Загад Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання23.03.2016
Памер153.61 Kb.


ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад Міністра адукацыі

Рэспублікі Беларусь

ад 16.10.2014 № 779

Праграма ўступных іспытаў

па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі»

для асоб, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю,

для атрымання сярэдняй спецыяльнай

ці вышэйшай адукацыі І ступені,

2015 год


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА


Праграма ўступных іспытаў па гісторыі Беларусі для асоб, якія паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, якія завяршылі навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, складзена ў адпаведнасці са зместам вучэбных праграм па гісторыі Бела­русі са старажытных часоў да сучаснасці, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Паказчыкамі ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў з’яўляюцца за­сваенне тэарэтычнага, факталагічнага, у тым ліку храналагічнага, карта­графічнага, а таксама ацэначнага кампанентаў вучэбных гістарычных ведаў і адпаведных спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Ад абіту­рыентаў патрабуецца асэнсаванае аднаўленне факталагічных ведаў аб гістарычных падзеях і асобах з выкарыстаннем адпаведных гістарычных паняццяў і характарыстыкі ўдзельнікаў гістарычных падзей, авалодванне сістэмнымі цэласнымі ведамі па гісторыі Беларусі, разуменне асаблівас­цей дзяржаўна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, этнаканфесіяналь­нага развіцця беларускага народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры.



ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ АБІТУРЫЕНТАЎ


На ўступным іспыце абітурыент павінен у м е ц ь:

  • суадносіць гістарычныя з’явы і працэсы гісторыі Беларусі з адпа­веднымі з’явамі і працэсамі агульнаеўрапейскай гісторыі;

  • характарызаваць палітычнае становішча Беларусі на розных этапах гістарычнага развіцця;

  • характарызаваць і ацэньваць вынікі дзейнасці гістарычных асоб і творчасці дзеячаў культуры;

  • тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі фактамі;

  • сістэматызаваць і абагульняць гістарычныя факты, рабіць на гэтай падставе аргументаваныя высновы;

  • выкарыстоўваць змест гістарычнай карты;

  • параўноўваць гістарычныя факты па самастойна вызначаных крытэрыях;

  • канкрэтызаваць тэарэтычныя высновы і змест гістарычных паняццяў.

ЗМЕСТ ПРАГРАМЫ

1. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ СА СТАРАЖЫТНЫХ ЧАСОЎ

ДА СЯРЭДЗІНЫ ХІІІ СТ.



Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі ў эпоху каменнага, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў. Засяленне тэрыторыі Беларусі першабытнымі людзьмі. Заняткі і промыслы старажытных жыхароў. Спажывецкая гаспадарка. Супольнасці людзей каменнага веку. Пранікненне на тэрыторыю Беларусі індаеўрапейскіх плямён. Узнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. Пераход ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі. Роля металаў у жыцці старажытных людзей. Узрастанне ролі мужчынскай працы. Узнікненне маёмаснай няроўнасці. Уяўленні стара­жытных людзей аб навакольным асяроддзі. Міфалогія. Развіццё старажытнага мастацтва.

Насельніцтва беларускіх зямель у V — канцы ІХ ст. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі. Славяна-балцкае ўзаемадзеянне. Аб’яд­нанні ўсходніх славян на беларускіх землях: крывічы-палачане, дры­гавічы, радзімічы. Грамадскі лад усходніх славян. Утварэнне суседскай (сельскай) абшчыны. Язычніцкія вераванні і абрады.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст. Гаспадарчыя заняткі ўсходніх славян. Расслаенне грамадства. Даніна і палюддзе. Складванне феадальных адносін. Узнік­ненне і рост гарадоў. Рамесная вытворчасць і гандаль. Роля гарадоў у грамадскім жыцці.

Дзяржаўнасць усходніх славян. Княствы на тэрыторыі Беларусі. Старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян (Кіеўская Русь). Полацкае княства ў ІХ—ХІ стст. Узаемаадносіны Полацка з Ноўгарадам і Кіевам. Полацкая княжацкая дынастыя. Князь Усяслаў Брачыславіч. Княжацка-вечавы лад. Улада князя і яго абавязкі. Роля веча ў грамадскім жыцці. Раздробленасць Полацкай зямлі ў ХІІ — сярэдзіне ХІІІ ст., прычыны і вынікі. Тураўскае княства. Берасцейская зямля, Пасожжа і Панямонне.

Прыняцце і распаўсюджанне хрысціянства. Культура беларускіх зямель у ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст. Прычыны прыняцця хрысціянства. Язычніцтва і хрысціянства. Значэнне прыняцця хрысціянства для ўсходніх славян. Рэлігійна-асветніцкія дзеячы: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураў­скі. Пісьменнасць. Рукапісныя кнігі. Царкоўнае і абарончае дойлідства. Фрэскі. Помнікі прыкладнога мастацтва.
2. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ

Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІІІ — ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХVІ СТ.



Палітычная сітуацыя на беларускіх землях сярэдзіны ХІІІ ст. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Знешнепалітычныя ўмовы і сацыяльна-эканамічныя прычыны. Барацьба за ўмацаванне дзяржавы.

Унутрыпалітычнае становішча і знешняя палітыка ВКЛ у канцы ХІІІ — 70-я гг. ХІV ст. Умацаванне ўлады вялікіх князёў літоўскіх. Княжэнне Гедыміна. Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ пры Альгердзе. Адносіны з Тэўтонскім Ордэнам, Залатой Ардой, Маскоўскім княствам. Шляхі ўключэння беларускіх зямель у склад ВКЛ.

Вялікае Княства Літоўскае ў канцы ХІV—ХV ст.: унутраная і знешняя палітыка. Альгерд і Кейстут. Барацьба Ягайлы за вялікае княжанне. Узрастанне знешняй небяспекі. Крэўская унія. Вітаўт. Грунвальдская бітва: вынікі і гістарычнае значэнне. Супярэчнасці паміж групоўкамі феадалаў у ВКЛ. Змаганне паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам. Абранне Казіміра Ягайлавіча вялікім князем і яго палітыка.

Палітычнае становішча ВКЛ у першай палове ХVІ ст. Праўленне Аляксандра і Жыгімонта І Старога. Пашырэнне правоў паноў-рады. Стра­та ВКЛ першынства ў збіранні «рускіх» зямель. Адносіны з Вялікім Княствам Маскоўскім. Абарона ад набегаў крымскіх татар. Выступленне М. Глінскага. Супярэчнасці паміж магнатамі і шляхтай.

Дзяржаўны лад, органы ўлады і кіравання ў ВКЛ. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Вышэйшыя органы ўлады і дзяржаўнага кіравання. Вялікі князь. Рада і сойм. Абмежаванне ўлады вялікага князя і павышэнне ролі магнатаў у кіраванні дзяржавай. Сістэма мясцовых органаў кіравання. Войска. Заканадаўства ВКЛ. Статуты ВКЛ.

Эканамічнае развіццё і сацыяльныя адносіны ў ВКЛ у ХІV — першай палове ХVІ ст. Стан сельскай гаспадаркі. Землеўладанне і землекарыстанне. Павіннасці сялян. Этапы запрыгоньвання сялянства. Судзебнік Казіміра. Гарады і мястэчкі. Магдэбургскае права. Рамяство і гандаль. Саслоўная структура грамадства ў ВКЛ.

Культура Беларусі ў ХІV — першай палове ХVІ ст. Абарончае дойлідства. Культавыя пабудовы. Жывапіс і скульптура. Пачатак беларуска-літоўскага летапісання. Рэнесансавая культура ў Беларусі. Літаратура. З’яўленне новалацінскай паэзіі. М. Гусоўскі. Францыск Скарына — усходнеславянскі і беларускі гуманіст і асветнік. Погляды Ф. Скарыны і яго друкарская дзейнасць.

Фарміраванне беларускай народнасці. Шматэтнічны характар ВКЛ. Асаблівасці фарміравання беларускага этнасу. Рэлігійная талерантнасць. Фарміраванне этнічнай тэрыторыі. Паходжанне назвы «Белая Русь».
3. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХVІ — XVIIІ СТ.

Утварэнне Рэчы Паспалітай. Становішча ВКЛ у палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай. Пачатак Лівонскай вайны. Люблінскі сойм. Унутры- і знешнепалітычныя прычыны ўтварэння Рэчы Паспалітай. Далучэнне да Польшчы часткі зямель ВКЛ. Распрацоўка і прыняцце Статута 1588 г. Утварэнне Галоўнага трыбунала. Паланізацыя шляхты ВКЛ.

Сельская гаспадарка і гарадское жыццё ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове ХVІ — XVII ст. Уплыў гаспадарчых працэсаў у краінах Заходняй Еўропы на эканоміку ВКЛ. Станаўленне фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадарання. Аграрная рэформа 1557 г. Павіннасці сялян. Запрыгоньванне сялянства. Сацыяльныя супярэчнасці ў вёсцы. Стан гарадоў і іх гандлёвыя сувязі. Юрыдыкі. Мястэчкі. Рамяство. Цэхі. Гандаль.

Царква і рэлігія на беларускіх землях у XVI — першай палове XVII ст. Перадумовы рэфармацыйнага руху. Асаблівасці Рэфармацыі на беларускіх землях. Дзеячы Рэфармацыі: Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі. Вынікі і значэнне Рэфармацыі. Контррэфармацыя. П. Скарга. Дзейнасць Ордэна езуітаў на тэрыторыі Беларусі. Берасцейскі царкоўны сабор 1596 г. Уніяцкая царква.

Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай у канцы XVI — першай палове XVII ст. Завяршэнне Лівонскай вайны. Заключэнне і ўмовы Ям-Запольскага міру (1582 г.). Барацьба са Швецыяй за Прыбалтыку. Інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай у Расійскую дзяржаву. Дэўлінскае перамір’е (1618 г.). Барацьба за Смаленск у 30-я гг. XVII ст.

Беларусь у час войнаў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII ст. Казацка-сялянская вайна 1648—1651 гг.: прычыны і характар вайны. Казацкія атрады ў Беларусі. Вынікі антыфеадальнай барацьбы. Вайна Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—1667 гг. Прычыны вайны. Палітыка самадзяржаўя на беларускіх землях. Адносіны насельніцтва да варагуючых бакоў. Вынікі вайны для беларускіх зямель. Паўночная вайна 1700—1721 гг. і яе вынікі для Беларусі. Бітва каля в. Лясная.

Сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі ў XVIII ст. Становішча ў весцы. Павіннасці сялян і іх юрыдычнае становішча. Сялян­скія паўстанні. Становішча гарадоў. Самакіраванне. Рамесная і мануфак­турная вытворчасць. Гандлёвыя сувязі.

Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яе падзелы. Барацьба магнацкіх груповак. Паслабленне цэнтральнай улады і шляхецкая анархія. Умяшальніцтва суседніх дзяржаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Падзелы Рэчы Паспалітай. Спробы рэформаў. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. Паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі: прычыны, характар, вынікі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Уваходжанне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі.

Адукацыя і навука Беларусі ў другой палове ХVІ — XVIII ст. Сістэма адукацыі: каталіцкія, пратэстанцкія, праваслаўныя школы. Віленская акадэмія. Асаблівасці асветніцтва ў Беларусі. Адукацыйная камісія. Сістэма адукацыі на беларускіх землях у XVIII ст. Стварэнне прафесійных навучальных устаноў. Навука: К. Семяновіч, І. Капіевіч, М. Пачобут-Адляніцкі.

Культура Беларусі ў другой палове ХVІ — ХVІІІ ст. Літаратура. Сімяон Полацкі. Дойлідства. Віленскае барока. Жывапіс. «Сармацкі партрэт». Віленская мастацкая школа. Музычнае мастацтва. «Полацкі сшытак». Батлейка. Тэатральнае мастацтва. Асветніцтва. Дзейнасць беларускіх майстроў-рамеснікаў. Асаблівасці развіцця народнай культуры.
4. БЕЛАРУСЬ У ХІХ — ПАЧАТКУ ХХ СТ.

Грамадска-палітычнае становішча ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел беларускіх зямель. Саслоўная палітыка царскага ўрада. Эканамічныя змены. Абмежавальныя законы ў адносінах да яўрэяў. Ваенныя пасяленні. Беларусь у перыяд Айчыннай вайны 1812 г. Палітыка французскіх улад на беларускіх землях. Вынікі вайны для Беларусі. Стварэнне і дзейнасць тайных арганізацый у Беларусі. Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. Уплыў паўстання 1830–1831 гг. на грамадска-палітычны рух у Беларусі. Змены ў палітыцы самадзяржаўя пасля паўстання. Канфесійныя адносіны. Скасаванне ўніяцкай царквы.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у першай палове ХІХ ст. Землеўладанне і памешчыцкая гаспадарка. Становішча сялян і іх павіннасці. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы гаспада­рання. Рэформа П. Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы. Інвентарная рэформа. Развіццё прамысловасці. Развіццё шляхоў зносін і гандлю. Роля кірмашоў.

Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Змены ў сістэме адукацыі. Тыпы школ. Вышэйшыя навучальныя ўстановы. Станаўленне навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ. Я. Чачот, К. і Я. Тышкевічы. Літаратура. А. Міцкевіч. Я. Баршчэўскі, У. Сыракомля, В. Дунін-Марцінкевіч, П. Багрым. Станаўленне беларускай літаратурнай мовы. Тэатр і музыка. С. Ма­нюшка. Жывапіс. І. Хруцкі, В. Ваньковіч. Архітэктура.

Адмена прыгоннага права ў Беларусі. Маніфест і Палажэнні 19 лютага 1861 г., асаблівасці іх прымянення ў Беларусі. Рэакцыя сялянства. Уплыў паўстання 1863—1864 гг. на ўмовы вызвалення сялян. Вынікі і значэнне рэформы 1861 г.

Грамадска-палітычны рух у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. у Беларусі. Паўстанне 1863—1864 гг. «Белая» і «чырвоная» плыні ў паўстанні. Праграма К. Каліноўскага. Вынікі паўстання для Беларусі. Рэвалюцыйныя народнікі. Група «Гоман». Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. І з’езд РСДРП. Утварэнне БСГ. Беларусь у перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. Маніфест 17 кастрычніка 1905 г. і яго наступствы для Беларусі. Лагеры ў грамадска-палітычнай барацьбе. Дэпутаты ад заходніх губерняў у Дзяржаўнай думе.

Развіцце капіталізму ў Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. Станаўленне фабрычнай вытворчасці. Спецыялізацыя прамысло­васці і яе асноўныя галіны. Асаблівасці прамысловай рэвалюцыі ў Беларусі. Рост гарадоў. Змены ў складзе гарадскога насельніцтва. Асаблі­васці судовай і гарадской рэформаў. Рост буржуазнага землеўладання і асаблівасці гэтага працэсу ў Беларусі. Пераход да прадпрымальніцкай гаспадаркі. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. Развіццё гандлю. Будаў­ніцтва чыгунак. Станаўленне банкаў. Сталыпінскія рэформы: прычыны і мэты правядзення. Асаблівасці правядзення земскай рэформы. Вынікі рэформаў для Беларусі.

Становішча Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Увядзенне ваеннага становішча. Акупацыя заходняй часткі Беларусі гер­манскімі войскамі. Палітыка германскіх улад. Становішча насельніцтва Заходняй Беларусі. Бежанства. Заняпад сельскай гаспадаркі. Беларускі нацыянальны рух. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. Звяржэнне самадзяржаўя. Фарміраванне саветаў і буржуазных органаў улады. Двоеўладдзе. Дзейнасць палітычных партый і арганізацый.

Культура Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. Фар­міраванне беларускай нацыі. Этнічная тэрыторыя. Нацыянальны і сацыяльны склад насельніцтва Беларусі. Нацыянальная самасвядомасць. Роля газеты «Наша ніва» ў развіцці культуры Беларусі. Змены ў сістэме адукацыі. Навуковыя даследаванні аб мове, этнаграфіі беларусаў, гісторыі Беларусі. І. Насовіч. Я. Карскі, М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі. Заходнерусізм. М. Каяловіч. Развіццё беларускай літаратурнай мовы і літаратуры. Ф. Багушэвіч, Я. Лучына, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч. Станаўленне беларускага прафесійнага тэатра. І. Буйніцкі. Жывапіс. К. Альхімовіч, Н. Орда, Н. Сілівановіч, В. Бялыніцкі-Біруля. Развіццё архітэктуры.

5. БЕЛАРУСЬ У 1917—1945 ГГ.



Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. і ўстанаўленне Савецкай улады ў Беларусі. Нарастанне супярэчнасцей у грамадстве. Пераход улады ў рукі Саветаў на Заходнім фронце і ў Беларусі. Фарміраванне і дзейнасць Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту. Палітыка «ваеннага камунізму» і асаблівасці яе правядзення ў Беларусі.

Пытанне беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1919 гг. Беларускі нацыянальны рух і яго асноўныя палітычныя напрамкі. Скліканне Усебеларускага з’езда, яго рашэнні і роспуск. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзейнасць Рады БНР. Наступленне войск кайзераўскай Германіі. Брэсцкі мір і яго вынікі для Беларусі. Барацьба супраць германскіх акупантаў. Утварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў і яго рашэнні. Абвяшчэнне ЛітБел.

Беларусь у гады польска-савецкай вайны. Наступленне польскіх войск. Устанаўленне польскага акупацый­нага рэжыму. Барацьба супраць польскіх акупантаў. Вызваленне войскамі Чырвонай Арміі тэрыторыі Беларусі. Другое абвяшчэнне ССРБ. Рыжскі мірны дагавор і яго вынікі для Беларусі.

БССР у гады новай эканамічнай палітыкі. Сацыяльна-эканамічнае становішча Беларусі пасля Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Пераход да новай эканамічнай палітыкі. Уплыў нэпа на пад’ём сельскай гаспадаркі, развіццё прамысловасці, гандлю.

Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 1920—1930-я гг.

Дзейнасць грамадскіх арганізацый. Палітычная барацьба. Устанаўленне аднапартыйнай сістэмы. Удзел БССР ва ўтварэнні Саюза ССР. Узбуйненні тэрыторыі БССР. Асноўныя напрамкі і мерапрыемствы палітыкі беларусізацыі, яе вынікі і значэнне. Карэнізацыя. Канстытуцыя БССР 1927 г. Роля Камуністычнай партыі і Саветаў у грамадска-палітычным жыцці. Канстытуцыя БССР 1937 г. Палітычныя рэпрэсіі.



Развіццё адукацыі, навукі і культуры ў БССР у 1920—1930-я гг. Меры па ліквідацыі непісьменнасці. Станаўленне і развіццё сістэмы адукацыі ў БССР. Увядзенне ўсеагульнай пачатковай адукацыі. Даследаванні беларускага этнасу, яго гісторыі і культуры. Развіццё навукі. Інстытут беларускай культуры. Беларуская акадэмія навук. Літаратура. Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, П. Глебка, М. Лынькоў, К. Чорны. Станаўленне беларускага савецкага тэатра. Я. Міровіч, У. Галубок. Опера і балет. Зараджэнне беларускага кіно. Ю. Тарыч, У. Корш-Саблін. Выяўленчае мастацтва. М. Філіповіч, В. Волкаў, І. Ахрэмчык, У. Кудрэвіч. Архітэктура і скульптура. І. Лангбард, Г. Лаўроў.

Індустрыялізацыя і калектывізацыя ў БССР. Пераход да пла­навай дзяржаўнай эканомікі. Асаблівасці правядзення індустрыялізацыі ў БССР і яе вынікі. Погляды на шляхі пераўтварэнняў у сельскай гаспадар­цы, формы кааперавання сялянскіх гаспадарак. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў БССР: тэмпы, метады і вынікі калгаснага будаўніцтва.

Становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі. Грамадска-палітычнае жыццё. Нацыя­нальна-вызваленчы рух. Дзейнасць беларускіх палітычных партый і арганізацый. Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Б. Тарашкевіч, І. Лагіновіч. Сацыяльна-эканамічнае становішча. Насаджэнне асадніцтва. Культура і адукацыя. Дзейнасць Таварыства беларускай школы. Літа­ратура. П. Пестрак, М. Танк. Жывапіс. Я. Драздовіч, П. Сергіевіч. Музыч­нае мастацтва. Р. Шырма. Становішча канфесій.

Пачатак Другой сусветнай вайны. Прычыны і характар вайны. Нападзенне Германіі на Польшчу. Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Уз’яднанне заходнебеларускіх зямель з БССР, грамадска-палітыч­ныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні. БССР напярэ­дадні Вялікай Айчыннай вайны.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкі аку­пацыйны рэжым у Беларусі. Нападзенне Германіі на СССР. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. Гераізм савецкіх людзей. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі. Палітыка генацыду. Калабарацыянізм.

Барацьба беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх аку­пантаў. Роля КП(б)Б у арганізацыі барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Партыйнае і маладзёжна-камсамольскае падполле. Стварэнне і баявая дзейнасць партызанскіх фарміраванняў. В. Корж, Ф. Паўлоўскі, Ц. Бумажкоў, М. Шмыроў. Партызанскія зоны. «Рэйкавая вайна». Масавае супраціўленне мірнага насельніцтва акупацыйнаму рэжыму.

Вызваленне БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Закан­чэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Пачатак вызвалення БССР. Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Вызваленне Мін­ска. Дзейнасць партызан у час вызвалення Беларусі. Подзвігі савецкіх воінаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Капі­туляцыя Германіі. Уклад беларускага народа ў перамогу. Людскія і матэ­рыяльныя страты Беларусі. Заканчэнне Другой сусветнай вайны.
6. БССР У СЯРЭДЗІНЕ 1940-Х — 1980-Я ГГ.

БССР у сярэдзіне 1940 — першай палове 1950-х гг. Выхад БССР на міжнародную арэну, удзел у заснаванні ААН. Пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі. Працоўны подзвіг беларускага народа. Паскарэнне тэмпаў індустрыялізацыі. Апераджальны рост цяжкай прамысловасці. Становішча ў сельскай гаспадарцы. Ажыццяўленне масавай калектыві­зацыі ў заходніх абласцях Беларусі. Асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця. Аднаўленне працы адукацыйных устаноў. Увядзенне ўсеагульнага сямігадовага навучання. Культура. Развіццё літа­ратуры. М. Лынькоў, Я. Брыль, П. Броўка, М. Танк, А. Куляшоў. Тэатральнае, музычнае і выяў­ленчае мастацтва.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР у другой палове 1950-х першай палове 1980-х гг. Развіццё машынабудавання і метала­апрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Пераўтварэнне БССР у інду­стрыяльна развітую краіну. Асноўныя прынцыпы эканамічнай рэформы 1965 г. Экстэнсіўны характар гаспадаркі. Асаблівасці выкарыстання дасяг­ненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР. Урбанізацыя і яе вынікі. Развіццё сельскай гаспадаркі: меліярацыя і хімізацыя, будаўніцтва буйных жывёлагадоўчых комплексаў. Змяненне ўмоў жыцця насельніцтва. Зама­руджванне тэмпаў росту народнай гаспадаркі ў першай палове 1980-х гг.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у другой палове 1950-х — першай палове 1980-х гг. Спробы дэмакратызацыі грамадска-палітычна­га жыцця ў гады «адлігі». Павышэнне ролі працоўных у жыцці грамадства. Савецкая грамадска-палітычная сістэма ў другой палове 1960-х — першай палове 1980-х гг. К. Мазураў, П. Машэраў. Грамадскія арганізацыі і аб’яд­нанні. Канстытуцыйнае замацаванне кіруючай ролі камуністычнай партыі. Роля Саветаў у грамадска-палітычным жыцці краіны. Палітыка дзяржавы ў адносінах да канфесій.

БССР у другой палове 1980-х гг. Палітыка «перабудовы» і асаблі­васці яе правядзення ў БССР. Увядзенне ў краіне галоснасці. Рэфармаван­не савецкай палітычнай сістэмы. Выбары народных дэпутатаў у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя Саветы. Фарміраванне шматпартыйнасці. Грамад­скія арганізацыі і аб’яднанні. Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. Перавод прадпрыемстваў на самафінансаванне і гаспадарчы раз­лік. Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы. Пагаршэнне стано­вішча ў сельскай гаспадарцы. Змены ў дабрабыце народа.

Развіццё адукацыі, навукі і культуры ў БССР у другой палове 1950-х — 1980-я гг. Рэформа школы і пераход да абавязковага 8-гадовага навучання. Увядзенне ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Сістэма прафе­сійна-тэхнічнага навучання. Развіццё сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Дасягненні ў развіцці навукі. Літаратура. У. Караткевіч, І. Ша­мякін, В. Быкаў, І. Навуменка, А. Адамовіч, І. Мележ. Тэатральнае і выяў­ленчае мастацтва Беларусі. Кіно. Скульптура. Архітэктура.
7. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ У 1991—2013 ГГ.

Абвяшчэнне і станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Рух за дзяржаўны суверэнітэт. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР 1990 г. Белавежскае пагадненне. Стварэнне Садруж­насці Незалежных Дзяржаў. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Рэспубліканскі рэферэндум 1995 г. і яго вынікі. Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь.

Грамадска-палітычнае жыццё ў Рэспубліцы Беларусь у другой палове 1990-х гг. — пачатку ХХІ ст. Умацаванне палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь. Рэспубліканскі рэферэндум 1996 г. і яго вынікі. Змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2001, 2006, 2010 гг. Рэспубліканскі рэферэндум 2004 г. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы. Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дзяржаўная канфесіянальная палітыка.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь. Эканаміч­нае становішча Рэспублікі Беларусь у першай палове 1990-х гг. Пошук шляхоў пераходу да рынку. Прыватызацыя. Распрацоўка беларускай ма­дэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка. Змены ў дабрабыце насельніцтва. Эканамічная інтэграцыя з Расіяй і краінамі СНД. Дзяржаўная маладзёжная палітыка. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс і шляхі пераадолення яго наступстваў у Рэспубліцы Беларусь. Развіццё міжнароднага эканамічнага супра­цоўніцтва.

Знешнепалітычная дзейнасць. Фарміраванне і прыярытэты знеш­непалітычнага курсу Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць Беларусі ў ААН. Шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Умацаванне сувязей з краінамі СНД. Саюз Беларусі і Расіі. Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Развіццё адукацыі, навукі і культуры ў Рэспубліцы Беларусь. Змены ў адукацыйнай сістэме. Дасягненні беларускай навукі. Літаратура. Творчыя дасягненні дзеячаў тэатральнага, музычнага і выяўленчага мастацтваў Беларусі. Архітэктура. Дасягненні беларускіх спартсменаў.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка