Загадка чалавека мікола Матукоўскі




Дата канвертавання17.03.2016
Памер119.56 Kb.
ЗАГАДКА ЧАЛАВЕКА

Мікола Матукоўскі
Спрадвеку самай вялікай і таямнічай загадкай быў чалавек. Стагоддзя імкнуцца філосафы, мастакі, пісьменнікі разгадаць яе. Але, відаць, колькі будзе жыць чалавецтва, столькі будзе існаваць і гэтая загадка, вытканая самой прыродай з такіх парадоксаў, процілегласцяў, фарбаў, што кожны дзень дзесяткі, сотні мільёнаў людзей ідуць у тэатры, кіно, бяруць у рукі кнігі, гадзінамі сядзяць каля тэлевізараў, каб разабрацца ў ім, чалавеку.

Ну, а калі гэта не проста чалавек, а талент? Загадка робіцца яшчэ больш прывабнай і таямнічай. Чаму? Чаму ён бачыць тое ж самае, што і мы, але не так, як мы, а інакш? Сто разоў ты безуважліва праходзіў, сто разоў бачыў і чуў гэта і раптам — цуд, найвялікшае адкрыццё! I жыццё тваё адразу робіцца цікавейшае і багацейшае. I зрабіў гэта талент адным дотыкам...


Пра яго кажуць рознае. Адны лічаць яго нейкім злосным, сярдзітым чалавекам, другія — добрым і чулым, трэція — проста дзіваком. А які ён на самой справе — Андрэй Макаёнак? Адказаць адназначна немагчыма. Ён можа быць і злосны, добры, і чулы—у залежнасці ад абставін і ад таго, з кім мае справу. Відаць, такая зайздросная шматграннасць характару ідзе ад прафесіі. А прафесія гэтая...

Калісьці В. Бялінскі назваў драму паэзіяй у самым высокім сэнсе гэтага слова. У такім выпадку—сёння гэта разумеюць ужо амаль усе—камедыя ды яшчэ сатырычная — вяршыня таго, што В. Бялінскі з поўнай на тое падставаю і з глыбокім разуменнем драматычнага мастацтва называў высокай паэзіяй.

Майстэрства сатырыка-камедыёграфа нагадвае прафесію эквілібрыста, які “працуе” на вачах у гледачоў без усялякай падстрахоўкі. Празмерна асцярожнічаеш — не толькі не смешна: якая ж без смеху сатыра? — але нават і трохі няёмка за «эквілібрыста». Не хапае духу—не лезь наверх! Забыўся пра асцярожнасць, захапіўся празмерна і... Страхоўкі ж няма!

Я ўкладваю ў гэта не толькі чыста мастацкі сэнс. Сатыра—гэта заўсёды прыгавор некаму і нечаму. I вельмі важна, каб ён заўсёды быў прыцэльна скіраваны па адрасу і заўсёды быў справядлівы... Аднойчы грамадзянін Арыстафан напісаў камедыю «Воблакі», дзе паказаў грамадзяніна Сакрата (Сакрата!) смешным, неразумным філосафам, што стварае новых багоў і намагаецца правесці ў жыццё новыя прынцыпы выхавання моладзі, якія (прынцыпы) нібыта несумяшчальныя з патрабаваннямі грамадства. Праз дваццаць чатыры гады афіняне на падставе абвінавачванняў, якія былі прад'яўлены Сакрату ў «Воблаках», прыгаварылі апошняга да... пакарання смерцю. Вось вам і камедыя.

I тым не менш Андрэй Макаёнак... піша сатырычныя камедыі. Вось і сёння ў дзесятках тэатраў краіны ідуць адразу чатыры яго п'есы: «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал», «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык». I ўсе чатыры—сатырычныя камедыі...

Сядзім побач ужо трэцюю гадзіну запар. Спрабую браць «сур'ёзнае» інтэрв'ю не атрымліваецца.

— Ведаеш, што такое смех?—раптам пытае ён. — Гэта ж самы магутны рухавік і паскаральнік прагрэсу, усё адно што кіруемая тэрмаядзерная рэакцыя! Калі грамадства вагаецца, выбіраючы сродкі ўздзеяння, яно накіроўвае туды сатырыка з пяром-скальпелем. У адрозненне ад хірурга, ён працуе без наркозу, але той боль, які ён наносіць грамадскаму арганізму—гаючы боль, неабходны. Сатыра— вельмі горкая, але карысная, неабходная мікстура.

Тэарэтыкі камедыі сцвярджаюць, і я, практык, згодны з імі, што прыйдзе час, калі грамадства рашуча адмовіцца ад некаторых мер перавыхавання, пакінуўшы самы дзейсны, самы грозны і ў той жа час самы гуманны сродак грамадскага ўздзеяння на чалавека—смех.

Жыццё—гэта няспынная барацьба дабра са злом. А што можа быць больш страшнае і гібельнае для зла, чым адзін толькі той факт, што яно ўжо ўбачана, разгледжана, высмеяна, публічна асвістана? Прымусіць чалавека засмяяцца з бога Апіса, значыць... значыць, расстрыгчы яго са святога сану ў простыя, звычайныя быкі. Ты не памятаеш, хто гэта вельмі трапна сказаў: смех расхістваў каралеўскія і царскія троны, садзейнічаючы рэвалюцыйным пераўтварэнням грамадства?

— Герцэн...

— А ўспомні Дантэ, Свіфта, Рабле, Эразма Ратэрдамскага, Гогаля, Салтыкова-Шчадрына! Ці вазьмі «Карабель дурняў» Себасцьяна Бранта.

I чытае па памяці:

Что было встарь недопустимо,

Теперь терпимо, даже чтимо!


Считалось ведь не без причин,

Что борода—краса мужчин.

А ныне, кроме деревенщин,

Не отличишь мужчин от женщин:


На всех помада и румяна


(Раб моды—та же обезьяна!)

— Хіба гэта не пра сённяшні дзень сказана? А напісана, напісана калі? У 1494 годзе! Амаль пяцьсот гадоў назад!

— Чакай, чакай, Андрэй Ягоравіч... Усе, каго ты назваў зараз, жылі і пісалі ў той час, калі сапраўды трэба было «расхістваць трон».

— Правільна! Цяпер у сатыры зусім іншае сацыяльнае прызначэнне: сцвярджаць станоўчыя ідэалы шляхам адмаўлення негатыўных. Сцвярджэнне праз адмаўленне! Вядома ж, станоўчага ў нас у дзесяткі, сотні разоў больш, чым адмоўнага. Але... Чым ярчэй свеціць сонца, тым больш прыкметнымі робяцца розныя плямы і плямкі. Пры суцэльнай шэрасці іх бы проста ніхто не заўважыў. Важнейшы паказчык дэмакратычнасці дзяржавы, грамадства, грамадскага здароўя—сатыра.

— Прабач, Андрэй Ягоравіч, Карл Маркс трохі інакш сказаў: узровень сатыры сведчыць аб узроўні дэмакратыі ў грамадстве!

— Іменна гэта я і меў на ўвазе. Калі грамадства дазваляе сабе смяяцца, жартаваць з уласных недахопаў, значыць, яно моцнае грамадства, значыць, яно верыць у свае прынцыпы, ідэалы, верыць у сваіх грамадзян! Боязь сатыры, і як сведчыць гісторыя,—найпершая прыкмета слабасці. Ва ўсе часы сатыра каралася, як найвялікшая крамола. I толькі ў нас, у сацыялістычным грамадстве, яна набыла правы грамадзянства.

— Я б сказаў больш: прынята дзяржавай, партыяй на ўзбраенне. Проста немагчыма ўявіць, каб у капіталістычнай краіне сатырык, роўны Андрэю Макаёнку, быў бы дэпутатам парламента, каб у 50 гадоў яго ўзнагародзілі ордэнам, прызначылі рэдактарам часопіса, пасылалі ў замежныя паездкі...

Ён смяецца.

— А што? Сапраўды, гэта і ёсць дзяржаўная, партыйная падтрымка сатыры! Успомні іншае... На кожным партыйным з'ездзе ці пленуме, дзе гутарка заходзіць пра літаратуру, пра яе вялікую ролю ў выхаванні чалавека, абавязкова падкрэсліваецца неабходнасць развіцця ўсіх форм крытыкі і самакрытыкі. У тым ліку і сатыры. I не проста падкрэсліваецца, а прама ўказваецца, што сатырыкі не павінны разменьвацца на дробязі, як кажуць, страляць з гармат вялікага калібру па вераб'ях, а працаваць буйна, праблемна! I тым самым садзейнічаць камуністычнаму будаўніцтву, выхаванню чалавека высокай маралі, высокай грамадзянскасці.

— Усё гэта правільна, Андрэй Ягоравіч, але мы з вамі недаравальна пакрывілі б душой, зрабіўшы выгляд, што ў нас увогуле не існуе праціўнікаў сатыры. Пагадзіцеся, што сярод некаторай часткі гледачоў, крытыкаў, тэатральных работнікаў існуе нейкая насцярожанасць у адносінах да сатыры...

— Дадай сюды—і сярод некаторай часткі чыноўнікаў ад мастацтва, якія нібыта хочуць абараніць грамадства ад «ачарніцельства»!

— Вось-вось! Чым ты гэта можаш растлумачыць, калі і дзяржава і партыя за сатыру?

— Мне думаецца, што гэтая насцярожанасць, падазронасць да сатыры паходзіць ад няправільнага разумення функцый мастацтва, у тым ліку і сатыры. Гэтыя людзі хацелі б бачыць у кожным творы мастацтва інструкцыю, што трэба рабіць, а што не трэба. А ў мастацтва сваё прызначэнне, і прырода яго зусім не акая, як, скажам, у публіцыстыкі. Драматург не вырашае і не можа вырашаць праблемы. Ён прыцягвае да іх грамадскую ўвагу, звяртаецца да нашых пачуццяў, сэрцаў, падказваючы адзін з магчымых шляхоў вырашэння праблемы. Вырашаць праблемы павінны зусім іншыя інстанцыі. Гэта ўжо не сфера мастацтва.

Калі я напісаў п'есу «Лявоніха на арбіце», многія крытыкі папракалі мяне за адрыў ад грэшнай рэчаіснасці. Маўляў, у нас яшчэ многа іншых праблем, ты ўжо хочаш, каб калгаснікі адмаўляліся ад асабістай жывёлы, ад прысядзібных участкаў. А, між іншым, у п'есе размова ішла аб шкодзе прыватнаўласніцкай псіхалогіі, аб тым, як гэта сумна, калі ў чалавеку “маё” бярэ верх над “нашым”.

— Іншы раз прыходзіцца сустракаць крытыкаў, якія, паглядзеўшы сатырычніую камедыю, аўтарытэтна, безапеляцыйна заяўляюць: у жыцці так не бывае! Занадта вы ўсё завастрылі і загіпербалізавалі! Гэта што, прататыпы вашых герояў, якім не хочацца пазнаваць сябе ў сатыры?

- Каб жа толькі яны! Але і людзі, якія не разумеюць прыроды мастацтва! А яно ўсё цалкам трымаецца на «перабольшванні» і «завастрэнні». «Редкая птица долетит до середины Днепра...» Што гэта, калі не гіпербала? Але мы ўспрымаем яе, яна ніколькі не бянтэжыць нас, не шакіруе! Або вось яшчэ: «Я помню чудное мгновенье, передо мной явилась ты, как мимолетное виденье, как гений чистой красоты...» Гіпербала, ад якой звіняць усе струны душы. Вядома, звіняць у таго, хто любіць і разумее паэзію, разумее прыроду мастацкай гіпербалы.

Гіпербала, завастрэнне, гратэск, а часам і адкрыты фарс—соль сатыры, соль камічнага. Падкрэсліваючы, утрыруючы адну з рысаў камедыйнага характару даводзячы яе да абсурду, аўтар тым самым выказвае свае адносіны да героя. Вельмі добра і трапна сказаў пра гэта ў сваім артыкуле, які быў апублікаваніі ў «Правде» 31 сакавіка 1972 года, В. Плучак: «Дакараць яе (сатыру) за гэта - ўсё роўна, што крытыкаваць мікраскоп за тое, што ён вельмі «перабольшвае памеры мікроба, а не паказвае яго ў натуральную велічыню. Мікроб трэба убачыць, інакш з ім немагчыма змагацца». Разумееш, мікроб трэба ўбачыць і не проста ўбачыць, а добра такі разглядзець. Разглядзець самому і паказаць яго гледачу.

Не памятаю дакладна, але Максім Горкі пра праўду жыцця і праўду мастацва сказаў, што гэта не адно і тое ж.

— Ён сказаў, што факт жыцця—гэта жывая курыца, а факт мастацтва—гэта тая ж курыца, але толькі абскубеная і звараная.

— Ну, вядома, такіх закончаных ідыётаў, як галоўначпупс Пабеданосінаў, у прыродзе не існавала і не магло існаваць—гэта характар, даведзены да абсурду. Памятаеш? «Не могла себе даже хахалей найти сообразно моему общественному положению!..» Памятаеш яго адказ рэжысёру?.. «Действия?! Какие такие действия? Никаких действий у вас быть не может. Ваше дело показать, а действовать, не беспокойтесь, будут без вас соответствующие партийные и советские органы... Надо показывать светлые стороны нашей действительности. Взять что-нибудь образцовое, например, наше учрежденне, в котором я работаю, или меня, например...» Канкрэтнага, рэальнага Пабеданосікава не было, а колькі бюракратаў пазнала ў ім сябе. Дзякуючы гіпербале, гратэску.

— Я згодзен з табой, Андрэй Ягоравіч. Мастацтва—гэта актыўнае творчае адлюстраванне рэчаіснасці. Праўдзівы вобраз у мастацтве не тоеснасць, а адэкватнасць жыццёвай з'явы. «Меднага конніка» не існуе, існуе бронзавы. Але Пушкін не пабаяўся назваць яго іменна медным. Мцыры ніяк не мог уступіць у бойку з барсам, паколькі на Каўказе барсаў ніколі не было і няма, там ёсць мядзведзі. Але Лермантаў узяў усё ж не мядзведзя, а барса...

— Ну што ты! Паэмы не было б з мядзведзем!

— Згодзен, не было б. I такой нізкай столі, якую мы бачым у карціне «Меншыкаў у Бярозаве» таксама не магло быць...

— А зрабіў бы Сурыкаў яе трохі вышэй, і прапаў бы самы галоўны эфект карціны—змрочная, прыгнечаная атмасфера!

— Андрэй Ягоравіч, а як ты ставішся да спрэчак драматургаў і крытыкаў аб суадносінах «станоўчага» і «адмоўнага» ў сатырычнай камедыі?

— Ха! Каб жа толькі драматургі і крытыкі пра гэта спрачаліся! Я ж асабіста тут не бачу аніякага прадмету для спрэчак, паколькі ў мастацтве няма застылых канонаў, прапорцый і гатовых рэцэптаў. Мастацтва кожны раз—адкрыццё. А потым, я лічу падзел людзей на «станоўчых» і «адмоўных» глыбока памылковым. Людзі ўсе шматколерныя, адной або дзвюма фарбамі героя не намалюеш.

Аднойчы адзін мой знаёмы сказаў мне: чаму ў тваіх камедыях так многа адмоўных герояў? А колькі трэба, пытаюся. Ну хоць бы, кажа, адзін да аднаго, а яшчэ лепей—адзін да трох, на аднаго адмоўнага, скажам, тры станоўчыя. Вось тады б суадносіны сіл у камедыі адпавядалі б суадносінам сіл у жыцці.

— I што ты яму на гэта адказаў?

— Я сказаў яму: «Значыць, ты лічыш, што з 250 мільёнаў жыхароў Савецкага Саюза 188 мільёнаў—станоўчыя, нармальныя людзі, а 62 мільёны—нягоднікі?» Пабег ад мяне, нават не развітаўшыся... Бачыш, наколькі небяспечная рэч арыфметыка ў мастацтве. Небяспечная і непатрэбная.

Меркаваць аб грамадстве па аднаму твору мастацтва, тым больш сатырычнаму,—нельга. Абагульненні тут не падыходзяць. Любы твор, нават самы таленавіты, раскрывае толькі адну з'яву ці комплеке блізкіх з'яў. Намаляваць агульную карціну жыцця грамадства можа толькі ўся літаратўра, усё мастацтва.

— Хачу ўдакладніць адну дэталь, Андрэй Ягоравіч. Для мяне асабіста гэта вельмі важна... Значыць, ты лічыш, што магчыма і такая камедыя, дзе ўсе дзеючыя асобы—адмоўныя?

— Ну, вядома! Хіба не можа быць, скажам, сатырычнай камедыі пра шайку злоўленых за руку злодзеяў, калі іх жыццё нагадвае вайну скарпіёнаў? Галоўнае ў сатырычнай камедыі не «арыфметыка», не «правільныя» суадносіны «станоўчых» і адмоўных» герояў, а пазіцыя аўтара, рэжысёра, тэатра. У імя чаго напісана п'еса? Што яна адмаўляе і што сцвярджае? Ніхто ж не стане сур'ёзна даказваць, што «Лазня» Маякоўскага... прапагандуе бюракратызм толькі таму, што галоўным героем яе з'яўляецца Пабеданосікаў! Галоўны герой сатырычнай камедыі—гэта смех, смех, які знішчае, ачышчае і ўзвышае.

Сатырык жа — не пабочны назіральнік, не выскаляка, не ачарніцель (а іменна такімі “ачарніцелямі” нас, сатырыкаў, хочуць зрабіць ваяўнічыя абывацелі!), ён баец, грамадзянін. У яго, як і ў пісьменніка, які піша «станоўчыя» творы, адна задача: садзейнічаць прагрэсу ў сваім грамадстве, выхоўваць чалавека, рабіць яго больш моцным, мужным, сумленным, высакародным. Працуючы сваімі спецыфічнымі сродкамі, высмейваючы глупства, хлусню, бюракратызм, кансерватызм, грамадзянскую пасіўнасць, абыякавасць, мяшчанства (а хто скажа, што гэтых заганаў у нас ужо зусім няма?), сатырык сцвярджае нашы, савецкія, камуністычныя ідэалы. Яго творчасць максімальна класавая па пазіцыі. Інакш кажучы, дабро павінна быць з добрымі кулакамі. Інакш яно не вытрымае барацьбы са злом.


  • Значыць... трэба падтрымліваць усякую сатыру?

— Э, не!.. Я гэтага не сказаў. У апошні час у нас з'явілася шмат ілжэкамедый, камедый-пустышак. На жаль, яны, як правіла, зроблены людзьмі вопытнымі ў драматургіі, па-рамесніцку пісьменна. Некаторыя з гэтых аўтараў паставілі драматургію на канвеер,—каб толькі як мага хутчэй і як мага больш! Бываюць у іх камедыі і нават смешныя, і дасціпныя, я ж кажу, што робяць іх неблагія рамеснікі. А прыгледзішся да іх сатыры больш пільна—і бачыш, што там самая галоўная праблема... цвік у абцасе абывацеля. Не, я не супраць гумару, ўсмешкі і пацяшальнай камедыі. Але і яна павінна несці вялікую думку, а не казытаць нервы абывацеля, заманьваючы гледача прывабным словам «камедыя». Без высокай думкі няма і не можа быць мастацтва!

Увогуле, павінен сказаць, што роля драматурга ў наш час выключна адказная. Кожны вечар тысячы чалавек прыходзяць паслухаць і паглядзець цябе. А ці маеш ты права адбіраць у тысяч людзей тры гадзіны дарагога вячэрняга часу, тры гадзіны іх жыцця? Што ты ім прапануеш? Якія думкі і праблемы? Ці цікавы ты ім як асоба, як грамадзянін, як мастак?.. Сучасны чалавек вельмі складаны, адукаваны, культурны, прапісныя ісціны яму не патрэбны. Каб даць максімум таго, што павінна даваць чалавеку вялікае мастацтва, пісьменніку трэба спусціца ў такія глыбіні чалавечай душы і здабыць там такое!.. Калі падумаеш пра гэта, проста страшна робіцца за сябе: а ці здольны ты на гэта?..

I вось тут я задаў яму гэтае пытанне... Я спытаўся пра тое, што, на маю думку, павінна было хоць крыху растлумачыць «загадку Макаёнка».

— Андрэй Ягоравіч, што ты лічыш галоўным для сябе, як для драматурга, як для пісьменніка ўвогуле?

На ўсе пытанні ён адказваў адразу, не задумваючыся. А вось тут задумаўся, устаў, прайшоўся па пакоі, пастаяў каля кніжных паліц і зноў вярнуўся да стала.

— Вочы і душу дзіцяці... Дзіцячую наіўнасць, дзіцячую цікаўнасць да ўсяго. Дзіцячае здзіўленне і захапленне. I абурэнне таксама. Вось захаваць гэта ў сабе да канца дзён сваіх—самае галоўнае для пісьменніка, кім бы ён ні быў— паэтам, празаікам або драматургам...

I я адразу зразумеў, чаму ён напісаў «Зацюканага апостала», якога я лічу пакуль што вяршыняй усёй яго творчасці (у той час, як не цалкам магу прыняць яго «Трыбунал», нягледзячы на мільён хвалебных рэцэнзій!) Ён проста не мог яго не напісаць. Калі б галоўным героем «Зацюканага апостала» быў не Малыш, не дзіцё, а дарослы чалавек, п'еса стала б элементарнай агіткай на тэму: «Распад і загніванне праклятага капіталізму на прыкладзе адной звычайнай сям'і прыстойнага, у меру багатага буржуа».

Не! Ён прымусіў нас, вопытных, спакушаных, умудроных веданнем жыцця (выбух інфармацыі!), зірнуць на гэты страшны, пачварны свет светлымі вачыма дзіцяці. I мы ўбачылі не проста яшчэ адну гісторыю яшчэ адной сям'і «адтуль, з таго боку» і на яе тыповым прыкладзе—сённяшні і заўтрашні дзень капіталістычнага грамадства. Мы ўбачылі трагедыю Сумлення, несумяшчальнасць Сумлення з тым светам. Больш таго—мы ўбачылі смерць Сумлення, трагічную і страшную. I драматург і тэатр зрабілі гэта проста выдатна. Я бачыў «Зацюканага апостала» і ў тэатры імя Я. Купалы, і ў тэатры Сатыры і мушу сказаць, шга параўнанне не на карысць славутага маскоўскага тэатра...

У той вечар мы многа гаварылі пра яго замежныя паездкі. А ён двойчы быў у Амерыцы, а таксама на Кубе, у Гане, В'етнаме, Манголіі, Іране, Балгарыі, Югаславіі, Іспаніі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Венгрыі. I як гэта цудоўна што ў чалавека і на шостым дзесятку жыцця захаваліся дзіцячыя вочы, дзіцячая душа, святая дзіцячая наіўнасць!.. Гэта нельга перадаць, гэта трэба было чуць, як ён гаварыў:

— Ты разумееш... Адзін «Фантом» каштуе пяць мільёнаў долараў, якраз столькі, колькі першакласная бальніца з навейшай медыцынска-тэхнічнай «начынкай»! Адзін іх ракетаносец—512 мільёнаў долараў! А навошта? Навошта ўсё гэта?.. Супраць нас? Абсурд!

Далей адбылося нечаканае і для мяне, і, відаць, для яго таксама. Я ведаю, як не любяць пісьменнікі расказваць пра свае няскончаныя творы, як баяцца, каб не «сурочылі». А ён раптам сказаў:

— Ладна. Так і быць... Слухай...



I пачаў чытаць новую, яшчэ не закончаную п'есу. Яшчэ і зараз я знаходшуся пад уражаннем пачутага, хоць часу з таго вечара прайшло ўжо шмат. Мне вельмі хацелася б расказаць чытачам «Маладосці», што гэта за п'еса і пра што яна, але... не маю права. Скажу толькі адно: калі п'еса (зноў камедыя і яшчэ якая!) будзе вытрымана на ўзроўні тых сцэн, якія я чуў, яна стане новым словам у савецкай драматургіі і па свайму незвычайнаму зместу, і па сваёй незвычайнай форме


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка