Задача педкаледжа у фарміраванні творчай індывідуальнасці будучых педагогаў, якія ўмеюць арыентавацца ў патоку навуковай інфармацыі, якія цікавяцца і аналізуюць эфектыўны педагагічны вопыт




Дата канвертавання06.06.2016
Памер65.73 Kb.
Ж.С. Супрун (Горкі)
АСПЕКТЫ ПРАФЕСІЯНАЛЬНА-АРЫЕНТАВАНАЙ МОЎНАЙ ПАДРЫХТОЎКІ Ў ПЕДКАЛЕДЖЫ
Прыярытэтам педагагічнай адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка кампетэнтнага, мабільнага спецыяліста, здольнага не толькі адаптавацца ў сучаснай сістэме адукацыі, але і творча ўдзельнічаць у яе развіцці, праяўляць ініцыятыву, самастойнасць.

Для падрыхтоўкі будучых настаўнікаў важнае значэнне мае стварэнне ў вучэбнай установе сапраўднай педагагічнай атмасферы, якая б была накіравана на паляпшэнне іх прафесійнага фарміравання, і пранізвала як змест, так і метадычную арганізацыю ўсёй вучэбна-выхаваўчай работы. Гэтаму прызвана служыць і педагагізацыя вучэбна-выхаваўчага працэсу падрыхтоўкі навучэнцаў да настаўніцкай дзейнасці, пры якой усе дысцыпліны і формы работы зарыентаваны на будучую кваліфікацыю настаўніка, на авалоданне не толькі метадычнымі ўменнямі і навыкамі, але і на развіццё прафесійна-педагагічных асобасных якасцей.

Важнейшай умовай эфектыўнасці моўнага навучання з’яўляецца разумовая актыўнасць, якая забяспечваецца выкарыстаннем новых тэхналогій. Праблема выкарыстання нетрадыцыйных формаў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу – адна з самых актыальных.

У новых тэхналогіях змяняецца функцыя настаўніка: дамінуе не інфармацыйная, а рэгулюючая функцыя, функцыя кіравання пазнавальным працэсам, яго псіхалагізацыя. Вялікая ўвага ў новых тэхналогіях надаецца алгарытмізацыі, распрацоўцы і прымяненню апорных схем, табліц, картак, малюнкаў і г.д. [1, 7-8]

Новыя тэхналогіі базіруюцца на адзінстве дзейснага, асобаснага і камунікатыўнага падыходаў. Сярод тых, якія цікавяць настаўнікаў пачатковых класаў, наступныя: тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, тэхналогія праектнага навучання, тэхналогія праблемнага навучання і інш.

Задача педкаледжа – у фарміраванні творчай індывідуальнасці будучых педагогаў, якія ўмеюць арыентавацца ў патоку навуковай інфармацыі, якія цікавяцца і аналізуюць эфектыўны педагагічны вопыт. Падрыхтоўка спецыялістаў, якія арыентуюцца ў сучасных педагагічных тэхналогіях, валодаюць практычнымі навыкамі правядзення ўрокаў.

Так навучэнцам нашага педкаледжа давялося праводзіць пробныя ўрокі чытання па гукавым арыенціры, працаваць па методыцы Н.А. Зайцава. Для таго, каб названыя задачы вырашаліся, вучэбны працэс у педкаледжы павінен характарызавацца пераходам ад пасіўнага засваення да актыўнага пошуку з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, самастойнай работы. Як вядома, навучальная дзейнасць настаўніка ў ідэале не залежыць ад дзейнасці калег і вызначаецца высокай індывідуальнай адказнасцю. Аднак вырашэнне гэтых задачы ўскладняецца тым, што праграма па методыцы не прадугледжвае асобных гадзін на вывучэнне новых тэхналогій, адсутнічае і сучасны падручнік па методыцы выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах.

Методыка выкладання беларускай мовы – вучэбная дысцыпліна, якая мае вялікае значэнне для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў. Пры выкладанні гэтай дысцыпліны вельмі важна выклікаць у навучэнцаў інтарэс да гэтай навукі. Гэта дапаможа падрыхтаваць будучых настаўнікаў да вырашэння тых праблем, якія існуюць сёння пры выкладанні беларускамоўных дысцыплін у пачатковай школе. Таму выкладчыкі нашага педкаледжа імкнуцца выкарыстоўваць эфектыўныя метады, прыёмы, займальныя заданні, гульні, праводзяць нетрадыцыйныя ўрокі: урок-даследаванне, урок абмеркавання рэфератаў, урок з апорнымі матэрыяламі, назіранне і абмеркаванне паказальных урокаў. Выпрацоўцы неабходных уменняў і навыкаў, неабходных для работы ў школе дапамагаюць практычныя заняткі, падчас якіх будучыя настаўнікі вучацца складаць канспекты розных тыпаў урокаў з выкарыстаннем разнастайных тэхналогій, падбіраюць неабходныя наглядныя дапаможнікі, дыдактычны матэрыял, рыхтуюць прэзентацыі, распрацоўваюць рознаўзроўневыя заданні, рыхтуюць алгарытмы і карткі для выпрацоўкі арфаграфічных уменняў і навыкаў. Акрамя таго, навучэнцы ствараюць банк інтэрактыўных метадаў навучання, памяткі-метадычкі “Як падрыхтаваць урок літаратурнага чытання”. Увесь назапашаны матэрыял абагульняецца ў метадычных скарбонках навучэнцаў.

Дзейнасць навучэнцаў на ўроках методыкі выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах стымулююць актыўныя метады работы, напрыклад, “тэатр-экспромт” , “тузін пытанняў”, “інтэрв’ю” і інш. Слабае месца ў будучых настаўнікаў – фармуляванне азначэнняў розных метадычных паняццяў і тэрмінаў. Часта мы бачым, што навучэнцы не могуць даць дакладнае азначэнне паняццю. Таму, акрамя агульнапрынятых форм праверкі, выкарыстаўваецца тэрміналагічны дыктант, экспрэс-апытванне, метадычнае даміно, конкурс “З педагагічнага слоўніка”.

Кожны ўрок, які праводзіцца з будучымі настаўнікамі павінен спрыяць прафесіяналізацыі той інфармацыі, якая засвойваецца навучэнцамі. Праводзячы заняткі па дзіцячай літаратуры ці па мове, выкладчык заўсёды можа знайсці час і спосабы адлюстраваць у лекцыі адпаведны матэрыял школьнага падручніка, прымяніць метады і прыёмы работы з тэкстам, якія выкарыстоўваюцца ў пачатковай школе. Інакш кажучы, спецыяльныя навуковыя веды павінны спалучацца з выпрацоўкай прафесійных уменняў.

Напрыклад, выкарыстанне выкладчыкам-філолагам тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення дапаможа навучэнцам педкаледжа выпрацаваць неабходныя ўменні для творчай самарэалізацыі асобы: крытычна разважаць; прымяняць атрыманыя веды як у стандартнай сітуацыі, так і ў сітуацыі няпэўнасці, самастойна і свядома дзейнічаць з мэтай дасягнення пастаўленых задач.

Акрамя таго, тэхналогія матывуе будучых настаўнікаў актыўна ўключыцца ў вучэбна-выхаваўчы працэс, практычна авалодаць такімі інтэрактыўнымі метадамі і прыёмамі ў выкладанні беларускай мовы, як сінквейн, складанне кластара, альтэрнатыўны тэст, прыём прагназавання, паблытаныя лагічныя ланцужкі, метад “Кошык ідэй і паняццяў”.

Навучэнцы педкаледжа станоўча адносяцца да гэтай тэхналогіі і выкарыстоўваюць яе элементы, метады і прыёмы падчас правядзення пробных ўрокаў.

ТРКМ у педкаледжы дазваляе стварыць атмасферу, спрыяльную для навучання, пазнаёміць будучых настаўнікаў з сучаснымі падыходамі да выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах.

Садзейнічаць станаўленню асобы будучага настаўніка, усебаковаму і гарманічнаму яе развіццю, задавальненню патрэбы ў самараскрыцці, самавыражэнні, самасцвярджэнні, выхаванню лепшых прафесіянальных якасцей дазваляе выкарыстанне выкладчыкам праектнай тэхналогіі.Напрыклад, па методыцы выкладання беларускай мовы навучэнцы выконваюць праектнае даследаванне “Выкарыстанне інавацыйных тэхналогій у выкладанні беларускай мовы ў пачатковых класах”. У межах гэтага праекта распрацаваны і праведзены наступныя ўрокі з выкарыстаннем тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення па тэмах “Тэкст. План тэксту”, “Лексічнае значэнне слова”, “Скланенне прыметнікаў множнага ліку” і інш., урокі чытання па гукавым арыенціры і ўрокі чытання па тэхналогіі Н.А. Зайцава.

Акрамя таго, выкладчыкамі нашага педкаледжа створана відэатэка паказальных урокаў па мове і літаратурным чытанні.

Адной з першых умоў цэласнага, а значыць і эфектыўнага навучання будучых настаўнікаў з’яўляецца тэхналогія праблематызацыі вучэбнага матэрыялу.

Праблематызацыя ажыццяўляецца праз наступныя актыўныя метады і прыёмы навучання:

1) вылучэнне праблемных мэт і задач;

2) распрацоўку праблемных пытанняў і заданняў;

3) стварэнне праблемных сітуацый;

4) праблемнае выкладанне ведаў;

5) арганізацыю дыскусіі;

6) алгарытмізацыю;

7) выкарыстанне схем, апор, памятак, табліц і інш. [2, 10]

Праілюструем адзначаныя пазіцыі праблематызацыі на прыкладзе вывучэння твораў беларускай дзіцячай літаратуры. Праблемныя мэты і задачы вылучаюцца выкладчыкам на аснове вучэбных шляхам перафармулявання. Напрыклад, пры вывучэнні верша З. Верас “Чароўны край”, навучэнцам прапануецца перафармуляваць прапанаваную вучэбнай праграмай тэму, на праблемную “Чаму родны край З. Верас называецца чароўным?”.

На ўроках мовы і дзіцячай літаратуры навучэнцы практыкуюцца ў пастаноўцы праблемных пытанняў, якія павінны ўтрымліваць пазнавальную цяжкасць і быць зарыентаванымі на сітуацыю, якая пабуджае да пошуку. Напрыклад, сітуацыя нечаканасці ствараецца пры азнаямленні з фактамі, з’явамі, што выклікаюць здзіўленне. Напрыклад, пры вывучэнні апавядання В.Віткі “Твой род, твая Радзіма” навучэнка-практыкантка дала вучням інфармацыю пра тое, што сярод вучняў-аднакласнікаў амаль усе яны далекія сваякі паміж сабою і прапанавала паразважаць чаму? Пры вывучэнні апавядання У. Караткевіча “Мая Беларусь” можа быць створана сітуацыя канфлікту, калі новыя факты і вывады супярэчаць існуючым. Дзеці даведаюцца, што у шчырага беларуса лягчэй вырасці не на беларускай зямлі.

Пры рабоце над апавяданнем А. Вольскага “Родная мова” навучэнка стварыла сітуацыю выбару для вучняў, якая базіруецца на магчымасці з некалькіх прадстаўленых варыянтаў выбраць і абгрунтаваць адзін. Варыянты могуць быць наступныя:

а) беларускую мову трэба і далей падтрымліваць;

б) хопіць нам і рускай мовы;

в) не трэба замінаць гісторыі: ужо не адна мова загінула, лічыцца мёртвай.

Праблематызацыя матэрыялу адбываецца і праз псіхалагічныя эфекты – прыёмы, якія ўражваюць, здзіўляюць актывізуюць творчы патэнцыял.

Такая праца дазваляе пазнаёміць навучэнцаў з эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы з літаратурным творам, рыхтуе іх да эфектыўнага літаратурнага навучання ў школе.

Моўная падрыхтоўка будучых настаўнікаў ажыццяўляецца і ў працэсе пазакласнай працы. Навучэнцы педкаледжа з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі лялечнага тэатра “Батлейка”. Як вядома, умелае выкарыстанне такога тэатра аказвае вялікую дапамогу ў вырашэнні разнастайных вучэбна-выхаваўчых задач у пачатковай школе.

Такім чынам, выкарыстанне выкладчыкамі сучасных адукацыйных тэхналогій у вучэбна-выхаваўчым працэсе дапамагае росту навучэнцаў як у асобасным, навуковым, так і ў прафесійным плане.
Літаратура

1. Руцкая, А.В. Выкарыстанне новых тэхналогій пры вывучэнні літаратуры / А.В. Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2004. - № 5.



2. Руцкая, А.В. Умовы эфектыўнасці літаратурнага навучання / А.В. Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2008. - № 12.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка