Польшчы былі заняты нямецкімі войскамі. Кіраўніцтва СССР патавіла задачу "пакласці канец прыгнёту працоўных Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, прадаставіць поўную бяспеку працоўным гэтых абласцей". Раніцай 17 верасня войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. Беларускі фронт налічваў больш за 200 тыс. салдат і афіцэраў. Войскам фронту супрацьстаяла 45 тысяч польскіх салдат і афіцэраў, з якіх прыкладна палова не была ўзброена і не зведзена ў канкрэтныя воінскія адзінкі. Урад Польшчы прызнаў, што стану вайны краіны з СССР няма. СССР таксама не аб'яўляў вайны Польшчы. Таму ў загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброеных сіл Польшчы маршала Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня 1939 г. польскім войскам прадпісвалася не ўступаць у баі з савецкімі воінскімі падраздзяленнямі, за выключэннем спроб раззбраення ці яўных баявых дзеянняў. Камандзіры польскіх часцей павінны весці перамовы "ў мэтах выхаду гарнізонаў у Румынію, ці Венгрыю".

       Большасць сялян, рабочых, рамеснікаў, інтэлігенцыі Заходняй Беларусі сустракалі Чырвоную Армію як вызваліцельніцу. Яшчэ да прыходу савецкіх вайсковых часцей у некаторых месцах ствараліся партызанскія атрады, адбывалася раззбраенне паліцыі, асаднікаў. У сёлах і мястэчках фарміраваліся рэўкамы, якія бралі ўладныя функцыі.

       Лёс краю вырашаўся ў Маскве. Аб гэтым сведчыць пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) ад 1 кастрычніка 1939 г. "Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны", якая складалася з 33 пунктаў. Пастанова абавязвала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы з выбарных, вызначала змест рашэнняў, якія павінны былі прымацца на сходах.

       Выбары ў Народны сход праводзіліся пры надзвычай высокай палітычнай актыўнасці насельніцтва краю. З юрыдычнага пункту гледжання гэта быў усенародны плебісцыт, пераважная большасць удзельнікаў якога выказалася ў падтрымку ўсталявання Савецкай улады, палітыкі правядзення радыкальных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, за ўз'яднанне беларускага народа ў адзінай нацыянальнай дзяржаве. У выбарах 22 кастрычніка было абрана 929 дэпутатаў, супраць галасавалі каля 10% выбаршчыкаў. Мелі месца выстаўленне кандыдатаў незалежна ад прапанаваных уладамі, спробы зрыву перадвыбарных сходаў.

Сярод абраных дэпутатаў Народнага сходу пераважалі былыя актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі: П. Пестрак, С. Прытыцкі, М. Серада, У. Царук і інш. Некаторыя з іх у якасці палітзняволеных правялі па 10 і больш гадоў у турмах Польшчы. Па сацыяльнаму складу сярод абраных дэпутатаў пераважалі прадстаўнікі сялянства - 563, рабочых - 197, інтэлігенцыі 112. Пасяджэнні Народнага сходу пачаліся 28 кастрычніка ў гарадскім тэатры Беластока ў святочнай атмасферы. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, народныя паэты Беларусі Я. Купала, Я. Колас. Па дакладу дэпутата С. Прытыцкага, якога польскія ўлады ў 1936 г. прыгаварылі да смяротнага пакарання, сход 29 кастрычніка адзінагалосна прыняў дэкларацыю аб уладзе. У ёй абвяшчалася аб устанаўленні савецкай ўлады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая будзе "належаць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных". Таксама адзінагалосна была прынята дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У ёй змяшчаўся зварот да Вярхоўных Саветаў СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і Беларускай ССР у мэтах "пакласці канец раз'яднанню беларускага народа".

       Нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета СССР на апошнім пасяджэнні 2 лістапада прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і аб'яднанні з БССР. Працэс юрыдычна-прававога афармлення прыняцця Заходняй Беларусі ў склад БССР быў завершаны 12 лістапада 1939 г. на нечарговай трэцяй сесіі Вярхоўнага Савета БССР.

       Тэрыторыя, якая ўвайшла ў склад Беларускай ССР, складала амаль 100 тыс. км2 з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. Вільня і віленскі край рашэннем маскоўскіх улад былі перададзены Літве у якасці платы за згоду на размяшчэнне на літоўскай тэрыторыі савецкіх войск.

Литература:

Ю. Грыбоўскі «Савецкія рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі (кастрычнік 1939 — чэрвень 1941 гг.»)

История Беларуси: Учебн. Пособие. П.И Бригадин, Л.А. Жилунович и др. – Мн., 1997.

150 пытанняу i адказау з гiсторыi Беларусi. -Мн., 1999.

Нарысы гiсторыi Беларусi частка 2. М.П. Касцюк i iнш. –Мн., 1995.

Гiсторыя Беларусi ад старажытнасцi да сучаснасцi. C.В. Паноу. –Мн., 2002.

Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мн., 1972. Т.3



Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. – Мн., 2000.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка