Заезная карчма Урывак з кнігі Кастуся Тарасава «Памяць пра легенды»




Дата канвертавання13.05.2016
Памер31.38 Kb.
..Заезная карчма
Урывак з кнігі Кастуся Тарасава «Памяць пра легенды».
Пасля смерці Яна Сабескага і напружанага змагання паміж сабой магнацкіх груповак на трон Рэчы Паспалітай быў абраны саксонскі курфюрст (электар саскі) Аўгуст. Элекцыйны сейм адбыўся ў 1697 годзе, і наступныя сем дзесяцігоддзяў вядомыя ў гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы як «саскія часы» – перыяд паступовага заняпаду федэратыўнага гаспадарства. Новы кароль нічога не зрабіў, ды і не надта хацеў рабіць дзеля захавання, і тым болей дзеля ўзмацнення дзяржавы. Рэч Паспалітая з’яўлялася шляхецкай рэспублікай, дзе кароль лічыўся першым з роўных і ніводнае яго рашэнне не набывала сілы без згоды сейма. Апошні ж стаяў за ахову так званых шляхецкіх вольнасцей, дзякуючы якім Рэч Паспалітая разбуралася, літаральна, на вачах. Польская Карона і Вялікае ператварыліся, па сутнасці, у кангламерат буйных і дробных уладанняў, якія вялі бясконцую міжусобную вайну, вельмі падобную на міжусобіцы XII стагоддзя; рэгулярнае моцнае войска адсутнічала, а тыя палкі, што лічыліся рэгулярнымі, паводзілі сябе горш чым заклятыя ворагі народа і краіны. У якасці прыклада можна прывесці тут некалькі радкоў са скаргі крычаўскага жыхарства на харугву гетмана Вялікага княства Юзафа Слушкі: «Перш за ўсё ў самым Крычаве, у хаце Дзмітра Карпача, бурмістра, бачылі яго збітага нялітасціва кіямі, абухамі, шаблямі, крывёю сцёкшага, сіняга, спухлага; з барады і галавы валасы дашчэнту вырваны. Аглядалі бацьку Васіля Цітовіча, таксама вельмі хворага, на ложку ледзь жывога, збітага, скрываўленага, з вачыма крывёю сцёкшымі, з галавой параненай, валасамі павырыванымі... У Крычаве бачылі сто пустых хат, з якіх гвалтоўна былі выгнаны мяшчане-рамеснікі. У вёсцы Вепрын бачылі двух халопаў Рафея і Міхаіла, якія салдатамі пана Коркуця былі збітыя, скалечаныя, зраненыя. Яны ляжалі ўжо на смяротным ложы. У тым жа Вепрыне два халопы Пётр і Восіп жаўнерамі паноў Кулакоўскага і Скрэтуцкага на смерць збітыя. У вёсцы Баханы хат пустых дзевяць бачылі. У вёсцы Воранава аглядалі трох халопаў Апанаса, Юрку, Грышку, збітых, зраненых, скалечаных амаль да смерці. Іншыя жыхары гэтай вёскі паразбягаліся, і хаты пустыя пасля іх пазаставаліся. У вёсцы Міхеевічы бачылі халопа Дубіну, зраненага: на ім знайшлі тры раны ад удараў шаблямі. Войт з жонкай у гэтай жа вёсцы былі скалечаны салдатамі пана Квінты. У вёсцы Відуйцы халопа Сямёна, у вёсцы Асада войта Тупіцу, у вёсцы Карбовічы войта Паўла Аляёнка з жонкай бачылі жорстка збітых, скалечаных, зраненых, спухлых, ледзь жывых. Па ўсіх названых вёсках аглядалі нямала хат пустых, з якіх людзі падчас кватаравання жаўнераў вымушаны былі разысціся, не сцярпеўшы гвалтаў і мардавання. Такія ж пусткі і ў іншых вёсках, якіх і пералічыць цяжка, бачылі. Аглядалі таксама шмат млыноў і ставаў зруйнаваных, корчмаў спустошаных...»

Часам сяляне давалі адпор салдатам. Так жорсткія сутычкі адбываліся ў канцы XVII ст. на Крычаўшчыне. У 1690 г. паўстанне ахапіла вёскі Дубейцы і Крывая Ніва. Сяляне падняліся супраць салдатаў гетманскага войска, якое знаходзілася на пастоі ў Дубейцах. Уначы сяляне напалі на спячых у пуні салдатаў. Кіраваў атрадам прыгонных селянін Макар Арцюхоў з сынамі. Салдат білі дубовымі каламі, прыгаворваючы пры гэтым: “Навошта да нас прыехалі, хопіць кроў нашу піць”. Затым іх звязалі і замкнулі на ноч у лазні. Раніцай яны з ганьбай былі выгнаны з Дубейцаў. Намер шляхты пакараць сялян праваліўся. Дубейцаўцы аб’ядналіся з сялянамі суседняй вёскі Крывая Ніва і далі адпор коннаму атраду. Салдаты не асмеліліся больш завітваць у гэтыя вёскі.

Значнейшае паўстанне ў Крычаўскім старастве адбылося ў 1696 г. Яно таксама было выклікана самаўпраўнасцю з боку салдатаў магната Рыгора Агінскага. Даведзеныя да роспачы мяшчане і сяляне са зброяй у руках выйшлі на барацьбу супраць салдатаў. Выступленне адбылася ў самым Крычаве. На цэнтральнай плошчы і каля замка разгарнулася сапраўдная бітва. Пасля яе засталіся дзясяткі забітых і параненых з абоіх бакоў.

У снежні 1747 г. са зброяй у руках супраць феадалаў выступілі сяляне Гомельскага стараства. Гетман Міхал Казімір Радзівіл у спешным парадку накіраваў туды свае войскі. Каб здушыць сялянскія хваляванні ў Чачэрскам старастве, у жніўні 1748 г. таксама была скарыстана ваенная сіла.



I так паўсюдна: кватаруецца харугва – маліся Богу, каб не забілі. Адной з падстаў дзікунства была дрэнная вайсковая арганізацыя – адсутнічалі казармы, скарб не меў грошай на вьшлату жалавання, панавала беспакаранасць. Ні «патоп», ні «казацкія» войны, ні вялізныя страты тэрыторыі не прымусілі магнатаў і шляхту ўзяцца за розум, разважыць пра бліжэйшую будучыню гаспадарства.

Рэч Паспалітая жыла, як у сне, не жадаючы бачыць небяспечнае ўзрастанне магутнасці найбліжэйшых суседзяў. Дзяржава нават не магла збіраць неабходныя падаткі, бо не хапала вайсковай сілы, каб прымусіць магнацкія фаміліі да законных абавязкаў, тым болей, што тыя рознымі шляхамі дамагаліся прывілеяў на беспадаткавае жыццё.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка