З клопатам пра народную культуру




Дата канвертавання22.06.2016
Памер38.07 Kb.
З клопатам пра народную культуру
21–22 красавіка 2011 года на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта адбылася ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Фальклор і сучасная культура”, прымеркаваная да 90-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адкрыў урачыстасці прарэктар Белдзяржуніверсітэта прафесар М.А. Жураўкоў, які ў сваім прывітальным слове адзначыў, што сённяшняя вышыня сацыяльнага, духоўнага і маральнага асэнсавання жыцця адкрывае новыя магчымасці для пранікнення ў мінулае беларускай культуры з больш дакладных і аб’ектыўных пазіцый, а адлюстраванне культурнай спадчыны народа ў супастаўленні з сучаснасцю адкрывае ў ім тыя грані, якія маюць надзвычай надзённае значэнне для сучаснасці.

Дэкан філалагічнага факультэта прафесар І.С. Роўда падкрэсліў ролю гуманітарнай навукі і адукацыі ў сучасным грамадстве, падкрэсліўшы, што духоўны пачатак якраз і зараджаецца праз вопыт глыбокага асэнсавання народнай культуры, яе мінулага і сучаснага, а таксама ўзгадаў гісторыю станаўлення і развіцця фалькларыстыкі як навукі на філалагічным факультэце (з1948 года па сучасны перыяд).

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь доктар філасофіі Марыян Сэрватка ў сваім выступленні падкрэсліў ролю славянскай фалькларыстыкі ў рэчышчы агульнаеўрапейскай гуманітарнай навукі, вылучыўшы на першы план плённае супрацоўніцтва беларускіх і славацкіх вучоных, а таксама пажадаў усім удзельнікам канферэнцыі плённага пошуку ў вывучэнні вытокаў народнай культуры і яе далейшага развіцця.

Вядомы даследчык беларускага фальклору, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар філалагічных навук А.С. Ліс у сваёй прамове адзначыў, што праблема зацікаўленасці міфалагічнай і фальклорнай спадчынай з’яўляецца актуальнай ва ўсім свеце, у тым ліку і для беларускіх даследчыкаў, бо зварот да культурнай скарбніцы народа азначае ўвагу да самых глабальных і тыповых рыс народнага светаадчування.

Канферэнцыя з’явілася спробай сістэматызацыі навуковых поглядаў даследчыкаў розных краін свету на праблемы, у аснове якіх ляжыць зацікаўленасць фальклорнай спадчынай. Зразумела, што гэтыя праблемы надзвычай актуальныя і для беларускай фалькларыстыкі, бо развіццё беларускай культуры на працягу цэлых стагоддзяў было цесна звязана з народнымі ўяўленнямі пра свет, якія выявіліся ў міфалогіі і фальклоры.

Праблематыка канферэнцыі надзвычай шырокая і закранала шматлікія пытанні на сумежжы розных навук: традыцыі ў фальклоры і сучаснасць, мова, літаратура, мастацтва і фальклор, роля і функцыі фальклору ў культуры сучаснага грамадства, фальклорнае багацце розных краін свету і інш.

У канферэнцыі “Фальклор і сучасная культура” прынялі ўдзел вучоныя больш чым пятнаццаці краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Эстоніі, Германіі, Славакіі, Славеніі, Балгарыі, Кітая, Нігерыі і інш. Канферэнцыя мела на мэце аб’яднаць навуковыя зацікаўленні не толькі масцітых прадстаўнікоў айчыннай і замежнай фалькларыстыкі і культуралогіі (у рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел 25 дактароў навук), але і студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў з розных навучальных устаноў рэспублікі, якія змаглі далучыцца да новых падыходаў у вывучэнні вуснай народнай творчасці, падзяліцца сваімі ўласнымі навуковымі пошукамі.

На пленарным пасяджэнні выступілі вядомыя ў рэспубліцы і за яе межамі навукоўцы, даследчыкі фальклору і народнай культуры. Прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казакова ў дакладзе “Фальклор: традыцыі і сучаснасць” падкрэсліла, што сучасныя сілы глабалізацыі ўсё больш настайваюць на стандартных модульных рашэннях для ўсіх народаў, у той час як поспех культурнага развіцця прадугледжвае ўлік своеасаблівасцей кожнай краіны і кожнага народа. Прафесар кафедры беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта І.А. Швед у дакладзе “Фалькларыстыка: даследчыцкія прыярытэты і перспектывы развіцця” звярнула ўвагу прысутных на асноўныя пазіцыі прадметнага поля фалькларыстыкі як навукі, вызначыўшы яе месца ў сістэме іншых навук. Загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т.І. Шамякіна выступіла з дакладам “Традыцыйная культура ў беларускіх СМІ і адукацыі”, дзе шырока былі разгледжаны праблемы ўзаемадачыненняў традыцыйнай і масавай культур, іх уплыў на фарміраванне маральных і грамадзянскіх пачуццяў. Прафесар Далянскага ўніверсітэта, загадчык агульнаўніверсітэтскай кафедрай кітаязнаўства Рэспублікананскага Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Цзян Цюнь у сваім грунтоўным дакладзе разглядзеў агульнафіласофскія праблемы дабра і зла, зафіксаваныя не толькі ў характэрных працэсах і праявах навроднага жыцця, але і ў мастацкім увасабленні. Прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Э.К. Дарашэвіч у дакладзе “Этапы станаўлення постфальклору ў Беларусі” закрануў тэарэтычныя асновы фалькларыстыкі, а таксама прааналізаваў асноўныя этапы станаўлення постфальклору ў Беларусі.

У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя кніг вядомых навукоўцаў Т.І. Шамякінай “Традыцыйны кітайскі каляндар і славянскія міфалагічныя паралелі”, І.А. Швед “Славацкі фальклор. Формы, жанры, паэтыка” і І.В. Казаковай “Фальклорная спадчына Магілёўшчыны (Хоцімскі раён)”.

Канферэнцыю вітаў фальклорна-этнаграфічны гурт “Талака” пад кіраўніцтвам кандыдата культуралогіі, загадчыка кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў В.В. Калацэй.

Напрыканцы першага дня канферэнцыі адбыўся канцэрт фальклорна-этнаграфічнага гурта “Багач” пад кіраўніцтвам прафесара І.В. Казаковай і ансамбля народнай песні “Славянскі настрой”.

Т.В. Бельская

старшы выкладчык



кафедры беларускай літаратуры і культуры


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка