Зацверджана пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання17.03.2016
Памер279.01 Kb.


ЗАЦВЕРДЖАНА


Пастанова

Міністэрства адукацыі


Рэспублікі Беларусь,


21.07.2008 №58

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з Тыпавымі вучэбнымі планамі на 2008/2009 навучальны год для ўсіх тыпаў агульнаадукацыйных устаноў
ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Тлумачальная запіска па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйных школах, школах-інтэрнатах, гімназіях, ліцэях, вячэрніх школах, санаторных школах-інтэрнатах, спецыяльных школах закрытага тыпу ў 2008/2009 навучальным годзе (далей –  тлумачальная запіска) вызначае парадак арганізацыі адукацыйнага працэсу ў гэтых тыпах агульнаадукацыйных устаноў незалежна ад іх падпарадкаванасці і формаў уласнасці, акрамя спецыяльных агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў) ў адпаведнасці з адзінымі тыпавымі вучэбнымі планамі.

2. Парадак арганізацыі адукацыйнага працэсу ў спецыяльных агульнаадукацыйных школах (школах-інтэрнатах) вызначаецца вучэбнымі планамі спецыяльных агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў), якія распрацоўваюцца на падставе адпаведнага тыпавога вучэбнага плана агульнаадукацыйнай установы з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця вучняў.

Парадак распрацоўкі і зацвярджэння вучэбных планаў спецыяльных агульнаадукацыйных школ (школ-інтэрнатаў) вызначаецца Інструкцыяй аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2004 г. № 64 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2004 г., №191, 8/11728).

3. У адзіным тыпавым вучэбным плане для I – IV класаў першая лічба абазначае колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне вучэбнага прадмета ў агульнаадукацыйнай установе з беларускай мовай навучання, другая (у дужках) – у агульнаадукацыйнай установе з рускай мовай навучання.

Для вучняў ІХ' класаў, якія скончылі ў 2007/2008 навучальным годзе VIII класаў, вучняў ХІ' класаў, якія атрымалі агульную базавую адукацыю ў 2007/2008 навучальным годзе, распрацаваны пераходны вучэбны план, у якім прадугледжана завяршэнне навучання на ўзроўні агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі за адзін год.

У адзіным тыпавым вучэбным плане для гімназій, ліцэяў пры выбары вучнямі Х – XI класаў філалагічнага напрамку на вывучэнне адной з моў (беларускай ці рускай) выдзяляецца 3 вучэбныя гадзіны, другая мова вывучаецца ў аб'ёме 1 вучэбнай гадзіны на тыдзень.

У агульнаадукацыйных установах могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі.

Факультатыўныя заняткі – форма арганізацыі вучэбных заняткаў у пазаўрочны час, накіраваная на пашырэнне, паглыбленне і карэкцыю ведаў вучняў па вучэбных прадметах у адпаведнасці з іх патрэбамі, запытамі, здольнасцямі і схільнасцямі, а таксама павышэнне пазнавальнай дзейнасці.

Факультатыўныя заняткі могуць праводзіцца па прыродазнаўча-матэматычнай, гуманітарнай, грамадазнаўчай, экалагічнай, ваенна-патрыятычнай, музычнай, харэаграфічнай, мастацкай, тэатральнай, спартыўнай і іншай накіраванасці.

У вячэрніх школах за кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, можа ажыццяўляцца правяденне кансультацый.

За кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, па рашэнні педагагічнага савета агульнаадукацыйнай установы могуць праводзіцца стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі ў I – XI класах, а таксама можа ажыццяўляцца дзяленне класаў на групы пры вывучэнні асобных вучэбных прадметаў пры недастатковай напаўняльнасці класа.

Стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі праводзяцца пры напаўняльнасці груп не менш як 3 вучні, не ўлічваюцца у максімальную дапушчальную нагрузку на аднаго вучня і не з’яўляюцца сістэматычнымі для правядзення.

4. Вучэбныя гадзіны, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, выкарыстоўваюцца на адну або некалькі груп у залежнасці ад зробленага вучнямі выбару.

Групы для правядзення факультатыўных заняткаў у агульнаадукацыйных установах, кансультацый для вучняў вячэрніх школ (класаў) камплектуюцца з вучняў аднаго або паралельных класаў у колькасці не менш як 3 вучні ў агульнадукацыйных установах сельскіх населеных пунктаў, не менш як 5 вучняў – у астатніх. Вучэбныя гадзіны, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, улічваюцца ў максімальную дапушчальную нагрузку на аднаго вучня.

5. Колькасць гадзін на правядзенне факультатыўных заняткаў у адпаведным класе вызначаецца і размяркоўваецца педагагічным саветам агульнаадукацыйнай установы. Пры правядзенні факультатыўных заняткаў неабходна ўлічваць максімальную дапушчальную нагрузку на аднаго вучня.

Факультатыўныя заняткі арганізуюцца ў І – XI класах пры наяўнасці заяў законных прадстаўнікоў вучняў.

Для правядзення факультатыўных заняткаў могуць выкарыстоўвацца вучэбныя праграмы, распрацаваныя на падставе раней зацверджаных вучэбных праграм павышанага ці паглыбленага ўзроўню вывучэння вучэбнага прадмета, абмеркаваных на метадычных аб’яднаннях па адпаведных вучэбных прадметах і зацверджаных дырэктарам агульнаадукацыйнай установы.

6.  Вучэбныя заняткі ў навучальным годзе ў І – XI класах агульнаадукацыйных устаноў пачынаюцца 1 верасня і завяршаюцца 29 мая.

На працягу навучальнага года ўстанаўліваюцца канікулы:

восеньскія – 7 дзён з 27.10 2008  па 02.11.2008  уключна;

зімовыя –14 дзён з 25.12.2008  па 07.01.2009  уключна;

веснавыя – 9 дзён з 28.03.2009  па 05.04.2009  уключна;

летнія – 94 дні з 01.06.2009  па 31.08.2009  уключна.

Для вучняў I - II класаў у ІІІ чвэрці ў лютым (трэці тыдзень месяца) праводзяцца дадатковыя канікулы працягласцю ў адзін тыдзень.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу ажыццяўляецца па чвэрцях у наступныя тэрміны:

першая чвэрць – з 01.09 2008  па 25.10.2008 ;

другая – з 03.11.2008  па 24.12.2008 ;

трэцяя – з 08.01.2009  па 27.03.2009 ;

чацвёртая – з 06.04.2009  па 29.05.2009 .

7. Выпускныя экзамены за перыяд навучання на ўзроўні агульнай базавай, агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца ў перыяд з 1 чэрвеня па 12 чэрвеня 2009 г.

8. У агульнаадукацыйных установах адукацыйны працэс ажыццяўляецца ў рэжыме 5-дзённага вучэбнага тыдня.

Для вучняў, якія будуць вучыцца па пераходных вучэбных планах і праграмах, адукацыйны працэс можа быць арганізаваны ў рэжыме 6-дзеннай вучэбнай нядзелі.

9. На правядзенне гульнявых відаў спорта ў шосты школьны дзень можа быць выдзелена 1 вучэбная гадзіна з ліку гадзін, якія адведзены на факультатыўныя заняткі.

У шосты школьны дзень праводзіцца фізкультурна – аздараўленчая, спартыўна – масавая і іншая выхаваўчая работа, для вучняў IX – XI класаў дадаткова могуць праводзіцца факультатыўныя заняткі.

10. На працягу навучальнага года з вучнямі IІ – IХ класаў за кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне арганізацыйна-выхаваўчай работы, ці гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, праводзяцца заняткі па курсе ”Асновы бяспекі жыццядзейнасці“ ў наступным аб'ёме:

правілы дарожнага руху 7 вучэбных гадзін у IІ – IХ класах;

правілы пажарнай бяспекі – 7 вучэбных гадзін у ІI – IХ класах;

абарона насельніцтва ад надзвычайных абставін – 2 вучэбныя гадзіны ў V – VІІ класах, 8 вучэбных гадзін – у VІІІ – IХ класах;

бяспека жыцця і здароўя – 2 вучэбныя гадзіны ў ІI – VІІ класах і 4 вучэбныя гадзіны – у VІІІ – IХ класах.

У I – IХ класах агульнаадукацыйных устаноў, якія размешчаны на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання, праводзяцца заняткі па радыяцыйнай бяспецы: I – ІV класы – 4 вучэбныя гадзіны, V – IХ класы – 8 вучэбных гадзін.

Усе гэтыя заняткі з'яўляюцца абавязковымі, праводзяцца ў пазаўрочны час і не ўлічваюцца ў максімальную дапушчальную нагрузку на аднаго вучня.

11. З вучнямі IХ класаў за кошт гадзін, якія выдзяляюцца на правядзенне факультатыўных заняткаў, могуць праводзіцца заняткі па курсе ”Основы выбара прафесіі“ ў аб'еме 1 вучэбнай гадзіны на тыдзень.

12. Грамадска карысная праца можа арганізоўвацца за кошт гадзін, якія выдзяляюцца на правядзенне факультатыўных заняткаў, там, дзе створаны неабходныя ўмовы, з разліку 1 вучэбная гадзіна на тыдзень у ІІІ – VІІІ класах і 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень – у ІХ – ХІ класах. Пры правядзенні грамадска карыснай працы дзяленне на групы не ажыццяўляецца.

13. У V – VIII класах агульнаадукацыйных устаноў, якія маюць зямельныя вучэбна-доследныя ўчасткі, у перыяд летніх канікул праводзіцца працоўная практыка. Працягласць яе не павінна перавышаць 5 дзён (15 вучэбных гадзін). Тэрміны, парадак арганізацыі практыкі, зыходзячы з мясцовых умоў, вызначае педагагічны савет агульнаадукацыйнай установы.

Правядзенне працоўнай практыкі на зямельных участках, а таксама вучэбна-палявых збораў у зонах радыяцыйнага забруджвання звыш 1 Ки/кв.км забаронена.

14. З вучнямі Х – ХI класаў у шосты школьны дзень можа ажыццяўляцца прафесійная падрыхтоўка на базе міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання и прафесійнай арыентацыі вучняў , школьных і міжшкольных вучэбна-вытворчых майстэрняў, ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, майстэрнях іншых арганізацый.

Гадзіны на прафесійную падрыхтоўку выкарыстоўваюцца з гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў.

15. З вучнямі Х класаў, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, праводзіцца вытворчая практыка на працягу 20 дзён па 6 вучэбных гадзін на дзень (усяго 120 вучэбных гадзін).

16. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнага працэсу з вучнямі Х класа праводзяцца абавязковыя 5-дзённыя (3-дзённыя ) вучэбна-палявыя зборы(юнакі) і 5-дзённая (3-дзённая) медыцынская практыка (дзяўчаты). Колькасць вучэбных гадзін на правядзенне вучэбна-палявых збораў ва ўсіх агульнаадукацыйных установах аднолькавая.

17. Дадатковая колькасць гадзін выдзяляецца пры прафесійнай падрыхтоўцы вучняў Х – ХІ класаў:

у агульнаадукацыйных установах, установах, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, у міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатах працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вучняў, на базе якіх ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка вучняў рабоце на трактарах і іншых сельскагаспадарчых машынах, на індывідуальнае навучанне ваджэнню трактараў – па 15 вучэбных гадзін на кожнага вучня Х класаў і па 5 вучэбных гадзін  – ХІ класаў;

у агульнаадукацыйных установах, установах, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, у міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатах працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вучняў, на базе якіх ажыццяўляецца навучанне вучняў асновам жывёлагадоўлі, механізацыі жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, асновам паляводства, аграхіміі і лесаводства, на індывідуальнае навучанне ваджэнню трактара па 20 вучэбных гадзін на кожнага вучня Х – ХI класа;

у агульнаадукацыйных установах, установах, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, у міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатах працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вучняў, на базе якіх вядзецца падрыхтоўка вадзіцеляў катэгорый ”В“ і ”С“, на індывідуальнае навучанне ваджэнню – 70 вучэбных гадзін (13 вучэбных гадзін – на практыку па ваджэнні аўтамабіляў катэгорыі ”В“ і 57 вучэбных гадзін – на практыку па ваджэнні аўтамабіляў катэгорыі ”С“).

18. Для правядзення факультатыўных заняткаў па рытміцы і танцах у I-IV класах прадугледжаны дадатковыя канцэртмайстарскія (акампаніятарскія) гадзіны, якія фінансуюцца ў поўным аб'ёме вучэбных гадзін, вызначаных вучэбным планам на правядзенне ўрокаў па рытміцы і танцах (100% вучэбнага часу). Напрыклад, на рытміку ці танец у І класе выдзяляецца 1 вучэбная гадзіна на тыдзень настаўніку (харэографу) і канцэртмайстарскія (акампаніятарскія) гадзіны ў аб'ёме 100% вучэбнага часу – у дадзеным выпадку 1 вучэбная гадзіна. Такім чынам, агульная колькасць вучэбных гадзін для правядзення заняткаў па рытміцы і танцах складае ў І класе 2 вучэбныя гадзіны.

Такім жа чынам ажыццяўляецца дзяленне класаў на групы і адпаведнае вызначэнне гадзін на арганізацыю адукацыйнага працэсу (пры дастатковай напаўняльнасці) па вучэбных прадметах ”Замежная мова“ I – XI класы, ”Працоўнае навучанне“ V – IX класы, ”Інфарматыка“ VI – XI класы, ”Фізічная культура і здароўе“ X – XI класы, ”Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка“ X – XI класы і г.д.

19. Размеркаванне агульнай фінансуемай колькасці вучэбных гадзін вучэбнага плана па класах з’яўляецца прыкладным. Агульная колькасць вучэбных гадзін тыпавога вучэбнага плана ў агульнаадукацыйных установах размяркоўваецца камісіяй, створанай і зацверджанай загадам кіраўніка агульнаадукацыйнай установы. У выпадку, калі агульнаадукацыйныя ўстановы, якія размешчаны ў сельскіх населеных пунктах, не выкарыстоўваюць па аб'ектыўных прычынах агульную колькасць фінансуемых вучэбных гадзін, за кошт гэтых вучэбных гадзін у раёне па рашэнні ўпраўлення (аддзела) адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на базе агульнаадукацыйных устаноў могуць стварацца міжшкольныя факультатывы для наведвання іх вучнямі з некалькіх агульнаадукацыйных устаноў.

20. Вызначэнне агульнай фінансуемай колькасці вучэбных гадзін на тыдзень ажыццяўляецца спалучэннем лічбавай часткі адзінага тыпавога вучэбнага плана і патрабаваннямі дадзенай Тлумачальнай запіскі. Аплата за правядзенне стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў ажыццяўляецца за фактычна адпрацаваны час.

21. Пры распрацоўцы і зацвярджэнні вучэбнага плана агульнаадукацыйная ўстанова па ўзгадненні з бацькоўскім камітэтам (апякунскім саветам) можа прадугледжваць аказанне платных дадатковых паслуг вучням звыш вучэбных гадзін, якія ўстаноўлены тыпавым вучэбным планам, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 03.10. 2002 № 1376 ”Аб зацвярджэнні пераліку платных паслуг, якія аказваюць дзяржаўныя ўстановы адукацыі“ (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2002 г., № 115, 5/11270; 2005 г., № 74, 5/15916).

22. У агульнаадукацыйных установах могуць стварацца класы інтэграванага (сумеснага) навучання і выхавання. Пры наяўнасці ў класе інтэграванага (сумеснага) навучання трох вучняў з цяжкай паталогіяй аднароднага характару або пяці-шасці вучняў з аднароднымі неглыбокімі парушэннямі ці не больш за два вучні з цяжкай паталогіяй неаднароднага характару або не больш за чатыры вучні з неаднароднымі неглыбокімі парушэннямі ў ім працуюць настаўнік і настаўнік-дэфектолаг.

Пры наяўнасці ў класе інтэграванага (сумеснага) навучання меншай колькасці вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця настаўнік-дэфектолаг праводзіць карэкцыйна-педагагічныя заняткі з разліку 8 вучэбных гадзін на тыдзень на аднаго вучня з цяжкай паталогіяй і 4 вучэбныя гадзіны на тыдзень – на аднаго вучня з неглыбокімі парушэннямі.


ГЛАВА 2

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ ПА АСОБНЫХ ВУЧЭБНЫХ ПРАДМЕТАХ


23У спецыялізаваных па спорце класах у вучэбным плане не прадугледжваюцца вучэбныя гадзіны па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“. Вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў спецыялізаваных па спорце класаў вызначаюцца па выніках тэарэтычных ведаў і ўзроўні фізічнай падрыхтаванасці ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“.

24. Урокі па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“ з вучнямі, якія па стане здароўя аднесены да спецыяльнай медыцынскай групы, праводзяцца ў аб'ёме 2 вучэбных гадзін на тыдзень (акрамя санаторных школ-інтэрнатаў).

Колькасць груп на пачатак навучальнага года вызначаецца на падставе паглыбленага медыцынскага агляду і зацвярджаецца загадам дырэктара агульнаадукацыйнай установы. Напаўняльнасць спецыяльнай медыцынскай групы складае восем – дванаццаць вучняў (незалежна ад узросту, полу і дыягназу захворвання).

25. Вучэбны прадмет ”Родная мова і літаратура нацыянальнай меншасці“ не з'яўляецца замежным у агульнаадукацыйных установах з беларускай і рускай мовамі навучання і вывучэннем вучэбнага прадмета ”Родная мова і літаратура нацыянальнай меншасці“, а таксама ў агульнаадукацыйных установах з навучаннем на роднай мове нацыянальнай меншасці.

Размеркаванне вучэбных гадзін на вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, мовы і літаратуры нацыянальнай меншасці ажыццяўляецца настаўнікам згодна з дадаткамі 1-2 да дадзенай тлумачальнай запіскі. Дзяленне класаў на групы пры вывучэнні вучэбнага прадмета ”Родная мова і літаратура нацыянальнай меншасці“ не ажыццяўляецца.

Заняткі па вывучэнні асобнымі вучнямі вучэбнага прадмета ”Родная мова і літаратура нацыянальнай меншасці“ ў выпадку правядзення іх за кошт факультатыўных заняткаў арганізуюцца пры любой напаўняльнасці груп. Магчыма стварэнне груп з вучняў паралельных класаў.

26. Вучням, якія раней вывучалі вучэбны прадмет ”Замежная мова“ на павышаным ці паглыбленым узроўні, дазваляецца за кошт факультатыўных заняткаў прадоўжыць яго вывучэнне ў тым жа аб’еме з улікам патрабаванняў праграм і прыкладнага каляндарна-тэматычнага планавання.

27. Пры наяўнасці ў VIII – ХІ класах агульнаадукацыйных школ, школ-інтэрнатаў, санаторных школ-інтэрнатаў, гімназій, Х – ХІ класах ліцэяў, Х – XII класах вячэрніх школ ад аднаго да сямі вучняў, якія вывучалі раней другую замежную мову, якая не вывучаецца ў дадзенай установе (класе), дазваляецца па ўзгадненні з аддзеламі (упраўленнямі) адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў працягваць вывучэнне вучэбнага прадмета ”Замежная мова“ самастойна з правядзеннем групавых заняткаў у аб'ёме не менш як 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень на адну групу вучняў. Пры дзяленні класаў на групы па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“ гэтыя вучні не ўлічваюцца пры вызначэнні напаўняльнасці кожнага класа.


ГЛАВА 3

ДЗЯЛЕННЕ КЛАСА НА ГРУПЫ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ

АСОБНЫХ ВУЧЭБНЫХ ПРАДМЕТАЎ
28. Дзяленне класаў на 2 групы ажыццяўляецца ў агульнаадукацыйных школах пры напаўняльнасці класа 25 вучняў, гімназіях, ліцэях, школах-інтэрнатах, санаторных школах – інтэрнатах, вячэрніх школах – 20 вучняў пры правядзенні ўрокаў па вучэбных прадметах:

”Працоўнае навучанне“ – V – IХ класы (юнакі і дзяўчаты);

”Інфарматыка“ – VI – ХІ класы;

”Замежная мова”(2 вучэбныя гадзіны на тыдзень) – III – XI класы (акрамя гімназій і ліцэяў);

”Фізічная культура і здароўе“, ”Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка“ – Х – ХІ класы (юнакі і дзяўчаты);

”Фізіка“ – пры правядзенні франтальных лабараторных работ у VII – ХІ класах;

”Хімія“ - пры правядзенні практычных работ у VII – ХІ класах;

”Астраномія“ – пры правядзенні астранамічных назіранняў у ХІ класах.

Дзяленне класаў на 2 групы пры меншай напаўняльнасці можа ажыццяўляцца за кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў.

29. Дзяленне класаў на 3 групы па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“ ажыццяўляецца:

у гімназіях, ліцэях пры напаўняльнасці класса 20 вучняў;

у класах агульнаадукацыйных школ, вучні якіх раней вывучалі на павышаным ці паглыбленым узроўні вучэбны прадмет ”Замежная мова” і жадаюць прадоўжыць яго вывучэнне у тым жа аб’еме за кошт факультатыўных заняткаў пры напаўняльнасці класа 20-25 вучняў.

Пры меншай напаўняльнасці класа ў гімназіях, ліцэях, агульнаадукацыйных школах, у якіх вучні раней вывучалі на павышаным ці паглыбленым узроўні вучэбны прадмет ”Замежная мова” і жадаюць прадоўжыць яго вывучэнне у тым жа аб’еме , дазваляецца дзяленне на 2 групы, але не менш як 6 вучняў у кожнай.

30. Пры правядзенні практычных, лабараторных работ, практыкумаў па рашэнні задач у Х – ХІ класах фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага накірункаў гімназій, ліцэяў дазваляецца дзяленне класаў на групы пры вывучэнні вучэбных прадметаў ”Фізіка“,”Матэматыка“,”Хімія“, ”Біялогія“.


ГЛАВА 4

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ НА I СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ


31. Курс ”Уводзіны ў школьнае жыццё“ вывучаецца ў I класе ў верасні ў межах агульнай колькасці вучэбных гадзін, вызначанай тыпавым вучэбным планам. Акрамя трох урокаў курса ”Уводзіны ў школьнае жыццё“ праводзяцца ўрокі па вучэбных прадметах ”Фізічная культура і здароўе“, ”Музыка“.

32. З I класа пачынаецца вывучэнне вуснага моўнага курса ”Беларуская мова“ ў агульнаадукацыйных установах з рускай мовай навучання і вуснага моўнага курса ”Руская мова“ ў агульнаадукацыйных установах з беларускай мовай навучання.

У I класе адводзіцца 6 вучэбных гадзін на навучанне грамаце: 3 вучэбныя гадзіны – чытанне, 3 вучэбныя гадзіны – пісьмо.

33. У III класе пачынаецца вывучэнне вучэбнага прадмета ”Замежная мова“ ў аб'ёме 2 вучэбных гадзін на тыдзень.

Вучні, якія вывучалі ў 2007/2008 навучальным годзе ў I класе вучэбны прадмет ”Замежная мова“ ў аб’ёме 3 вучэбных гадзін на тыдзень, могуць прадоўжыць яго вывучэнне ў 2008/2009 навучальным годзе ў II класе ў тым жа аб’ёме за кошт гадзін, адведзеных на правядзенне факультатыўных заняткаў.

34. Пры напаўняльнасці ў I-IV класах да 6 вучняў урокі па вучэбных прадметах ”Фізічная культура і здароўе“, ”Музыка“, ”Выяўленчае мастацтва“, ”Працоўнае навучанне“ праводзяцца адначасова з вучнямі I і II, II і III, III і IV або I і III, II і IV класаў. Размеркаванне вучэбных гадзін па вызначаных вучэбных прадметах ажыццяўляецца па класе, у якім на іх вывучэнне прадугледжана вучэбным планам большая колькасць вучэбных гадзін.


ГЛАВА 5

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА

ПРАЦЭСУ Ў ВЯЧЭРНЯЙ ШКОЛЕ
35. У вячэрніх школах навучанне можа ажыцяўляцца па вочнай (дзённай, вячэрняй) і завочнай формах атрымання агульнай сярэдняй адукацыі.

Завочная форма арганiзацыi адукацыйнага працэсу ў вячэрняй школе прадугледжвае:

правядзенне 4 сесій, перыяд правядзення якіх вызначаецца кіраўніком вячэрняй школы і ўзгадняецца з раённым (гарадскiм) аддзелам (упраўленнем) адукацыi з улiкам канкрэтных умоў;

здачу залікаў, колькасць якіх вызначана згодна з дадаткам 3 да дадзенай тлумачальнай запіскі;

правядзенне ўрокаў у перыяд сесій (не больш за 8 вучэбных гадзін на дзень);

правядзенне факультатыўных заняткаў у міжсесійны перыяд.

Працягласць правядзення адной сесіі павінна складаць не менш як 10 вучэбных дзён.

Залікі могуць прымацца ў час правядзення сесій (калі колькасць урокаў на дзень не больш за 8) і ў міжсесійны перыяд.

Залiкi здаюць усе вучнi. На прыём аднаго залiку адводзiцца 1/3 акадэмiчнай гадзiны на кожнага вучня. Залiкi, як правiла, з’яўляюцца камбiнаванымi, гэта значыць уключаюць пытаннi для вуснага адказу вучняў i пiсьмовыя заданнi. Прыкладныя тэмы залiковых раздзелаў, а таксама патрабаваннi да ведаў i ўменняў вучняў названы ў праграмах па кожным вучэбным прадмеце.

Да здачы залiкаў дапускаюцца вучнi, якiя выканалi прадугледжаныя практычныя, лабараторныя i кантрольныя работы па дадзеным вучэбным прадмеце. Вынiкi выканання гэтых работ улiчваюцца пры вывядзеннi агульнай адзнакi за залiк (залiковы раздзел). Залiкi, здадзеныя вучнямi, сапраўдныя на працягу двух гадоў. Гадавыя адзнакi выстаўляюцца на падставе залiковых адзнак.

36.  Для вучняў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю па вочнай форме, можа быць арганізавана прафесійная падрыхтоўка на базе вячэрніх школ, міжшкольных вучэбна-вытворчых камбінатаў працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі вучняў, школьных і міжшкольных вучэбна-вытворчых майстэрань, устаноў прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, майстэрань іншых арганізацый, па прафесійным навучанні за кошт гадзін, адведзеных на правядзенне факультатыўных заняткаў.

37.  З вучнямі Х – XI класаў, якія праходзяць прафесійную падрыхтоўку, праводзіцца вытворчая практыка на працягу 10 дзён па 6 вучэбных гадзін на дзень у кожным класе.


ГЛАВА 6

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА

ПРАЦЭСУ Ў САНАТОРНАЙ ШКОЛЕ – ІНТЭРНАЦЕ
38.  У санаторных школах-інтэрнатах сістэма работы па фізічнай рэабілітацыі ўключае ў сябе ўрокі па рухальнай рэабілітацыі і лячэбным плаванні. Урокі па фізічнай рэабілітацыі праводзяцца ў кожным класе ў межах вучэбных гадзін, прадугледжаных тыпавым вучэбным планам. Пры гэтым санаторная школа-інтэрнат, у залежнасці ад захворвання вучняў і наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы, самастойна вызначае колькасць вучэбных гадзін на лячэбнае плаванне, але не больш за 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень у кожным класе. Дзяленне класаў на групы ў санаторных школах-інтэрнатах пры правядзенні ўрокаў па фізічнай рэабілітацыі ажыццяўляецца пры наяўнасці ў класе 10 і больш вучняў. Дазваляецца выкарыстоўваць для ўрокаў па лячэбным плаванні гадзіны, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў.

39. У санаторнай школе-інтэрнаце ў I – IV класах вучэбны прадмет ”Працоўнае навучанне“ не вывучаецца. Вучэбны прадмет ”Выяўленчае мастацтва“ ў I класе вывучаецца ў аб'ёме 1 вучэбнай гадзіны на тыдзень.

40. Санаторным школам-інтэрнатам для дзяцей з захворваннямі костна-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі пры неабходнасці дазваляецца пераразмяркоўваць 1 вучэбную гадзіну з агульнай колькасці гадзін, адведзеных на вучэбны прадмет ”Фізічная культура і здароўе“, на заняткі па рухальнай рэабілітацыі, пры гэтым вышэй азначанае дзяленне класаў на групы захоўваецца, а таксама дазваляецца выкарыстоўваць гадзіны, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, для ўрокаў па лячэбным плаванні.

41. Санаторным школам-інтэрнатам іншых тыпаў, дзе вучні навучаюцца адну ці дзве чвэрці, пры адсутнасці неабходных умоў для правядзення ўрокаў у V – IХ класах па вучэбным прадмеце ”Працоўнае навучанне“ дазваляецца пераразмяркоўваць гэтыя вучэбныя гадзіны для правядзення ўрокаў па фізічнай рэабілітацыі, пры гэтым дзяленне класаў на групы захоўваецца.

Урокі па фізічнай рэабілітацыі праводзяцца па асобным раскладзе.

42. У санаторных школах-інтэрнатах усіх тыпаў не прадугледжваецца павелічэнне вучэбных гадзін на музычна-рытмічныя ўрокі за кошт пераразмеркавання гадзін карэкцыйна-рэабілітацыйнага кампанента або гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, акрамя санаторных школ-інтэрнатаў для дзяцей з захворваннямі костна-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі.

Для правядзення музычна-рытмічных урокаў прадугледжваюцца акампаніятарскія гадзіны (100% вучэбнага часу).

43. Паміж заняткамі па вучэбных прадметах і карэкцыйна-рэабілітацыйным кампаненце прадугледжваецца перапынак (не менш за 30 мінут).

44. Урокі па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“ арганізуюцца з улікам стану здароўя дзяцей і рэкамендацый медыцынскага работніка.

45. Пры правядзенні ўрокаў па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“ дазваляецца дзяленне вучняў III – ХI класаў на 2 групы пры меншай напаўняльнасці, калі ў класе 5 і больш дзяцей, якія вывучаюць іншую замежную мову як першую.


ГЛАВА7

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ Ў СПЕЦЫЯЛЬНАЙ ШКОЛЕ ЗАКРЫТАГА ТЫПУ


46. Пры арганізацыі ўрокаў па вучэбным прадмеце ”Працоўнае навучанне“ і вытворчай працы ў V – IХ класах дазваляецца дзяленне класаў на 2 групы пры наяўнасці ў класе не менш за 8 вучняў.

47. Па рашэнні педагагічнага савета спецыяльнай школы закрытага тыпу колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне вучэбнага прадмета ”Працоўнае навучанне“ можа быць павялічана да 2 вучэбных гадзін у VII – ІХ класах за кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў.

48. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў спецыяльных школах закрытага тыпу на ўроках па вучэбным прадмеце ”Замежная мова“ дазваляецца дзяленне вучняў на групы ў VІ – ІХ класах пры любой напаўняльнасці, у V класе дзяленне на 2 групы ажыццяўляецца пры наяўнасці ў класе 10 і больш вучняў.
ГЛАВА 8

АСАБЛІВАСЦІ ВЫВУЧЭННЯ СПЕЦЫЯЛЬНЫХ ВУЧЭБНЫХ ПРАДМЕТАЎ МУЗЫЧНАЙ, МАСТАЦКАЙ, ТЭАТРАЛЬНАЙ, ХАРЭАГРАФІЧНАЙ НАКІРАВАНАСЦІ


49. Спецыяльныя вучэбныя прадметы музычнай, мастацкай, тэатральнай, харэаграфічнай накіраванасці вывучаюцца на факультатыўных занятках згодна з дадаткам 4 да дадзенай тлумачальнай запіскі. Дазваляецца павелічэнне максімальнай дапушчальнай вучэбнай нагрузкі на аднаго вучня ў аб’еме 2 вучэбных гадзін у II – IV класах, да 3 вучэбных гадзін у V – IX класах.

Акрамя гадзін, адведзеных на правядзенне факультатыўных заняткаў, у пазаўрочны час праводзяцца на выбар вучняў заняткі харавых, танцавальных, аркестравых, тэатральных калектываў, мастацкіх студый, вакальных і інструментальных ансамбляў. Колькасць гадзін на іх правядзенне вызначана пунктамі 50, 51, 52, 53 дадзенай Главы. Заняткі харавых, танцавальных, аркестравых, тэатральных калектываў, мастацкіх студый, вакальных і інструментальных ансамбляў могуць праводзіцца ў шосты школьны дзень.

У X-XI класах у межах гадзін, якія выдзяляюцца для правядзення факультатыўных заняткаў, вучні могуць працягваць вывучаць спецыяльныя вучэбныя прадметы музычнай, мастацкай, тэатральнай, харэаграфічнай накіраванасці, якія вызначаюцца пунктамі 50, 51, 52, 53 дадзенай главы і дадаткам 4 да дадзенай тлумачальнай запіскі. Прадуглежваюцца таксама канцартмайстарскія гадзіны згодна з указанымі пунктамі.

Напаўняльнасць груп па спецыяльных вучэбных прадметах такая, як і груп, вызначаных на правядзенне факультатыўных заняткаў.

50. Па спецыяльных вучэбных прадметах музычнай накіраванасці, якія вывучаюцца на выбар вучняў (іх законных прадстаўнікоў) прадугледжваецца:

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце “Ігра на музычным інструменце” (індывідуальная форма навучання) ў I – IX класах – 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень;

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце “Танец”ў I – VI класах, “Музычная літаратура” ў VII – IX класах – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на групу;

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце ”Хор“ (калектыўная форма навучання): у І класе – 2 вучэбныя гадзiны на тыдзень на хор, у II – IV, V – IX класах – 3 вучэбныя гадзіны на тыдзень на хор. Пры наяўнасці паралельных класаў урокі праводзяцца ў I – IV і V – IХ класах па паралелях або па ўзроставых групах;

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце ”Аркестр“ (калектыўная форма навучання): у I класе – 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень на аркестр, у II-IX класах – 3 вучэбныя гадзіны на тыдзень на аркестр. Пры наяўнасці паралельных класаў урокі праводзяцца ў I – IV і V – IХ класах па паралелях або па ўзроставых групах;

для правядзення заняткаў па вучэбным прадмеце ”Ансамбль“ (вакальны, інструментальны) у I – IX класах – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на двух і больш вучняў.



Для правядзення заняткаў па спецыяльных вучэбных прадметах (музычная накіраванасць) прадугледжваюцца канцэртмайстарскiя (акампаніятарскія) гадзiны (100% вучэбнага часу) па вучэбных прадметах ”Хор“, ”Ансамбль“ (вакальны, інструментальны), ”Харавы клас“, “Танец” – у аб’ёме гадзiн, прадугледжаных вучэбным планам;

для правядзення ўрокаў па вучэбным прадмеце ”Ігра на музычным iнструменце“ (акрамя фартэпiяна) на кожнага вучня — 1 вучэбная гадзiна на тыдзень на аднаго вучня.

51. Па спецыяльных вучэбных прадметах мастацкай накіраванасці, якія вывучаюцца на выбар вучняў (іх законных прадстаўнікоў) прадугледжваецца:

для правядзення заняткаў ў мастацкіх студыях па спецыяльных вучэбных прадметах ”Малюнак“, ”Жывапіс“, ”Кампазіцыя“ ў V – IX класах – 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень па кожным прадмеце; ”Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва  – 3 вучэбныя гадзіны на тыдзень на кожны від дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва на двух і больш вучняў V – IX класаў;

для правядзення заняткаў па вучэбных прадметах ”Камп'ютэрная графіка“ ў VIII – IX класах, ”Дызайн“ ў VIII – IX класах, “Архітэктурнае макетаванне”, “Перспектыва” ў VIII – IX класах – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на групу па кожным вучэбным прадмеце;

колькасць вучэбных гадзін на групу для работы з жывой натуры прадугледжваецца з разліку 2 натуршчыкі на групу для пастаноўкі галавы, партрэта, галавы з плечавым поясам, дэталей галавы і дэталей фігуры (кісць, ступня) і 1 натуршчык для ўсіх іншых пастановак;

колькасць вучэбных гадзін, якія адводзяцца натуршчыкам для работы з жывой натуры ў адной групе, аплачваецца толькі натуршчыкам.

52. Па спецыяльных вучэбных прадметах тэатральнай накіраванасці, якія вывучаюцца на выбар вучняў (іх законных прадстаўнікоў) прадугледжваецца:

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце ”Тэатр“ (калектыўная форма навучання) у I – IX класах – 3 вучэбныя гадзiны на тыдзень на калектыў;

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце ”Асновы сценічнага руху“ (групавая форма навучання) у VIII – IX класах – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на групу;

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце “Ансамбль”(вакальны) – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на два і больш вучняў.

Для правядзення заняткаў па спецыяльных вучэбных прадметах (тэатральная накіраванасць), прадугледжваюцца канцэртмайстарскія (акампаніятарскія) гадзіны (100% вучэбнага часу) па вучэбных прадметах ”Асновы сцэнічнага руху“, ”Танец“, ”Музычныя і тэатральныя гульні“, “Ансамбль”(вакальны) ў адпаведнасці з вучэбным планам.

53. Па спецыяльных вучэбных прадметах харэаграфічнай накіраванасці, якія вывучаюцца на выбар вучняў (іх законных прадстаўнікоў) прадугледжваецца:

для правядзення заняткаў па вучэбным прадмеце ”Танец“ (калектыўная форма навучання) у I – IХ класах – 3 вучэбныя гадзiны на тыдзень на калектыў;

для правядзення заняткаў па вучэбным прадмеце ”Танец“ у II – IX класах – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на двух і больш вучняў;

для правядзення заняткаў па спецыяльным прадмеце “Ансамбль”(інструментальны) у III – IX класах – 1 вучэбная гадзіна на тыдзень на два і больш вучняў.

Для правядзення заняткаў па спецыяльных вучэбных прадметах (харэаграфічная накіраванасць), прадугледжваюцца канцэртмайстарскія (акампаніятарскія) гадзіны (100% вучэбнага часу) па вучэбных прадметах ”Танец“ (калектыўная і групавая форма навучання), ”Танец класічны, народна-сцэнічны, гісторыка-бытавы, сучасны бальны“ (групавая форма навучання), ”Рытміка“ (групавая форма навучання) “Ансамбль” (інструментальны) ў адпаведнасцi з вучэбным планам

54. Па спецыяльных вучэбных прадметах музычнай, мастацкай, тэатральнай, харэаграфічнай накіраванасці выстаўляюцца адзнакі.

Выніковыя адзнакі па спецыяльных вучэбных прадметах за перыяд навучання на ўзроўні агульнай базавай, агульнай сярэдняй адукацыі выстаўляюцца ў выпіску выніковых адзнак паспяховасці па спецыяльных вучэбных прадметах у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2006 г. № 1343 “Аб узорах дакументаў аб агульнай базавай, агульнай сярэдняй адукацыі і ўнясенні дапаўненняў у Палажэнне аб Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
ГЛАВА 9

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ Ў САНАТОРНА – КУРОРТНЫХ І АЗДАРАЎЛЕНЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ


55. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях размеркаванне вучэбных гадзін па вучэбных прадметах ажыццяўляецца згодна з дадаткам 5 да дадзенай тлумачальнай запіскі.

56. Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў час знаходжання ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях адну чвэрць і больш ажыццяўляецца згодна з адзіным тыпавым вучэбным планам для агульнаадукацыйных школ.

Калі вучні знаходзяцца ў санаторна-курортных ці аздараўленчых арганізацыях (у тым ліку на аздараўленні за мяжой) менш як чвэрць, то арганізацыя адукацыйнага працэсу можа ажыцяўляцца згодна з варыянтамі 1 або 2 дадатка 5 да дадзенай тлумачальнай запіскі з тым, каб вучні маглі эфектыўна спалучаць аздараўленне і навучанне з разліку 2 – 3 урокі на дзень у І – ІV класах, 3 – 4 урокі ў V – ІХ класах, 4 – 5 урокаў у Х – ХІ класах.

57. Арганізацыя індывідуальнага навучання ажыццяўляецца згодна з варыянтам 3 дадатка 5 да дадзенай тлумачальнай запіскі. Гадзіны, адведзеныя на правядзенне факультатыўных заняткаў могуць быць выкарыстаны на вывучэнне іншых вучэбных прадметаў.

Выбар варыянта размеркавання вучэбных гадзін ажыццяўляецца з улікам канкрэтных умоў арганізацыі адукацыйнага працэсу і стану здароўя вучняў.

58. Вучэбныя гадзіны па вучэбным прадмеце ”Фізічная культура і здароўе“у санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацыях могуць выкарыстоўвацца для заняткаў лячэбнай фізічнай культурай, якая праводзіцца з улікам медыцынскіх паказчыкаў па-за раскладам урокаў спецыялістам, які мае адпаведную падрыхтоўку.

59. Пры немагчымасці сфарміраваць клас з вучняў аднаго года навучання ў час іх знаходжання ў санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацыях дазваляецца ў склад аднаго класа ўключаць вучняў I – IV класаў або вучняў сумежных класаў (V – VI, VI – VII і г.д). У гэтым выпадку размеркаванне вучэбных гадзін па вучэбным прадмеце ажыццяўляецца па класе, у якім на вывучэнне дадзенага вучэбнага прадмета прадугледжана большая колькасць вучэбных гадзін.

60. За кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, у І – ХІ класах можа ажыццяўляцца вывучэнне асобных вучэбных прадметаў, а таксама правядзенне стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў.


ГЛАВА 10

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ ВУЧНЯЎ, ЯКІЯ ЗНАХОДЗЯЦЦА НА СТАЦЫЯНАРНЫМ ЛЯЧЭННІ Ў АРГАНІЗАЦЫЯХ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ


61. Размеркаванне вучэбных гадзін на вывучэнне вучэбных прадметаў вучнямі, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў арганізацыях аховы здароўя, ажыццяўляецца згодна з дадаткам 6 да дадзенай тлумачальнай запіскі.

62. Пры вывучэнні вучэбнага прадмета ”Інфарматыка“ вучнямі VI – ХI класаў, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў арганізацыях аховы здароўя, дазваляецца выкарыстоўваць дадатковыя гадзіны, адведзеныя на правядзенне факультатыўных заняткаў.

63. Размеркаванне вучэбных гадзін па вучэбным прадмеце пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў арганізацыях аховы здароўя з вучнямі сумежных класаў (I – II, II – III, V – VI, VI – VII і г.д) ажыццяўляецца па класе, у якім на вывучэнне дадзенага вучэбнага прадмета прадугледжана большая колькасць вучэбных гадзін.

64. За кошт гадзін, якія адведзены на правядзенне факультатыўных заняткаў, у І – ХІ класах можа ажыццяўляцца вывучэнне асобных вучэбных прадметаў, а таксама правядзенне стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў.


ГЛАВА 11

АСАБЛІВАСЦІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА

ПРАЦЭСУ ДОМА
65. Размеркаванне вучэбных гадзін па вучэбных прадметах пры арганізацыі адукацыйнага працэсу дома ажыццяўляецца згодна з дадаткам 7 да дадзенай тлумачальнай запіскі і можа быць зніжана са згоды бацькоў.

66. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу дома для вучняў I – ХI класаў гадзіны, адведзеныя на правядзенне факультатыўных заняткаў могуць быць выкарыстаны на дадатковае вывучэнне асобных вучэбных прадметаў, а таксама правядзенне стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў.



67. У VI – ХI класах пры вывучэнні вучэбнага прадмета ”Інфарматыка“ выкарыстоўваецца 1 вучэбная гадзіна на тыдзень у кожным класе за кошт гадзін, адведзеных на правядзенне факультатыўных заняткаў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка