За работу таварышы!




старонка6/7
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.18 Mb.
1   2   3   4   5   6   7
- О, гут, гут, - «задаволіў» просьбу Аўгуст і вярнуўся ў свой пакой.
Мнішак растлумачыў шляхціцу, што яго пытанне разгледжана станоўча, і ён можа вяртацца дамоў, куды прыйдзе адпаведная каралеўская рэзалюцыя. Так, замест войтаўства бедны прасіцель атрымаў сто дубоў.

Здавалася, Саксонская дынастыя, якая прайшла поўную апрабацыю ў шляхты, мела ўсе дадзеныя, каб замацавацца на троне Рэчы Паспалітай. Аўгуст III, нягледзячы на знешнюю міралюбнасць і статычнасць, паспеў стварыць шасцёра дзяцей, з якіх толькі апошняя была дзяўчынка. Але ніводзін з іх так і не пакрасаваўся ў каралеўскай кароне. Магнацтва, у прыватнасці Чартарыйскія, павярнулі абставіны так, што каралём нечакана абралі Станіслава Панятоўскага, альбо Стася ў гутарковай мове.


Кажуць, што да гэтай элекцыі прыклала сваю імператарскую руку Кацярына II, якая ў той час мела даволі ружовыя сантыменты да Станіслава. Якія якасці паланілі расейскую царыцу, вось так адразу і не скажаш. Калі ўгледзецца ў партрэты Панятоўскага, то перш за ўсё кідаецца ў вочы яго велічны нос. Што ён сімвалізаваў - рыцарскія якасці, мэтанакіраванасць ці асобы французска-эўрапейскі шык? Так ці інакш увянчаная каронай Раманавых «саламяная», а потым і сапраўдная ўдава не магла застацца абыякавай, не звярнуць увагу на такі цудоўны нос.
Такім чынам, добра трымаючы нос па ветры, Станіслаў, ды яшчэ Аўгуст, Панятоўскі ўзлез на запаветны трон. У тую асветніцкую эпоху быў ён, трэба адзначыць, нядрэнным кіраўніком і многа чаго карыснага зрабіў для адукацыі абодвух народаў. Дастаткова хаця б раз уважліва прыгледзецца да каралеўскіх Лазенак у Варшаве.
Цікава, што ў час каранавання Аўгуста III ды і яго папярэднікаў увесь сенат Рэчы Паспалітай красаваўся ў нацыяльным убранні, толькі кароль і парушаў гэтую традыцыю. Але ўжо Станіслаў Аўгуст, а разам з ім і ўсе, апрача аднаго-адзінага сенатара, выглядалі натуральнымі французамі. Настаў час развітання з сарматызмам.
Кар'ера найвышэйшай пробы, якую зрабіў былы літоўскі стольнік, родам з Воўчына, што непадалёк ад Берасця, не аднаму магнату ела вочы і пякла сэрца. «А чаму ён, а не я?» - такое сакраментальнае пытанне мноства разоў паўтаралася ў вяльможных колах у бліжніх і больш дальніх ваяводствах і паветах. Відаць, у гэтых жа колах і нарадзіўся наступны анекдот.

У Пецярбургу пры царскім двары знаходзіўся ў якасці музыканта, што іграў на цытры, нейкі Навіцкі, паходжаннем са збяднелай шляхты. Калі туды дайшлі весткі пра смерць Аўгуста III і маючай адбыцца элекцыі, Навіцкі хуценька спакаваў свае манаткі і абвясціў, што ад'язджае да Рэчы Паспалітай.


- Чаго і куды? - сталі дапытвацца ў яго.
- Паколькі я шляхціц, значыць, маю права выставіць сваю кандыдатуру і быць абраным за караля.
- А калі не выберуць, што тады?
- А тады зноў вярнуся на сваё месца ў Пецярбург ды буду весела найграваць на цытры, як і дагэтуль.

Сэнс гэтага анекдота з пункту гледжання высакароднага магнацтва ў тым, што, маўляў, усякая там шляхецкая драбяза лезе, куды не трэба, напрыклад, на трон. Але вось на гэтым самым троне сядзіць Стась у кароне. Праўда, яшчэ ніхто, і ён сам, не прадбачыў, чым гэтае панаванне закончыцца.

Дарэчы, сярод тых, хто ад самага пачатку безаглядна ўступіў у апазіцыю да новага караля, знаходзілася жонка камянецкага кашталяна Кацярына Касакоўская, з дома Патоцкіх. Паўсюдна яна горача заяўляла пра няправільную элекцыю Станіслава Панятоўскага, узведзенага з дапамогай маскалёў. Кончылася гэта тым, што «маскалі», якіх ўжо нямала кватаравала тады ў Рэчы Паспалітай, арыштавалі яе і пад аховай накіравалі ў Варшаву.
Кароль, убачыўшы пані Кацярыну, быццам нічога не ведаючы, спытаў са здзіўленнем, што за прычына прывяла яе ў сталіцу. На гэта адважная апазіцыянерка адказала: «Мне гаварылі, што ў Варшаве павінен нарадзіцца нейкі монстр. Дык вось маскалі прывезлі мяне сюды, каб я прысутнічала як павітуха».

Неяк кароль разам з расейскім паслом Рэпніным праязджаў у карэце, што належала апошняму, па адной з варшаўскіх вуліц. Сярод тых, хто гэта бачылі і разумелі сітуацыю, адразу ж пачалі каментаваць падзею:


- Але ж не павязе нам, дык не павязе...
- А чаму не павязе? - спытаў нехта з падышоўшых.
- А таму, што не той таго вязе.
- Даў бы талера, каб хто растлумачыў, чаму нас такое зло чакае? - стаў дапытвацца прахожы.
- Прычына ў тым, чалавеча, што ў іх у Пецярбургу баба каралём, а ў нас у Варшаве - кароль бабай.

Нягледзячы на моцную апазіцыю часткі шляхты, якая стварыла антыкаралеўскую канфедэрацыю, Станіслаў Панятоўскі моцна насунуў карону на сваю аўгусцейшую галаву і не збіраўся яе здымаць. Нават калі пачаліся падзелы, і Рэч Паспалітая стала памяншацца тэрытарыяльна, ён упарта трымаўся сваёй пасады. А на заўвагі, што яго ўпартасць і нежаданне дэтранізавацца на карысць больш энергічнага і патрыятычнага прадстаўніка вядзе дзяржаву да катастрофы, адказваў: «Можа, сапраўды ў мяне застанецца зямлі з гэты вось капялюш, але ўсё роўна я буду на ёй панам».


Каб мець больш-менш надзейную апору, кароль налева і направа раздаваў розныя ўзнагароды, у тым ліку - ордэны, якія нярэдка траплялі да людзей з падазронай рэпутацыяй, ці наогул да прайдзісветаў. Напэўна ён і сам ведаў пра вартасць кавалераў, таму аднойчы, вешаючы ордэн Белага Арла на грудзі такога «паплечніка», сказаў: «Абяцай, што, калі цябе самога будуць вешаць, здымеш перад гэтым ордэн».
Палітычны развал і анархія, што ўсчаліся ў Рэчы Паспалітай, суправаджаліся гаспадарчым заняпадам. І гэта было трапна адзначана ў такой прымаўцы: «За караля Саса пад'елі людзі хлеба і мяса, а як настаў Панятоўскі, дык і хлеб не такоўскі». Хаця дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што кароль ды і яшчэ нямала светлых галоў рабілі па магчымасці ўсё, каб неяк стрымаць такія непажаданыя падзеі, знайсці новыя спосабы дзяржаўнага жыцця і гаспадарання.

Адзін падляшскі шляхціц дабіўся аўдыенцыі ў Станіслава Аўгуста. Пацалаваўшы каралеўскую руку, чалабітчык пачаў апавядаць пра тое, што прывяло яго ў сталіцу:


- Не хацеў бы прычыняць непакой вашай каралеўскай вялікасці, ды страшная крыўда ад старосты пагнала мяне сюды. Яго аканом прымусіў заараць на іх карысць ажно два загоны з гакам зямлі, што належыць мне яшчэ ад прадзедаў.
- Але ж для гэтага існуюць падкаморскія суды, - сказаў кароль, - раю звярнуцца да такой інстанцыі.
- Так то так, - згадзіўся шляхціц, - толькі пакуль сонца чалавечай справядлівасці ўзыйдзе, дык раса вочы павыядае, а ў мяне жонка і дзевяцёра дзяцей.
- У меня - цэлыя правінцыі адбіраюць, і не ведаю, куды звярнуцца, - з журботнай усмешкай паясніў Панятоўскі.
- Бо, найяснейшы пане, па сваіх справах можаш звяртацца да аднаго Бога, а я, як падданы яго вялікасці, звяртаюся да караля.

Асобы, што блізка ведалі Станіслава Аўгуста, сведчаць пра яго характар, як досыць запальчывы, але злосць, якая б прычына ні была, даволі хутка адыходзіла. А прычын тых у штодзённым каралеўскім жыцці хапала. Адных празрыстых намёкаў наконт розных патрэбных ці непатрэбных запазычванняў ад Францыі, дакладней, ад французскай моды, было дастаткова. Тым больш, што шляхта па-ранейшаму ўпарта трымалася старых звычаяў. Чаго, напрыклад, вартыя каларытныя заўвагі правінцыялаў аб распаўсюдзіўшыхся ў той час сярод арыстакратыі (не абмінуў гэты павеў і самога караля) ларнетах. Імі карысталіся часцей за ўсё тыя, хто не мелі ў гэтым ніякай акулістычнай патрэбы. Нездарма нехта сказаў: «Мода заставіць нават рогі насіць».


Расказваюць, як нейкі шляхціц выпадкова трапіў у кампанію караля, якая выбралася на адпачынак у прыгарадны парк. Калі, падсілкаваўшыся, уся «прывілеяваная брація» ад няма чаго рабіць дастала свае модныя шкельцы ды стала разглядаць наваколле, той шляхціц, каб не адстаць, сцягнуў з нагі свой дзіравы бот і таксама пачаў паглядаць праз яго то на караля, то на іншых. Яго вялікасць аж збялеў ад гневу, але ўбачыўшы з якой сур'ёзнасцю і грацыяй вырабляе гэтую штуку правінцыяльны госць, нястрымна засмяяўся, а за ім і ўсе прысутныя.
Кароль часцей за ўсё выбачаў сваім улюбёнцам, калі тыя нешта такое вытваралі. Гэтая класічная традыцыя - дараваць, нягледзячы ні на што, сваім блазнам, якая цягнулася яшчэ ад першых уладароў, у «станіславаўскім двары» распаўсюджвалася на некаторых пажоў.

Асобым блазенскім статусам быў надзелены каралём паж па імені Туркул. Усё сыходзіла яму, але неяк ён усё ж перабраў меру. І раз'юшаны Станіслаў Аўгуст вызваў генерала Чапскага, загадаўшы, каб той адвёз пажа ў дом вар'ятаў, што знаходзіўся пры кляштары баніфратараў. Трэба сказаць, што генерал быў трохі кантужаны, ад чаго яго галава магла нечакана канвульсіўна пацепвацца ў самы непажаданы момант. А ў астатніх справах бравы ваяка быў нармальным чалавекам і разумеў гумар.


Спачувальна хмыкнуўшы і затрэсшы галавою, Чапскі павёў пажа да карэты, што чакала ля варот замка. Цяпер Туркулу было не да смеху. І ён стаў перабіраць у галаве розныя магчымасці для асабістага выратавання. Але нічога, апрача таго ж «неўміручага» гумару, не прыдумаў. Таму дарогай ён стаў расказваць генералу розныя забаўныя гісторыі, даводзячы таго да амаль істэрычнага рогату. Калі яны даехалі да кляштарнай брамы, паж хуценька выскачыў першым з карэты і, пакуль Чапскі, рагочучы і трасучыся ад чарговай байкі свайго «арыштанта», выбіраўся ўслед, падбег да выйшаўшага гвардыяна і ўсхвалявана заявіў:
- Па загаду яго каралеўскае вялікасці дакладваю, што прывезены мною генерал ёсць хворы розумам, з-за чаго павінен быць вамі затрыманы на адпаведны час.
Генерал ізноў затросся ад рогату, палічыўшы, што гэта чарговае блазенства. Але манахі, якім гвардыян ужо даў знак, імкліва падскочылі да вяльможы, у імгненне вока спавілі ў адпаведную адзежыну з доўгімі рукавамі і пацягнулі ў нетры кляштара.
Калі Туркул вярнуўся ў замак і неўзабаве трапіўся на вочы каралю, той здзіўлена ўсклікнуў:
- Што, Чапскі не выканаў мой загад?
- Не, ваша мосць, амаль выканаў, але ў апошні момант памяняўся са мною ролямі. Таму я аддаў яго ў міласэрныя рукі баніфратараў.
Кароль аслупянеў ад такіх слоў свайго блазана і... заліўся смехам.

Біскуп Адам Нарушэвіч, знаны паэт, быў таксама і каралеўскім гісторыкам, таму часта наведваў Станіслава Аўгуста. Аднойчы кароль, даволі спрактыкаваны калекцыянер, запрасіў яго на агляд збору манет з выявамі польскіх манархаў. Тут жа аказаўся і Туркул, да якога біскуп ставіўся адмоўна, як да дармаеда. Калі знаёмства з калекцыяй было закончана і манеты занялі свае месцы ў спецыяльных куфэрках, раптам высветлілася, што не хапае адной - з выявай Уладзіслава Варненскага.


- А дзе ж гэты няшчасны кароль? - здзівіўся Станіслаў Аўгуст.
- Загінуў пад Варнай, найяснейшы пане, - жвава адгукнуўся паж-блазан, - што наш шаноўны біскуп у якасці гісторыка можа пацвердзіць, калі пашнарыць у складках сваёй сутаны.
Пачырванелы ад такога нечаканага ходу пошукаў, Нарушэвіч міжволі крануў тое месца, дзе можна было нешта хаваць, і...
- О, Божа Найсвяцейшы! Што гэта? - усклікнуў разгублены біскуп, выцягваючы манету, якой не хапала.
Туркул, зразумеўшы, што можна адыграцца за біскупаву непрыязнасць, абвясціў:
- Няшчасны кароль выратаваны з дапамогай няшчаснага гісторыка, а Туркул пацярпеў паражэнне, бо не надта добра схаваў манету.

Чартарыйскія, пра якіх ужо было сказана, адыгрывалі вялікую ролю ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, займаючы высокія дзяржаўныя пасады. Спрыяючы спачатку Станіславу Аўгусту, потым яны паступова перайшлі ў апазіцыю і не толькі ў адносінах да караля, але і да Патоцкіх - у Кароне, і да Радзівілаў - у Вялікім Княстве.


Аб адной з прычын, якая прывяла да пагаршэння адносін паміж Панятоўскім і князем Адамам Чартарыйскім, можна даведацца з наступнай гісторыйкі.

Адам Чартарыйскі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі па жаночай лініі былі стрыечнымі братамі. Калі сонца іх адносін яшчэ не зайшло за хмары, яны так і звярталіся адзін да другога: «брат».


Здарылася так, што вакантным аказалася месца ваяводы, на якое прэтэндавалі адразу два магнаты: Патоцкі Шчасны і Адам Чартарыйскі. Кароль жа вырашыў па-свойму, аддаўшы ваяводства былому паплечніку, яшчэ з тых часоў, калі той быў літоўскім стольнікам, Кіцкаму. Такое рашэнне не задаволіла, ды што там, - абурыла абодвух канкурэнтаў. У той жа дзень, калі гэта ўсё стала вядома, Чартарыйскі накіраваўся да Станіслава Аўгуста. Звычайна ён навяшчаў яго «па-братэрску», без асаблівых цырыманіялаў і калі хацеў. Але гэтым разам кароль прыняў усе меры, каб не сустрэцца з разгневаным магнатам. Тым часам Адам Чартарыйскі ўжо крочыў да дзвярэй каралеўскага кабінета, і тут дарогу яму перагарадзіў камергер. Адштурхнуўшы яго, князь стаў калаціць рукою ў дзверы, якія аказаліся зачыненымі. Пры гэтым ён крыкнуў:
- Адчыні брату!
З-за дзвярэй пачуўся няўмольны голас:
- Каралі братоў не маюць!
Гэтага было дастаткова, каб уся магнацкая нянавісць, што даўно тлела ў сэрцы Чартарыйскага, выплюхнулася на паверхню.
- Калі так, то разбратаймася навекі!
Неўзабаве пасля гэтых «перагавораў» князь Адам Чартарыйскі ад'ехаў у Вену.

Юзаф Клеменс Чартарыйскі быў зацверджаны паслом у Берлін. У гэты час пачалася вайна паміж Турцыяй і Аўстрыяй. Таму, зрабіўшы развітальны візіт у каралеўскі замак, новаспечаны дыпламат заўважыў, што фартуна можа паспрыяць туркам і яны, як сто гадоў таму, ізноў дабяруцца да Вены. Развіваючы гэту тэму далей, Станіслаў Аўгуст намякнуў даволі празрыста:


- Ці ж я ў такім выпадку не здолеў бы стаць Янам Сабескім?
- Ваша вялікасць, - тут жа падхапіў пасол, - калі б туркі сталі пад сценамі Вены, то ваша мосць павінен быў бы ў той жа момант апынуцца пад Львовам.
Справа ў тым, што Львоў у гэты час знаходзіўся ў руках аўстрыйцаў.

Міхал Чартарыйскі, калі стаў вялікім літоўскім канцлерам, арганізаваў сваю асабістую паліцыю, галоўнай задачай якой было ведаць усё пра ўсіх. У гэты цікавы пералік уваходзіла, між іншым, інфармацыя аб якасцях, поглядах і здольнасцях чалавека. Канешне, гаворка ішла выключна пра тых, хто адносіўся да пануючых саслоўяў.

Неяк адзін заможны шляхціц прыбыў у рэзідэнцыю літоўскага канцлера з намерам прасіць у князя пратэкцыю, каб заняць месца зямянскага суддзі. Канцлер ужо добра ведаў, хто ён і што сабой уяўляе, але нічога не паказваў наперад. Выслухаўшы працяглае казанне прэтэндэнта на судовую пасаду, Чартарыйскі, падышоўшы да секрэтэра, дастаў адтуль сапсаваны гадзіннік і працягнуў яго шляхціцу. Той здзіўлена паглядзеў на князя, не разумеючы, для чаго ўсё гэта.
- Бярыце, бярыце, - заспакоіў вялікі канцлер прасіцеля. - Хацеў бы, каб пан яго ўласнаручна адрамантаваў.
- Але ж я ніколі гэтым не займаўся! - зусім разгубіўся той.
- Можа, пан авалодае гэтай прафесіяй і ўсё ж зробіць...
- Ратуй Божа, ніколі гэтаму не навучуся!
- Ну, што ж, усё зразумела, - сказаў князь, адносячы гадзіннік назад, - з гэтай самай прычыны не станеце і суддзёю.

У гаворцы пра час, калі адбываліся падзелы Рэчы Паспалітай, заўжды ўсплывае імя расейскага пасла ў Варшаве, князя Мікалая Рэпніна. Гэта - галоўны рэжысёр тае драмы, якая ў апошніх актах і прывяла да падзення і Літвы, і Кароны. Каб схіліць на бок Расеі выбаршчыкаў, князь разаслаў ва ўсе ваяводствы і паветы сваіх ганцоў агітаваць на сойміках на карысць дэпутатаў - прыхільнікаў Кацярыны ІІ.

На падляшскі соймік быў накіраваны нейкі капітан, што не вельмі выдзяляўся розумам. Прыбыўшы на месца, ён адразу ж уручыў падкамораму Кучынскаму ліст ад Рэпніна. Прачытаўшы гэтую інструкцыю, Кучынскі з'явіўся на соймік і звярнуўся да шляхты:
- Шаноўныя панове і браты! Яснавяльможныя і вяльможныя! Карыстаючыся вашай вялікай ласкай і міласцю, абвяшчаю вам наступнае. Пасол найяснейшай імператрыцы піша мне, каб я садзейнічаў абранню такога дэпутата ў сойм, які быў бы прыхільны да збавіцельных намераў нашай дарагой манархіні. Але, будучы ўпэўнены, што сярод нас, тут прысутных, няма настолькі адданага ёй чалавека, як наш госць - капітан расейскай арміі, то прапаную падтрымаць ягоную кандыдатуру ў якасці пасла ад нашага ваяводства ў сойм Рэчы Паспалітай.
Шляхта, паводле старога добрага звычаю злёгку падпітая, горача падтрымала прапанову падкаморага гучнымі крыкамі: «Згода, згода!».
Была напісана адпаведная пастанова, тэкст якой пад апладысменты ўручылі капітану, і той, ззяючы, паехаў у Варшаву.
- Дык каго ж там абралі дэпутатам? - спытаў князь Рэпнін.
- Каго? Мяне, ваша сіяцельства, канешне, мяне! - брава паведаміў капітан.
- Пайшоў прэч, дурань! - вызверыўся князь, даўшы добрага выспятка «дэпутату».

Як вядома, паміж другім і трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай адбылося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Нямала напісана пра гэтага героя. Але ўсё больш у прыўзнятым тоне. Не зніжаючы прыўзнятасці, паспрабуем знайсці нешта такое ў яго жыцці, каб і ён заняў дастойнае месца ў гэтай кніжцы. Аказваецца, апрача парадных рысаў у характары генерала Старога і Новага свету з маладых гадоў мелі месца і актыўна праяўляліся якасці добрага малайца, сваволістага ў адпаведны момант і не пазбаўленага пачуцця гумару.

Пад час вучобы ў Варшаўскім кадэцкім корпусе Касцюшка, карыстаючыся прыхільнасцю князя Адама Чартарыйскага, меў магчымасць даволі часта наведваць горад. І, канешне, не мог не напаткаць тую, што стала дамай яго сэрца. Гэта была дачка аднаго з правінцыяльных ваяводаў, якая гасціла ў сваёй варшаўскай цёткі, знаёмай Чартарыйскіх. І паколькі прыродай прадугледжана, што ад вялікага кахання часцей за ўсё ўзнікаюць вядомыя, у пэўных сітуацыях непажаданыя вынікі, то наш кадэт хутчэй пабег да свайго мецэната, каб паведаць таму пра сваю таямніцу, якая вось-вось можа стаць небяспечна вядомай.
- Ну, што ж, - разважаючы пасля гэтай інфармацыі, параіў князь, - выхад адзін: выкрасці нявесту і спешна ўцякаць у Галіцыю. Атрымаеш датэрмінова адпачынак і патрэбныя грошы. А там паглядзім, мо ўдасца неяк улагодзіць пана ваяводу.
Але па нейкіх іншых каналах (кажуць, што пра гэта даведаўся сам кароль) усё дайшло да бацькі, і не паспеў яшчэ Тадэвуш падрыхтавацца як след да падарожжа, у Варшаву з'явіўся паўнамоцны слуга ваяводы з гайдукамі, каб скруціць «злачынца» і прывесці ў ваяводства на суд. Слуга заявіўся проста ў двор кадэцкага корпуса і падышоў да кадэта-вартаўніка, што стаяў ля дзвярэй. І трэба ж такому здарыцца - ім аказаўся сам Касцюшка!
- Ці не скажаш, шаноўны паніч, дзе нам убачыць гэтага злыдня Тадэвуша Касцюшку? - спытаў нечаканы наведвальнік.
Той адразу сцяміў, у чым тут справа, таму адказаў, не міргнуўшы вокам:
- Ён хаваецца. Але я змог бы выкрыць злачынца, калі б пан выдаў мне пяцьдзесят дукатаў, бо акцыя не такая простая.
Слуга, узрадаваўшыся, што трапіў на добрага чалавека, тут жа дастаў грошы і, адлічыўшы палову, працягнуў іх кадэту. Астатняе паабяцаў аддаць пасля завяршэння аперацыі. Дамовіліся сустрэцца вечарам наступнага дня.
Толькі скончылася гадзіна дзяжурства, кадэт Касцюшка, не губляючы часу, паімчаў да князя Чартарыйскага. Там ужо ўсё было гатова для яго падарожжа. І праз нейкую гадзіну наш герой апынуўся па-за Варшавай, на дарозе, што вяла на паўднёва-ўсходнія ўскраіны дзяржавы.
Як потым стала вядома, кароль Станіслаў Аўгуст спецыяльна ўмяшаўся тады, паслаўшы нават ганца да ваяводы, каб сапсаваць настрой Чартарыйскаму. Але князь на адзін ход апярэдзіў яго вялікасць, а пазней, падводзячы вынікі, сказаў:
- Вось прыклад бяссілля нашага караля, які нават свайго кадэта не можа пакараць.

Лёс потым яшчэ не раз сутыкне генерала Касцюшку з каралём Станіславам Аўгустам. Усё было ў іх жыцці - і асалода поспехаў, і горыч паражэнняў. Нават у знакамітай Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу апынуцца яны амаль адначасова; як і адначасова пакінуць яе. Былы военачальнік і былы кароль ужо не вернуцца ў Рэч Паспалітую - яна перастане існаваць.


Разам са Станіславам, Стасем, Панятоўскім закончыліся каралеўскі і велікакняжацкі этапы гісторыі гэтай зямлі. І каб працягваць сустрэчы з гумарыстычнымі постацямі, у якія можна ператварыць хоць каго, трэба прасіць дазволу ўжо ў іншых пануючых асоб, што былі пасля. Але гэта іншым разам.

Дык што ж гэта! Смяяліся, ухмыляліся, забаўляліся - і так сумна развітваемся? Ці ж дзеля такога вянца прабягалі мы старонку за старонкай, каб спатыкнуцца пад канец ды сапсаваць сабе настрой? Не, шаноўны чытач, развітанне не будзе такім. Бо мы прыпаслі для цябе яшчэ адзін раздзел, адпаведны ці не, мяркуй сам.


ШТО ДАЗВОЛЕНА РАДЗІВІЛУ



Калі б нехта ўзяўся пісаць гісторыю Беларусі і не памянуў бы разоў семнаццаць Радзівілаў, то сапраўднай гісторыі не напісаў бы. Існавалі, безумоўна, і іншыя знакамітыя магнаты. Але ж гэтыя, літаральна кажучы, прашылі ўсю нашу даўніну сваёй «чырвонай ніткай». Ды і ў суседзяў у Польшчы, Летуве і на Ўкраіне таксама значны след пакінулі. Бо калі зірнуць на старую карту, то ўбачыш у розных канцах, на добрыя пару тысяч кіламетраў раскінутых, радзівілаўскія назвы вёсак, мястэчак альбо некалі падуладных ім гарадоў.
Ёсць над ракой Віслай гарадок, што завецца Завіхост. Гэта старыя каронныя землі Польскага каралеўства. Вось сюды дабіралася «напасць літоўская», як казалі мясцовыя жыхары ў тыя часы, калі Беларуская дзяржава яшчэ не аб'ядналася з Каронай. А ў летапісах гэты гарадок пазначаны як Завіхвост. І назвай такой ён абавязаны аднаму з Радзівілаў, што падаў слушную параду Ягайлу, які не ведаў, як жа пераправіцца на другі бераг ракі. Аднак паслухаем лепш самога летапісца: «Пан Радзівіл, едучы на кані, калі прыехаў да Віслы, не маючы як пераправіцца, абвіў сабе хвост конскі вакол рукі, а другою рукою каня бічом выцяў... і скочыў канём у Віслу, і полк яго за ім скочыў і пераплыў... Тут, каб кожны ведаў, чаму Завіхвостам завуць места».
Пра самага першага з Радзівілаў, што з'явіўся на беларускіх землях, было паведамлена ў пачатку кнігі. І яшчэ некалькі разоў мільганула гэта імя. Так, ніяк не абмінуць яго. З усіх сіл мы стараліся, каб прыберагчы самае цікавае на дэсерт, і вось, нарэшце, гэты момант настаў. Але адразу папярэдзім, што пра ўсіх прадстаўнікоў слыннага роду напісаць тут проста немагчыма. Паспрабуем пра найбольш вядомых, якія засведчаны ў анекдатычных абставінах.
Галерэя прадстаўнікоў шматлікага і шматвекавога роду Радзівілаў настолькі каларытная і разнастайная, што можна вылучыць любы чалавечы тып, ад асабліва таленавітых у розных галінах да асабліва эксцэнтрычных, мякка кажучы, «бледных» па здольнасцях. Але ж вялікае багацце і знатнасць нязменна рабілі сваё. Якія толькі пасады і даходы не падмацоўвалі княжацкі тытул! Ну, узяць хаця б Мікалая Рудога, брата вядомай ужо нам Барбары Радзівіл. Паглядзіце, кім ён быў: ваявода троцкі, а потым - віленскі, гетман і вялікі канцлер літоўскі, староста ашмянскі, слонімскі, барысаўскі і мазырскі, а таксама - дзяржаўца лідскі, а да гэтага яшчэ на грамадскіх пачатках - пратэктар (апякун) усіх іншаверцаў і многае іншае.
Што такое, напрыклад, гетман. Францішак Язерскі, вядомы пісьменнік эпохі Адраджэння, пісаў: «Гетман - гэта вялікі правадыр вельмі малога войска, булава якога, перастаўшы быць грознай для ворагаў, стала страшнай для люду паспалітага». Такая пасада давала найбольш рэальную ўладу. Нездарма Аўгуст Моцны, ужо стаўшы манархам Рэчы Паспалітай, сказаў: «Калі б я раней зарыентаваўся, што за адносіны ў вас на самой справе, дык ні за што не дамагаўся б кароны, а толькі - гетманскай булавы».
А каму, як вы думаеце, належыць аўтарства наступнай прымаўкі: «Кій на мужыка, жалеза на шляхту»? Хутчэй за ўсё такім, як Радзівілы.
Але пры ўсім дазвольце ўдакладніць, што каб Радзівілы не былі б такімі, то такімі і не былі б. Нясвіж стаў Нясвіжам толькі дзякуючы ім, як і многае іншае, да чаго дакранулася іх рука, што трымала канцлерскую пячатку ці гетманскую булаву.
Нясвіж... Непракламаваная сталіца дзяржавы ў дзяржаве. З таго часу, як гэтае месца аздобіў шыкоўны замак, закладзены Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам, ён стаў вядомым у самых далёкіх кутках Эўропы. Але ж паглядзім, што за гісторыі адбываліся там з неадменным удзелам прадстаўнікоў гэтай слаўнай сям'і.
Найбольшая колькасць анекдотаў, што кружылі некалі вакол «фаміліі» Радзівілаў, звязана з Каралем Станіславам, якога звычайна звалі «Пане Каханку». Гэта быў яго часта ўжываны зварот, своеасаблівая «звязка слоў» пры гутарцы. Нямала тагачасных сведак і пазнейшых гісторыкаў давалі яму адмоўную і сярдзітую характарыстыку. «Радзівіл Пане Каханку, уладар агромнай фартуны, папулярны з-за сваёй фантазіі сярод шляхецкіх тлумаў, збліжаны да іх абсалютным бракам адукацыі, падзяляючы ўсе іхнія прымхі, а наконт здольнасцей і характару - чалавек беспрыкладна тупой галавы і абмежаванага мыслення». Вось так, бязлітасна і ядавіта, пісаў Міхал Бабрынскі ў сваіх «Нарысах польскай гісторыі». Але мы павінны зрабіць уласны вывад, бо для нас самае каштоўнае - гэта магчымасць пладзіць гумар.

У маладых гадах Караль Станіслаў вельмі ляніва браўся за кніжную навуку, затое спрытна фехтаваў з прыслугай кіем, скакаў на драўляным коніку і нават страляў з дзіцячай фузеі па падкінутых у паветра яйках. Князь-бацька, зразумела, клапаціўся, каб нашчадак умеў не толькі гэта, але і крыху болей. Таму ён абвясціў, што ўзнагародзіць двума фальваркамі таго, хто навучыць сына чытаць і пісаць.

1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка