Ю. В. Бычкова, Т. І. Пяркоўская (Мінск) узровень валодання вучнямі граматычным матэрыялам аб назоўніку І прыметніку




Дата канвертавання12.05.2016
Памер62.3 Kb.
Ю. В. Бычкова, Т. І.  Пяркоўская (Мінск)
УЗРОВЕНЬ ВАЛОДАННЯ ВУЧНЯМІ ГРАМАТЫЧНЫМ МАТЭРЫЯЛАМ АБ НАЗОЎНІКУ І ПРЫМЕТНІКУ

ПРЫ ЗАСВАЕННІ КУРСА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Кожная часціна мовы валодае сваім наборам прыкмет, уласцівасцей, граматычнымі катэгорыямі, мае частотнасць выкарыстання ў маўленні, цяжкасці пры засваенні. З мэтай вызначэння ўзроўню ведаў і ўменняў школьнікаў, вылучэння тыповых памылак мэтазгодна праводзіць педагагічныя назіранні (педагагічны эксперымент).

Пасля вывучэння тэмы "Назоўнік" вучням былі прапанаваны заданні, мэта якіх – праверыць наступныя ўменні:



  • знаходзіць дадзеную часціну мовы ў тэксце;

  • вызначаць лексіка-граматычныя разрады (агульныя і ўласныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, асабовыя, канкрэтныя, абстрактныя);

  • вызначаць нязменныя катэгорыі роду і скланення;

  • вызначаць зменныя катэгорыі (лік, склон);

  • сінтаксічную функцыю ў сказе (мал. 1).

Для эксперыменту выкарыстаны тэкст, у якім трэба было знайсці назоўнікі.

Мал. 1


Узровень засваення матэрыялу па тэме "Назоўнік"
1– уменне знаходзіць назоўнікі ў тэксце, 2 – уменне вызначаць разрады агульных і ўласных назоўнікаў, 3 – уменне адрозніваць адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі, 4 – уменне вызначаць канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі, 5 – уменне вызначаць катэгорыю роду, 6 – уменне вызначаць катэгорыю ліку, 7 – уменне вызначаць скланенне, 8 – уменне вызначаць склон, 9 – уменне вызначаць сінтаксічную функцыю ў сказе.
Вязынка! Каму з беларусаў не вядомая назва гэтай вёскі, дзе з’явіўся на свет наш нацыянальны геній Янка Купала. Тысячы людзей з наваколля і далёкага замежжа наведваюць штогод гэты куток беларускай зямлі, каб удыхнуць глыток купалаўскага паветра, пакланіцца радзіме песняра, сэрцам прычасціцца да яго вялікай спадчыны.
Без памылак гэтае заданне выканалі 33 % удзельнікаў эксперыменту. Астатнімі вучнямі некаторыя назоўнікі не вызначаны, або за гэтую часціну мовы былі прынятыя лічэбнікі, прыслоўі, прыметнікі. Большасць з вучняў не палічылі, што назоўнікамі з’яўляюцца Янка Купала, замежжа, глыток.

Наступным этапам задання было вызначэнне зменных і нязменных марфалагічных прымет назоўніка па прапанаванай схеме. Нават з наяўнасцю падказкі (схемы разбору слоў) школьнікамі былі дапушчаны памылкі.

Уменнем размяжоўваць агульныя і ўласныя назоўнікі авалодалі 67 % тых, хто выконваў заданне (12 чалавек), адрозніваць адушаўлёныя і неадушаўлёныя – 75 %. Найбольшыя цяжкасці ўзніклі пры вызначэнні разраду канкрэтных і абстрактных назоўнікаў (напрыклад, назоўнікі беларус, назва былі аднесены да абстрактных). Без памылак гэты разрад у словах правільна вызначылі толькі 8 % шасцікласнікаў. Уменне вызначаць катэгорыіі роду і ліку паказалі 58 % і 67 % адпаведна. Некаторыя вызначылі род у назоўніках множнага ліку (беларусаў, людзей). Памылкі ў вызначэнні скланення выявіліся ў 33 % школьнікаў. Цяжкасці ўзніклі пры выяўленні катэгорыі склону, вучні блыталіся пры размежаванні назоўнага і вінавальнага склонаў. Няведанне склонавых пытанняў, няўменне ставіць пытанні да назоўнікаў, вызначаць іх сінтаксічную функцыю ў сказе паказалі 83 % вучняў, таму што "Сінтаксіс" грунтоўна пачынаюць вывучаць у 8 класе, а ў 5 класе даецца толькі азнаямленне з даданымі членамі сказа па адной гадзіне на кожны.

Эксперымент паказаў, што найбольш паспяхова былі засвоены лексіка-граматычныя катэгорыі агульных, уласных, адушаўлёных, неадушаўлёных. На другім месцы – засваенне катэгорый роду, скланення і ліку назоўнікаў. У вучняў узнікаюць цяжкасці пры вызначэнні назоўнікаў, род і лік якіх не супадае ў рускай і беларускай мовах. Адсутнасць умення вызначаць катэгорыіі канкрэтнасці і абстрактнасці, думаецца, звязана з неразуменнем саміх гэтых паняццяў, са слабым веданнем лексічнага значэння слова. Цяжкасці пры вызначэнні склонаў звязаны, як было адзначана вышэй, з няведаннем склонавых пытанняў і правіламі іх пастаноўкі, а таксама з няведаннем ужывання прыназоўнікаў з назоўнікамі. Нельга лічыць авалоданне тэмай "Назоўнік" паспяховым. На гэта ўплываюць такія фактары: 1) невялікая колькасць гадзін, прадугледжаных праграмай; 2) аб’ёмны матэрыял, некаторыя асаблівасці якога складана засвоіць для шасцікласніка.

З мэтай выяўлення тыповых складаных момантаў у засваенні школьнікамі тэмы "Прыметнік" вучням 6 класа (17 чалавек) было прапанавана 7 рознапланавых заданняў па марфалогіі і арфаграфіі, якія прадугледжвалі выяўленне наступных уменняў:

1. Уменне вызначаць лексіка-граматычныя разрады прыметнікаў.

2. Уменне адзначаць пераход прыметнікаў з аднаго разраду ў другі.

3. Уменне ўтвараць і правільна ўжываць формы ступеней параўнання прыметнікаў.

4. Уменне правільна ўжываць прыметнікі ў колькасна-іменных спалучэннях з лічэбнікамі два, тры, чатыры.

5. Уменне правільна ўжываць прыметнікі ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага полу, у спалучэнні з назоўнікамі агульнага роду, у спалучэнні са складанаскарочанымі словамі.

6. Уменне ўтвараць прыметнікі з суфіксам -ск-.

7. Уменне правільна пісаць складаныя прыметнікі (мал. 2).


Мал. 2


Узровень засваення матэрыялу па тэме "Прыметнік"
Найбольш паспяхова было выканана заданне на выяўленне ўмення правільна ўжываць прыметнікі ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага полу, у спалучэнні з назоўнікамі агульнага роду. 13 вучняў з 17 выканалі заданне беспамылкова. Без цяжкасцей большасць вучняў выканала заданне, якое выяўляла ўменне правільна пісаць складаныя прыметнікі. Цяжкасць выклікалі заданні на правапіс прыметнікаў з суфіксам -ск-, на вызначэнне лексіка-граматычнага разраду прыметніка, пераход прыметнікаў з аднаго разраду ў другі, а таксама на выяўленне ўмення правільна ўжываць прыметнікі ў колькасна-іменных спалучэннях з лічэбнікамі два, тры, чатыры. Памылкі (два вялікіх гарады замест два вялікія гарады) узніклі ў выніку праяўлення пераносу навыкаў рускай мовы на родную. У беларускай мове лічэбнікі два, дзве, тры, чатыры, абодва, абедзве дапасуюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку, у рускай мове ў аналагічнай сітуацыі адбываецца кіраванне. Трэба звярнуць увагу на адпаведныя формы ў рускай і беларускай мове, іх адрозненні.

Пры вызначэнні разраду прыметнікаў (мал. 3) найбольшую складанасць выклікала вызначэнне групы адносных прыметнікаў: іх вызначалі як якасныя (55 са 102 выпадкаў, што складае 55 % ад агульнай колькасці памылак у дадзеным заданні). Менш было памылак пры вызначэнні якасных прыметнікаў, іх вызначалі як адносныя ў 36 выпадках са 102. Гэта складае 35 % ад агульнай колькасці памылак у дадзеным заданні. Не склала цяжкасцяў група прыналежных прыметнікаў – іх вызначылі як адносныя ў 10 выпадках. Гэта складае 10 % ад агульнай колькасці памылак у дадзеным заданні. Прычыны такіх памылак у недастатковай адпрацоўцы ўмення вызначаць значэнне прыметнікаў і адпаведна называць лексіка-граматычны разрад прыметнікаў.

Цяжкасці ўзнікалі ў вучняў пры вызначэнні разраду прыметнікаў, якія пераходзяць з аднаго разраду ў іншы: прыналежны вызначалі як якасны, і якасны – як прыналежны (бабровыя вочкі – бабровая хатка), адносны вызначалі як прыналежны, прыналежны як адносны (воўчае логава – воўчае футра), адносны вызначалі як якасны (бабровая шапка).

Мал. 3


Памылкі пры вызначэнні разраду прыметнікаў
1 – адносныя вызначалі як якасныя, 2 – якасныя вызначалі як адносныя,

3 – прыналежныя вызначалі як адносныя.


У заданні на выяўленне правільна ўтвараць і правільна ўжываць формы ступеней параўнання прыметнікаў цяжкасць выклікаў наступны момант: няправільна вызначалі форму вышэйшай ступені параўнання (старэйшы за сястру – спецыфічную форму вышэйшай ступені параўнання для беларускай мовы з прыназоўнікам за).

Самай распаўсюджанай памылкай было ўтварэнне складанай формы найвышэйшай ступені параўнання пры дапамозе прыстаўкі най- і суфікса -ейш (эйш)- і далучэнне слова самы (замест далучэння слова самы да пачатковай формы прыметніка).

Як бачна, некаторыя памылкі звязаны з умовамі двухмоўя. Сістэматычная праца над фарміраваннем навыкаў выкарыстання форм і канструкцый, спецыфічных для беларускай мовы, з’яўляецца фактарам паспяховага засваення беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму.

Некаторыя памылкі былі звязаны з недастатковай адпрацоўкай умення вызначаць значэнне прыметнікаў і адпаведна называць лексіка-граматычны разрад прыметнікаў.

Мэтазгодна праводзіць назіранні за ўзроўнем засваення ведаў і ўменняў, каб прааналізаваць памылкі, якія часцей за ўсё дапускаюць школьнікі, і ўлічыць іх у працэсе навучання.
Літаратура
1. Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. Беларуская мова: V – XI класы. – Мінск, 2008.

2. Красней, В. П. Беларуская мова: падруч. для 5-га кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання / В. П. Красней, Я. М. Лаўрэль. – Мінск, 2003.



3. Лявоненка, С. У. Заданні і практыкаванні па марфалогіі: 6–8-я класы / С. У. Лявоненка. – Мінск, 2007.

4. Цыбульская, С. І. Паўрочны і тэматычны кантроль па беларускай мове: 6-ы клас / С. І. Цыбульская. – Мінск, 2008.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка