З любоўю да земляка




Дата канвертавання01.05.2016
Памер55.15 Kb.

З ЛЮБОЎЮ ДА ЗЕМЛЯКА


Міхась Кавалёў, Васіль Домніч
Так, па словах шматлікіх гасцей з блізкіх і далёкіх мясцін нашай краіны, было арганізавана і праведзена свята, прысвечанае 80-гадоваму юбілею Андрэя Макаёнка. У весцы Журавічы, на радзіме народнага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Я. Коласа, літаратурнай прэміі імя Я. Купалы, адбылося свята, да якога рыхтаваліся даўно і сур'ёзна.

Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта М. І. Федаровіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў В. М. Краўчанка быў выкананы вялікі аб'ём разнастайных работ. Многа сіл і часу аддалі падрыхтоўцы аб'ектаў да свята намеснікі старшыні ранвыканкома, кіраўнікі і работнікі аддзелаў, упраўленняў і служб райвыканкома, Журавіцкага сельскага Савета дэпутатаў, мясцовага калгаса “12 год Кастрычніка”. Вялікую фінансавую і матэрыяльную дапамогу аказаў абласны выканаўчы камітэт.

У выніку змянілася аблічча вёскі Журавічы. Заасфальтавана цэнтральная плошча, адрамантаваны сельскі Дом культуры, сярэдняя школа, магазін, прыведзена ў выдатны стан прылягаючая тэрыторыя. Установа культуры атрымала шмат новага абсталявання. Прыгожым, утульным стаў цэнтр вёскі, прыемна там працаваць вяскоўцам і не сорамна прымаць гасцей любога рангу.

А на свяце ў гонар А. Макаёнка гасцей было шмат: і з сталіцы, і з вобласці, і з раёна. Дастаткова сказаць, што ў адкрыцці бюста нашаму выдатнаму эемляку ўдзельнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Л. В. Барабанаў, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь В. К. Гедройц, намеснік старшыні аблвыканкома У. У. Давідовіч, выконваючая абавязкі старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Вольга Іпатава, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксей Дудараў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы прафесар, народны артыст Беларусі В. М. Раеўскі, драматург Аляксей Дзялендзік, пісьменнік Васіль Ткачоў, сын Андрэя Макаёнка Сяргей, малодшы брат драматурга Леанід Ягоравіч і сваякі. У мерапрыемствах актыўны ўдзел прымалі старшыня Рагачоўскага раённага выканаўчага камітэта М. І. Федаровіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў В. М. Краўчанка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. І. Паплаўскі, дэпутаты Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў В. М. Ядчанка і М. I. Бондараў, дэпутаты райсавета, кіраўнікі некаторых сельвыканкомаў, гаспадарак, адказныя работнікі райвыканкома і раенных служб. Прысутнічалі шматлікія журналісты - супрацоўнікі газет, радыё і тэлебачання.

Пачалося свята сустрэчай гасцей у памяшканні Журавіцкага сельскага Савета дэпутатаў. У гэты час на плошчы шумеў, гудзеў кірмаш, выступалі шматлікія калектывы мастацкай самадзейнасці. Як заўсёды, пастараліся работнікі гандлю і грамадскага харчавання з раённага спажывецкага таварыства КАРГУП "Альтаір", аб'яднанне "Уцёс", былі і шматлікія прыватныя гандляры. А ў файе сельскага Дома культуры была разгорнута выдатная выстаўка вырабаў народных умельцаў Рагачоўшчыны: тут і саломеннае пляценне, і ткацкія вырабы, і жартаўлівыя матрошкі, і разьба па дрэве, і вы- шыўкі, і вязанне... Прамысловыя прадпрыемствы раёна - "Дыяпраектар", мэблевая фабрыка, "Рэмеза", "УкрПАК", завод напіткаў, КПК, МКК, хлебазавод - дэманстравалі свае шматлікія вырабы. Асабліва ўнушальнай была выстаўка прадукцыі, вырошчваемай Гомельскім дзяржаўным навукова-вытворчым аб'яднаннем, дзе тон у рабоце задае доследная станцыя, размешчаная ў Доўску.

На ўрачыстым адкрыцці бюста А. Макаёнка ўсе выступаўшыя падкрэслівалі значэнне творчасці нашага слыннага земляка для развіцця літаратуры і тэатральнага мастацтва, усяго грамадскага жыцця краіны. Сапраўды, дзякуючы таленавітым творам драматурга "Выбачайце, калі ласка!", "Каб людзі не журыліся", "Лявоніха на арбіце", "Зацюканы апостал", "Трыбунал", "Кашмар", "Таблетку пад язык", "Верачка”, "Пагарэльцы", "Дыхайце эканомна!" увесь свет стаў ведаць пра Беларусь. Бо больш як сто тэатраў розных краін ставілі спектаклі па гэтых творах, пазнаёмілі многіх людзей планеты з беларусамі. Творы А. Макаёнка перакладзены на многія замежныя мовы. Імя А. Я. Макаёнка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы, Журавіцкай сярэдняй школе нашага раёна, яго імем названа вуліца ў Мінску, на доме, дзе ен жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка, у вёсцы Журавічы ў 1986 годзе адкрыт грамадскі літаратурны музей пісьменніка.

Як адзначыў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкома, старшыня аргкамітэта свята У. У. Давідовіч пры адкрыцці бюста, А. Макаёнак - пісьменнік-інтэрнацыяналіст, барацьбіт за мір, сам ведаў цану міру, любіў свой народ. I народ таксама любіць яго за яркі талент, за зробленае для свайго народа. Прадстаўнік выканаўчай улады падзякаваў раеннаму і сельскаму выканкомам і ўсім арганізатарам за добрую работу па добраўпарадкаванню Журавіч, за стварэнне і ўстаноўку бюста выдатнага пісьменніка Беларусі, перадаў прысутным найлепшыя пажаданні ад старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта М. Р. Вайцянкова.

Узнёслыя словы пра А. Макаёнка, яго родныя мясціны і людзей, сярод якіх вырас і праявіў талент мастака, які паказаў свету вобраз разумнага і дасціпнага беларуса, гаварылі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь В. К. Гедройц, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, драматург Аляксей Дудараў, сын пісьменніка Сяргей Андрэевіч Макаенак, выконваючая абавязкі старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Вольга Іпатава.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця бюста пісьменніку выступіў і старшыня райвыканкома М. І. Федаровіч. Сказаўшы шчырыя пранікнёныя словы пра знакамітага земляка, яго значэнне для культуры нашага народа, ён сардэчна павіншаваў гасцей свята, выказаў ад імя ўсіх жыхароў раёна вялікі дзякуй гомельскаму скульптару Д. А. Папову, які зрабіу цудоўны бюст пісьменніка.

Як сказаў у гутарцы з нашымі карэспандэнтамі аўтар бюста, ён працаваў над ім каля чатырох месяцаў. Перад гэтым зрабіў бюст А. Макаёнка для бібліятэк горада Гомеля. Скульптар даўно ведаў і захапляўся творчасцю драматурга і вырашыў стварыць яго вобраз у метале. Вышэйшай пахвалой для яго былі воклічы мясцовых жыхароў: “Глядзіце, Андрэй як жывы!.."

У адпаведнасці з праграмай госці наведалі сярэднюю школу, у якой вучыўся пісьменнік, яго музей. Тут можна было ўбачыць шмат цікавых экспанатаў, якія расказваюць аб жыцці і працы А. Макаёнка. Як адзначыла завуч школы, яна ж дырэктар музея Н. Л. Замарэева, вялікі ўклад у стварэнне грамадскага муэея драматурга ўнеслі настаўніцы роднай мовы і літаратуры Б. М. Рэўзіна і Е. Я. Камарова. Шмат зрабіла ўся школа.

Урачыстая вечарына, прысвечаная юбілею драматурга, адбылася ў Журавіцкім сельскім Доме культуры. Сцэнарый быў падрыхтаваны рэжысёрам-пастаноўшчыкам і адной з вядучых Л. М. Волкавай, галоўным спецыялістам аддзела культуры. Па аднадушнаму меркаванню ўсіх прысутных, сцэнарый і выкананне былі выдатнымі. Высокі артыстызм і прафесіяналізм на сцэне прадэманстравапі вядучыя вечарыны - рэжысёр народнага тэатра А. І. Сількевіч, метадыст РАМЦ І. У. Калухіна, галоўны спецыяліст райкома БПСМ У. М. Палтарабацька, вядучы спецыяліст аддзела культуры Г. С. Кавалева, рэжысёр тэатра мініяцюр "Мэтр" П. В. Волкаў, акцёры гэтага тэатра В. У. Каберкін і Д. В. Цяушаў. Поспеху садзейнічала і зладжаная работа светарэжысёра ГДК А. Л. Лемяшкова і гукарэжысёра Г. Б. Гірыловіча. Захапіла ўсіх выступленне танцавальных калектываў "Надзея" і "Чароўны свет", вакальнай групы А. Х. Носавай. Спадабалася ўсім і выступленне артыстаў Рагачоўскага народнага тэатра В. Красюк, В. Свянціцкага і Я. Шыца. Шмат зрабіла для свята і дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра I. Р. Седлер.

На вечарыне выступілі, падзяліліся ўспамінамі пра А. Макаенка сын, брат і пляменнік пісьменніка; мастацкі кіраўнік Нацыяналынага тэатра імя Янкі Купалы В. М. Раеўскі; драматург Анатоль Дзялендзік; прачытаў свае творы беларускі пісьменнік, зямляк А. Макаёнка Васіль Ткачоў; акцёры акадэмічнага тэатра, народныя артысты Беларусі Л. Давідовіч і Г. Аўсянікаў паказалі фрагменты са спектакляў драматурга.

Правільна падкрэслівалася многімі прамоўцамі, а таксама жыхарамі Журавіч і навакольных вёсак, што свята, арганізаванае з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння А. Макаёнка, стала святам душы і сэрца тых, хто мае дачыненне да жыцця і творчасці слыннага майстра мастацкага слова, усіх землякоў Андрэя Ягоравіча.



Прыемна паведаміць, што работнікі культуры раёна рашылі зрабіць радасць для многіх аматараў творчасці пісьменніка, усіх, хто любіць роднае слова і літаратуру, мастацтва, - у пятніцу, 24 лістапада 2000 года ў 17 гадзін у памяшканні гарадскога Дома культуры будзе паўторана святочнае прадстаўленне, падрыхтаванае з нагоды святкавання юбілею пісьменніка. У ім будзе занята цэлае сузор'е рагачоўскіх талентаў. Прыйдзіце - не пашкадуеце! »


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка