За адно неасцярожнае слова




Дата канвертавання30.04.2016
Памер28.1 Kb.
За адно неасцярожнае слова
Пасля таго, як партызаны атрада імя Cуворава на чале са сваім камандзірам Фёдарам Рыгоравічам Маркавым улетку 1942 года разграмілі варожы гарнізон у Кабыльніку (цяпер вёска Нарач), пашырылася зона дзеяння народных мсціўцаў. Яны маглі бліжэйшым шляхам дабірацца да чыгункі Вільнюс-Полацк, весці разведку ў гарнізонах Камаі, Лынтупы, рабіць рэйды на тэрыторыю Літвы. Жыхары навакольных вёсак аказвалі партызанам розную дапамогу. Сяляне вёскі Купа (цяпер курортны пасёлак Нарач) падвозілі партызан на баявыя аперацыі. Кожная сям’я не адмаўлялася даць прытулак. Нярэдка заходзілі партызаны да селяніна Івана Антонавіча Ціхана, яго брата Марціна, каб яны, краўцы, часам адрамантавалі вопратку. Літоўскі камандзір Бронюс Урбанавічус у сваёй кнізе ўспамінае, як жыхары вёскі Купа дапамагалі перабрацца на базы ў Гатаўскі лес на лодках.

Партызаны лічылі за правіла раздаваць сялянам падпольныя лістоўкі, газеты, зводкі пра падзеі на фронце.

Асабліва трывожныя дні для партызан і насельніцтва наступілі ў верасні 1943 года, калі немцы сцягнулі вялікія сілы і пачалі прачэсваць лясы, балоты. Поўдзень раёна быў зацягнуты дымам – гарэлі вёскі. “Які ж будзе наш лёс?” – трывожыліся жыхары Купа. Кідаць хаты і ўцякаць далей ад вогненнага вала? А калі напаткаеш засаду? Ды хіба ўцячэш ад браневікоў і матацыклаў?

Пачалі хаваць маёмасць, аглядаць сваё жыллё, каб нідзе часам не трапілася на вочы партызанская лістоўка, каб нідзе не валяліся патроны (тут жа праходзіў фронт першай імперыялістычнай вайны, але паспрабуй даказаць немцам пра гэта). А калі паявіліся карнікі, ніхто не паказваўся на вуліцу, спадзеючыся, што не будзе ніякай бяды. Салдаты і афіцэры пачалі абшукваць хату за хатай. У адной, дзе жыла сям’я Бурнецкіх, заўважылі ў сенцах салому. “Тут адпачывалі партызаны. Чаму ім даеце прытулак?” – прыставаў немец да гаспадара. Той адказваў, што не ведае нікога з іх, акрамя аднавяскоўцаў. “Ты сам ёсць партызан!” – афіцэр паслаў кулю гаспадару, яго жонцы. Стрэліў у сына, у маці. А потым карнікі падпалілі сялянскае жыллё. Параненая ў твар старая жанчына выбралася з ахопленага полымем будынка і папаўзла да возера Нарач і сцішылася ў кустах, засталася жывой. Астатнія члены сям'і згарэлі. (На вялікі жаль, жыхары вёскі не памятаюць імён ахвяр карнікаў).

А далей падзеі разгортваліся так, як і ў многіх вёсках: працаздольных зганялі ў адно месца і сцераглі пад дуламі кулямётаў і аўтаматаў. Збіраліся ўсіх павезці на катаржныя работы ў Германію. Вораг забіраў жывёлу, рабаваў маёмасць. Разам з аднавяскоўцамі стаяў, чакаючы вырашэння свайго лёсу, селянін Іван Антонавіч Ціхан. У хаце засталася жонка з маленькім сынам, якому толькі два гады.

Не ўсядзела ў хаце яго жонка Вера Антонаўна. Падхапіла на рукі сына і паспяшалася да мужчын, акружаных фашыстамі. Cтала прасіць вартавых, каб адпусцілі мужа, бо застанецца з дзіцем маленькім, і ёй не выжыць. Вартавыя адганялі прэч, не давалі прыблізіцца да мужа. Тады Вера Антонаўна крыкнула мужу і сваім аднавяскоўцам: “Старайцеся ўцячы, бо немцам хутка будзе канец!”

Сказаўшы гэтыя словы, жанчына пайшла адсюль, тут на вочы трапіліся афіцэры. Вера Антонаўна пачала паўтараць сваю просьбу, паказваючы маленькага сыночка. У гэты момант падбег ахоўнік і перадаў словы, якія жанчына сказала мужу і другім арыштаваным (карнік улавіў сэнс сказанага і дакладваў свайму начальству). Развязка наступіла імгненна. Адзін з карнікаў- афіцэраў выхапіў пісталет, другі вырваў з рук маці дзіця. Грымнуў стрэл, Вера Антонаўна пахіснулася, другі стрэл зваліў з ног. Невядома, што здарылася б з хлопчыкам, які моцна плакаў, але тут падбегла суседка і падхапіла сіротку на рукі, панесла ад жахлівага месца.

Сваю ахвяру фашысты не пакінулі без нагляду (расстралялі ўсяго за некалькі крокаў ад дома, дзе жыла Вера Антонаўна), а загадалі завесці на ўскрай вёскі і закапаць у яме з-пад бульбы.

Селянін Іван Антонавіч Ціхан толькі праз тыдні са тры вярнуўся на радзіму, уцёкшы з-за калючага дроту ў канцлагеры ў Вільнюсе. Дома яго чакала вялікае гора – не стала дарагога чалавека, разрабаваная хата, маленькі сын патрабаваў асаблівай увагі.

У той жахлівы час былі загублены многія жыцці ў вёсках Брусы, Новікі, Лужы, Няверы. Шмат год прайшло, але не забываюцца змрочныя дні і людзі, якія не сталі на калені перад ворагам.



М.Чарняўскі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка