Ю. В. Чарняўская ментальнасць І менталітэт у этнічнай рэчаіснасці




Дата канвертавання12.05.2016
Памер130.43 Kb.
УДК 008+002:2 ] : 316.7 (476)

Ю.В.Чарняўская




МЕНТАЛЬНАСЦЬ І МЕНТАЛІТЭТ У ЭТНІЧНАЙ РЭЧАІСНАСЦІ


Апошнім часам паняцці «нацыянальнаы характар», «этнічны характар» становяцца менш папулярнымі.

Па-першае, усе больш відавочна, што «характар» этнасу з'яўляецца не сумай асобасных рыс этнафораў, а грамадска абагульненым выражэннем тыповых характарыстык, якія ў розных ступенях і спалучэннях прысутнічаюць у значнай колькасці членаў этнасу.

Па-другое, спроба разглядаць нейкія рысы як набытак этнічных злучэнняў беспадстаўная з прычыны рознага ўвасаблення адных і тых жа рыс у розных этнасаў і нават аднаго і таго ж этнасу ў розныя гістарычныя эпохі.

Па-трэцяе, спроба выбудаваць патэрн нацыянальнага характару прыходзіць у сутыкненне з праблемай адзінай характаралагічнай парадыгмы: больш карэктна гаварыць пра перасячэнне розных, хіба адносна ўзаемапрывязаных сістэм.

У апошнія дзесяцігоддзі ў гуманітарыстыцы адбываецца замена размытага паняцця «характар» паняццямі «асоба» і «асобасная характарыстыка», больш звязанымі са светапогляднымі асаблівасцямі, што вызначаюць моманты паводзін. Таму найбольш адэкватнымі ў дачыненні да этнасу ўсё часцей лічацца паняцці «ментальнасць» і «менталітэт». З першых крокаў вывучэння этнічных культур навукоўцы часта даследавалі гэту праблему менавіта з пункту гледжання ментальнасці, хаця ўжывалі для яе іншыя назвы («агульныя ўяўленні» В. Вундта, «калектыўныя ўяўленні» Э. Дзюркгейма, «тыповыя калектыўныя перажыванні» Г. Шпета, нарэшце, «mentalite» Л. Леві-Бруля) У паняцце ментальнасці ўкладаюцца і “суб’ектыўная культура” Г. Трыяндыса, і “рэпрэзентатыўная культура” Ф. Тэнбрука, і “цэнтральная зона культуры” Э. Шылза. Хаця тэрмін “ментальнасць” не цалкам фармалізаваны, але ў гэтым – яго перавага, якая дазваляе выкарыстоўваць яго ў шырокім дыяпазоне без пераважнага вылучэння феномена асобы пры страце разумення феномена грамадства і наадварот.

Значнай праблемай з'яўляецца і падзяленне вызначэнняў ментальнасці і менталітэта. Так, П.С. гурэвіч і О.І. Шульман не зважаюць на гэтае размежаванне, а вызначаюць і ментальнасць, і менталітэт як сукупнасць “думак, вераванняў, навыкаў духу, якая стварае карціну свету і мацуе адзінства культурнай традыцыі альбо якой-небудзь супольнасці” (4, с.271). Найбольш усталяваўшымся размежаваннем ментальнасці і менталітэту з’яўляецца такое: ментальнасць – бессвядомае ядро самасвядомасці этнасу, а менталітэт – сацыяльна сканструяванае выяўленне ментальнасці. На наш погляд, ўспрыманне ментальнасці як бессвядомага ядра самасвядомасці спрэчнае; хутчэй, можна гаварыць пра перадумову самасвядомасці этнасу, а ядро самасвядомасці – менталітэт.

Паводле Ж.Дзюбі, соцыум характарызуецца не толькі палітычнай сітуацыяй, вытворчасцю і іншымі аб’ектыўнымі параметрамі, але і ўяўленнямі, што выпрацоўваюць члены этнасу пра сябе, свет і сваю супольнасць (“карцінай свету”). На аб’ектыўнае адлюстраванне гісторыі эпохі і лёсу этнаса накладваецца суб’ектыўнае разуменне, бачанне свету этнафорамі. Але суб’ектыўнае разуменне не вычэрпвае ўсяго складу псіхікі этнасу. Існуе і больш глыбінны – бессвядомы пласт. Да патаемных глыбіняў псіхікі і ўзыходзіць ментальнасць. Гэтае сцверджанне з’яўляецца пунктам перасячэння розных даследаванняў. Таму развіццё ўяўленняў пра прыроду бессвядомага, спецыфіку яго механізмаў і функцый у рэгуляцыі паводзін чалавека і супольнасці з’яўляецца неабходнай умовай стварэння аб’ектыўнай карціны этнічнай рэчаіснасці.

Вобраз, што прыпадабняе свядомасць вяршыні айсберга, адэкватна адлюстроўвае суадносіны усвядомленага і неўсвядомленага ўзроўняў псіхікі ў рэгуляцыі дзейнасці чалавека і соцыуму. Вось чаму даследаванні пазнання, асобы, міжгрупавых адносін, што ігнаруюць неўсвядомлены ўзровень, падаюцца аднабаковымі. Аналізуючы бессвядомае і яго функцыю ў дзейнасці чалавека, мы прыходзім да пазітыўнай характарыстыкі бессвядомага як узроўня псіхічнага адлюстравання, дзе суб’ект і свет уяўляюцца як непадзельнае цэлае. Аднак стварэнне такой характарыстыкі магчыма толькі ў выпадку крытычнага стаўлення да біялагізатарскай трактоўкі бессвядомага З. Фрэйдам.

Цікавай падаецца прапанова П.В.Сіманава – падзяляць Падсвядомасць (зместам якой з’яўляецца тое, што магчыма да ўсведамлення) і Звыш- або Надсвядомасць, дзейнасць якой не ўсведамляецца зусім: на суд свядомасці выносяцца толькі яе вынікі. Змест Звышсвядомасці заўжды “працуе” на задавальненне патрэбы, якая дамінуе ў іерархіі матываў асобы або супольнасці (6, с. 60–69). Тым самым на глыбінным узроўні можна патлумачыць існаванне тэалагічнай і этнаабароннай функцыі ў развіцці этнасу. А ў больш шырокім сэнсе можна гаварыць пра універсальны прынцып развіцця, пра прынцып узнікнення інавацыі ў філа- і этнагенэзе, у творчасці, у гісторыі этнічнай і сусветнай культуры. Узнікненне новага разумее пад сабой наяўнасць чатырох кампанентаў: эвалюцыяніруючую папуляцыю; непрадказальную зменлівасць эвалюцыйнага матэрыялу; адбор; фіксацыю (спадкаемнасць у шырокім сэнсе) яго вынікаў [6, с. 66].

У культуры этнасу гэтым кампанентам адпавядаюць:

– вопыт суб’екта (асобы ці супольнасці), што ўключае прыўлашчаны ім як досвед сучаснікаў, так і досвед папярэдніх пакаленняў.

– Звышсвядомасць, то бок трансфармацыя і рэкамбінацыя энграм гэтага вопыту (так выяўляе сябе крэатыўная функцыя этнічнай культуры);

Свядомасць вылучае гіпотэзы шляхам лагічнага адбору, а потым шляхам праверкі (эксперыментальнай, вытворча- і грамадска-практычнай). Тут асабліва важна, што свядомасць абавязкова ўключае момант са-дзеяння. “С-вядомасць – гэта веданне з кімьсці… Усвядоміць – гэта азначае набыць патэнцыйную магчымасць навучыць, перадаць свае думкі іншаму” [6, с. 66]. Менавіта камунікатыўнасць ляжыць у аснове працэсаў інтэграцыі і дыферэнцыяцыі як найістотнейшых кантрапунктаў самасвядомасці этнасу (соцыуму). Акрамя таго, вынікам ўздзеяння Свядомасці і Бессвядомага на ўзроўнях Пад- і Звышсвядомасці вызначаецца рэгуляцыя паводзін членаў этнас. “Бессвядомае уплывае на нашы ўчынкі, выказваецца праз нашы паводзіны, і праз гэтыя сляды і выявы мы вучымся пазнаваць свядома бессвядомае і законы, што кіруюць ім.” [Цыт. па: 7, с.82].

Замацаванне вынікаў адбору не толькі ў індывідуальнай памяці, але і ў культурнай спадчыне (традыцыя). Больш за тое, гэта не толькі замацаванне, але і абіральнасць як асаблівасць традыцыі.

Найістотнейшыя аспекты праяваў бессвядомага ў дачыненні да культуры этнасу зводзяцца да наступных праблем:

– перадачы межпакаленнага вопыту і функцыі гэтага вопыту ў сацыяльна-тыповых паводзінах асобы як члена той або іншай супольнасці,

– матывацыйнай дэтэрмінацыі паводзін асобы, што прыводзіць да змен супольнасці.

Грунтуючыся на іх аналізе, можна вылучыць адпаведныя тыпы бессвядомага: надасабовыя звышсвядомыя з’явы; неўсвядомленыя імператывы паводзін асобы. Звышсвядомыя з’явы ў нашым разуменні (тут мы салідарны з А.Г. Асмолавым) – гэта засвоеныя суб’ектам узоры тыповага светаўспрымання, светаразумення, эпістэм, мадэлей паводзін, уплыў на якія не кантралюецца суб’ектам [1, с. 51-60]. Гэтыя ўзоры (напрыклад, этнічныя стэрэатыпы, якія не з’яўляюцца лагічна абгрунтаванымі), калі засвойваюцца праз перайманне і ідэнтыфікацыю, ва многім вызначаюць сацыяльна-тыповыя асаблівасці паводзін, у праявах якіх суб’ект і група выступаюць як непарыўнае цэлае. Падобныя ўзоры, малазмяняемыя ў часе, з’яўляюцца бессвядомай асновай існавання традыцыі. Такім чынам, юнгіянская канцэпцыя архетыпаў, што лягла ў аснову ідэі ментальнасці, знаходзіць сваё абгрунтаванне.

Дзякуючы неўсвядомленым імператывам дзеяння (матывы і усталяванні) выяўляецца інаватыўнасць жыцця этнасу. Гэты тып праяў бессвядомага характарызуецца дынамізмам, які тлумачыцца іх прадвызначанасцю ідэалам (ідэальны інтравобраз і міф пра “залаты век”, прынятыя a priori). Важнае значэнне для іх разумення маюць феномены эмацыянальнай інтэграцыі і афіліяцыі. Толькі су-адносіны, якія спараджаюць сэнсаўтвараючы матыў і служаць асновай для эмацыянальнай ідэнтыфікацыі, могуць змяніць асабовыя сэнсы індывіда і групы. Але гэтыя змены адбываюцца вельмі павольна.

У падмурку даследавання ментальнасці кладзецца яе разуменне як прадмета вывучэння “гісторыі на скрыжаванні” [3, с. 41], што знаходзіцца ў полі дыялога паміж індывідуальным і калектыўным, неўсвядамленым і ўсведамляемым. Падаецца, што кропка апазіцыі “Бессвядомае -- Усвядомленае” і ёсць кропка развядзення паняццяў “ментальнасць” і “менталітэт”. Пад ментальнасцю этнасу тут і далей мы будзем разумець “этнічнае бессвядомае” (Дж. Дэверо) – частку бессвядомага сегмента псіхікі індывіда, агульную з іншымі членамі этнасу і рэпрэсіруемую ў адпаведнасці з патрабаваннямі культурных узораў. Ментальнасць звязана са светаадчуваннем, якое разумее пад сабой не толькі вобразны матэрыял карціны свету, але і дасвядомыя ацэньванне і мэтамеркаванне, якія ўключаюць у сябе і дзеянні суб’екта, абумоўленыя імі. Як сродак бачання свету ментальнасць пазаідэалагічна, паколькі непрарэфлектаваная і не вызначаная. Гэта глыбінны ўзровень агульнаграмадскай псіхікі, на якім думка не адасоблена ад архетцыпаў, эмоцый, “аўтаматычных” прыёмаў свядомасці. Ментальнасць належыць да глыбіннага “плана зместу”, а не “плана выражэння”. Гэта “рэч у сабе” (у разуменні І. Канта). Дзеля таго каб вылучыць ментальныя ўстаноўкі, даследчык павінен не зважаць на непасрэдныя заявы этнафораў, якія з’яўляюцца аб’ектам аналізу, а спрабаваць пралезці ў патаемны пласт іх свядомасці, пра які яны часта не падазраюць і самі. У адрозненне ад ментальнасці менталітэт (які мы разумеем як вытворнае ад ментальнасці, якое ўзнікла ў працэсе спроб рацыяналізацыі апошняй) належыць да “плану змястоўнага выражэння”, бо грунтуецца не на светаўспрыманні, а на самасвядомасці.

Ж.Дзюбі меркаваў, што ментальнасць – гэта пададзеная ў руху сістэма вобразаў, уяўленняў, якія ляжаць у аснове карціны свету і вызначаюць паводзіны людзей [2, c. 52]. Аднак гэтая дэфініцыя ігнаруе адрозненне паміж ментальнасцю і менталітэтам. “Кароткі этналагічны слоўнік” вызначае менталітэт як устойлівы ізамарфізм, які ўласцівы культуры або групе культур. Гэтая трактоўка, адваротная разуменню Дзюбі, таксама зыходзіць з недакладнага падзялення гэтых паняццяў. “Сістэма ў руху”, хутчэй, з’яўляецца характарыстыкай менталітэта, а фундаментальная устойлівасць у дачыненні да зменаў – ментальнасць (гэтая устойлівасць ува многім тлумачыцца бессвядомым характарам ментальнасці).

Яшчэ ў першай трэці ХХ ст. М.Шэлер спрабаваў вылучыць асобныя універсальныя і па-рознаму зразумелыя ў культурах бессвядомыя катэгорыі,разумеючы пад імі парадак любові і парадак нянавісці. Мы б змякчылі дэтэрмінізм гэтага выказвання, вызначыўшы ментальны комплекс як абіральнасць пераваг і антыпатый. Гэта блізка да гіпотэзы Ф. Грауса, які меркаваў, што ментальнасць вызначае мяжу паміж тым, што этнафор можа дапусціць як прымальнае для супольнасці і для асобы [3, с. 29]. Такім чынам, ментальнасць выяўляецца ў прадухіленасці індывіда да пэўных тыпаў рэакцый, меркаванняў, узораў паводзін.

Падаецца прадуктыўнай распрацоўка тэмы (Э.Шылзам і С. Лур’е) “цэнтральнай зоны” культуры, якая разумеецца як этнічная ментальнасць і ўключае пэўныя этнічныя канстанты, такія як:

– уяўленне пра вобраз і крыніцу дабра, якія ўключаюць “Мы-вобраз”, а таксама “вобраз Іншага” (у асобе спрыяльна настроеных этнасаў);

– уяўленне пра крыніцу зла (“вобраз ворага”);

– устойлівае і своеасаблівае для кожнай культуры ўяўленне пра сродак дзеяння, ў якім дабро перамагае зло.

У такіх уяўленнях утрымліваецца доказ стабільнасці ментальных характарыстык, бо, не зважаючы на змены ў канкрэтным напаўненні канстант, іх агульныя характарыстыкі, узаемапрадухіленасць і ўяўленне пра сродак дзеяння застаюцца нязменнымі [5, с. 224]. Такім чынам ужо на ўзроўні ментальнасці зараджаецца і захоўваецца традыцыя.

Адзначым яшчэ адзін аспект, звязаны з меркаваннем пра некалькі ўзроўняў адаптацыі этнафораў да культуры. Так, пры зараджэнні і на ранніх этапах этнагенезу асабліва істотная тэлеалагічная функцыя ментальнасці, што палягае ў працы Звышсвядомасці па задавальненні патрэбы ў саўдзельнасці і раздзяленні, якая дае матыў і першасныя мадэлі дзеяння. Адпаведна заканамерныя вобразы “мы – яны” (апазіцыя “людзі – нелюдзі ”) і міфы, якія ўключаюць мадэлі паводзін “сваіх” і “чужынцаў”. Амбітэндэнтнасць “мы” (інтэграцыя з “Мы” і адмежаванне ад “Яны”) складае бессвядомае псіхалагічнае абгрунтаванне этнагенезу. Доказ бессвядомасці гэтага размежавання – у яго гамалагічнасці паводзінным тэндэнцыям жывёл. На наш погляд, у гэты перыяд этнагенезу і пачынае фарміравацца ментальнасць. На другім этапе адбываецца стварэнне мадэляў этнічнага бачання. Тут этнічныя канстанты выконваюць абарончую функцыю: пры адрозненнях у светаўспрыманні этнафораў застаецца “сакральны парог”, за якім адрозненні не дзейсныя. Апошні этап звязаны са спробай усведамлення этнафорамі сваіх ментальных характарыстык, са знаходжаннем прычын і заканамернасцей паводзін членаў этнасу, то бок з вопытам рацыяналізацыі. Тады і ўзнікае менталітэт як сацыякультурнае ядро самасвядомасці. Такім чынам, менталітэт можна вызначыць як сацыяльна-культурнае ядро самасвядомасці супольнасці, якое дазваляе абагуленым чынам успрымаць этнічную рэчаіснасць, ацэньваць яе і дзейнічаць у ёй у адпаведнасці з нормамі, каштоўнасцямі і паводзіннымі мадэлямі.

Пры спробе вылучэння перадумоў узнікнення менталітэту значнымі нам падаюцца наступныя:

– ментальнасць як агульны тонус доўгачасавых формаў светаўспрымання і паводзін этнафораў, якія спараджаюць спалучэнне сродкаў і зместаў мыслення, што з’яўляюцца вызначальнымі для дадзенага этнасу;

– самавобраз народа як спроба ўсведамлення выяўленых рыс этнасу (канстантны інтравобраз); мэтаў накіраванняў (ідэальны інтравобраз); недахопаў, з якімі ён змагаецца (самакрытычны інтравобраз);

–маральныя каштоўнасці і стэрэатыпы. Перадумовы да стварэння як каштоўнасцей (бессвядомыя матывы і сэнсавыя усталяванні), так і стэрэатыпаў (бінарная апазіцыя “людзі – нелюдзі”) узнікаюць ужо на ўзроўні ментальнасці. Але менавіта з узнікнення менталітэту як сацыякультурнага феномена яны сцвярджаюцца як этнічны падмурак.

Істотнай з’яўляецца таксама праблема магчымасці змен менталітэта і ментальнасці. Падаецца, што ментальнасць – практычна нязменны феномен з прычыны яе збудавання на базе архетыпаў, уздзеянне на якія праз свядомасць немагчымае (магчыма толькі індывідуацыя як спроба спалучыць гэтыя формы з фактамі свядомасці). У сувязі з гэтым хацелася б прааналізаваць тыпалогію ментальных працэсаў Школы Аналаў:

– хуткаплынныя і павярхоўныя (рэзананс, выкліканы казанню, скандал, які спарадзіў незвычайны твор мастацтва). На наш погляд, такія працэсы не звязаны не толькі з ментальнасцю, але і з менталітэтам: яны не прыводзяць да наступстваў не толькі для этнічнай, але і для групавой рэчаіснасці. Хутчэй, яны могуць уздзейнічаць на канкрэтнага індывіда. Але ў гэтым выпадку мы можам гаварыць толькі пра змены канкрэтнай індывідуальнай свядомасці;

– сярэднія па працягласці працэсы, якія закранаюць не толькі індывідаў, але і групы. Яны звязаны з палітычнымі, эканамічнымі, сацыякультурнымі зменамі. Тут мы маем справу з менталітэтам, а не з ментальнасцю: пра яе мы можам гаварыць толькі ў дачыненні да вялікіх супольнасцей, а менталітэтам валодаюць субкультурныя падраздзяленні. Побач з ментальнымі ўсталяваннямі, якія падзяляюць усе этнафоры, існуюць асаблівасці свядомасці сялянства і бюргераў, купцоў і інтэлігенцыі;

– “вязніцы доўгага часу” (тэрмін Ф. Брадэля), то бок ментальныя структуры, якія супраціўляюцца зменам і якія ствараюць глыбінны пласт, што не мяняецца са зменай пакаленняў. Іх сукупнасць надае кожнай працяглай фазе гісторыі непаўторны каларыт;

– ментальны слой, звязаны з біялагічнымі ўласцівасцямі чалавека, які змяняецца толькі разам з эвалюцыяй саміх гэтых уласцівасцей [3, с. 19--20].

Апошні слой у нашым разуменні ментальнасці не мае да яе дачынення. Няма доказаў і на карысць змяняльнасці “вязніц доўгага часу”. Калі ментальная сістэма павязана так, што кожнае ўсталяванне “трымае” іншую, гэтую сістэму нельга лічыць адкрытай. Калі здзяйсняюцца карэнныя змены ў сацыяльным быцці этнасу, менталітэт супольнасці пры захоўваючыхся канстантах яго ментальнасці можа мяняцца: так, пераход ад язычніцтва да хрысціянства шмат у чым змяніў менталітэт народаў Візантыйскай і Заходне-Рымскай імперый, аднак адрозненні ў іх ментальнасці захаваліся і адыгралі сваю ролю ў разыходжанні менталітэтаў насельніцтва гэтых імперый. Прыметна тое, што этнічныя канстанты можна раскласці паводле прынцыпа бінарнай апазіцыі, дзе “вобраз дабра” і “вобраз зла” будуць выражаць полюсы, а “сродак барацьбы” – адыгрываць ролю медыятара.

Сукупнасць этнічных каштоўнасцей заарганізавана ў іерархічную сістэму адносна дамінуючай каштоўнасці (ідэала). Сама гэта іерархія, хаця і ўспрымаецца не зусім усвядомлена, прадвызначана сацыякультурнымі рэаліямі, і ў сувязі з гэтым можна меркаваць, што менталітэт гістарычны і культуральны ў параўнанні з ментальнасцю. Ломка ідэала цягне за сабой распадзенне або сур’ёзны зрух асноў светабудовы ва ўспрыманні этнафораў. Гэты сацыяльны крызіс аказвае разбуральнае ўздзеянне на менталітэт, што прыводзіць да дэвіянтных паводзінаў, сацыяльнай аноміі, а зрэдку – да разбурэння менталітэту і самой супольнасці. Аднак часцей этнас “не бачыць” падмены, бо абаронены ментальнымі падмуркамі, якія “падладжвае” пад змены рэчаіснасці. Важная роля тут належыць “інтэлектуалам”, якія карэкціруюць вобраз “мы”, унутрыэтнічным групам, кожная з якіх, падзяляючы ментальнасць этнасу, валодае ўласным менталітэтам.

У той жа час трэба ўлічваць, што канкурэнцыя размаітых унутрыэтнічных тыпаз менталітэта не адмяняе факта існавання адзінага менталітэту этнасу ў кожную эпоху яго быцця: адзінства менталітэту абумоўлена адзінствам культуры этнасу ў гісторыі і культуральным характарам менталітэту. Пры ўсіх адрозненнях абарончых механізмаў у іх маецца адна агульная рыса – накіраванасць абароны на захаванне “парадку ў істотным”, г. зн. – у наяўнасці структурыраванай сістэмы арыентацый.

Пры спробе даследавання ментальнасці і менталітэту нельга не закрануць прынцыповага пытання пра ўзаемаўплыў ментальнасці і менталітэту. Наяўнасць ментальнасці з’яўляецца вызначальнай умовай для ўзнікнення менталітэта. Але ўзнікае пытанне і пра адваротнае ўздзеянне. На наш погляд, яно выказваецца падвойна. Першы яго тып палягае ў карэкцыі этнічнага бессвядомага з мэтай “утрымання” яго ў каштоўна-сэнсавым рэчышчы дадзенай супольнасці. Другі ёсць рацыяналізацыя этнафорамі ірацыянальных памкненняў, ва ўключэнні іх у каштоўнасную структуру этнічнай рэчаіснасці, то бок у надаванні прыдатным для дзеяння сэнсам. Гэты тып часта ляжыць у аснове нацыянальных канфліктаў і звязаны са стварэннем ваяўнічых гетэрастэрэатыпаў і з абгрунтаваннем неабходнасці канфліктаў.

Ментальнасць вызначае сабой светаўспрыманне этнасу, а менталітэт – яго светаразуменне. У гэтым сэнсе ментальнасць з’яўляецца перадумовай самаўсведамлення этнасу і першаснай асновай яго самаідэнтыфікацыі, а менталітэт – ядром этнакультурнай самасвядомасці і этнічнай самаідэнтэфікацыі. Менавіта адзінства ментальнасці і менталітэта і складаюць “псіхакультурную цэласнасць этнасу”.



Літаратура:

  1. Асмолаў А.Р. На перекрестке путей к изучению психики человека // Бессознательное / Под ред. Ю.В. Макагоненко — Новочеркасск: Сагуна, 1984..

  2. Дзюбі Ж. Развитие исторических исследований во Франции после 1950 г // Одиссей. Человек в истории/ Под ред. А.Я.Гуревича. — М.: Наука, 1991.

  3. История ментальностей, историческая антропология. Зарубежные исследования в обзорах и рефератах / ред.кол. Горюнов Е.В., Михина Е.М. и др. — М.: Российский государственный гуманитарный университет, 1996.

  4. Культурология. ХХ век. Словарь / Под ред. С.Я.Левита. — Спб.: Университетская книга, 1997.

  5. Лур'е С.В. Историческая этнология. М.: Аспект-Пресс, 1998.

  6. Сіманаў П.В. О двух разновидностях неосознаваемого психического: под- и сверхсознании // Бессознательное / Под ред. Ю.В.Макагоненко — Новочеркасск: Сагуна, 1984.

  7. Цапкін В.Н. Семиотический подход к проблеме бессознательного // Бессознательное / Под ред. Ю.В. Макагоненко— Новочеркасск: Сагуна, 1984.

  8. Чужое: опыты преодоления. Очерки из истории культуры Средиземноморья / Ш.М.Шукуров, Ф.Артог, Г.И. Беневич и др. — М. Алетейа, 1999.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка