З гісторыі мовазнаўства Мікалай прыгодзіч




Дата канвертавання23.03.2016
Памер102.98 Kb.
З гісторыі мовазнаўства

Мікалай ПРЫГОДЗІЧ

ЛЕКСІКАГРАФІЧНЫЯ ВОПЫТЫ ПАЎЛА ШПІЛЕЎСКАГА

Лёс адвёў яму толькі 38 гадоў, з якіх апошнія 15 былі напоўнены прыемнымі ўспамінамі, су­стрэчамі з роднымі мясцінамі, хвілінамі чакання публікацый у навуковых выданнях і літаратурных часопісах Санкт-Пецярбурга і Масквы, новымі задумамі і планамі. Кожны пражыты ім у далечыні ад зямлі бацькоў дзень быў прасякнуты думамі пра гэты край, яго насельнікаў, пра іх звычаі і павер’і, песні і прымаўкі, пявучую і звонкую гаворку. Такім быў і застаўся ў памяці сучаснікаў Павел Шпілеўскі, такім ён уяўляецца і нам – сённяшнім этнографам, літаратуразнаўцам, моваведам.

Павел Міхайлавіч Шпілеўскі (12.11.1823 – 29.10.1861) нарадзіўся ў вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Любанскі раён) у сям’і святара. Вучыўся ў Мін­скай (Слуцкай) духоўнай семінарыі, а ў 1847 г. са званнем кандыдата багаслоўя закончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Аднак ад царкоўнай кар’еры адмовіўся: працаваў выкладчыкам славеснасці ў Варшаўскім павятовым духоўным вучылішчы, а з 1852 г. жыў у Санкт-Пецярбургу, са снежня 1853 г. знаходзіўся на пасадзе пакаёвага наглядчыка ў Галоўным педагагічным інстытуце, з красавіка 1855 г. працаваў настаўнікам школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзяржаўных папер.

Па ўсім відаць, яшчэ з юнацкіх гадоў П. Шпілеўскі захапіўся вуснай народнай творчасцю беларусаў, чаму ў немалой ступені садзейнічалі службовыя пераезды бацькі, якому з-за неспакойнага характару часта даводзілася мяняць царкоўныя прыходы. У студэнцкія гады, у вольны ад заняткаў час, ён падарожнічаў па Беларусі, запісваў адметныя мясцовыя словы, заслухоўваўся меладычнымі спевамі і вывучаў побыт простага люду.

Першыя лінгвістычныя вопыты Паўла Шпі­леўскага прыпадаюць на 1845 г., час яго вучобы ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Менавіта гэтым годам пазначаны яго рукапіс “Словарь белорусского наречия, составленный П. Шпилевским” і “Краткая грамматика белорусского наречия”. Дзве гэтыя работы структурна прадстаўлены як адна, а граматыка з’яўляецца свое­асаблівым разгорнутым уступам да слоўніка. Магчыма, першапачаткова граматыка і стваралася з мэтай даць чытачу пэўнае ўяўленне пра фанетычную і граматычную сістэмы беларускай мовы, дапамагчы правільна ўспрымаць і разумець напісанне і вымаўленне пададзеных у слоўніку слоў і граматычных формаў. Пра гэта сведчыць і агульная нумарацыя абедзвюх прац, а таксама прадмова, змешчаная перад граматыкай, але поўнасцю адрасаваная слоўніку.

Рукапісны “Словарь белорусского наречия…” П. Шпілеўскага – самая значная самастойная беларусазнаўчая лексікаграфічная праца першай паловы ХІХ ст. Нягледзячы на адсутнасць адпаведнага вопыту, малады навуковец вельмі сур’ёзна паставіўся да складання слоўніка. Зразумела, ён меў канкрэтныя ўзоры тагачасных лексіконаў, а магчыма, свядома арыентаваўся на пэўныя працы. Таму, згодна з выпрацаванай традыцыяй, непасрэдна перад тэкстам слоўніка ён падаў спіс умоўных скарачэнняў – “Объяснения, относящиеся к словарю”. Напр.: без. – безличный глагол, воз. – возвратный глагол, мн. ч. – множественное число, с. – имя существительное.

Рэестравыя словы тлумачацца рускімі адпаведнікамі, часта з выкарыстаннем некалькіх сінанімічных адзінак: Абецадло, с. ла, азбука; букварь. Гасцинец, с. нца, дар, подарок; почтовая столбовая дорога. Маіонтак, с. тка, имение, поместье; усадьба. Пры адсутнасці рускіх лексічных эквівалентаў Павел Шпілеўскі беларускія словы тлумачыць апісальна. Параўн.: Цвинтар, с. ра, погост церковный; пространство вокруг Церкви. Некаторыя слоўнікавыя артыкулы пры гэтым нагадваюць разгорнутыя этнаграфічныя апісанні: Азерод, с. да, род строения из жердей. Это собственно белорусская выдумка для проветривания убранного с поля хлеба в снопах; се нигде не видно, даже по соседству – в Украине и прочих южных губерниях. Без складки в азерод белорусцы не станут класть снопов в овин. Потому что у них хлеб хорошо умолачивается и бывает бел.

Аўтар імкнуўся максімальна дакладна перадаваць фанетычныя асаблівасці беларускай мовы – дзеканне і цеканне, зацвярдзеласць шыпячых, ц і р, падаўжэнне зычных, аканне, пераход в у ў і інш.

Услед за Канстанцінам Калайдовічам (аўтарам першага навуковага апісання і кароткага слоўніка беларускай мовы, апублікаваных у 1822 г.) Павел Шпілеўскі да некаторых слоў даў этымалагічныя каментарыі, хоць часам яны наіўныя.

“Словарь белорусского наречия…” П. Шпі­леўскага займае 45 рукапісных старонак вялікага фармату, у ім прыводзіцца прыблізна паўтары тысячы слоў (пераважна назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў і выклічнікаў) на ўсе літары алфавіта. У рэестравую частку складальнік уключыў толькі ўласнабеларускія словы, якія выразна адрозніваліся ад рускіх і польскіх, агульнаславянскія і агульнаўсходнеславянскія па паходжанні словы сюды не ўвайшлі. Пададзены ў ім і некаторыя іншамоўныя запазычанні: атрамент, вализа, гарбата, зэгар, филижанка, фузия (стрэльба), цына, ядваб і інш.

Варта адзначыць, што “Словарь белорусского наречия…” П. Шпілеўскага быў разгледжаны на пасяджэнні Аддзялення рускай мовы і славеснасці акадэміі навук толькі ў красавіку 1853 г. Хутчэй за ўсё, ён быў дасланы разам з “Заметкой белорусца о белорусском наречии”1, складзенай 15 лютага 1853 г. З тэксту апошняй, дарэчы, добра відаць, што П. Шпілеўскі ўважліва сачыў за навуковай літаратурай па беларусазнаўчай тэматыцы, паколькі тут ён крытычна ацаніў выдадзеную ў Мітаве працу Ф. Галатузава “Заметки касательно белорусского наречия” (1852). У выпісцы з пратакола пасяджэння Аддзялення рускай мовы і славеснасці ад 2 красавіка 1853 г. рэцэнзент “Словаря белорусского наречия…” акадэмік Я. Бярэднікаў піша, што гэта “краткий сборник белорусских слов, составленный наскоро и потому требующий тщательного пересмотра”. Слоўнікам зацікавіўся і акадэмік І. Сразнеўскі, які ўважліва разгледзеў рукапіс і вярнуў яго 24 верасня 1853 г., аддзяленне ж пастанавіла “в поощрение г. Шпилевского выдать за труд его шестьдесят рублей серебром”.

Даследчык беларускай лексікаграфіі ХІХ ст. М. Гуліцкі адзначае, што ў рэестравай частцы слоўніка рэцэнзенты дапісалі больш за 450 слоў, у тым ліку акадэмік Я. Бярэднікаў каля 20 слоў, астатнія – акадэмік І. Сразнеўскі: “…вучоныя імкнуліся дапісаць прапушчаныя словы (засек, згода, злыдзень, калубеля, канец, касавіца, крупнік, луста, маланка, мань, мурава, нішка, ныдзень, тузаць, цікун), удакладніць тлумачэнне, пераклад беларускага слова, змешчанага ў слоўніку, даць некаторыя этымалагічныя звесткі…” Вядома, што акадэмікі Я. Бярэднікаў і І. Сразнеўскі мелі шырокую карэспандэнцкую перапіску з беларускімі этнографамі, настаўнікамі, проста аматарамі-“белорусцами”, якія дасылалі ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці Расійскай акадэміі навук свае спісы-падборкі слоў, прыказкі, прымаўкі, народныя песні і іншыя матэрыялы. Дарэчы, і сёння ў архіве бібліятэкі Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу захоўваецца некалькі дзесяткаў тысяч (!) картак з такімі (на жаль, не запатрабаванымі ў наш час) матэрыяламі.



На апошніх старонках слоўніка як своеасаблівы дадатак да яго П. Шпілеўскі падаў “Списокъ именъ мужескихъ и женскихъ, несходныхъ съ именами русскаго языка”. У ім у алфавітным парадку прыводзіцца 78 (І. Германовіч чамусьці называе лічбу 81) ужывальных сярод простых беларусаў уласных мужчынскіх і жаночых імёнаў з рускімі адпаведнікамі.

А

Агáпа, пы, Агафія.

Алексáша, шы, Александра.

Алижбéта, ты, Елисавета.

Апанáсъ, са, Афанасій.

Астáпъ, па, Евстафій.

Аўдóцця, ци, Евдокія.

Аўдýля, ли, Дуня, ум.
Б

Базы´ль, ля, Василій, Василь.

Базы´лько, ки, Василько, ум.

Бáзя, зи, Вася, ум. Базы´ль.

Бáзячка, ки, Васечка, ум. Базы´ль.

Бáся, си, Васса, Василисса.

Бóня, ни, Вонифаций, ум.
В

Вáрка, ки, Варвара, ум.

Віéня, ни, Евгенія, ум.

Ви´нцусь, ся´, Викентій, ум.
Г

Галїốна, ны, Елена, Алёна.

Гáлька, ки, Елена, Алёна, ум.

Галю´ся, си, Елена, Алёна, ум.

Гáнка, ки, Анюта, ум.

Гáнна, ны, Анна.

Ганнýся, си, Аннушка, Анютка, ум.

Гáпка, ки, Агафьюшка, ум.
Г

Габрýсь, ся, Гаврило, ум.

Гáрко, ки, Герасимъ, ум.
Д

Дóрка, ки, Дорофей, ум.
Е

Ерóмъ, мы, Еремей.

Éсипъ, па, Іосифъ, Осипъ.
З

Зми´церъ, Змитрá, Димитрій; поговорка: хицїốръ якъ Змицїốръ; вообще въ Белорусии имя Змитцеръ, Димитрій служитъ какимъ-то символомъ хитрости, и потому-то оно не въ боль­шомъ ходу у белорусцевъ.

Змицю´ха, хи, Митя, ум.

Зóся, си, Соня, Софьюшка, ум.

Зýля, ли, Софія, Софьюшка.

Зýлячка, кі, Соня, Сонюшка, ум.
J

Jóŷга, ги, Jоанна, Евгенія.
К

Касьцю´къ, ка, Константинъ, ум.

Кáтра, ры, Катерина.

Кýзя, зи, Косьма, ум.
Л

Лýпа, пы, Любовь.
М

Мары´ля, ли, Марья, Марьянушка, ум.

Мáська, ки, Мойсей, ум.

Михáлка, ки, Михаилъ, ум.

Михáлочка, ки, Михаилъ, ум.
Н

Нáста, ты, Настасия.

Настýля, ли, Настенька, ум.

Ни´лка, ки, Николаша, ум.
П

Палáжка, ки, Пелагія, ум.

Петрачόкъ, кá, чкá, Петрушка, ум. = Паŷ­лю´къ, ка, Павелъ.

Пи´ля, ли, Филиппушка, ум.

Пóля, ли, Пелагія.

Прóся, си, Ефросиния.

Прузы´нка, ки, Ефросиния, ум.

Прýзя, зи, Ефросиния, ум.
Р

Радзивóнъ, на, Иродіонъ.

Раи´на, ны, Ирина.

Раи´нка, ки, Иринушка, ум.

С

Савасьцéй, я, Севастіанъ.

Савасьцéйка, ки, Севастіанъ, ум.

Саламáха, хи, Саламонія.

Сё´мка, ки, Симеонъ, ум.

Сцїốпа, пы, Сцепанъ, ум.

Сцїốпка, пки, Степанушка, ум.

Сцїốха, хи, Степанида.
Т

Тафи´ля, ли, Тереза.

Тодаръ, ра, Федоръ.
Х

Хамá, мы, Ѳома.

Хаўрóння, ни, Февронія.

Хи´ма, мы, Евфимія.

Хи´мка, ки, Ефимушка, ум.
Ц

Цимóша, шы, Тимофей, ум.

Цимóхъ, махá, Тимофей.

Цýля, ли, Товія [Тавія?], ум.

Ця´ха, хи, Таня, ум.
Ш

Шáля, ли, Сампсонія.
Ю

Ю´рка, ки, Егоръ, Георгій, ум.
Я

Ядви´ля, ли, Авдотья, ум.

Якýбъ, кýба, Яковъ.

2. Яўхи´мъ, ма, Евфимій.

1. Яўхи´ма, мы, Евфимія.
Як сведчыць матэрыял, у слоўніку адлюстраваны як імёны, што сустракаюцца і ў нашы дні (Апанас, Астап, Ганна, Марыля, Раіна, Сцёпа, Юрка, Яўхім), так і тыя, якія, за рэдкім выключэннем, ужо сталі анамастычнымі архаізмамі (Аўдуля, Базя, Боня, Гапка, Гарко, Зуля, Цуля, Цяха і інш.).

Варта адзначыць і той факт, што да імя Зміцер П. Шпілеўскі прыводзіць прыказку Хіцёр як Зміцёр і пры гэтым заўважае: “Увогуле ў Беларусі імя Зміцер служыць нейкім сімвалам хітрасці, і таму яно не ходкае ў беларусцаў”.

Нягледзячы на свой нібыта вучнёўскі характар, слоўнік П. Шпілеўскага стаў у далейшым і для самога аўтара добрай крыніцай пры апісанні звычаяў беларусаў у падарожных і этнаграфічных нарысах, асобных артыкулах.

Так, першы этнаграфічны артыкул “Белорусские народные поверья” (пад псеўданімам П. Древлянский) Павел Шпілеўскі апублікаваў яшчэ ў студэнцкія гады ў літаратурным дадатку да “Журнала Министерства народного просвещения” (1846, кн. 1, 4; працяг у кн. 3 за 1852 г.). У гэтай, а таксама ў іншых працах даследчык прывёў шмат цікавых звестак пра фанетычныя, лексічныя, фразеалагічныя і граматычныя асаблівасці беларускай мовы, паспрабаваў высветліць паходжанне асобных беларускіх слоў, даў своеасаблівую характарыстыку некаторых дыялектаў. Напрыклад, у “Путешествии по Полесью и Белорусскому краю”2 ён коратка тлумачыць такія беларускія словы, як вьюны (рыба, похожая в миниатюре на угрей), дзякуемо (спасибо), Десятуха (десятая неделя после Пасхи), гостинец (почтовая дорога), хлопцы (парни), комин (труба), отава (новая трава), гай (рощица), загоны (грядки или полосы пашни) і інш. Параўн. таксама: К дидам на хавтуры (отошёл к предкам, на тот свет); шляховая дорога = шляховый, от слова шлях, значит – большая столбовая дорога; …головы их были покрыты так называемыми наметками, то есть длинными узкими полотнищами, сложенными в несколько рядов и обвитыми вокруг головы в множество складок, с висящими по бокам концами; поле, назначенное для посевов, или полетки; саха (плуг), известная в некоторых уездах под двумя названиями: павзухи и брынды; название “замок” произошло от белорусского или кривичского слова замкнуть, запирать: во время нападений соседних племён в замке запирались мирные жители и там отстреливались.

А вось як характарызуе П. Шпілеўскі мову жыхароў Белавежскай пушчы: “Жители пущи, большей частью казённые крестьяне, и составляют какое-то отдельное племя, не то литовское, не то русское; язык их – смесь древнелитовского с русским, малороссийским и полесским”.

Некаторыя даследчыкі гісторыі беларускай мовы мяркуюць, што студэнцкія лінгвістычныя вопыты П. Шпілеўскага былі першай спробай стварэння аб’ёмнай працы пра беларускую гаворку. І сапраўды, калі сюды далучыць яго шматлікія моўныя каментарыі ў этнаграфічных выданнях, асобныя апісанні паходжання некаторых слоў і назваў абрадаў, то перад намі паўстае воблік апантанага збіральніка і інтэрпрэтатара вуснай народнай спадчыны, філолага-славіста, які, несумненна, у будучым змог бы ўзбагаціць лінгвістычную навуку буйнымі дасягненнямі.



Спіс літаратуры

Вашчанка, А. Загадка прыцягальнасці / А. Вашчанка // ЛіМ. – 2008. – 14 ліст. – С. 12.

Вашчанка, А. Вечны спадарожнік чалавека / А. Вашчанка // ЛіМ. – 2008. – 14 ліст. – С. 12.

Гуліцкі, М. Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі / М. Ф. Гуліцкі. – Мінск, 1978.

Прыгодзіч, М. Р. Беларускае мовазнаўства / М. Р. Прыгодзіч. – Мінск, 2006.

1Першая частка “Заметок белорусца о белорусском языке” амаль поўнасцю ўключана ў раздзел пра Мінскую губерню “Путешествия по Полесью и Белорусскому краю” (Современник. – 1853. – № 8. – С. 70 – 76).


2Прыклады падаюцца паводле выдання: Шпилевский, П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю / П. М. Шпилевский; предисл., текстол. подгот., прим. и коммент. С. А. Кузняевой. – Минск, 2004. – 251 с.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка