З архiтэктурнай спадчыны Расоншчыны




Дата канвертавання23.03.2016
Памер95.79 Kb.
З архiтэктурнай спадчыны Расоншчыны

Эвалюцыя беларускага дойлiдства, са­мабытнасць якога вызначалася канфлiкт­ным рэлiгiйным процiстаяннем, мэтанакi­раваным уплывам заходнееўрапейскай i рускай будаўнiчых культур, толькi фраг­ментарна адлюстравана ў нешматлiкiх помнiках архiтэктурнай старадаўнасцi Расоншчыны, што збераглiся, i знаёмства з якiмi дазваляе прасачыць гiсторыю краю, мастацкiя пошукi i творчыя калiзii.

Беларуская зямля, якая на працягу стагоддзяў з'яўлялася плацдармам жорст­кix бiтваў, была ўсеяна крэпасцямi i замкамi. Найстаражытнейшы вядомы гic­торыка-архiтэктурны комплекс краю, помнiкi яго манументальнага ваенна­абарончага дойлiдства - крэпасць Сокал, ад якой захавалася толькi ўзвышаная трохвугольная пляцоўка за 1,5 кiламетра ад в. Кульнева. Крэпасць была збуда­вана на высокiм узвышшы ў стратэ­гiчна i фартыфiкацыйна адпаведнай мяс­цовасцi пры злучэннi рэк Нiшча i Дрыса, якiя прыкрывалi цытадэль з двух бакоў; з трэцяга яе абараняў вал працягласцю 200 м i вышынёй да 10 м. Паводле плaнipoўкi фартыфiкацыйнае ўмацаванне можна аднесцi да цытадэлi-замка. Гэта быў еўрапейскi тып рыцарскага замка, прынесены на Беларусь з Нямеччыны i скандынаўскiх краiн, якi ўзводзiўся у цяжкадаступных мясцiнах, звычайна на прамавугольнай пляцоўцы. Крэпасць Со­кал была абкружана магутнай сцяной з вуглавымi i франтальнымi абарончымi гранёнымi вежамi, завершанымi спiчастымi шатрамi, узнятымi на магутныя канiчныя п'едэсталы. У ix архiтэктуры прасочвалiся элементы рэнесансу. У цэнт­ры прамалiнейнай франтальнай сцяны буйным чатырохгранным аб'ёмам высту­пала арачная ўязная брама. Унутры крэпасць была шчыльна забудавана драў­лянымi жылымi дамамi, над якiмi высока ўздымалася царква. У час Лiвонскай вайны аблога крэпасцi скончылася яе раз­бурэннем войскамi Рэчы Паспалiтай у 1579 г.

Да канца 17 ст. крапасное будаўнiцтва спынiлася ў сувязi з развiццём разбу­ральнай гарматнай зброi, якая рабiла замкi прыступнымi. На змену абарончым феадальным рэзiдэнцыям прыйшлi рэп­рэзентацыйныя палацава-сядзiбныя комп­лексы, будаўнiцтва якiх было пашырана на Беларусi ў другой палавiне 18-19 ст. У сваiх вотчынах землеўладальнiкi ства­ралi самыя разнастайныя па памерах i мастацкiх якасцях архiтэктурна-паркавыя рэзiдэнцыi - ад невялiкiх дамоў дробна­памесных шляхцiцаў да буйных палацаў заможных магнатаў.

Сядзiба памешчыка Гласка ў Расонах была ўзведзена ў 1900 г. на беразе аднайменнага возера, у акружэннi парка са стаўком. Будынак у выглядзе га­тычнага палаца вылучаецца маляўнiчас­цю, шматпланавасцю архiтэктурнай кам­пазiцыi i разнастайнасцю яе вiзуальных успрыняццяў. Для стварэння сярэдневя­ковай вобразнасцi шырока прыцягваюцца неагатычныя формы: гранёныя вежачкi з машыкулямi, перспентыўныя стральча тыя вокны, контрфорсы, спiчастыя i зуб­частыя франтоны i шчыты, струны крапа­ваных лапатак, вуглавы руст. Расонскi палац узняты на магутны бутавы падму­рак; план будынка складанай канфiгура­цыi за выгiнамi калiдораў, патаемнымi лесвiчкамi, разнастайнымi заламi i iнтым­нымi пакойчыкамi. У адпаведнасцi з пла­нам яго прасторавая кампазiцыя набы­вае актыўна дынамiчную асiметрычную трактоўку з надзвычайнай навiзной рыт­маў, ярусным, ступеньчатым нарастаннем аб'ёмаў па дыяганалi: паўднёвая частка аднапавярховая, цэнтральная двухпа­вярховая, паўночная - трох'ярусная ча­тырохгранная вежа з шатровым пакрыц­цём (не захавалася). Цэнтральная частка фланкiравана трохграннымi эркерамi i за­вершана на галоўным фасадзе ступень­чатым шчытом. Шматпланавасць кампазi­цыi ўзмацняе полiфанiчна разнастайная пластыка фасадаў: ступеньчатыя шчып­цы, аркатурныя паясы, розныя па паме­рах аконныя праёмы. Манументальны будынак вызначаецца насычаным кала­рыстычным вырашэннем, у якiм спалу­чаецца палiхромiя бутавай муроўкi цока­ля, чырвоны колер высакаякаснай цаг­лянай муроўкi фасадаў, белiзна атынка­ваных элементаў дэкору. Мэта дойлiда - стварыць уражальны знешнi эфект - была тут дасягнута.

Сядзiба памешчыка Лефера сфармiрава­лася ў 1893-1913 гг. на ўзгоркавай паўночна-ўсходняй ycкpaiнe в. Горкi. Дом мае асiметрычную дынамiчную аб'ём­на-прасторавую кампазiцыю, вертыкаль­най дамiнантай якой з'яўляецца магут­ная чатырохвугольная трох'ярусная вежа з шатровым пакрыццём. Яе мураваныя гранi «разыграны» вузкiмi, пазбаўленымi раскошы палацавых лiштваў вокнамi-­байнiцамi, верхнiм поясам стральчатых арачных нiш па падабенству з бела­pycкiмi абарончымi царквамi сярэдневя­коўя. Шматпланавасць i маляўнiчая сiлуэтнасць будынка падкрэслены роз­нымi па канфiгурацыi драўлянымi прыбу­довамi прамавугольнага бакавога крыла, дваровай веранды з паўкруглай тэрасай (пашкоджаны пажарам у 1970-я гады). Крапасную суровасць надае дому спалу­чэнне плоскаснай гладзi сцен, прарэза­ных геаметрычнымi стральчатымi, прама­вугольнымi i лучковымi вокнамi, з магут­най муроўкай з буйных бутавых камянёў высокага падмурка. Сцены гаспадарчых будынкаў, якiя забяспечвалi жыццёвыя патрэбы ўладальнiкаў, таксама выкла­дзены з мясцовага каменю (валуноў). Апусцелыя рэшткi палаца ўражваюць сваёй таямнiчасцю i загадкавасцю; раман­тычную афарбоўку «рыцарскаму замку» надае маляўнiчае паркавае акружэнне.

Ад сядзiбы двор Чарэпiта, якая нале­жала памешчыку Гласку, захаваўся толькi пейзажны парк - абавязковы эле­мент рэпрэзентацыйнай загараднай рэзi­дэнцыi. Ен быў высаджаны вакол дома ўладальнiка ў пачатку 20 ст. i разам з каскадам штучных стаўкоў паўкальцом ахоплiваў яго. Для надання парку буйна­маштабнасцi, ландшафтнай разнастайнас­цi выкарыстана эфектнае i, што было немалаважна ў той прагматычны час, эка­намiчнае яго спалучэнне з навакольным лесам. Вылучыць паркавую зону можна толькi па акультураных пасадках лiпы, бэзу, дубу, елкi.

Падобны па натуралiстычна-пейзажнай арганiзацыi прысядзiбны парк памешчыка Гуцэвiча захаваўся на ўскраiне вёскi Казiмiрова. Яго ландшафтная кампазiцыя i планiроўка створаны вакол прамаву­гольнага стаўка са штучным востравам сярод воднага люстэрка.

Дробнапамесная сядзiба Шнiтаўка больш нагадвае звычайнае сялянскае жыллё. Яе драўляны дом узведзены на бутавым падмурку на мяжы 19-20 ста­годдзяў.

У адрозненне ад заходнiх губерняў Беларусi, у якiх распаўсюдзiўся каталi­цызм, на Расоншчыне панавала права­слаўнае культавае будаўнiцтва. Шмат дробных цэркваў было раскiдана ў нава­кольных вёсачках. Сцiплы драўляны храм, названы ў гонар Пятра i Паўла, iснаваў яшчэ ў пачатку 20 ст. у в. За­бор'е (час пабудовы невядомы) Узведзе­ная на падмурку з мясцовага бутавага каменю, ашаляваная дошкамi царква была завершана двума цыбулепадобнымi купалкамi - над шатровымi дахамi асноў­нага зруба i званiцы. Мяркуецца, што ў традыцыях народнага драўлянага дой­лiдства была ўзведзена i Пакроўская царква ў в. Парэчча, час пабудовы якой даследчыкi не змаглi ўдакладнiць яшчэ ў пачатку 20 ст. Драўляная царква ў в. Галоўчыцы была пабудавана ў 1803 г. У сiлуэце храма вертыкальна панавалi дзве цыбулепадобныя галоўкi над гонтавымi дахамi апсiды i званiцы. Петрапаўлаўская драўляная царква была пастаўлена ў 1826 г. у в. Клясцiцы. Страхавая ацэнка 1910 г. так апiсвае яе: “Драўляная на мураваным фунда­менце, унутры i знадворку ашалявана дошкамi i афарбавана алейнай фарбай, пакрыта жалезам, афарбаваным зялёнай алейнай фарбай». Асноўны зруб быў завершаны цыбулепадобным купалам на васьмiгранным барабане i макаўкай над званiцай. Побач з царквой стаялi дом свяшчэннiка, пабудаваны ў 1888 г., i драўляны дом псаломшчыка. Драўляная Iльiнская царква была ўзведзена ў 1846 г. у в. Mypaгi. Зрубы на мураваным пад­мурку былi завершаны двума купаламi - над цэнтральным аб'ёмам i званiцай. Не захавалася, ужо ў пачатку 20 ст. канста­тавалася як трухлявая. У традыцыях сялянскага жыллёвага будаўнiцтва 1888 г. быў пастаўлены побач з царквой i драў­ляны дом свяшчэннiка.

Паводле свайго характару, драўляныя храмы з'яўлялiся арганiчнай часткай як аркiтэктурнай, так i ландшафтнай па­нарамы шматлiкiх паселiшчаў Расон­шчыны.

Надзвычай шырокiя маштабы права­слаўнае царкоўнае будаўнiцтва набыло ў другой палавiне 19 - пачатку 20 ст. Праз яго рускi царызм iмкнуўся сцвер­дзiць “спрадвечнасць” правоў рускага самадзяржаўя на тутэйшыя тэрыторыi як «исконно русские земли». У гэтай сувязi ўзнiкла шмат манументальных царкоўных будынкаў, пастаўленых на грошы i рукамi мясцовага праваслаўнага сялянства. Аднак бескампрамiсная ба­рацьба з«опiўмам народа» у савецкi час знiшчыла гэтыя сведкi нядаўняй гiсторыi i будаўнiчай культуры. Уяўлен­не аб культавай архiтэктурнай спадчыне раёна, якая не захавалася, дазваляюць зрабiць aпicaннi праваслаўных цэркваў у час ix страхавой ацэнкi, якая право­дзiлася ў 1910 г. па ўсёй Расiйскай iмперыi i захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гiстарычным архiве ў Санкт­-Пецярбургу.

З архiтэктуры другой палавiны 19 - пачатку 20 ст. шырока рэалiзуецца на­цыянальна-рамантычны мастацкi кiрунак, арыентаваны на аднаўленне традыцый i форм старажытнарускага дойлiдства. Прыхiльнасць да «рускага» стылю ў праваслаўным царкоўным будаўнiцтве з яго цыбулепадобнымi купаламi i ма­каўкамi-свечкамi, спiчастымi шатрамi званiц, закамарамi, дэкаратыўнай узо­рыстасцю была прадвызначана i афiцый­ным на той час агульнарасiйскiм будаў­нiчым статутам.


Царква ў г. п. Расоны.


Шырокамаштабнае царкоўнае будаў­нiцтва ў гэтым рэчышчы прадстаўлена мураванай царквой Раства Багародзiцы ў Расонах, узведзенай у 1879 г. з мясцо­вага бутавага каменю (адносiлася, як i ўсе цэрквы раёна, да 3-й aкpyгi Полацкага благачыння Полацкай eпapxii). Асноўны кубападобны аб'ём храма завершаны пяцiкупаллем (цыбулепадобныя галоўкi ва васьмiгранных шыйках не захавалi­ся). Па канiчна арыентаванай з захаду на ўсход планiровачнай восi да храма далучаюцца двух'ярусная, завершаная галоўкай званiца з бакавымi прыбудоўкамi панамарскай i пpacвipнi i паўкруглая апсiда. Галоўны ўваход вырашаны цяжкай па прапорцыях, прысадзiстай навiссю-рундуком на дзвюх бочкападоб­ных калонах - характэрны атрыбут мас­коўскiх храмаў 17 ст. Царква будавалася «халоднай» (без грубак), была пакрыта па цэнтры бляшаным дахам, завершаным купалам (не захаваўся). З калейдаска­пiчнай шматстылёвасцi архiтэктуры таго часу толькi «бутавыя” цэрквы ўяўлялi сабой прыклад мастацкай аскетычнасцi i падкрэсленай прастаты. Яны харак­тарызавалiся амаль поўным адмаўленнем ад пануючага дэкаратывiзму, абавязковых царкоўных атрыбутаў - какошнiкаў, за­камар, калонак i iнш. Рэтраспектыўна­-рускi стыль мог праiлюстраваць храм­-помнiк над прахам героя Айчыннай вай­ны 1812 г. Я. П. Кульнева ў вёсцы, на­званай яго iмем. У афiцыйна-казённым рэтраспектыўна-рускiм стылi былi ўзве­дзены мураваныя цэрквы Успення ў в. Якубова ў 1879 г. i в. Сакалiшча (час пабудовы невядомы).

Праваслаўная Успенская царква ў тра­дыцыях драўлянай архiтэктуры была па­будавана ў 1884 г. у в. Казiмiрова. Згодна з архiўным вопiсам, гэта быў храм на бутавым падмурку, фасады рас­члянёны 10 вялiкiмi i 2 малымi вокнамi. Цыбулепадобныя купалы над званiцамi i асноўным кубападобным зрубам былi пакрыты бляхай. Аналагiчная па apxi­тэктурна-стылёвай трактоўцы ў духу «праваслаўнай даўнiны» драўляная царк­ва была ўзведзена ў Расонах у 1836 г. Паводле зацверджанага Св. Сiнодам «нармальнага» праекта

была пастаўлена ў 1873 г. Святаўспенская царква ў в. Гор­кi. Драўляны халодны храм на мурава­ным падмурку знадворку i ўнутры быу ашаляваны дошкамi, пакрыты бляшаным дахам непрыкметнай зялёнай афарбоўкi. Сiлуэт яруснага будынка ўзбагачала пластычнае шматкупалле - вялiкi купал над цэнтральным зрубам «падтрымлiваў­ся» чатырма малымi «апостальскiмi» галоўкамi: адна галоўка вянчала званiцу на галоўным фасадзе партатыўная макаўка ўпрыгожвала апсiду. Ашаляваныя сцены зрубаў былi расчлянёны дзесяццю вялiзнымi вокнамi. Побач з царквой стаяў просты драўляны аднапавярховы на 14 вокнаў, пакрыты гонтавым дахам будынак царкоўнапрыходскай школы.

Барысаглебская царква ў в. Гарбачэва, як i шмат iншых, была ўзведзена на бу­тавым падмурку з бруса i ашалявана знадворку i ўнутры дошкамi, дах пахрыты бляхай зялёнай афарбоўкi. Габарыты будынка (даўжыня 9, шырыня 71/2, вы­шыня да верху карнiза 3 сажнi) не выходзiлi за афiцыйна зацверджаныя памеры. Над царквой уздымалiся дзве цыбулепадобныя галоўкi - адна над зва­нiцай, другая над накатым чатырохсхiль­ным дахам асноўнага зруба. Сцены пра­разалi 6 вялiкiх i 4 маленькiя акны. У«халодным» інтэр’еры храма яго таям­нiчая алтарная прастора аддялялася драўляным трох’ярусным iканастасам, якi разам з храмам ацэньваўся ў 5000 рублёў.

Стваральнiкi шматлiкiх «сiнадальных» цэркваў былi абмежаваны ў сваiх твор­чых пошуках зацверджанымi «найвыса­чэйша» канонамi. Але гэта датычылася толькi планiровачнай арганiзацыi, калi трэба было захоўваць адпаведную коль­касцi прыхаджан плошчу памяшканняу. Затое ў вырашэннi знешняй архiтэктуры жорсткiх цыркуляраў не iснавала, акрамя адпаведнасцi «старажытнаму вiзантый­скаму дойлiдству». Таму аднолькавых храмаў, за рэдкiм выключэннем, не су­стракалася, у кожным з ix была свая асаблiвасць, хоць якая-небудзь адметная форма цi дэталь.

Хутка праходзiць незваротны час, змя­няюцца пакаленнi, але створаныя рукамi ix таленавiтых прадстаўнiкоў помнiкi дойлiдства застаюцца на стагоддзi, пра­цягваюць дарыць нам радасць i жыва­творнае адчуванне непарыўнай сувязi часоў i спрадвечнай пераемнасцi культур.



А. М. Кулагiн.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка