За свет уратаваны вам дзякуй, ветэраны!




Дата канвертавання08.05.2016
Памер81.83 Kb.
ЗА СВЕТ УРАТАВАНЫ ВАМ ДЗЯКУЙ, ВЕТЭРАНЫ!

Люты здае пазіцыі. Міне яшчэ два дні, і сакавік уступіць у свае правы, пачнецца ў свеце новая вясна. І цяпер, рыхтуючыся да знамянальнай даты – 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў -- кіраўніцтва раённай ветэранскай арганізацыі спяшаецца зноўку пабываць у доме кожнага ўдзельніка той цяжкай мінуўшай вайны, аддаць даніну памяці і павагі ветэранам. Усе яны зрабілі вельмі многа для таго, каб найхутчэй прыблізіць жаданы дзень Перамогі, не шкадавалі ўласнага жыцця. Вясна абуджае былыя трывогі, і звычайна часцей, чым хвалюе і непакоіць кожнага. Мінаюць гады, а памяць аб подзвігу народа ўдзячная і жыве вечна. У гэты дзень, напрадвесні кіраўніцтва раённай ветэранскай арганізацыі сумесна з загадчыцай аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназіравання раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталляй Дудковай і з аўтарам гэтых радкоў наведалі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у вёсках Прыгані, Комсенічы, Петушкі, уручылі ветэранам невялікія прадуктовыя пакеты. А галоўнае, добрае слова мовілі, што для такіх людзей цяпер вельмі важна.

Вёска Прыгані сустрэла цішынёй. Хата, у якой жыве Т. М. Каранькова, у сярэдзіне вёскі. Яе першай і наведалі кіраўнікі. Шэсць гадоў назад пераехала Таісія Мікалаеўна з Віцебскай вобласці на Кругляншчыну да дачкі. У снежні мінулага года ей споўнілася 92 гады. А за спіною ў яе вайна, нялёгкі лёс. Расхвалявалася Таісія Мікалаеўна, сустракаючы нечаканых гасцей, цяжка ей было нанова прыпомніць, перагартаць старонкі свайго жыцця. Аб гераічным мінулым напамінаюць заслужаныя баявыя ўзнагароды.

--Я болей люблю ўспамінаць пра даваенны час, -- мовіла жанчына, -- які звязаны з Масквой. А нарадзілася я тут, у Беларусі, у вёсцы Гаршчэўшчына Віцеб-скай вобласці. У сям’і бацькоў нас было дзесяцера дзяцей. Сямёра памёрлі ў вайну, сястра ў партызанах загінула. Я да вайны часта хварэла, вось і вырашылі мяне бацькі адправіць у Маскву да цёткі. Ад нашай вёскі далёка было хадзіць у школу. Цётка з радасцю прыняла пляменніцу. Помніцца даваенная Масква, чыстая, прыгожая, светлая, з гоманам мноства людзей на вуліцах, з лозунгамі, плакатамі, афішамі. Жыла цётка Люба непадалёку ад станцыі метро Сакольнікі.

Таісія вельмі хутка асвоілася ў вялікім горадзе. Але ўсё ж сумавала па родных мясцінах. Сустрэчы з блізкімі былі вельмі кароткімі: прыязджала дадому ў Гаршчэўшчыну на канікулы. Закончыўшы ў Маскве восем класаў, Таісія паступіла ў педагагічае вучылі-шча. Яна вырашыла назаўсёды звязаць свой лёс са сталіцай вялікай дзяржавы. А заканчвала навучальную ўстанову ў 1941 годзе. Толькі-толькі адшумеў выпускны баль і... прыйшла вестка аб пачатку вайны. У роднай Беларусі ўжо грымелі баі, і Таісія зразумела, што не зможа трапіць на радзіму праведаць бацькоў. Вораг упарта рваўся да Масквы.

Калі аб’явілі добраахвотны набор на фронт, Таісія, актывістка і камсамолка, апынулася ў першых радах добраахвотнікаў. Трапіла ў рэзервовую армію Заходняга фронта сакратаром ваеннага трыбуналу. Пасля зацяжных баёў з немцамі рэзервовая армія распалася. Сфарміравалася 2-я Ударная армія. Волхаўскага фронту, задачай якой было прарваць блакаду Ленінграда. Таісія Каранькова несла службу ў складзе падраздзяленняў гэтай арміі.

-- Калі немцы ўзялі ў акружэнне другую Ударную армію, -- успамінае жанчына, -- давялося выходзіць з яго. Рухаліся ў накірунку да малой Вішэры. Трапілі пад бамбёжку.

Тады Таісія з кантузіяй апынулася ў шпіталі.

3 ліпеня 1942 г. па верасень 1943 г. яна ў складзе першай сапёрнай арміі Заходняга фронту. Перамяшчаўся ваенны трыбунал разам з фронтам.

– Спраў было многа, -- успамінае Таісія Міхайлаўна, -- судзілі і немцаў, і здраднікаў Радзімы.

З 1944 года па 1946 год Таісія Мікалаеўна – судовы сакратар ваеннага трыбунала Маскоўскай ваеннай акругі.

--У Маскве я Перамогу сустрэла, -- працягвала ўспаміны мая субяседніца, -- у Маскве і каханне да мяне прыйшло. З масквічом Рыгорам Флексерам разам вучыліся ў педагагічным вучылішчы. У 1939 г. Рыгор трапіў на Фінскую, а пасля нападу немцаў – пад Сталінград. Па паскоранаму курсу закончыў ваеннае вучылішча, атрымаў званне лейтэнанта. У 1944 годзе мы сустрэліся з ім у Маскве. Рыгор ехаў з Далёкага Усходу і на хвілінку забег адведаць родных. Успомніў і пра мяне. А адразу пасля Перамогі, калі Рыгор вярнуўся з вайны, мы распісаліся.

Пагасцілі ў маіх родных у Беларусі і зноў вярну-ліся ў Маскву. Але ў хуткасьці пераехалі ў Беларусь назаўсёды. Старэйшая дачка Яўгенія нарадзілася ў Маскве, астатнія пяцёра дзяцей -- у Беларусі, на Віцебшчыне.

Спачатку працавалі ў дзіцячым доме ў Смальянавічах. Таісія Мікалаеўна выкладала хімію і біялогію, Рыгор Навумавіч узначальваў навучальную ўстанову. Пасля настаўнічалі ў вёсках Алёнавічы, Звінячы. У апошняй да самой пенсіі дапрацавалі. Мае Таісія Мікалаеўна ўзнагароды за працоўныя заслугі на педагагічнай ніве. А галоўная радасць і заслуга яе выхавання -- уласныя дзеці, цяпер паважаныя людзі, адзінаццаць унукаў і дзевяць праўнукаў.

Больш сямнаццаці гадоў як няма ў жывых Рыгора Навумавіча, цяжка было заставацца адной пасля яго смерці, вось і пераехала ў Прыгані да дачкі.

-- У мяне свая хата, а ў яе па суседству са мной свая. Так і жывём. Ведаеце, -- дадала на развітанне, – у вайны свае суровыя законы, вайна – гэта вельмі страшна, і не дай Бог нікому зноў такое перажыць.



Развітаўшыся з Таісіяй Мікалаеўнай, узялі накірунак у вёску Крывуліна, дзе жыве ўдзельнік вайны Пётр Майсеевіч Дзерашаў. Ён з радасцю сустракаў гасцей, правёў у хату. На стале адмерваў час гадзіннік, на сценах размешчаны фотаздымкі -- памяць.

–Дзякуй, што зноў адведалі, – казаў ветэран, -- нездарма мы ваявалі, калі клапоцяцца пра нас.

Пётр Майсеевіч нарадзіўся ў Крывуліне і тут пражыў ўсё жыццё.

-- Амаль 90 гадоў я ўжо па зямлі адхадзіў, -- пачаў размову ветэран. – А тады, у 1941 годзе, мне шаснаццаць споўнілася. Пачатак вайны назаўсёды ўрэзаўся ў памяць. Вайна дакацілася да Крывуліна тыдні праз два, напачатку ліпеня. Прайшло некалькі месяцаў жыцця пад акупацыяй, і нечакана вярнуўся дадому мой брат Яфім. Да вайны ён быў партыйным актывістам, меў пасаду старшыні сельскага Савета ў Галоўчыне. Яфім паведаў, што трапіў у палон, адкуль пашчасціла ўцячы.

Брат наладзіў сувязь з партызанамі і пайшоў у атрад. Ворагі хутка даведаліся пра тое, і дома заставацца нашай сям’і стала небяспечна. Так мы і апынуліся ў атрадзе Грышына. Маці знайшла сабе занятак на партызанскай кухні, а сястра Ева стала разведчыцай. Аднойчы група разведчыкаў нарвалася на нямецкую засаду каля вёскі Вушлаў. Сястра ў той дзень загінула ў няроўным баі з ворагам.

Пётр рваўся ў бой, каб адпомсціць за яе смерць, і калі далучыўся да адказнай справы, паводзіў сябе рашуча і смела. А ў хуткасці пачалася блакада. Атрад выходзіў з акружэння, прабіраючыся праз гушчар і багну. Пры прарыве блакады на адкрытай мясцовасці хлопца параніла асколкам. Раненне было цяжкое, але пашанцавала выжыць. А брата Яфіма не давялося больш пабачыць. У 1944 пайшоў ён на фронт і загінуў пад Варшавай. Не вярнуліся з вайны і яшчэ два браты – Піліп і Мікалай.

-- Аднаго мяне сустрэла маці, калі вярнуўся дадому пасля лячэння ў шпіталі, – казаў ветэран, выціраючы вочы. -- Вярнулася з фашысцкага палону і каханая дзяўчына Алена. У хуткасці згулялі з ёй сціплае вяселле. Пачалі наладжваць мірнае жыццё. Нара-дзілася дачушка Тамара, пасля сыны Мікалай і Віктар. Цяпер мае ветэран двух дарослых унучак і дваіх праўнучак.

Шкада толькі, што Алены Півонаўны няма побач, пайшла яна з жыцця. А даглядаць старога бацьку прыехаў з Кіраўска сын Мікалай.

--Усё добра, толькі б не было вайны, -- казаў на развітанне.

Далей шлях ляжаў да вёскі Комсенічы.

Марыі Міхайлаўне Максіменка ў сакавіку ўжо споўніцца 91 год.

--Ну, як вы сябе адчуваеце, што вас хвалюе? -- задаў ёй пытанне старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Міхаіл Арашкоў.

--Добра жыву, дачка даглядае, на ўнукаў радуюся, на праўнукаў. Толькі б не было яе больш, вайны праклятай.

Марыя Міхайлаўна нарадзілася ў вёсцы Сурды Бялыніцкага раёна.

Яна заўсёды марыла звязаць свой лёс з медыцынай. І закончыўшы школу, ужо сабрала дакументы ў медыцынскае вучылішча. Але вучыцца дзяўчыне перашкодзіла вайна. Цяжка расказаць і ўспомніць, як жылося пад акупацыяй. А ўжо пасля вызвалення Беларусі разам са стрыечнай сястрой уладкавалася працаваць у тылавы шпіталь у Магілёве.

Шпіталь рухаўся ўслед за фронтам. І Марыя прывыкла штодня бачыць кроў і смерць. Толькі не ачарсцвела сэрца да чужога болю. Перамогу разам са шпіталем дзяўчына сустрэла ва Усходняй Прусіі.

А пасля вайны працавала ў калгасе “Заветы Ільіча”. Замуж выйшла за працавітага хлопца Васіля з суседніх Сіпайлаў. Жылі вельмі добра, хату пабудавалі, дваіх сыноў і дачку гадавалі.

Але яшчэ зусім маладым нечакана памёр муж. Перажыла вялікае гора. А пасля яшчэ і сына Васіля пахавала. Колькі вытрымала, не апісаць словамі. Цяпер даглядае маці дачка Наталля. Мае Марыя Міхайлаўна шасцёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў. Жыццё працягваецца. І зноў паўтарала мудрая жанчына: «Толькі б не было войны!».

Апошнімі, каго наведалі ў гэты дзень, сталі ветэраны з вёскі Петушкі Уладзімір Канстанцінавіч Іваноў і Антон Рыгоравіч Інспектараў.

Антон Рыгоравіч сустракаў гасцей са слязьмі на вачах. Цяжка і яму ўспамінаць вайну. На яе пачатку хлопчыку было ўсяго трынаццаць гадоў. Сям’я дапамагала партызанам, і часта іх жыццё вісела на валасок ад смерці, бо паліцаі пранюхалі пра сувязь з атрадам. Старэйшага брата пагналі на работы ў Германію.

У 1944 годзе, калі Антону ўжо было шаснаццаць, яго залічылі ў групу мінёраў. Ён разам з іншымі юнакамі прайшоў гэту навуку. Ачышчалі свой раён ад мін, якіх многа засталося пасля вайны. Гулялі ў жмуркі з нябачнай смерцю, як кажа ён цяпер. Чэсна рабілі даручаную справу, ігнаравалі небяспекай.

А ў 1948 годзе юнака прызвалі ў армію. Служыў у Комі АССР у войсках МВД.

--Адслужыўшы, -- працягваў расказваць пра свой лёс ветэран, -- вывучыўся на трактарыста, пачаў працаваць у родным калгасе. Быў адным з лепшых, заслужаных механізатараў.

Такой жа працавітай была і яго абранніца Кацярына. Разам выгадавалі траіх дзяцей. Мае шчаслівы дзядуля чацвёра ўнукаў і праўнукаў. Вельмі рады за іх поспехі, і з нецярпеннем чакае ў госці. Цяпер ён застаўся адзін. Кацярына Іванаўна памерла. Але не здае пазіцыі ў 85 гадоў былы размінёр. І гасцей ён сустрэў на вуліцы.

-- Хутка вясна, -- прагаварыў ветэран, -- як добра, калі ціха ў свеце.

Нялёгкі лёс і ва Уладзіміра Канстанцінавіча Іванова. На яго доме таксама гарыць, не згасае пяцікутная зорка. Па ёй адразу даведаешся, што пражывае тут ветэран вайны. Ходзіць ён цяпер з цяжкасцю, дае аб сабе ведаць былое раненне.

Далёкія ваенныя гады сталі сапраўдным вы-прабаваннем для шаснаццацігадовага юнака. Спачатку яго маці, Пелагея Маркаўна, стала партызанскай сувязной. Яна нават змагла, выкарыстаўшы жаночую хітрасць, вызваліць з лагера траіх ваеннапалонных і пераправіць у атрад. А калі немцы даведаліся аб падмане, уся сям’я Івановых пайшла ў атрад “Чэкіст”. Уладзімір хутка асвоіў абавязкі байца. Яго паважалі за вытрымку і смеласць. Адна са складанейшых аперацый, у якіх удзельнічаў, – разгром Прыганьскага гарнізона.

А тая трывожная ноч, калі адправіўся Уладзімір разам з групай падрыўнікоў на чыгунку, паставіла кропку ў яго баявых дзеяннях. Тады падрыўнікам не пашанцавала. Заданне, вядома, яны выканалі, але пры адыходзе ў лес трапілі пад абстрэл. Уладзіміра цяжка параніла ў бядро. Баявыя таварышы, выйшаўшы з перапалкі, неслі юнака ў атрад на насілках. Потым аказалася, што разрыўной куляй пашкоджана косць. Уладзіміра пераправілі самалётам на Вялікую зямлю, а адтуль яшчэ далей – у Свярдлоўскі шпіталь. У родную вёску вярнуўся інвалідам 2-й групы.

Жыла ў Петушках удава, настаўніца малодшых класаў, якая атрымала пахаванку на мужа. Яна выхоўвала сына Міхаіла. З Соф’яй Раманоўскай і звязаў свой лёс Уладзімір. У іх нарадзілася яшчэ двое дзяцей: сын Леанід і дачка Галіна. Уладзімір Канстанцінавіч працаваў у калгасе “Іскра” кладаўшчыком, малаказборшчыкам. Добрасумленна прайшоў свой працоўны шлях. Дзядуляй па праву ганарацца шасцёра ўнукаў і трое праўнукаў. А ветэран верыць: яны заўсёды будуць жыць пад мірным небам.

Калі ад’язджалі з вёскі Петушкі, ужо сінеў за шклом аўто сіні лютаўскі надвячорак.

І хацелася верыць: усе, каго наведалі ў гэты дзень, надзенуць свае баявыя ўзнагароды і сустрэнуць чарговы дзень Перамогі, а пасля 70-ю гадаўшчыну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта іх свята, за якое не шкадавалі жыцця.



С. ВАРАПАЕВА.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка