Заходжу я ў цёмныя храмы, Выконваю бедны абрад




Дата канвертавання12.05.2016
Памер92.74 Kb.
* * *

Заходжу я ў цёмныя храмы,

Выконваю бедны абрад.

Чакаю Цудоўную Даму

Ў мігценні чырвоных лампад.

Стаю за высокай калонай,

Чакаю, а сіл не стае,

У вочы глядзіць мне натхнёны

Толькі вобраз і сон пра Яе.

Прывык я да гэтае рызы

Велічнай Жонкі з сівой даўніны.

Высока бягуць на карнізы

Казкі, усмешкі і сны.

О, Святая, твой вобраз чароўны,

Знічкі свечак і водар густы!

Больш не чую я гоман няроўны,

Толькі веру: Мілая — Ты.

1902

***


Я гляджу на мяцеліцу зорную,

Загараюся іскрамі воч.

Што у зрэнках Тваіх, непаўторная,

Нашаптала мне сіняя ноч.


Нашапталіся казкі калматыя,

Варажыў загавораны луг

Пра Цябе, летуценні крылатыя,

Пра Цябе, мой загадкавы друг.


Я затканы снягоў павуцінаю,

Пацалункі — як доўгія сны.

Чую сэрца тваё лебядзінае,

Чую палкае сэрца вясны.


Варажы мне, Мядзведзіца зорная,

Чарадзейка-зіма, напрароч,

Што у зрэнках тваіх, непаўторная,

На чале тваім, сіняя ноч.


***

Дзеўчына пела ў царкоўным хоры

Пра ўсіх на чужыне змарнелых людзей,

Пра ўсе караблі. адышоўшыя ў мора.

Пра тых, што без радасці і надзей.

Так голас яе узлятаў аж пад купал,

I промень гарэў на плячы у яе.

I слухалі ў храме, асветленым скупа,

Як белае плацце у промні пяе.


I кожны паверыў, што радасць будзе,

Што ў ціхіх затоках усе караблі,

Што на чужыне змарнелыя людзі

Светла і добра ужо зажылі.


Салодкі быў голас, і цемра прамень не згасіла.

Высока, ля царскіх варот і лампад,

Тайну пазнаўшы, дзіця галасіла

Аб тым, што ніхто не прыйдзе назад.


НЕЗНАЁМКА

Увечары над рэстаранамі,

Калі спякотны дзень патух,

Кіруе воклічамі п'янымі

Вясновы і атрутны дух.
Здалёк над мітуснёй завулачнай,

Над смуткам загарадных дач,

Ледзь залаціцца крэндзель булачнай,

I чуецца дзіцячы плач.


I кожны вечар за шлагбаўмамі,

Заломваючы кацялкі,

Паміж канаў гуляюць з дамамі

Дасціпныя жартаўнікі.


Над возерам рыпяць уключыны,

I чуецца жаночы ціск,

А ў небе, да ўсяго прывучаны,

Скрывіўся адзінокі дыск.


I кожны вечар, як па звычаю,

Мой друг у шклянцы прамільгне

I пеннай, даўкай, таямнічаю

Аглушыць вадкасцю мяне.


А каля столікаў гадзінамі

Лакеі сонныя тырчаць,


I п'яныя з вачмі трусінымі

«In vino veritas» крычаць.


У пэўны час, якога прагнуў так

(Ці гэта толькі сніцца мне?),

Дзявочы стан, у шоўк зацягнуты,

Плыве ў задымленым акне.


Павольна пройдзе паміж п'янымі,

Як і раней, заўжды адна,

Дыхне духамі і туманамі

I сядзе зноў каля акна.


Павеюць колішняй аздобаю

Яе пярсцёнкі, і шаўкі,

Капелюшок, пяро з жалобаю,

Празрыстасць вузкае рукі.


Прыкуты, як да самай блізкае,

За вэлюмам лаўлю пагляд,

Чароўны бераг тонкай рыскаю

За дзіўны вабіць далягляд.


Мне таямніцы ўсе даручаны,

Належыць сонца мне даўно.

Сваёй душой, да болю змучанай,

Я зведаў горкае віно.


Зноў пёры страуса замглёныя

У памяці маёй плывуць,

I вочы, сінія, бяздонныя,

На дальнім беразе цвітуць.


Ад скарбаў, што ў душы схаваныя,

Ключы належаць толькі мне.

Сцвярджае зноў пачвара п'яная:

Я знаю: ісціна ў віне.

1906

* * *

Аб доблесцях, аб подзвігах, аб славе

Я на зямлі пакутнай забываў,

Калі твой твар у просценькай аправе

Перада мной на століку заззяў.
Час надышоў, ты раптам знікла з дому.

Я ў ноч пярсцёнак кінуў свой хутчэй.

Ты лёс дзяліла з некім невядомым.

I я забыў святло тваіх вачэй.


Ляцелі дні, мільгалі клятым роем...

Віно душу нявечыла маю...

I ўспомніў я цябе прад аналоем,

Шукаў цябе, як маладосць сваю.


Цябе я клікаў,— ты не паглядзела,

Я слёзы ліў,— няўмольнай ты была,

Ты сіні плашч, самотная, надзела

I з дому ў ноч вільготную пайшла.


Не ведаю, дзеля сваёй гардыні

Дзе ты прытулак, любая, знайшла.

Я моцна сплю, мне сніцца плашч твой сіні,

Калі ты ў ноч вільготную пайшла...

Не мару аб пяшчотах і аб славе,

Усё мінула, маладосць прайшла!

Тваё аблічча ў просценькай аправе

Сваёй рукой прыняў я са стала.


***


Русь мая, доля мая неадольная,

Цар, ды Сібір, ды Ярмак, ды турма!

Ці ж не пара разлучыцца, каб вольнае

Сэрца адчула, што цемры няма?


Ведала ты? Ці ты богу паверыла?

Што там пачуеш у песнях тваіх?

Чудзь начудзіла, ды Мера намерала

Грэбляў, дарог ды слупоў верставых...


Лодкі ды зрубы на рэках рубіла ты,

Хоць да святыні ў Царград не дайшла...

Сокалаў, лебедзяў скрозь распусціла ты,

Слалася чорная ў стэпах імгла...


За Чорнае мора і нават за Белае

Ў чорныя ночы і ў белыя дні

Дзіка глядзіцца аблічча знямелае,

Вочы татарскія, быццам агні...


Цягнецца ціха чырвонае зарыва

Кожнаю ноччу над станам тваім...

Што ж ты маячыш, санлівае марыва?

Цешышся духам раскутым маім?



1910
НА ЧЫГУНЦЫ

Марыі Паўлаўне Івановай
Ляжыць пад насыпам, за пусткаю,

Глядзіць у неба, як жывая,

Накрытая квяцістай хусткаю,

Прыгожая і маладая.


Даўней ішла хадой імкліваю,

Пачуўшы свіст і горкі вецер,

I хвалявалася, шчаслівая,

Каля чыгуначнай павеці.


Тры зыркія агні каціліся,—

Палалі шчокі, віўся локан:

Каб пасажыры ёй дзівіліся

I ўважліва глядзелі з вокан...


Ішлі вагоны роўнай лініяй,

Пагойдваліся і рыпелі;

Маўчалі жоўтыя і сінія,

Ў зялёных плакалі і пелі.


За шыбамі стаялі, сонныя,

I добра бачылі з вагона

Яе, кусты, дажджом замглёныя,

Жандара на канцы перона.


Гусар аднойчы, з жоўтай цэшкаю,

За аксаміт рукой трымаўся,

Ёй ветлай адказаў усмешкаю,

I далей поезд паімчаўся.


Так і юнацтва праімчалася

У летуценнях і навалах,

Туга жалезнаю здавалася

I болем сэрца надрывала…


Ды што — даўно ўжо сэрца вынята!

Адбіта шмат зямных паклонаў,

Паглядаў многа прагных кінута

У пустату начных вагонаў...


Не падыходзьце к ёй вясёлымі

На страшнай здзірванелай кручы:

Каханнем, брудам або коламі

Яна раструшчана — балюча!



1910


***

О, я жадаю прагна жыць:

Усё жывое ўвекавечыць,

Бяздушнае — ачалавечыць,

Нязбытнае — ажыццявіць.

Няхай жыццёвы сон назолай

Гняце, хай задыхнуся ў сне,—

Магчыма, што юнак вясёлы

Калісьці скажа пра мяне:

Даруем змрочнасць,не за тое

Яму нялёгка так было.

Увесь ён зліўся з дабратою,

Увесь ён воля і святло.

1914
САЛАЎІНЫ САД (урывак)

1

Я ламлю спластаваныя скалы



Ў час адліву на глеістым дне,

Іх кавалкі асёл перапалы

На калматай цягае спіне.

Данясем, пакладзем ля дарогі

I — да мора, за колішні мол

Нас вядуць валасатыя ногі,

I крычаць пачынае асёл.

Рады ён і крычыць галасіста,

Што вяртаецца ўлегцы назад.

Каля самай дарогі — цяністы

I заглухлы раскінуўся сад.

Праз паркан навісаюць галіны,

Нахіляюцца ружаў кусты,

Разліваецца спеў салаўіны,

Шапацяць ручаі і лісты.

Крык асла ўсё часцей раздаецца

Каля брамы садовай якраз,

Нехта там і пяе, і смяецца,

I знікае ў альтанцы не ў час.

Толькі слухаю голас пяшчотны,

Паганяю да мора асла

I гляджу, як на бераг спякотны

Асядае густая імгла.
2

Дзень гарачы знікае бясследна,

Цемра ночы паўзе праз кусты,

I асёл мой здзіўляецца бедны:

«Ну, чаго замаркоціўся ты?»

Розум мой пачынае муціцца,

Думкі блытае спеў салаўёў,

Мне жыццё невядомае сніцца,

I маё, і зусім не маё...

Ну чаго я ў хаціначцы цеснай

Памнажаю пакуты свае,

Паўтараю дзівосныя песні,

Што за брамаю нехта пяе?

Не даходзяць ні стогны, ні енкі

У той сад праз высокі паркан,

Дзе у змроку бялее сукенка

I мільгае, як воблачка, стан.

Кожны вечар у сінім тумане

Я іду да варот, як у сне.

Гэта вабіць яна на спатканне

I спявае, і кліча мяне.
У прываблівых тых парываннях

Я забытае нешта лаўлю,

Пачынаю любіць хваляванні.

І паркан недасяжны люблю.



………………………………


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка