Ю. Кацюра дыскурсныя маркёры ў лінгвістычных даследаваннях




Дата канвертавання15.03.2016
Памер73.79 Kb.
Ю. Кацюра

ДЫСКУРСНЫЯ МАРКЁРЫ Ў ЛІНГВІСТЫЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯХ

У сучаснай лінгвістыцы ўсё большае значэнне набывае тэорыя дыскурса. У рамках дыскурс-аналізу розныя моўныя з’явы атрымліваюць новае асэнсаванне, а розныя моўныя адзінкі і структуры пачынаюць разглядацца з новых пазіцый і на новым узроўні. Аналіз вуснага дыскурса дазволіў выявіць асаблівую ролю так званых дыскурсных маркёраў. У стылістыцы і культуры маўлення многія з іх разглядаюцца як «словы-паразіты», якія не нясуць ніякай інфармацыі і таму забруджваюць мову: ну, вот, понимаешь, англ. well, ням. also. Аднак у маўленні дадзеныя словы выконваюць важную ролю: яны часта ўжываюцца для сувязі фрагментаў дыскурса, акцэнтавання ўвагі суразмоўцы на прадмеце размовы, для сігналізавання пачатку новай тэмы, змены камунікатыўных роляў, выдзялення наступнага фрагмента выказвання.

Дыскурсныя маркёры з’яўляюцца аб’ектам даследаванняў у розных мовах: англійскай [2], нямецкай [1], французскай [13], італьянскай [4] і інш. Яны разглядаюцца з розных перспектыў і ў рэчышчы розных падыходаў: як сігналы «паслядоўнай сувязі» паміж выказваннямі [6], «маркёры дыскурснай кагерэнтнасці» [15], з пункту гледжання тэорыі рэлевантнасці Д. Шпэрбера і Д. Уілсан [3] і інш. Дыскурсныя маркёры аналізуюцца з улікам полавай прыналежнасці моўцы [9], узросту [6], у двухмоўных кантэкстах [5; 13; 15] і інш.

Меркаванні розных даследчыкаў сыходзяцца на тым, што дыскурсныя маркёры ствараюць прагматычны сэнс выказвання і таму адыгрываюць важную ролю ў прагматычнай кампетэнцыі моўцы.

Характэранай рысай усіх даследаванняў, прысвечаных дыскурсным маркёрам, з’яўляецца адсутнасць агульнай дэфініцыі гэтай з’явы. Звычайна азначэнне таго, што ўяўляюць сабой дыскурсныя маркёры, вар’іруе ад аднаго аўтара да другога, ад адной публікацыі да другой.

Так, Д. Шыфрын, аўтар першай і найбольш значнай манаграфіі «Discourse markers», вызначае дыскурсныя маркёры як «паслядоўна залежныя элементы, якія спалучаюць адзінкі маўлення» («discourse markers are sequentially dependent elements which bracket units of talk») [16, с. 31]; і як «адзінкі, якія прадстаўляюць кантэкстуальныя каардынаты, у рамках якіх ствараецца і павінна быць праінтэрпрэтавана выказванне» [«proposing the contextual coordinates within which an utterance is produced and designed to be interpreted»] [16, с. 315].

На думку У. Ленк, дыскурсныя маркёры з’яўляюцца «адзінкамі, якія адлюстроўваюць сувязі паміж новым паведамленнем і папярэдняй ці наступнай часткай дыскурса» [10, с. 52].

На погляд Б. Фрэйзера, дыскурсныя маркёры з’яўляюцца падкласам больш вялікага класа прагматычных маркёраў, сярод якіх выдзяляецца базавыя (basic markers); паралельныя (parallel markers) і маркёры-каментары (commentary markers). Дыскурсныя маркёры з’яўляюцца асобным відам маркёраў-каментароў, ці «клас выразаў, якія адлюстроўваюць тое, як моўца намераны звязаць асноўнае (базавае) паведамленне з папярэдняй часткай дыскурса» («а class of expression, each of which signals how the speaker intends the basic message that follows to relate to the prior discourse») [7, с. 387].

У іншай працы Б. Фрэйзер разглядае дыскурсныя маркёры як «адзінкі, якія сігналізуюць аб сувязі паміж інтэрпрэтацыяй сегмента дыскурса (S2), часткай якога яны з’яўляюцца, і папярэднім сегментам дыскурса (S1)» [8, с. 931].

Л. Шурэп вызначае дыскурсныя маркёры як “сінтаксічна факультатыўныя сродкі, якія не ўплываюць на змест выказвання і ўжываюцца для таго, каю звязваць дадзенае выказванне з папярэднім” [17, с. 236].

У англійскай мове дыскурсныя маркёры атрымліваюць асвятленне ў сучасных граматыках. Так, у граматыцы Лонгмана ў раздзеле «The Grammar of Conversation» («Граматыка размовы») дыскурсным маркёрам даецца наступная дэфініцыя: «дыскурсныя маркёры – гэта ўстаўкі, якія найчасцей з’яўляюцца ў пачатку выказвання і якія выконваюць дзве асноўныя функцыі: 1) сігналізацыя пераходаў ў працэсе разгортвання камунікацыі і 2) сігналізацыя інтэрактыўнай сувязі паміж моўцам, слухачом і паведамленнем». Прыкладамі дыскурсных маркёраў могуць быць well, right, now, you now, you see, mind you і інш. [12, с. 1086]

Паміж лінгвістамі няма адзінства і ў пытанні аднясення тых ці іншых лексічных адзінак да «класа» дыскурсных маркёраў. У ролі дыскурсных маркёраў могуць выступаць часціцы, прыслоўі, дзеясловы, мадальныя словы, асобныя выразы і словазлучэнні. Прыкладамі дыскурсных маркёраў у англійскай мове з’яўляюцца and, but, or, because, well, you see, you know. У ролі дыскурсных маркёраў рускай мовы разглядаюцца такія словы як снова, конечно, как раз, кстати, что ли, всего лишь, а таксама понимаешь, видишь (вишь), знаешь, хорошо, ну, это, да і інш.

К. Кісялёва і Д. Пайяр указваюць на дзве асноўныя прыкметы дыскурсіўных слоў: 1) адсутнасць дэнатата ў агульнапрынятым сэнсе, г.зн. іх значэнні непрадметныя, таму іх можна вывучаць толькі праз іх ужыванне; 2) дыскурсіўныя словы ўстанаўліваюць узаемаадносіны паміж дзвюма (і больш) часткамі дыскурса [20, с. 8]. Сярод асаблівасцяў, якімі характарызуюцца дыскурсіўныя словы, вучоныя вылучаюць наступныя: 1) дыскурсіўныя словы не ўтвараюць «натуральны» клас адзінак, гэты клас, па-першае, не мае акрэсленых межаў, і, па-другое аб’ядноўвае адзінкі, якія традыцыйныя класіфікацыі адносяць да розных часцін мовы (часціцы, прыслоўі і г.д.); прыналежнасць слова да класа дыскурсіўных слоў вызначаецца галоўным чынам на падставе функцыянальных крытэрыяў; 2) своеасаблівасць плана зместу дыскурсіўных слоў часта інтэрпрэтуецца як адсутнасць у гэтых адзінак уласнага лексічнага значэння ці як дэсемантызацыя слова ў яго дыскурсіўных ужываннях; 3) у многіх слоў такога тыпу існуюць, побач з дыскурсіўнымі, і іншыя, недыскурсіўныя ўжыванні, пры гэтым паміж дыскурсіўным і іншымі ўжываннямі часта няма непасрэднай семантычнай сувязі; 4) значэнні дыскурсіўных слоў – катэгорыя больш суб’ектыўная, чым значэнні паўназначных слоў; 5) апісанне дыскурсіўных слоў звычайна патрабуе разгляду значна больш «доўгіх» кантэкстаў, чым у выпадку іншых адзінак ці недыскурсіўных ужыванняў адпаведных адзінак [20, с. 9]

На думку Ю. Дарагана, дыскурсныя маркёры адлюстроўваюць унутранае праграмаванне выказвання і звязаныя з ім працэсы. Як і невербальныя сродкі (інтанацыя, мімка, жэсты) яны абслугоўваюць прагматычны апарат, які абараняе вусную камунікацыю ад збояў і забяспечвае правільнае разуменне паведамлення. Даследчык выдзяляе тры асноўныя выпадкі з’яўлення дыскурсных маркёраў: 1) важныя структурныя вузлы тэкста; 2) крытычныя моманты (пачатак тэксту, незапланаваныя змены структуры тэксту; 3) маўленчы збой. Дыскурсныя маркёры ў сваю чаргу ён падзяляе на тры асноўныя групы: 1) арыентацыйныя (адлюстроўваюць камунікатыўныя і псіхалагічныя ўстаноўкі моўцы); 2) праграмуючыя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на маркёры планавання, канцэптуалізацыі, кантролю, пошуку, карэкцыі; 3) гіпертэкставыя (ацэначныя маркёры, маркёры-апелятывы). У якасці дыскурсных маркёраў разглядаюцца такія словы як так, ну, как бы, такой, вот, это (самое), этот (самый); значит, как бы, так сказать, скажем, короче, в общем.

І. Лявонціна і А. Шмялёў разглядаюць наступныя групы дыскурсных маркёраў: 1) маркёры хезітацыі, спантаннасці, пераадолення камунікатыўных цяжкасцяў: «хмыканне», «мэканне»: хм, е-е-е, ммм, ну, это, это самое; 2) маркёры грубага намінавання, ухілення ад адказнасці ў выпадку, калі сцвярджэнню не хапае дакладнасці: так сказать, типа, вроде, как бы; 3) маркёры дыскурснага стаўлення: там, короче, значит, в общем, на самом деле; 4) фатычныя маркёры, функцыяй якіх з’яўляецца ўстаноўка і падтрымка кантакта з суразмоўцам: да?, а?, вот, так, понимаешь, прикинь; 5) уводныя лаянкавыя словы і грубыя элементы. На думку даследчыкаў, усе гэтыя элементы ў працэсе размовы могуць быць апушчаны, аднак іх поўная адсутнасць у выказванні можа стварыць уражанне прагматычнай некарэктнасці, а поўная адсутнасць у дыскурсе – уражанне «замежнага» маўлення [11].

Неаднаразова адзначалася рэлевантнасць даследаванняў дыскурсных маркёраў ў сітуацыі моўнага кантакта. На думку Я. Машлер, той факт, што білінгвы пераключаюць мову менавіта на ўзроўні дыскурсных маркёраў, дае падставу гаварыць, што гэтыя элементы мовы ўспрымаюцца як асобная і адзіная катэгорыя [13, с. 438].

Ш. Поплак, даследуючы маўленне іспана-англійскіх білінгваў, указвала на тое, што дыскурсныя маркёры, выклічнікі, тэгі, паўзазапаўняльнікі складаюць 29 % ад усіх выпадкаў пераключэння кодаў. Такое пераключэнне кодаў Ш. Поплак назвала сімвалічным. Даследчыца тлумачыць гэтую з’яву тым, што моўцы, менш кампетэнтныя ў адной мове і больш у другой, такім спосабам дэманструюць кампетэнцыю ў абедзвюх мовах [15, с. 602].

Аналізуючы ўжыванне выключна французскіх дыскурсных маркёраў у шаба-суахілі, Дэ Рой гаворыць пра «заўважнасць» («salience») як пра адну вельмі важную ўласцівасць дадзеных адзінак. Функцыя дыскурсных маркёраў – ствараць і ўзмацняць дыскурсную кагезію і кагерэнтнасць – патрабуе, каб яны былі добра заўважнымі ў маўленні. Калі ў аднамоўным дыскурсе з’яўленне дыскурсных маркёраў суправаджаецца паўзамі, інтанацыяй, то ў двухмоўным дыскурсе «заўважнасць» падкрэсліваецца пры дапамозе дыскурсных маркёраў іншай мовы [5, с. 447].

Такім чынам, у сучасным мовазнаўстве дыскурсныя маркёры становяцца важным аб’ектам лінгвістычных даследаванняў.

Літаратура



  1. Abraham, W. Discourse Particles: descriptive and theoretical investigations on the logical, syntactic and pragmatic properties in German / W. Abraham. – Amsterdam: John Benjamins, 1991. – 338 p.

  2. Aijmer, K. English Discourse Particles: Evidence from a Corpus / K. Aijmer. – Amsterdam: John Benjamins, 2002. – 298 p.

  3. Andersen, G. Pragmatic Markers and Sociolinguistic Variation: A Relevance-Theoretic Approach to the Language of Adolescents / G. Andersen. – Amsterdam: John Benjamins, 2001. – 352 p.

  4. Bazzanella, C. Phatic connectives as interactional cues in contemporary spoken Italian / С. Bazzanella // Journal of pragmatics. – 1990. – Vol. 13. – P. 629–647

  5. De Rooij, V.A. French discourse markers in Shaba Swahili conversations / V. A. Rooij // The International Journal of Bilingualism. – 2000. – Vol. 4, №4. – P. 447–467

  6. Erman, B. Pragmatic markers revisited with a focus on you know in adult and adolescent talk / B. Erman // Journal of Pragmatics. – 2001. – Vol. 33. – P. 1337–1359

  7. Fraser B. An approach to discourse markers / B. Fraser // Journal of Pragmatics. – 1990. – № 14. – P. 383 - 95.

  8. Fraser, B. What are Discourse Markers? / B. Fraser // Journal of Pragmatics – 1999. – Vol. 31. – P. 931–952.

  9. Holmes, J. Functions of you know in women’s and men’s speech / J. Holmes // Language in Society. – 1986. – Vol.15. – P. 1-22

  10. Lenk, U. Marking discourse coherence: function of discourse markers in spoken English / U. Lenk. – Tübingen: Gunter Narr Verlag, 1998 – 235 p.

  11. Levontina, I., Shmelev, A. False Emptiness: Are So-called «Parasitical Words» Really Semantically Void? / Meaning-Text Theory , Wiener Slawistischer Almanach // Gerdes, K., Reuther, T., Wanner, L. (eds.). – München-Wien, 2007. – P. 259–268

  12. Longman Grammar of Spoken and Written English / Biber, D., Johansson S., Conrad, S., Finegan E. – Harlow, 2000. – 1204 P.

  13. Maschler, Y. What can bilingual conversation tell us about discourse markers? / Y. Maschler // The International Journal of Bilingualism. – 2000. – Vol. 4/4. – P. 437–445

  14. Mosegaard Hansen, M.-B. The Function of Discourse Particles: A Study with Special Reference to Spoken Standard French / M.-B. Mosegaard Hansen. – Amsterdam and Philadelphia: John Benjamins, 1998. – 418 p.

  15. Poplack, Sh. Sometimes I’ll start a sentence in Spanish y termino en espaňol: toward a typology of code-switching / Sh. Poplack // Linguistics. – 1980. – Vol. 18. – P. 581–618.

  16. Schiffrin, D. Discourse Markers / D. Schiffrin. – Cambridge, 1987. – 364 p.

  17. Schourup, L. Discourse Markers / L. Schourup // Lingua. – 1999. – Vol. 107. – P. 227–265.

  18. Дараган, Ю.В. Паразитизм или симбиоз: механизм преодоления коммуникативных сбоев и обслуживающие его вербальные средства / Ю.В. Дараган // Материалы междунар. конф. Диалог, 2003. [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.dialog-21.ru/Archive/2003/Daragan.htm. – Дата обращения: 25.07.2011

  19. Дараган, Ю.В. Функции слов-паразитов в устной спонтанной речи / Ю.В. Дараган // Тр. междунар. Семинара «Диалог» Т.I.M. 2000. [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.dialog21.ru/materials/archive.asp?id=6260&vol=6077&y=2000. – Дата обращения: 09.11.2010.

  20. Дискурсивные слова русского языка: контекстное варьирование и семантическое единство / К. Киселева, Д. Пайар (сост.) – М.: Азбуковник, 2003. – 207 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка