За здаровы лад жыцця падлеткі І дарослыя выдатная каманда




Дата канвертавання17.03.2016
Памер19.57 Kb.
За здаровы лад жыцця

ПАДЛЕТКІ І ДАРОСЛЫЯ -- ВЫДАТНАЯ КАМАНДА

13 верасня 2013 года Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр міліцыі І. Шуневіч падпісаў загад №424 "Аб папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ваеннаслужачых і грамадзянскага персаналу ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь". Згодна з гэтым дакументам, адным з важнейшых накірункаў у рабоце кіраўніцтва органаў унутраных спраў з'яўляецца захаванне здароўя супрацоўнікаў. З мэтай фарміравання ў праваахоўнікаў попыту на здаровы лад жыцця нават прапанавана аб'явіць 2014 год у аддзелах унутраных спраў Годам здаровага ладу жыцця. У сувязі з гэтым распрацаваны спецыяльны план па ажыццяўленні патрабаванняў загада, які ўключае ў сябе шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, у тым ліку і спартыўныя спаборніцтвы.

Не адкладваючы надоўга, дзятлаўская міліцыя вырашыла ўжо ў кастрычніку правесці спартыўнае мерапрыемства і падключыць да яго не толькі людзей у пагонах, а і жыхароў райцэнтра. Выбралі валейбол, як найбольш папулярную і многімі любімую спартыўную гульню. Прыняць удзел у спаборніцтвах інспекцыя па справах непаўналетніх райаддзела запрасіла цяжкіх падлеткаў, якія стаяць на ўліку. Юныя парушальнікі былі ўключаны ў склад зборнай каманды праваахоўнікаў, гулялі з імі як роўныя. Гэта і ёсць самы дзейсны педагагічны прыём -- выхоўваць на ўласным станоўчым прыкладзе.

Яшчэ ўдзел у спаборніцтвах прынялі зборная СШ №3 г. Дзятлава і каманда ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод". Хто лепшы ў валейболе, высвятлялі ў спартыўнай зале СШ №3, як кажуць, на тэрыторыі саперніка.

Першая гульня была паміж сыраробамі і гаспадарамі пляцоўкі, а зборная райаддзела прыглядалася і "прымяралася" да каманд-удзельніц. З лікам 1:2 перамагла зборная СШ №3 г. Дзятлава.

Другімі на пляцоўку выйшлі праваахоўнікі і падлеткі. Першая гульня была з камандай ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", яна дала станоўчы вынік: 2:0 на карысць дзятлаўскай міліцыі. З такім жа лікам зборная праваахоўнікаў і цяжкіх падлеткаў перамагла гаспадароў пляцоўкі, зборную СШ №3, і такім чынам выйшла ў лідары спаборніцтваў. Другое месца заняла зборная каманда СШ №3. На трэцяй пазіцыі на гэты раз былі дзятлаўскія сыраробы.

Важна нават не тое, як размеркаваліся месцы, а станоўчыя эмоцыі і зарад бадзёрасці ад гульні. Але перамога зборнай райаддзела і цяжкіх падлеткаў чарговы раз даказала, што агульныя намаганні, нават розных людзей, могуць даць станоўчы вынік, калі яны скіраваны на добрую справу. Варта спадзявацца, што спорт -- гэта сродак, здольны не толькі загартаваць здароўе, але і прывіць навыкі добрых паводзінаў тым дзецям, якія больш прывыклі траціць сваю энергію на кепскія ўчынкі. Хочацца верыць, што падобныя мерапрыемствы дапамогуць ім зрабіць правільны жыццёвы выбар.



І. СТЫРНІК,

карэспандэнтка Дзятлаўскай раённай газеты "Перамога"


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка