Юбілейны Дзень Перамогі. Частка 2




Дата канвертавання17.05.2016
Памер41.9 Kb.
Юбілейны Дзень Перамогі. Частка 2
Ад помніка пад гукі духавога аркестра мнагалюдная калона рушыла да цэнтральнага парку і гарадскога стадыёна. Менавіта яны сталі эпіцэнтрам народнага гуляння.

Урачыстае адкрыццё свята адбылося пад сімвалічны ход гадзінніка, які абарвалі гучныя выбухі. Работнікі культуры прапанавалі гледачам прасачыць шлях да Перамогі па 12 гістарычных эпізодах-карцінах тэатралізаванага прадстаўлення. Падзеі вайны, велічныя і трагічныя, паказалі працоўныя калектывы Воранава. Перад гледачамі праехалі на аўтамашынах абаронцы Брэсцкай крэпасці (Воранаўская сельгастэхніка), Масквы (Воранаўская СШ), удзельнікі Сталінградскай бітвы (РЭС) і наступленчай аперацыі «Баграціён» (электрасувязь), партызаны (ПМС), матросы Чарнаморскага флоту (Воранаўскі каледж), медыкі і параненыя ваеннага палявога шпіталя (ЦРБ), прайшлі калонай салдаты-добраахвотнікі (Сельэнерга).



Асабліва няпростай задачай, напэўна, было ўвасабленне помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ж не толькі касцюм, але і раўнавага, якую варта вытрымаць на аўтамашыне падчас руху. З гэтай задачай выдатна справіліся прадстаўнікі аўтамабільнага парка №14 Андрэй Малахоўскі і пяцігадовая дзяўчынка з прыгожым іменем Васіліна. Яны нерухома застылі, каб упадобіцца фрагменту мемарыяльнага комплексу «Хатынь»: нескаронаму жыхару спаленай вёскі з закатаваным сынам на руках. У велічнай позе — жанчына: узняты меч, у рашучым парыве павернуты торс. Скульптуру «Родина-мать зовет» пазналі ў Ліліі Кітовіч (пошта, РУП БА).

Для стварэння тэатралізаваных эпізодаў вайны працоўным калектывам давялося не толькі фантазію праявіць. Напрыклад, працаўнікі райгаза паклапаціліся аб дэкарацыях, адшукалі мэблю і элементы побыту 40-50-х гадоў. Таму блакадны Леніград у іх выкананні атрымаўся відовішчным і ўдалым. Працаўнікі РУП ЖКГ аздобілі свой шлях да рэйхстага рарытэтнай тэхнікай, Воранаўскі каледж пашыў галаўныя ўборы і элементы формы для матросаў Чарнаморскага флоту.

У спалучэнні з адпаведным гукавым суправаджэннем тэатралізаванае прадстаўленне аказала на прысутных моцнае эмацыянальнае ўздзеянне. Уражаныя відовішчам, гледачы ахвотна падпявалі Андрэю Філюцічу «День Победы». Стоячы…

Добра вядомыя ўсім песні ваенных гадоў «Прощание славянки», «Катюша», «Смуглянка», «Огонек» і іншыя прагучалі ў выкананні артыстаў эстрады В. Цевель, А. Куель, А. Лялько, А. Кукіна, Э. Бутрыма, А. Мацюка.

Звонкія галасочкі вядучых Дзяніса Філона і Ксеніі Патапчык запрасілі гасцей на дзіцячы канцэрт «Дзяцінства свет такі цудоўны». Весела спявалі пра дожджык, траўку, птушак, каханне і сяброўства юныя выканаўцы К. Камыно, Дз. Камінскі, Я. Герасімовіч, М. Комар, А. Войшніс, А. Івуць, Л. Барнатовіч, А. Кульніс, Я. Крысенель, М. Запаснік.

Тым часам у гарадскім парку свята віравала пад звонкі дзіцячы гоман, песні і танцы. Гасцінна сустракаў удзельнікаў мерапрыемства ветэранскі падворак. Арганізаваны пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў і прафсаюза аграпрамысловага комплексу, ён сабраў каля партызанскага вогнішча сяброў. Жадаючыя маглі пачытаць святочны выпуск нашай раёнкі і нават газету «Красная Звезда» ад 10 мая 1945 года. Побач размясцілася франтавая бібліятэка. Вялікім попытам карысталася франтавая кухня. Багата было жадаючых адведаць сапраўдную салдацкую кашу. Не абыходзілі ўвагай госці свята і тэматычныя падворкі. Жырмунскі цэнтр культуры і вольнага часу (далей — цэнтр) арганізаваў «Вячоркі напярэдадні вайны». Не ведаючы аб хуткай бядзе, сабраўшыяся на адпачынак масла білі, вязалі, вышывалі ды полечку танцавалі… Аб ваенных падзеях «гаварылі» падворкі «Брэсцкая крэпасць» Беняконскага цэнтра і Больцініцкага культурна-турыстычнага цэнтра, «Ваенны шпіталь» Тракельскага і Пераганцаўскага цэнтраў, «Штаб» — Забалацкага і Гіркаўскага. На прывале адпачывалі лётчыкі з Пагародна і Паляцкішак. Яны аглядалі самалёты, абмяркоўвалі план бліжэйшых аперацый за картай. Рыхтаваліся да бліжэйшага бою і на партызанскім падворку, арганізаваным Місявіцкім і Больцішскім цэнтрамі, Курчоўскім сельскім клубам. Узяцце рэйхстага ўрачыста адзначалі прадстаўнікі Нацкага культурна-краязнаўчага і Доцішскага цэнтраў.

Парадавалі святкуючых цікавымі вырабамі, карцінамі і, перш за ўсё, талентам супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, народныя ўмельцы з Міра, вучні школ раёна і выхаванцы Воранаўскага і Радунскага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Па душы прыйшліся і пейзажы настаўніка Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў Гражыны Пяцюн, якая ў дадатак праводзіла майстар-клас для жадаючых памаляваць гарэз.



Звыш 150 юных варанаўчан прынялі ўдзел у спартыўна-гульнёвай праграме «Вясёлыя старты», парадавалі і сябе, і сваіх бацькоў азартам, жаданнем перамагчы ў эстафетах і цікавых гульнях. Самыя ж спрытныя дзяўчынкі і хлопчыкі былі ўзнагароджаны сувенірамі з сімволікай Вялікай Перамогі.

Асабліва шмат балельшчыкаў прыцягвала да сябе, пляцоўка, дзе лідарства па міні-футболу аспрэчвалі каманды Воранаварайгаза, Воранаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, СВК «Доцішкі», аддзялення пагранічнай службы «Воранава», Воранаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС, райветстанцыі, ВРЭСа, унітарнага прадпрыемства «Незабудка». Гэты від спорту настолькі захапляльны, што патрабаваў ад ігракоў не толькі дасканалай зладжанасці паміж сабой і добрай фізічнай формы, але і імгненнай рэакцыі на сітуацыю на полі. Таму кожны забіты гол у вароты суперніка суправаджаўся як дружнымі галасамі саміх футбалістаў, так і ўсіх балельшчыкаў. У выніку Кубак раёна па міні-футболе заслужана дастаўся камандзе Воранаўскай ЦРБ, а каманда з Воранаварайгаза была другой.

Падоўгу затрымліваліся госці свята і каля пляцоўкі, на якой праходзіла першынства раёна па гіравому спорту сярод арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак. За гонар быць самым дужым, вынослівым спаборнічалі 14 атлетаў-аматараў. Камусьці з іх гэты 24-кілаграмовы спартыўны снарад у рыўку пакарыўся да 30 разоў, а камусьці — і менш. Былі вынікі пад 80 і звыш. Але рэкордным стаў вынік супрацоўніка Воранаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыя Бутрыма — 112!

Між тым, таварыская сустрэча па валейболу паміж камандамі г.п. Воранава і вёскі Бастуны завяршылася на карысць апошніх з лікам 3:2.

Амаль да вечара гудзеў гарадскі парк, пакуль эстафету не перанялі зоркі беларускай эстрады — Вячаслаў Статкевіч, Святлана Шыманская, Анастасія Арцем’ева і ансамбль «Гуляй, казак». Песні пра каханне, родную зямлю змянялі танцавальныя, скажам так, з агеньчыкам. Гучалі прэм’еры песень.



Шматлюдны стадыён чакаў асноўнага атрыбута свята — феерверка. І вось неба запалала сотнямі агеньчыкаў. Яркім і надзвычай маляўнічым будзе помніцца гэтае відовішча, як і ўвесь юбілейны Дзень Перамогі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка